SommaireСокі цаліны
Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ · 6 min de lecture

І

Яўген Віктаравіч Проваў, кіраўнік работ, абкружаны тэхнікамі і дзесятнікамі, аглядаў папраўлены ўчастак дарогі.

Роўнаю струною расцягнулася зафашыненае месца нядаўна раскіданай грэблі. Жоўты пясок, гладка абабіты лапатамі, пераліваўся на сонцы залатымі россыпамі. Абочныя канавы конусам сходзілі да аршыннае глыбіні, адшнуроўваючы цёмную лінію, як анталяжы, на ўзроўні зніжанага грунту поплаву.

Рабочыя з атрада часткаю корпаліся пры зборы ў адно месца непадабраных ралак, трэсак і кускоў дзярыны, часткаю гутарылі, курачы цыгаркі, часткаю на адгоне некалькіх крокаў хадзілі за камісіяй.

— Нам застаецца перакапаць аб'езды, прыраўняць дарогу ад станцыі да мястэчка і гайда далей,— паведаміў кіраўнік работ, спыніўшыся пасярэдзіне папраўленага ўчастка.

— Ну, а з палоннымі як? — запытаў Бросня.

— Знойдзем і ім працу... Магчыма, вам прыйдзецца паехаць абследаваць да сяла Вішнеўскага... Ёсць усе даныя, што сюды пройдзе асноўны маршрут...

— А ці паспеем мы да асенняй слоці ўвіхнуцца? Здарэнні на фронце ашаламляюча развіваюцца. Немцы падбліжаюцца да Ліды, наступаюць на Пінск, забралі Ваўкавыск...

— Мусім справіцца...

— Пры нашых людзях гэта вельмі цяжка.

— Што-а?

Бросня азірнуўся назад, дзе наперадзе кучкі рабочых стаяў Рыгор. Кіраўнік хітра прасачыў за не ў меру старанным тэхнікам і рашуча збіў яго намер.

— Вайсковая дысцыпліна нікому не патурае.

Рыгор убачыў кіслую міну Бросні і гадліва адвярнуўся ад тэхніка.

Рабочыя зацята абгаварвалі апошнія здарэнні на фронце. Ні планы кіраўніка работ у наступным, ні агледжаны ўчастак скончанае працы іх не цікавілі. Усе яны паходзілі з мясцовасцей, якія часткаю ўжо адышлі пад фронт, а часткаю непасрэдна з ім межавалі. Амаль ні кожны з іх тым ці іншым з свае працы, з свайго ашчаднага набытку, а то і жыццём радняка ці сем’яніна заплаціў за непрытомны ўчынак драпежных авантурнікаў. Дзе ж канчатак крывавай завірухі?

На задаволеным і спакойным твары Яўгена Провава мэрам бы непрыкметна было клопату пра гэта. Выпаўненае атрадам заданне ўносіла ў яго актыў новую лічбу і гэтым абмяжоўвала яго ад шырэйшых заданняў ды глыбейшых думак. Гэта адзнавалі многія з рабочых, нядбайна праводзячы яго з рэвізійнага агляду.

Пара стройных здаровых коней хутка нясла інжынера-начальніка з месца работы ў канцылярыю.

— Што яму да вайны і што вайне да яго?..— судзіў Сёмка, абапёршыся на дзяржанне жалезняка і падняўшы незажытую нагу.

— А ці ж табе вядомы яго думкі? — не згаджаўся яго сусед.

— Мне і ведаць не трэба — відаць з надворнага выгляду.

— Ха-ха-ха! Ці ж можна суйздром...

— У кожным разе вайна, галоўным чынам, б'е па нас,— перабіў Сёмка суседа.

— Гэта вядома.

— Пара было б стукнуць і па ёй!

Малады, здаровы дзяцюк усадзіў лёза жалезняка ў смалістую хваіну.

— Вайна — не хвоя,— пажартаваў Сёмка.

Рабочыя рассмяяліся. Але іх смех тут жа быў пераняты тэхнікавым прыказам узяцца за перакладку аб’езнай дарожкі.

