V
На дварэ ўжо вечарэла. Асеўшае нізка сонца раскідала па абшары пачырванелыя, астываючыя праменні, якія доўгімі яскравымі каснікамі пралазілі між лясную гушчэр. У каронах дзярэў і ў кустах пачаў збірацца змрок, і зелень зрабілася смугла-зялёнай. У паветры стала многа халадней і адчувалася, як у малюсенькіх, непрыкметных кропельках асядала раса. Востра запахла вячэрняю сырасцю.
Моўчкі, цішком, перайшлі Рыгор з Зосяю сценку, толькі акінулі ўзрокамі вакол сябе.
— Выбіваймася на граніцу, — парадзіў Рыгор.
— Добра, — ціха адказала Зося; і, выпусціўшы гэта слова з губ, разам пачула, як з яе плеч зняўся нейкі цяжар.
— А ці далёка тая граніца?
— Ды не. Вось пойдзем так — то скора выйдзем. Свеціцца, здэцца, вундзека.
— Ты не сярдуеш, аднак, — запытаў Рыгор, нахіліўшыся к ёй. Зося сорамна ўсміхнулася і адказала:
— Не, не сярдую.
— То дай жа я цябе за гэта пацалую.
І Рыгор прагна ўпіўся губамі ў Зосіну шчаку.
— Ах, Рыгор...
— Мо і заўтра мы прыйдзем сюды?
— Можа, забачым...
— Ты скажы напэўна.
— Прыйдзем!
VI
Тым часам Рыгор з Зосяю выйшлі з лесу на граніцу і павярнулі к мястэчку. Здалёк (ад хвойніку да Сілцоў лічылася не болей адной вярсты) Сілцы былі відны як на далоні: старыя маленькія хаткі мяшчан, з саламянымі стрэхамі, паросшымі зялёным мохам (ад чаго здавалася, што то зусім не хаты, а старанна акопаныя і абрэзаныя вялікія стагі травы ці купіны), перамяжаліся з троха навейшымі, пакрытымі — дзе новаю і яшчэ жоўтаю гонтаю, а дзе пасівеўшаю старою драніцаю, — яўрэйскімі дамкамі. У тым месцы, дзе болей стаяла апошніх, наглядалася нямерная цесната і не відаць было ні каліва зелені; сялянскія ж хаты былі аперазаны зялёнымі невялічкімі садамі і гародамі.
Крыху наадгон ад хат, на самым ілбу гары, высіўся новы будынак школы з зялёнаю, ужо не ад моху, а ад хварбы, шапкаю страхі. Шырокі, чатырохкантавы школьны пляц быў абгароджаны каменным павапленым парканам, між якога ў радок раслі высокія плакучыя бярозы, шатныя кляніны і каштаны; між іх зелені відаць было некалькі гімнастычных прыладаў, якія выдзяляліся з зелені дзярэў. З паўганоў ад школы, шмат далей ад берага мястэчка, не ўступаў у вышыні будынак местачковай аптэкі. За аптэкай ляжаў Лог, ад мястэчка забудаваны хатамі як найгушчэй, а з другога ўклону, ад поля, пабіты на гароды.
Быў ужо зусім адвячорак, і сонца вісела над лесам, то яго праменні, пападаючы ў вокны хат, адбіваліся залацістым водсветам. А калі глядзець на поле, то таксама нельга было нацешыцца: такі прыгожы вобраз ляжаў перад імі! Ужо нелапое жыта, аблітае чырвоным заходзячым сонцам, мела нейкі асаблівы, ні то масяндзовы, ні то бурачны колер і, гойдаючыся ад ціхага ветру, катала роўныя, доўгія і крывыя скруткі, з аднаго боку чырвона-бурыя, а з дрогога бела-зялёныя. Жытні палетак цягнуўся на цэлыя вёрсты ўдаўжкі і ўшыр і здаваўся, калі глядзець на яго з-пад лесу, кудэма ішлі Рыгор з Зосяю, адным суцэльным кавалкам. А то былі ўсё вузенькія ніўкі-шнурочкі, адмежаваныя дзе пукатымі, барадатымі межкамі, як змейкамі, што беглі між сцен жыта, то далікатна зробленымі разоркамі, таксама ў сваім бегу не адстаючымі ад межак. З другога боку жытняга палетку, так далёка, як ахопвалі іх узрокі, пачыналіся яравыя палеткі, падмалёваныя ўжо маладою жаўтаватаю зеленню аўса і рутнейшаю — ячменю. За яравымі палеткамі пачыналіся лясы.
