І
Паскараючы хаду, цягнік пакідаў за сабою ломаныя і няроўныя пуці, цесна здаўленыя процьмаю вагонаў, стрэлкамі, вакзальнымі будынкамі. Стукатня перабегу праз сточкі рэльс і стрэлкі раставала разам з гарадскім шумам.
Хутка сіні дымок скрадаў яркія абрысы многапавярховых гмахаў і башты вадакачак пакінутай сталіцы. Але направа і налева ад бягучага цягніка, мэрам бы знарок, працягаліся будынкі заводаў і рабочых дамоў — гарадскіх застаў. Яны доўгі час не адставалі ад цягніка, а беглі за ім, мерачыся яго абняць дзе-кольвечы за шырокай перадгародняй раўнінаю.
Чорнымі высокімі ценямі высіліся ўгору мнагалікія коміны фабрык і заводаў. Густыя хмары дыму віселі над будынкамі пасёлкаў, над топкімі паплавамі — хаваючы адгон небасхілу.
Ужо ў правым акне, крыху наперадзе, забялелі будынкі царскіх палацаў, аколеных густою шатаю парку, а злева ўсё яшчэ цягнуўся горад. Асобныя яго будынкі, з тымі ж стромкімі комінамі, уразаліся ў цёмна-шэрыя сцены лесу.
Рыгор з Паўлам уважліва разглядалі мігаючыя ў ваччу вобразы. Маладая рунь паплавоў і рэдкіх дрэўцаў, заблуджаныя хутаркі пасёлкаўцаў, роўныя, неаглядныя канавы і дарогі адцягалі іх думкі да сябе. Нечувана, але ўведана, разрываліся ў Рыгоравым нутру крэпкія ніткі сувязі з пакінутымі ўзадзе і яшчэ зусім свежымі гарадскімі абставінамі. Хоць ён не раз і не два праносіўся думкамі сюдою, дзе мчыцца цягнік, усё ж не чакаў сам, што яго думкі так хутка пацягнуць за сабою яго самога.
Пецярбург моцна трымаў Рыгора ў сваіх каменных абоймах, і Рыгор самахвоць паддаваўся на зрастанне з ім. Нават раніцою гэтага дня, перад тым, як падблізіцца да вакзала, яму не верылася, што ён сапраўды здымаецца з каменнага посцілу смуглых і шумлівых сталічных вуліц.
Ужо на трэці дзесятак вёрст, а ў яго вушшу не сціхае гармонь бурлівага гарадскога жыцця. Стук калёс, шыпенне паравоза і манатонны звон аконнага шкла — ці не тыя, бач, гукі, якімі жыве Пецярбург? Не, яго стыхія ўелася ў Рыгораву істоту, як уядаецца ў цела татуіроўка. Ён ёю прасякся да канцоў пазногцяў.
— Царскае?
У вагоне стала цямней: вакзальны навес затуліў сонечнае праменне. З шэрай ценню прашылася да пасажыраў невыразнае пачуццё настарожанасці. Бач там, вунь, за непрыветным вакзалам разляглася рэзідэнцыя расійскага самадура-сатрапа. Абкружаны шчэццю гвардзейскіх шабель і казачых пік, затулены ад свету жалезнымі платамі паркаў і няздрэмнымі вачыма тысячаў шпегаў,— ён мудруе над складанымі спосабамі працягнення свайго крывавага панавання.
Канвульсіўны ўздрыг адвярнуў Рыгора ад вакзальнага перона, на якім тапталіся каля дзесятка падазроных асоб. Рушыўшы цягнік хутка завярнуў за высокія ліпы парку, які адгарадзіў чыгункі ад Царскага Сяла.
Усеўшыся першым між шасцю пасажыраў, Павал пазваў гэта зрабіць і Рыгора.
— Нагледзеўся?
— Досыць!
— Хопіць часу на гэта.
— Ды я не сумняваюся.
У бок Рыгора паглядзелі Паўлавы суседзі. Яны правялі яго ўзрокамі на месца і, калі ён сеў, перашапнуліся.
