SommaireСокі цаліны
Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ДРУГАЯ · 6 min de lecture

V

У двары жыццё пачыналася на золаку. Яшчэ задоўга да ўсходу сонца гулкія крыкі пастухоў звінелі ў чыстым паветры над дзядзінцам. Рык кароў і траскатня падвод па каменнях бруку біліся ў паколатыя шыбы акна, каля падаконніка якога ляжала Рыгорава галава. Надазойлівыя мухі тысячным роем выгравалі манатонную калыханку. Мулкая пасцель, ці то новае месца, ад сябе непакоіла Рыгора. Дзякуючы гэтаму ён намнога раней звычайнага прывітаў народжаны дзень.

Празрыстае паветра пад малочным небам туманіла яго вочы ліпкай асалодай дрымоты. Туліла да пасцелі аднастайная песня ранняе птушкі. Але раптоўнае засынанне хутка перабівалася. Рыгор расплюшчваў вочы і глядзеў у акно.

Адпачынак не меў паўнаты, а гэта зусім не спрыяла пасля доўгае дарогі. Рыгоравы надзеі пераскочылі на наступную ноч, а першая мусіла абмежавацца шостаю гадзінаю раніцы.

Ранняя раніца, як ветліва яна глядзела ў яго пакоік! І ўсё ж мулялася новаю павіннасцю.

За сценкаю варушыўся Павал. Вось-вось ён пазаве Рыгора да збору на працу. А мо, яшчэ праз гадзіну?..

— Рыгор! Гатоў?

— Так, гатоў!

— Хадзі снедаць і паедзем!

Лусты чорнага хлеба аблягалі шырокую міску свежага малака. Маладая гаспадыня адцэджвала бульбу, туманячы параю цесную каморку.

Пахла апетытнаю ежаю, але Рыгору не хацелася адкрываць рота. Ён бачыў, што і Павал толькі несхаця карпануў лыжкаю ў малацэ і вылез з-за стала.

Гаспадыня здзіўлена глядзела на маладых, здаровых кватарантаў і падпірала сківіцу, каб спыніць недавернае ківанне галавы.

«Паны?»

Яе дбайнае сэрца не сцярпела:

— Я вам налью ў пляшкі і дам з сабою. Вымерхаецеся, нябось... Добра?

Рыгор паціснуў плячыма, а Павал згодна кіўнуў галавою.

Дзве зялёныя пляшкі і нелапы пакуначак у ружовай анучцы занялі яго рукі.

— Паднясі — пасоб,— абярнуўся ён да Рыгора.

Той працягнуў руку па пляшку, але пад’ехаўшая да дзвярэй падвода заставіла яе апусціцца.

— Завязеш?

На прасторных, акованых жалезам драбінах можна было завязці не дваіх ездакоў з іх пляшкамі і пакуначкам!

Двое здаровых, бойкіх коней прывыклі і да дрэнных шляхоў і да цяжкае паклажы.

Яны стромка рвануліся наперад, адчуваючы лёгкую прагулку да месца дарожных работ.

Гэта быў не вазніца, з якім яны ехалі са станцыі і з мястэчка!

Мігам пранесліся будынкі, сад, гарод; засталіся ззаду парабкі з падводамі гною. Тут жа, з невысокага ўзвышша, як на далоні, адцягнула іх узрокі роўная нізіна перад цёмнаю сцяною лесу. На шырокай стужцы бялесага гасцінца з тымі ж прысадамі, якія за мястэчкам браліся ўгору, было ажыўленне. Шэраг сялянскіх падвод з будамі і гавядай курылі слупы пылу. Каля лесу шнурок гэтых падвод паўдугою агінаў заняты чарадою людзей шлях.

Угледзеўшыся, можна было бачыць, як дзесяткі белых спін калыхаліся над чорным пластом зямлі; камякі яе несупынна падалі праз голавы налева, адкуль другія цягалі доўгія палены дроў. То ішла фашынізацыя топкага месца шляху.

— Табе не шкодзіць выслухаць парадак тваіх абавязкаў! — жартаўліва падаў Павал.

— Са здавальненнем, таварыш настаўнік,— адказаў Рыгор.

Павал тут жа ўзяў сур’ёзны тон і вылажыў Рыгору асновы яго павіннасцей як старшага рабочага.

