SommaireСокі цаліны
Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ПЕРШАЯ · 5 min de lecture

І

Зацягласць вайны на зіму крута мяняла грамадскія настроі ў сталіцы. Дзе падзеліся яшчэ незабытыя, задзёрыстыя, ганарлівыя разважанні на тэму пра паход на Берлін, пра ўзяцце Дарданел. Знікла пустая пахвальба вялікасцю і пераможнасцю расійскага войска. Усё часцей ды часцей вынікалі хлуслівыя паведамленні аб хуткім банкроцтве немцаў. Час ад часу ўздымалася мусіраванне цёмных, невыразных чутак пра мір.

Уцеха перамогаю над туркамі нацягвалася кампенсацыяй за агромністыя страты на вайне. Струмень бульварнае чарнасотніцкае літаратуры ў выданні «Нового Времени», бутафорнасць патрыятычных канцэртаў расплываліся ва ўсё ўзрастаючых недахопах. Уздым дарагоўлі на хлеб, на соль, на мяса, недастачы цёплага адзення на франтах, пошасныя хваробы ад недаядання арміі, ад яе раздзетасці прарочылі ліхое ды нядобрае. Часцей і больш упэўнена пачаліся чуцца крытычныя галасы наконт непарадкаў у вайсковых сферах. Непадгатаванасць да зімовае кампаніі выразна вылазіла наповерх падзей, пагражаючы іх паваротам у дрэнны бок. Секвестрацыя маёмасці нямецкіх грамадзян, забарона опер Вагнера, выяўленні змены Мясаедава не маглі апраўдаць страшэннага згубства войска і разору краіны. Мільёны забітых немцаў і аўстрыякаў хавалі пад сабою не меншыя лічбы страт з расійскага боку. Вердэн і Лувен на заходнім фронце, Перамышль і Асавец — на ўсходнім. Атакі і кравалітныя бойкі вяшчалі штосьці страшнае наперадзе.

Жыццё цалкам, ва ўсіх сваіх разнастайных праявах, паддавалася ўплыву вайны. Ад вайны залежала доля мільёнаў людзей, з вайною былі звязаны жаданні і імкненні любое адзінкі ваюючай краіны. Вайна ўваходзіла ў звычайнае з’явішча, але гэта далёка не ўсцішала людскога хвалявання.

Сталіца і губернскія гарады памагалі гэтаму несупынным павелічэннем раненых, мабілізаваных. Дэфіляванне вуліцамі грамад, сагнаных з вёсак, з мястэчак людзей, перавозка гармат і прыпасаў, праезд кавалерыі — дапаміналі пра несканчоную крывавую завіруху.

У ваччу зелянілася хакі. Яго бледа-зялёны колер, які выглядаў з вокан магазінаў, з плеч вялікае колькасці мужчынскага насельніцтва, каламуціў святло сонца і белізну снегу.

Жалеза і кроў — напаўнялі згушчанае паветра. Разгойданыя нервы радзілі міжлюдскую злосць, нянавісць, жывёльнае драпежнае пачуццё. Кавалкі людзей, падапёртыя кастылямі і цурубалкамі, павязаныя марляю і адзетыя ў шкураныя, рыпучыя пратэзы,— пеніліся агідаю на жывых і здаровых. Абыдзены фронтам, з свайго боку, нядбала, агідна пазіраў на быўшых людзей.

Абжырэлыя, з выпучанымі на аршын грудзьмі, ваяўніча пракладвалі сабе дарогу тылавыя афіцэры, чыноўнікі, земгусары. Над імі — неба, пад імі — смецце. Вазніца аб’язджаў яго на дарозе, трамвайны важаты спыняў на ўсім хаду трамвай, бачачы ківок яго пальца. Бліскучыя святлом рэстараны падсцілалі ім белыя сурвэты, ставілі букеты красак, увіваліся дзесяткамі пакорлівых, паслухмяных кельнераў.

Вайна — як эпоха, правіла жыццём. Яна віхрыла людскі натоўп, як парушынкі, разносіла скаргі, як вадзяныя плюхі. Вайна, як эпоха, гайдала долю мільёнаў, зрываючы іх з месца і ганяючы па спустошаных прасторах.

Дзе яе канец?

