SommaireСокі цаліны
Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ШОСТАЯ · 5 min de lecture

ІІІ

Ціхая, марозная раніца асвяжыла Рыгора. Ён безаглядна прабег вузкі цесны двор і ачуўся за брамаю, як у новым свеце. На вуліцы яшчэ было пуста. Першы вагон трамвая выскачыў з-за рога высокага будынка на Вазнясенскім праспекце і шпарка пранёсся перад яго вачыма. У замёрзлых, абснежаных вокнах мігала некалькі людскіх ценяў. На адгоне квартала — рассыпалася серабро сігнальнага званка. На рагу гандлёвага рада Аляксандраўскага рынку стаяла некалькі рамізнікаў. Ухутаныя ў доўгія зялёныя халаты і валасатыя пыжыкавыя шапкі, двое з іх стукаліся адзін з другім, праганяючы мароз. Трэці неадгінна сачыў за таварышамі і весела падбадзёрваў іх частымі выгукамі.

З-пад Сеннецкага пляца выскачыў жоўты аўтамабіль і стралою прарэзаў стромкі шнурок Вазнясенскага. Чырвоныя аколышкі седакоў чуць адзначыліся ў Рыгоравым ваччу. Калі аўтамабіль праскочыў мосцік праз Фантанку, рамізнікі кінулі па адрасе яго некалькі лаянак.

— Паедзем? — звярнуўся адзін з іх да Рыгора.

Той моўчкі прайшоў далей.

На рагу Пецяргофскага праспекта ён стрэўся з атрадам балтыцкіх маракоў. Выходзячы на Садовую, маракі зацягнулі песню. Звон песні мнагаратным водгукам разляцеўся ва ўсе канцы вуліцы.

Рыгор правёў маракоў да Сяннога пляца, дзе сеў на падаспеўшы трамвай і паехаў на Выбаргскую.

Не даязджаючы да апошняй спынкі, ён выйшаў з вагона і пайшоў пяшком да кватэры. Яму хацелася сустрэць таварыша ці знаёмага і ў гутарцы з ім на тую ці іншую тэму разагнаць сціснуўшае яго пачуццё агіды і млосці.

Мінуўшая ноч пакінула ў яго нутру гадкі асадак. Ваабражэнне затуманілася дымкаю горкасці. Сударгі нервовасці разгойдалі ўсю яго постаць. Непрыглядная, адваротная сапраўднасць труіла сэрца.

Ён не верыў у прымхі. Ён смяяўся з усялякіх забабонаў. Але супаданне дзвюх стрэч перад Новым годам — прыкрыла. За трыццаць хвілін язды ў трамваі ён перагарнуў дзесяткі ўспамінаў, звязаных з Гэляю. Перад ім мігнулі Сілцы, Смагін, зборні і пакоік, дзе ён стрэўся з аматарскаю трупаю. Рэзвая, жыццёрадая Гэля, як жонка Вусіка; Гэля, як здольная аматарка-артыстка... Яе надзеі, яе парыванні... І зараз... Бацькі, Пятрусь, Зося і Волька... І свет у выглядзе тае кабеты — чудзішча, якую ён двойчы ўгледзеў у кватэры Гэлі — бесспагадна паглядзеў яму ў вочы. Пажаданні за чаркаю віна ў прытульнай каморцы Ганны і распырсканае на прыпол піва...

Рыгор раптам спыніўся: «Анікей».

Так, на адгоне дзесяці сажняў ішоў яму настрэчу яго таварыш Анікей. Ён ужо заўважыў Рыгора, бо на яго расчырвоненым твары гуляла ўхмылка. Падышоўшы бліжэй, Рыгор падняў руку да шапкі і стрэў ад Анікея падобнае ж прывітанне.

— Ты не з горада, часамі? — запытаў Анікей.

— Угадаў, браце...

— Бачу.

Рыгор сумеўся — на ім відаць было адбітак перажытае ночы. Ён успомніў, што, выходзячы ад Гэлі, яму не прыйшлося нават умыцца. Чуў па нудзе ў нагах і па шоламе ў стомленай галаве, што ў ім мала звычайнага. Празрыстая сонечная пагода не гадзілася з памятасцю яго твару, з прыплюшчанасцю яго звычайна бойкіх, іграючых вачэй.

— А відаць, ласне?

— Ха-ха-хі! Не схаваешся — дзень...

— Дагадваюся... Перажыў ноч, скажу табе...

Поверт галавы і ківок рукі ўзмоцнілі сэнс Рыгоравага сказа.

