SommaireСокі цаліны
Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ДРУГАЯ · 6 min de lecture

VII

То быў дзень, якіх здараецца мала. Здавалася, схожы з іншымі — і ўсё ж далёка інакшы. Дзень, якога не хочацца канчаць, за кожную хвіліну каторага трымаешся, як за ратунак.

Празрысты, поўны нез’яснёнага хараства.

У зялёным, раскошным полі гудзела несціханая музыка жыцця, росквіту.

Сонца, як зрэдку — малочным кругам у сінім небе.

Пералівы чысцюткага паветра — ядранага, смалістага, працятага салодкім водарам вытрыманага мёду.

Заварожаная нерухомасць, цеплыня, як у пярыне.

Атрад на адпачынку.

А восьмай гадзіне на дваровым дзядзінцы прайграў гармонік. Вясёлыя мелодыі пацягнуліся срэбранымі пацеркамі ў бок мястэчка.

З рэзвай гутаркаю, пад закрасаю спеву, пяцёрам маладых накіравалі да станцыі. Іншыя тупалі па дзядзінцы, аглядаючы будынкі, сад, усё тое, што сотні разоў бачылі, прыгледзеліся, але што ў дзень адпачынку, у гэты прыгожы дзень — інакшае і цікавейшае.

Упраўляючаму падалі пару стаенных — ён едзе да Ступак, бярэ з сабою аканома. Дваравыя з рабочых і парабкаў — пехам, але таксама ў мястэчка.

— А ты, Рыгор, не думаеш? — пастукаў Павал.

— Чаму б не пайсці крыху пазней?

— А зараз?

— Што там зранку рабіць?

— Тое, што і пазней. Газету свежую прачытаеш.

— Не астыне...

На гасцінцы, куды глядзеў Рыгор, грукалі падводы. Наглядалася незвычайнае ажыўленне. Хтосьці зваў каго ці лаяўся — густое, мяккае, як вата, паветра скрадала выразнасць гукаў.

Рыгора цягнула ў поле, да гасцінца, да лесу, у якім ён бываў пры абавязках, але не бачыў вольным.

Можа ўдвух, калі б Павал захацеў? Пазваць?

Ужо ён падняў руку, каб пастукаць, і невядома чаму — не зрабіў гэтага.

Павал угледзеў праз акно, як Рыгор заходзіў за платы саду. Перш намерыўся гукнуць, пасля перадумаў — авось вернецца. Ён некалькі разоў, пакуль сабраўся выйсці з пакоя, паглядзеў у акно — Рыгора не бачыў.

Той пераходзіў грудок напрамкам да гасцінца, калі Павал апынуўся пры выйсці на поплаў.

Ціхая, разважная хада Рыгора астудзіла Паўлаў настрой нагнаць таварыша.

Ён крута павярнуў назад і ўжо зараз жа ехаў з тэхнікам у мястэчка.

На тым месцы, адкуль вярнуўся, яны ўдвух паглядзелі ў бок гасцінца, паўз грудок. Адтуль ехала пара падвод з будамі — ні то балаголы, ні то старцы,

Едуць — няхай сабе едуць,— мэрам бы гэтак і трэба, ні тэхнік, ні Павал не зацікавіліся. Але з моста праз рэчку, калі адзін з іх адвярнуўся да двара, угледзеў за вазамі чалавека, дапамінаўшага Рыгора.

Паказалася?

Так, то быў Рыгор. Ён праводзіў да двара, на пастой, а мо і на пераначоўку падводу свайго таварыша-земляка — Сёмку Загона. Сёмка з сям'ёю ехаў у бежанцы. Другі тыдзень у дарозе.

Хто думаў яго стрэць пад дваром Ступкі?

Рыгор дзівіўся, як звычайна, ад нечаканасці, калі пазнаў у змардаваным, пахудзелым, ссутуленым, не па гадах пастарэўшым селяніне — Сёмку. Не хацелася верыць, як той знаёмым голасам запытаў у яго адгону да Оршы. Рыгор адказаў і зрабіў крок, каб пайсці да лесу, куды ішоў, але недаверана спыніўся. У гэты момант, адстаўшы ад воза, Сёмка спыніўся і ўпарта паглядзеў на яго. Адначасна пазналі адзін другога.