Рыгор адчуў маленькую ўтому ад гадзіннага стаяння пры акне, і сядзець было прыемна. Не хацелася нічога казаць, каб даць магчымасць уявіць сапраўднасць акольваючага яго.
Ён моўчкі прасядзеў, гледзячы на зялёны Паўлаў мундзір, пакуль цягнік параўняўся з Паўлаўскам.
Пасля, як па праграме, павярнуў узрокі да купкі пасажыраў, што сядзелі ў іх аддзяленні вагона. І цікава — перад ім было чатыры салдаты і двое цывільных. Апошнія, занятыя якойсьцю расцяжнаю гутаркаю, не адгіналіся адзін ад другога. Салдаты, як Рыгор прыслухаўся, гутарылі на незразумелай яму мове. Але самы акцэнт мовы быў яму знаёмы. Ці то проста чуты дзесьці ім голас. Адно з двух — Рыгор прыгледзеўся.
Перш туманна, а хутка ўсё выразней і выразней, як з-пад пэндзля мастака, паўставалі знаёмыя рысы двух твараў. Дзе ён іх бачыў? Рыгор перагнуўся да Паўла і паведаміў пра сваё сумненне наконт двух суседзяў.
Павал неўзначай паглядзеў у іх бок і адказаў, што яны сочаць за Рыгорам і, напэўна, пра яго размаўляюць.
«Запытаю на кожны выпадак»,— намякнуў сабе Рыгор і разняў губы, каб выказаць сам сабою складзены сказ. У гэты момант, мэрам бы адчуваючы Рыгорава хаценне, адзін з салдат пераняў яго запытаннем:
— Вы далёка?
— На Мінск,— адказаў Рыгор.— А вы?
— У сваю часць.
— А дзе яна стаіць?
— У Гомелі.
— Значыць, у наш бок?
— Але.
Салдат мэрам бы не меў чаго далей казаць і крыху памаўчаў. Пасля зусім інакшым голасам вымавіў:
— Мне чамусьці здаецца, што я...
— Вось і мне таксама,— не даўшы яму дасказаць, падхапіў Рыгор.
Салдат зразумеў яго і смялей дадаў:
— Бачыліся?
— Ці не былі вы ў Рызе, часамі? — падаў другі.
— Ага-а? Салдацкая форма мяняе чалавека. Ці, мо, гэта памяць згладжвае...
— Жоўты будынак, памятаеце?
— Во-а! Цяпер ужо...
Рыгор прыўстаў і рашуча працягнуў салдатам руку. Тыя весела рассмяяліся.
— Гэта нашы таварышы, пазнайцеся,— паказаў на сваіх таварышаў першы.
Рыгор прывітаўся і з тымі.
— І трэба ж так неспадзявана...
Ён не даказаў, задумаўшыся над імёнамі знаёмых.
— Даруйце-э, час канчаткова сцёр у маёй памяці вашы... імёны...
— Памятаеце Ромуся і Генрыка? Цесны пакой, украдлівыя крокі за дзвярыма, нашы спрэчкі і... праглівае чаканне стрэчы з...
— Го-а, чаму не памятаць! Яшчэ гэтак нядаўна, хоць разам з тым і так даўно-даўно...
— Гэткі час. Ці мы спадзяваліся на яго?
Салдат, назваўшы сябе Ромусем, паківаў галавою і прамовіў:
— З Рыгі можа нічога не астацца... Ужо немцы каля Віндавы... Заводы прыпыніліся, і паўгорада выехала ў Расію.
— З Рыгі,— а з Курляндыі колькі народу ўцякло! — дадаў Генрык.
— Так, вайна неспагадліва. Страшна падумаць.
— Што тут думаць! Думкі не пасобяць...— махнуў рукою Генрык.
— Або што пасобіць? — запытаў Рыгор.
— Трэба абараняцца, пакуль ёсць магчымасць...
— Ад каго і як?
