SommaireСокі цаліны
Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ШОСТАЯ · 6 min de lecture

Х

На рагу Вазнясенскага праспекта і Садовай вуліцы Рыгор злез з трамвая і пайшоў напрамкам да Нікольскага рынку. Ён помніў, што дзесьці між гэтымі двума пунктамі, у адным з шэрых невысокіх будынкаў жыве Гэля. Ён пільна разглядаў форму дамоў і асабліва строй іх варот, але ні на водным не мог спыніцца.

Будучы ў Гэлі перад Новым годам, яму не ўспала на думку заўважыць месца і будынак, у якім яе «кватэра». Тады ўсё неяк сталася нечакана і дзіўна, што, каб і хацеў разглядзецца чалавек, то не мог бы гэтага зрабіць.

Роўная сцяна будынкаў на ўвесь квартал. Падобныя адна да другой лёхі пад жалезнымі брамамі. У прачыненых варотцах глядзяцца калодзежы цесных двароў. Сярод іх, безумоўна, і той, якім правяла яго Гэля да сябе. Але каторы? Рыгор прыпомніў, што гэта мэрам бы ў першым ад Вазнясенскага праспекта квартале з левага боку, калі накіроўвацца да Нікольскага рынку. На адгон некалькіх дамоў ад Аляксандраўскіх радоў. Хоць бы адна прыкмета асталася ў яго памяці — дык не.

Ён навугад пачаў заглядаць у двары. Пройдзе ў варотцы, азірне навакола і далей.

На чацвёртым захадзе ён угледзеў найболей падабенства да таго, чаго шукаў. Заўважанае выйсце ў бакавы засмуглены будынак пацягнула яго да сябе.

Усходы аднавілі памятны выгляд,— можна было рассеяць сумненне.

Каля абшарпанай абіўкі дзвярэй Рыгор спыніўся і пазваніў. Чамусьці марудзілі адчыняць. Ён паўтарыў званок і праз хвіліну ўгледзеў праз вузенькую шчылінку знаёмы адрэз запамятаванага твару гаспадыні.

— Вам каго?

— Гэля Сідараўна дома?

Гарылаў твар гаспадыні зрабіў механічны поверт у бакі з гары ўніз; следам выкаціліся з яе абвіслых, набрынялых губ недаверныя запытанні:

— Вам яна патрэбна? А па якой справе?

— Я згаварыўся з ёю сустрэцца сённі.

Гаспадыня бразнула крукам і ўпусціла Рыгора ў кватэру. Паўторны бразг запёр зачыненыя за Рыгорам дзверы.

Не запальваючы святла, жанчына правяла яго цёмным калідорам да якіхсьці дзвярэй, адчыніла іх і праказала:

— Прашу заходзіць.

Па ўсім абсталяванні пакоя, якое кінулася Рыгору ў вочы, відаць было, што гэта рэзідэнцыя самое гаспадыні.

— Сядайце-э,— мякка выказала яна, засунуўшы засаўку ў дзвярах.

Рыгор сеў на падстаўленым таўстухаю паношаным, калісьці раскошным, фатэлі і чакаў, што яму скажа зацікаўленая яго прыходам гаспадыня.

Тая некалькі хвілін бязмэтна і падозрана павярцелася між чарады расстаўленых без толку мяккіх крэслаў, зазірнула па чарзе ў буфет і шафку і, стаўшы ўблізу Рыгора, праказала ўпаўшэпт:

— Гэлі няма ўжо, малады чалавек. Ці ж вы не чыталі хіба? «Пецярбургскі лісток» надоечы публікаваў пра яе смерць ад самагубства...

— Што вы кажаце-э?! — узбянтэжана падняўся Рыгор з фатэля.

Спакойнае паведамленне гаспадыні, мэрам бы то справа датыркала блуднае кошкі ці злоўленае ў пастку мышы, паказалася Рыгору здзекам над Гэляю.

— Вы яе давялі да гэтага?! У чым справа?