Няўжо, сапраўды, Вільгельм просіць згоду ў бельгійскага караля? Дык чаму ж той, упарты і агідны, адказваецца пайсці на яго?

У Берліне не хапае ежы — стаіць агульнае нездавальненне вайною. Дык чаму ж нямецкае войска з гэткаю ўпартасцю вядзе наступ на ўсіх франтах?

Расійскае войска ідзе на Эрзерум. Туркаў чакае пагібель. Дзе яна, чаму яна не прыносіць разам з гэтым пагібелі ўсёй вайне? Усюды і ўсе чакаюць міру, чакаюць той хвіліны, калі змоўкнуць стрэлы гармат і незлічоныя цягнікі пакінуць падвозіць сотні тысяч раненых.

І разам з тым, усе бязвольны наблізіць той час. У чым захавана вось гэта супярэчнасць? Якія законы давяць на волю мільёнаў, не дазваляючы ёй разварушыцца? Няўжо вайна вышэйшы закон?

Насустрач прыгожай вясне вытырклі прагныя дулы гармат, бліскучыя лозы штыкоў і пік. Пад сіні лазурак неба імкнуцца хмары дыму ад пажараў, з комінаў фабрык ды заводаў, дзе куюцца снарады, зброя, атрутныя газы. Чырвоныя пырскі крыві звільжаюць вызвеўшыя купіны зямлі. Там, пад верхнім слоем размочанага пяску, насенне валошкі, пралескі, кукалю. Няўжо на іх крохкім храстку стане падкованы абсац і расцісне кволыя валаконцы прыгожых красачак?

Вясна, ядраная, з залацістымі сувоямі шаўкавістага прамення, гудзе струменямі бурлівае вады, блаславіць зямлю нябескаю красою неабмернага блакіту.

На вясну надзеі.

Навошта каму той Берлін, тая Вена, Будапешт і Канстанцінопаль?

Замірэння — згоды!

Годзе драпежніцтва!

Гэта выразна напісана на тварах тысяч прахожых, занятых працаю.

Абыякавасць?

Так, яно не паддаецца ўжо награванню адцягненымі, фальшывымі абяцанкамі. Зіма паказала, што ў ёй хаваецца. Вясна — рашыць!

Вясна рашыць!

Рыгору хацелася гэтага, але ён не быў упэўнены, што гэта здарыцца. Нечуваны размах вайны, захапіўшы у сваё ўлонне дзесяткі краін, мільённыя арміі, азвярэнне людзей — не казалі ў карысць яго хацення. Клубок несупынна блытаўся, рос вузел на вузлу — без канца, без меры.

Разам падвышалася напружанасць пачуцця. Цяжка рабілася, губляючыся ў няведанні наступнага.

Але раздумы на гэту тэму не аблягчалі становішча. Наадварот, яны ўдубальтоўвалі яго цяжкасць. Прыходзілася спыняцца на апошнім — калі-небудзь ды вайна скончыцца. Не будзе ж яна бясконцай?

Кожны раз, адцягваючыся ў думках ад вайны, Рыгор у яе аспекце разглядаў сваё ўласнае жыццё. Нельга было сказаць, каб ён цалкам залежаў ад паваротаў вайны, усё ж яна клала на ім свой адбітак. Прымацаваны мілітарызацыяй да завода, Рыгор адчуваў усё, што з гэтага выплывала, і не мог не браць яго пад увагу.

Дзень у дзень перад ім паўставаў сівабароды дзядзька са Знаменскай вуліцы; пакорліва разнятыя сінія губы не пакідалі шавяліцца, пагрозныя, пякучыя словы выкладалі балючы змест страшэнных падзей. Яны абнімалі Рыгораву істоту, ціснулі на яе і не давалі супакою. Вайна разбурае цэлыя краіны, зганяе з месца сотні тысяч працоўных людзей. Колькі іх разышлося па белым свеце! А колькі яшчэ на чарзе!

Праз усю зіму — вайна не сціхае. Як страшэнная тузаніна, яна пазменна калыша мільёнамі, давіць і цісне на зямлю і на людзей. Кожнадзённыя весткі не спыняюць казаць пра ўпартае пасуванне нямецкай арміі на ўсход. Нямецкая армія націскае — расійская адступае, ці наадварот — а мірныя вёскі і мястэчкі няшчадна расціскаюцца пад тоўстымі шынамі гармат, пад конскімі капытамі, пад абсацамі тысячных грамад пехацінцаў.