На Рыгора сярдзіта паглядзелі абодва цывільных. Салдаты таксама пераглянуліся між сабою, але ў іх узроках было болей цікавасці, як нечаканасці гэта пачуць.
— А мы, вось, вымушаны адыгрываць ролю ваяк... Рыга, заводы, жанкі — хто іх ведае, як і што, тым не меней бяры вінтоўку і паслухмяна на перадавыя...
— Каб на баронаў дзе-кольвечы ў Ліфлянтах, тады б яшчэ...
Ромусь заўзята пацёр рукі і вясёлымі ўзрокамі паглядзеў на Паўла.
— А хто вам забараняе? — умяшаўся ў гутарку цывільны.
— Яшчэ не падышоў час! — адказаў яму Павал.
— Ужо даўно час. Вы паглядзеце, да якое нахабнасці яны дайшлі! Тысячамі расстрэльваюць нашых раненых, па ўсёй Расіі раскінулі густую сетку шпіёнства, падкупаюць нашых генералаў і камендантаў крэпасцей: забраліся ў Пецярбург і нават у Царскае Сяло і... Немчура запаланіла нас духова і фізічна... Але цяпер годзе-э! Няхай толькі амерыканскі салдат пераступіць Атлантычны акіян, як усё пойдзе іначай. Тут пляваць на Балгарыю — яна мала пацягне шалькі, але Амерыка, тая — го-о!
Цывільны забыў пра свайго суседа, падняўся з месца і, махаючы злосна рукамі, расчырванеўшыся, пырскаючы слінаю яшчэ з паўгадзіны, пры агульным змоўку, даводзіў тэорыю блізкага канца вайны. Пад яго зычнымі блытанымі сказамі лёгка руйнаваліся адна за другою дзяржавы нямецкіх хаўруснікаў. Расійскае войска цудоўна вярталася ад рубяжоў Нёмана на прускую раўніну, назад у Львоў і Перамышль, да Канстанцінопаля. І каб не падаспеўшая праверка білетаў — з вуснаў захопленага краснабая яго суседзі пачулі б шэраг нязбыўных здарэнняў, што маляваў іх прытуплены розум.
Праверка білетаў астудзіла цывільнага гаваруна-патрыёта, і ён, як не бывала таго, ізноў ківаўся ў гутарцы перад сваім суседам...
Рыгор, Павал, Ромусь і Генрык стрымлівалі напор смеху, зрэдку азіраючыся на няпрошанага размоўніка.
Каб не зацягнуць яго ў сваю гутарку паўторна, яны паадварочваліся да акна і ўжо цішэй узнялі яе працяг.
Ромусь успомніў некалькі выразнейшых момантаў з іх астрожнага жыцця, паведаміў Рыгору пра некаторых агульных знаёмых. Для Ромуся з Генрыкам было зусім нечаканым пачуць ад Рыгора пра Міхася Камара, Артура Цвібеля і Якава Гіса. Пазіцыя першага ў поглядах на мэты вайны і на адносіны да яе з боку рабочага стану, пераказаная Рыгорам, выклікала ў Ромуся і яго таварышаў адмоўную ацэнку.
Следам Рыгор паведаміў сваіх рыжскіх таварышаў пра ранейшыя і апошнія здарэнні з рабочага жыцця Пецярбурга і заключыў апавяданне сваім разлікам з завода.
— І зараз вы едзеце дамоў? — пацікавіўся Ромусь.
— О, не! Дзе там! Я еду, вось, з таварышам на службу ў дарожны атрад.
— Чаго ж, гэта лепей, як на фронт. А мы,— ён азірнуўся на цывільных,— як пацукі папалі ў пастку, каб не камандзіроўка з палоннымі, магчыма, купалі б нашы целы спакойныя хвалі Нёмана. А зараз, вось, нас пераводзяць у другую часць — мо, нейкі час затрымаемся ў тыле...
— А хто вам перашкаджае пратрымацца як найдаўжэй,— парадзіў Рыгор.
