V
— Ты да мяне?
Рыгор спыніўся ў варотцах брамы і пільна паглядзеў на Петруся.
— Так, хацеў...— праказаў той і павярнуўся да вуліцы.
Рыгор выйшаў з двара следам за таварышам.
— Хіба правяду цябе да завода?
— Нічога не маю... Я бы не пайшоў у завод, каб не перад святам, а то...
— Не, не, дзе ты бачыў! Ці ж варта з-за мяне траціць дзень — ніколі. Калі б на тое пайшло, мне ўжо шмат выгадней на лішні дзень застацца... Не варта, ідзем.
— Дык ты надумаў ехаць? — запытаў на хаду Рыгор.
— А трэба... Разумееш, мяне хвалюе Рыма. І надало ж табе не схаваць Гэлінага ліста...
— Яна цудная нейкая. Мне не хацелася табе казаць, а калі да слова прыйшло... Цяжкая...
— Ды мне што. Яна думае, што на ёй усе дарогі сходзяцца! Падумаеш.
— Зразумела...
— Намякнуў на пераезд у Маскву, дык закапыліла нос...
— Твая прыватная справа, браток... Мне, ведаеш, трудна што-кольвечы парадзіць... Каб на мяне, то я бы ўжо даўно махнуў рукою. А ты — думай...
— Скажу па праўдзе, Рыгор, і хочацца і колецца. Натуру маю паганскую. Вось убілася ў галаву і ніяк не змірыцца з думкаю, што... Люблю, прызнацца...
— Тады набок сумненні... Дзейнічай...
— Так, пайду ізноў. І пастаўлю пытанне катэгарычна: альбо, альбо...
Пятрусь затрымаўся.
— Бывай, Рыгор... Адрас маеш?
— Маю.
— У любую хвіліну адчынены дзверы.
— Дзякую.
Яны зрабілі па некалькі крокаў адзін ад другога. Пасля, як па змове, кожны з іх азірнуўся назад, сустрэўшыся яшчэ раз сяброўскімі ўзрокамі. Рыгор адчуў, як пачуццё суму зашавялілася ў яго нутру.
Колькі разоў яму даводзілася сустракацца і развітвацца з Петрусём! Ці хутка выпадзе чарговая стрэча!
Яму ўхмыльнуліся апошнія словы таварыша: у любую хвіліну адчынены дзверы. Таксама і ў Рыгора, што да Петруся. У любую хвіліну...
Ён яшчэ раз азірнуўся назад, прамераўшы вострым узрокам даўжыню Выбаргскае шашы, але Петруся ўжо не ўгледзеў. Чорныя фігуры людзей і ўдоўж і ўпоперак перарэзвалі каменны насціл вуліцы, спяшаючы на працу. Яго наганялі і пераганялі дзесяткі рабочых. Знаёмыя віталіся, знаямейшыя закідалі адным-другім словам.
Пры самым выхадзе ў завод прымха звяла яго тварам да твару з надаеўшым яму вайсковым наглядальнікам. Акінуўшы Рыгора начальнічым узрокам, ён саступіў яму дарогу і прапусціў праз дзверы першым.
Было ясна, што азначала гэта далікатнасць палкоўніка. Ад яе нясло шпегаўскаю манераю, якая пазней выказалася ў яго паводзінах.
Апынуўшыся ў такарнай завода, ён пільна сачыў за кожным повертам як Рыгора, гэтак і іншых рабочых. Непрыкметная раней, на гэты раз у руках палкоўніка віднелася запісная кніжка. Раз у раз ён прыпыняўся ў прагалку між варштатаў і нешта пільна занатоўваў. Часцей, як дагэтуль, між ім і майстрам адбывалася адрыўная гутарка, якая справодзілася на кароткі час знікненнем палкоўніка з абшараў такарнае майстэрні.
Рыгор не мінуў падказаць на гэта Анікею. Той жа, у сваю чаргу, дапомніў суседу. Хутка вялікая колькасць рабочых праводзіла вайскоўца падозранымі ўзрокамі.