Гарыла працягнула да Рыгоравага твару агромністыя пухлыя далоні рук і, зрабіўшы ведзьміну міну на твары, яхідным шэптам адказала:

— Хлусня-а... Вы, мужчыны, віною гэтаму. Вы пхаеце жанок у гэта бяздонне, робіце іх таварам, рэччу сваіх асалод, а пасля...

— Дзе вы дзелі Гэлю Сідараўну? — сярдзіта выгукнуў Рыгор, стукнуўшы кулаком па стале.

Яго вокрык і стук сунялі таўстуху, і яна, адступіўшы на два крокі, адказала:

— Клянуся вам, што я непавінна ў яе смерці. Ёй жылося ў мяне зусім нядрэнна. Бывалі дні, што Гэля не мела ні аднаго гасця... Я давала ёй штодня па рублю кішэнных грошай... Карміла — няхай яе таварышкі скажуць — як дочку. Прызнаюся — любіла яе болей усіх. І чаму, і што яна пайшла на самагубства — гублюся адказаць. Я сама плачу аб ёй...

Як па заказе гаспадыня пусціла з вачэй слёзы і старанна пачала ўціраць іх нямецкім бялюткім фартушком.

— Нашто вам узводзіць на мяне дарэмшчыну,— з горнасцю скардзілася яна Рыгору, абапёршыся на стол.— Колькі я перанесла гора, паліцэйскае цяганіны, а завошта? Ці ж бы я прытульвала яе, каб гэта ліха ведала; пражыла два тыдні, а з іх цэлы тыдзень непакой у кватэры; допыты, хадзьба ў участак, вопісі і штрафы, ды людзі яшчэ ад сябе... Дабро робіш — а астаешся вінаватай. Свет, свет, каб ён праваліўся...

Таўстуха крута павярнула да буфета, спрытным замахам непаваротнае рукі адчыніла дзверцы і зашумела газетным лістом паперы.

— Во,— як усё гэта было... Ласне я магла тут мець хоць укоснае дачыненне?

Яна ўголас, слібізуючы, прачытала: «26 студзеня-а... адвя-а-чоркам... каля Чарнышова-а-га мо-о-ста... на вачах многа-а-лікіх прахожых кінулася ў прасечан-ную палонку Фантанкі маладая, на выгляд гадоў дваццаці, дзяўчына... Падбегшы-і на ратунак... двое ма-а-тросаў-ў і гарадавік... з вялікімі... цяжкасця-а-мі вылавілі самагубцу... застрэмле-е-ную галавою... пад крыгаю лёду. Самагубца... была... нежывою, трымаўшы смяртэльнае раненне галавы аб востры руб ільдзіны... Ахвяра адзе-э-та ў пано-а-шанае дэмісезоннае-э паліто-а... з чорнага драпа, у таннай велюравай пастэрцы... На нагах жоўтыя... пакрыўленыя мэ-эшты на шэ-э-рых фільдэкосавых панчохах... Шарсцяна-а-я малі-ы-навага колеру спадніца... і мадапала-а-мавая... у палоску блузка дапамінаюць пра беднае пахаджэ-е-нне самагубцы... Ся-а-род знойдзе-а-ных пры ёй рэ-э-чаў выяўлены паралез з трыма рублямі дробязі... і жоўты білет, які све-э-дчыць... за во-о-льныя паводзіны дзяўчыны... Пры-і-хо-дзіцца... дагадвацца, што дзяўчы-і-на, імем Гэля Сідарава Пералаз... родам з мястэчка Сілцы — стала ахвярай прыкрага выпадку... Дале-э-йшае дазна-а-н-не... паўней выявіць пры-і-чыны гэтага»...

— І вы нічога не ведалі пра яе намеры? — абурана запытаў Рыгор у гаспадыні.

— Няўжо я вам хлушу, малады чалавек? Запытайце, калі не верыце, яе таварышак. Пайшла, як заўсёды хадзіла з кватэры, і хоць бы па настроі відаць было, што ліхамыснае — барані божа... Шурка! — аклікнула рэзкім голасам гаспадыня і адсунула дзверы.

