ІХ
Першыя дні безрабоцця нічым асаблівым не адбіліся на Рыгоравым настроі. Ён прачынаўся на свісткі сірэн, пасля яшчэ на нейкі час засынаў. Уставаў з пасцелі а дзесятай гадзіне, піў гарбату і выходзіў у горад. Часамі першы прыходзіў да яго Анікей, тады яны разам распланоўвалі дзень і яго праграму выпаўнялі па магчымасці поўнасцю. У гэтай праграме асноўным пунктам было спатканне са знаёмымі, вызнаванне апошніх навін з рабочага жыцця, з жыцця грамадскіх устаноў. Некалькі разоў яны адведвалі раённы камітэт партыйнай арганізацыі, з якім увесь час яны падтрымлівалі кантакт, бывалі ў культурна-асветных установах, у будынку графіні Панінай, наведвалі перасоўны тэатр Гайдэбурава.
Весткі пра стан рабочага рынку таілі ў сабе не дрэнныя перспектывы, і гэта тупіла абвостранасць іх палажэння. Праўда, ужо на чацвёрты дзень пасля іх разліку ў горадзе пайшлі ўпартыя чуткі наконт мабілізацыі ратнікаў апалчэння другога разраду. І Рыгор і Анікей кожны падлягалі, хоць і не ў адзін час, пад гэту мабілізацыю. Анікеевы гады, магчыма, супалі б не з першым прызывам, але ўсё залежала ад ліку мабілізаваных гадоў. Гэтае пытанне ўставала і перад Рыгорам, нягледзячы на тое, што ён ужо доўгі час жыў не па сваіх дакументах. Абодвум зусім не ўсміхалася магчымасць ачуцца ў шэрагах арміі і нясці сябе на забой немаведама за што і за каго.
Погляды на мэты і сэнс вайны ў іх абодвух былі аднакава рашуча адмоўнымі. Не толькі абаронец Міхась Камар, а нават і не зусім свядомы «паражэнец» Якаў Гіс, ужо пацярпеўшы, падпадалі са сваімі поглядамі на бягучы момант пад вострую крытыку Рыгора.
З каразлівай настарожанасцю лавілі абодва пакуль рэдкія весткі пра нездаволенне вайною сярод салдат і нават сярод буржуазна-грамадскіх колаў насельніцтва. Чуткі пра дызертырства з фронту яны разглядалі, як асаблівую форму актыўнага пратэсту супроць вайны. Самы факт іхняе працы па загатоўцы снарадаў служыў ім папрокам у спрыянні вайне.
Але тут ужо справа датыркала другога — барацьбы за існаванне. Як-ніяк, а побач з гэтай барацьбою можна было вясці разбураючую працу на франтах. Болей таго, пазіцыі, якімі былі заводы, захоўвалі сабою сілу, гатоўнасць і базу для перавярнення вайны імперыялістычнай у вайну грамадзянскую. Куды ж, чаму і навошта здаваць гэтыя пазіцыі?
Анікей пры абгаворы гэтага вяртаўся часамі да свае сям’і, радзей успамінаў Рыгор мацеру.
— Трэба абмінуць падыходзячую мабілізацыю.
Калі на сёмы дзень безрабоцця Анікей пахваліўся, што ў яго клюе ўладзіцца на другі завод — Рыгор яшчэ не меў пэўнага рашэння наконт Паўлавай прапазіцыі. Магчыма, што яе наяўнасць, падмацованая Петрусёвымі словамі пры апошнім спатканні, закалыхвала яго цікавасць да складзенага становішча. Тым не меней, Рыгор патураў дбайліваму старанню Анікея знайсці хутчэй працу. Ён быў задаволены, калі перспектыва гэтага стала праясняцца.
— Націскай.
— Націснеш, калі цябе ціснуць...
Хутка Анікей паведаміў Рыгора пра выпадак арышту трох разлічаных, як вайсковаабавязаных. Гэта здарэнне сведчыла пра шмат сур’ёзнейшае, чымся было да гэтага. Ускладненае палажэнне заставіла Анікея перамяніць кватэру, а Рыгора — рашуча і безадмоўна прыняць прапазіцыю Паўла.
