SommaireСокі цаліны
Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ДРУГАЯ · 5 min de lecture

ІІІ

Хвіліна ў хвіліну, па распісанні, а восьмай гадзіне раніцы Рыгор з Паўлам прыехалі на месца. Нягледзячы на закінутасць станцыі і на ранні час, перон кішэў людзьмі, пераважна сялянамі з клумкамі ды сякерамі. Шмат іх кінулася ў вагон, загараджваючы дарогу тым, хто выходзіў, іншыя непарушна стаялі на месцы, азіраючы цягнік і прыехаўшых пасажыраў.

Калі Рыгор з Паўлам, пакінуўшы цягнік, накіравалі да дзвярэй у станцыю, прысутныя на пероне сяляне перад імі паважна расступіліся. Некалькі старых, гледзячы на шырокія, бліскучыя палеты Паўла, працягнулі да шапак рукі. У станцыі іх аколіла да дзесяці чалавек, закідаючы рознымі пытаннямі.

— Можа, прыкажаце адвезці ў мястэчка? — працягаючы да Паўлавага носа сукаватае пужальне, несупынна перапытваў даўгавязы, смаркаты хлопец.

— Паном, напэўна, у фальварак Ступкі? — дагадваўся пілявы, сухатвары мужчына, спрытна плечуком адціскаючы даўгавязага.

Толькі нясмела пазіраючы, крыху наводдаль стаялі двое сталейшых чалавек. Відаць было, што кожны з іх таксама мае намер падысці да засеўшых за сталом Рыгора і Паўла. Але, угледзеўшы зласлівую міну на твары апошняга і яго адмоўны ківок рукі, яны не хацелі адводзіць на сябе «панскую» няласку.

Пачакаўшы, пакуль перад Рыгорам і Паўлам асталіся стаяць пустыя ад гарбаты шклянкі, хурманы ёмка падскочылі да стала і хапіліся за Рыгоравы рэчы. Замарудзіўшыя над нечым, даўгавязы і сухатвары ўгледзелі сваіх канкурэнтаў тады, калі тыя хаваліся ў выйсці са станцыі. Вострыя лаянкі знарушылі станцыённую дабрачыннасць, але не маглі праламаць сцяны, каб даляцець да ёмкіх сялян.

— Да мястэчка не болей трох вёрст, ну ж дарога — няхай яна праваліцца! — тлумачыў адзін з іх, пакуючы Рыгораў куфэрак і клумак.

— Пабілі, а памятаеш, ці даўно, як стол была,— адказваў другі, падгортваючы пад сядзенне растрыбушанае жоўтае гарашэнне.

— То не жарты — столькі прапусціць абозу, ды гэткага цяжкага! Глядзі, можа, тысячу гармат праехала на Сунічы. Гэта можна жалеза праламаць,— казаў першы, усаджваючы Рыгора.

— Што праўда, то праўда, яшчэ гэткіх прыгод не запамятаць, якімі зараз напоўніўся свет,— рушыўшы першым, згаджаўся другі.— Вам не мулка, часамі? — інакшым тонам падбаў ён пра свайго ездака.

Павал паматаў галавою і паглядзеў на Рыгора. Той нешта калупаўся каля спіны свайго вазніцы.

— Едзем! — пазваў Павал.

— Я думаю на аб’езд, Лукаш? — выгукнуў той, што меў справу з Рыгорам.

— А ліха яго ведае! Давай нацянькі!

— Цянькі адбіраюць дзянькі!

Прыказка была ўжыта для прыгожага слаўца. Вазніцы абмінулі заламаўшую направа свежавыбітую сценку і паехалі разбітаю калдобістаю дарогаю.

— Неяк цяжка рашыцца за гэткае кола, якім вядзе аб’езд... Яно б, магчыма, і меней трасло, затое часу аднімае, мо, на гадзіну болей. Бачыце-э! Вам, напэўна, чым хутчэй прыехаць, тым лепей?

Рыгор паглядзеў управа, дзе шэрая сценка абгінала шырокую палосу вузкіх нівак папару, азірнуўся на станцыю і адказаў вазніцы:

— Так, нам трэба як найхутчэй. Але чаму ў вас лянуюцца дарогу правіць?

— Чаму? Або, вы думаеце, разбярэшся! Некалі правілі; я ж кажу, дарога была, як ток — раўнюсенькая; дзесяць — пятнаццаць хвілін — і мястэчка, а зараз... Зараз усё пераблыталася...