Вайна цягнецца — і не спыняецца бежанства. Хто яго ведае, у які момант падыдзе чарга да Сілцоў. Газеты праўды не пішуць — стаўка захоўвае непрыемныя для Расіі навіны. Ці ж не адмячаў Рыгор многаразовыя няўвязкі ў разгортванні планавага манеўру абароны? Ці не знянацкам было заняцце немцамі Лодзі, іх раптоўнае з’яўленне пад Асаўцом і ў Сувалкшчыне? Не заўтра, паслязаўтра прарвецца данясенне пра страту Гародні, пра падыход немцаў да Нёмана. Гэта ж усё згон мірнага жыхарства, гэта ж усё новыя тысячы ўцекачоў.

Вось-вось у іх ліку апыніцца яго маці, Сёмка з бацькамі і жонкаю, Зося і дзесяткі яшчэ не згладжаных у памяці сілцоўцаў. У адзін ліхі момант зрушацца яны з месца і, як бяздомнікі, рассыплюцца па заснежаных дарогах. Апусцеюць сілцоўскія вуліцы; парожнімі застануцца будынкі; будзе рэхам аддавацца ў пустых хатах стукат конскіх капытоў, рэдкія стрэлы гармат ды вінтовак. Пасля бесспагадная рука запаліць пук саломы, уваткне ў рагавую хату ў бок ветру і пусціць агнём векавую, працоўную ашчаднасць сілцоўцаў. Голымі комінамі глядзецьмуць абгарэлыя печы, сатруцца лініі вуліц і дзікая крапіва забуяе густымі зараснямі. Вецер завірухі — стане адгалоскам жніўных і вясельных песень сілцоўскае моладзі.

А дзе прыпыняцца тыя, што пакінуць Сілцы? У Пецярбурзе на голым бруку халодных вуліц? Ці пад пякучым пяском Туркестана? Сярод роўнага гасцінца ў запушчаных палетках ці пад скаржэлымі кустамі ядлоўцу?

Ужо месяц з лішнім, як Рыгор без жаднае весткі з Сілцоў. Бадай што маці ў дарозе. «Людзі рыхтуюцца да ўцёку» — то было яшчэ з восені. А зараз, на весну, напэўна, падрыхтаваліся.

Рушылі ці чакаюць?

Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ПЕРШАЯ · 7 min de lecture

ІІ

Сумны, абкураны будынак завода. На чыгунных варотах агромністая завала. За варотамі шаламлівая стукатня.

Ці то страляніна?

Хтосьці пераскаквае высачэзны паркан і паднімае над вуліцай разгорнуты сцяг.

Пяе?

Кліча на падмогу?

Вакол — ні душы.

Але раптам вырастае чалавек. Махае рукамі, і тысячы людзей вышываюцца з куткоў, са шчылінак, з патаемных сховаў — і натоўп. Усё дрыжыць ад яго бурлівага тупату, ад яго зычных песень і гукаў. Чалавек з рабрыны паркана падае ў паднятыя рукі з грамады. Сцяг, як агромністае чырвонае палатно, атуляе тысячы раз’юшаных асоб. Яны хаваюцца ў ім, як у хустачцы штукара, гінуць.

І там, дзе кішэла зямля бурлівым натоўпам,— раптам стройныя, халодныя шэрагі войска. Бліскучыя палосы штыкоў, гузікі, як запаленыя свечкі.

Уміг — вінтоўкі на перавагу і штыкі ў воблаках дыму...

Далей — шэрая павуціна невыразнасці...

Што гэта — дзевятае студзеня ці Першага мая?..

У Рыгоравым пакоі не месціцца хваля бліскучага променя сонца. Залацяцца вокны, партрэткі на сценах, буфет. Алюмініевая спінка ложка палажыла на Рыгоравым твары сярэбраную лінейку. Здаровыя шчокі п’юць жывільнае цяпло, што коўзае па белым моху непрыкметных валаскоў.

За акном несціханае шамаценне ні то надазойлівай кошкі, ні то прыляцеўшай сініцы.

