SommaireСокі цаліны
Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ПЕРШАЯ · 7 min de lecture

VIII

Назаўтра раніцою Рыгор з Міхасёвай кватэры паехаў проста на завод. Яму вельмі рупіла хутчэй пачуць, чым і як адаб’ецца ўчарайшае святкаванне на далейшых яго стасунках з заводам. У нутру мулялася нядобрае адчуванне, але Рыгор не патураў на гэта.

Адмечаныя бульварнаю газеткаю дзве тысячы забастоўшчыкаў упісалі новую, светлую старонку ў кнігу вялікага і крывавага змагання за справу працоўных. Куды, сапраўды, задумоўвацца над сваім уласным лёсам?

На небасхіле заблішчалі яскравыя агеньчыкі радаснага наступнага. Для яго Рыгор здаўна прысвяціў не толькі свае прыватныя інтарэсы, выгаду, а свае сілы і сваё жыццё. Ужо ён не раз і не два бязбоязна станавіў яго пад яўную пагрозу. А зараз?..

Агромністыя гмахі завода адцягнулі да сябе Рыгораву ўвагу. Паравік плаўка спыніўся перад галоўным яго корпусам. Рыгор першым выскачыў з вагона і павярнуў да брамы.

— Рыгор! — пазваў яго хтосьці з грамадкі рабочых, якія стаялі пры браме.

Ён азірнуўся.

Да яго набліжаўся Анікей.

— Запазніўся, таварыш... Можам святкаваць!

— Магу?

— А чаму ж не. Во!

Анікей паднёс да Рыгоравых вачэй рашчотную кніжку.

— Ідзі атрымоўвай палучку і вып’ем за перамогу,— пажартаваў ён.

Да іх падышло яшчэ некалькі чалавек.

— Можна ў лясок куды-небудзь, на палянку,— вымавіў адзін з падышоўшых.

— Якраз і пагода спрыяе,— дадаў другі.

— Дзень прагуляем — снарадаў сотні і няма. Усё чалавек дзесятак захаваем у жывых...

— Калі б адзін усяго дзень не працаваць!.. А бывае — і месяц патарчыш пры варотах.

— Не дачакаюцца гэтага... Самі, ці што, пастануць да станкоў?..

— Знойдуць нашага брата!

— Ды чорта лысага знойдуць... Закруцілі шэйнакатрынку, нябось не абысціся без...

— Без цябе!..

— А то — бач!

— Знаем такіх...

— Спяшайся, Рыгор, з палучкай, а то згіне; мы пачакаем.

Анікей жартаўліва правёў Рыгора да варотцаў у браме і вярнуўся назад.

Калі праз паўгадзіны ён выйшаў з завода, яго чакаў Анікей з двума другімі таварышамі — рэшта рабочых разышлася.

— Памінальным спіскам на дзвярах...

— Яшчэ б не так... А, між іншым, клопату падсыпалі...

— Пляваць... з клопатам...

Рыгор агледзеўся навакол і цішком паведаміў:

— Якава Гіса арыштавалі...

— Ласне? Калі?

— Учора днём...

— І надало ж яму...

— А як з нашымі?

— Пакуль не чуваць...

Яны рушылі з месца і накіравалі ў бліжэйшую харчоўку.

Ужо Анікей ачуўся па-за дзвярыма яе, калі, ідучы заднім, Рыгор адцягнуўся ўвагаю да пад’ехаўшага паравіка. Ён на хвілю затрымаўся на месцы, спыніўшыся ўзрокам на белай касынцы сястры, якая вылезла з вагона і накіроўвала да тратуара побач з якімсьці вайсковым чыноўнікам.

— Ліба? — заварушылася ў яго галаве, і Рыгор крута павярнуў назад, пайшоўшы ім наператоч.

— Ліба Шлёмаўна? — няўверана падаў ён запытанне.

Сястра з чыноўнікам азірнуліся на яго.

— Рыгор! Як добра, што мы цябе напаткалі! Павал гэтак прогся цябе ўгледзець!

Чыноўнік бліжэй падышоў да Рыгора і пільна, з лёгкаю ўсмешкаю зазірнуў яму ў твар.

— Не пазнаеш? Паўла Памыйкі? Смагін — майстэрня Шульца. А?

Рыгор барджэй працягнуў яму руку і зрабіў намер да пацалунку. Павал горача, па-сяброўску, смелымі нахіламі галавы злучыў свае вусны з Рыгоравымі.

— Паверыш, не пазнаў. Куды-ы там! Пане мой, зусім іншы чалавек. Люба паглядзець! Паправіўся, памаладзеў, папаўнеў... Палкоўнікам?..

Незаўважна падышоўшы да іх, Анікей палажыў Рыгору на плячо руку і праказаў:

— Мы чакаем. Памятаеш ці забыў?

— Мае знаёмыя і сябры — пазнайся.

Анікей па чарзе падаў руку Лібе ды Паўлу.

