SommaireСокі цаліны
Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ШОСТАЯ · 8 min de lecture

VII

Перад высокім шасціпавярховым каменным гмахам па Захараўскай вуліцы грамадзілася многа якіхсьці людзей, адзетых у жоўтыя і белыя кажухі, у шэрыя халаты і падхалаткі. У многіх з іх віселі за плячыма зрэбныя, памурзаныя клумкі. За малым выключэннем — яны былі абуты ў ліпавыя ці лазовыя лапці, у да калень абкручаных аборкамі анучах. Адны з іх выходзілі ў дзверы дома, лаючыся на некага і нешта, другія, відаць, пабывалі ўжо ў ім і спакойліва абгаварвалі вынікі наведвання.

У многіх, слабей адзетых сінелі худыя твары і на вытаркшых насах віселі каплі. Другія падскаквалі на месцы, грэючы ногі, часта прамочаныя навылёт; іншыя старанна паціралі рукі. Ніводзін не рашаўся пакінуць намерзлых тратуараў і аддзяліцца ад грамадкі. У грамадцы ішла мерная, з адбіткам хвалявання, але з выразнаю доляю жальбы і безнадзейнасці, ажыўленая гутарка. Большасць прагна, уталопна глядзела між двух слупкоў пад стрэшкаю ў вузкія зялёныя дзверы, раз-поразу стукаўшыя праваю форткаю. На выходзіўшых з дзвярэй накідаліся чалавек па двое — па чэцвера і доўга і нечага распытвалі.

Пешаходы і рамізнікі з пасажырамі ўважліва супынялі на гэтай жоўта-шэрай пляме з людзей свае цікавыя ўзрокі; некаторыя прыпыняліся воддаль, каб хоць паглядзець на іх ці паслухаць іх незнаёмае гутаркі. Ад іх нясло потам і пахам чорнага хлеба. У памятых і закаравелых кажухах ды халатах, у парваных лапцях выглядала жорсткая доля.

Рыгор спыніўся каля грамадкі якраз у той момант, калі з дзвярэй дома выйшла двое маладых мужчын у аблезлых маньчжурках, з дубовымі дручкамі ў руках, прагукаўшы грамадцы:

— Для трыццаці памяшканне вызначана. Пойдам, дзядзькі.

Адным замахам рушыла з месца да паловы грамадкі. Яна накіравалася ў бок Басейнай. Рэшта падалася бліжэй да сцяны дома і моўчкі цягнула чакаць.

Ні з водных вуснаў не чулася скаргі на пайшоўшых. Ніхто, таксама, не выказваў выяўнага нецярпу на доўгае стаянне. Відаць было, што пачуццё пакоры і замірэння з сапраўднасцю загартавала іх цярпенне і спакой.

Рыгор толькі ўгледзеў грамаду з-за рога вуглавога дома, як зразу дагадаўся, у чым справа. Жоўтыя кажухі і паўшубкі гербавалі сабою беларускія прасторы, ціхія паніклыя вёскі.

Яшчэ зусім нядаўна па раскіданых ва ўсе бакі шляхах і гасцінцах тупалі гэтыя людзі за дробнымі худымі канякамі. З сёл у мястэчкі, з мястэчак у горад перавозілі яны рэшткі плёнаў свае працы, кароўку ці свінку. Адпраўляліся ў лясы на сечку дроў, да паноў у двары і фальваркі на падзённую працу. Нядзелямі ды святамі кішэлі імі рынкі. Саматкань, зрэб’е, гаршкі і бандарныя рэчы, лыка і тальку мянялі яны на медзякі для падаткаў ды акцызу.

У нізкіх курных хатах, з земляною падлогаю, упярэмеж з курамі і гавядай караталі яны сваё жыццё.

Сумнае святло лучніка ці светаша сімвалізавала іх дабрабыт, іх культурны і эканамічны стан. Вузкія шнуркі зямлі, патаптаныя шырокімі, трэсканымі нагамі, дагледжаныя ад каменняў і дзярыны, не давалі ім умерці з голаду. Пра іх быў клопат у ўрадніка і ў папа, толькі клопат асабовы, драпежны і дзікі.