К вечару яго надазойлівае тупанне пачало нерваваць рабочых. Перш цішэй, а што далей — то смялей яны пасылалі яму ўслед жарты, смяшкі і посвіст. Сам сабою складаўся ў гонар палкоўніка дэманстрацыйны кашачы канцэрт. Гэта астудзіла палкоўнічую зухаватасць, і ён раптам знік з майстэрні на болей доўгі тэрмін.
Аднак праназаваты ваяка не прапусціў з’явіцца ў такарню ў той самы момант, калі рабочыя прыпынялі варштаты. Ён з украдкаю шпега пазіраў у змрок майстэрні з-пад канторкі майстра і выразна бачыў, як рабочыя ў гуртках абгаварвалі майскае свята. Палкоўнік цікавіўся ўвішнасцю Рыгора, які заўзята ўгаварваў таварышаў на забастоўку. Рашучыя размахі яго рук, звонкасць яго свежага голасу прыцягалі палкоўнікаву ўвагу. Палкоўнік дрыжаў ад злосці і націснуў гузік электрычнага званка, які вёў у занятую пераадзетымі паліцэйскімі кантору завода. І толькі рабочыя сталі пакідаць майстэрню, як палкоўнік сярод першых выйшаў з завода і з ганка канторы праводзіў зажмуранымі вачыма выбегшых з засады паліцэйскіх. Але тысячны натоўп рабочых паглынуў іх у сваёй злітнай, з’яднанай адзінымі жаданнямі, воляй ды настроем рабочаю гушчаю. Быў бы непрытомным той, хто б не разумеў усяе мізэрнасці абранага метаду змагання з рабочымі. Апусціў галаву і палкоўнік, калі бурлівая паводка іх бесперашкодна лінула з адчыненае брамы на вуліцу.
Рыгор выходзіў у задніх радах і не прапусціў наглядаць за разувераным палкоўнікам.
Першае мая пераможна лунала над высокімі закуранымі гмахамі завода. Яго павей гайдаў рабочым настроем.
У вошта выльецца гэты настрой заўтрашнім днём?
— Во, глядзі, Рыгор! — супыніў Рыгора Анікей, паказваючы яму на свежапрылепленую на паркане абвестку губернатара.
Каля абвесткі грамадзілася многа рабочых, якія разнастайнымі рэплікамі адказвалі на застрашванне іх начальствам. У натоўпе паднімаўся рогат і выгукі.
— Начальства нас не забывае!
— У яго напагатове ўсё!
— І першым дзелам — абвесткі!
— Машына верціцца!
— Кантора піша!
— Вайна на два фронты!
— Ды наш-та фронт небяспечней Заходняга!
— Гэта разумеюць, каму след...
Рыгора хутка адціснулі ўбок, і ён згубіў Анікея, не паспеўшы згаварыцца пра заўтрашняе спатканне.
Адышоўшы на другі бок вуліцы, ён перш намерыўся яго пачакаць, адале перадумаў і пайшоў на кватэру.
Пры павароце з Выбаргскае шашы паміж яго галопам пранёсся атрад казакаў.
Загудзеўшыя сірэны паднялі Рыгора з ложка. Ён мігам ачуўся каля акна і змерыў узрокам разлёгшую перад ім карціну. Па стрэхах будынкаў, па зелянеючых дрэвах, у паветры і на небе разлівалася ранішняе праменне сонца. Расшпіленая сарочка агаляла Рыгоравы грудзі, а вочы міргалі ад яркага бляску.
Ён прачыніў акно і прасунуўся ў яго па пояс, каб паглядзець у бок фабрычнага раёна. Якаясьці прыбудоўка, толькі зараз заўважаная ім, не дазваляла выбіцца яго ўзрокам за межы двара. Але відаць было па каламутнасці неба, што фабрычныя коміны па-звычайнаму сапуць густымі камякамі дыму. І частая тупатня крокаў па дашчатых тратуарах сведчыла за тое, што людзі спяшаць на працу...
А вось пралапатаў цягнік фінляндскае чыгункі...
Няхай!
Рыгор зачыніў акно і вярнуўся на ложак.
Ваабражаючы перад сабою моцную варожую сілу, ён наперакор яе націску, дэманстрацыйна заплюшчыў вочы.
Першае мая — рабочае свята!
