SommaireСокі цаліны
Квадра І - БАЦЬКАВА ВОЛЯ, ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ · 7 min de lecture

VIII

Не паспеў яшчэ Рыгор апамятавацца, толькі знайшоўшы магчымасць павячэраць ды перакінуцца двума-трыма словамі з мацераю, якая праз цэлы дзень не магла прычакацца яго ў хату, седзячы да самага цямна ў акне і не прапускаючы вачыма ніводнага чалавека, хто б ішоў вуліцаю, каб не паўзірацца на яго і разгледзець: ці не Рыгор гэта па абмылцы абмінуў сваю хату, — не паспеў Рыгор апамятавацца, як па яго ўжо забеглі Сёмка з Петрусём і жывасілам выцяглі з хаты...

На дварэ, за вуглом, іх чакалі дзяўчаты, ціха прытаіўшыся і ўкрадкаю паглядаючы ў хату.

Трохі недавольны тым, што таварышы паперашкодзілі яму выпаўніць надуманы яшчэ ў лесе план, — астацца, прыйшоўшы з лесу, дома, — Рыгор, выйшаўшы на двор, умомант перанастроіўся, калі ўгледзеў рэзвую вясёлую кампанію моладзі.

«А і сапраўды, што за цікавасць лажыцца спаць так рана. Можна будзе выспацца і за раніцу. А тут такая пекная ноч прападзе задарма!» — падумаў ён, пачуўшы Зосін голас...

Шасцярма ў кампаніі: Рыгор і Зося, Сёмка і Волька, Гэля і Пятрусь, яны са смехам і жартамі пайшлі ўздоўж вуліцы, чуць не загарадзіўшы яе ўпоперак, як плотам.

Прайшоўшы да рынку, павярнулі ў Яўрэйскі перавулак, каб выйсці на Ракаўскую вуліцу. Але тут яны спыніліся і адназгодна перарашылі да Ліня не ісці, а разысціся хто куды.

— Ну, дык што ж: давай мы, Волька, пойдзем з табой назад, — абярнуўся Сёмка к Вольцы, і яны хутка адлучыліся ад кампаніі.

У супрацьлежны бок пайшоў Рыгор з Зосяй...

Не мінула і паўгадзіны пасля таго, як яны разышліся, раптоўна падуў сіберны вецер. Па вуліцах падняўся пыл, закруціліся віхры, жалобна загулі садовыя дзярэўцы. Цёмна-сіняе неба яшчэ болей пацямнела, і, прыгледзеўшыся на яго заходні край, можна было ясна адлічыць тоўстую, пукатую граніцу — мяжу з хмар, на адзін бок якой мігалі крыху памутнеўшыя зоры, а па другую рассцілалася алавяна-гнядая, усюды роўная прастора. Другога краю яе не было нідзе відаць, бо ён заходзіў за лес, які цёмным, чуць выразным шнурком адгароджваў зямлю, упіраючыся вярхамі ў неба, быццам бы падтрымоўваючы яго, а камлямі, як кіпцямі, ушпіліўшыся ў землю. Як не сачыць было за хмараю, то нельга было прыкмеціць, ці яна стаяла на адным месцы, ці з кожным часам надыходзіла бліжэй і бліжэй. Праўда, пасля кароткага перапынку, калі не кідалі вочы на яе сваіх узрокаў, а потым раптам узіраліся, заметна было, што хмара стаяла бліжэй к зеніту, больш ахапляла пад сабой небнай сіні, зацьміўшы яскравыя зоры. Штомомант узмацняўся гром і павялічвалася маланка.

Рыгор з Зосяю, трапіўшы на ўчарайшае месца, толькі што разгаварыліся аб пытаннях Рыгоравага ад’езду, як знянацку подых ветру, прыляцеўшы з поля з дзікім гулам, прамчаўся між іх, потым перабег вуліцу, устраміўся ў платы і заліўся ў яго шчылінах непрытомнай, разгульнай музыкай. У дварах заскрыпелі вешніцы, пачуўся стук пахіленых платоў, свіст вырванай завіхранай уверсе саломы.

Не кажучы адно другому ні слова, бы згаварыўшыся, Рыгор з Зосяю падняліся з месца і шпаркім ходам пайшлі дадому.

Дарогаю то Рыгор, то Зося штохвілю заварочваліся назад, паднімалі кверху вочы і ўзіраліся на хмары, якія, адышоўшы на многа ад лесу, сталі хутка імчацца па небе, быццам наганяючы каго, і тушылі адну зорку за другой.

Вецер крапчэў і крапчэў, папіхаючы іх у плечы і трэплючы крысамі Рыгоравай жакеткі, а Зосінай спадніцай. А калі хмары якраз апынуліся над іх галовамі, то маланкі ажно сляпілі вочы, а гром, здавалася, трос землю.

— Хаця б не захапіў нас дождж, — праказала Зося, калі яны паспешна ішлі ўжо сваёю вуліцаю.