А гэта во...

— Вы з якое прычыны сабраліся тут, дзядзькі? — запытаў Рыгор у двух пажылых сялян.

— Сынок мой, няўжо табе невядома?

Сівабароды, са ўпалымі шчакамі, з тоўстым, бульбінаю, носам, затрос рэдкаю бародкаю. Даўгая арэшына, на якую ён апіраўся, каўзанула наперад.

— Гэта наша не астатняе прыстанішча,— дадаў другі дзядзька, абросшы жоўтымі валасамі ад вушэй да барады.

— Мы зранку тут,— казаў першы.— Гэта бежанскі камітэт, і мы прыйшлі за дапамогай. Няма дзе, сыне, прытуліцца, куска хлеба няма, і мы вось...

— Але, але,— пераймаў другі.— Дзесяткамі гадоў мелі зямлю і хаты, мелі хоць на чым прылажыць сваю працу, а гэта... Выгналі... Хмараю насунулася войска... Патапталі нашы палі і паплавы, паадбіралі статак і хлеб і прагналі ў белы свет.

— Ідзеце!..

Да іх падышло яшчэ некалькі чалавек. З напружанымі ўзрокамі настарожана глядзелі яны ў Рыгораў спагадлівы твар і прагна чакалі яго рады. Ім так мала трэ было ў гэты час! Хоць некалькі суцешных сказаў, каліва ўвагі, адну-другую сяброўскую параду... Напэўна Рыгору зразумелы іх мукі, іх доўгае пакутнае вандраванне...

— Ізеце, а куды і як? — казаў першы.— У свет! Лёгка сказаць! Кідай гняздо і ляці на галодную смерць... Ды нічога не парадзіш... у іх штыкі і кулі, нагайкі і дзікія суворыя твары. У іх жорсткія сэрцы і бязлітаснае пачуццё... А ў нас?

— У нас дурная, нікудышняя пакора. У нас зайцава палахлівасць, завошта цяпер адкупаемся мукамі,— рашуча выказаў трэці і з агідаю сплюнуў.

Першы хапіў яго за руку і праказаў:

— Маўчы, Сцяпан, не кажы на вецер... А чаму ж ты пайшоў? Паказаў бы сваю смеласць і паспрабаваў бы астацца... Пераканаўся б тады... Гаворыць — ліха ведае што. Нябось — пайшоў і зараз тамсама, дзе і другія. Чаго б лепшага, а глядзі, нябожа, дарога, напэўна, яшчэ ўся не пройдзена.

— Кінь, Андрэй, злавацца. Каго ты ўшчуеш, га? — пераняў яго другі.— Думаеш, чалавек не разумее нас і без гэтага?

— Разумею, дзядзькі, усё разумею...— спагадліва падаў Рыгор і заўважыў, як некалькі лахматых галоў яшчэ шчыльней нахіліліся да яго.

— Чаму ж не ведаць? Хто зараз не ведае гэтага страшнага пекла? Наша гора свет заліло, браткі мае. Яно не можа не пачуцца навокал-вакола. Гора, гора, добры чалавек,— вякамі не вычарпаць яго, патомкам не забыцца... Во, глядзі на нас — старцы — не старцы, валацугі, брадзягі... А завошта? Запытай нас — завошта-а? Перад кім і што мы саграшылі, чалавеча добры?.. Ніхто не кажа. Багацеі ўздумалі — і доля наша вырашана.

— Ідзі-ы...

— Пакора, дзядзька, дазволіла на гэта...

— Ты ізноў,— азірнуўся Андрэй.— Не правучыла цябе нівошта...