Салдаты спачуваюча ўсміхнуліся.
— А ўжо ж, самі не будам напрашвацца,— прызнаўся Генрык.
Цягнік усцішаў хаду. Яны ўсе разам згрудзіліся ў акне, ловячы ўзрокамі станцыённыя будынкі.
— Новыя Сакольнікі?
— Яшчэ толькі Дно...— адказаў, прашмыгнуўшы да дзвярэй, кандуктар.— Дваццаць хвілін стаянкі! — дадаў ён з выйсця.
Пасажыры рушылі з вагона.
Рыгор ды Павал разам з усімі.
Двое салдат асталіся пільнаваць месца.
ІІ
У набітай вайскоўцамі і рэдкімі цывільнымі зале другое класы пахла свежаю капустаю, печаным мясам і людскім выдыханнем. Рыгор з Паўлам ды з знаёмымі салдатамі рашуча праціснуліся да буфета, заказалі абеды і вярнуліся да толькі што апарожненага стала.
Нёсшы чамусьці чатыры талеркі гарачае супы рыжы, запацелы і раззлаваны кельнер супыніўся каля іх. І ці па згаворцы, ці таксама выпадкова, яго калега зараз жа прынёс другое. Гэткім чынам абед улажыўся ў дванаццаць хвілін і яшчэ хвілін каля дзесяці аставалася ў загоне.
Рыгор першым вылез з-за стала і накіраваў на перон. Павал з салдатамі не адставалі.
І толькі яны выйшлі з залы на калідор, як іх перапыніла грамада людзей. Наперадзе іх, хапіўшы за руку, здаравенны станцыённы жандар вёў нейкага мужчыну. Апошні смела і рашуча нападаў у словах на жандара, заўзята махаў вольнаю рукою і не намерваўся адыходзіць ад прадстаўніка ўлады. Следам за ім, раздражнена лаючы чыгуначныя парадкі, ішлі іншыя, наколькі відаць было, таксама пасажыры.
— У чым справа? — пацікавіўся Ромусь.
— Жандар павёў складаць пратакол,— адказаў задні з грамадкі.
— За вошта?
— А ласне разбярэшся?
Яны болей не распытвалі, каб не займаць праходу, і выйшлі на перон.
Гадзіннік паказваў блізкі адыход цягніка. Публіка рупліва бегла ў вагоны, але кожны падбягаўшы да дзвярэй супыняўся. Некаторыя спакойліва адыходзілі назад.
— Цягнік затрымоўваецца на сорак хвілін,— паведаміў іх кандуктар,— не спяшайцеся.
Падзяліўшыся на пары, салдаты асобна, а Рыгор з Паўлам асобна, яны згубіліся адны ад другіх у сумятні пасажырска-пероннага натоўпу.
— Сімпатычныя людзі твае латышы! — адазваўся Павал.
— Так, я знаходзіў у іх блізкіх сябраў. Бывала ў астрозе...
— На хвілінку! — перанялі Рыгора на паўсказе.
Яны абярнуліся і ўгледзелі тых, пра каго гаварылі.
— Мы сустрэлі Караля, памятаеце?
Рыгор задумаўся.
— Якога гэта?
— А вартаўнік пры заводзе ў Рызе!
— Няўжо?
— Стары жабруе па падвоканні вагонаў...
— Караль? Дзе ж ён?
Яны павярнулі назад і адразу наткнуліся на згорбленага, без шапкі, у моцна паношаным паўхалатку чалавека. У адной руцэ ён трымаў тоўстую сукаватую крывулю, у другой працягаў наперад нешта дапамінаўшае капялюш. Стары нясмела падняў заўпалыя ў глыбіню арбітаў вочы і невыразна паглядзеў на абступіўшых яго чатырох маладых чалавек.
— Дзядзька Караль? — запытаў Рыгор.
— Га? Ён, нябожа... Адкуль жа, сыне, мяне знаеш? — тым жа, добра знаёмым Рыгору голасам, поўным раптоўнае надзеі і чаканняў, адказаў жабрак.