У пакой убегла светлая бландзінка з разбэрсанымі на плячах завілымі касамі. Угледзеўшы Рыгора, яна роблена засмяялася і недвухзначна мірганула сінімі бліскучымі ад атрапіну вачыма.

— Ты памятаеш, калі Гэля апошні раз выходзіла ў горад? — наводна запытала гаспадыня.

Дзяўчына ўмомант перамяніла настрой, зрабілася нерухомай і баязлівай ды ўпаўголас адказала:

— Бедная Гэлінька, яна была тады сама не свая...

— Лжэш, блядзюшка,— тупнула нагою азвярэлае чудзішча ў асобе гаспадыні.— Ды цябе ж, здаецца, і не было тады, а смее...

— Так гэта вы збяёдавалі маладое жыццё...

Рыгор злосна страсянуў стаяўшую пад рукою фатэлю і, абураны нечаканаю весткаю пра Гэліна самагубства, выйшаў з гаспадынінага пакоя.

Цёмны калідор узбіў яго на якіясьці куфэркі, і ён уголас вылаяўся па адрасе гаспадыні.

Ужо ён мацаў клямкі ў дзверах, як да яго данёсся глухаваты вокліч:

— На адну хвілінку!

Ён адвярнуўся ў цем калідора і ў гэты ж момант пачуў даткненне да рукі шамкага лістка паперы.

— Відаць — гэты ліст вам ад Гэлі? — праказала цішком выкліканая гаспадыняй бландзінка.

Рыгор схамянуўся ад абдаўшага яго жалю, порстка выхапіў з халоднае рукі дзяўчыны ліст і, безумоўна, шпунтам вылецеў за дзверы. Без озірку прайшоў ён вузкі двор, выйшаў на вуліцу і ўподбежкі накіраваў да трамвайнае спынкі. У левай руцэ, запхнутай у кішэню, ён трымаў перададзены яму ліст.

Гэлін вобраз міргаў у яго ваччу, жорнамі ціснучы на раскалыханае сэрца. Дапушчальны змест ліста перабіваў усе іншыя думкі, падбіваў заўвагу да ўсяго акаляючага.

Не заўважыў Рыгор і раптоўнага з’яўлення перад ім Артура Цвібеля.

— Ты адкуль гэта, калега? — гучна прамовіў той, стукнуўшы па плячы Рыгора.— Ці не ад Ганны толькі?

Рыгор здзіўлена паглядзеў на Артура і нічога не адказаў на яго запытанне.

— Не пазнаеш? — перапытаў Рыгора Артур.

— Ах! Даруй, я зусім ашаламіўся...

— Чаго? Шкадуеш Ганны?

— Ганны? — трывожна перапытаў Рыгор.

— Так. А ты ж часамі не ад яе?

— Не-э. І з ёю нядобрае што?

Смяшок, прайшоўшы па здаровым круглым твары Артура, крыху супакоіў Рыгора.

— Як табе сказаць... Хто як глядзіць...

— У чым справа?

— А ты ж хіба не ведаеш, што яна памянула цябе добрым словам і...

— І што?

— І стала вернай жонкай Лукі Дарафеіча. Ха-ха-ха! Вось табе нумарок... Не чуў? Ба-абы-ы! Ды і ты падкачаў, браце. Можна сказаць — з-пад рук выпусціў гэткую дзяўчыну.

Паведамленне Артура Цвібеля, як яно не было знянацкім, не зрабіла на Рыгора моцнага ўражання. Трагедыя Гэлі прытупіла яго пачуцці, і ў іх не знайшлося належнага водгуку на свежую, далёка не прыемную навіну. Тым не меней, Рыгор не выпусціў гэтага з-пад увагі і яшчэ болей ацяжыў сум свайго настрою.

— Ха-ха-ха! Што ў цябе за настрой. Упершыню сустракаю. Не хочаш, а трэба смяяцца. Кінь жа, калі сапраўды!

Артур бачыў, што яго рэзвасць не ўплывае на Рыгора, і гэта яго занепакоіла.

— Ты сапраўды, як я бачу?..

Пад’ехаўшы трамвай не дазволіў Рыгору адказаць. Яны развіталіся і рассталіся.