— І каб ты бачыў, як мы ішлі, каб ты бачыў, сыне, ты б не вытрымаў, гледзячы,— перабіў першы.— Ад Ваўкавыска — на прасцяк, як вокам кінуць, роўная дарога. Мэрам гэта, вось, вуліца. І ўся, не згледзець, загружана людзьмі, падводамі, жывёлаю. Пыл, стогны, конскі рогат і сабачы брэх — адзін гвалт, вялікі, страшэнны крымінал. А ззаду — промін. Усё неба, сынок, з гэткага, во, проміну, як той ліхтар, так во і калыхаецца над нівамі, над дубровамі. Камякі чорнае сажы — агромністымі каршукамі па зялёнай руце ліста, па сіняй валошцы, па белым цюцюпане — лажыцца і сажыць, лажыцца і мяртвіць. І сэрцы разам мруць, сціскаюцца тоўстымі халоднымі рэхвамі,— сынку, падумай,— то ж у дыме тым нашы хаты і гумны, наседжаныя гадамі мясцінкі. Наша праца, наша ўсё, што мы мелі, што нажылі, чым хваліліся і на што апіраліся. А нівы гайдаюцца, братка мой, густым ядраным коласам, залатою пруткаю саломаю — якія б выходзілі кулькі, як бы хораша выглядалі новыя стрэхі! — Гэта жыта дратавалі коні, не тыя, што ўспахалі яго, а тыя, з якіх на нас глядзелі сіберныя твары казакаў... І жыта, і ячмень, хлеб і аладка — усё, усё — пазадзе. Адвернешся, нябожа, і няма сілы адарваць ваччу, прыкоўвае болем і жудою, заве, вабіць назад. Назад — да ведамага, да ператупанага, да перамацанага, да... Ды назад нельга...— гоняць, націскаюць. Ідзі наперад, туды, дзе чакае невядомае. І мы ішлі, цягнуліся, валакліся... Галодныя, забруджаныя, абаўшывеўшыя... Дзень і другі. Ноч ды другую. Тыдні — насустрач яснага, але халоднага сонца... Ішлі, знерваваныя, з падбітымі нагамі, нямытыя, злосныя на людзей і на сябе, ачумелыя...

Па баках яшчэ стаялі ціхія, неўзварушаныя вёскі... Пасвіліся коні, вырасталі мэндлі і копы. Дзяўчаты пелі жніўныя песні. На шырокіх межах, на сценках і сцежках стаялі гэткія, як мы, сяляне і глядзелі на нас і спачувалі нам. Нашы дзеці прасілі ў іх малака, яблычка, кавалачка сала. Ды ці ж усім надаешся? Глянеш — а ўсцяж даўжэрнае дарогі, як вокам кінуць, ідуць і едуць, становяцца і топчуцца на месцы. Бо што ж ты думаеш — паўкраю ў дарозе. Узнялі і пагналі. Ідзі-ы... Куды ж і колькі-ы ісці — няведама... Стаімо, вось і думаем, што заўтра, пазаўтра — кідай горад і далей-далей-далей...

— А тыфус, Андрэй, а халера... Баішся сказаць? Ведаюць, не схаваеш. Паглядзеў бы, браток — як на пакосе. Людзі — як мухі. Мэрам чыясьці рука махала востраю касою — на вачах клаліся людзі. Зрабіў два крокі — і смерць, два крокі — і смерць. Каня, карову — убок, а чалавека — рыеш магілу. Паложыш і галінку бярозы ці елачку ваткнеш ды далей. Зрэдку саб’еш нетрывалы крыжык. А разам, паверыш, могілкі. На гоны, на вёрсты, доўгія, вялікія могілкі. Аднаго — маладзіца, другога — дзіця, бацька і дзед, матуля і каханая. Кінуў — не глянуўшы на твар у апошні раз — і пайшоў ці паехаў. Калі мы пройдам, братка, між тых могілак і крыжоў? Нас тут каля сотні, а выйшла — упяцера болей. Што ж, можа, і добра, бо дзе б мы начавалі? Дойдзе з нас палова, і таго хопіць... Гэткія справы, нябожа...

Рыгор стаяў, як заварожаны, убіраючы ў сябе жаласлівыя паведкі дзядзькоў.