— Ну, пэўна,— дадаў ён,— сёння ты аддасі дзень на нагляд, на азнаямленне.

— Калі сцерплю абмежавацца гэтым.

— А чаму? Хочаш размяць спіну? Проша — ёсць на чым...

«Ррааз-з, яшчэ рра-азз!» — даняслося з граніцы лесу.

Тыя, што капалі, раптам пакінулі лапаты і настаражыліся. Усё ж амаль ніхто не адвярнуўся на пад’ехаўшых Рыгора з Паўлам.

«Ззы-ых! Гр-р-р-р!» парвала надышоўшую цішу і гулкім рэхам разляцелася па лесе.

Грабары, як па ўказцы, зноў замахалі лапатамі.

Рыгор з Паўлам накіраваліся ў лес.

— Латошаць лес, як траву! — пашкадаваў Павал.

— Што ж, лес сякуць — трэскі лятуць! Ці ў лесе справа! Лес — то трэскі, а вось людзі...

Да іх падбліжалася грамада рабочых, якія цягнулі на кругляках здаровую роўную хваіну.

«Нну-у, яшчэ-э! Рра-замм, ггг!»

Тоўстыя вужышчы напіналіся да адказу — хвоя на локаць няслася стырчма ў густыя кусты тонкага дубцоўя.

Крыху далей шастала пілка і адлічваліся гулкія ўдары сякер. Нейчы хрыплівы голас заводзіў «Дубінушку». Уторам яму былі траскатня і ломка.

— Вы абагнеце ўлева, а то, чаго добрага, як хвасяне!..

Рыгор азірнуўся на казаўшага і раптам закрычаў:

— Сто-ай!

Яму адгукнуўся зацяжны востры енк:

— А-ай-і-ы!

Расцягнутыя ланцугом рабочыя ўмомант сабраліся ў шчыльную грамаду. Усе яны з пахіленымі галовамі спагадліва глядзелі на хударлявага белабрысага мужчыну, які, сціснуўшы зубы, са скрыўленым ад болю тварам супыняў бягучую з нагі кроў.

— Перавязаць,— дагадаўся праз нейкі час адзін з грамадкі, і следам у руках другога дзярнулася матэрыя.

— Пусці-ы, пацярпі-ы, Сымон...

Ці паспелі завязаць рану, ці толькі агарнулі — бо мігам пацярпеўшы ляжаў ужо на руках двух здаравейшых рабочых, якія прашываліся кустамі да выйсця з лесу.

— Вязеце-э ў двор! — ні то парадзіў, ні то загадаў Павал.

Яго голас паглынуў рассыпчаты стук упартага дрэва. Знаёмыя каскады гукаў затраслі лістамі і разбегліся ў змрочнай гушчэчы.

— Го-о-а-хі-і! — выліліся з іх рэзвыя, заліўныя выкрыкі людзей.

І калі апошні перазвон рэха заміраў дзесьці ў густых каронах зялёных іголак, да якіх не крануліся вострыя зубы пілкі,— дзяцел адбіў свае знакі. І чарада варон, хлынуўшых з поля, затрашчала свой касцяны гармідар. Некалькі з іх стромка апусціліся да долу, хлопаючы скрыдламі па лісцях арэшніку. Кінуты Рыгорам аскабалак абагнуў смялейшую крутою траекторыяй.

— А, вось іх гняздо! — хапіў Рыгора за руку Павал і спыніўся.

На зямлі, помеж з наскамі Рыгоравых ботаў, ляжала кучка дзеравянай трухі. Цягучаю плеўкаю адзначаліся разбітыя яйкі. Да іх цягнуліся пакурчаныя ралкі толькі што ўпаўшае хваіны.

Ужо частыя ўдары сякер і склюдоў абганялі сухія сукі і зялёныя ралы... Хвоя звінела, як жалеза. І празрыстыя кроплі смалы, пузырачыся на белай абалоні, золатам пераліваліся на сонцы.

— Добры дзень!

На Паўла паглядзела чэцвера пар вачэй.

Адны шэптам, іншыя ўголас адказалі на прывітанне ды зноў пацягнулі мускулы для ўдараў.

— Вам тут адвялі дзялянку?

— Бачыце!