— Ды ўжо невялікая бяда, калі і пакропіць крыху: пяць крокаў зробіш і дома, — супакоіў Рыгор. — Мне далей, і то я не клапачуся, — дабавіў ён.

— А мо яшчэ дождж і не пойдзе, — паглядзела Зося на неба.

— Не. Вось накрапляе.

— Ах, на яго ліха, сапсаваўся вечар...

— Шкадуеш?

— Чаму ж не шкадаваць. Гэткіх вечароў не многа трапляецца.

— Якіх?

— Наогул...

Зося сарамліва панікла ўзрокамі.

— Лета наперадзе.

— Думаеш...

— Чакай, чакай. Пастой! — хапіў яе за руку Рыгор. — Вось пастойма крыху пад капяжом, можа прыціхне; а не — то двор сумееш перабегчы хоць і ў навальніцу...

Зося згадзілася, і яны падышлі пад капеж Прахоравай хаты, што стаяла побач Прыдатных, прытуліліся к вуглу між канцом лаўкі і сцяною і на момант прыціхлі.

— Ну, дык дзе ж мы такі заўтра ўбачымся? — дапэўніўся Рыгор, засланіўшы Зосю ад вуліцы сваёю постаццю і палажыўшы ёй на плячо далонь рукі.

— А я і сапраўды не ведаю, — сціснуўшы плячыма, адказала Зося, гледзячы строма ў вочы Рыгору і прыкусваючы губы.

— А каб гэта ў Ліня?

— Можа, і ўдасца. Або ты мяне так хочаш убачыць? — наводна запытала яна і задаволена ўсміхнулася.

— О! яшчэ... — хацеў уверыць Рыгор, але ў гэты момант якраз над Прахораваю хатаю мігнула звілістая асляпіцельная стужка бліскавіцы, нібы нажом раскроіўшая неба на дзве палавіны і азіяўшая сцяну хаты, вокны, капеж страхі і Зосін твар. За бліскавіцаю грукнуў гром, мэрам выстрал з дзесяткаў гармат, ускалыхнуўшы зямлю.

— Уцякайма, хіба! — парадзіла Зося, намерваючыся бегчы.

— Пойдзем, пойдзем: толькі... заўтра ў Ліня?

— У Ліня! Напэўна!

Зося спрытна саскочыла з лаўкі, хутка перабегла вуліцу і схавалася ў дварэ за вешніцамі.

Рыгор астаўся адзін і прастаяў датуль, пакуль яна падбегла к дзвярам, некалькі раз трывожна бразнула клямкаю, увайшла ў сенцы і заперла дзверы...

Пасля раптам сарваўся з месца і ўподбежкі накіраваў дахаты. Ідучы, ён абярнуўся назад і ўгледзеў, што за ім гоніцца доўгая палоса праменняў з вокан Прыдатнага хаты.

Калі Рыгор параўняўся са сваёю хатаю, то ён угледзеў, што і яго маці не спіць, а ціха сядзіць ля століка, штось шэпча губамі і кідае на вуліцу пуглівыя зіркі. Ён паціху завярнуў у двор, стаў пад капеж, прытуліўшыся да сцяны, і пачаў цешыцца навальніцаю.

«Бадай што іх дзе-колечы захапіў дождж», — падумаў ён пра Сёмку з Волькаю ды Петруся з Гэляю.

І толькі падумаў, як — прымха! — зразу пачуў іх гоман, нёсшыся да вушэй з цемі вуліцы. Рыгор барджэй адышоў ад сцяны, уперыўся вачыма ў гушчэрны змрок і адлічыў, як між яго швыдка прамігнула чатыры сілуэты. Ён спярша намерыўся аклікнуць, а потым перадумаў, засмяяўся гэтаму і направіўся ў хату.

Маці паглядзела на яго і міла ўсміхнулася.

Была дванаццатая гадзіна ночы...

Назаўтра Рыгор прачнуўся а другой гадзіне дня: ён праспаў каля чатырнаццаці гадзін так смачна і так непрыкметна, што праз усю ноч ні разу не прачнуўся, ні разу не перавярнуўся з боку на бок і як лёг, скурчыўшыся, падлажыўшы руку далоняю пад вуха, так і прачнуўся, лежучы на тым самым баку, толькі выцягнуўшы ногі.

У хаце было ціха. Маці не было дома.

На дварэ стаяла пагода зусім нецікаўная: цёмныя хмары віселі над зямлёю, і накрапваў рэдкі дробны дожджык, падліваючы ваду ў глыбокую, растоптаную каровамі гразь. Мокрыя расістыя ралкі бярозы поўзалі па шыбах акна і вадзілі шырокія вадзяністыя плямы, з-за якіх сумнаму і без таго святлу цяжэй рабілася пралезці ў хату, маркотную і спакойную. З капяжоў спадалі рэдкія цяжкія кроплі, працягаючы паўз вокны доўгія белыя каснікі.

Ад усяго гэтага Рыгору рабілася нудна і сумна.