— Вярні, гэй, Фомка, між платоў! — гукнуў ён шмат ад’ехаўшаму наперад калегу і тут жа зноў адвярнуўся да Рыгора:

— Фомка толькі нядаўна заняўся гэтым рамяслом; яго трэба пільнаваць, як малое дзіця... Прадаў поле, які там шматок меў, і паквапіўся на ізвоз... Можа, каб у спакайнейшы час, чаго добрага, і пашанцавала б, а цяперака — цяжка адгадаць... Кожны дзень ты маеш новае. Вядома — увесь свет закалаціўся. І што, як вы кажаце, з гэтага выйдзе? Ці будзе лепш нашаму брату, ці мо...

— Нага-а-няй! — даняслося спераду.

Лукаш закруціў над канём доўгаю дратаванкаю і шчыра тузануў вераўчанымі лейцамі.

— Страх бярэ — кожны дзень людзей гоняць і гоняць, як авечак на бойню. А там вязуць раненых, а там пруцца некуды бежанцы... Крывавая завіруха, якой свет не бачыў. Толькі надоечы, вось, прайшло каля дзесяці палкоў стральцоў. Укрылі дарогу — канца няма і меры. Скро-а-зь, як вокам згледзець — людзі-ы, людзі-ы, людзі-ы... Но-а-а!

Паўлаў вазніца стаяў на ўзгрудку, чакаючы Рыгоравага.

— Вось адтуль — далёка наўкола відаць. Расказваюць, што некалі, пры шведскім спаленні, гэты грудок знарок насыпалі. Шведскі цар стаяў і любаваўся аколіцамі. Во-а! Паглядзеце!

Уз’ехаўшы на грудок, Рыгор злез з воза і пільным узрокам правёў навакола.

Недалёка, як на далоні, ляжала шэрая пляміна мястэчка. Высокая вежа пажарнае парола сіняе паветра. З правага боку мястэчка выпукляўся якісьці буйны мураваны будынак ні то паравога млына, ні то бровара, з патухшым, пагнутым комінам.

На працілеглым баку стаялі ў рад тры ветракі з прадзіраўленымі шырокімі скрыдламі. Вузкаю срэбранай стужкаю вывівалася між іх, па зялёнай паласе поплава, рэчка.

Насупроць узгорка, за мястэчкам, з яго шэрых падгніўшых будынкаў, выбягалі чатыры рады высокіх прысад. Прысады абміналі рэчку, узбіраліся на невялікае ўзвышша, далей накіроўвалі да цёмнае сцяны лесу.

Налева ад ветракоў, у густой купіне дрэў, мясцілася да дзесятка дваровых будынкаў. Адзін з іх, белы, з чырвоным пафарбаваным дахам, выгадна вылучаўся на мяккай жаўтаватай руні лісця.

У адгоне вярсты ад двара пасвілася вялікае стада гавяды.

З мястэчка ў двор ішлі маладыя каштанавыя ці кляновыя прысады. Гэткія ж прысады памыкаліся накіроўвацца ў бок станцыі, але, працягнуўшыся каля вярсты, абрываліся. Насустрач ім выбягала да станцыі пара невялічкіх купак бяроз, якія нясмела спыняліся на нелапым адгоне ад прысад.

У тым канцы, адкуль Рыгор з Паўлам прыехалі, пільнае вока не знаходзіла нічога, апроч зелянеючых прастораў поля. Яго цемнаватая рунь з адсветам сталі ў выемках паміж гарбамі, лёгкіх хвалек непрыкметна злівалася з лясным маладняком.

Адсюль нясло прасторам, смачным п’яным паветрам, цяплом квітнеючага лета. Рыгоравы ногі ўрасталі ў вызвеўшую зямлю, а істота дробілася на часткі, зліваючыся з буяннем прыроды.

Нез’яснёная лёгкасць, як пасля скінутых ланцугоў, што доўгі час звязваюць людскую долю, абдала Рыгораву істоту. Глеба, мяккая, як пух, тапіла ў сабе яго прывыкшыя да камня ногі.

Не хацелася верыць, цяжка было думаць, што вось гэткімі палямі ды паплавамі, па чыстай, пушыстай руні, вёрст на сто да захаду, прарыты крывыя шнуркі акопаў, працягнуты драцяныя загарадзі, і тысячы ног выбіваюць пасевы.

Брала дрыготка, калі мімавольна раздражненае ваабражэнне малявала вобразы пажараў, ад якіх гінулі вось гэткія самыя, што перад ім, мястэчкі.

— Едзем?

— Едзем!

