SommaireСокі цаліны
Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ШОСТАЯ · 5 min de lecture

V

Рыгор з вясёлым настроем ішоў на працу.

Уплыў ад спаткання з Гэляю, доўгія раздумы пра яе лёс — усё знаходзіла ў сабе апраўданне ў яго яскравых надзеях.

Ён адчуваў у сабе свежыя сілы, асаблівую моц. Вось няхай толькі прырвецца да станка — фантанам палятуць жалезныя стружкі. Станок зайграе стальную сімфонію. Праца апраўдае ўсё.

Яго цягнула ў завод болей, як калі дагэтуль. Сёння ён павінен сустрэцца з шэрагам знаёмых і абмяняцца з імі навінамі. Ён раскажа пра вызваленне Петруся, а сам дазнаецца пра іншыя навіны. Чаго добрага, магчыма, пачуе што-кольвечы і пра месца для Гэлі. Новы год — новае жыццё. Паглыбленае і пашыранае. Смялей жа на яго хвалі!..

Але што там?

Каля завода, перад варотамі, збіраліся рабочыя. Грамадка іх то ўзрастала, то раставала. Нешта ёсць?

Рыгор паспяшыў. Ясна. Адміністрацыя не дрэме — на варотах абвестка. Папярэджанне? Так. Надыход дзевятага студзеня.

«Па горадзе ходзяць упартыя чуткі, што на дзевятае студзеня гатовяцца выступленні. Праступныя асобы шнайдараць па прадпрыемствах Пецярбурга і ўносяць смутак у голавы трэзва і патрыятычна настроеных рабочых... Папераджаецца, што ўсе, хто будзе заўважаны ў праступнай агітацыі...»

На Рыгоравым плячы лягла чыясьці рука; ён аглянуўся.

— Бачыш, во? Здароў!

То быў Анікей.

Яны аддзяліліся ад грамадкі і прайшлі ў завод.

— Гатовяцца.

— Былі б дурныя, каб сядзелі склаўшы рукі.

На заводзе жыва абгаварвалася абвестка.

Дзевятае студзеня набывала ўсё большай выразнасці і глыбейшага значэння. Яксьці вяла пачыналася праца і асцярожліва вярцеліся станкі.

Рыгор пачуў, што ў ім згінула нядаўняя хэнць завіхнуцца пры рабоце. На каго — навошта? Якая карысць, калі з-пад рук выйдзе пара лішніх каробак для снарадаў?

Ён пахвільна перакідаўся словамі і сказамі з Анікеем.

Да абеду яны паспелі расказаць адзін другому пра ўсё чутое імі за мінулы дзень.

У абед на заводзе атрымалася неспадзяванае здарэнне. У майстэрнях і на дзядзінцы з’явіліся пракламацыі. З прагнай цікавасцю накінуліся на іх рабочыя і гурткамі, па некалькі чалавек, узасос перачытвалі даўгія палоскі тэксту. Адміністрацыя нашарохана насілася па майстэрнях завода, выязджала ў горад і варочалася назад. Падазроней глядзеў вартавы на выходзіўшых рабочых і пільна сачыў за вяртаўшымі на завод.

Рыгор задаволена азіраўся па баках, выяўляючы настрой рабочых. У надышоўшай настарожанасці ён углядаў нараджэнне доўгажаданых падзей. Новы год суліў новае. Пра яго гудзелі станкі, спявалі шасцярні. Яно чулася ў агульным пэнце заводскае працы.

Яно, гэта новае, перабягала па твары соцень людзей, напаўняўшых харчэўню. Яно прабівалася ў рэзвым смеху і ва ўзнятай гутарцы за сталамі.

Анікей?

Нельга было не дзівіцца спрыту і ёмкасці гэтага таварыша. Толькі б, чаго нядобрага, яго ніхто не западозрыў.

Рыгоравы вочы не спускалі ўзрокаў з куткавога стала. Спакойная міна Анікея казала за бяспеку. Рыгор пераканаецца, калі стане пасля абеду поруч з Анікеем за станкі.

А зараз...