— Дзе ж гэта ты і як?

— Не раскажаш, пакуль не апамятаюся... Перажыў, чаго дагэтуль не даводзілася... Куды ты?

— Я за Маскоўскую заставу. Там маецца сённі адбыцца маленькая нарада...

— Наконт дзевятага студзеня?

— Ага...

— Стой на нашай думцы, Анікей... Мы павінны адсвяткаваць гэты дзень... Пара разбіць маўчанку... Годзе-э...

— Ды я чалавек цвёрды... Мяне цяжка збіць з абраных пазіцый... Ну, пакуль...

Рыгор ускоранай хадою накіраваў у ператочную вуліцу.

Незаўважна ён прайшоў на Выбаргскую шашу, а адтуль завярнуў дамоў. Яму адчыніла гаспадыня.

Новы год адбіваўся на ёй у вясёлым твары, у парыўчатых рухах і ў надзвычайнай пілявасці.

— Я ўжо немаведама што падумвала наконт вас... Прачнулася — а ў вашым пакоі — муха-заваруха. Я пастукала — маўчок. Я, прызнацца, адчыніла, а пасцель нярушаная... Дзе, думаю, Рыгор Міхасевіч? Час не пэўны, і мала што можа трапіцца...

Сарафіна Хлораўна наўздзіў ласкава зазірала Рыгору ў вочы і не дазваляла адысці ад дзвярэй.

— Вы заглянеце да мяне,— казала яна далей, разліваючы пах цвятнога адэкалону і часта моргаючы шэрымі вачыма.— У мяне цяпер знаёмыя, павіншаваць прыйшлі з Новым годам...

З-за дзвярэй гаспадынінага пакоя данёсся жаночы голас — звалі Сарафіну Хлораўну. Яна пудка закруцілася на правай назе і шмыгнула ад Рыгора. Да Рыгора дайшоў вясёлы, покатны рогат, а над ім выразны вымаў яго імя. Следам пачулася некалькі тостаў.

Было ясна, што жаночая кампанія, развяселеная і рэзвая, выклікала яго да сябе. Але Рыгор не адказаў на гэта жадным гукам і хутка прайшоў у свой пакой.

Зразу, мэрам бы хто яго абласкаў, стала спакойліва і міла. Цвёрдае крэсла, на якім ён прысеў, цешыла яго знерваваную істоту. Думкі, як напалоханыя вераб’і, разляцеліся. Калекцыя гаспадарскіх рэчаў, незаўважных і звычайных, набылі асабісты прыемны выгляд і лашчылі Рыгораў узрок. Белаватае, з адсветам вохры неба напаўняла пакой мяккім, пухкім святлом.

Рыгор пільна ўглядаўся ў павешаную на сцяне партрэтку невядомае асобы. Скрытныя воддаллю рысы твару яе несупынна мяняліся, прымаючы разнастайныя міны. На шкле мігаліся лёгкія цені, паласуючы яго плошчу.

Было зусім нечаканым, калі апаўшы на стол Рыгораў узрок улавіў сіні канверцік пісьма. Рыгор схамяніўся і порсткім рухам пальцаў падняў канверт. Чатыры няроўныя радкі адраса дапомнілі Сёмку — то яго рука. Сілцы — маці — сябра... Надыходзіўшы ўздром адляцеў — зарупела прачытаць. Ён запомніў ужо, калі ад мацеры было пісьмо. У завірусе падзей не мог спыніцца над прычынаю гэтага, і зараз — суйздром падышоў момант.

«Дарагі сынок...»

Тое ж, што і дагэтуль, што ўсягды...

Радок за радком выкладалі мацерына пачуццё...

«Гэтак доўга не мела ад цябе пісьма і розных думак — не абяруся. А можа, тое, а можа, гэта — свет, як круцёлка, як малатарня — не падсаджвай рукі...