— Я пакідаю, браце Анікей, Пецярбург.
— Нават?
— Так, рашыў на нейкі час паступіць на службу ў дарожны атрад.
— Якім чынам?
— Здарылася. Памятаеш чыноўніка, з якім я цябе знаёміў — яго рэкамендацыя.
— Дуй. Чаго табе шкадаваць і каго пакідаць?
— Шкадую Пецярбурга.
— Ха-ха-ха! Камяніц? Дома папярэдняга заключэння?
— Шкадую адрывацца ад рабочых гушчаў, якія з дня на дзень пачынаюць разгортваць новыя страніцы гісторыі.
— Іх знойдзеш усюды...
— Ведаю, але Пецярбург асяродак, месца, з якога забурліць кіпучы гейзер.
— Магчыма. Няхай жа пырсткі яго разлятаюцца далёка, навакола...
Пасля гэтай гутаркі з Анікеем, Рыгор пайшоў да Паўла Памыйкі. Той растрывожаным вяртаўся да сябе, калі яго Рыгор нагнаў у калідоры гатэля.
— Еду, Павал, з табою.
— Надумаў? — няўверана запытаў той.
— А мо сітуацыя змянілася? — выпрабаваў Рыгор таварыша, чуючы сухасць у яго запытанні.
— Го, не... Праходзь у пакой... Я меў досі непрыемную гутарку ў міністэрстве шляхоў. Погань — толькі нервы псуюць... Каб ведаў — нізашто не зайшоў бы...
— Плюй, калі на гутарцы кончыцца,— падбадзёрыў Рыгор.
— Ды я ўжо не раз гэта рабіў... Я, ведаеш, чуць на большае не рашыўся. Ужо кулак свярбеў па крэціністай скроні начальніка стала... але, гад, адчуў і знік... Ёсць весткі, што дзесяты атрад пераехаў далей на ўсход,— дакончыў Павал крыху спакайней.
— А што ты вырашыў ехаць, то не памылішся,— не даўшы замоўкнуць папярэднім словам, працягнуў ён гутарку далей.
— Доўга думаў... радзіўся... Шкада Пецярбурга... Але ўсё ж, еду, Павал...
— Рыхтуйся на нядзелю.
— Хоць зараз... Мне не трэба куфэркаў пакаваць. Стаю — еду... Адно бы, рупіць...
— Што?
— Не размінуцца б з мацерай... Старая, напэўна, збіраецца ў бежанцы — куды ж ёй накіраваць, як не да сына? Прыедзе, а тут...
— Так, думай... Усё-ткі маці... Хоць, можа, у гэтым і хаваецца крыху сентыментальнасці, але то з погляду непрытомных і фальшывых людзей... Я...
— Еду, Павал... Радзь, што трэба мець з сабою...
— Білет, па-першае, а там — што ўпадабаецца...
— Не без гэтага ж...
— У нядзелю тады; а дзесятай гадзіне раніцы будзь на вакзале. Або не стрэнемся, хіба? Я ўжо свае справы амаль што ўладзіў...
Умовіўшыся наконт паездкі, яны доўгі час правялі ў гутарках на іншыя тэмы і ўжо зусім на змроку выйшлі з гатэля.
На вуліцы яны сустрэлі грамаду маніфестантаў.
— У чым справа? — абярнуўся Павал да першага стрэчнага.
Той не паспеў адказаць, як на іх наскочыў газетчык і распеўна прагукаў:
— Італія абвясціла вайну кайзеру. «Капут немчуры». «Напружаныя бойкі на расійска-аўстрыяцкім фронце».
Павал купіў газету, і яны ўдвух запоем прачыталі выдзеленае буйнымі літарамі паведамленне пра далучэнне Італіі да вайны.
— Яшчэ не лягчэй,— уголас незадаволена выказаўся Павал.
— Што вы сказалі? — прагудзела ў іх над вушмі.
