І
Ганна ўжо трэці раз спускалася з свайго пакоя на вуліцу. Абегала некалькі крамак, а забыла хлеба.
Была дзевятая гадзіна, і вось-вось канчалі гандаль. Каб заспець, яна хутка перабівала нагамі, не азіраючыся па баках. Некалькі суседзяў, стрэўшыся на сходах, прывіталіся з ёю — але Ганна забыла адказаць. Дворнік, уладуючы з брамаю, зняў перад ёю лахматую шапку і саступіў з дарогі.
На дварэ стаяў моцны мароз.
Рыпала пад нагамі, і бляск марознага галену пярэсціў у ваччу.
У хлебнай падбіралі апошні тавар. Голыя паліцы дапаміналі пра святы.
— Хоць пару фунтаў, Мікалай Ігнатавіч,— папрасіла яна маладога рухавага прыказчыка.
— Ды хопіць, хопіць, барышня,— адказаў той.
Ганна прашылася да прылаўка і ўзяла адважаны хлеб. Цяжкія медзякі бразнулі аб дошку.
— Вазьмеце грошы.
Прыказчык паглядзеў на Ганну і жартоўна ўхмыльнуўся.
— Жадаю вам весела спаткаць Новы год...
Ужо з дзвярэй Ганна паслала аддзяку.
А на першым кроку за дзвярыма забыла, што і была ў краме. Тым жа тэмпам яна накіравала да сябе. Ёй не хацелася, каб госці засталі яе непадгатаванай для іх спаткання.
Ачуўшыся ў пакоі, яна агледзела яго, як незнаёмы ёй, і паківала галавою. Ёй паказалася, што ў яе дужа ўбога і непрытульна. Прыйдуць госці, а іх стрэнуць гэткія абставіны. Не, тут не да навагодніх настрояў.
Ганна пераставіла накрыты закускаю стол; прымеркавала на вока, як і што рассядуцца госці, пасля яшчэ раз прыгладзіла пасцель і паправіла накідку на падушках. Далей пачала прыбірацца.
Кожны стук у калідоры і за дзвярыма, на ўсходах, яе нервавалі. Час бег няўтрымна, а працэс чакання гэткі цікавы! Ганна нічога не мела б, каб ён працягнуўся надалей... Але разам з гэтым ёй прыкра было думаць, каб закліканыя не прыйшлі.
Вось перад ёю мігнулі: Рыгор, Лука Дарафеіч, Міхась Камар... Ізноў яна глянула на прыгатаваную вячэру. Яе ўражанне перабіў зычны званок. Ганна кінулася да дзвярэй і пачула гаспадынін голас:
— Дома, направа першыя дзверы.
Следам да яе пастукалі.
— Прашу вас,— пазвала Ганна і адчыніла пакой.
— Я ранні госць, выбачайце мне,— праказаў Рыгор.
— Яшчэ б чаго не хапала... Бяры крэсла... А я думала, што, можа, ты забудзеш і не наведаеш.
— Гм! Якія дзіўныя ў цябе думкі.
Рыгор распрануўся і пацёр рукі.
— Вось марозік — дык марозік! Бедныя салдаты — трэба ж ім цярпець у акопах.
— Праўда, горкая праўда... Церпяць, а завошта?
Ганна раз-поразу паглядала на стол, сочачы за Рыгорам. Той жа тупаў на малюткай плошчы паміж сталом і дзвярыма і паахківаў.
— Зіма бярэ сваё...
— А я, ведаеш, Рыгор, што надумала?..
Ганна пытальна зазірнула Рыгору ў вочы.
— Што?
— Пайсці ў сёстры... Тут нас некалькі чалавек, і я з імі... Мне хочацца памагчы няшчасным салдатам... Хоць чымсь-кольвечы памагчы... Як ты думаеш? Твая думка будзе мне...
Ганна не даказала, мэрам бы збаяўшыся выказваць свае намеры.
— Як табе сказаць... Мне шкада цябе... Я б не хацеў з табою расставацца... Усё ж, Ганна, ты сама над сабою пан...
Яна задумалася. І прыгатаваны стол, і спатканне гасцей, і пераднавагодні настрой — усё гэта на момант знікла дзесьці, затулілася Рыгоравым выглядам. Ганнаю апанавала пачуццё шэрае невыразнасці, тупое і безвыходнае. У гэтым пачуцці расплылася за апошні час набліжаная да яе істота Лукі Дарафеіча... «Няўжо такі Рыгор?» — бліснула ў Ганнінай галаве запытанне і раптам абарвалася. Ізноў званілі. Ганна борзда пабегла адчыніць.