Пакінуўшы харчэўню, Рыгор сустрэў на вуліцы патруль гарадавых. Яны тапталіся каля варотаў завода, праводзячы кожнага, хто ў іх уваходзіў. Шнурок рабочых паважна цягнуўся між іх шулаватых фігур, як нібыта той. Рыгор прайшоў з другімі. Прайшоў, ганорней і гардзялівей іншых, і пачуў невыразны сказ па сваім адрасе. Але не азірнуўся, бо праз трох чалавек ішоў і Анікей. Успомнілася здарэнне ў піўнушцы на Выбаргскай шашы — жыццё багата на розныя фокусы і смікалкі!

«Цені забітых трывожаць тыранаў!»

Зыкі станкоў заглушалі перамову Рыгора з Анікеем да канца дня.

На развітанні Рыгор моцна паціснуў Анікееву руку і з ранішнім настроем пайшоў на кватэру.

Хрусткі снег спяваў у яго пад нагамі.

Дзевятае студзеня?

— Дзевятае студзеня.

Празрыстая палоска бадзёрых адчуванняў цягнулася перад ім усцяж сямі наступных дзён.

«Цені забітых трывожаць тыранаў!»

— Чакайце, на хвілінку.

Рыгора наганяла Рыма. Ён пазнаў яе на адгоне каля двух сажняў і ўхмыльнуўся:

— Ізноў мы з вамі стрэліся на тым жа месцы.

— Можа, прымха?

— Я вас заўважыла і думаю, што вы мяне таксама... усё ж, аднак, прайшлі — і не ўшманкі.

— Убачайце, я вас не заўважыў, даю слова.

— А я вам магу паклон перадаць...

— Можа?

— Ну, я вам здаецца?

— Губляюся, ведаеце, у дагадках...

— Я выпадкова зусім стрэлася з адной вашай знаёмаю. Яна сястрою зараз.

— Ганна? — нечакана для сябе самога праказаў Рыгор.

— Брунетка такая, стройная і сімпатычная...

— Вы не кламіце?

— З якогасьці мястэчка, казала. Разгаварыліся, і яна мне давай апісваць вас... Я, прызнацца, дала ёй ваш адрас.

Гэта канчаткова збіла Рыгора ў яго дагадках, і ён абмежаваўся тым, што падзякаваў Рыму.

— Але гэта між іншым,— прамовіла яна, рушыўшы з месца: — Я, уласна кажучы, хацела запытаць вас, ці не чулі вы пра Петруся?

Няведанне Рымы яго здзівіла.

— Хіба ж вы не чулі? — запытаў ён.

— Ведаеце, нічагуткі. Наведаць усё не збяруся, а ад яго жаднае чуткі...

— Тады я вас абрадую — Пятрусь учора заходзіў да мяне; яго выпусцілі і... высылаюць...

Рыма, як ішла, так раптам спынілася.

— І не даў мне знаць!

У яе словах пачуўся жорсткі папрок Петрусю.

— Ён, напэўна, не паспеў яшчэ гэтага зрабіць, Рыма. Дрэннага не думайце-э...

Рыма моўчкі ішла побач Рыгора, правяраючы ісціну яго завярэнняў. Рыгор шкадаваў яе перабіваць.

Абое не прыкмецілі, як іх нагналі чыесьці скрыпучыя крокі.

— Выбачайце! — нечакана даняслося да іх.

Яны збочылі з тратуара. Абмінуўшы іх паглядзеў назад. Рыгору ёкнула ў нутру. «Знаёмы»,— мігнула няўвераная думка. І ён цішком пазваў:

— Пятрусь?

— Хто гэта?

— Я, Рыгор. Ты куды?

— Я...

Пятрусь зрабіў некалькі крокаў.

— Думаю да Рымы...

— Ха-ха-ха! — засмяялася тая, не могучы ўтрымацца ад нечаканасці.— Здароў!

— Рыма?

За маўчанкай, якая надышла пасля гэтага, Рыгор развітаўся і з Петрусём і з Рымаю і ўскоранай хадою пайшоў да сябе.

Рыма з Петрусём павярнулі назад.

У пакоі Рыгора чакала свежая, толькі што прынесеная газета. Ён, не раздзяваючыся, хапіўся за яе і прачытаў важнейшыя навіны дня.