То запытаў незаўважна падышоўшы да іх здаравенны, з доўгімі жоўтымі бакенбардамі і брытай барадою, шыракатвары і плюскатаносы палкоўнік.
— А вам якое дзела да таго? — задзёрыста адазваўся Рыгор.
— Тэўтонскія агенты! — яшчэ вышэйшай нотай вылаяўся палкоўнік.
— Мясаедаў...
Хлынуўшая на іх чарада людзей адціснула палкоўніка болей сажня ўправа. Рыгор з Паўлам павярнулі ў бок Неўскага, напрамкам за разрэдзеным хвастом маніфестантаў.
На Неўскім наглядаўся той жа падвышаны настрой. Весткі з Італіі скланяліся на ўсе лады, служачы тэмаю для агульных гутарак. Па той непамерна раздзьмутай радасці, якая ахапіла задзёрыстую патрыятычна-гардлівую буржуазію і ваеншчыну, можна было судзіць, якое глыбокае нявер’е ды безнадзейнасць справодзілі зацягнутую вайну.
— Няхай цяпер папатужыцца Вільгельм! — разліваючы па тлустым чырвоным твары сытую ўхмылку, цешыўся якісьці таўсцяк, зазіраючы Паўлу ў вочы.
— Так, ёсць чаго тужыцца,— адказаў Павал.
— А вось калі Амерыка жахне — тады...
Яны абагналі няпрошанага размоўніка і перайшлі на другі бок праспекта.
Непадалёку ад іх віднелася спынка трамвая. Павал раптам хапіўся за галаву.
— Ага! Я зусім забыў, што яшчэ мне трэба зайсці ў адно месца па даручэнні дзелавода. Ты пачакаеш?
Рыгор спыніўся.
— Я думаю адпраўляцца на кватэру. Трэба перамовіцца з гаспадыняю. Для яе будзе знянацкім мой ад’езд...
Павал пачакаў, пакуль Рыгор сеў на трамвай і сам пайшоў напрамкам да вуліцы Жукоўскага.
Ён падыходзіў ужо да месца, як успомніў, што забыў парадзіць Рыгору купіць высокія рускія боты. Але, завярнуўшы ў дзверы, парашыў, што яшчэ на гэта хопіць часу, і заспакоіўся. Гэта было другарадным — Паўла здавальняла Рыгорава згода паехаць з ім разам у дарожны атрад. Толькі б не было замінкі з боку дзелавода. Магчыма...
У гэты момант Рыгор таксама стаяў перад дзвярыма ў сваю кватэру, чакаючы, пакуль Сарафіна Хлораўна іх адамкне.
— Што ў вас новага, Рыгор Міхасевіч? — рупліва і гасцінна запытала Сарафіна Хлораўна.
— Розныя навіны!
Гаспадыня настаражылася, зрабіўшы на твары міну, у якой было цяжка разабраць, ці ў ёй выказвалася цікавасць да навін, ці любаванне пасуседам.
— Якія ж, цікава, Рыгор Міхасевіч?
— Першая — гэта Італія абвясціла немцам вайну...
— Ой жа! Як добра, што нарэшце паганым немцам прыйдзе капут...
Кабета малебна злажыла рукі.
— Ну, то агульная, але, вось, вашы-то справы, вашы...
— Дзякую, Сарафіна Хлораўна... Ідуць...
— Ідуць... Пара працаваць, Рыгор Міхасевіч...
Яна правяла Рыгора да яго пакоя.
— Вярней — едуць, Сарафіна Хлораўна, едуць...
Ён прайшоў у пакой і пакінуў адчыненымі дзверы.
Гаспадыня стала ў іх, як партрэт у рамках, і напружана чакала далейшага паведамлення ад Рыгора.
— Я павінен вас, Сарафіна Хлораўна, пакінуць. І буду прасіць, каб вы зрабілі падрахункі...
— Што вы кажаце?!
Гаспадыня, мэрам збаяўшыся гэтага, азірнулася на калідор і крыху прычыніла дзверы.
— Так нечакана?
— Нечакана, Сарафіна Хлораўна...
