SommaireСокі цаліны
Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ПЕРШАЯ · 6 min de lecture

VII

Жалезны пераплёт мосціка праз Фантанку. Моцныя гранітныя аправы сціснулі зялёную ваду халоднымі абоймамі. Направа — землечарпалка з паднятым вядром чорнага ілу. Далей — чарада цёмных засмоленых барак. Яшчэ далей, да Чарнышовага моста, лёгкі адкрыты параходзік развівае лохмы сіняватага дыму. Чуць відаць — цёмныя планы людзей над біламі, між высокіх каменных альтан. Што за выпадак?

Пэўна вось так глядзелі людзі і тады, калі ў чорнае вока палонкі падала Гэля?

Гэля!

Які жудасны шлях — ад Фантанкі ў анатамічку... Э-э-х!

Надарванае сэрца асірацелага бацькі. Халодныя сцены раўнадушнага горада. Глыбіня і незмярымасць людское трагедыі.

Гэля сябар і таварыш.

Зелень пастаўнікоў і белы валь квітучых садоў.

Вёрткасць і рэзвасць маладое ласкі.

Жніўныя песні і бесклапотныя гульні.

Сілцы...

Кінографічнае прамільганне здарэнняў, прыгод, выпадкаў і шэрагу доўгіх гадоў...

Муры туляць зніжанае сонца?

Так, цягне золкім холадам.

На чарзе ледаход...

Што-а? Музыка?

Разухабістай хадою пяцёра падвыпіўшых хлапцоў накіроўваюць проста да Рыгора. Буйны гармонік — на размах рук — выцінае «Чудны месяц», далікатна змаўкаючы на вярхах людскіх утораў. Каля моста — спынка.

— На Пад’ячаскую! — крыкнуў адзін, і пяцёра спін засланілі ад Рыгора прагляд наперад.

Ён ускорыў хаду, абагнаў вясёлую кампанію і схаваўся ў браме пяціпавярховага шэрага будынка.

Не абмыліцца б.

Ну, усё ж яна жыве не дзе іначай, як тут. Потым, вось, усходамі — этаж...

Рыгор пільна разглядваў нумаркі над дзвярыма, паднімаючыся ўгору.

— Ці не гэты? — падумаў ён.

І як бы хто прачытаў яго думкі — раптам перад носам адчыніліся дзверы, і з кватэры выйшла кабета.

— Убачайце-э...

— Так?

Яна абярнулася да Рыгора.

— Здаецца ў гэтай кватэры...

— Ах, памятаю; вашае зямлячкі ўжо няма. Яна... Хіба ж вам невядома, што яна з мужам выехала да Дзвінска?

— Ганна?

— Так-так, я вас памятаю, як вы...

Кабета зачыніла дзверы і праверыла, ці запёрты.

— Успамінала вас... І на вяселлі і ад’язджаючы...

Яна пайшла ўніз, а Рыгор следам.

— Добрага чалавека знайшла — мы ўжо казалі... Пра вас думала... Цяперака такі час, што кожны момант — новыя думкі... Каб жа адны думкі! Планы, намеры, жыццё... Вось пайшлі ўжо гутаркі пра мабілізацыю другога разраду... Бяда, што мне прыйдзецца рабіць тады з дзяцьмі! Мужа... Ці не былі б ласкавы, можа б, дзе-кольвечы мелася месца ў такім заводзе, што...

— А Ганна вам адраса не пакінула, часамі?

— Або ж прыпомніш, дзе ён, калі і пакінула. Добрыя былі пасуседзі, ды колькі ўжо я іх перамяніла! Іншыя, часамі, напішуць ліст, успомняць, а то... У кожнага свае інтарэсы...

На вуліцы дворнік уладжваў драбіны пры ліхтары.

— У горад, Саламея Анікееўна? — запытаў ён Рыгораву спадарожніцу.

— А табе цікава? — пацвілілася яна і тут жа дадала, азірнуўшыся на Рыгора:

— Так, Ганна з мужам недзе на Літве...

— Бывайце!..

Яна гасцінна кіўнула Рыгору галавою і павярнула налева.

Рыгор пайшоў у бок Садовай. Тое, што ён спаткаўся з фактам ад’езду Ганны з Пецярбурга, у першы момант не пакінула на ім ніякага ўражання. Мэрам бы факт у перадачы выпадкова напатканай Ганнінай гаспадыні не быў праўдзівым фактам.