Атрымала ад цябе гасцінец і цалую твае шчочкі, тваё чулае сэрца... У нас так неспакойліва, Рыгорка, так трывожна, што я начамі не сплю, як на чаране гарачым ляжу... Некаторыя збеглі — іншыя рыхтуюцца на вясну... Шыюць буды, ладзяць драбіны, шыкуюцца. Чутак тых, чутак!.. Герман пад Гродняю, герман у Беластоку, герман ля Слоніма — страхоцце... І хоцькі мне няма чаго шкадаваць — голы збірайся — голы гатоў,— а вось кут дарагі і з месца не ўзняцца... Жджэцца, пакуль папхнуць, і тады ўжо, даруй, да цябе. Прасіцьму Сёмку, няхай не пашкадуе мясцінкі для клумачка і хоць да Ліцка адвязе. Няўжо я далей не траплю сама ў Пецярбург? Можа ж, там зацішней крыху, сынок? Дажыліся, мілы мой, дачакаліся. Уздумаў д’ябал свет засмуціць, і пайшла гуляць завіруха... Каб ты ды бачыў тое пекла ў часы мабілізацыі — Рыгор-ор-ка-а, зала-а-ты-ы! Што тады рабілася! Век зжываю — не бачыла... Цяпер трасуся, думаючы...

Ну, як жа ж ты там, галубе? Шануйся, сыне, беражыся, родны. Твая маці не пакідае аб табе думаць. Яна моцна цябе цалуе і...»

Стук у дзверы адарваў Рыгора ад замілаваных слоў мацеры. Ён незадаволена папрасіў увайсці і падняўся з крэсла.

Высокая, у блакітным, з белымі інталяжамі сукні, паружавеўшая ад хмелю, увайшла ў яго пакой стройная маладзіца. Крыху скошанымі вачыма пад шэрымі брывамі ласкава зірнула на Рыгора. Тут жа доўгая рука змяёю выцягнулася на ўзроўні белага, як снег, пояса.

— Суніцына. Я пасланцом ад Сарафіны Хлораўны... Не цурайцеся яе гасціннасці, малады чалавек... Новы год... Сёння жывом, а заўтра — Авеццано... Ці Нява, ці Балтыйскае мора, калі не вулкан...

— Дзякую вам...

Рыгор паглядзеў у твар незнаёмай жанчыны і адвярнуўся.

— Я адчуваю сябе, ведаеце, надта змораным і... дзякую...

Маладзіца спакойліва падышла да яго і ўзяла пад руку.

— Вы, мужчыны, робіцеся часта жанкамі. Ідзем жа.

Рыгор яшчэ раз падзякаваў за запрашэнне і ўглыбіўся ў мацерын ліст.

Пастаяўшы хвіліну моўчкі, маладзіца мерсканула з пакоя, моцна стукнуўшы дзвярыма.

Праз момант па калідоры праляцела рэха шклянога звону і рэзвага, іранічнага смеху.

Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ШОСТАЯ · 5 min de lecture

IV

Шары змрок глядзеўся ў цішыню Рыгоравага пакоя. Сцягнутая са століка сурвета пялася падняць скінуты і разгорнуты лісток паперы. Сіні канверцік туліўся да боку, абняхаены адрасатам. На ложку, распятым, ляжаў у адзежы гаспадар пакоіка. Памятая падушка ціснулася між палак ложка, разгароджваючы надвае пухкія валасы Рыгора. Ён спаў, як заварожаны, ціха-ціха сапучы. Спаў соладка і моцна, адарваным ад свету і ад яго жорсткіх праяў.

А ў гэты час паважнаю, размеранаю паходкаю набліжаўся да яго дома затулены ў каўнер чорнага паліта чалавек. З-пад нахлабучанае фінкі ён паднімаў пару невыразных у змроку вачэй і раззіраў нумары. Каля брамы Скрынкінай, Сарафіны Хлораўны, ён спыніўся і агледзеўся навакола. Пасля шчыльна падблізіўся да вярэі і яшчэ нейкі час пазрочыў на прыламаную лічбу ліхтарні.

З-пад Выбаргскае шашы падыходзіла да яго некалькі пешаходаў, і ён, каб не спаткацца, хутка прайшоў на двор. Пры дзвярах ён яшчэ крыху падумаў ды памеркаваў, адаля пазваніў. Хвілін з пяць ніхто на званок не прыходзіў. Можна было думаць, што няма нікога ў доме, але чалавек паўтарыў званок, і яму адчынілі.

— Вам каго? — злосна запытала Сарафіна Хлораўна, выбегшы ў хусцінцы на галаве.

— Я да Нязвычнага... Ён дома?

— Ён спіць, і яго не варта трывожыць...

— Мне экстранна да яго...

— Я перадам усё, што вы дасцё ці скажаце...

— Мушу асабова...

— Даруйце, я не магу вас пусціць...

— Я а дванаццатай павінен выехаць...

— Я і сама не ведаю...

Чалавек пераступіў парог, і ўжо безнадзейна было яго выгнаць. Сарафіна Хлораўна зачыніла дзверы пярэдняй і падышла да Рыгоравага пакоя.