Сёмка паклікаў Вольку, і іх падвода вылучылася з доўгага шнура бежанскага абоза.

Стрэча з Рыгорам лягла на іх тварах адбіткам радасці. У гэтай радасці зніклі на момант і тыя сумныя весткі, якія вёз Сёмка Рыгору.

Толькі тады, калі яны заварочвалі ў двор, Сёмка, між іншымі навінамі, паведаміў таварышу:

— А тры дні таму, як пахавалі тваю маці.

— Маці памерла?!

Рыгор спалохана прабег вачыма па заседжаным возе — так, мацеры не было. Ён пачуў, як злева пад жакеткаю стала душна і цяжка. Частыя стукі кранутага боллю сэрца разлівалі душную ўтому па ўсёй яго істоце.

Цёмныя кароны ліп раптам затулілі светлыя вокагляды празрыстага дня.

— Такі памерла?

Сёмка спагадліва ў агульных рысах пераказаў Рыгору трагедыю дзвюх смерцяў — Рыгоравай мацеры і свайго бацькі — і паглядзеў таварышу ў вочы,— яны туманіліся слязьмі.

— Тыфус!

— Хварэла?

— Проста дзіва, ды годзе — тры дні! Якісьці асабліва востры і цяжкі.

У Сёмкавым голасе яшчэ не загаіліся болі страты, якая танула ў агульным яго горы.

— Вёрст за дзесяць да Мінска пахавалі. У маладым хвойнічку, гэтак крокаў дзесяць ад гасцінца... Успамінала цябе і плакала, горка і зацяжна плакала... Волька! Цёткі Стэпы куфэрак на возе?.. Пакінула, што мела, нам... Паглядзіш...

Падвода ўязджала на дзядзінец, а Рыгор з таварышам мінаў другую палавіну саду.

— Памерла! Небарака!

— Так, нічога не парадзіш!

— Вядома!

Падыходзячы да спыненай падводы, яны ўбачылі, як Волька разгортала шырокую хустку, якую некалі Рыгор прывёз мацеры з Рыгі.

Пабітая на краты, яна пярэсцілася разнастайнымі фарбамі турэцкіх дэсеняў.

— Во гэта, памятаеш, Рыгор, хустка з Рыгі?

— Бяры на ўспамін, Волька. «Куды ж мне гэта!» — казала старая.

— Няхай ляжыць, цётка зносіць! — абярнуўся Рыгор да Сёмкавай мацеры.

Волька згарнула хустку, прыгладзіла і наўзамен вынесла з куфэрка іншыя рэчы.

Старая глядзела на Рыгора і горнілася.

— Прыйшлося, сынку, што нат у доме не пахавалі. Якія мы няшчасныя! Гэта ж Хведар мой ці ж бы іншаю парою не мог яшчэ гадоў з пяток пажыць? А то-та жа...

Волька суцяшала:

— Кіньце, маці... Вось яны памерлі — то спакайнейшымі будуць. Ці не лепш, падумай, чым валачыцца па гэтым свеце? — Рыгор не малы, ды не то, каб у нядолі... На ліха казана гэта жыццё ў наш час...

Развагі жанок не змяншалі Рыгоравай страты. Думкі пра мацеру адцягалі яго ўвагу ад узнятага абгавору бежанскага становішча таварышаў. Галава адказвалася працаваць: планы, што раптам узнікалі, раптам жа бясследна гінулі.

Бяспомачнасць у дачы паратунку таварышам нервавала і яшчэ болей дратавала Рыгора.

— Едзем, а куды — губімся! — скардзіўся Сёмка.

І ў гэтай яго скарзе ўтрата бацькі атульвалася маўчанкаю. Страшным жахам нясло ад змучанай сям’і, з’езджанага каня, з высахшых і збітых калёс, з слабенькіх драбінак, напакаваных рэшткамі доўгагадовага набытку.