Калі ж ён выйшаў на Садовую і крануў пытання, куды ж яму накіравацца, як унутры адчулася выразнае нездавальненне паводзінамі Ганны.

«Чаму ж такі яна... Не разумею... Здавалася-а...»

Рыгор кінуў узрокам у бок трамвайнай спынкі і ўсміхнуўся.

Нацянькі да яго ішоў Міхась Камар. Ён ужо бачыў Рыгора і кіўком рукі падаваў якіясьці знакі.

— Чаго заблудзіў у нашы краі? — вітаючыся, запытаў ён Рыгора.

— Думаеце, цяжка адказаць...

— Свята?

— Так. Дазвольце павіншаваць...

— Узаемна. Буйныя галовы! Ха-ха-ха!

— Гэта да чаго?

Камар супакойваючы крутнуў галавою.

— Хадзем да мяне.

Рыгор прамаўчаў.

— Не маеш ахвоты? Вып’ем шклянку гарбаты. Раскажу навіны. Мы так рэдка з табою бачымся...

— Рэдка, бачыце.

— Ідзем!

Камар узяў Рыгора пад руку і адарваў з месца.

Яны павярнулі ўбок, адкуль толькі што Рыгор вярнуўся.

— У вас многа баставала? — шапнуў на вуха Рыгору Камар.

— Як вам сказаць: чалавек каля двухста... Такарная поўнасцю і часткова... Так, прынамсі, учора наглядалася... Сёння нікога не спаткаў... Цэлы дзень... А ў вас?..

Камар сур’ёзна адказаў:

— Ты ж, браце, павінен ведаць, што я трымаюся зусім інакшага погляду...

— Ці ж увесь завод думае па-вашаму?

Рыгор адчуваў, што яго забірае настрой зласлівай упічнасці і не думаў, што яна недачасна.

— Калі судзіць па сённяшнім дні, дык яно адпавядае праўдзе.

— Шкода!

— Хэ-хэ-хэ! Я завідую табе, Рыгор.

— Затое я вам — ні каліва.

— Наступнае скажа.

— Ужо бягучае гавора.

— Толькі многія яго гутаркі не разумеюць.

— Вось у гэтым і бяда.

Ключ у руках Камара, прасунуты ў дзверы, на нейкі час перапыніў іх задзёрыстую, ужо напаўварожую гутарку.

— А мне здаецца...

Камар не дасказаў.

Пераняўшы іх пры кухні, Камарыха растрывожана паведаміла:

— Гэта ж заарыштавалі Якава Гіса! Толечкі што прыбягаў да цябе, Міхась, якісьці хлапчук і прасіў перадаць...

І Камар і, тым болей, Рыгор, чула настаражыліся і задумаліся.

Камарыха таксама моўчкі стаяла на адным месцы, пільна паглядаючы на мужчын.

— Хаця б, крый чаго...— памкнулася яна выказаць якуюсьці думку, але Камар махам рукі яе пераняў.

— Не спадзявайся-а... Няўжо і ён баставаў? — здзіўлена запытаў Камар ні то ў жонкі, ні то сам у сябе, следам утароплена паглядзеўшы Рыгору ў твар.

— І я не спадзяваўся... хоць апошнімі часамі Якаў...

Усе ўтраіх ізноў змоўклі не давяраючы крокам, якія пачуліся па ўсходах.

Спусціўшы нейкі час, Камар праказаў:

— А Якава шкада... Несцярожліва пэўна... Ну, што ж. Гатуй, жонка, гарбату... хочацца есці... Праходзь, Рыгор, у пакой... Вось «Біржоўка»...

Міхась прапусціў Рыгора ў адчыненыя дзверы пакоя, а сам кудысьці знік.

Рыгор прысеў каля засланага машаставаю скацярткаю стала і разгарнуў газету.

На першай старонцы, у правым куту зверху, чорнымі літарамі адзначаліся важнейшыя навіны дня: «Вайна з Турцыяй». «Італьянскія «камбінацыі». «У Англіі»... пад кожным з гэтых агульных загалоўкаў, выдзеленых буйнымі літарамі, ішлі паведамленні пра згінуўшых людзей і турэцкіх кананерскіх лодках, пра адстаўку міністэрства Саландры і маніфестацыі італьянскіх патрыётаў, пра выключэнне ангельскіх кавалераў ордэна «Падвязкі». Асобным радком, мала заўважана, вызначалася: «Вайна і 1-га Мая».

