VIII
Каля двух тыдняў ад часу наведвання бежанскага камітэта і да дня спектакля Рыгор быў цалкам заняты думкамі пра бежанцаў. Перад ім неадлучна стаялі здані малюнкаў вялікага збегу людзей, разбурэння знаёмых абшараў спустошанае краіны. Вулічны вырай людзей дапомніў яму тыя незмярымыя шляхі ад Ваўкавыска, ад Бельска, ад Горадні — на ўсход, якімі выходзілі бежанцы з сваіх месц. Курава над фабрычнай Выбаргскай стараною — асацыявала пажары вёсак, нажытага дабра, мазольнае працы. Яго раздражнялі аднакава: і брэх сабакі, і ржанне каня, і праезд коннага гарадавога ці казака. Чудзішча вайны набыло ў яго нутру яшчэ большае дзікасці, драпежнасці і абурэння.
Ён хадзіў па вуліцах і бачыў у кожным дзесятым чалавеку выганца, беспрытульніка, пакутніка. Халодныя, хмурыя муры горада — ведаў Рыгор — не проймуцца іх слязьмі і плачам.
А між тым новыя чаргі ўліваюцца ў халодную, бяздушную прорву сталіцы. Адыходы расійскага войска перад націскам немцаў гоняць свежыя тысячы няшчасных. Ні зіма, ні завеі, ні пошасці не супыняюць разгону вайны. Вайна — і ворагу пустыя абшары. Вайна — і пляваць на ўсе скаргі, на ўсе законы да аховы чалавека, жывёлы, дабра.
Пляваць?
Дык чаму ж дзень у дзень несціхана трубяць прадажныя газеты пра «нямецкія зверствы?»
Атрутныя газы — праступак? Абстрэл Рэймскага сабора — зверства? Зруйнаванне Лувена і Льежа — варварства?
А здзекі і глум над тысячамі польскага, беларускага, яўрэйскага, літоўскага працоўнага насельніцтва — тактыка? Гвалтоўнае спусташэнне краю, адданне соцень тысяч людзей у ахвяру бядзе, марозам, тыфусу і галоднай смерці — абарона? Цэпеліны над Лонданам — драпежніцтва? А зруйнаванне тысяч сёл, мястэчак і гарадкоў з радзімных гармат і кулямётаў — людскасць?
«Ад Смагіна не засталося памяткі».
А Сілцы?
А вялікая колькасць тых вёсак і мястэчак, якія цешылі яго вочы ў пераезды з Рыгі ў Сілцы, з Рыгі ў Смагін, са Смагіна ў Пецярбург?
А тыя людзі, між якіх ён тоўкся на рынках і сходках?
А яго маці? А Сёмка з сям’ёю? А цэлая вуліца суседзяў, знаёмых людзей? Няўжо ён не сягоння — так заўтра сустрэне іх на абледзянелых тратуарах Захараўскае вуліцы? У зношаных, выцертых і лапленых лахманах? Пахудзеўшымі, прыбітымі, бязмоцнымі і безнадзейнымі? А мо і зусім яны не дайшлі ці мо не дойдуць?
На шырокім выбітым гасцінцы, пад бярозай ці ядловым кустом пяройме іх бесспагадная пошасць і прыкуе навекі да зямлі.
З нецярпеннем чакаў Рыгор да сябе Петруся, каб падзяліцца з ім балючым уражаннем пра стан роднага кутка.
Як надзіва, Пятрусь дзесьці знік і не паказваўся да Рыгора.
І калі Пятрусь з’явіўся да яго дзён за два да спектакля, Рыгор, замест прывітання, праказаў:
— Як шкода, што ты позна мяне наведаў!
Пятрусь не зразумеў сказа і ўпарта паглядзеў на Рыгора.
— Так, так... Ты быў мне вельмі патрэбным у гэтыя дні,— дадаў Рыгор.
— У чым справа? — пацікавіўся Пятрусь.
Рыгор пачакаў, пакуль таварыш распранецца ды зойме месца, і падрабязна расказаў свае ўражанні ад спаткання з бежанцамі. Абодва, і Рыгор і Пятрусь, раз’юшана тупалі па пакоі, захапіўшыся настойнымі думкамі. Перад імі абодвума паўставалі выразныя малюнкі з трагедыі, якая адыгрывалася далёка ад іх.