Барадаты рабочы, з цуркамі поту на поўным твары, адышоў ад хваіны.

— Мы прасілі пры дарозе, дык тэхнік адказаў. І мусім таўчыся па ламаччы; блізкі свет перацягні гэтую штуку.

Лёза блішчастае сякеры павісла над чырвонай гладдзю хваіны.

— Гатоў падкладкі! — перабіў іх басісты голас з-пад верху дзеравячыны.

Стукі замерлі, і чэцвера чалавек прыгнуліся над верхамі хваіны.

— Н-ну-у яшчэ-э-а! Рраз-ам!

Рыгор, як стаяў, мігам прылёг да бакавое спіны і напяўся да чырвані на твары.

— Кладзі-ы!

Тоўсты кругляк пакорна лёг пад верхавінаю. Хвоя глядзела паверх сваіх нядаўна жывых, а зараз памятых, але яшчэ зялёных ралак проста ў густы ліст арэшніку.

Праз нейкі час яна паднялася яшчэ вышэй, а далей пакацілася ў бок, дзе свіцілася дарога.

— Пойдам з лесу?

Рыгор аглядаў яго асаблівы, таямнічы свет.

У высокіх хвоях, пераплеценых знізу кустамі, у вільготным змроку, запярэшчаным трапяткімі плямкамі сонца, у напалоханых свістах птушак паўставалі незабытыя ўспаміны мінулага. Веяла здароваю бадзёрасцю; самота набывала сілу, моц і вялікасць. Цягнула да чыннасці, да руху, да бегатні.

Але з дарогі гукалі на снеданне.

— Ты дзе пакінуў пляшкі з малаком?

— Не забыўся!

Хутка яны сядзелі на граніцы лесу ў рад з рабочымі, пілі малако, салодкае і тлустае, ды ўспаміналі дбайную гаспадыню.

— Ах, Памыйка!

Шырокая далонь рукі тэхніка Якава Бросні прапаўзла паўз Паўла да пляшкі.

— Не для вас!

Павал аглянуўся назад і ўстаў.

— Добры дзень!

— Толькі сёння вярнуліся?

— Так... Вось мой таварыш і старшы рабочы, Рыгор Нязвычны.

Нядбайны, ганарлівы ківок галавы тэхніка не паварушыў Рыгора.

— Вам прыйдзецца дагледзець над укладкаю таўсцейшых фашын,— прыказна выказаў ён да Рыгора.

— Гэта дзе?

— Мы іх пачнем класці ад таго канца, дзе пачынаецца загін управа. Абавязкова сачыць, каб між фашынамі і канавай на метр аставалася вольнай дарогі... Дзе супясчанік — там трэба падлажыць цвярдзейшага грунту. Пры насыпцы мусяць разбівацца камякі зямлі і выкідацца дзярына...

— Разумею, так...

— Нам заданне — тэрмінова выправіць гэты ўчастак не пазней палавіны жніўня. А ці ж паспееш з гэтым лікам рабочых? Проваў падаў рапарт аб прысылцы хаця пяцідзесяці чалавек палонных... Ці выпаўніць упраўленне?.. Ну, якаво ў Пецярбурзе? Ёсць надзеі на замірэнне?

— Ха-ха-ха! Захацелі — толькі што віталі ўступленне ў вайну Італіі, а разам...

— Італіі?

Тэхнік сплюнуў.

— Пасобіць вельмі Італія! Цудныя!..

— Во-а, зноў! — гукнула побач іх двое рабочых, якія падняліся з месца і паглядзелі ў бок прысад.

— Дзядзькі, направа!

Доўгі шнур падвод на момант затрымаўся, пасля пярэдняя завярнула на аб’езную сценку, і за ёю рушылі ўсе.

— Едуць і едуць, днём і ноччу; і калі той канец!..

— Немцы насядаюць...

Сігнал да працы ўмомант падняў на ногі рабочых. Яны густою сцяною пайшлі да раскіданай дарогі.

У тым месцы, дзе ляжала ўжо з дзесятак фашын, Рыгор дбайліва сачыў за іх далейшай пракладкай.

Час ад часу ён адрываўся ад сваіх, далёка яшчэ не ясных яму, абавязкаў і для цікавасці пачынаў спрытнымі ўзмахамі жалезняку выкідаць з канавы цяжкія камякі гліністай зямлі.

