SommaireСокі цаліны
Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ПЕРШАЯ · 6 min de lecture

ІІІ

Кароценькі рэзвы чалавек зачыніў непрычыненыя дзверы і нездаволена вылаяўся.

— Не навучыць іх да парадку. І што гэта за людзі! Каб чужое, а то свайго не хочуць ушанаваць. Прыказваеш, гаворыш, а яны па-свойму.

Ён адкруціў святло, гаспадарскім озіркам правёў направа і налева па калідоры і прайшоў у канцылярыю.

За шырокім сталом, пастаўленым у рагу нелапога пакоя, сядзела некалькі чалавек. Яны паспелі ўжо добра пракурыць канцылярыю, уклаўшы ў попельніцу каля дзесяці акуркаў. Курава ішло далей, агортваючы дымам дзве трыццацісвячовыя лямпачкі пад столлю.

— Ты што ж гэта познішся, Бронісь? — жартаўліва праказаў адзін з тых, што сядзелі пры стале.— Мы ўжо добрую гадзіну чакаем.

— Прабачце мне, але ж я не па сваёй віне; забягаў у тацянінскі камітэт. Дык халеры гэтага, распарадчыка справамі, не злавіў. Выклікалі на сёмую гадзіну, а прыйшоў — пуста. Якая тлумная ўстанова! Абрыдла ўжо мець з ёю жадныя справы...

Ён круцёлкаю завіўся па канцылярыі, зашморгаў ключамі ў шуфлядах пісьмовага стала, што стаяў наўскасяк пустога, залез у шафу і навыцягваў гару сініх ды зялёных спраў.

— Усё ўрыўкамі даводзіцца вясці работу. Дзевяць гадзін сохнеш на службе, не паспееш павячэраць, як барджэй ляціш сюды. Неяк хочацца, каб што-кольвечы зрабіць, каб дапамагчы людзям. Бяда. Жабрачыя сродкі, а няшчасных — гой, гой.

Кароценькі чалавек у морг вока залажыў пусты стол паперамі, бухгалтарскімі кніжкамі, нейкімі пакункамі і скрынкамі з мастыкай ды пячаткамі і вылецеў з канцылярыі. Услед яму панёсся вясёлы рогат.

— Золата, не чалавек,— праказаў адзін, паказваючы пальцам на дзверы.— Каб не Бронісь, хоць бяры ды зачыняй камітэт. Працуе на сумленне. Увесь час, вось, так і круціцца і бегае.

— Яму б, на добры лад, трэба было вызначыць якіх рублёў дваццатак за турбацыю,— сур’ёзна выказаўся другі.

Першы раптам падняўся з месца і здзівавана пачаў даводзіць, што Бронісь і слухаць не захоча пра ўзнагароду за сваю працу.

— Ну, так жа не можна, мы мусім яго ўгаварыць на гэта. Я сам унясу прапанову.

Кароценькі чалавек, вярнуўшыся ў канцылярыю, перабіў гутарку прысутных.

— Скардзяцца жыльцы на недахоп ежы,— загутарыў ён.— Ну, што ж я зраблю! Колькі хапае магчымасці. Я ж не шкадую. Сапраўды ж яны маюць рацыю скардзіцца, толькі ж мы без моцы пасабіць... Можа, пачнем засядаць? — запытаўся ён і тут жа адказаў: — Нешта многіх няма. Але ўжо позна, а павестка...

— Усёй, безумоўна, нам не вырашыць у адзін засест.

— Важней усяго агародную справу вырашыць, а далей... Дык давайце, мужчыны, пачынаць.

Кароценькі чалавек сеў насупроць чатырох і іншых і пачаў разгортваць план арганізацыі народнае гаспадаркі камітэта. Згодна з яго планам, бежанскі камітэт павінен узяць дваццаць дзесяцін зямлі на скачках і абярнуць яе ў гароды. Апошнія мусяць апрацоўвацца сіламі камітэцкіх утрыманцаў.