— Спіць, а будзіць яго так шкода, што я... Заходзьце да мяне, хіба, на хвілін колькі.

Гаспадыня не кідала разглядаць незнаёмага. І пакуль той вырашыў, будзіць Рыгора ці не, яна адважылася запытаць яго:

— Ці вы толькі... не былі ўжо калі-кольвечы ў Рыгора?

— Можа, калі і было...

— Я бачу, што нешта знаёмае відаць і ў вашай паходцы і ў вашых вачах і... Калі ласка, прашу да мяне...

Сарафіна Хлораўна гасцінна адчыніла дзверы і прапусціла госця ў свой пакой.

— Я вас добра помню... Распранайцеся... Го, як Рыгор узрадуецца вашаму прыходу!.. Вы ездзілі кудысьці?..

Пятрусь — то быў ён — не ўстрымаўся ад смеху.

— Каб ды ездзіў — сядзеў, не ездзіў...

Гаспадыня адразу перамянілася на твары.

— Сядзелі?.. Во, здэцца, Рыгор прачнуўся...

Яна мігам вылецела з пакоя, і Пятрусь пачуў часты асцярожлівы стук у дзверы. Ён дагадаўся, што гаспадыня будзіць Рыгора, але не даваў на гэта выгляду.

— Хтосьці стукае за сцяною! — праказаў ён у адчыненыя дзверы.

Тая ўбегла ў пакой і паведаміла:

— Рыгор устаў; ён просіць вас да сябе.

Пятрусь спакойліва выйшаў з яе пакоя і пастукаў Рыгору.

— Братка-а-а! — выгукнуў Рыгор, угледзеўшы перад сабою Петруся.— Хіба не сню?

Яны кінуліся ў абдым і зацяжна пацалаваліся.

— Раздзявайся, вось... Мо хочаш чаго перакусіць?.. Не чакаў, ведаеш, ну, забі, не чакаў... Яшчэ нядаўна, вось, бачыў Рыму і пытаў... А пэўнага — нічога... Ну, як жа, як, кажы?!.

Рыгор пасобіў Петрусю зняць паліто і неадгінна заглядаў яму ў вочы. Пятрусь паціраў ад марозу рукі і спакойліва, суцешна ўхмыляўся. Яго схудалы твар выразна выпукляў падаўжэлы, здавалася, нос і праводзіў роўныя лініі ўсцяж вытырклых скронь. Вочы ўдаліся глыбей у арбіты і ўпарта змагаліся з навяваючай хвалькай ухмылкі. Знаёмы гарнітур здаваўся завялікім і прасторна вісеў на Петрусёвых плячах.

— Як бачыш... Некалькі месяцаў — у воду...

— Дык раскажы, усё-ткі...

Рыгор пазваў гаспадыню і папрасіў гарбаты.

— Госць, Сарафіна Хлораўна, неспадзяваны госць... Калі ласка, ужо...

— А я ведаю, ведаю,— суха адказала гаспадыня.

Пятрусь не сцярпеў, каб не азнаёміць Рыгора з яе нядаўнімі паводзінамі вакол яго, і праказаў:

— Напалохалася, бедная...

— Кручаная, а не бедная... Кажы лепей пра сябе...

— Мая прысутнасць у цябе ўсё кажа...

— Мала, браток, мала... Я хачу ведаць дасканала, на якіх жа правах... Рыма штосьці казала, нібы-та мерыліся цябе выслаць...

— Праўда,— цішком адказаў Пятрусь.

— Такі?

— Іначай нельга. Цяперака трыццаць тры пункты — шаблоннае рашэнне... Чым жа я лепшы?

Рыгор задумаўся.

— Дык ізноў на расстанне?

— Нічога не парадзіш.

— І далёка намерыўся ехаць?

Пятрусь некалькі памаўчаў, пасля шэптам паведаміў:

— Застаюся ў Шувалаве. Днямі мецьму новы пашпарт і перад табою — другі чалавек...

— Та-ак?..

Рыгор зрабіў здзіўленую міну, пакасіўшы галаву.

— Гарбата! Можна? — перабіла з-за дзвярэй гаспадыня.

— Прашу вас... Налівай, Пятрусь... Можа б, вы, Сарафіна Хлораўна, пазычылі мне некалькі закускі... Выбачайце ўжо, але дайшло да таго, ведаеце...

Праз хвілін пяць гаспадыня прынесла да Рыгора дзве талеркі з рознаю ежаю.