— Во-во, так-так! — жартавалі разважныя грабары з Рыгоравай рухавасці.

Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ДРУГАЯ · 6 min de lecture

VI

Умовы працы ў дарожным атрадзе мелі свой асаблівы ўплыў на Рыгора. Ён скора звыкся са сваімі абавязкамі старшага рабочага, але доўга не мог пагадзіцца з акаляючымі ўмовамі. Пецярбург не пакідаў хваляваць яго нутро. Разнастайныя вобразы сталічнага жыцця напаўнялі Рыгоравы ўспаміны. Думкі дзень у дзень адрываліся ад зялёных абшараў поля і несліся ўсцяж стальных рэек да вуліц шумнага горада.

Як пасуваецца развіццё рэвалюцыйных настрояў сярод рабочых?

Што там сталася з Анікеем Кузіным?

Якава доля Якава Гіса?

Ці не перамяніў сваіх поглядаў Міхась Камар?

Ага! Вось з Каралем — цікава — дабраўся стары да Пецярбурга ці, мо, па дарозе?..

А Ліба са сваімі калекамі — няўжо ўсё яшчэ ездзіць у Народны дом паказаць ім шумлівы, рэзвы натоўп бесклапотнай моладзі?.. Ці, мо, ужо яна на фронце?

Газеты прыносяць шмат цікавых вестак з грамадскага жыцця.

Ды ці ўсяго гэтымі надрукаванымі ў газетах весткамі абмяжоўваецца сталічнае жыццё? Не можа таго быць! Паварот у развіцці вайны быў далёка не ў карысць патрыятычных ляментацый.

За імі таілася рэвалюцыйная трывога. Ад яе нельга было схавацца, нідзе, нікому. Яна раджала страшныя легенды і нечуваныя чуткі. Разыходзячыся ва ўсе канцы Расіі, гэтыя легенды і чуткі раслі і ўскладняліся, сеючы праменныя надзеі.

Не вольны былі ад іх і Ступкі.

Несупынны праезд бежанцаў нёс з сабою страшэнныя жахі разбурэння краю. Усё настойней гутарылі пра мабілізацыю другое чаргі ратнікаў апалчэння другога разраду. Дзень у дзень рэшткі мужчынскага насельніцтва мястэчка, двара і бліжэйшых вёсак дзесяткамі накіроўваліся да канторы кіраўніка работ, шукаючы заховы ад фронту. Кожны дзень дарожны атрад папаўняўся новымі людзьмі. Гэтыя людзі не скрытна лічылі сябе выбаўленымі ад небяспекі і сваю радасць укладалі ў працу для тае ж вайны. Тыя, каму адказвалі ў канцылярыі кіраўніка, ішлі ў двор, лавілі тэхнікаў, дзесятнікаў, старшых і радавых рабочых з атрада, умольваючы іхняй дапамогі ў прыёме ў атрад.

Шчыльнае сутыкненне з непасрэднымі праявамі ваеннай завірухі ў спакойнай вёсцы нервавала Рыгора. Ён не знаходзіў тут жаднае спробы супярэчання яе гібельнаму разгортванню. Знаходжанне каля фронту дазваляла наглядаць жывы вобраз адступлення цэлае краіны.

На зялёных нівах з буйнымі ўсходамі ярыны, з густым жытам, на расквітнеўшых паплавах — не гулялі надзейныя ўзрокі земляробаў. Смутнае нявер’е насілася над імі ў хмарах пылу, які днём і ноччу ўздымалі на шляху бежанскія падводы.

На сценках і межах, што перасякалі ўдоўжкі ды ўператоч вабраныя руняй нівы, тупалі адзінотныя, заклапочаныя людзі, болей жанчыны і дзеці. Дбайныя рукі страцілі рухавасць — яны не цягнуліся да раскіданага камення, каб зняць яго з нівы і кінуць на дарогу. Неаполаная свірэпа жаўціла палоскі шыракалістага ячменю. Часцей ды часцей забягала ў збожжа гавяда, топчучы яго, выбіваючы. А папар, забыты плугам, зарастаў густым пырнікам.

Рэдка-рэдка, прытупленыя ад леташняга, нарогі ўздымалі яго дзярыну...