План у сваёй аснове выклікаў спачуванне, але зусім нязначныя дробязі яго ажыццяўлення пацягнулі за сабою буру спрэчак. Відаць было, што апошнія нервавалі ініцыятара плана, і той, выйшаўшы са сцерпу, падняўся з месца і злосна прагукаў:

— На гэтай дробязі і то не можам пагадзіцца. Ды дзіва, што мы чаго буйнага не ўмеем зрабіць. Калі ласка, вырашайце самі, а я...

Яго перабіў уваход у канцылярыю незнаёмага вяскоўца, на выгляд бежанца, у кажуху, лапцях ды з кіем у руцэ. Зняўшы шапку ў дзвярах, ён не пасмеў першым выказацца, чуючы голасную гутарку кароценькага чалавека. Калі засядаўшыя, як згаворана, усе разам паглядзелі на ўвайшоўшага, той запытаў іх:

— Скажэце, будзьце ласкавы, ці сярод вас няма часам Рыгора Нязвычнага?

— Не,— адказаў кароценькі чалавек.— А гэта ж чаму вы яго тут шукаеце?

Вясковец памяўся нейкі час, пасля разгорнена сказаў:

— Ды дзе ж, мае мілыя, мне яго шукаць? Пецярбург для мяне горад чужы і невядомы. Куды мне ткнуцца ў гэткім разе? Дзякуй яму, якісьці добры чалавек падказаў на вашу ўстанову.

— А вы ж зачым, дзядзька, прыехалі ў Пецярбург? Бежанец, ці проста па справах?

— Па справах... Ох, ды справы, бач, гарэйшыя нат ад бежанскіх...

У вяскоўца заблішчалі ў ваччу слёзы. Гутарыўшыя з ім бачылі, як ён паднёс да іх лапленую рукавіцу і пачаў выціраць слёзы.

— У чым жа справа, дзядзька? — ласкавейшым голасам запытаў Бронісь і падышоў да вяскоўца.

— Не расказаць, добры чалавек... Цяжка мне, бацьку, ой, як цяжка і горна... Знача Рыгора тут няма?

— Зайдзеце, пачакайце крыху ў суседнім пакоі — мы якраз яго чакаем на пасяджэнне. Магчыма, што і прыйдзе, а не — дык я вам знайду яго адрас... Няшчасце, пэўна, маеце?

Кароценькі чалавек папрасіў засядаўшых хвілінку пачакаць, а сам павёў вяскоўца ў суседнюю каморку.

— І начаваць я не ведацьму дзе, калі запозніцца ён... Хоць бы...

— Нічога, дзядзька, усё ўладзім... Вось бярэце-э крэсла і пасядзеце, а мы зараз...

Якраз пачуўся званок, і кароценькі чалавек кінуўся да дзвярэй.

— Ага-а! Вось дык трапна-а! — прагукаў ён Рыгору, які пераступаў парог.— А мы вас дагэтуль чакалі... Мне так хацелася, каб вы прынялі ўдзел у нашым камітэце, што я... Вы атрымалі, бок, маё паведамленне? Я, паверыце, ехаць меўся па вас, толькі, на яго бяду, тацянінскі камітэт паперашкодзіў... Ой жа, добра, што прыехалі. Нас жа так мала і мы... Праходзьце — распранецеся ў канцылярыі. Прашу...

Кароценькі чалавек з падкрэсленаю гасціннасцю, якая падкупала Рыгора, адчыніў дзверы і прапусціў яго першым. Але Рыгор не паспеў пераступіць у канцылярыю, як кароценькі чалавек яго перапыніў воклічам:

— Ага, бок, убачайце-э... Вось тут чакае вас адзін селянін, во...

Рыгор забыў прывітацца з тымі, што засядалі за сталом, і крута павярнуў з канцылярыі.

У гэты момант ужо бег да яго з суседняе каморкі ўспомнены Бронісем чалавек.

— Рыгор-а! Здароў, браце-э! Не пазнаеш? Сідар Пералаз, Гэлін бацька?!

Рыгор ажно падаўся на крок назад, і нечаканасць стрэчы яго збянтэжыла. Ён здзіўлена азірнуўся на кароценькага чалавека, следам узяў селяніна за руку і нейкі час не ведаў, як быць.