— Што маю, не захайце,— праказала яна.

Рыгор упрошваў Петруся закусіць, а сам няўпэўнена азіраў яго з галавы да ног. На Петрусю адбіваліся ўтома доўгага адзіночнага вязнення. Яму неахвотна давалася гутарка, і на несканчоныя запытанні Рыгора ён адказваў двуслоўнымі сказамі ці кіўком галавы.

— Ну, ты бачыўся з Рымаю? — пытаў Рыгор.

— Калі ж было!

— Дык ты наперад усяго да мяне?

— Я ўчора вызваліўся і паспеў пераначаваць ужо на волі...

— І яшчэ не агледзеўся акурат?

— Цяжка апамятацца.

Рыгор перамяніў гутарку, каб уразнастайніць Петрусёў настрой.

— А ў мяне, браток, колькі ўсякіх навін!

— Маеш навіны? — з адбіткам невыразнай цікавасці запытаў Пятрусь...

— Да цябе мала даходзіла, вядома, раскалыханая хваля нашай сучаснасці. А яна, ведаеш, неміласэрна страсае светам і топча людское жыццё, як апаўшыя лісты...

— Гэта жыццё яшчэ не вызвалілася ад жывёльных інстынктаў...

— Гэта зверху, бач; з птушынага, як кажуць, лёту... А зазірні ты ў гушчу — чырвоны смех, ды далёка не па-андрэеўску... І колькі яшчэ патрэбна сілы і волі, каб знішчыць усё гэта!..

— На нас ляжыць адпаведнае заданне... Разбярыся адно: сцяна, а за ёю бесканечная плошча зарасніку. Карчуй і карчуй, палі ды палі.

— Я веру, што рабочы клас сумее прэабразіць свет... У яго досыць дадзеных на тое, каб зняць з жыцця заношаную апранаху і адзець яго ў бліскучае, светлае адзенне... Праўда? Па-твойму?

— Мы б не жылі, каб не верылі ў гэта і не памагалі змагацца...

Пятрусь сказаў і азірнуўся навакола пакоя. Раз’юшаная нервовасць прабегла яго істотай.

— Вартавы не сочыць у шкелка,— пахлопаў яго па плячы Рыгор.

— Але ён не дае пакуль мне ні спаць, ні сядзець спакойна... Цішыня, што зараз пануе ў кватэры, дапамінае мне...

— Кінь... Я табе скажу адну навіну...

— Навіну?

— Гэля ў Пецярбурзе, ці чуў?

Пятрусь выцягнуў галаву і паглядзеў на таварыша.

— Не смяешся?

— У тым жа і справа, што тут не да смеху...

— Нават?

— Нават... Мінулай ноччу бачыўся з ёю...

— Ноччу?

— Вось іменна, што ноччу...

Рыгор зняверна матнуў рукою.

— Можаш ужо дагадвацца, у чым справа... Прапала Гэля... Ад першага разу, калі яна знянацку наведала мяне, я супроць вачавідкасці не мог згадзіцца, што з ёю бяда. А ўчора... учарашняе разбіла ў шпэлах усе мае ілюзіі... Прапала, бедная, амінь...

Пятрусь не ўседзеў, а пачаў тупаць па пакоі. Відаць было, што Рыгорава паведамленне кранула яго.

— Трэба бараніць, Рыгор! Ды ці можна?

— У гэтым наша важнейшая павіннасць. Я ўжо сур’ёзна заняўся думкаю, каб яе дзе-кольвечы ўладзіць на працу... Жанчына яшчэ можа выратавацца, пакуль бросня цалкам не зассала... Сама, ведаеш, просіцца... І з такім замілаваннем успамінае цябе, што нельга не паспагадаць ёй. Першы раз знарок прыйшла да мяне, каб пагутарыць пра цябе... І ўчора...

— Так...

Пятрусь парываўся нешта сказаць, але спыніўся на адным слове. Крутым узмахам рукі ён даў зразумець Рыгору, што на гэтым пара скончыць пра Гэлю. Рыгор паспяшыў разагнаць яго трывожлівае пачуццё запытаннем:

— Жыць у Шувалаве, а працаваць думаеш дзе?

— Знайду, Рыгор. На Воздухаплавацельным папрабую ўладзіцца...

— Было б добра, ведаеш...

Хлопцы яшчэ час аставаліся ў Рыгоравым пакоі, зацята абгаворваючы апошнія здарэнні з рэвалюцыйнага і рабочага руху і падзеях па заводах.