У кватэры ціха. Сарафіна Хлораўна тупае ў баваўняных пантофлях па свежапасланых дарожках.

А як жа з кватэраю? Рыгор спацьме ці хутка прачнецца і пойдзе па справах?

Возьме ды забудзе замкнуць. Хіба ключ палажыць на пліце, на белым полі памытай кафлі — угледзіць. Каля ключа — ліст.

Ды няўжо ж такі ён спіць яшчэ, сапраўды? Ужо ж пайшло на адзінаццатую. Бесклапотны які. Нядбайны. Сварлівы і гнеўны. Няўжо і калі спіць — ён той жа? Ха-ха-ха! Незачэпа, ой, ой, незачэпа! Задзіра.

Сарафіна Хлораўна кідае на крэсла пачышчаны сак, астаўляе пастэрку на круглым століку ў кутку пакоя, а ліст камечыць у руках і на пальчыках падыходзіць да дзвярэй Рыгоравага пакоя.

Мнецца нафуфыраная прычоска, вуха шчыльна прыстае да нагрэтых вушакоў у дзвярах. «Спіць, як пшаніцу прадаўшы! Ха-хі-хэ! Што значыць маладосць і сіла. Глянуць? Пэўна, выпрастаўшыся, як рыцар, мужны і горды?»

Сарафініна рука варушыць руб дзвярэй, і палец украдчыва пралазіць у вузкую шчылінку. Патуга — і каснік залацістага святла слепіць яе правае прышчуранае вока. Яшчэ націск, і Рыгорава постаць выразнымі рысамі прыцягае гаспадынін прагны ўзрок. Задзёр пхае кабеціны ногі за парог, і скрадныя крокі адмяраюць адгон ад дзвярэй да прыстаўленага да ўзгалоўя крэсла...

Праз хвілю нячутнымі рухамі яна адступае назад, апусціўшы з вока сіні канверт ліста і прыліпшы ўзрокам да ружовага, квітучага твару Рыгора.

«Чуе?»

«Які слаўны!»

Сарафіна Хлораўна стуляе нафарбаваныя губы, прытульвае да свае наадэкалоненай рукі і цмокае. Следам крута зрываецца з месца і, забыўшы асцярогу, выбягае з Рыгоравага пакоя.

Дзверы стукаюць аб вушак і будзяць Рыгора.

— Хто там? — запытаў ён, расплюшчыўшы вочы.

Адказу не пачулася — Сарафіна Хлораўна спускалася са сходаў у двор.

Рыгор працягнуў руку да кніжкі на крэсле. Рука абмацала пісьмо.

«Ага, то Сарафіна Хлораўна»...

«Маці?»

Яшчэ збіраецца і, значыць, напэўна, паведамляе сына... Пакутніца.

Машынальна перад Рыгоравымі вачыма паўстаў маленькі кавалачак спісанай паперы.

Сёмкаў характар?

Ён. Маці трывожыцца — вясна нясе страшныя весткі.

Сілцы паступова пусцеюць і яшчэ больш наганяюць спалоху. Сёмка суцяшае Стэпу. Які верны таварыш, што за чулая душа!..

Забілі старшыню Андрэя?

Цікава! Уначы, па дарозе да ўрадніка — двума рэвальвернымі стрэламі. Забойцы схованы сляды!

Хто б то мог гэта зрабіць?

Думаю, што гэта простыя зладзеі з дэзерціраў, якіх за апошні час поўна аколіца...

З перапуду грамніцамі пакінулі Сілцы Хлор Бераг з сям’ёю і Дзямян Квіта — накіравалі на Смаленшчыну. Спешна рыхтуюцца ў дарогу і Прыдатныя.

Васіль Бераг дзень на дзень чакае мабілізацыі.

Але цікавей усяго — да Сідара Пералаза дайшлі дрэнныя чуткі пра Гэлю...

«Ці не чуў пра яе, сынок?»

Сідарыха несуцешна плача, а Сідар мерыцца ехаць у Пецярбург. «Пішы часцей, Рыгорка. Твая маці — Стэпа».

Рыгор адлажыў ліст і хвілін з дзесяць праляжаў ціхутка і непарушна, раздумоўваючы. Пасля раптам падняўся і кінуўся да стала, дзе на відным месцы, разгорнутай, ляжала Гэліна запіска. Няроўныя радкі Гэлінага характару выказвалі роспачныя думкі дзяўчыны.