— Прабачайце мне, я ўжо не магу прыняць удзелу ў вашым пасяджэнні,— перапрасіў Рыгор Броніся: — я буду прасіць дазволу з гэтым дзядзькам...

Кароценькі чалавек даў Рыгору дасказаць і з тою ж, ужыўнаю сабе гасціннасцю, прачыніў дзверы ў пакой, куды толькі што памясціў селяніна.

— Шкада, ды што зрабіць... Вы ўжо абмяркоўвайце свае справы, а я пабягу канчаць пасяджэнне,— праказаў ён на хаду.

Кароценькі чалавек схаваўся за дзвярыма канцылярыі.

Рыгор жа з Сідарам апынуліся адзін на адзін, у суседнім пакоі.

Абодва паселі пры маленькім століку і перад тым, як пачаць гутарку, пільна паглядзелі адзін на другога.

Сідара давіў востры бацькаўскі жаль, шурпатая безнадзейнасць, і ён сумна, але з нейкай няўпэўненасцю глядзеў у Рыгораў свежы настужаны да чырвані твар.

Рыгор адчуваў яго настрой і ўжо меў сабе поўнае ўяўленне пра тыя сцэны бацькаўскае мукі па згінуўшай дачцэ, якія перапаўнялі не вельмі мяккае сэрца Сідара.

«Трэба суцешыць старога ды ці выйдзе што з гэтага? »

— Справы, Рыгорка,— з націскам горкасці пачаў Сідар.— Прыехаў на вяселле да дачкі... Людзі маюць пацеху, а мы... Ласне можна было?.. Рыгорка, маё сэрца чула, дык... Паверыш, не меў сілы ўтрымаць... А, бач, ці ж дрэнна было ёй дома?.. У гэткіх бацькоў, як мы... Але надало, надало... Некая ліхая сіла пхнула ды пхнула... Я адно, а яна другое... Упарта-а-я-а! І на табе-э... Клубком-ом, калясом па свеце-э... Дачушка-а, мілая!.. Гады ў рады пісямко, а бацькаўскае сэрца — каве-эліцца на часткі... Смагін, Ваўкавыск, Вільня... І той жаданы, той завабны... Пецярбург... Эх-эх-хэ!.. Гэля-а... Гэлечка-а!.. Бацька твой у госці-ы прыехаў... Чаму ж не прыйшла ты на вакзал?.. Такіта ж я кінуў і матку і хату... Можа, ужо за мною едзе-а маці з Кандратам, як бежанка... А ты... Рыгорка-а, ну, дзе ж, ну дзе ж мне яе пабачыць? Ну, можа ж, магіла ёсць? Ці ўжо нат і гэтага... Гэля, Гэля-а, Гэле-ач-ка-а!!.

Рыгор падняўся з месца і прайшоўся па каморцы.

Што ён мог сказаць? Чым ён мог спыніць Сідараву роспач?

— Так, дзядзька... Я і сам дагэтуль не магу супакоіцца — гэтак мяне ўразіла вестка пра Гэлін учынак... Успомню, і, ведаеце... але што ж парадзіш цяпер, што!..

Сідар бязмоўна разводзіў рукамі і безнадзейна глядзеў на Рыгора.

— Парадзь хоць бы, як мне на магілу наведаць.

Рыгор маўчаў, абдумоўваючы тыя рады, якія б можна было даць асірацеўшаму бацьку, але якія мала што дапамаглі б яго гору.

Правесці яго на Гэліну быўшую кватэру, на вочы тае праціўнае ведзьмы? Атруціць бацькавы ўспаміны паветрам заклятага вяртэпа? Кінуцца на пошукі Гэлінай магілы? Участкі, бальніцы, анатамічныя тэатры? Ці выйдзе што з гэтага?

— Дзядзька Сідар, паверыце, гэта ўжо не ў нашай сіле, што-колечы зрабіць...

— Хоць бы магілу, хоць бы месца тое ўгледзець...

Зацяжныя ўсхліпы старога Сідара перарвалі пасяджэнне бежанскага камітэта; яны пякучаю жальбою насіліся па пакоі, б’ючыся ў гладкія, нячулыя сцены, хвалюючы спагаду ў грудзях тых шасці чалавек, што стаялі перад ім.