Людзі з вёсак, з двароў зачасцілі ў мястэчка. Там пошта, там свежыя навіны, там можна агледзецца, як быць далей. Да чаго поле, хата, праца і клапоты звычайнага дня, калі, мо, вечарам, мо, а поўначы ці раніцою назаўтра кінеш усё гэта і — у дарогу.

Сям’я ў свет, а зацалелы гаспадар — на вайну. На вачах выразны прыклад. Ехалі людзі з-за Вільні, зараз едуць з-пад Вільні. А многія з іх, напэўна, не чакалі таго і аралі папар, кляпалі косы, магчыма, раўнялі ток у гумне.

Для каго і навошта?

Навошта гэта тады, калі ночы спакойна не праспіш, каб не паглядзець дзесятак раз у акно.

І ноч у ноч цёмнае неба выдае надыходзячыя жахі: яно прамянее над Ступінскім лесам. З гадзіны на гадзіну чакаеш страляніны. Фронт рухае на Мінск.

У газетах трывога,— большая і страшнейшая ў лістах з фронту.

Местачкоўцы штодня бываюць на станцыі і штодня бачаць, як праходзяць паўнюткія раненымі санітарныя цягнікі. Нельга ўсяго затуліць ад людзей васковымі таямніцамі, цэнзурай ды прыказамі. Сапраўднасць прасочваецца ва ўсе куткі, ва ўсе мясцінкі краіны — паветрам, лёгкім вятрыскам. Яна ідзе, несупынна і пагрозна, выбітымі шляхамі і гасцінцамі, сцяжынкамі і межамі... З горада ў мястэчка, з мястэчка ў вёску, па засценках, у закінутыя хаткі лясоў.

Гэта робіцца на ваччу Рыгора. Ён сведкаю, як дваровыя пераймаюць яе ў мястэчку і на ўсе лады пераказваюць, абгаворваюць на дзядзінцы ў абед, у сваіх мярлогах-кватэрах — вечарамі; нават умудраюцца раннім-раннім — да працы. Гавораць жанкі, гаворыць моладзь. Гавораць і правяраюць у яго.

Рыгор выпісаў газеты: ранішнюю — «Дзень» і вячэрнюю — «Біржоўку».

Атрад трымае цесную сувязь з канцылярыяй кіраўніка работ. Зносіны наладжаны трыма парамі падвод, якія па некалькі разоў у дзень прамяраюць чатырохвёрставы прагон ад двара да мястэчка.

Пошта ў канцылярыі кіраўніка не залежваецца, і свежая газета прыбывае ў Ступкі а дзевятай гадзіне раніцы. Дваровыя чуюць яе пах, і хто вырве вольную часінку, забягае да Рыгоравай гаспадыні і ўкрадкі зазірае ў дробны газетны шрыфт.

Вечарамі Рыгор перачытвае навіны жадным да іх дваровым. Тыя слухаюць і звяраюць са сваімі, што пачулі ў мястэчку, на станцыі, ад бежанцаў.

Газеты многае крадуць — у гэтым упэўнены не толькі мужчыны, а і кабеты. Газеты позняць і тое, што ведаюць. Якая каламуціца ў свеце!

Вайна на ўвесь свет, а нечага хаваюцца!

Вайна на вачах мільёнаў, а нешта скрадаюць! Драпежнікі, забойцы! Гы-ы-ых! Злосць стыне і туліцца перад небяспекай.

У двары, на службе, парабкамі, семера ратнікаў апалчэння другога разраду. Усе сямейныя, усе маюць цесныя, смуродлівыя кватэры, усе з дваццацігадзінным працоўным днём,— але ўсе шкадуюць гэтых агрызкаў з панскага стала. Яны востра цікавяцца вуснымі навінамі, бо не вераць газетам: навошта хаваць — у Смаленску ідзе мабілізацыя. Адзін з іх нават бачыў, як партыю мабілізаваных адпраўлялі ў Мінск, а можа, і на фронт. Го-о! запэўнена гавораць уголас, што абучэнне іціме два месяцы, а там?.. Што перад «тым» дваццацігадзінны працоўны дзень у двары?

