SommaireСокі цаліны
Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ДРУГАЯ · 5 min de lecture

ІХ

Маладая гаспадыня, у якой Рыгор кватараваў і харчаваўся, адчыняла дзверы, калі фурман спыніў коні.

— Бач, як добра — ухітрыліся абмяняць Паўла на прыгожую паненку!

— А што ж, хацелі б, каб дарма з'ездзіў на станцыю, блізкі свет?

Маладзіца залілася рэзвым здаровым смехам.

На іх глядзела чарада дваровых, якія тут жа сядзелі на бярвеннях, занятыя гутаркамі.

Некалькі пузатых, замурзаных малых, з хлебам ды ападкамі яблык у руках, падбеглі да воза. Яны пужліва паглядзелі на Рыгоравы блішчастыя эпалеты і гузікі ды сарамліва адварочваліся ад узрокаў Лібы.

— Можна коні распрагаць? — запытаў фурман, калі Рыгор паказаў Лібе на адчыненыя гаспадыняй дзверы.

— Мне яны больш не патрэбны.

Малыя спрытна пачапляліся на воз, тулячыся ад фурманавай увагі.

— У вас можа хопіць абеду для нас дваіх?

— Ды ўжо ж... буду шукаць... Ці ж можна сястру пакінуць галоднаю!

— Вы не маракуйце, што нарабіў вам клопату.

— Дайце рады — падумаеш, клопат! Не ўразьце, барышня!

Цесная парабкоўская хата дзівіла Лібу сваім доглядам і прытулкам.

На стале ляжала белая сурвэта; ложак, што стаяў у другім кутку, не ўступаў белізною прасцірадла і брыжастымі навалачкамі на высокім стопе падушак. Чыстыя ўслоны суседзілі з трыма чорнымі венскімі крэсламі. У мыцельніку туліўся невялічкі буфет, чаму на ўслоне не відаць было ніводнае пасудзіны. Тры невялікія акенцы былі ўстаўлены рознымі вазонамі. Між ложак вялі дзверы ў пакоік, што займаў Павал.

Рыгорава малюпаткая каморка мела войсце з яшчэ меншых сенечак.

— Заязджалі ў мястэчка? — пацікавілася гаспадыня, падаючы абед.

— Не!

— Чаму ж такі? А то ж нядаўначка прайшло столькі салдат!

— Мы стрэліся з імі пры выездзе з Вакзальнае вуліцы.

— Якія харошыя мужчыны! Стройныя, маладыя і — на вайну! Няўжо ім хочацца ісці?.. Як вы кажаце, сястрыца?

Ліба мякка ўхмыльнулася гаспадыніным словам:

— Хто вайну любіць!..

— Ой, не кажэце,— перамяніла голас гаспадыня: — вось няхай вам скажа наш упраўляючы. Яму вайна — масленіца. Праз вайну ён стаў панам. А што вунь вычварае ў Мінску сын упраўляючага! Уся справа дастаўкі войску сала і круп знаходзіцца ў яго руках. Вы не ведалі?

Яна паглядзела на Рыгора.

— Так, вайна для паноў і фабрыкантаў — масленіца...

— Дазвольце падзякаваць за абед... Але ў мяне яшчэ да вас маленькая просьба...

— Прашу вас!.. То-то і ёсць, што нашаму брату разбурэнне, то пану — нажыва...

— Мая знаёмая не мае дзе пераначаваць — ёй толькі заўтра можна выехаць.

Палажыўшы на грудзях рукі, закасаныя за локаць, у чорных пісагах, з высока падаткнутаю спадніцаю, гаспадыня гасцінна смяялася, упарта гледзячы на Лібу.

— У сене, хіба? Ха-ха-ха!..

Тут жа яна павярнулася да дзвярэй у бакоўку, расчыніла іх і дадала:

— Во-а! Калі вы прагоніце ад сябе — у яе распараджэнні Паўлаў пакоік.

Ліба папрасіла выбачэння.

— Я вельмі рада вас мець сваім госцем. Хоць тыдзень жывеце ў нас... Я так Рыгора паважаю, што мне яго знаёмыя...

Стукнулі дзверы, і ў хату ўвайшоў Сёмка. Угледзеўшы Рыгора з Лібаю, ён моўчкі і нерашуча спыніўся каля парога.

— Да мяне? — запытала яго гаспадыня.