На франтах адзначалася ўмоўнае спакойства. Побач выдаваліся фальшывыя, падробленыя весткі пра магчымае нямецкае адступленне з Польшчы.

«Германія напярэдадні банкроцтва».

Усё гэта, знаёмае і перажованае, не супыніла на сабе Рыгоравай увагі.

Вайсковыя падзеі патанулі ў жаху другіх навін. Гэтыя навіны адбыліся ў Італіі. Там раз’юшылася стыхія. Магутныя земляўздрыгі разбурылі шэраг гарадоў і сёл. Дзесяткі тысяч людзей, як непрытомныя, разбегліся ў свет. Бяздомныя, напалоханыя, пакалечаныя. Сіраты і няшчасныя. Між соцень і тысяч мёртвых целаў, пры выцці сабак і карканні варон. У асяродку жаху і знішчэння... Дваццаць тысяч забітых... Вайна і стыхія... Стыхія — вайна...

Рыгор злосна швырнуў на падлогу скамечаную газету. Распрануўся і сеў пры акне.

У яго галаве мітусілася плойма разнастайных думак.

На вачах, адзін за другім, запальваліся ліхтары. Цёмны змрок разбягаўся ў бакі.

Новы год — новае жыццё?

Адказ рабіўся слізкім і неўлавімым.

Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ШОСТАЯ · 5 min de lecture

VI

Грамадка коннікаў прамчалася наперад і знікла за рагавым домам.

Патрулі?

Рыгорава хада стала спарнейшай. Ці то здаецца яму, ці, сапраўды, на Выбаргскай шашы мнагалюдней звычайнага. Няўжо такі ў гэтым заложаны ўплыў дзевятага студзеня? Ды не відаць паравіка! Было б цікава, каб ды ён у гэты дзень не хадзіў!

Хутчэй на Выбаргскую шашу!

Не, нічога асаблівага.

Вось прамчаўся паравік, бітком набіты людзьмі. Найбольш рабочых з аколіц. Куды ж, як не на завод, яны спяшаюць?

Абапал, тратуарамі — таксама.

То было ўражанне, няйначай.

Ён паглядзеў направа і налева — не распазнаць.

З ператочнай вуліцы раптам выскачыў конны раз’езд — новы, другі, ці той самы? Казакі накіравалі да завода і, пад’ехаўшы, сталі. Мэрам бы грамада расце і павялічваецца. Не пускаюць у завод? Што там трапілася?

Пакуль Рыгор дайшоў да завода — людзі рассеяліся. Ён звычайна прайшоў у дзверцы брамы і ачуўся на заводскім дзядзінцы.

Дзевятае студзеня ці будні дзень?

Следам за гудком заварушылася трансмісія і завярцеліся станкі. Шолам, стук, бразгі напоўнілі майстэрні і цэхі, вялікія карпусы завода.

Побач — Анікей.

— Як жа ў другіх?

Навін жадных.

І вострае джала разца гоніць спружыністыя стужкі блішчастае сталі. Ад сцяны да сцяны — шэрагі прыгнутых спін.

— Модлы над забітымі ваякамі?

— Праца на карысць катаў?

Вось яны.

Перад Рыгорам мігнула фігура палкоўніка. З гары паглядзеў і прайшоў далей. У вачах — гардлівая ўпэўненасць.

За варотамі — патрулі?

Ды ці ўловяць яны раскалыханыя хвалі пачуццяў рабочых да помсты? Ці пяроймуць іх захапленне да пратэсту? Нячутна і незаўважна пераліваецца яно ў стальным шоламе станкоў па душных майстэрнях. Між стосаў абструганае сталі і скрынак з абітым начыннем.

— А мы працавацьмем?

— Не спяшайся...

Анікей кінуў узрокам усцяж роўнага шэрагу бліскучых станкоў.

У пераплёце соцень прыводаў хісталіся рабочыя. Крыжаваліся ў ваччу спіны з рукамі, галовы з кавалкамі сталі. Проста, як па шнурку, ішоў палкоўнік — кантроль — кірункам да канторкі майстра.

— Таварышы, хопіць на сёння!