«Біржоўка» гучней зашалясцела ў руках Рыгора. Ён з цікавасцю пачаў выглядаць у тэксце навін пра Першае мая. Яны былі змешчаны на чацвёртай старонцы, заняўшы амаль не цэлы слупок набору. Рыгор прагна ўперыўся вачыма ў дробныя шэрыя літары зместу і хутка прачытаў іх з пачатку да канца.

«Біржоўка» паведамляла, што Першае мая ў Пецярбурзе святкавала да дзвюх тысяч чалавек рабочых. Баставалі заводы на Пецярбургскай старане, у Новай і Старой Дзярэўнях, за Неўскай заставай і на Выбаргскай старане. Лік баставаўшых на Выбаргскай старане газета вызначала ў 150 чал., аднак белыя прагалы ў зацемцы наводзілі на падозранасць і застаўлялі думаць, што забастоўка мела куды большы размах, ніж то паведамляе «Біржоўка». Прынамсі, пра Выбаргскую старану газета нагла хлусіла. Характэрным момантам у заметцы было апісанне тых мер, якія выпрацавала паліцыя для змагання з магчымымі выступленнямі рабочых. Дзеля гэтага горад быў падзелены на шэсць паліцмайстарскіх раёнаў, была ў вялікай колькасці мабілізавана паліцыя, прыгатаваны вайсковыя часткі... Паліцмайстры знаходзіліся ў сваіх раёнах і пра ўсе заводы даносілі граданачальніку...

Гэткім чынам рабочы Пецярбург смела адзначыў міжнароднае свята працоўных.

Іначай было за рубяжом, дзе згодніцкая сацыял-дэмакратыя ў сваіх пастановах заклікала рабочых адмовіцца ад святкавання Першага мая.

Рыгор палажыў газету на стол і, горды і задаволены адважным выяўленнем рабочага пратэсту, волі і імкненняў да змагання, упэўнена падышоў да акна.

«Памятайце ўсе тыя, хто думае, што на крыві салдат і на працы рабочых навекі замацована ваша панаванне! Дарэмная самаўцеха! У любую хвіліну завіхрыцца нездавальненне, і гнеў працоўных змые вашы фартэцы і зруйнуе вашу марную сілу і дабрабыт!»

Увераны ківок крэпка сашчэпленага кулака пагрозна зарухаў над шыбамі акна.

— Ты гэта супроць каго? — заўважыўшы гэта, пасмяяўся Міхась.

— Супроць тых, каму трэба памятаць пра рабочую помсту.

Камарыха спынілася пры стале і перабіла гутарку.

— Закусіце,— абярнулася яна да Рыгора.

— За Першае мая — са здавальненнем... За тое, што Пецярбург дапомніў каму след, што фронт не канчаецца там, дзе пачаўся...

— Гэта як разумець?

— Пецярбург сённека быў працягам фронту, во...

Рыгор падаў Міхасю газету, паказваючы на зацемку «Вайна і Першае мая».

Міхась уважліва прабег вачыма па радках паказанага зместу і здзіўлена паглядзеў на Рыгора.

— Дзве тысячы — на пяцьсот тысяч рабочых — гэта не многа. Адных Рыгораў знойдзецца болей...

— Затое, кожны з гэтых дзвюх тысяч ёсць іскра, якое не згасіць сотням Міхасёў...

— Не дачасна, Рыгор, не дачасна... Глядзі во, як тразвейшыя нас французскія сацыялісты робяць... Нават нашы суседзі, фінляндцы...

Праслухаўшы перагаворы мужчын, Камарыха тужліва заўважыла:

— Бедныя, не падзяліць вам, я бачу, знойдзенага багацця... Хі-хі-хі! Грызуцца ды ні рады... Пеце гарбату, ды...

— Рыгор павінен начаваць сёння ў нас. Добра?

— Тады вы паб’ецеся, чаго добрага, калі часамі...

— Добра, Рыгор?

Рыгор нейкі час падумаў, паглядзеў на гадзіннік і ўпэўнена адказаў:

— Дзякую, калі не ў дазол — чаму ж не... Хоць Міхасю прыкра будзе хаваць свайго супярэчніка...