— Што мне ім парадзіць і чым пасобіць?

Рыгоравы думкі паступова вызваляліся з палону першых уражанняў ад смерці мацеры і раз’юшана віліся вакол глыбейшай трагедыі жывых. То ж былі лепшыя і шчырэйшыя яго сябры... То былі...

— Усё ж вы думаеце нешта, калі кіруеце на Оршу?

— Дарога ідзе на Оршу, і мы едзем на Оршу. Не ехаць жа на Вільню! А за Оршаю?

— Ну, мне ж хтосьці казаў... Гэлін бацька? — што сілцоўцы...

— Вось, братка Рыгор, гэта ж падумаць — Гэля?

Волька спагадліва паківала галавою.

— Бывала, столькі рэзвасці ў дзяўчыны, столькі жыцця! Бывала...

Вольчын сказ на момант спыніў далейшую гутарку пра наступнае, і вобразы бесклапотнага мінулага вярнулі іх да Сілцоў.

— Бывала... няма чаго ўспамінаць бывалашняга... Глядзеце, дзеткі, у будучыню...

Саламея азірнулася на Вольку.

— Так, частка паехала на Куршчыну. Та, думаеш, ведаем, якаво ім там?

— Ды з коньмі — гэта ж на ўсё лета язды!

— А што зробіш... Хоць да Оршы даехаць, не аддаваць жа каня за бясцэнак. Можа, удасца, то ў Оршы збудзем, далей — цягніком.

— На Курск?

Сёмка пытальна паглядзеў Вольцы ў твар.

— Або я ведаю? — адказала тая.— За людзьмі.

— Можа б, ты параіў што, Рыгор? Ты ж, аднакава, чалавек бывалы... Падумай, братка!..

Волька сказала і настарожліва чакала адказу, зусім няўвераная ў яго збавенне.

Рыгор задуменна глядзеў на цёмныя кароны ліп. Думкі бязмоцна засядалі ў руцяным лісці. Мацерын вобраз блытаў іх разгарненні і туманіў горнасцю. Двуактавая трагедыя пілавала сэрца. Дзе выйсце?

Раптам, мэрам хто падказаў, перад Рыгорам мігнуў бежанскі камітэт у Пецябурзе. Як жывы, забегаў кароценькі чалавек.

— Так, я магу вам параіць...

На дзядзінец уз’ехала падвода. Аглянуўшыся на стук калёс, можна было бачыць, як злезшы з воза чалавек прайшоў да кватэры аканома.

Рыгор кінуў гутарку і пабег яму наўздагон.

— Яўген Віктаравіч, прашу вас! — выгукнуў ён.

Кіраўнік работ азірнуўся на Рыгора, трымаючыся за клямку дзвярэй.

— Я б вельмі прасіў вас...— тут бежанцы, мае добрыя знаёмыя, ці нельга было б залічыць у атрад? Ведаеце, Яўген Віктаравіч, згінуць людзі — два тыдні ў дарозе. Едуць — а куды?

— Ці ж яны адны? Не ведаю. Упраўленне мае прыслаць палонных. Цяжка сказаць... Трэба падумаць...

Кіраўнік думаў, паглядаючы ў бок падводы,— Рыгор прасіў далей:

— Можа, як-колечы ўсё-ткі можна было б... Буду вам шчыра ўдзячным.

— Падумаю... Бач, зараз мы ўсім адказваем,— паддаваўся кіраўнік.

— Я б згодзен хоць на сваё месца, Яўген Віктаравіч!

— Кіньце, што вы!.. Трэба падумаць... Няўжо-такі мы не вымеркуем...

Кіраўнік памаўчаў.

— Я перадам Памыйку.

— Вы зробіце добрую справу, Яўген Віктаравіч!

— Так... Гутарце з Паўлам — няхай пасля ён мне прыпамятае...

— Дазвольце падзякаваць!