І ён выразна адчуў у сваім нутры тую розніцу ў перажываннях, якія наводзіла мястэчка ў ранейшыя гады і якія напаткалі яго зараз. Не, цяпер Рыгор быў далёкі ад Сілцоў! Горад палажыў на ім глыбокі адбітак. Горад урасціў яго ў сваё бурлівае жыццё, уцягнуў у вадакрут дынамічных падзей фабрычнага асяроддзя.

Ці ж бы, будучы ў Рызе, ён меў хоць хвіліну, якую б дапусціў змарнаваць дарма? Ніколі! Разбегі машын у майстэрні, заўсёдашняе аколенне рабочым калектывам, шырокія гарызонты, якія адчыняліся яму пасля кожнага сходу заводскай арганізацыі сацыялдэмакратаў; наспяваючыя супярэчкі ў адносінах паміж рабочымі і гаспадарамі прадпрыемства... Штодзённая руплівая падгатоўка да класавых боек — усё гэта рабіла Рыгорава жыццё рэзвым, рухавым, цікавым. Ён з бадзёрым настроем адпраўляўся ў завод, з зацятасцю фанатыка прыступаў да працы і рабіўся адзінкаю моцнага, злітага калектыву некалькіх тысяч рабочых. Калі гудок апавяшчаў аб сканчэнні работы і з завода вырынала армія людзей, Рыгор не мог наглядзецца хараству іх з’еднанасці, не мог нацешыцца з тае магутнае сілы, якая залягала ў гэтым калектыве. Ён бачыў, як толькі адчыняліся заводскія вароты і з іх выходзілі на вуліцу першыя грамадкі слесароў і такароў, ліцейшчыкаў і пракатчыкаў, вуліца цалкам пераходзіла ў іх распараджэнне... Рыгору тады ўспаміналіся незабываныя падзеі з рэвалюцыі пятага года, сляды і знакі якое бліскучымі іскрамі праносіліся праз доўгія гады.

У яркіх вобразах паўставалі карціны магутных забастовак, сутычкі з паліцыяй. Маляваліся карціны гераічных схватак «лясных братоў» з карнымі драгунскімі атрадамі па станцыях чыгунак, пры раскіданых вёсках... Гігантам вырастаў адважны атрад Тукумскіх рэвалюцыянераў, трымаўшых захопленым з рук царскае ўлады невялікі гарадок на працягу двух тыдняў у сваіх руках.

Наступнае нясло больш магутныя ўзрухі ў рабочых гушчах — гэта ён адчуваў. І наспяванне рэвалюцыйных падзей электрызавала гэтага перадавога мешчанчука.

І вось цяпер, калі ён знаходзіцца ў Сілцах, дзе так параўнаўча спакойліва цячэ жыццё, дзе з буйнае ў 1906 годзе арганізацыі асталося некалькі маладых, малавопытных таварышаў, — там, у Рызе, прайшло жыццё некалькіх цікавейшых фазаў у сваім развіцці. Рыгор дзівіўся таму, што зараз яму малазразумелымі робяцца тыя пачуцці, якія ўспыхвалі ў ім па дарозе да Сілцоў.

Праўда, тут, у Сілцах, ён мае матку, некалькі лепшых сваіх таварышаў; праўда, маладосць, звязаная з мястэчкам, пакінула ў ім шмат цікавых успамінаў, не пазбытых эпізодаў... Але... гэта ўсё ў мінулым. Наперадзе праглядалі іншыя вокагляды... Наперадзе адчыняліся новыя прасторы. Можна было спадзявацца, што яны поўнасцю затуляць усё дагэтуль перажытае ў Сілцах. А можа, Рыгору хацелася ўсяго, каб тыя блізкія яму людзі, як Сёмка і Пятрусь ды іншыя, не асталіся ў недасяжным яму адгоне, каб іх можна было перабраць у горад, перакінуць у іншыя абставіны і не даць змарнавацца ў асяроддзі местачковага спакою?.. Праўда, і ў Сілцах павінен быць штурхач, павінны быць людзі, праз якіх бы будзілася сацыялістычная ідэя, збіраліся яе паслядоўцы... Ну, усё ж у адносінах да Петруся і Сёмкі Рыгор прадпачытаў горад. Так, гэтыя яго таварышы павінны будуць расстацца з Сілцамі... А вось Зося!..

І калі ён успомніў Зосю, праведзены з ёю ў хвойніку час, то яму стала незразумелай Зосіна няволя ў густых сетках мяшчанскасці, яе дробныя інтарэсы, засасанасць багнаю забабонаў струхлелае шляхоцкае традыцыйнасці. Між тым, з Зосі мог быць выпрацаваны дадатны тып гарадское дзяўчыны-работніцы. Толькі адна бяда — некаму над гэтым папрацаваць, а ў яго часу мала... Усё ж ён не пакіне яе без свайго ўздзеяння... Не!..

Рыгор пачаў умывацца...