Засопшыся, перад дзвярыма стаяў расчырванеўшы на марозе Лука Дарафеіч. Ганна зусім была забылася пра яго — а гэта якраз тварам да твару.
— Калі ласка!
Той праз парог працягнуў аголеную з пярчаткі руку і нізка схінуўся перад Ганнаю.
— Зіма ў поўным разгары... Вы адны?
— Не бойцеся, калі і ўдваіх...
— Ужо?
У пакоі Ганна пазнаёміла Луку Дарафеіча з Рыгорам.
Абодва нейкі час памаўчалі, аглядаючы адзін другога; пасля слова за словам узнялі гарачую гутарку пра сучаснае становішча. Лука Дарафеіч пачаў скардзіцца на дарагоўлю мяса і круп, на перабоі ў апале. Усю віну ён ускладаў на дзеячаў гарадское думы і месных гандляроў. Лука Дарафеіч выглядаў у іх зламыснікаў і шкоднікаў грамадскай справы. Апошняя заключалася, па-ягонаму, у адзінай мэце — перамозе ворага Расіі, прускага юнкера.
Рыгор спрабаваў перасунуць спрэчку на больш шырокія рэйкі, закранаючы агульныя прычыны сацыяльнае несправядлівасці і бязладзіцы пануючага стану. Гэта, аднак, не ўспрымалася Лукою Дарафеічам. Тады Рыгор перамяніў тэму гутаркі, звузіўшы яе да будзённых матываў.
Ганна перш дзесьці выйшла з пакоя і мо з паўгадзіны адсутнічала. Вярнуўшыся, яна ўставіла некалькі сваіх заўваг і следам за апошняй заўвагай крута абарвала абодвух.
— Адзінаццатая гадзіна, а Камаровых усё яшчэ няма.
— Марозу баяцца,— адказаў Лука Дарафеіч.
— А без іх мы не сумеем спаткаць Новы год? — пасмяяўся Рыгор.
— У большай кампаніі весялей...
— Нават?
— Ды я гатавалася дзеля ўсіх...
— Нічога не парадзіш...
Ганна прачыніла дзверы і паслухала. У кватэры і за дзвярыма было ціха.
— Вы ўбачайце мяне, браткі, што так не гасцінна...
— Не ўбачым, нізашто,— пажартаваў Рыгор.
— А вы ж яшчэ чакаеце кагосьці...
Ганнін адказ пераняўся стукам дзвярэй — то прыйшлі Камаровы.
Пакоік напоўніўся да адказу. Пяцёра чалавек да разапяты пасярэдзіне столік занялі ўсё яго гала.
— Хто не знаёмы — пазнайцеся, прашу...
Скрыжаваннем выцягнулася некалькі рук. Паўстаў смех, перагаворы...
Ганна замітусілася, не ведаючы, як гасцінней уладзіць. Яна памеркавала з крэсламі, падышла да ложка і ўсё не магла вырашыць, як тут лепей. Нарэшце спынілася, праказаўшы:
— Прашу вас заняць месцы за сталом. У цеснаце — не ў крыўдзе...
— А вы б мо думалі, што мы крыўдзімся? Харошая справа...
Міхась Камар першым залез за стол, а за ім усе другія.
— Мне думаецца, што павінна ўжо чуваць крокі Новага года.
Рыгор паглядзеў на гадзіннік.
— Зараз званіцьме...
Ганна наліла ў чаркі віна і праказала:
— Давайце вып’ем за Новы шчаслівы год!
— Хоцькі б не абмануў ён нас...
— За хуткую перамогу?
Міхась Камар паглядзеў на Рыгора.
— Над кім і каго? — суха запытаў Рыгор.
— Над немцамі.
— Дык вось: немца рабочага над немцам буржуем і расійскага рабочага над расійскім буржуем... За перамогу над вайною...
— Рыгор! Цябе, я бачу, не навучылі апошнія здарэнні гісторыі... Я бачу, што ты... Во! Гэта ж мой вучань! — абярнуўся Міхась да Лукі Дарафеіча.
— Ласне?
— Запытайце... За Рыгу і за мінулае, Рыгор!
— За светлую будучыню...
— Я з Рыгорам! — праказала Ганна.
— Ну, вы пад яго ўплывам, дарагая...