Рыгор з Зосяю ціхай путанай хадою моўчкі прайшлі каля цэлых ганоў, увесь час цешучыся полем, удыхаючы поўнымі грудзямі свежае паветра.
— Ну, як, прыгожая рэч? — абярнуўся Рыгор да Зосі.
— Хоць начуй тут у полі! — дабавіў ён.
— Што ты: здурэў, ці што? — здзівілася Зося.
— Чаму?
— Так. Ці ж ты ніколі не быў у полі, ці ніколі не бачыў гэнае красы?
— Хоць і бачыў, толькі яно ніколі, мне здэцца, не было такім, як сённі, цяпер вось...
— Прыйдзем заўтра і тое самае застанем.
— А ты ж прыйдзеш?
Рыгор міла зірнуў Зосі ў вочы, ажно тая не вытрымала і лісліва засмяялася.
— Чаму ж не, я сказала, што прыйду...
— А калі Васіль... ну, прышле к табе сватоў?
Зося — быццам хтось кальнуў яе іголкаю ў самае хворае месца — пачула вялікую і праціўную боль, якая раптам расплылася па ўсім яе целе і страсянула ім. Твар яе збялеў, смуткам акрыліся вочы.
— А калі прышле — то што? Хай прысылае, чорт яго бяры...
— Дык цябе ж бацькі могуць не пусціць.
— А то я іх так і пабаюся!
— Дык трэба іх слухаць, ты мне гэта казала.
— Ай, ай! Пакінь, Рыгор, смяяцца з мяне, — сярдзіта перабіла Зося.
— Што ты, Зося! Пры чым тут смех. Я гэтага ніколі не дазваляў сабе.
— Тады не кажы мне нічога пра Васіля. Мне балюча і праціўна слухаць...
Зося не даказала. Відаць было па яе настроі, што яна адчувае глыбокае ўзрушша і цягчыцца кожным дапамінкам пра розныя чуткі аб Берагавых намерах. Загэтым Рыгор рашыў нічога не ўспамінаць. Але Зосі не маўчалася. Прайшоўшы з паўганоў моўчкі, яна першаю загаварыла:
— Эх! і надаела мне ўсё гэта!..
— Што! Чаму?
— Так, вельмі праціўна.
— Альбо ж нельга паправіць?
— Зноў пра гэта?
Рыгор убачыў, што гутарка зноў пераходзіць на балючую для Зосі тэму, і паспяшыў знайсці ёй іншы напрамак.
Якраз яны мінулі лес і падышлі к самаму краю гары, з якое трэба было сходзіць у капуснікі. Праўда, адгэтуль ішла яшчэ і другая сцежка, але яна накіроўвала між другога боку жытніх палеткаў і сходзілася з Сівулінскаю дарогаю; гэтым шляхам ісці было шмат далей.
— Ну, кудэй пойдзем, Зося? — абярнуўся Рыгор да Зосі.
— Я думаю, капуснікамі лепей.
— Ідзем капуснікамі.
Пабраўшыся за рукі, Рыгор з Зосяю ішлі перш ціха, падварочваючы то ў адзін, то ў другі бок, а потым, калі мінулі самую стромасць, Рыгор пусціўся бегчы і пацяг за сабою Зосю...
Хутка яны былі нанізе, пры беразе рачулкі.
— Часамі прыемна размяцца падобнай гімнастыкай, — сказаў Рыгор, спыніўшыся.
— Ну, вядома, маленькі хлопчык, пазабаўляцца трэба, — пасмяялася Зося.
— Так, бывае... Ну, цяпер скажы: табе нічога, калі пройдзем да вуліцы разам?
— Вунь яшчэ што выдумаў! А што, мяне арыштуюць за гэта? — здзіўленая Рыгоравым запытаннем, адказала Зося.