Шкадуюць двара і тыя, хто адправіў мужа і бацьку на вайну, а сам жыве на адну ардзінарыю. З павевамі халадку на сэрцы — глядзяць усе дваровыя на гасцінец, божкаюць і пацепваюць плячыма! Гэта ж ім прыйдзецца збівацца на агульнай падводзе ў шчыльна сплецены ланцуг напалоханых бежанцаў. А ў каго ды не будзе на чым вывезці свайго мізэрнага скарбу — хто адчуе тых умольнасць, паспагадае і прыме да сябе на воз?

Зараз яны ўчапіліся ў двор рукамі і нагамі, прытуліліся раз’юшаным нутром ды калоцяцца, каб не адарвацца ад прыгоннае працы, ад вяковых, пераданых бацькамі і самімі перажытых здзекаў панскае пагарды, глуму, толькі б застацца!

Бежанства жахлівей!

Бежанства — гэта доля бадзягі, абрачонага на маркотнае вандраванне, на беспрытульны рух у неабмежных прасторах, сцісла атуленых голадам, хваробаю, смерцю.

«Што чутно ў атрадзе?»

Атрад — надзея. Атрад — апора.

Возьме рушыць — знача, грунт затрасецца і ўпадзе ў бяздонне.

Упраўляючы жартуе.

Яму што за бяда!

Зараз ён пан.

Гаспадар — той у Варшаве.

Немцы захапілі Варшаву,— а двор на апецы ўпраўляючага.

Во-а, штотыдзень у Мінск і з Мінска.

Прыйдзе час — сядзе і куды-хоць!

Упраўляючы бесклапотна апавядае пра жыццё ў Варшаве пры немцах.

Ён нейкім чынам атрымоўвае лісты!

Дваровыя ненавідзяць упраўляючага і не вераць яго словам.

Яны бачаць, што вайна панам не страшна. Іх пан вазіў грошы ў варшаўскія банкі — зараз на іх корміцца. Іх пан не ваюе, не пойдзе на вайну і ўпраўляючы. Чаму ж парабкам павінна ісці?

Мо Рыгор, мо Павал, мо Якаў Бросня — хто-небудзь зжаліцца над сям’ёю, маладымі мужчынамі і ўстрэміць іх у атрад? На гэта не кідаюць спадзявацца іх жанкі, паглядаючы ў вочы гэтым шчасліўцам.

Рыгор абяцае, радзіцца з Паўлам. Той просіць Якава Бросню. Разам едуць у мястэчка да Провава, кіраўніка работ дзесятага атрада.

Але Яўгену Проваву прыйшла папера, што ўпраўленне атрада выпрасіла ад начальства дармовую сілу — палонных.

Хутка ўжо, хутка партыя іх наведае Ступкі.

Платны склад рабочых будзе змяншацца.

Маладзіцы, жанкі і мацяркі гэта адчуваюць. Яны бачаць па настроі атрада. Ужо радзей пяюць песні рабочыя, пакідаючы працу. Але ўсё-ткі, а, часамі, яшчэ...

— Панкі!

Рыгор суцяшае, сціскаючы сэрца.

Сем парабкаў!

Ды ці ў іх справа?

І перад ім праходзяць сотні здаровых гвардзейцаў, што бачыў у Пецярбурзе ў дні мабілізацыі. Перад ім першыя эшалоны раненых на Ліцейным, раненыя ў справоджанні Лібы. Далей — бежанцы на Знаменскай, бежанцы на станцыі Дно, бежанцы вось ужо месяц не сходзяць з ваччу на гасцінцы паўз Ступкі.

Сотні, тысячы, мільёны...

Забітыя, раненыя, выгнаныя, збітыя з роўных шляхоў жыцця, раз’юшаныя жахамі.

Свет і Расія!

Расія і Смагін!

Смагін — Сілцы!

Далёкія і свае!

Караль і маці!

Маці — пылінка ў завірусе.

Куды яе вецер занясе?

Якая яна з тысячы вось тых кабет, што сядзяць на падводах муміямі, згорбленыя, сасмагшыя, запыленыя?

Ідзе за возам?

Сёмка зжаліўся і вязе разам з Волькаю, з малым дзіцянём, з пажылымі бацькамі?

Шэрая, крывая птаха над галавою ляскоча драпежнаю дзюбаю — аэраплан над Ступкамі!

Рыгоравы думкі нясуцца ў сіняе неба.