Яны скончылі пераказы, калі стрэлкі ўсіх наяўных пры іх гадзіннікаў наблізіліся да лічбы дванаццаць.
— За гаспадыню ў новым годзе,— падняўшы ў адной руцэ чарку, у другой гадзіннік, праказаў Рыгор.
Усе выпілі і прыняліся закусваць. Пакоік хутка напоўніўся бразгам нажоў, талерак, вёрткім увіханнем Ганны, рэзваю гутаркаю. Госці пакінулі ўмоўнасці. Шэраг надзённых тэм уліўся ў іх спрэчкі. Рыгор схапіўся сварыцца з Міхасём. Іх перамова незаўважна для абодвух прыняла формы вострае спрэчкі, пасля абярнулася ў дыскусію.
Рыгор няшчадна асуджаў царскі лад, ганьбіў яго прадстаўнікоў, паднімаў чарку за яго знішчэнне. Паражэнчыя думкі набывалі выразную форму і сваім лёзам пранізвалі Міхасёва нутро.
Міхась злаваўся і таксама не шкадаваў едкіх выразаў; ён заўзята хапаўся за буржуазную формулу — «перамога над нямецкім юнкерствам дасць народапраўную Расію». Тут з’яўляліся разнастайныя тэорыі рабочага дабрабыту, правы для Польшчы і ўскраін, развіццё прамысловасці, уздым культуры.
Усе аблезлыя, заношаныя абяцанкі новаяўленых патрыётаў скланяліся і пераскланяліся ў вуснах Міхася Камара. Наперакор Рыгору ён выпіваў чарку за чаркаю за пераможны канец вайны, за аб’яднаныя сілы расійскага народу...
Жонка Міхася настарожна сачыла за мужам, раз ад разу хапаючы яго за рукаў, перабіваючы яго на сказах.
Лука Дарафеіч смяяўся і лагодна патураў то Міхасю, то Рыгору.
Ганна ўпарта трымалася Рыгоравых думак. Але становішча гаспадыні не дазваляла ёй уважліва сачыць за захапіўшаю ўсю кампанію дыскусіяй. Яна несціхана выбягала з пакоя, клапатліва сачыла, каб госці закусвалі, не забываючы, дзе яны і для чаго ўселіся за стол.
Хутка завязаная гутарка паміж імі задавальняла Ганну. Яна кінула небяспечную думку, што на гасцях адаб’ецца непрытульнасць яе пакоя. Выходзіла зусім наадварот. І гэта надавала Ганне рухавасці і адпаведнага настрою.
— Толька не пабецеся,— гукала яна да Рыгора і Міхася.— Тады не добрай будзе адзнака Новага года.
Рыгор махаў ёй у адказ рукою і рашуча перабіваў Міхасёвы довады.
Перад канцом ужо бяседы, якая захапіла дзесяць хвілін на другую гадзіну, Рыгор чапіў справы сябраў дзяржаўнае думы — бальшавікоў.
— Вось тая народапраўнасць, якое вы чакаеце ад перамогі над немцамі... Не народапраўнасць прынясе вам пераможная вайна, а дубальтовае бяспраўе і прыгон... Здзек, нагайкі, тухлую і крывавую гарамыкіншчыну,— казаў Рыгор.
Міхась вярцеў галавою і перабіраў рукою. Бальшавікі-дэпутаты яму не падабаліся.
— Я за Ганну, за яе намеры — ісці на дапамогу гарацешным салдатам... Агульнымі патугамі мусім выбавіць Расію ад нямецкага засілля, а тады — штыкі супроціў сваіх тыранаў. Праўда, Ганна? — Нам тады не па дарозе. Бывайце!
Ганна ўладжвала з гарбатаю. Занятая самаварам, яна зразу не адказала на Міхасёва запытанне. І толькі падаўшы гарбату, паведаміла яму, што яна пакуль не мае пэўных рашэнняў.
— Гэта вырашыць новы год! — гукаў Лука Дарафеіч.
Вакол Ганны гутарка вярцелася нядоўга. Госці патрошку стамляліся і пазіралі на гадзіннікі. І хоць Ганне вельмі шкада было перарываць прыемны для яе час, ёй хутка прыйшлося расставацца з сваімі гасцямі.
Правёўшы Рыгора, яна запрасіла яго наведваць часцей. Рыгор даў згоду на гэта шчырым поціскам рукі.
— Толькі без гэтых асоб! — праказаў ён за дзвярыма.