— Не тое, што арыштуюць, але, часамі, маці...
— Пакінь, пакінь выдумляць ліха ведае што, — перабіла Зося.
— Што? Мне бацькі мо забароняць з людзьмі сустракацца? Які ты смешны!
Рыгор нічога не адказаў. Маўчала далей і Зося; ідучы, яна глядзела ў зямлю, сочачы за махам тонкага лазовага дубчыка, які шустраю змейкаю бег наперадзе іх...
VII
Ужо было змеркшы, калі яны ўвайшлі ў мястэчка. Але на вуліцы жыццё не ўмірала. Там-сям стаялі кучкі сілцоўцаў, абгаварваючы пытанні бягучага часу; бегалі неўгамонныя дзеці. Пастушкі вялі з пашы коні. Гаспадыні па дварах увіхаліся з гавядаю.
Паміж іх праехала некалькі фурманак блізкіх к Сілцам хвальваркоўцаў, знаёмых Зосі; яны аддалі ёй прывітанне. Адзін нават знайшоў патрэбным кінуць жартам, на які, аднак, Зося не адказала.
Супроць Сёмкавага двара яны зусім нечакана спаткаліся з Гэляю, Петрусём, Сёмкам і Волькаю, якія стаялі і аб нечым пільна гутарылі, справодзячы сваю гутарку вясёлым покатным смехам.
— Пахвалёны! — жартам прывітаўся Рыгор.
— На векі! — смехам адказала Гэля.
— Дзе ж то так бадзяліся, панове? — запытаў Сёмка.
— Ды вось — крыху праходзіліся.
— Харошая праходка: цэлы дзень у доме не застаць. Ці не ў Пляшуках толькі былі?
— У Ліцку нават, скажаш, — адказаў Рыгор.
— Апроч жартаў, адкуль ідзіцё? — запытаў Сёмка.
— З хвойніку, — ухмыльнуўся Рыгор, — а вы дзе таўкліся?
— О, браце, мы сёння столькі нахадзіліся, што каб расказаць, то на цэлае апавяданне хапіла б, — распаляючы завіды, паведаміла Гэля.
— Ну, ну, апаведайце нам хоць маласць, — хапіўшы яе за руку, папрасіла Зося.
— Ого! Ні за што не скажам, ні за што, нават і не думайце, — падхваціў Пятрусь, падмігнуўшы Зосі.
— Чаму ж гэта, ці то сакрэт ужо?
— А такі і сакрэт! — умяшалася і Волька.
— Ды ўжо годзі пацвільвацца!
— Та ша, ша. Слухай цяпер і дзівіся, — усё раскажу.
Усе прыціхлі. Гэля бегла пачала расказваць:
— Вось толькі што я паабедала, як барджэй забегла к Вольцы і з ёю мы пайшлі к Ліню... Прыйшлі гэта пад хату, заглянулі ў акно і бачым, што нікога няма дома: не толькі Палуты, а нават і бацькоў... Мы гэта адтуль проста на могілкі... Прыйшлі, пахадзілі троха між помнікаў, пачыталі надпісы, потым нарвалі бэзу і назад у мястэчка... Выйшлі гэта мы на рынак, аж бачым: едуць да шлюбу нейкія шляхты. Мы іх правялі да Меркі, дзе яны спыніліся... Пацікавіліся, што яны з сябе ўяўляюць, і знайшлі, што маладая — даволі прыгожая, а малады — тае...
Гэля скрывілася.
— Не гань толькі нашага брата, — пажартаваў Сёмка.
— Чаму? Праўды не можна сказаць? — упікнула Волька.
— Якая ж тут праўда: быццам я не бачыў яго таксама.
— Ну, і як па-твойму?
— Я лічу наадварот: маладая — дрэнь, а малады — цукерачка, — пажартаваў Сёмка.
Хлопцы голасна рассмяяліся.
— Ну, добра, — перабіў Рыгор, — а як-то вы сышліся ўсе?
— Ды ці ж гэта ў горадзе. Выйшаў хто на вуліцу, гукнуў і ўсе тут, — пралепятала Гэля, і хапіла за Зосіну руку вышэй локця, і заглянула ёй у самыя вочы, покатам рассмяяўшыся.