Далоў усякія думкі аб працы! Ён не шавяльне пальцамі, каб знарушыць чыстасць майскага свята!
Што будзе далей — пляваць; пра гэта знойдзецца часу падумаць.
А Першым маем...
Нават Сарафіна Хлораўна прытаілася дзесьці і жадным шорпатам не зварушвае майскае ўрачыстасці...
Першае мая — рабочае свята!
У цесным вобдыме варожай сілы, яно бліскае красою дыямэнта. Яго чырвоная здань прысутнічае навакол і ўсюды. І няма тае сілы, якая б магла змагацца з пераможным наступам яго хвалюючых ідэй.
Гукі сірэн — інакшыя ад звычайных. У іх меней прымусовай, угоннай да працы сілы, а болей урачыстасці, гучных напеваў вызвалення.
Ці не клічуць яны Рыгора да вулічных боек?
Пэўна таму і не спіцца, што майскі настрой разварушыў яго бадзёрасць. Калі святкаваць — дык на вуліцы перад усімі, з дэманстрацыйнай адзнакаю свята. Хто яго бачыцьме, схованым у пакоі? А мо ён адзін адстаў ад тых, хто злучыўся ў баявую грамадку і пры чырвоным сцягу з песнямі велічае Першае мая?
Загнаныя, заклапочаныя, нясмелыя і карысныя — няхай глядзяць на адвагу мужных і задумоўваюцца над значаннем Першага мая!
Рыгор спрытным, адрэзаным рухам пакінуў ложак і з напевам марсельезы пачаў збірацца на вуліцу.
Сарафіна Хлораўна не паспела заперці дзвярэй, вярнуўшыся з рынку, як Рыгор прывітаў яе з Першым мая.
— Калі вы, Рыгор Міхасевіч, мелі час адзецца? — здзіўлена і зусім сур’ёзна запытала яго гаспадыня.— Я толькі што, не болей чвэрткі гадзіны, пакінула вас спаўшы, а гэта...
— Што нашаму брату значыць сабрацца — пяць хвілін,— пажартаваў Рыгор.
— Але... ну, няхай бы гарбаты выпілі? — запрапанавала Сарафіна Хлораўна.
— Дзякую шчыра.
Гаспадыня пераступіла Рыгору дарогу і надзвычай ласкава паглядзела яму ў твар. Яе лісціў Рыгораў бадзёры і рэзвы настрой, а абдаўшая яго натхнёнасць — чаравала.
— Я папрашу вас, Сарафіна Хлораўна, пра адно... Калі што-кольвечы... Ну, разумееце... Як толькі здарыцца якая прыгода, прыглядзеце за маім пакоем...
— О... Рыгор Міхасевіч...
Гаспадыня аберуч хапілася за галаву, і ў яе вачах забегаў спалох. Мэрам бы над маладзіцаю абрынулася столь і знячэўку прыдавіла яе сваім цяжарам.
— Рыгор Міхасевіч... Няўжо вы не шануеце сябе і свае маці? Гэта ж... Я перапрашаю вас... Куды вам лезці аднаму супроць аружнае сілы? Не дайце прычэпкі разрадзіць вінтоўкі... Паездзяць — паездзяць і... Рыгор Міхасевіч! Мая вам прыяцельская парада... Я... Вось зараз закіпіць вада і хоць шклянку...
Рыгор не мяняў настрою — яго твар абмываўся тою ж рэзваю ўхмылкаю. Гэта ўплыло на гаспадыню; яна перамяніла трывожны тон на болей спакойны і ўжо не ўпрошвала яго астацца на гарбату, а толькі радзіла яму быць асцярожлівым.
— У мяне, як у Хрыста за пазухай, Рыгор Міхасевіч! — уверыла яна Рыгора, калі той пераступіў парог на сходы.
VI
Над Выбаргскай стараною насіліся хмары дыму. Яны куравілі зялёныя лісця рэдкіх дзярэўцаў, вокны будынкаў, празрыстае паветра. Дробныя крупінкі сажы садзіліся на людскіх тварах, залазілі ў нос. З цесных, абгароджаных высокімі парканамі, фабрычных двароў разляталіся ва ўсе бакі гучныя стукі малатоў, бразг жалеза, прыдушанае гудзенне станкоў. Хвалі сіняе вады ў Вялікай Неўцы аднастайным плюхаценнем адгукваліся на працэсы непарушанай працы.