— Няхай будзе да ўсіх,— знайшоўся ён.— Я думаў пазычыць у вас... ды жонка сама зойдзе...

— Вось гэта той, хто прывёз мне вестку пра смерць мацеры. Мой таварыш Сёмка... Быў у мястэчку?

— Паленаваўся цягнуцца,— адказаў ён і паглядзеў на Рыгора.— Заседзеўся на месцы і нібыта той... Усё яшчэ адпачываю ад дарогі.

— А дарога даўгая!

— Каб хаця ды на гэтым скончылася! А чаго добрага, праз які тыдзень-другі зноў збірай манаткі і айда-а... Тады яшчэ новы клопат: замест каня — давядзецца на сабе несці тое, што ёсць...

— Ды ці ліха ім! Няўжо-такі немцам не будзе супынку,— разважала гаспадыня.

Калі ўсе ўчацвярых пакінулі памяшканне, на дзядзінцы іх стрэла Волька.

— Пашлі дурнога, а за ім другога,— прывітала яна Сёмку.

— Што ты злуешся — жалезца згубіла?

Волька раптам супакоілася — узрок Лібы разагнаў яе сярдзітасць.

— Вось пазнайцеся лепш з сястрою,— запрапанаваў Рыгор.

Волька зрабіла крок наперад і працягнула Лібе каравую руку:

— Твой госць? — абярнулася яна да Рыгора.

— Як бачыш...

Гаспадыня вярнулася ў хату, а яны ўсе разам прайшлі дзядзінцам да выезду з двара.

— Вы ў мястэчка? — запытаў Сёмка, павяртаючы назад.

— Дзе там! Хаця б да ракі,— адказаў Рыгор.

— Пажадаю вам весела правесці час!

Усмешка Лібы была адказам Сёмку.

— Шкада мне яго! — праказаў Рыгор, калі яны адышліся на гоні ад дзядзінца.— Слаўны чалавек і мусіць пакутаваць. Яшчэ добра, што ўдалося ўстраміць яго на працу ў атрадзе, а то б...

— Вы сапраўды накіроўваеце ў мястэчка?

— А вам бы хацелася?

Ліба адмоўна кіўнула рукою.

— Як лёгка дыхаць! Давайце завернем направа... Што за дзіўны абраз!

Перад імі рассцілаўся шырокі абшар поплаву. Маладая атава пералівалася ў ваччу руцянаю зеленню. Жаўцеючае збожжа прагна лавіла ўзнятымі каласамі сонечнае праменне. Прысады і пералескі, што праразалі ровень палёў, карункавалі іх багатыя ўборы.

На небе блудзілі рэшткі нядаўніх хмар, адыходзячы да чорных граніц небасхілу. Прамытае паветра пахла спелаю яр’ю і соладам гваздзік.

Непарушнасць вады ў рэчцы сведчыла пра надышоўшую ўрачыстасць другое паловы дня.

Рыгор з Лібаю бязмоўна ішлі між дваровага саду ў бок невысокіх кустоў пры рэчцы. За імі нёсся несціханы стук калёс з захаванага ўзгрудкам гасцінца.

— Жывучы ў горадзе, нельга сабе ўявіць вось гэтага хараства... Няпраўда, мо, Рыгор?

Пруткая рука яго прыгартала да сябе стройны стан Лібы.

— Праўда.

— Я ўспамінаю Смагін і вечар, калі мы вярталіся з мітынгу... Мне так хацелася, Рыгор, гутарыць з вамі, але вы здаваліся мне... недаступным.

Ён паглядзеў у Лібіны вочы.

Дзяўчынін узрок гарэў маладою прагаю ласкі.

— Сядзем вось на гэтым грудку...

Рыгор разаслаў жакетку.

— Калі ласка!

Лібіна касынка з’ехала на шыю, і чорны букет валос разбэрся па яе плячах.

— Сядайце тут... Бацькі не ўбачаць...

— Так, у мяне ўжо некаму глядзець...

Абое нейкі час памаўчалі.

Ліба разуважліва кінула ў рэчку пару лісткоў малачайніку. Лёгкія кружкі чуць прыкметна заварушылі срабрыстую паверхню вады. Блудлівыя мошкі апалі на скінутыя для іх масткі.

— Ведаеце, Рыгор...

Напружаная ўвага зрабіла яго спакойней вады.

— Вам не цікава?