ІІ
Дворнік хроп у велізарны каўнер чорнае браваркі. Шкада было яго будзіць. Позні час, цішыня ночы — усё казала не ў карысць Рыгора. Усё ж ён не мог чакаць, пакуль дворнік прачнецца і выпусціць яго на вуліцу. Ён падышоў да брамы і пастукаў у халоднае жалеза.
Па двары, у рэдкім марозным паветры, зазвінела. Звон быў да таго гулкім, ажно, здавалася, сыпнулі з неба зоры. Дворнік мігам падняўся на ногі і паглядзеў на Рыгора. Нічога не сказаўшы, ён павольна адамкнуў жалезныя варотцы ў браме і выпусціў яго з двара. Той хапіўся за кішэню, маючы на думцы аддзякаваць за гэта, але дзверцы ўмомант апынуліся на замку. Рыгорава рука адчула пякучасць жалеза і хутка апынулася за пазухай паліта. Ён павярнуў налева, да Садовай.
Вакола было пуста і ціха. Ліхтарні расплываліся святлом на аб’індзявелым фоне сумных муроў. Рэдка дзе ў вокнах свяціўся агонь; шэрыя плямы іх прагна лавілі вулічнае святло.
Пра трамвай нечага было думаць. Рыгор дарма супыніўся і прыслухоўваўся — знаёмага гуку не чуваць было нідзе. Вярней было — шукаць рамізніка. Але і таго не напатыкалася.
Рыгор ускорыў хаду. «Хаця б не давялося шагаць пехам на Выбаргскую старану! Гэта ж зойме болей гадзіны».
Ён яшчэ раз супыніўся, ужо выйшаўшы на Садовую. Паглядзеў. У баку Аляксандраўскага рынку прыкмеціў чорныя плямкі — безумоўна, то былі рамізнікі. Стала бяспечней, і ён кінуўся спяшацца. Гэта дазволіла вярнуцца яго думкам да Ганнінага пакоя. Міхась Камар мігнуў перад ім несімпатычнаю мінаю твару.
«Які дзіўны ён, аднакава. Няўжо такі, сапраўды, не навучыла яго жыццё правільна ў ім разбірацца?» — праказаў сабе Рыгор. І толькі намерыўся працягнуць далейшую думку пра Міхася, як знянацку пачуў з-пад брамы:
— Як ваша імя?
Рыгора збянтэжыла ад нечаканасці. Ён нервова азірнуўся ўправа і ўгледзеў пры чорнай браме якуюсьці фігуру. Следам бліснуў агеньчык цыгаркі.
— Як ваша імя? — ужо смялей даняслося да Рыгора.
Ён спыніўся, сцяміўшы ў чым справа. Унутры заварушылася цікавасць.
— Вам яно патрэбна?
— Скажэце.
Ад брамы аддзялілася сярэдняга росту, у суконнай, вязанай хустцы дзяўчына і накіравала да Рыгора. Не падыходзячы на крок, яна пазвала:
— Можа, праведзяцё мяне дамоў?
— А вам далёка?
— Я па дарозе з вамі... Запазнілася ў таварышкі, і боязна ісці.
— Калі ласка, я магу з вамі прайсці...
Рыгор не сумеў дасказаць, як на твары набліжанай да яго дзяўчыны мігнула нешта знаёмае. Следам за гэтым паказаўся вядомым яе голас. Ён пільна ўглядзеўся ў дзяўчыніны вочы і з хваляваннем праказаў:
— Гэля?
— Што-а ты кажаш?
Дзяўчына завярнула назад і ўподбежкі стала ўцякаць ад Рыгора.
— Гэля, куды-і ты? — гукнуў Рыгор.— Чакай, на хвіліну.
Гук панёсся ўсцяж доўгай Садовай. Рыгор пайшоў за дзяўчынай. На адгоне трэцяга дома, у самым цёмным месцы яна завярнула да сцяны і спынілася. Рыгор падышоў да яе і ўзяўся за руку.
— Гэля?
— Так, Гэля... Даруй мне, што я...
— Ты ж чаго гэта так позна адна? Ты заблудзіла, можа?
Яна трэслася ні то ад холаду, ні то з сораму.
— Хадзем да мяне...
— У бежанскі камітэт?
— Не-э, я ўжо на новай кватэры. Я жыву вось у гэтым двары... Зойдзем, Рыгор... Табе далёка ісці дамоў... Я ўладжу з начоўкаю. Дам табе свой ложак, а сама перайду да таварышкі...