Адпачыўшы, канякі рыссю пабеглі з узгрудка проста на шэрыя будынкі мястэчка. Траскатня і падкідасы, з якімі каціліся ломкія вазкі, млосна дапякалі ездакам.

— Па-мойму, дарожны атрад, што стаіць зараз у Ступках, абавязаны дарэмна выправіць гэту дарогу, тут жа справа чыста вайсковая,— каб згладзіць непрыемнае пачуццё ад язды, загутарыў Паўлаў вазніца.

— А зразумела,— рады выпадку яшчэ нейкі час паразважаць ездакоў, падхапіў Рыгораў вазніца: — для мяшчан тае дарогі хапіла б на дваццаць год. Я думаю, што мы можам прасіць гэтага па праве... Як вы кажаце? — абярнуўся ён да Рыгора.

— Мой сябра гэта лепш ведае,— адказаў Рыгор.

Вазніца нібы і чакаў гэтага адказу, ужо даўно ўглядаўшыся ў начальнічую форму Паўла.

— Фомка,— гукнуў ён, калі пара гумен ужо засланіла ад іх зелень паплавоў.

Паўлаў вазніца азірнуўся.

— Чаго?

— Ты чуў, што я казаў? Гэта наконт дарогі...

— Ага?

— Запытай там у свайго... Напэўна, яму гэта справа вядома.

— Ды кінь, Лукаш! Ці маеш ты лад?

Хутка яны ўехалі на брукаваную вуліцу, якая струною праразала мястэчка ад рэчкі да рынкавага пляца.

— Нам да канцылярыі кіраўніка работ,— праказаў Павал, абярнуўшыся да Рыгоравага вазніцы.

— Ведаем... А адтуль, часамі ў Ступкі не паедзеце? Бач, атрад стаіць там. Ды, напэўна, і сам кіраўнік недзе індзе.

— А я вам не магу сказаць...

— Вы ж, напэўна, таксама за гэтай справай? — надазаляў Рыгору вазніца.

Рыгор не паспеў укантактаваць яго цікавасць, бо тут жа перад чыстым ганачкам трохвоканнага дома Паўлаў вазніца затрымаў каня.

— Вам пасобіць занесці рэчы?

— Адну хвілінку!

Павал схаваўся ў доме.

Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ДРУГАЯ · 6 min de lecture

IV

Невялічкі пакой з двума сталамі, за адным з якіх сядзеў невыразнага росту і звання чалавек, за другім — жанчына,— гэта і была канцылярыя кіраўніка работ дарожнага атрада.

На Рыгора панясло смуродам тухлага, непрасвежанага паветра.

Затоптаная падлога і сляды непрытульнасці сведчылі пра часовасць установы.

— Пасядзі хвілінку,— папрасіў Павал Рыгора і зайшоў у бакавы пакойчык.

Ён прабыў там зусім нядоўга, бо Рыгор не паспеў правесці вачыма пару паліцэйскіх стражнікаў за акном, як перад ім зноў стаяў Павал — на гэты раз не адзін. Другі, хто выйшаў з ім да Рыгора, быў стройным, сярэдняга росту мужчынам. Яго чорныя густыя вусы дагледжана паднімаліся ражкамі ўгору, паўз роўны, грэчаскі нос. Чорныя зрэнкі воч празрыста глядзелі на чалавека за сталом, які раптам набыў рухавасць ды ўзвішнасць. Некалькі кінутых сказаў выявілі ў яго голасе цвёрды барытон, ужо знаёмы застольнай асобе.

— Вось гэта мой таварыш Рыгор Міхасёў Нязвычны! — паказваючы на Рыгора, парэкамендаваў Павал.

— Вельмі прыемна! Прашу да мяне!

Рыгор пярэднім увайшоў у цесненькі, крыху дбайней ад канцылярыі дагледжаны пакоік, які, як відаць было па ўсім, належаў да кабінета кіраўніка работ.

— Вы маеце ахвоту астацца ў нас на працу? — працягнуўшы Рыгору руку, запытаў стройны мужчына, у якім нельга было бачыць нікога іншага, апроч кіраўніка работ.

— Калі ласка, знарок прыехаў з Пецярбурга.

— Гм!

Кіраўнік паправіў вусы, крыху памаўчаў, пасля з лёгкім смяшком на чырвоным здаровым твары сказаў:

— Гэта Павал вас заманіў сюды?

— Як бы вам сказаць... І ў самога было многа жадання пабываць тут.