Рыгорава галава шчыльна падблізілася да Лібінай.

— Прашу вас, Ліба!

— Кіньма на вы... Мы не настолькі чужыя з... каб астуджаць наша сяброўства.

— Ты праўду кажаш...

Наступная хвіліна запоўнілася зацяжным пацалункам...

— Ты прыедзеш у Мінск?

— Буду прасіцца... Мне, наогул, тут сумна аднаму...

— Аднаму?..

— Бачыш... я зжыўся быў з Паўлам... А Сёмка?.. Сёмка... Не, Сёмка быў бы...

Рыгор адчуваў падышоўшую цяжасць гутарыць. Язык прыліпаў да гартані, і толькі вочы напружана глядзелі ў заваражыўшы яго Лібін твар.

Белая, стройная рука сястры перабірала пальцамі космы яго ўскудлачаных валасоў. З-пад шэрага плацця даходзілі зачасціўшыя стукі Лібінага сэрца.

— Калі ж цябе спатыкаць на мінскім вакзале, Рыгор?

Сетка ценю ад разрослае купаю ліпы пакрыла русую галаву Рыгора.

— Я дам знаць.

— Дасі? Не хлусіш?

Рыгоравы губы кранулі выпуку чырвонае шчакі дзяўчыны.

Іх адняў гулкі стук конскіх капытоў па мосце.

То вяртаўся ў двор упраўляючы.

Яны адвярнуліся к дарозе.

— Пан?

— Упраўляючы. Пана вайна затрымала ў Варшаве.

Ліба агідна сплюнула, а Рыгор рассмяяўся.

— Можна было б апраўдаць вайну, каб ды толькі яна скончыла з панамі...

— Люблю цябе, Ліба, за твае думкі...

— Толькі за думкі?

Жартаўлівы сказ скалануў Рыгорава нутро.

Ён падняўся і працягнуў Лібе руку.

Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ДРУГАЯ · 5 min de lecture

Х

Каля вадакачкі яшчэ раз мігнуўся ў Рыгоравым ваччу белы кавалачак Лібінай касынкі. Рыгор матнуў шапкаю і адвярнуўся да станцыі.

Насільшчык пхаў поўную тачку пасылак. Пяцёра сялян адзін за другім паўзнімаліся з лаўкі і пайшлі з перона. У адчыненым акне аднастайна тарахцеў марзе.

Чыгуначны жандар, выткнуўшыся з-за рога станцыённага будынка, сурова паглядзеў на яго і тут жа знік.

На станцыі стала ціха.

«Паеду да кіраўніка работ».

Рашэнне ўзняло Рыгора з месца, і ён лёгка ачуўся каля падводы, на якой прыехаў сам і прывёз Лібу.

— Едзем!

— У двор? — запытаў фурман.

— У канцылярыю кіраўніка работ... Шпарчэй!..

Фурман пагнаў коні. Калдобістая дарога падкідала воз, качаючы Рыгора ў бакі. Але ён не зважаў на трасучку, цалкам аддаўшыся планаванню наступнага.

Лібін прыезд вызначыў у ім наяўнасць акрэсленай мэты. Так, Рыгор гэта адчуў учарашнім днём, калі знаходзіўся з Лібаю каля рэчкі. Яна нарадзіла ў ім моцную прагу кінуць адзінокае жыццё.

Дакуль яго цягнуць, мардуючы чулае сэрца? Зося, Ганна, Наталля... і, нарэшце, Ліба... Ён павінен адзнаць усю глыб перажытага хвалявання. Яго сляды ляглі выразнымі адбіткамі ў перачулым нутры. Ліба кранула іх сваёю гарачаю шчырасцю. За яе вобразам — пустэч, якая сцірае прамігнуўшыя цені.

Рыгор павярнуўся ў бок станцыі, але яе не відаць было за местачковым будынкам. Перад ім вокны канцылярыі кіраўніка работ адсвечвалі сонечным праменнем.

«Буду прасіць камандзіроўкі... адкамандзіроўкі-ы?»

— А-а, Рыгор Міхасевіч? Адкуль гэта? — спаткаў яго Проваў, калі коні спыніліся перад ганкам канцылярыі.

Кіраўнік гасцінна, як ніколі да гэтага, глядзеў на Рыгора, працягваючы яму руку.

— Са станцыі?..

— А мне вось трэба было...

Яны прайшлі ў кабінет кіраўніка работ.