Яны хвілін з дзесяць пастаялі моўчкі, губячыся ў бязмоцнасці. Каб хоць крыху адысці ад думак, Рыгор паведаміў:
— Бежанскі камітэт наладжвае спектакль. Можа, чуў?
— Не.
— Вось я ўзяў для распаўсюджвання пару дзесяткаў білетаў; і, думаеш, так-такі і лёгка гэта зрабіць? Прапануеш білет — а на цябе з ухмылкаю пазіраюць і маўчаць. Што за бежанцы і каму да іх якое дзела... Так, прынамсі... І ўчора я мусіў вярнуць каля дзесяці білетаў непраданымі. Ці чуў ты?
Пятрусь здзіўлена пацяў плячыма.
— А ад мяне купілі б, думаеш?
— Усё ж бы... Аднаму, другому знаёмаму і дзесятак...
— Гэта малая дапамога. Ды мне, ведаеш, нязручна ўсюды хадзіць, пакуль яшчэ не ўладзіў са сваімі справамі.
— А хіба ж яшчэ не ўладзіў?
— Згадзіся, што не. На Воздухаплавацельным — цяжка ўстроіцца... І я ўжо намерыўся ехаць у Маскву...
— У Маскву?!
Рыгор вытарашчыў вочы.
— Так, браце, іначай не выходзіць.
— Дык мне жадаеш аднаму аставацца?
— Як таго ні шкада, а даводзіцца. Я з гэтае прычыны і зайшоў да цябе, Рыгор. Прапануюць месца ў Народным банку, і мне думаецца, што гэта праца якраз для маіх разгойданых нерваў... Там жа ўладзіцца і з пашпартам. А з білетамі... Так, я мушу гэта — але што значыць праданых пара білетаў.
— Вось не чакаў я таго! Гм! Шкада, шкада, Пятрусь, мне расставацца з табою. Ды, прынамсі, на колькі — нічога пэўнага не скажаш? А ў наш час — кожны дзень за год, і хто ведае... Зразумела, што продажам білетаў мала дапаможаш.
Далей яны пакінулі гутарку пра спектакль і заняліся абгаворам Петрусёвых спраў.
— Так, хто ведае... Думалася яно так, а выходзіць...— шкадаваў Пятрусь.
— І нельга змяніць?
— Дзе ж ты бачыў... Ды ці варт! Я ўжо думаў пра гэта і рашыў... Я напішу табе — толькі злезу з цягніка. Ну, вось, прасіў бы, цябе, браце, аднаго.
— А менавіта?..
— Ты не забывай адпісваць на мае лісты.
— Што ты выдумаў! Ласне можна дапусціць. Усё ж і ў Маскве не забудзь пра бежанцаў...
У гэты момант за дзвярыма некалькі разоў пераказалі Рыгорава імя. Чыйсцьці невядомы, басісты голас зычна гудзеў у пустым калідоры кватэры. Хлопцы прыслухаліся. Пятрусь паспешна стаў апранацца.
— Ты куды гэта?
— Ды ці ёмка мне аставацца?
Пятрусь не паспеў зашпіліць паліта, як у пакой увайшоў сярэдняга росту, у добрым зімовым паліце, грубы, даўгавусы чалавек. Ён спрытным замахам рукі зняў баярскае формы коцікавую шапку і запытаў:
— Я не перашкаджаю?
— Калі ласка, сядайце! — адказаў Рыгор, падаючы зайшоўшаму крэсла.
— Я перапрашаю вас, Нязвычны. Я, памятаеце, наконт вашай просьбы. Зараз якраз выдалася месца ў нашым цэху для аднае жанчыны. Якаво з вашай кандыдаткай?
Рыгор зразу дагадаўся, у чым рэч, і радасна адказаў:
— Вельмі дзякую вам; вы, проста, выбаўляеце чалавека.— Гэта наконт Гэлі,— абярнуўся Рыгор да Петруся, які стаяў пры стале, уткнуўшыся ў газету.— Дзякуй яму, таварыш не забыў.