— Рыгора Нязвычнага памятаеце?
— Рыгора Нязвычнага? Цяжка, сыне.
Стары хвілінку памаўчаў, крыху адхіліўшы галаву ўбок, мэрам бы шукаючы каго, пасля пэўней адказаў:
— Прыпамінаю крыху. Так, нябожа... Во-а, ці ж няпраўду я казаў табе?.. Здаецца, табе я казаў, што маё жыццё... Бачыш... Ужо месяц, як у дарозе — бежанец... Дзесяткі год служыў на заводзе, сцярог чужое дабро, вартавым сабакам дняваў і начаваў пад варотамі, а за ўсё — торба-а...
Каля іх сышлася грамадка цікавых.
Павал заўважыў, як некалькі разоў з розных бакоў пралазіла да іх мопсавая галава здаравеннага жандара.
На тэму пра старога расцягнулася рэзвая, рознаматыўная гутарка. І стары Караль, ужо бачыўшы не гэткія зборы людзей, зацікаўлены, можа, апошняю супольнаю ўвагаю да сябе, крыўдліва, з роспаччу ў голасе казаў:
— Сабакам трымалі і як сабаку выгналі... Гэта завецца людскімі адносінамі... Няхай бы ў каго-кольвечы знайшлося каліва спагады, няхай бы адзін з мільёнаў адкапаў праўду і смела паказаў яе бяздушным і самаздаволеным — во, стары варты таго, каб за яго працу дагледзець рэшткі жыцця... Дык не... Машыны — сырызна для апрацоўкі, вугаль і розная гніль — у вагон, а чалавек — на палцы... Памерці ніхто нікому не шкадуе. Калі ж да мяне — не патрэбна гэтага,— я сам сабою жыў і самотна памру, толькі павінны прызнаць, што я жыў. Я меў права жыць, бо быў народжаны бацькамі — вось у гэтым, дзеткі, людская да мяне неспагада... Ад Рыгі да Дна — месяц хады. Дажджом, гразёю, лесам і на ветры... Бежанец... Чаму і пашто — ласне разбярэшся? Быў завод — яго знялі з месца, разабралі на часткі і дзесьці дзелі. Былі яго гаспадары — і тых няма... А завод даваў грошы, расціў капіталы, багаціў людзей — няўжо на тое, каб мне жабраваць?..
У Каралевай развазе, і вострай і халоднай, паступова расталі разнастайныя рэплікі аколіўшых яго. Многія сур’ёзна слухалі старога жабрака.
Калі першы званок перабіў яго нямудрую, але моцную гутарку, дзесятак пальцаў ціснулі прыгатаваныя яму ахвяры. Хутка круглыя манеты паляцелі ў тое, што раней звалася капелюшом, і Каралева галава чуць прыкметна вітала іх дзвенгі.
Рыгор з таварышамі зрабілі тое, што іншыя. Але гэтага было мала. Каралевы словы асабліва чула ўспрымаліся Рыгорам. Ён адзнаваў, што стары накіроўваў сваю гутарку, як і раней, праз яго да ўсіх. Рыгор ведаў, што Караль бачыў у ім чалавека, які знарочыста з’яўляўся перад старым у моманты, калі пацярпеўшае сэрца шукала шчырага спачування.
— Старога не можна пакідаць адным! — уверана сказаў ён да таварышаў.
Павал бяспомачна пацяў плячыма. А салдаты дабрадушна ўсміхнуліся.
— А што яму пасобіш, апроч няшчаснага медзяка? — выказаўся Ромусь.
— Гэтага мала. Мы павінны...
Тут жа Рыгор выняў з кішэні кусочак паперы і карандаш і ўспешку напісаў:
«У бежанскі камітэт. Пецярбург, Знаменская. Калі ласка, прыміце гэтага старога на дагляд у камітэце. Ён таксама бежанец, як і другія, і не мае дзе прытуліцца. Буду дзякаваць. Нязвычны».