Казённы выгляд кіраўніка работ зусім не адбіваўся на яго мяккім і рэзвым настроі. Гэта дазваляла Рыгору трымацца вольна, адкідаючы патрэбную ў падобных выпадках натужнасць і фальш. Дый ён не бачыў нічога страшнага ў тым, калі б спроба папасці ў дарожны атрад скончылася няўдачай.

Праз усю дарогу Рыгор ні разу не кранаў гэтага пытання, а ехаў спакойным і бесклапотным.

Зусім занядбаў ён пра мэты свайго заезду ў мястэчка. Трывожылі яго нутро і адцягалі яго ўвагу высокія і складаныя пытанні, цесна звязаныя з агульнымі задачамі бягучага моманту. Ад прыватных інтарэсаў нясло буднямі, тым настроем і выглядамі, якія хавала ў сабе канцылярыя кіраўніка работ. З апошнім, мэрам бы, і не было чаго гутарыць. Але Рыгор стаяў каля яго, паглядаў яму ў твар і вёў у думках размову пра сябе.

— Так, так... Памыйкавай рэкамендацыі для мяне досыць... Паспрабуем працаваць... Ну, вам не цяжка будзе, калі я вас назначу старшым рабочым?

— Вам відней.

— Гэта спачатку, а далей пагледзімо... Усё залежыцьме ад вас саміх. Тое было і з Памыйкам.

— Няхай, дзякую...

— Тут праца не цяжкая, а між тым дае значныя прывілеі. Вы можаце зусім у кароткі час пасунуцца высока ўгору. Зразумела — патрэбна старанне і паслухмянасць. Нічога не парадзіш — ваенная справа і ваенная дысцыпліна... Ды што мне казаць вам — вы разумееце самі...

— Дык яно ж так...

Павал моўчкі стаяў, сведчачы іх размову. Кіраўніка ён добра ведаў, і яго гутарка з Рыгорам лішні раз дапамінала яму пра характар Яўгена Провава. Болей цікавіў Рыгор. Яго спакойлівасць і лёгкая нядбайлівасць да таго, пра што ішла рэч, паказвалі смеласць і рашучасць гэтага чалавека. Вывучаны год таму назад, калі яны побач стаялі за варштатам, зараз Рыгор адкрываў перад Паўлам забытыя бакі свайго я.

— Значыць, сходзімся на тым, што я вас аддаю пад загад дзесятніка Паўла Памыйкі. Згодны?

— Будзем лічыць, што так.

— Вы запішэцеся ў майго дзелавода, а поўнае афармленне вашага прыёму ў атрад мы з Памыйкам правядзем пасля.

— Дзякую.

— Вам пад загад! — ухмыляючыся, абярнуўся кіраўнік работ да Паўла.

— Вазьму з ахвотаю.

Яны ўтраіх выйшлі ў канцылярыю.

Кіраўнік тут жа аддаў распараджэнне дзелавому забраць ад Рыгора паперы і правесці яго залічэнне ў атрад. Той паслухмяна праказаў некалькі разоў засаб «слухаю» і зашастаў мнагалікімі справамі на стале.

— Можна, калі хочаце, з абеду пачынаць працу. Едзьце ў двор, уладжвайцеся з кватэраю ды ежай і запрагайцеся,— парадзіў кіраўнік і вярнуўся ў свой пакой.

Хвілін праз дзесяць Рыгор з Паўлам паехалі ў мястэчка ў двор. Цяпер іх вёз адзін вазніца, з якім Рыгор ехаў са станцыі.

Выехаўшы з мястэчка, ён па-ранейшаму завёў гутарку пра сапсаваныя дарогі і пра павіннасць атрада іх паправіць. Але бачачы, што на гэта яму не атрымаць пэўных адказаў, вазніца перайшоў на іншую тэму. Пахваліўшы гароды і поплавы, што прылягаюць да рэчкі, ён рашыў не лішнім пазнаёміць ездакоў з гісторыяй двара, у які іх вёз.

— Вось гэты двор, калі хочаце ведаць, дзесяткі разоў пераходзіў з рук у рукі. Мабыць, ён некім загавораны, бо хто з ім ні меў справы — кожны, нарэшце, спяшыў збыць яго з рук. Ужо за маю памяць уладаром двара перабывала пяць асоб, а раней... Бацька мне расказваў... Цікава...