— А мне што ж, прасілі— і я лічыў таварыскім абавязкам паведаміць... Няхай зойдзе, скажаце, у інструментальны цэх і запытае Палікара Лазарчука.
— Калі б то лепш? — запытаў Рыгор.
— Не пазней паловы лютага. Месца, трэба сказаць, не дрэннае. Рублёў паўсотні выжане ў месяц.
Ён устаў.
— Прашу пасядзець... Як у вас з настроем, скажэце? — пацікавіўся Рыгор.
— Настрой паднімаецца... Але, зразумела, не так, як бы таго хацелася... Вось і дзевятае студзеня — перш памкнуліся баставаць, а датыркнуліся справы, каму пачынаць — дык на нас чалавек сарака і абышлося.
Ён нездаволена махнуў шапкаю і зрабіў на твары невыразную міну.
— Патрэбен штуршок. Ды добры штуршок; а без гэтага — цяжка раскачацца... Так... Знача, як толькі захоча яна — няхай ад дванаццатай да другое — кожны дзень. Палікар Лазарчук — мяне ведаюць.
Прыйшоўшы завярнуў у дзверы. Рыгор яшчэ некалькі разоў пераказаў яму сваю падзяку і правёў яго на сходы.
Вярнуўшыся назад, ён застаў Петруся нарыхтованым да выйсця.
— Дык бывай здароў, Рыгор! Чакай ліста.
— Ужо? Бывай! Шкада, ведаеш, але нічога не парадзіш.
Яны пацалаваліся.
Стук дзвярэй разлучыў іх на доўгі час.
ІХ
Падыходзіла ўжо да восьмай гадзіны вечара. Час бег безаглядна. Бадай што можна было б выходзіць з пакоя, але Рыгор хацеў дачакацца Анікея. Яны згаварыліся ўдвух паехаць на спектакль.
«Чаму ж яго няма?» Рыгору не хацелася думаць, што Анікей перавырашыў з гэтым. Усё ж можна было дапушчаць, што знайшліся тыя ці іншыя прычыны, паперашкодзіўшыя яго намеру. Рыгор апошні раз паглядзеў на гадзіннік і пачаў збірацца. Самому яму карцела папасці на спектакль у час, каб так ці іначай праведаць пра Гэлю. Напаткаць яе на спектаклі і паведаміць пра знойдзенае для яе месца было б вельмі добра. Праўда, яму не верылася, што Гэля там будзе. Апошняя стрэча з ёю не сведчыла за Гэліну цікавасць да спектакля. Рыгору проста хацелася, каб яна была, і ўжо на хаценні будавалася магчымасць.
Рыгор патраціў на дарогу не болей паўгадзіны і калі апынуўся ў зале «Поллак» — там ужо было багата публікі. Аднак, як звычайна з аматарскімі спектаклямі, вечарына яшчэ не пачалася. Ён замяшаўся ў тупатні публікі і з цікавасцю разглядаў залу.
Публіка была зборная і разнастайная, мяшчанская і абыватальская, крыху закранутая пачуццём спагады да «няшчасных» землякоў. Але гэта іх «спагада» канчалася з моманту адарвання білетных купонаў.
Рыгор, прынамсі, не чуў адпаведных мэтам вечарыны гутарак. Пад яскравымі люстрамі цеснага фае разліваліся твары бесклапотнымі ўхмылкамі. Нясло парфумаю. На жаночых шыях віселі залатыя ланцужкі і жамчужныя маністы. Рознакаляровы шоўк шапацеў над нацёртым паркетам. Усё гэта лакіравала прыедная за час вайны філантропія.
Гэля? Было выразна, што сярод публікі яе няма. Калі яе няма і за кулісамі — значыць, яна на спектакль не прыйшла. Болей таго — значыла гэта, што Гэля кламіла Рыгору, успамінаючы яму пра вечарыну ў час першага з ім спаткання. Рыгор выйшаў у пустую глядзельную залу і прыблізіўся да ўваходу за сцэну. Ён прачыніў вузкія дзверцы за кулісы і паглядзеў на груды складзеных дэкарацый і рэквізіту. Гутарка ішла дзесьці на сцэне, дзе спешна гатовіліся да пачатку спектакля.