Іх простыя шурпатыя сказы стукалі малаткамі па яго сэрцы, пілавалі нутро і камянілі істоту. Хацелася абняць гэтых мучальнікаў, пераліць у іх сваё гарачае кіпучае пачуццё спагады і ўверыць у светлае, бліскучае, надзейнае ды ўцешнае будучае.

— Дзядзькі, прыйдзе час, і ўся ваша крыўда і ўсе вашы мукі будуць адплачаны вольнаю доляю і жыццём шчаслівым... Гэта залежыць і ад вас саміх.

Рыгор не дасказаў свае думкі — перасохла ў горле.

Раптоўны вокліч, вылецеўшы з дзвярэй, разварушыў грамадку:

— За Неўскую заставу, мужчыны.

Яшчэ пяць хвілін, і нястройныя, блытаныя шэрагі кажухоў і світак аддзяліліся ад Рыгора, пакінуўшы яго адным. Ён паглядзеў ім услед, мнагазначна паківаў галавою і схаваўся ў дзвярах будынка.

Стромныя, забруджаныя ўсходы глядзелі на яго шырокімі піраговымі слядамі лапцей. Пракуранае карашкамі і самасеем паветра дапамінала пра цэладзённае таптанне па ўсходах яго землякоў-выганцаў.

На самым верхнім паверсе, пры непрычыненых дзвярах, стаяла пара бабулек, пільна рухаючы медзякі. Яны баязліва паглядзелі на Рыгора і сышлі ў бок ад дзвярэй.

Рыгор прайшоў у дзверы.

Цемнаваты калідор смярдзеў дымам і якімсьці кіслым пахам. За дзвярыма ў пярэднім пакоі ішла гучная размова. Ён пастукаў і, не чакаючы адказу, увайшоў.

Пры шырокім заваленым папкамі і спісанай паперай стале стаяла двое мужчын; адзін з іх кароценькі, у шэрага колеру жакетцы, з памурзаным каўнерчыкам пад ёю, жывы, рухавы, з ласкава бегаючымі ўзрокамі, раптам павярнуўся да Рыгора:

— Вы па справах камітэта?

Другі мужчына, крыху вышэйшы ад першага, з падобнымі да першага жоўтымі вусамі, з лапінкаю французскае бародкі і сінім колерам вачэй, ну ўжо сутулы злёгку, дабрадушна ўхмыляўся:

— Напэўна, за білетамі?

Першы спрытна разгортваў перад Рыгорам зялёную афішу з чорнымі надпісамі праграмы:

СПЕКТАКЛЬ

У ЗАЛЕ «ПОЛЛАК» — НЯДЗЕЛЯ...

— На карысць бежанцаў.

— Для мяне цікава, наколькі ім камітэт пасабляе?

Другі мужчына незадаволена пакруціў галавою.

— Крошкі адны, крошкі... А гора, а бяды — акіян, акіян... Кідаемся ва ўсе бакі, хапаемся за ўсё, што можна... Вось ладзім спектакль... Самі не пасобім сабе — хто ж паклапатуе за нас? Вы два білеты возьмеце?

— Ты запрасі чалавека, Бронісь, няхай распаўсюдзіць білетаў з дваццаць,— парадзіў другі мужчына.

Кароценькі дастаў з кішэні білетную кніжку і падаў яе Рыгору.

— Ваша фамілія і адрас?

Рыгор сказаў.

Кароценькі запісаў на маленькім кавалачку паперы, які тут жа схаваў у бакавую кішэню.

Рыгор даў згоду і ўжо адчыніў дзверы, як яму ўспала думка пра Гэлю.

— Будзьце ласкавы,— абярнуўся ён да абодвух мужчын.— Ці не ведама вам, часамі, наконт складу ўдзельнікаў спектакля? Сярод іх няма, выпадкова, адной дзяўчыны, Гэлі Пералаз — імем і фаміліяй?

— Ведаеце, рад бы сказаць, ды суйздром запамятаваў. Даруйце.

— Даруйце вы мне.

«Ну, што я пра Гэлю пытаю. Наіўны!» — папракнуў Рыгор сябе і схаваўся за дзвярыма.

Праз гадзіну ён быў дома.