— Пакінь дзяцініцца. Цябе ж насур’ёз пытаюць, — занедаволілася Зося.
— Ша, ша, супакойся, — сцішыла яе Гэля.
— Гэй, кіндар, — перабіў Сёмка, — трэба пайсці вячэраць; як думаеце пасля вячэры?
— Вядома, к Ліню, — у адзін голас праказалі Пятрусь, Гэля і Волька.
— А ты, Рыгор, нябось, таксама спаць не ляжаш? — абярнуўся да Рыгора Сёмка.
— Яно б не пашкодзіла і паспаць.
— Дык Зося ж пойдзе таксама, — падхваціў Пятрусь і тут жа абярнуўся да Зосі:
— Пойдзеш, Зося, да Ліня?
— Не ведаю, мо і пайду, — адказала Зося.
Дзяўчаты адлучыліся і разбегліся па хатах.
— Ну, дык пойдзеш? — перапытаў Пятрусь Рыгора, які раптоўна задумаўся і моўчкі стаяў на адным месцы.
— Што там спаць! Пакінь... Гэ-гэ-э! Дык ты задумаўся чаго? — зазірнуўшы Рыгору ў вочы, прапяяў Пятрусь. — Ці не па Зосі толькі журышся? Пакінь тужыць, таварышу. Ад гэтага не загінем. Ды, па-першае, думаецца, што Берагу не так лёгка і хватнуць Зосю... А па-другое, — ці ж яшчэ мала на свеце такіх Зось знойдзецца! Ой, ёй-ёй! Вось вернешся ў Рыгу да пакахаешся з гэткай паненкай, што Зося і не падходзь. Пакінь, кажу, тужыць... — і Пятрусь палопаў Рыгора па плячы, падмігнуў і засмяяўся.
У Петруся гэта ёмка атрымалася, як і заўсёды. Рэзвы і вясёлы, ён быў прыемным кампанам, паміж таго, што быў шчырым і адданым таварышам. Петруся шанавала ўся іхняя кампанія, як разумнага, смелага і дападкога таварыша. Сын небагатага земляроба, ён змалку быў аддадзены бацькам у наймы за парабчука, пасля ў вучні за каваля. Але кавальскае рамясло яму не спадабалася, і Пятрусь прабаўляўся і летам і зімою выпадковымі заработкамі, дапамагаючы гэтым у хаце. Пацёрты ў пераплётах жыццёвай нядолі, ён чулей за другіх успрыняў сацыялістычныя настроі і разам з Рыгорам увайшоў у Сілцоўскую арганізацыю сацыял-дэмакратаў. І цікава тое, што, будучы земляробам, ён не адчуваў у сабе жаднае прывязі да зямлі. Яго цягнула ў рабочае асяроддзе, у горад, куды ён мерыўся вось-вось адпраўляцца.
— Табе, як і Рыгору, толькі ісці па гэтым шляху, — радзіў Сёмка: — паедзеш — не згінеш са сваёю прыкідлівасцю.
Гэтае думкі трымаўся і Рыгор, які любіў і шанаваў Петруся, як ляпейшага таварыша і сябра. Петрусёва кампанія выклікала ў Рыгора глыбокае здавальненне.
— Ды я мала аб гэтым і дбаю, толькі... ка сну мяне хіліць, — праказаў Рыгор пасля кароткага змоўку.
— Годзі табе! — наставаў Пятрусь.
— Што вы не згаворыцеся? — умяшаўся Сёмка.
— Нешта Рыгор наш знябыўся, — нібыта спаць захацеў ці мо якія патайныя планы задумаў...
— Няўжо?
— Ці ж ты не прыкмячаеш?
— Не, мне ні ў шманкі.
З Сёмкавага двара данёсся вокліч:
— Сёмка, Сёмка! Ідзі вячэраць!
— Іду! — адклікнуўся ён.
— Па дамах, хлопцы! — абярнуўся Сёмка к Рыгору і Петрусю і павярнуў у двор.
Пайшлі і Пятрусь з Рыгорам.
На дварэ ўжо было цёмна: стаяла парная ноч.