Ад Гэлі нясло пахам таннае пудры і поту. Блішчэлі заатрапіненыя вочы. Яна стукала нагою аб нагу, ляскочучы замерзлымі чаравікамі. Рыгор не ведаў, як быць. Яго рука не выпускала з пальцаў Гэлінай рукі. А думкі разгорталі шэраг балючых дагадак. Яны страшылі Рыгора і ў той самы час не дазвалялі яму пакінуць Гэлю.
— Хадзем! Думаеш? Саромеешся?
Апошняе запытанне агаліла праўду. Рыгор адказаў на гэта сударжным уздрыгам і на некалькі хвілін адсрочыў намер пайсці з Гэляю.
Але яна пераняла Рыгора, стукнуўшы нагою ў браму.
— Хто там? — пачуўся з-за брамы мужчынскі голас.
— Гэля.
Бразнулі ключы, і каля іх вырас высокага росту, тоўста апрануты дворнік.
— Ідзеце.
Рыгор безабдумна шагнуў за Гэляй і ачуўся ў вузкім цесным двары.
— Дай капеек дваццаць дворніку,— шапнула Гэля Рыгору.
Той спыніўся, дастаў пулярэс і, абмацаўшы сярэбраную манету, працягнуў руку да дворніка.
— Дзякую! — адказаў той.
Рыгору замоташніла.
Ды куды было раздумваць! Падобны астрожнаму, выразны стук брамы аддзяліў іх ад вуліцы. Гэля мерзканула ў цёмны кут двара, сыкнуўшы Рыгору. Нельга было не ісці на яе кліч.
Праз хвілю абое ўзбіраліся павілымі ўсходамі наверх. У нос біла атручанае паветра: нясло памыямі, гнілым расолам, здыхляцінай. Сумны агеньчык вугальнае лямпачкі сеяў нудоту.
— Зараз, вось, Рыгорка, зараз,— суцяшала Гэля.
Рыгор маўчаў, не даючы сабе адчоту ў бягучым і не зазіраючы наперад. Лёгкі хмялёк, захоплены ў Ганны, развеяўся. Сапраўднасць непрыхарошанай глядзела яму ў вочы. Ён больш зрочыў пад ногі, на выбітыя, замурзаныя ўступы. Не заўважыў аблупленых сцен і ўткнутых у іх, абітых палатном і цыратаю, дзвярэй.
— Ужо! — даняслося праз адзін пралёт, які аддзяліў яго ад Гэлі.
Пакуль Рыгор яе нагнаў — дзверы былі адпертымі.
— Уваходзь, Рыгорка! — запрасіла Гэля.
Рыгор пераступіў парог у цёмны калідор. Дыхнуўшы імпад не даў магчымасці адступіць ад дзвярэй, і Гэля таўхнула яго рукою.
— Прайдзі наперад.
Разам з выказам гэтых слоў бліснула святло. І тут жа, як па чыйму оклічу, з бакавых дзвярэй высунула галаву страшэннае стварэнне: налахмачаная, адутлая, з бліскучымі вачыма пажылая кабета. На ўзроўні яе плюскатага носа з адвіслым падбародкам целяпаліся гарбузамі фенаменальныя грудзі.
— Вольны нумар трэці. На час ці нанач?
— Гэта мой знаёмы, і ён у мяне заначуе.
— Там усё напагатове. Можа, піва патрабуецца?
Стварэнне не мяняла позы.
— Я вам скажу, Палута Янкаўна,— нездаволена адказала Гэля і прапусціла Рыгора ў пакой.
Рыгор моўчкі шуснуў у адчыненыя дзверы і стомлена прысеў на зялёнай тумбачцы. Абставіны яго вярнулі — яны былі знаёмы Рыгору па вядомым творы Купрына. Ужо адно паветра, прасякнутае вострымі, тухлымі пахамі, казала за ўсё. Яго забіраў жаль і ссала жуда. Спраўдзілася! Нездарма ад першага спаткання з Гэляй ён затаіў мулкую падазронасць — зараз яна навыяве.
Гэля незаўважна для яго распранулася, выбегла дзесьці з пакоя і следам вярнулася з закуранаю цыгаркаю ды дзвюма пляшкамі піва.
— Смага, Рыгорка, забірае. Пі, прашу. Садзіся да стала... Я бачу, што для цябе ўсё гэта нечаканым выглядае. Га?
— Нечаканым, Гэля, і страшным...