Рыгор палічыў няёмкім праходзіць за сцэну і зачыніў дзверы. У гэты момант каля яго апынуўся той самы кароценькі вёрткі чалавек, якога ён першы раз сустрэў у бежанскім камітэце. Хапіўшы Рыгора за руку, ён гасцінна прывітаўся і запытаў:
— Вы кагосьці шукаеце?
— Так, мне хацелася б знаць, ці не прымае ўдзелу ў спектаклі Гэля Пералаз?
— Гэля Пералаз? — перапытаў кароценькі чалавек.— Не памятаю такое. А ў тым, я запытаю, пачакайце-э.
Кароценькі чалавек шмыгнуў за кулісы. І яшчэ не паспеў ён зачыніць за сабою дзверы, як пачуўся трохкратны званок. Шугнуўшая з фае публіка застукала крэсламі, загудзела навакола яго, замітусілася. Рыгор не мог ужо стаяць на праходзе, і сам накіраваў між радоў крэслаў.
І толькі ён трапіў на сваё месца, як святло пагасла.
Рыгор з зацікаўленасцю глядзеў на сцэну і не заўважыў, як падаспеў антракт і зычны гул воплескаў напоўніў асветленую залу.
Рыгор ухмыляўся, азіраючыся наўкола.
— Цікавішся? — перабілі яго ззаду.
Ён аглянуўся і ўбачыў Анікея.
— А я да цябе заязджаў, ды ты пайшоў ужо.
— Не дачакаўся.
— Угаварваў жонку і запазніўся. Пайшла ў Народны дом, а я...
Абодва намерыліся пакінуць месцы, калі да іх падышоў кароценькі чалавек, ужо знаёмы Рыгору.
— Ну, як пачатак? — з цікавасцю запытаў ён.
— Добра,— адказаў Рыгор.
— Бачыце, у Пецярбурзе вельмі цяжка што-кольвечы наладзіць. Б’ешся, б’ешся, пакуль нойдзеш людзей, пакуль арганізуеш. А між тым патрэба ёсць... Спробы, бачыце...
Кароценькі чалавек не дагаварыў, як яго пазвалі ў фае. Адыходзячы ад іх, ён даканчваў гутарку швыдкімі размахамі рукі.
— Гэта з бежанскага камітэта. Жывы чалавек — як клубок, так і круціцца.
Сігналы да другое дзеі перабілі гутарку.
— Будам рабіць вывады пазней! — праказаў Анікей, ідучы на сваё месца.
Рыгор у думках вярнуўся да Гэлі. Было ясна, што яе няма і не будзе. Было таксама ясным, што Гэля не мела да спектакля жаднага дачынення. Адгэтуль выходзіла, што нельга было паверыць усёй яе гісторыі з прыездам у Пецярбург, з наведваннем бежанскага камітэта. Гэліна гісторыя бадай што развівалася зусім іншымі шляхамі. Ці ж можна верыць, каб яна пакінула сваю яму і пайшла на працу?
Рыгор з-за думак пра Гэлю малаўважна праглядзеў канчатак п’есы. Ён не мог нічога адказаць Анікею, які хваліў артыстаў, «выразна зарэкамендаваўшых сябе ў ігры».
— Мяне цікавіць болей усяго той прыбытак ад спектакля, які мае пайсці на дапамогу ўцекачам! — адказаў Рыгор.
— Так, гэта асноўнае пытанне,— згадзіўся Анікей.
— Гэта пытанне, над якім доўга прыйдзецца думаць... Калі мне ўспамінаюцца жудасныя апавяданні сівабародага дзядзькі...
Анікей разняў губы, каб выказаць таварышу сваю спагаду, як ківок рукі таго ж кароценькага чалавека павярнуў іх абодвух управа.
— Я папрашу вас, прымеце ўдзел у скарбоначным зборы... Хоць дзесяць рублёў,— усё ж дапамога...
— Я вельмі ахвотна пасоблю, калі гэта трэба лічыць за дапамогу,— адказаў Анікей.
Яны схаваліся ў суседнім пакоі.
У зале пачыналіся скокі, і медныя гукі аркестра зліваліся з бразгам медзякоў у пустыя скарбонкі.