— Гэля, дачушка-а, прыйдзі ж пабачыцца-а з бацькам...

— Вы яго суцешце і няхай ён адпачне праз ноч... Чым жа болей яму памагчы? — развёўшы рукамі, спачуваюча выказаў Бронісь.

Іншыя чацвёра, хто кіўнуўшы галавою, хто махнуўшы рукою, у адзін голас парашылі:

— Плач не плач, дзядзька, а дачкі не вернеш.

Рыгор развітаўся з Сідарам і пакінуў яго аднаго...

Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ПЕРШАЯ · 6 min de lecture

IV

— Ха-ха-ха! Можа, затрымалі? Глядзі на гадзіннік, Анікей!

Якаў Гіс страсянуў галавою, і пук яго чорных, хвальністых кос скатам апусціўся назад. Ён прыціснуў іх рукамі і прывычна капыльнуў доўгім роўным носам. Ангельскія вусікі яго апісалі нешта накшталт знака параграфа.

— Ці дачакаемся, глядзі?

— Цікава тое, што ён не працаваў после абеду,— паведаміў Анікей.

— Заняты нечым.

Якаў Гіс паглядзеў у люстэрка, яшчэ раз паправіў косы на галаве і хапіў са стала газету.

— Шукаеш у газеце? — пажартаваў Анікей.

— Чаго добрага, магчыма, і натраплю,— адказаў уверана Якаў Гіс.

— Клапатлівы — не ў меру. Напэўна, недзе некаму пасабляе, або...

— Другі доктар Гааз...

Абодва ўголас рассмяяліся.

— Ну, пры чым жа мы?

Якаў Гіс сарваўся з месца і прашнураваў па пакоі.

— Магчыма...— выказаў ён і настаражыўся.

— Ідзе?

Анікей прачыніў дзверы.

Да іх данеслася гутарка паміж Рыгорам і гаспадыняй.

— Нарэшце!

Рыгор невыразным узрокам спыніўся на Якаве Гісе.

— Дзівішся, што без запросін ачуўся ў тваёй абіцелі? — пераняў той.

— ...Я маю да цябе інтарэс. Інтарэс, да гэтага, пільны, а між тым, ужо каля гадзіны мы цябе чакаем. Нязваныя госці і нядбайны гаспадар...

Рыгор паспешна распрануўся і падышоў да сценкі, у якой выдзяляўся рог печы.

— Так,— пасля хвіліннае маўчанкі вымавіў ён.— Інтарэсы... Ужо гэткі інтарэс, які я меў толькі што, не пажаданы для нікога...

Ён апусціў галаву.

— У чым справа? — здзіўлена паглядзелі на яго таварышы.

— Справа?

Рыгор падышоў да стала, узяў Гэліна пісьмо і прачытаў з яго апошніх некалькі сказаў.

— Зямлячка. Дзяўчына, з якою ў мяне звязана многа агульных перажыванняў. Загінула, як аднадзённы матылёк. А зараз вось з’явіўся бацька; плача, надрываецца; пакажы яму магілу. Бедны — ён не ведае, што самагубца папала ўва універсітэцкую анатомку і там... на грудах людскіх цел у лядоўні чакае доктарскага скальпеля... Ці ж раскажаш старому? Ён хадзіў з паўдня па ўчастках, дапытваў і вось... змардаваным прыйшоў у бежанскі камітэт, а я дамоў. «Што я скажу яе мацеры? » — пытае.

— Так, што стары скажа сваёй жонцы пра загубленую дачку?

Усе ўтраіх, мэрам бы згаворана, спыніліся ў гутарцы, прыпёртыя шчыльна да зададзенага Рыгорам пытання: што стары скажа сваёй жонцы пра загубленую дачку?

— Аднак, таварышы,— перабіў Якаў Гіс: — «Мёртвый в гробе мирно спи жизнью пользуйся живущий». Мы не сышліся на памінкі, хоць і блізкага Рыгору чалавека.

— Сапраўды,— падмацаваў Анікей.— Перад намі Першае мая і звязаныя з ім заданні.

— Вы прынеслі іх развязанне?