— Назусім паедзеце з Пецярбурга?
— Не спадзяюся, каб не вярнуцца. А таму і вас прасіцьму паглядзець за ўсім тым, чаго я не магу з сабою ўзяць... Усё здараецца... гара з гарою не сходзіцца...
— А чалавек з чалавекам заўсёды... Шкада мне вас, Рыгор Міхасевіч... І вы далёка едзеце?
— Не блізка.
— Гм...
Яна моўчкі пастаяла яшчэ хвілін з пяць і з апушчанаю галавою павярнула з дзвярэй.
Рыгор зачыніў дзверы, абавёў узрокам свой пакой і рашуча сам сабе праказаў:
— У нядзелю а дзесятай!
Х
— Пішэце, Рыгор Міхасевіч, пішэце, прашу вас,— стоячы ў адчыненым акне, прасіла Рыгора яго гаспадыня.
Ён яшчэ раз зняў ёй капялюш і, з куфэркам у руцэ, а пакункам у другой, павярнуў у браму.
Сарафіна Хлораўна махала белаю хусцінкаю і не аднімала ваччу, пакуль Рыгор выйшаў на вуліцу і схаваўся за брамаю.
Ціхая шырокая вуліца выглядала святочна. Наўсцяж яе можна было бачыць лічаных пешаходаў. Дзесьці ўправа ад дачы Сарафіны Скрынкінай чулася фартэпіянная музыка.
Яскравай сонечнай раніцай, пад распуканымі дрэвамі саду і палісадніка, мілагучныя зыкі якоесьці незнаёмае арыі навявалі асалоду і казыталі Рыгорава нутро. Ці не працяг гэта тае музыкі, якая вітала год таму назад яго прыезд у Пецярбург? Калі б яна мела здатнасць уплывовасці на людскі лёс — то была б добрая адзнака. Рыгор не паскардзіцца на пражыты ў Пецярбурзе час. Яго жыццё дапамінала музыку, але не перабояў і вібрацый струн, а кіпення пачуццяў ды натхнення, як водгуку законаў рабочага змагання за шчаслівае, адпаведнае працаўніку існаванне. Гэта музыка яго жыцця і зараз не астыла, не здала свае напружанасці, а толькі мяняе варыяцыю.
— Рамізнік!
Заглядзеўшыся на каняку, якая нядбайна вывозіла яго з ператочнае вуліцы, лахматы чалавек на каламажцы рупліва затузаў лейцамі. Каняка заварушылася, натужылася і пабегла да Рыгора.
— На Царскасельскі вакзал!
— Паўтара рубля.
— Рубель?
— Што вы, гэткая далячынь. Падбаўце-э.
— Яшчэ дваццаць капеек?
Рыгор намерыўся ісці далей, ды яго прыпыніў чыйсьці вокліч. Ён азірнуўся і ўгледзеў кароценькага чалавека з бежанскага камітэта.
— Выбачайце, я па адным пытанні да вас,— вітаючыся, праказаў ён да Рыгора.— Вы спяшаецеся недзе?
— Так, я зараз еду на вакзал, а там...
— Далёка?
— У Мінск! Па справах!
— На працу?
— Так...
— Цікава, вельмі цікава, гм... Толькі, бачыце, час такі, што там зусім небяспечна...
— Давайце едам! — перабіў рамізнік, звяртаючыся да Рыгора.
— Сядайце, калі па дарозе,— запрапанаваў Рыгор кароценькаму чалавеку.
— Як вам сказаць... я та не ў той бок, толькі... рад вас правясці да Каменаастроўскага...
Яны ўселіся, і рамізнік з вокрыкам замахаў над абабітаю, прывычнаю да пугі, канякаю.
— Цікава... Мне так хочацца туды, так цягне, што здаецца, кінуў бы ўсё і хоць на гадзіну-другую... Віленшчына, узгоркі, малады лясок, змяістыя ручайкі па мурожных паплавах. Толькі — нельга. Вайна. Ты туды — а тысяча адтуль. Бяда, бачыце, страшылішча... Яшчэ немаведама, як будзе праз лета. Магчыма — зруйнуюць край дашчэнту. Вайна ўсё далей заблытваецца...