Проваў запрасіў Рыгора сесці.

— Я хачу вас паслаць у ўпраўленне начальніка работ... У мяне якраз просяць чалавека, якому адпавядацьмеце вы... Згодны?

Рыгор не чакаў пачутага ад кіраўніка і не ведаў, што яму адказаць.

— А можа, вам лепш у нас, тады я з вялікай прыемнасцю пакіну вас пры атрадзе. Я падгатовіў ужо вам падвышэнне... Думайце!

— Так, я згодзен на вашу прапазіцыю паехаць... А калі гэта трэба?

— Бліжэйшымі днямі... Па-мойму, вам трэба гэта выкарыстаць... Бо што вам можа даць атрад? Вось хутка мы пераязджаем на новае месца... Надыходзіць восень, дажджы...

— Яўген Віктаравіч! Я ўсяго буду прасіць вас, каб вы не разлічылі майго бежанца... Вы яго выратавалі, прыняўшы ў атрад...

— Ці ж гэта можа адбіцца на вашым рашэнні?

— Як бы вам сказаць...

У кабінет увайшла высокага росту маладзіца. Не звяртаючы ўвагі на Рыгора, яна падышла да кіраўніка і штосьці шэптам яму паведаміла. Той згодліва кіўнуў галавою і адвярнуўся да Рыгора.

— Значыць, вы згодны на маю прапазіцыю?

— А ўжо ж, дзякую.

— Тады я данясу ўпраўленню...

Кіраўнік працягнуў Рыгору руку і хапіўся за пачку папер.

Рыгор выйшаў з кабінета, пільна раздумваючы над пачутаю нечаканасцю.

Прапазіцыя кіраўніка работ, яго цёплая ўхмылка ў час гутаркі, спачувальная ўвага да Рыгора і дзівіла апошняга і азадачвала. Рыгор зусім не разлічваў на гэта. Паслуга кіраўніка па сутнасці была варта таго, каб яе выкарыстаць, але дачаснасць яе хавала пад сабою ўсё іншае, што было звязана з яго планамі. За апошні час Рыгору, урэшце, удалося намацаць грунт і разгарнуць працу сярод рабочых атрада. У гэтым дапамагаў яму і Сёмка. Такіх спрыяючых трапункаў у сваім жыцці Рыгор налічваў нямнога...

Ужо ад’ехаўшы ад канцылярыі кіраўніка работ, ён адчуў поўнае задаволенне паваротам спраў.

Зацягнутае воблакамі неба не перашкодзіла празрыстасці яго настрою. Раскалыханыя думкі хутка пераносіліся з двара на гасцінец, з гасцінца ў Мінск, з Мінска ў Пецярбург.

Пераплёты выплыўшых у памяці падзей калыхаліся ў яго ваабражэнні разнаколернымі букетамі кветак.

Нягледзячы на цяжкія моманты ў мінулым, жыццё ўхмылялася фарбамі надзей.

Ігра цёмных і светлых плям разнастайнілі Рыгорава жыццё, прыдаючы яму цікавасць.

Стромымі ўступамі праходзіў ён жыццёвы шлях, але змардаваныя сілы папаўняла цвёрдая вера ў моц і сілу працоўных. Цяжкія іспыты, што выклікала вайна, таілі ў сабе пагрозныя нечаканасці. Чым болей заблытваўся клубок ваенных падзей, тым выразней адзначаліся іх вынікі. Рыгор настарожана лавіў калыванні грамадскіх думак, дыягназуючы па іх размахах і ўхіл надыходзячых падзей.

У даную хвіліну Рыгор адчуваў наяўнасць у сабе багатых скарбаў нявыкарыстанай энергіі. І толькі глуш запалоханай правінцыі падбівала стромкія ўзлёты яго рызыкоўных намераў.

Тая праца, якую ён пачаў вясці сярод рабочых, поўнасцю яго не здавальняла.

Зліты ў адно, гучны стук чатырох конскіх ног па дошках моста павярнуў Рыгора ўлева; ён паглядзеў усцяж завілай рэчкі і разбегся ўзрокамі па закаржэлых кусціках алешніку.

Палкае ваабражэнне мігам стварыла жывы вобраз Лібы: белы фартух на шэрым плацці, чырвоны крыж на выпуку грудзей і мілая задзёрыстая ўхмылка на чыстым румяным твары.