Ажыўленне на Сампсоніеўскім праспекце і на ператочных яму вуліцах мала рознілася ад звычайнага. Зрэдку, парушаючы штодзённы парадак, то там, то сям на рагах вуліц стаялі грамадкі рабочых, дапамінаючы ні то абедзенны перапынак, ні то невялічкую забастоўку. Болей усяго дапаміналі пра выдатнасць Першага мая ўзмоцненыя варты гарадавікоў ды казачыя атрады, паважна, але зрэдку праязджаўшыя ўсцяж праспекта.
Тым не меней, подых майскага свята адчуваўся многімі, хто б ні ішоў ці ні ехаў праспектам або вуліцамі Выбаргскае стараны. Сотні вачэй недаверліва ці з захованай надзеяй прабівалі ўзрокамі мурзатыя вокны фабрычных карпусоў. Настарожаныя вушы прагна лавілі кожны стук, які чуўся за парканамі і ў сценах майстэрань. Грамадкі рабочых на рагах вуліц аднаўлялі ў памяці нядаўнія, знаёмыя падзеі. Кожную хвіліну могуць паадчыняцца жалезныя брамы заводаў і фабрык і тысячныя грамады чорных закураных людзей запоўняць шырокі Сампсоніеўскі. Мігам стане паравік. Дзе дзенуцца рамізнікі. Расчысцяцца ад пешаходаў тратуары, і пад малочным небам залунаюць гучныя мелодыі паўстання. Нельга верыць вачавідкаму спакою. Дарма з усіх фабрычных комінаў непарыўнымі пасмамі пыхае дым, сведчачы за поўную чыннасць заводаў!
У хмурых вокнах рабочых кватэр прытаілася неўміручая помста прыгнечаных. На кожным твары іх жыхароў, жанок і дзяцей выглядае яскравая прага вызвалення. Горда пануе над усім вакольным знатны будынак Ломанскага завулка. Яшчэ не залеплены глыбокія дзіркі ад казачых стрэлаў.
Глядзіш і яго зноў засуцэліць жалезнае кола вінтовак. Можа, у абед, ці ад вечара, ці ў іншы час — стукі молатаў абернуцца ў стрэлы.
Ці не таму наглядаецца якаясьці паспешнасць руху як у хадзе пешаходаў, гэтак і ў яздзе рамізнікаў ды ў прабегу паравіка?
Першае мая прасякла зацвілы слой палітычнае будзёншчыны і кратае застыўшае, але не памёршае пачуццё свабоды. Больш як каму, выразней гэта для Рыгора. Ён у ліку тых, што аддаюць належнае вялікаму святу працы. А праз год, а далей?
Ён будзе сведкаю паступовага ўздыму працоўных да ўрачыстага ўшанавання Першага мая.
Дачакаецца, калі празрыстасць неба над Выбаргскай стараною засведчыць поўную бяздзейнасць у гэты дзень кожнага завода, варштата ды молата.
Гэта іціме ад пачатку ў 1915 годзе, калі...
Ага!
Рыгор абяцаў гэтым днём правясці на вакзал Сідара Пералаза. Той прасіў наведаць бежанскі камітэт а дванаццатай гадзіне, каб разам купіць яму білет.
Але на гадзінніку — першая.
Напэўна Сідар не дачакаўся? А калі яшчэ і не пакінуў камітэта, то пакуль Рыгор даедзе, можа пакінуць.
«Лепей проста на вакзал»,— рашыў Рыгор і сеў на трамвай нумар восьмы.
Чамусьці надзвычай хутка прамільгнулі ў яго ваччу дзесяткі вуліц, мастоў, пляцоў і спынак, і ён не агледзеўся, як шкляная сцяна знаёмага будынка спыніла яго ўзрокі.
Натоўпы людзей, шнурком накіроўваючы на рог будынка, спяшылі на цягнік. Ці знойдзе ён у гэтым натоўпе Сідара? А можа, той яго пільнуе пры ўваходзе?