— У госці да Рыгора Міхасевіча?

— Трэба адведаць,— адказала Ліба.

— Шкода, што не ў добры час.

— Чаму?

— У Рыгора Міхасевіча атрымаўся нецікавы паварот спраў.

— Як так?

— Сённека атрымаў адстаўку з завода.

— Ласне?!

— Разам, вось. Адплата за святкаванне Першага мая.

— Кінь, Анікей. Ці варта псаваць людзям настрой! — сур’ёзна пераняў таварыша Рыгор.

— А ўсё-ткі...

— Ладна... Вы ўжо прабачайце, што я сёння мушу вас пакінуць адных... Рэдкія, неспадзяваныя госці... Даруй, Анікей...

Анікей развітаўся і павярнуў да харчоўкі.

Рыгор запрасіў Лібу і Паўла да сябе.

Ідучы, Павал у агульных абеглых рысах расказваў Рыгору гісторыю свайго жыцця за апошні год. З яго слоў і таварыскага прызнання Рыгор рад быў дазнацца, што Павал увесь час з моманту расстання з Рыгорам не пакідаў думаць пра яго. Таварыскае пачуццё, нажытае ў Смагіне, ні каліва не астывала. Раз у раз Павал меў намерам зрабіць тыя ці іншыя захады, каб дазнацца Рыгоравага адраса і завясці перапіску. Выпадковыя здарэнні перашкаджалі гэтаму. Ён пэўны, што каб не вайна, то кожны з іх быў бы ў курсе ўзаемнага бягучага жыцця. Вайна ўсё пераблытала. Рыгор, магчыма, чуў пра тыя падзеі, якімі справодзілася ў Смагіне мабілізацыя і пераход на захад першых эшалонаў войска. Дзікія сцэны гвалту і разбою пагражалі абярнуць мястэчка ў голыя руіны. Сотні пацярпеўшых займаздароў кідалі Смагін і ўцякалі куды вочы глядзяць. Павал астаўся на нейкі час без працы і спаткаўся з крутнейшымі момантамі ў сваім жыцці. Было спасеннем атрымаць выпадкова прапазіцыю астацца ў дарожным атрадзе дзесятага ўчастка пры трэцяй арміі. Ён аберуч хапіўся за гэту службу і зараз ужо ачуўся ў трэцяй па чыне катэгорыі службоўцаў — дзесятнікам. Работа цікавая і выгадная тым, што абараняе стаўшых да яе ад ваеннае мабілізацыі.

У Пецярбург Павал выпрасіў камандзіроўку, галоўным чынам таму, каб навязаць сувязь з партыйнай арганізацыяй, а калі ўдасца, дык адшукаць Рыгора, угледзецца з ім і ўспомніць разам перажыты час... Ужо Памыйка трэці дзень у сталіцы. Нечаканая стрэча на рагу Садовай і Неўскага з Лібаю вырашыла спатканне з Рыгорам. О, як ён задаволены гэтым!..

— А ты майго ліста не атрымаў?

— Ты мне пісаў?

— Даруй, што запознена, усё ж напісаў табе і чакаў адказу да сёння.

— Цікава! Дзякую за памяць... Ды што ж зробіш — ліст, напэўна, мяне не застаў у Смагіне.

— Але цікава,— перабіла ўжо ў Рыгоравым пакоі Ліба: — я неўспадзеўкі ледзь не збіла Паўла з ног; нясуся так і толькі намерылася завярнуць да Анічкавага моста, як ён зірк на мяне і перагарадзіў дарогу. «Выбачайце», кажа, а я, вылупіўшы вочы, гляджу яму ў твар і, як непрытомная, заліваюся смехам. Ані думкі, што маю неспадзяванку бачыць Паўла. І толькі яго добрая памяць выручыла абаіх... Я ўжо казала яму ў вочы, які ён, сапраўды, стаў красавец!

— Кіньце-э, Ліба, жарты.

— Не верыце?

— А, бач, задаволены,— пакпіў Рыгор.

Малады, здаровы рогат прайшоў па пакоі...

Яго перабіў асцярожлівы стук у дзверы.

Яны змоўклі і настаражыліся.

— Хто там?

— Рыгор Міхасевіч, гэта я, Сарафіна Хлораўна. Прабачце, на хвілінку. Учора вечарам да вас наведвала вось тая барышня, што ўжо колькі разоў была ў вас з вашым таварышам і... прасіла перадаць — сёння раніцаю паехала ў Маскву.

— Рыма?

— Хто яе ведае, я ж імені не пытала... Прабачце, Рыгор Міхасевіч.

— Гэта хто такая? — пацікавіўся Памыйка.

— Рупіць? — пасмяялася Ліба.

— Ды так... Знаёмая майго таварыша. Мо, памятаеш гэткага, Петруся?.. Той самы, да якога я прыехаў сюды; ён у Маскве зараз і выпісаў яе туды.

— Ага-а... Гэта я разумею...