Стук дзвярэй скраў якісьці сказ кіраўніка. Але Рыгор незалежна ад гэтага абнадзеіў таварыша магчымасцю для яго застацца ў дарожным атрадзе.

Узрадаваны гэтым, Сёмка аддаў Рыгору шчырую падзяку і ўжо назаўтра раніцаю старанна насіў з лесу на дарогу цяжкія, пахучыя смалою, хваёвыя фашыны.

Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ДРУГАЯ · 6 min de lecture

VIII

— Дзесяты дарожны атрад, кажаце? Хто яго ведае, які ён — стаіць, вунь, у тым двары...

Вазніца паглядзеў на седака і шыбчэй пагнаў каняку.

Змочаная за ноч дарога зацягала глыбока ў гразь і каня і калёсы.

— Няма рады, ды годзе-э! Што гэта вайна навычварала з дарогамі!.. Зарабо-откі-ы, каб іх агонь спаліў!

— Незавідныя, дзядзька, я ведаю.

— Чаго ж вам у гэтую глуш?

— Справы.

— Цікава, каб ды ў нас былі для вас якія-кольвечы справы. Можа, хіба ў госці да каго?.. А вы не з фронту, часамі?

— Па дарозе на фронт...

— Эх!

Вазніца шчыра хвасянуў каняку.

— Гэткія маладыя, слаўныя — толькі што жыць, а, чаго добрага... Фронт, каб ён праваліўся скрозь зямлю з тымі, хто яго выдумаў!.. Б-бац — і няма-а! Няўжо вы ахвотна, чуеце?.. Нно-а-а, малы!

— Трэба памагаць раненым, дзядзька!

— Падмога-а! Як кашаль хваробе...

— Гой, ды што вы такі неймаверны?

— Згубіў, чуеце, усякую веру... Зняверышся, калі цябе-э... Направа-а, там!

З-за грудка паказалася параконная падвода.

— Дарогі, а папрабуй абмінуцца... Направа-а, гэй, там!

Вазніца спыніўся і пачакаў параконку.

— А сам хвор з’ехаць?..

Гэты выгук фурмана з параконкі быў заглушаны новым воклікам, які падалі сугалосна двое седакоў на параконцы:.

— Ліба Шлёмаўна?

— Няўжо Рыгор Міхасевіч? Павал?..

Вазніца здзіўлена паглядзеў на двух чыноўнікаў з дарожнага атрада, якія ўвішна, праз глыбокую гразь, падбеглі да яго седака.

— Вы ў атрад? — пажартаваў Павал.

— Чаму, непатрэбна вам?

— Вельмі рады, але скуль так неспадзявана?

— Угадайце! — засмяялася Ліба.

— Гэта цяжкая рэч!

— Ну куды ж вы? — пацікавілася яна.

— Паўла адпраўляю ў Мінск! — адказаў Рыгор.

— У Мінск? Гэта ж з якою мэтаю?

— На службу. Усадзіў мяне ў атрад, а сам уцякае.

— Сур’ёзна? Дык чаго ж я заязджаю ў мястэчка?

— А вы...

Гулкі свісток цягніка, што падыходзіў да станцыі, прарэзаў вільготнае паветра, разляцеўшыся далёка навакола.

— Едзем хутчэй! — пазваў фурман з параконкі.

— Як я шкадую, Ліба, што так здарылася!

— Вы ж можаце... Тым лепей, калі вы будзеце ў Мінску... Вярнеце, дзядзька, на станцыю...

— На станцыю? Як жа з платаю?

Вазніца завярнуў каняку і паехаў следам за параконкаю.

На станцыі яны толькі-толькі паспелі купіць для Паўла білет.

Ён нават не паспеў па-людску развітацца.

— Ну ж я не думаю, што Паўлаў ад’езд вас верне назад, не даўшы адведаць мястэчка?

— Я і сама не ведаю, што зрабіць. Мая цётка... Ці яна ў Ступках, ці не... хто яе ведае...

— Чарговы цягнік не раней як а другой па поўначы, так што, я думаю...

— Няўжо?

— А вы думалі?