Рыгор няўважліва слухаў суседа і раз-поразу адцягаўся вачыма на мігаўшыя побач гароды, масты, будынкі заводаў.
Вось знаёмы паркан, вароты ды сумны, цёмна-чырвоны фон такарных і слясарных майстэрань, у якіх ён працаваў больш года. Нядзеля — і за парканам ціха. Між жалезнае брамы таўчэцца стораж, а наводдаль гарадавік. Перакідаюцца словамі, жартуюць.
— Бывай!
Маланкаю праносяцца важнейшыя, больш выразныя моманты, звязаныя з працаю на заводзе. Памер майстэрні, цёмныя запыленыя вокны. Трансмісіі, раменні, станкі. Скрыпучы і бразгучы кран за біламі, над сярэдзінай будынка, не падзеленаю на паверхі. Дзесяткі знаёмых твараў. Позы пры рабоце. Майстар і задумлены, адваротны і праціўны ваенны кантралёр, палкоўнік — астатняя гутарка Рыгора з партыйным камітэтам.
Мінулае.
— Прагналі з завода — вось з гэтага самага і павінен пакідаць Пецярбург,— паведаміў Рыгор кароценькаму чалавеку, ткнуўшы пальцам у бок завода.
— Прагналі? Баставалі, пэўна, ці за іншае што?
— Так, за забастоўку ў Першае мая.
— Вось на іх ліха, падумаць...
— Еду, а магчыма, маці едзе сюды... Крыжуюцца дарогі, так і гэтак, уздоўжкі і ўператоч. Адны сюды, іншыя ў другі бок, некаторыя ўгору, другія ўніз... Ага... якраз дарэчы, што я з вамі стрэўся... Так... Я буду вас шчыра прасіць, калі, часамі, мая маці трапіць у камітэт — дайце мне знаць, а яе прытуліце на нейкі час. Старая згіне адна. Добра?
— Го, чаму не! Хто б мог адмовіцца... А вы не ў сваю дарогу? — запытаў кароценькі чалавек.
— Не. Маё будучае месца перасунулася за Мінск. Я перш разлічваў заглянуць у сваё мястэчка, а зараз... Ды ў мяне з паліцыяй не ўсё гладка.
— Ага-а!
Кароценькі чалавек адвярнуўся ў бок шырока разлёгшае Вялікае Неўкі, праз якую яны праязджалі. Цёмная вада адбівала яскравыя ранішнія праменні сонца.
Кароценькі чалавек хапіў Рыгора за руку і моцна яе паціснуў:
— Дык едзьце здаровы! Жадаю вам усяго найлепшага! Пішэце, што чуваць, пішэце... Рамізнік, на хвілінку спыніся!
Кароценькі чалавек злез, не даехаўшы да вызначанага месца, і яшчэ раз выказаў цёплыя пажаданні Рыгору.
Рыгор падзякаваў і загадаў рамізніку шпарчэй ехаць.
Каняку цяжка было ўзбірацца на гарбіну Троіцкага моста. Прытупленыя падковы коўзалі па гладкім, выслізганым тарцы. І дарма ў паветры выкручвала розныя фігуры рамізніцкая пуга! Каняка на гарбіну моста ішла дробным, няроўным трухам. Затое Рыгору знаходзілася магчымасць яшчэ раз абласкаць узрокамі разгорнутую веліч цудоўнага вобраза Нявы, Петрапаўлаўскае крэпасці, Узбярэжнай, Біржы, універсітэцкіх будынкаў і Астральных калон — направа, летняга саду, палаца медыцынскай акадэміі, разбегу Нявы з Вялікаю Неўкаю, Ліцейнага моста і нязлічаных труб Выбаргскіх ды Охтэнскіх заводаў — налева. Гэта хараство Паўночнае пальміры прыкоўвала да сябе ягоную ўвагу і ўплывала на яго настрой маладым задзёрам.