— Мы прыйшлі, каб абгаварыць гэта.

— Я вельмі здаволены.

Яны чынна ўселіся каля стала, як сваякі, і прыняліся за абгавор святкавання Першага мая. Рыгор хутка забыў пра мінорны настрой, справодзіўшы яго праз увесь дзень, і горача аддаўся абароне дэманстрацыйнага выступлення ў дзень рабочага свята. Ён не браў у разлік некаторых ахалоджваючых разважанняў Якава Гіса і не згаджаўся з Анікеевай арыентацыяй на іншыя мерапрыемствы.

— Дык што ж, нарэшце, па-вашаму павінна быць? — нецярпліва пытаў ён.

— Я думаю, што ваш завод знойдзе выйсце для гэтага...— невыразнаю формулаю адказаў Якаў Гіс.

— Ты заўсёды калываешся між двух крэсел, Якаў. Я прыпамінаю Рыгу, і мне яскрава відаць твая нерашучасць...

— Усё ж мы мусім улічаць розныя вынікі, якія магчымуць атрымацца ад таго ці іншага накіравання нашай тактыкі,— казаў Анікей.

— Цябе палохае студзеньская ізаляванасць?

— Да чаго гэтыя папрокі. Я ніколі не аставаўся ззаду і зараз...

— Дык пашто непатрэбныя развагі?

Якаў Гіс пачуў сябе на нейкі час выпхнутым з каляіны, па якой пайшла спрэчка паміж Рыгорам і Анікеем.

— Я думаю, што кожны з нас за плённейшыя вынікі святкавання,— унёс ён саламонаўскае рашэнне для прадстаячых і абгаворваных пытанняў.

Ні Анікей, ні Якаў не далі на гэта ніякага адказу.

Аднак у далейшых абгаворах усе трое сышліся на тым, каб увязаць форму выступлення з выяўленым на заводах перадсвятным настроем рабочых. Гэткае рашэнне, разам з тым, астудзіла выбухнуўшую навостранасць у іх гутарках. Якаў Гіс завёў мелодыю варшавянкі, а Рыгор дбайліва збегаў да гаспадыні і папрасіў у яе нагрэць гарбаты.

Паступова Рыгораў пакой напоўніўся ціхім харавым пяяннем рэвалюцыйных спеваў. Стаўшы ў колка, усе трое з рашучымі махамі рук, з рытмічным патоптваннем ног, поўныя натхнення, злівалі сваю ваяцкую рашучасць у моцных словах прызыўнае песні. Уласцівая ёй сіла ўздыму і захаплення неўпрыкмет падвышала настрой спевакоў, раздавала іх грудзі і гучніла галасы. Ужо калыханне паветра пачало біцца ў шыбы акна і прасочвацца ў шчыліну непрачыненых дзвярэй, калі моцны голас Сарафіны Хлораўны варваўся ў пакой і абарваў пяянне.

— Што вы, Рыгор Міхасевіч, што вы? Пад вокнамі тупаюць гарадавікі, а вы маніфестацыю развялі. Я не магу вам гэтага дазволіць, я не мушу праз вас рызыкаваць сваім спакоем, Рыгор Міхасевіч...

Расчырвоненая ні то ад злосці, ні то з перапуду гаспадыня ўбегла ў пакой, хутка паставіла на стале гарбатнік і моўчкі выбегла з пакоя.

Якаў Гіс правёў яе квапнай капіроўкай нервовае хады і зачыніў дзверы.

Але не паспелі яны падысці да стала, як гаспадынін голас ізноў адцягнуў на сябе іхнюю ўвагу.

Рыгор выбег з пакоя і ўголас прагукаў:

— Пя-атрусь, браток, хіба ж ты?.. Заходзьце... Рыма... Знаёмцеся...

Пяцёра чалавек рабілі Рыгораў пакой цесным і поўным. Забітых у сцену цвікоў не хапала для адзежы, стол сваім памерам не даваў месца для пяці крэсел, каб і былі яны ў пакоі. Але задаволенасць гасцей, выразна адзначаная на Рыгоравым развяселеным твары, раздавала сцены пакоя, робячы яго светлым.