Рыгор расплаціўся з вазніцаю і на параконцы вярнуўся з Лібаю ў мястэчка.

Пачынаў церусіць дробны дожджык. Раз’езджаная дарога тапіла калёсы. Усё ж пара моцных коней не зважала на вязкасць і ўподбежкі нясла цяжкую ваенную каламажку.

Калі яны абмінулі ўзгорак і пачалі спускацца да мястэчка, Рыгор аднавіў на нейкі час замоўкшую гутарку:

— Я б прасіў вас, Ліба, пераначаваць; навошта вам ноччу ехаць?

— Гэта відаць будзе прыехаўшы... Тут жа жыве якаясьці мая цётка...

— Усё-такі жыве?

— А вы думалі, я да вас ехала? Я ехала да цёткі...

— Я нічога не думаў, паверце! Ваш прыезд мяне больш узрадаваў, ніж здзівіў. Каб я меў сілу... ці правы... я б вас, Ліба, не адпусціў адгэтуль...

Яна пытальна ўталопіла колкі ўзрок у абліты ласкаваю ўхмылкаю Рыгораў твар. Бэзавы пах парфумы заказлытаў у яго носе.

— Вы праўду кажаце? — наводна запытала Ліба.

— Што думаю, тое і кажу...

— А, прызнайцеся: хоць калі думалі, што мы з вамі можам спаткацца пры гэткіх абставінах, як зараз?

— Ніколі... І тое, што гэта здарылася, дзякуючы вам, мяне глыбока кранула. Я адчуваю ў вас блізкага сабе чалавека... За апошні час, Ліба, я многае перажыў. Толькі два месяцы мінула, як мы з вамі развіталіся на вакзале, а ў маім жыцці — шэраг буйных здарэнняў. І цяжэйшае з усіх — смерць мацеры... Тыдзень таму якраз, як выпадкова напатканы зямляк, мой лепшы таварыш, прывёз мне гэту вестку. Бедная ехала ў бежанцы, поўная надзеі ўгледзець свайго сына, а тыфус — рраз — і гатова! Таварыш схаваў яе ў дзесяці вёрстах ад Мінска, пры дарозе... Вестка гэта балюча раніла маё сэрца — шкада кабеты! Шкада, ведаеце, Ліба, не толькі як мацеры, а і як чалавека. Яна ў мяне была добрым, адзыўлівым, шчырым сябрам. Жыла мною, цярпела з-за мяне, ганарылася, надзеялася... І раптам... Мулкая думка не дае супакоіцца...

— Я вам таварыш па няшчасці,— даўшы выказацца Рыгору, адрывіста праказала Ліба.

Яе раптоўны голас зычэў адбіткам растрывожанага Рыгорам смутку.

— Я вам спагадаю, бо толькі-толькі сама перажыла падобную трагедыю... За тыдзень да выезду з Пецярбурга мне паведамілі страшную рэч... пра нагальную смерць бацькі. Стары збіраўся ехаць да мяне і, пераходзячы чыгунку, папаў пад цягнік. Няшчаснаму адрэзала абедзве нагі — не паспелі данесці да бальніцы, як ён памёр. Вы не паверыце, што са мною рабілася... Я думала... Смерць бацькі перавярнула ва мне нутро... Цэлы тыдзень хадзіла я як сама не свая... Бацька — гэта ж бацька! Аднак нічога не парадзіш — мушу жыць без яго...

— Так... Мусім жыць — падобныя трагедыі не мінучы...

Пад уплывам гэтых размоў яны крыху пасядзелі моўчкі, бесцікаўна разглядаючы замокшыя гароды і рэдкія мэндлі нядаўна зжатага жыта.

— Заехаць у мястэчка ці проста ў Ступкі? — запытаў фурман.

— Вы хочаце спыніцца ў мястэчку? — спытаў Рыгор Лібу.

Тая паціснула плячыма і адказала:

— Каб я ведала, што знайду цётку...

— А адрас маеце?

— Зразумела... Чаму ж бы я ехала тады?..