«Можа, я раблю вялікі праступак перад людзьмі, што жывасілам гублю сваё жыццё. Я адзнаю, што мой намер ідзе востра насупроць вымагання жыцця. Як-ніяк, а я складаю, хоць і незаўважную, а ўсё ж неад’емную часціну людскога калектыву. Ну, іначай зрабіць не магу. Для грамады я бескарысна і непатрэбна, для сябе — вораг. Я — балячка на здаровым целе і мушу стаць адплатаю за сваю няздольнасць захаваць сябе здаровай і годнай на карысную справу. Цяжка і позна разбірацца мне ў тым, хто не адгукнуўся на мае надзеі і праз гэта пасобіў росквіту нявер’я ў дадатнасць майго існавання. Позна і дарэмна. Мне болей не вярнуцца да таго пункта, ад якога я строма пакацілася ўніз. Мне страшна і нявытрымана стала тады, калі я стрэлася з табою. Мая баязлівасць застаўляла табе схлусіць пра камітэт і пра спектакль; тая ж баязлівасць не дазволіла мне адмовіцца ад тваіх турбот адшукаць мне службу. Ды не толькі гэта — не. Я ўжо тады адчувала сваю няздатнасць да творчае працы, сваю лішніцу ў жыцці, якое ашукала мяне. Але, прызнаюся табе, Рыгор, што і тады і зараз вось успамінаю пра Петруся. Я, не думай таго, і няхай ён не думае, спатыкала яго з невядомай мне дзяўчынай, зазірнула ад шчырага сэрца ў яго сарамлівыя вочы — ды не знайшла спагады. Бач, мне непатрэбна было жаднага спачування, я незалежны ад нікога чалавек, ну, і ў яго людскасці не хапіла ні на макава зерня. Я адышлася і сплюнула, але сэрца маё балюча ёкнула. Мне стала цяжэй і безнадзейней. Тады да мяне падышло бліскучае рашэнне — кінуць жыццю ўкорны папрок — ахвяраю сябе. Я не хацела сумнявацца ў правовасці гэтага і баялася, моцна баялася, каб мяне не падсцерагло сумненне... Скора буду ў дарозе. Цвёрдымі крокамі я накіроўваюся да астатняй станцыі... Даруй за ўсё, але не думай, што дарма на гэта іду. Другія шляхі мне загароджаны. Уклон Петрусю і... можа бацькам.— Гэля».

Глыбіня Гэлінай трагедыі — нязмерна. Рыгор яшчэ ясней уявіў гэта менавіта цяпер. Яна не давала яму супакоіцца, не дазваляла апраўдацца. Ён дагадваўся, што чаўпецца ў Гэлінай сям’і; яе ж так моцна любілі і шанавалі, так ганарыліся ёю і раптам...

Рыгор увесь задрыжаў ад злосці, адлажыў Гэлін ліст і безабдумана, нервова хапіўся за адзенне. У яго руках хутка завярцеліся сарочка, камізэлька, жакетка, паліто. І следам стук дзвярэй правёў яго на сходы.

Без намеру і без абдуму ён выйшаў на вуліцу і паскораным крокам пайшоў напрамкам да клінікі Вілліе.

Сустрэў бы хто Рыгора ў гэтым момант і запрапанаваў бы яму што-колечы блазнае, нязбыўнае — ён кінуўся б на яго з засосам, самааддана. Але на адгоне каля двух кіламетраў яго не толькі ніхто не пераняў, а нават не збіў яму дарогі і не даў жаднага намёку на перашкоду яго роўнай, адшнураванай хадзе.

На скрыжаванні трамвайных шляхоў яксьці саматугам, мімавольна кінулася яму ў галаву выпадковая думка паехаць у Народны дом — не на драму, не на оперу, нават не на крыклівае, пустазвоннае кабарэ, а ў тысячную гушчу гуляючай публікі, у яе тлум, гам, бязмэтнае таптанне.