— Дзе цесна, там пацешна,— увіхаючыся з трыма крэсламі, са сталом і адзежаю, некалькі раз пераказаў Рыгор.— А хоць бы жанчыне даць дарогу.

— Не турбуйцеся за мяне.

— Як жа, вы сярод нас адна.

— Ды тая лішняя... Я думала...

— Позна думаць,— пераняў яе Пятрусь.

— Давайце лепш гутарыць, чымся думаць,— пажартаваў Якаў Гіс.

Ён пільна ўглядаўся на Рыму. Прадстаўнічы ростам, з чорнымі вострымі вачыма з-пад рэшата чарнільных кос, ён улічваў уражанне, наданае сабою дзяўчыне і лавіў яе ўкрадчывыя ўзрокі.

— Хто не за гэта. Ха-ха-ха! — рэзва адказала Рыма і першай уселася пры стале. Хлопцы яе пакінулі п’ючы гарбату і сабралі сваю ўвагу вакол Петруся, які ў гэты момант пісаў Рыгору свой маскоўскі адрас.

— Я маю добрае месца, нечага сказаць,— аддаючы таварышу візітку, казаў Пятрусь.— Служба спакойная, і заработак не дрэнны. У кожны момант знайду магчымасць дапамагчы... любому з вас...

— А з усім тым, што датыркала фармальнасцей знадворнага характару, ты паспеў ужо ўладзіць?

— Ха-ха-ха! Мая прысутнасць у цябе засведчвае тое. Пятрусь Кандратаў Папяровіч, дазвольце-э...

Пятрусь не дасказаў, палічыўшы сваю развязнасць залішняй.

Рыгор паглядзеў пазменна на Анікея ды на Якава Гіса і звярнуўся да ўсіх:

— Ну, Рыма, выгадала лепей нас усіх... Хоць па чарзе выпеце гарбаты...

— Выйграла, бо пакуль вы сабраліся піць, я выкарыстала гарачую гарбату...

Яна не дасказала, накіраваўшы сваю ўвагу на разгорнуты лісток паперы, які хутка прынялася чытаць.

Рыгор скеміў, што Рыма трапіла на Гэлін ліст і прагна сачыў за выразам яе твару. Перакідаючыся сказамі з таварышамі, ён з хвіліны на хвіліну чакаў яе запытання. Несвядомасць апошняга застаўляла Рыгора знаходзіць шэраг лаканічных адказаў.

— Вы наводзіце сум сваім зацяглым чытаннем, таварыш,— кончыўшы з гарбатаю, закінуў Рыме Якаў Гіс.

Тая не адказала.

— Ваша таварышка не ў гуморы,— паслаў ён рэпліку да Петруся.

— Рыма, то пра цябе гутарка,— палажыўшы на яе плечы руку, на вуха сказаў Пятрусь.

— А пра цябе во, пісанне, маеш?

Рыма раптам паднялася з крэсла і, не адвяртаючыся ад Петруся, падала яму чытаную паперку.

— Маеш уклон...

Рыгор настарожана глядзеў на Рыму, чакаючы моманту падысці да яе і разагнаць абдаўшы яе настрой.

Анікей утароплена глядзеў праз акно на мігаўшы воддалі ліхтар.

Якаў Гіс разглядаў залаты надпіс фірмы на цыгарцы, раз-поразу падносячы яе да губ.

— У чым справа?

— Справа ў Гэлі, нябось, памятаеш?

Дзяўчына нервова стала перабіраць складзеную на ложку адзежу.

— Рыма, я прашу вас...

Рыгор пераняў яе ад ложка і, паказваючы на крэсла, папрасіў:

— Яшчэ не позна, куды вам спяшацца. Гэта ж не далёка...

— Што сталася з Гэляю? — перабіў Пятрусь.— Яна скончыла самагубствам?! Рыгор?!

Анікей моўчкі адзеўся і павярнуўся да дзвярэй. Якаў Гіс знімаў са сцяны паліто.

У гэты момант гучнае прывітанне, праказанае ў дзвярах, адцягнула на сябе агульную ўвагу.

У пакоі стаяў Сідар Пералаз.