Яна дастала запісную кніжку і спешна пачала чытаць карандашныя нататкі. Фурман спыніў каня.

— Можа, паабедалі б?.. Але і з гэтым уладзім у Ступках, калі вы...

— Добра, едзьце, куды хочаце,— хаваючы кніжку, згадзілася Ліба.

— У Ступкі! — вялеў фурману Рыгор.

Той моцна тузануў лейцамі і крута павярнуў налева.

— Стой-ай!! — пачуўся гучны воклік засаб некалькіх чалавек.

Насустрач ім ішлі салдаты. Фурман звярнуў да бліжэйшага двара, каб вызваліць вуліцу.

Напрамкам да двара ўся вуліца, да яе загіну ўправа, была занята шэраю гушчаю салдат. Пастроеныя па шэсць у шэраг, яны фармавалі шырокую густую калону. Рытмічныя ўдары соцень ног адбівала моцныя важкія гукі. Смуглыя абветраныя твары, часта барадатыя, маршчыністыя таілі ў сабе пякучую крыўду на тых, хто адарваў іх ад сямей, ад зямлі і саракагадовых гнаў на забой. Цяжкая амуніцыя давіла на іх пудоваю вагою, звязваючы рух. Вільготнае паветра не астуджала разгарачаных утомаю твараў, на якіх рагамі сцякаў пот.

Па ўзбоку салдацкае калоны, на некаторым адгоне адзін ад другога, ехалі вярхом на конях здаровыя, сытыя камандзіры. Кожны з іх праводзіў узрокамі крайнія рады салдат.

Многія з камандзіраў азіраліся на падводу, на якой сядзеў Рыгор з Лібаю.

Белая касынка Лібы, з-пад якое выглядаў чысты, здаровы і прыгожы твар, выклікаў гасцінныя ўхмылкі.

Калі з завароту вуліцы паказаліся апошнія шэрагі салдат, пярэднія гучна заспявалі.

Раптоўны спеў устрывожыў коней, якія крута рвануліся і галопам панеслі Рыгора з Лібаю. Фурман мог іх утрымаць толькі на выездзе з мястэчка, куды чуць-чуць даходзілі заглушаныя зыкі салдацкае песні.

Напалоханая пудам коней, Ліба моцна трымалася за Рыгораву руку.

— Няхай бы беглі, калі маюць ахвоту,— падаў Рыгор фурману,— дарога адкрыта.

— Што вы, што вы, Рыгор! — пераняла яго Ліба.— Мяне затрасло да болю.

Пабялеўшы Лібін твар сведчыў за праўду яе слоў.

— Няўжо-такі?

— Можа, таму, што ўжо даўно не ездзіла на падводзе... Бедныя салдаты! Хутка многія з іх вернуцца калекамі, абрубкамі...

— І вы будзеце вадзіць іх па вуліцах Мінска, выклікаючы агульную спагаду.

— Другія ж... а колькі не вернецца?

Коні ўзыходзілі на гарбаты мост пад далёкія водгукі музыкі, якая даходзіла з мястэчка.

— На вайну, як на баль...

— Трэба скрашваць будучыя жахі...

Выгляд двара, як стройнае густое купкі лесу, прымацаваў да сябе Лібіну ўвагу.

— Вам тут не нудна, Рыгор?

— Некалі нудзець... было дагэтуль, а далей... Шкада, што Павал выехаў... Я блізка з ім зжыўся, люблю яго, як таварыша і чалавека...

— Вы добра адносіцеся да таварышаў, Рыгор. У кожным вы бачыце чалавека — гэта ваша дадатнасць... Можа, яна так прыцягае і мяне да вас...

Лібін сказ павярнуў да яе спакойна сядзеўшага Рыгора.

— Не верыце? — усміхнулася Ліба.

На хмарным небе вызначылася мясцінка сіняга лазурку. Украдчывае праменне правяло яскравымі каснікамі ўпапярок дарожкі, якою яны ехалі.

І гэтыя сонечныя каснікі дапаміналі сабою белую скацяртку, засланую на ўрачыстай бяседзе.