Вазніца абярнуўся да ездакоў, заліўшы свой пацёрты жыццём твар вясёлым смехам:

— Цікава, паслухайце,— тут жыла пані Задніцкая, гадоў сем — восем таму. Гой, што за па-ані! Колькі яна звяла грошай і дабра на мужчынах! Штотыдзень, свята ў свята, у яе балі — цалюткія ночы. Летам, бывала, расхляпесціць вокны пакояў, а музыка ў мястэчка, гэтак, гру-у, гру-у — і — ы-і. Хоць скачы!.. Агні нейкія пускала ў сваім садзе. Цёмная ноч, а на небе, я вам кажу, палае разнастайнае святло, зоры, дарожкі... Назаўтра — раз’езды, паверыце, як з кірмашу... І так даездзілася, нарэшце, дагулялася. Раніцаю так, памятаю, я ўстаю, а ўжо з мястэчка вязуць у двор ксяндза — адпяваць паню... Ці задушылі, ці сама дайшла... Пасля хавалі, ой як багата хавалі! З гонарам адправілася на той свет, але... штосьці сем гадоў не чутно ў мястэчку жаднае музыкі. Там — не тут...

Зараз па яе слядах тупаў трэці пан, нейкі адстаўны маршалак. Залетась, чуеце, пачаў ён перастройваць двор ва ўзорную гаспадарку: накапаў канаў, напракладаў труб, усыпаў пахань якімісьці загранічнымі парашкамі; сеялак, веялак назвозіў. Пайшло ра-а-сці, во-а!.. А гэта зноў спад, уніз. Сам з’ехаў у Варшаву, пакінуў упраўляючага, і ніякага ладу... Гавяда памізарнела, ураджай паменшаў, трубы паламаліся, адным словам... А дзесяцін тысячу гэткае зямлі — люба! Каб гэта нашаму брату па шнурочку, вось такому хоць...— Ён паказаў на адгон між дарогі і тоўстым каменем пры ёй.— Хто б свістаў гэтай пугай... Быў бы кавалак хлеба, была б кароўка і падсвінак, мо, і адзежына людская. Не па праўдзе бог дзеліць; людзям самім давядзецца папраўляць чыннасць нябеснага дзядулі...

Вазніца разліўся зацяжным рогатам.

Яго лахматая галава то апускалася, то падымалася, а сутулая спіна важыла ёй у тахт.

— Не праўда мо? — з натугаю вымаўляючы словы, запытаў ён у Рыгора з Паўлам.

— Зусім праўда, але...

Захацеўшы піць, конь, не даязджаючы да моста, крута звярнуў управа на поплаў. Вазніца прыўстаў з сядзення, уперыўся вачыма да маёнтка і спакойна пусціў каня да рэчкі.

— Зранку не паіў небараку,— пашкадаваў ён жывёліну, адпушчаючы пасак.

Рыгор з Паўлам злезлі з воза і прайшлі на мост.

— Вы паглядзеце на гэтыя вось паплавы, што за багацце ў іх! — гукнуў вазніца, заўважыўшы, як Рыгор з Паўлам углядаюцца ў агромністыя прасторы прыбрэжных мурагоў.

Адным сваім канцом яны абдымалі двор, як баярскім паясом, губячыся за яго густым садам, за стрункаю накіраваных да станцыі прысад, другім — беглі за мястэчка.

— Тысячы пудоў найлепшага сена! А нашаму брату — ні каліва. Моліш-просіш — хоць бы што — жаднае спагады. Гэты двор — скула нашым мяшчанам... Сядайце-э!

Вазніца паправіў на возе і пагнаў каня.

Высокія густыя ліпы схавалі сабою дваровыя будынкі. За бакавым узгоркам чуліся высвісты пастуховых дудак.

Насустрач ім, вузкаю прагалінаю дарожкі, што раздвойвала дваровы сад, нясліся зычныя выгукі дваровых.

Пры ўездзе на дзядзінец яны спаткаліся з цэлым абозам фурманак, сярод якіх некалькі было вайсковых. На адной з апошніх сядзела двое дарожных тэхнікаў. Павал прывітаўся з імі і паведаміў Рыгору:

— Гэта наша бліжэйшае, так сказаць, непасрэднае начальства. Матай на вус.

— Трэба рыхтавацца да вывучэння вайсковай субардынацыі.

— Не без таго...

Яны злезлі, калі вазніца спыніўся перад доўгім пабеленым будынкам, у якім мясціліся кватэры дваровых. Павал заплаціў за падводу і пайшоў у бліжэйшыя дзверы. Рыгор застаўся на двары; ён не паспеў прабегчы ўзрокам навакола дзядзінца, калі яго пазвалі:

— Будзьце ласкавы, заходзьце!

Рыгор панёс свае рэчы насустрач гасціннаму воклічу маладое кабеты, якая стаяла пры адчыненых дзвярах, як сваха пры стрэчы маладога.