Хутка грамадка рабочых разбілася на стройныя рады, якія паважна закалыхаліся над чорнаю зямлёю.

Рыгор прыстаў да першага рада і з асаблівым захапленнем убіваў у рыхлую зямлю востры жалязняк.

Пудовыя крыгі праторфенай зямлі ўзмахам яго рукі апісвалі чуць не сажэнныя дугі.

Ужо глыбокія раўчукі выглядалі дастатковай перашкодаю для праезду, калі новы абоз бежанцаў супыніўся перад першым радам рабочых.

— Назад, дзядзькі! — выгукнуў адзін з іх.

Падводы адна за другою сталі спыняцца.

Неўзабаве ўсцялс значнага адгону шляху зграмадзілася каля сотні вазоў. Падняўся крык, які гнаў патрывожаных людзей наперад, да месца, якое перагарадзіла іх дарогу.

— У чым справа-а? — гудзелі дзесяткі галасоў, злосна трасучы ў паветры пугамі ды палкамі.

Рыгор не паспеў падняць рукі, каб супакоіць тых, што крычалі, як здаровая палка аднаго з іх апусцілася на плечы яго суседа. Той крыкнуў і спрытна падняў уверх жалязняк.

— Пастой! — прытрымаў яго Рыгор.

— А ты, дзядзька...

Селянін, што ўдарыў палкаю, раптам прысмірэў і пільна ўперыўся ўзрокамі ў Рыгора.

— Рыгор?! — здзіўлена выгукнуў ён.

— Дзядзька Сідар?.. Што з вамі?!

— Ах, сынок мой, даруй мяне, непрытомнага,— пачаў апраўдвацца селянін, кінуўшыся на Рыгора, і павіс у яго на шыі.

Зацікаўленая здарэннем грамада сялян некалькі хвілін моўчкі глядзела на Рыгора з Сідарам, пасля спакойна пачала адыходзіць да сваіх вазоў, якія варочала на папраўлены шлях.

Сідар апошнім адышоў ад рабочых, умольна перапрашаючы пакрыўджанага. На яго збянтэжаным твары мясціўся едкі сорам з бяспомачнай разгубленасцю.

— Паверыш, Рыгор, я сам не валодаю сабою. Змучаны, прыбіты няшчасцем, я згубіў сваю людскасць... Бачыш, да чаго дайшоў,— паказаў ён на парваныя радняныя порткі.— З Пецярбурга і проста ў дарогу. А куды?.. У дагон за Гэляю... Так і не чуваць, дзе апынулася яе цела?.. Эх-ха-а! Сыно-ак мой!

Побач грукацелі збітыя колы на новых фашынах. Другі шэры цуг бежанскага каравана ўплываў сваёй галавою ў вузкую прагаліну лесу.

Мо на гоны ад іх матнулася ў паветры белая дзеравячына, некалькі раз схіліўшыся да долу. Следам да іх дайшоў аслаблены адгонам вокліч:

— ...до-а-р-р! Дзі-ы-а!

— Завуць! — выпрастаўся Сідар і, зняўшы скамечаную шапку, колеру прасохшага чарназёму, пераскочыў канаву.

— Правядзі, Рыгор,— пазваў ён, спусціўшы хвілінку.

Рыгор уваткнуў жалязняк у зямлю і нагнаў Сідара.

— Ага-а, бок, дзядзька! Я і забыў — і Сёмка... тут жа...

— І Сёмка-а? Хведа-араў?..

Сідар падняў угору плечы, скрывіў голаў і астаўся так стаяць, пакуль Рыгор не гукнуў Сёмку.

Сёмка, кульгаючы, падбег да іх і вытарашчанымі вачыма паглядзеў на Сідара.

— Няўжо вы, дзядзька, дагэтуль заставаліся ў Сілцах? — суха запытаў ён.

— Дзе-э там! — разуверана матнуў рукою Сідар.— Праз тыдзень пасля цябе выбраўся ў дарогу і ўсё яшчэ еду. Бачыш, колькі часу з’еў адгон ад Сілцоў дагэтуль... Справы ж, браце-э...