У заглядзенні ён не заўважыў, як каняка апынулася пасярэдзіне моста і ад тузаніны лейцамі — шпарка паняслася да Марсавага поля...
Тым жа тэмпам яны праехалі і дарогу да вакзала.
Рыгор паглядзеў на гадзіннік. Яшчэ аставалася дваццаць восем хвілін да адыходу цягніка. У гэты тэрмін уваходзіла знайсці Паўла Памыйку і, магчыма, калі той не паспеў гэтага, купіць білеты.
Адпусціўшы рамізніка, Рыгор ускоранай хадою накіраваў да правых дзвярэй вакзала. Ён вёртка абмінаў сустрэчных і моўчкі ўвільваў ад назойлівых насільшчыкаў.
Раззіраючы па баках, ён ужо быў на ўсходах на другі паверх, калі з першае касы насустрач яму выбегла Ліба.
Белая касынка пракалола яго нутро нечаканай радасцю.
— Нарэшце! — праказала сястра, разняўшы стройныя рукі: — а мы чакаем, а мы трывожымся.
— А білеты?.. Вы з Паўлам?
— Так, ён чакае вас.
— Пэўна яшчэ не позна?
— Ды ўжо садзяцца.
Ліба выхапіла з Рыгоравых рук пакунак, і яны спешна ўбеглі ў перапоўненую людзьмі залу-пачакальню.
Павал іх пільнаваў і не даў заходзіць у натоўп, павярнуўшы да выйсця.
— Вось вашы білеты; Лібе перонны.
Прайшоўшы на зацемнены шкляным навесам перон, Павал панёс у вагон рэчы, а Рыгор з Лібаю асталіся пры вагоне.
— Вы ведаеце, Рыгор, і мяне выпраўляюць ехаць... Паеду на фронт — болей у шпіталі не магу аставацца...
— Іначай нельга? Дык калі ж загадаеце прыйсці вас сустракаць?
— Скора. Паведамлю, зразумела.
Між іх мігнулася трое салдат, уподбежкі шмыгнуўшых у «іх» вагон.
З усходцаў адзін з салдат зацікаўлена паглядзеў на Рыгора і злёгку засмяяўся. Рыгора гэта заінтрыгавала, ды ён нічым не паспеў рэагаваць, бо тут жа выскачыў з вагона Павал.
— Без дзесяці хвілін. Месцы выпалі пры акне.
— З добрымі суседзямі?
— Пагодзімся...
Яны няўверана прайшлі сажняў два наперад, пасля вярнуліся назад на старое месца.
У вагоне пачуўся ўзмоцнены гоман.
— Пойдам займаць месцы. Бывайце-э, Ліба Шлёмаўна! Не ўспамінайце-э ліхам...
Ліба з сумам на твары развіталася з абодвума і адышлася ўбок з гэткім намерам, каб бачыць, як яны будуць ад’язджаць.
У цёмным акне вагона мігаліся людзі, толькі ні Рыгора, ні Паўла не відаць было.
«Няўжо не паладзеце?»
— Царскі, царскі! — раптам вылецела з дзесяткаў вуснаў наўкола Лібы.
І яна ўгледзела, як раптам гуляўшая на пероне публіка пазгушчалася між сцэпак вагонаў, пільна гледзячы ў бок царскага перона.
У надышоўшай маўчанцы выразна чуліся распарадчыя выгукі і наглядалася мігатня людскіх сілуэтаў за малочным шклом сценкі.
Лібу прыціснулі да ўсходцаў вагона. Але яна ўмомант выкаўзнула з натоўпу і апынулася перад адчыненым акном вагона. Каля яго стаялі поруч Рыгор з Паўлам і старанна маталі ў бок Лібы разгорнутымі хусцінкамі.
На фоне Лібінай касынкі аднакава выдзяляліся і паружавеўшы дзяўчынін твар і чырвоны крыж.
«Шчаслівае дарогі, шчаслівае дарогі!» — разгорнена шапталі яе губы, зложаныя ў маленькае, чулае сэрца.