Рыгор аддзяліўся ад станка і махнуў рукамі направа і налева. Раптам вырас лес галоў. Дзесяткі ўзрокаў накіраваліся ў Рыгораў бок. Умомант — запруджаны праход кішэў людзьмі. «Канчаць работу!» «Далучыцца да другіх!» «Адзначым дзевятае студзеня!»

Даўгіх пераконваючых прамоў не патрабавалася. Усе, хто адлучыўся ад станка на Рыгораў мах рукі, ясна разумелі яго значэнне. Яны натужна яго чакалі.

А цяпер?

Палкоўнік не апамятаваўся, калі насустрач яму пацяклі стройныя шэрагі забаставаўшых. Тупат увераных крокаў даваў ілюзію вярчэння станкоў.

Але песні?

Яны палохалі палкоўніка і гналі бягом па дарозе ў дырэктарскую. У яго вачах агромністы завод рушыў з месца, паўстаў на ногі і загудзеў нечуваным гоманам бунту.

— Трым-ма-ай!

Жалезная брама перад напорам людзей беззагадна расчынілася на абедзве форткі. Прасторная вуліца радасна ўбірала ў сябе смелую грамадку забастоўшчыкаў.

Спыняліся пешаходы і злазілі з паравіка праезджыя. Вачавідкі натоўп большыўся. Хутка ён загарадзіў дарогу для вулічнага руху.

Студэнты, што стаялі пры браме з скарбонкамі, збіраючы на бялізну салдатам,— зніклі. Забастоўшчыкі неслі не падмогу вайне імперыялістычнай, а вестку, першую спробу вайны грамадзянскай.

Разам з студэнтамі схавалася пара гарадавікоў, што глядзела за парадкам на вуліцы і ў заводзе. Няўжо на іх адных выпала гэта адказная роля? Не павінна быць — дзесьці блукаюць патрулі.

Дэманстранты грамадкаю павярнулі ў бок горада.

Колькі ім удасца прайсці?

Яшчэ ніводзін з іх не ўмеў адказаць на гэта, як ужо дэманстрацыю нагнаў узмоцнены патруль. Дзесьці ў патайных месцах чуліся паліцэйскія сігналы. Дэманстранты разышліся на дробныя купкі і змяшаліся з пешаходамі. Тут яны ўбачылі сваю маласць і адзіноцтва.

Іх не падтрымалі ні суседнія заводы, ні нават іншыя цэхі свайго завода. Чаму так?

Рыгор нерваваў і злаваўся. Але не шкадаваў няўдачы. Невялікі лік мала адбіваўся на агромнай значнасці самога факту забастоўкі. Яе эфект дасягаў патрэбнае мэты...

Калі б яшчэ адбылося падобнае і ў іншых раёнах горада, тады...

Яму захацелася наведаць Маскоўскую заставу.

Няўжо яны адны?

Праз паўгадзіны Рыгор ужо ехаў напрамкам да Неўскага. Ехаў і наглядаў у акно вагона за вулічным рухам. Прыслухоўваўся да гутарак пасажыраў — ціха; ніякіх водгукаў на дзевятае студзеня. Было ясна — чуткі пра іх дэманстрацыю не данясліся ў буржуазны асяродак сталіцы.

Рыгор купіў свежую, толькі што выйшаўшую вячорку. Абеглым узрокам прабег па яшчэ незасохшых радках чатырох страніц зместу — пуста. Напэўна, газета не паспела надрукаваць і пакінула назаўтра. А можа?..

Карцела хутчэй, яшчэ засветла дабрацца ў намечанае месца. Бадай што яны адны адгукнуліся на дзевятае студзеня, і зразумела...

Рыгораву думку перабіла раптоўная спынка трамвая.

— У чым справа?

— Папсаваліся правады і перарваўся ток.

Разам з публікаю Рыгор пакінуў вагон і ачуўся ў нерашучасці, як быць — дабірацца да Маскоўскае заставы ці перавырашыць гэта пытанне. Ён схіляўся да апошняга, хоць яму не хацелася адмяняць свой ранейшы намер.

З невыразнаю думкаю ён пайшоў у бок Неўскага, азіраючыся на трамвай.