— Для рэвалюцыянера ды страшна? Ха-ха-ха! Рыгорка-а?
— Страшным і балючым.
Гэля падала яму шклянку пеністага піва. Пакуль Рыгор падняў яе з стала, яна другую выпіла засаб, зацяжна ахнуўшы.
— Пі-ы, мой добры сябра, пі-ы, мой...
Спрытным повертам яна апынулася ў яго на каленях і абвіла халоднаю рукою яго шыю.
Рыгор скалынуўся і крыху адхіліў галаву...
— Рыго-орка-а! Давялося-а мне-э... Я тады не магла сазнацца — сэрца, ведаеш, ціснула-а... А зараз — не выцерпела... Або ты не дазнаўся б, Рыгорка-а? Мусіла-а? Во-а — пасцель мая — высокая і мяккая, а муляе... муляе, сябра мой дарагі...
Гэля шчыльна прытулілася напудранаю, вялаю шчакою да разгарачанага твару Рыгора. Яе сухія губы правялі па яго лбе халодную стужачку мёртвага пацалунку...
— Ты на мяне злуеш?
— Нічога падобнага... Я цябе шкадую...
— А чаму ты нудны такі? Над чым задумаўся-а? Прыйшоў да дзяўчыны і думаеш?..
Піва палілося Рыгору на прыпол. Ён паднёс шклянку да губ, смакануў крыху і адставіў...
— Раздзявайся, Рыгор... ужо нечага далей марнаваць час...
Гэля першаю стала здымаць з сябе памятую, бедную кашульку. З-пад нізка агарсаванай сарочкі паказаліся худыя, плоскія, касцістыя грудзі. Тонкая шыя слаба трымала вяртлявую галаву.
— Ты не супроць таго, каб і я тут спала?
— Табе лепі відна,— ціха праказаў Рыгор і падняўся з месца.
Ён не агледзеўся, як Гэля стала перад ім у адной сарочцы, ні каліва не саромеючыся.
— Мы ж разам раслі, разам гадаваліся... Няўжо ты гнацьмеш мяне, Рыгор, ад сябе?..
Спрытным скокам яна апынулася на ложку і заківала Рыгору пальцам.
— Гэля, ну як ты дазволіла сабе гэта? — упічліва запытаў Рыгор.
Гэля маўчала, утуліўшыся тварам у падушку. Рыгор не кранаў яе, адчуваючы глыбіню трагедыі, якую перажывала пры ім дзяўчына.
Ён ужо драмаў, сціснуўшыся ад жалю, калі громкі плач Гэлі яго абудзіў. Расплюшчыўшы вочы, Рыгор угледзеў каля сябе Гэлю. Яна сядзела і плакала.
— Чаму ты не спіш?
— Не магу... Паверыш... Го-ой-ой!.. Рыгорка... Выцягні ты мяне з гэтае ямы... Ты ж абяцаў мне месца, помніш? Ласне табе не рупіць Гэля? Твая таварышка ў дзяцінстве, верная твая пасяброўка... Няўжо табе лёгка, гледзячы на мяне, га?.. Сілцы, маладосць, каханне, Пятрусь... Збаў мяне, сябру мой...
Рыгор бязмоўна ахапіў Гэлю двума рукамі, прыцягнуў да сябе і пацалаваў яе ў халодны, напудраны твар.
— Я ўсё зраблю, што ад мяне залежыць... Я выму цябе з гэтага балота, выму-у... Чаму ж ты мне раней не казала?
Уперамежку з доўгімі маўчанкамі, яны прагутарылі да самай раніцы.
Ужо забялеў золак першага дня новага года, калі Рыгор крыху заснуў. Але Гэля яго абудзіла. Ён, стомлены і сонны, паспешна сабраўся і, не развітваючыся з Гэляю, кінуўся ў дзверы. Цяжкія крокі яго ног прагучалі па кватэры.
— Адну хвілінку! — перапыніў яго нейчы вымусовы голас.
Рыгор абярнуўся і ўгледзеў перад сабою ўчарашняе страшылішча — кабету. Яна бессаромна, у адной кашулі, стаяла ў прачыненай фортцы дзвярэй і ўпарта глядзела ў яго бок.
— Вы заплацілі за піва? Гэля?
— Усё заплочана, Палута Янкаўна, прапусцеце! — даняслося з Гэлінага пакоя.
Рыгор павярнуў да дзвярэй.
— Вы там абмацайце крук, налева... Заходзьце-э часцей...— праказала кабета.