Сеўшы ў вагон трамвая — ён ужо быў непарыўна звязаны сваім планам, які вырас у нешта завабнае ды заспакойваючае. А чым бліжэй да Народнага дома, тым гэты план рабіўся шырэйшым і багацейшым па сваім змесце. Народны дом глядзеў на яго смачнымі піражкамі з кавай, бесклапотным смехам тысяч дзяўчат і хлапцоў, буйнымі шансамі разнастайных выпадкаў, здарэнняў ды нечаканасцей...

Празрыстыя рэкламы пры ўваходзе ў Дом швыдка выпхнулі Рыгора з трамвая і магнетам пацягнулі яго да дзвярэй, якія несціхана, як вяртушка, круціліся перад ім. Рыгор не апамятаўся, як халодная медная ручка, таўшчынёю з цапідла, апякла яго руку халадэчай. Хтосьць, што ішоў заднім, пасобіў швыдчэй адцягнуць на сябе цяжкую фортку дубовых дзвярэй, пасля моцна ціскануў яго і перадтурнікетны натоўп увабраў Рыгора ў сябе.

— Праходзьце хутчэй! — прагукнуў ён наперад.

Яго словы засталіся без адказу. Ды фактычна іх ніхто і не пачуў з-за раптам узнятага крыку.

— У чым справа? — запытаў хтосьці поплеч Рыгора.

— Інваліда павалілі, сто-ой-це-э! — пачуўся адказ, і новы націск адпіхнуў людзей. Але тыя, што іх прыціснулі да дзвярэй, дружным напорам павярнулі людскую хвалю наперад. Пачуўся гучны стук, і Рыгор на паветры пранёсся праз турнікі ў залу.

— Вось дык здорава! — пасмяяўся з яго хтосьці ззаду.

— Так! — абярнуўся ён на хаду да сказаўшага гэта і раптам спыніўся.

— Дык гэта ж вы, Ліба? У гэткай таўханіне, матачкі! — здзівіўся Рыгор.

Даруйце мне, што я дагэтуль не сабралася да вас. Ужо гэтымі днямі — абавязкова...— успомніла Ліба пра ранейшае.

— Пройдзем да буфета, Ліба. Я, прызнацца, яшчэ сёння нашча.

— Нашча? Гэта з якое прычыны?

— Або іх пералічыш?

Яны павярнулі да буфета, паціху і асцярожна рассоўваючы публіку, каб даць магчымасць прайсці раненым.

Трох іх, адзін на мыліцах з дзвюма баўтушкамі — нагамі, другі без рукі, трэці з павязанаю галавою, моўчкі ішлі між ім ды Лібаю. Раненыя пільна паглядалі на Рыгора.

Усеўшыся пры малюпаткім мармуравым століку, Рыгор заказаў піражкоў і па шклянцы кавы. Яго гасціннасць кранула раненых, якія ўперабой пачалі апісваць Рыгору перажытыя імі жахі вайны.

— Хутчэй бы як-колечы на родную Кубань. Прыехала б у госці, сястрыца, ды мо з гэтым добрым чалавекам,— з поўным палу жаданнем, але без веры, праказаў той, хто быў на мыліцах, з вялікімі цяжкасцямі прысеўшы на крэсле.

— А я ўжо сястры прышлю мелітопальскую мядзяніцу... Пахучую, як воск!.. Ха-ха-ха!..

Ліба цёпла ўхмылялася абодвум марнікам і спачуваюча ўздыхнула.

— Так, мы ўсе тут — нудзім па радзіме ды па блізкіх, але...

Ліба не дасказала.

— Толькі ў адных больш шансаў на зварот, а ў другіх іх меней...

— Некаторым не суджана вярнуцца зусім. І не таму, што ім паперашкодзіла вайна, а таму, што... Вы помніце, Ліба, тую дзяўчыну, якой кідалі кветкі на сцэну ў смагінскай пажарнай?

— Як бо не знаць? О, яна выразна адбілася ў маёй памяці...

— Яе ўжо няма.

— Што вы кажаце? Го-ох! — хапілася Ліба за белую касынку на галаве: — як гэта хутка!

Рыгор мігам падняўся з месца і адышоў ад стала.

— Я вас чакаю, Ліба, і прашу! — стараючыся перакрычаць гукі смеху, выкрыкнуў ён праз галовы раненых і ўмомант знік у натоўпе гуляючых.