Разглядаючы ў бакі, Рыгор прайшоў у вакзал і стаў шукаць старога.
Шэрыя шынелі салдат скрадалі асаблівасць Сідаравага ўбрання.
Рыгор увішна абышоў залы, паглядзеў пры касах і накіраваў да перона — Сідар, напэўна, прайшоў у вагон.
— Паштовы на Вільню?..— абярнуўся ён да правяральшчыка білетаў.
— Праз паўгадзіны ад...
— Рыгор! — заглушыў словы правяральшчыка Сідар, зазіраючы Рыгору ў вочы.— А я ўжо думаў, што ты не захочаш...
Надарваны і ахрыпшы голас Сідара Пералаза не даў яму даказаць.
— Што вы, дзядзька... ласне можна так думаць! Я ўжо колькі часу, як вас шукаю.
— А-яй, колькі людзей — я ледзьве даціснуўся да білета. Узяў — і сяджу ды чакаю, калі пачнуць пускаць... Хоць бы не адстаць ад цягніка. Вось як напруць, а ў мяне няма прывычкі штурхацца і — глядзіш — лаві вачыма. Астануся, тады... Хто ведае, якаво там у дому. Можа, дамашнія даўно ўжо ў дарозе, а я дарма ўзяў білет да Ліцка... Ох!.. Зрабіў такую дарогу і... Дачушка-а мая, як ты моцна пакрыўдзіла сваіх бацькоў!..
І голас Сідара і ўражанне ад яго нутранога надлому, балюча нерваваўшыя Рыгора, перабіў зычны званок швейцара.
— Другі-ы зва-а-но-ок на Пскоў, Вільню, Гр!..
Вачавідкі перад правяральшчыкам білета стала расці грамада людзей.
Сідар Пералаз крута павярнуў ад Рыгора, каб не быць адціснутым з праходу на перон. Ды толькі ён намерыўся залезці ў чаргу, як чыясьці здаровая рука яго адапхнула ўбок.
— Я тут неадходна вартую, а вы нахабна пхаецеся,— пакрыўджана выказаў Сідар да пхаўшага.
Той не звярнуў на Сідара жаднае ўвагі і шчыльна затуліў меўшыся між ім і папярэднім яму чалавекам прагалак.
Тады Сідар ізноў накіраваўся да яго, ну тая ж рука перагарадзіла яму дарогу.
Рыгор убачыў гэта і рашуча падышоў да здаравеннага нахабнага выгляду чалавека.
— Гэты чалавек мае права стаць наперадзе вас,— настойна праказаў ён і абярнуўся да Сідара.
— Станавіся, дзядзька, вось тут.
У адно мірганне вока Сідар ачуўся крокаў на два ўбаку, затое і таўхануўшы яго ад спрытнага адказнага штуршка Рыгора быў выбіты з чаргі і хутка зацёрты падышоўшымі пасажырамі. Яго зычная лаянка, накіраваная па адрасе Рыгора, незаўважанай патанула ў дружным смеху некалькіх салдат.
— Так, яму, нахалу,— адобрыў Рыгора адзін з іх.
Сідар Пералаз, стаўшы пры Рыгору, здзіўлена паціскаў плячыма і трусліва азіраўся назад.
— Што за людзі, а-я-ай!..
Калі чарга заварушылася, ён барджэй працягнуў Рыгору руку і скарамоўна пачаў закідаць яго пытаннямі ды падзякай.
— Можа, паведаміць мацеры, што ты... Ці няхай яна ў выпадку чаго накіроўвае да цябе... Пэўна, ты не думаеш адгэтуль нікуды ехаць... Бадай хутка жаніцімешся... Даруй, Рыгорка, за турботы. Я пастараюся ўжо аддзякаваць... Што ж парадзіш, родны... Будзь здароў, усяго табе найлепшага... Можа, часамі Гэліну магілу...
Стары памкнуўся яшчэ раз злавіць Рыгораву руку для развітальнага поціску, ды правяральшчык білетаў сур’ёзна праказаў яму над вухам:
— Не затрымлівай, стары. Варочайся...