— З мястэчка, Рыгор?

Агінаючы падводу, насустрач яму ішла Волька. Кроках у двух ад яе бегла замурзанае дзіцянё.

— З мястэчка. А ты — у мястэчка?.. Спыні коні...

Фурман напяў лейцы, і коні сталі.

— Дык жа дай ты рады. Сёмка нашчэнт разбіў дзеравячынай нагу. Ледзьве прыпоўз з атрада. Бягу ў аптэку за ёдам і марляй.

— Што ты кажаш? Як жа так надало яму гэта зрабіць? Вось то ўжо справы...

— Рыгорка, не шанцуе мне... Ой, ды як яшчэ мне не шанцуе...

Волька пацерла кончыкам хусткі заплаканыя вочы.

— Што прыйдзецца рабіць — сама не ведаю... Хадзі, Юрка, сюды,— пазвала яна дзіцянё.

— Дрэнна... Сядай на воз і едзь па што трэба...

Рыгор саскочыў з воза і ўскінуў на яго Вольчына дзіцянё. Волька ўзлезла на воз, і фурман павярнуў у мястэчка.

— А грошы маеш, Волька? — гукнуў Рыгор.

Яго не пачулі.

«Сапраўды не шанцуе»,— праказаў ён сам сабе і ўскоранай хадою пайшоў да двара.

Параўняўшыся з садамі, ён стрэўся з падводаю, на якой ехаў тэхнік Бросня.

— Гэта ж чаму не з’явіліся на працу? — начальнічым тонам гукнуў ён да Рыгора замест прывітання.

— Я мусіў быць па справах у канцылярыі кіраўніка работ.

— Цікава, якавы вашы справы? Я ўжо чуў пра гэтыя справы.

— А калі б і так?..

— Вось гэтага якраз і не павінна быць. Не можна забываць, што вы на вайсковай службе.

— У кожным разе не вам мне пра гэта дапамінаць...

— Не падабаецца?..

— Разам з вамі.

Рыгор крута павярнуўся ад Бросні і схаваўся за заломам апінаўшых сад платоў.

Фельдфебельскі выбрык тэхніка расхваляваў яго да адказу. «Што за хамскае котла!» — вылаяўся ён.

Аднак у спатканні з Броснем таілася нешта нядобрае. Яно вымушала ў Рыгора праверыць свае суадносіны з ім на працягу праведзенага ў атрадзе часу. Тэхнік акрэсліў свой узрок на яго тою сухою, казённаю афіцыяльшчынай, якая вельмі яскрава вызначылася пры першым іх знаёмстве і якая паглыбілася яго падазронасцю да Рыгоравых занадта блізкіх адносін да атрадаўскіх рабочых. Рыгор мала звяртаў увагі на гэта. Тым не меней ён пачынаў непакоіцца. Ад гэтага прыткага чынушы можна было чакаць усяго.

— А вы і не абедалі нават? — запыніла Рыгора гаспадыня, калі ён увайшоў на дзядзінец.— Мабыць, праводзілі сястру да самага Мінска?

Яе пераліўчаты завабны рогат аддаўся рэхам па загуменнем двара і рассеяў агіднае ўражанне ад Бросні.

Маладзіца была далёка ад тужлівага настрою. Адсутнасць гаспадара, які, згодна яе прызнанню, быў забраны ў армію, ніколькі яе не суміла. Вяртлявая і вясёлая, яна або ўмела таіць цяжар адзіноцтва, або зусім была яму чужою.

— А пакуль вы ездзілі, ваш знаёмы паспеў нашчэнт расквасіць нагу. Бедны, ледзьве прыйшоў з атрада.

Яна спагадліва паківала галавою.

— Пайдзеце наведайце яго — ён адзін, жонка пабегла ў мястэчка за ёдам... Не шанцуе... Ну, а вы ж сястры хаця пакланіліся ад мяне?

— Абавязкова. Дзякавала вам за гасціннасць,— адказаў Рыгор і павярнуў, каб ісці да Сёмкі.

— Чакайце ж,— хапіла яго маладзіца за руку,— перш паабедайце-э, а тады-і ўжо пойдзеце да таварыша... Можа ж, не памрэ за гэты час. Ці ж можна галоднаму да вечара?..

Маладзіца зняла з плеч серп і, не выпускаючы Рыгоравай рукі, павяла яго на кватэру.