Загарнуўшы ў напісаную цыдульку змятую траячку, ён падаў гэта Каралю і папрасіў старога:
— Купляйце білет і едзьце ў Пецярбург. Там мо знойдзеце прытульнае месца для адпачынку.
Караль тым жа кіўком галавы падзякаваў Рыгора і завярнуў да вакзала.
Адышоўшы крокаў пяць, ён раптам вярнуўся назад, паглядзеў на тое месца, дзе толькі што стаяў аколеным людзьмі, і памахаў старэчаю рукою на вокны вагонаў.
Рыгор з таварышамі не заўважыў гэтае сцэны. У гэты момант яны пільна глядзелі на грамаду людзей, якая гамузам выпірала на перон з трэцяе класы вакзала. Другі званок, саладжава сярэбранай палоскай пралёгшы ўсцяж цягніка, мэрам бы затрымаў яе пры сцяне вакзальнага будынка.
Людзі выраўняліся пярэднімі радамі ў стройную шарэнгу. Праглівыя ўзрокі іх вачэй, атуленых, як у аднаго, густымі брывамі зверху, а гусцейшымі бакамі з бакоў і знізу, стромка падалі на цягнік.
Раптам выразная фігура жандара ў справоджанні якіхсьці станцыйных чыноўнікаў разважліва прасунулася паўз грамаду, мэрам бы падлічаючы колькасць яе, і знікла за рогам будынка. Услед яму павярнуліся сотні галоў.
Доўгія бароды пярэдніх зліліся ў адзін чорна-белы шаль, хвальністымі брыжамі аблёгшы іх вузкія чорныя польты. Ззаду заматаліся рэдкія белыя галкі галоў.
Ужо трэці званок сагнаў пасажыраў з перона, калі Рыгор з рушыўшага цягніка ўгледзеў, як грамада людзей кранула з месца, рассыпаючыся па пероне. Дзесьці за станцыяй прагудзеў гудок цягніка, які спяшыў на Дно.
— Колькі гэтых бежанцаў! а-я-ай? — праходзячы вагонам, ні то сам сабе, ні то ўсім пасажырам паведаміў кандуктар: — кожны дзень хмары. Нашы, палякі, яўрэі — едуць і ідуць, і ідуць і едуць, куды і што — немаведама. З Рыгі, з Коўны, з Варшавы і з Вільні. Загружаны вакзалы і станцыі... Што-а гэта робіцца? — не возьмеш на розум. А чым кончыцца — страшна і падумаць... Вось бачылі,— ён спыніўся перад Рыгорам, які стаяў пры акне, і ткнуў пальцам у бок пакінутае станцыі.
— Гэта ж, што вось стаялі ў шэрагу, польскія і галіцкія яўрэі. Каторы дзень яны таўкуцца ў Дне. Троха ад’едуць, а на іх месца новыя ды новыя. Хварэюць, мруць, калечацца... Надовечы пад Новымі Сакольнікамі.
Стрэчны цягнік, замялькаўшы ў вокнах вагона, перабіў кандуктара. Ён таксама спакойліва, як і гутарыў, адышоў ад Рыгора.
Той заняў сваё месца, спачуваюча паглядзеўшы на верхнія лаўкі, дзе ўрасцяжку ляжалі Ромусь і Генрык.
Павал задумліва стаяў у акне вагона, за якім спешна знікалі дробныя шэрыя будынкі станцыі.
— Зусім недарэчы гэта запазненне. Мы можам не паспець на сустрэчны цягнік і гатовы ў Оршы праваляцца займаздароў да раніцы.
— А то бывае?
— Як піць даць.
— Гэта ўжо нядобра.
Аднак, узмоцніўшы хаду, цягнік разганяў Паўлава сумненне наконт своечасовага прыбыцця ў Оршу.
У кожным разе яго няўверанасць не перашкодзіла яму прытуліцца галавою да сценкі вагона і беспярэчна аддацца надышоўшым марам.
Рыгор меркаваў зрабіць тое самае.