Ужо ён быў ад праспекта на адгоне не болей пяці сажняў, калі насустрач яму паказалася грамадка раненых у справоджанні дзвюх сясцёр. Рыгору раптам успомнілася гутарка з Рымаю пра яго знаёмую сястру.

«А можа стацца, што?..»

Ён пасмяяўся з гэтых сваіх думак і адвярнуўся да акна кніжнае вітрыны.

Пярэстыя вокладкі новых кніжак замігалі ў яго ваччу. Заварушылася нейкая асабліва вострая прагнасць мець іх у сябе і запойна, засаб перачытаць да аднае. Вечар у вечар, адкінуўшы шэраг іншых заняткаў, сесці ад шостае гадзіны дня і...

Лёгкі штуршок прымусіў яго азірнуцца направа. На Рыгора з пракольваючай пільнасцю ўзіралася адна з сясцёр, што праводзіла раненых. Пазадзе яе стаяла двое калек-салдат — адзін на дзвюх мыліцах, другі — на драўлянай назе. Абодва глядзелі ў шырокую светлую шыбу кніжнае вітрыны.

— Вы хочаце ў мяне чаго-кольвечы запытаць? — праказаў Рыгор да сястры.

Тая адвяла ад яго вочы і зрабіла намер ісці, але раптам адказала:

— Мне здаецца, што я вас дзесьці бачыла.

— Магчыма, толькі...

Умомант незнаёмая сястра выявіла ў Рыгоравым ваччу многа знаёмых рысак, дапомніўшы яму маладую смагінскую карчмарку.

— Ці не былі вы толькі ў Смагіне?

— Ліба?

Яны прывіталіся, не верачы адно другому.

— Але вы знаеце, што мне надовечы пра вас казалі,— пахваліўся Рыгор.

— Правізарша? Ну, вы ж успаміналі мяне, скажэце, хоць раз?

— Я вельмі быў узрадаваны, калі пачуў пра вас і калі атрымаў ваш уклон... Ці мо яго мне ўплялі ў камплімент, і я дарэмна тут...

— Ужо нават заўтрашнім днём я варвалася б у ваш пакой... Вось гэта ваш адрас...

Яна паказала на рыдыкюль.

— Мне казалі, але, паверыце, я ніяк не мог здагадацца, што вы — сястра. Я губіўся ў дагадках, і каб мне падказалі, што вы ачуліся ею...

— Чаму, дрэнная справа?

— Не тое зусім, Ліба. Ну, я...

— Вы не ўлічваеце, Рыгор, аднаго. Маё ж званне мне дае правы тупаць вось па гэтым тратуары... Гэта — ад Смагіна... Смагіна?! Ды дзе ўжо ён, той Смагін... О Рыгор! Я вам хачу пераказаць цэлую эпапею, крывавую эпапею нашага мястэчка.

— Сястрыца! — пазваў яе ранены на мыліцах.— Пойдам паціхай, холадна.

Ліба адвярнулася ад Рыгора і штосьці праказала раненаму.

— Мне вельмі хочацца пагутарыць з вамі, ну, бачыце, зусім няма часу... Даруйце ўжо, калі-кольвечы...

— А вы ж збіраліся заўтра, як быццам бы?..— запытаў Рыгор.

— Думала, толькі кожную хвіліну мне могуць паперашкодзіць.

— Ліба Шлёмаўна! — гукнула Лібу яе таварышка.

— Зараз, Тацяна Іванаўна, у хвілінку...

Яна яшчэ раз працягнула руку Рыгору і з гасціннаю ўхмылкаю на пасталеўшым сур’ёзным твары, пад белаю касынкаю, адступіла назад на пару крокаў.

— Вас нельга пазнаць...

— Няўжо толькі праўда таму?

— Даю слова... І чакаю, Ліба?

— Абавязкова наведаю... Бывайце-э!..

Рыгор паглядзеў ёй услед і загадліва пацяў плячыма.

Калі ж пешаходы засланілі ад яго і Лібу і раненых, ён крута рушыў з месца і пайшоў на празрысты ліхтар, умацованы на сутыку трох праспектаў.