— Што ж тут дзіўнага! — заўважыла Ліба.

— Ніхто не кажа... Ну, шчаслівай дарогі!..

— А вось, як будзе з намі?

Ліба зацікаўлена разглядала Рыгораў пакой. Кожная малапрыкметная рэч прыцягала яе ўвагу. Завоканны пейзаж асабліва ёй падабаўся, і яна неадрыўна ўглядалася ў яго, стоячы пры акне.

— Добрае вы месца, Рыгор Міхасевіч, выбралі для кватэры! Та-ак! — праз нейкі час уставіла яна ў Рыгораву гутарку з Паўлам.

— Добрае, але, бачыце, трэба расставацца.

— Чаму? — запытаў Павал.

— Хіба забыў, што я ад сёння стаў вольным грамадзянінам?

— Ах, ты пра гэта.

— А я нічога б не мела, каб хоць тыдзень які пажыць вольнай у Пецярбурзе. Мне так, ведаеце, абрыдла мая служба, што я... Толькі нідзе не дзенешся... Да бацькоў не вернешся — у іх саміх няма чаго есці, а скінь касынку — адразу ж мусіш кідаць Пецярбург. Не цікава!..

— Кіньце, Ліба Шлёмаўна, кіньце-э... Адкуль на вас падзьмула гэтай роспаччу?..

— Сапраўды кажу. Трэба мець валовыя нервы, каб дні і ночы засаб — засаб чуць перадсмертныя крыкі і енкі ўміраючых людзей, бачыць іх патухлыя, безнадзейныя ўзрокі, развітальныя, поўныя жаху споведзі, успамінкі... Не-э... Гэта пекла, гэта сад катаванняў. Я не сплю, мару, тамлюся ад страшных зданяў... Што варта мая дапамога... мая спагада, ласкавае слова, міласэрная... Гэ-эх-х!.. Забярэце-э мяне дзе ў іншае месца, прашу вас!..

Ліба, уся заружавеўшая ад злосці, ахопленая нервоваю трасучкаю, якая моцна сціснула яе белыя, пруткія далоні ў цвёрдыя кулакі, скрывіла круглыя чырвоныя губы, звычайна зложаныя ў форму маленькага сэрца, супыніла разбег узрокаў.

— Кіньце-э, таварыш...

Рыгор умольна зазірнуў ёй у твар і палажыў вышэй локця яе рукі сваіх пяць моцных, мазалістых пальцаў.

— Сантыментыкі, якіх жыццё не шануе...

— Кабеты-ы! Не гэтым бярэцца перамога над жыццём, не... Ліба Шлёмаўна...

— Брава, Рыгор, брава... Люблю, ад сэрца люблю і шаную тых, хто смела пазірае ў расчынены твар жыцця... Люблю!.. Памятаеце, якаво мне жылося ў Смагіне? Выйсці сароміўся на вуліцу, а між тым — надзеі выручылі. Майце драцяныя нервы і каменнае сэрца...

— Словы! Словы, як...

— Дык хочаце, едам са мною назад у Смагін? Можа, ужо не ў самы Смагін, але...— задаволены знойдзенай парадзе, рэзва праказаў Павал да Лібы і следам абярнуўся да Рыгора.

— Рыгор? Табе ж проста латва — з месца на месца. Зраблю рэкамендацыю, і ты праз тыдзень начэпіш вось гэткія палеты...

Ліба паступова ўвайшла ў сябе і зноў з дзявочым маладым захапленнем глядзела на светла-зялёную сачыстую зелень дзярэў.

— Рыгору не варта пакідаць Пецярбурга...

— Ваша думка, Ліба?

Яна не адказала. Тады Павал удвойчы абярнуўся да Рыгора:

— Падумай... Узваж усе даныя за і супроць... Пецярбург не ўцячэ — у любы момант ты можаш быць у ім. Захочаш кінуць службу — калі ласка; а яшчэ лепей — узяў і перавёўся... На парозе лета — што патраціш выехаўшы? Затое пацікавішся, як і чым праломліваецца вайна ў правінцыі. Паглядзіш, што там чаўпецца. Магчыма, бачыцьмеш сваю мясціну... у апошні раз...

— Не кажы, Павал — ведаю... Адчуваю і ваабражаю... Так — падумаю над тваёй прапазіцыяй... Ты яшчэ доўга астаешся ў Пецярбурзе?

— Не болей тыдня. Мне яшчэ трэ ўладзіць справы з камітэтам, узяць ад іх літаратуры і дагаварыцца яшчэ аб некаторых справах.

— Хопіць часу на раздумы.

— Так, хопіць... Яшчэ паспеем выдумаць што-кольвечы і для Лібы Шлёмаўны...

— Наперад пра сябе думайце-э...

Яна падышла да дзвярэй.

— Дайце, пойдам куды, каб разагнаць сціснуўшы мяне сум... Га?

Хлопцы паслухмяна пачалі збірацца да выхаду.