У хвіліну Сідар Пералаз ачуўся на пероне. Намерыўшыся сысці ўбок і азірнуцца на Рыгора, ён наткнуўся знячэўку на пераганяўшага другіх пасажыра; той ліхамысна паглядзеў на яго і вылаяўся.
Тым часам напоўніўшыя перон новыя пасажыры вымусілі яго павярнуцца ў бок да цягніка.
Рыгор бачыў, як белы клунак Сідара Пералаза замільгаў між бягучых людзей і знік у іх мігатні.
— Бедны стары, з чым ён вернецца дамоў! — падумаў пра сябе Рыгор і пайшоў з вакзала.
Сонечнае надвор’е абласкала яго цеплынёю. Вуліцаю шнуравалі сотні людзей, чый інтэрас хаваўся ў сумных сценах горада. Якое ім дзела да цягнікоў і пасажыраў, што мусяць як мага нясціся ў бок далёкіх Вільні, Ліцка, Горадні і па-за імі?
Аднак зусім нечакана паўстала і перад Рыгорам пытанне: бывае знянацку складуцца ўмовы і хочаш не хочаш, мусіш пакінуць Пецярбург?
Пры гэтых думках у яго нутру парвалася якаясьці непрыкметная нітачка: ёкнула сэрца, і саладжавая боль расстання з улюбёным горадам прайшла па ўсёй яго істоце. Рыгор абярнуўся на вакзал і ўлавіў вушамі далёкае чмыханне цягніка. Пасля паглядзеў направа ды налева ўсцяж забруджанага Абводнага.
Скора год, як у яго ваччу мігнула вунь тая агромністая рэклама з шарыкападшыпнікамі, шэрае кола шыны «трехугольник», жывое, рэзвае дзіцянё з банкаю какао, электрычная лямпачка «osram». Ва ўсім гэтым шавеляцца яго надзеі і трапяткія жаданні, казытаўшыя яго ў момант прыезду. Гул і завіруха, разбежнасць і тлуматня сталічнага жыцця прыеліся яму, прасачылі ўсю істоту, увабралі ў сябе. А вось за гэтым сумным будынкам іншае, адваротнае жыццё. Памятнае па Сілцах, па Смагіне. Няўжо яно без свайго хараства, без сілы, якая мае здольнасць уцягнуць у свой вір любога чалавека?..
Але што за раздумы над біламі моста?
— Пайду да Ганны!..
Ужо на другім кроку ад месца, на якім мігнула гэта невыразная ні то думка, ні то жаданне, Рыгор адчуў вострую патрэбу ўгледзець сваю нядаўнюю прыяцельку. Было б дзіўным, калі не загадкавым, каб іх доўгае, блізкае і цёплае сяброўства так раптам і гэтак ніякавата распалася. Няўжо Ганна зразу занядбала ўсімі тымі пачуццямі, якія звязвалі яе з Рыгорам? Прынамсі, у яго, Рыгора, няма сумнення ў тое, што Ганна хоць часткаю ды жыве мінулым. Было б, сапраўды, шаломным і абураючым, каб яна выхаласціла сваё нутро ад усякае да яго прыязні.
— Ну, што вунь там, па восьмай роце, за натоўп людзей?
Прыслухайся.
Марсельеза?
Штосьці раптам павярнула Рыгора вузкім тратуарам налева — ага!
Першае мая!
Знача, не толькі бастуе іх завод ды некалькі іншых заводаў на Выбаргскай, а і тут вось... Нават маніфестацыя і побач з казармамі...
Наператоч яму выбегла з двара казармы каля дзесятка ізмайлаўцаў. Іх узрокі прагна накіраваліся ў бок нядаўна прагучаўшай песні.
Адтуль ужо даносіліся бразгі паліцэйскіх падкоў. Аголеныя тратуары лавілі скрадныя зрокі схаваных каля брам маніфестантаў. Асцярожліва некалькі чорных фігур перакрыжавала вуліцу. Пачуўся раздражальны свіст, рэзвы выгук. Перапяўшы вуліцу, шэраг гарадавых па камандзе абярнуліся назад і замёрлі на месцы.
Настаражылася купка ізмайлаўцаў.
Рыгор завярнуў да праспекта.