У ваччу Сідара паказаліся слёзы.

— Вось быў на нейкі час устроіўся на працы ў фальварку Зграі, вёрст сорак адгэтуль, а далей гаспадар разлічыў... І цяпер еду з чужымі, адзін, як воўк, ну зусім без усякіх спадзяванак на прыпынак... Вунь Грыбы ды Гладышы паабсталёўваліся даўно, а гэта-а... Іду-а-а! — гукнуў ён усцяж абозу...— А ты якім жа чынам апынуўся тут на працы?..— пацікавіўся Сідар у Сёмкі.

— Дзякуючы Рыгору... Выратаваў ён мяне, дзядзька. А я ўжо думаў... Пахаваў бацьку ў дарозе... І Рыгораву мацеру...

Сідар стаяў, як на шарніры; яго ўскудлачаная галава несупынна адварочвалася ад Рыгора да Сёмкі, і вочы лавілі скрадзеныя лесам пярэднія падводы.

— Ай ды добра, сынку, добра...— спачуваў ён Сёмку, выказваючы сваю спагаду няскладнымі сказамі нервовае гутаркі...— Добра-а, а мне-э...

Ён раптам сарваўся і, не развітаўшыся нават, кінуўся бегчы за падводамі, у бок лесу.

Прамінуўшы да дзесяці падвод, ён апамятаўся і спыніўся, замахаўшы шапкаю.

Калі Рыгор з Сёмкаю, не зважаючы на гэта, павярнулі назад, то яны не прайшлі і трох сажняў, як ззаду іх пачуўся Сідараў голас:

— Не адкажэце, небажаты, пазычыць мне якую траячку дробных... Ведаеце, родныя мае, гроша меднага не маю... Згіну ў дарозе, калі не пасобіце...

Рыгор з Сёмкам пераглянуліся. Але пры Сёмку нічога не было, і ён ніякавата маўчаў, чакаючы выручкі ад Рыгора. Той шарыў па кішэні і бражджэў медзякамі.

— Даруйце, дзядзька, толькі і маю каля рубля з сабою,— падаючы Сідару жменю дробных, перапрасіў Рыгор.

— Ну, дзякую і за гэта, сынок... дзякую... хоць на якую пачку махоркі... А то што меў — як прахам разляцелася... Жа-арты-і, гэткая дарога! Пецярбург і назад у Сілцы, а колькі, як з Сілцоў... Вярну, браце, калі будзе здароўе і ўся гэта завіруха сціхне...

— Ці ж варта пра гэта казаць... парахуемся, дзядзька, абы ўсё добра было...

Сідарава шапка на гэты раз спрытна знялася з галавы, апісала замыславатую фігуру, і Сідар кінуўся ад іх уподбежкі за падводамі.

Хутка ўзняты абозам пыл сцёр вострыя рысы яго постаці.

— З якога гаспадарства і да жабрацтва!.. Вось яно да чаго можна дайсці,— задуменна паспагадаў Сёмка і паглядзеў на зямлю, пасыпаную жоўтым пяском.

— Вайна, таварыш! Ці мала такіх, як Сідар!..

— Цяжка, Рыгор, ой, як цяжка!.. Часамі пачнеш думаць, ажно галава закружыцца... Вось дзе бядота, дык бядота... Падумай, што я або гэты Сідар зараз варты?.. Куды яму прыткнуцца ў чужым, невядомым краі? Каб рамеснік які, каб меў дзе-колечы родных, сякія-такія грошы ў кішэні, а то... Невыказна. Дзякую, браток, табе, шчыра дзякую, што ты выручыў мяне з бяды... Не зрабі ты гэтага — хто яго ведае, што б са мною сталася на гэты дзень... А ты... Рыгор...

Рыгор абарваў яго споведзь крутым махам рукі. Аднак Сёмкавы развагі не знаходзілі ў ім важкіх абвяржэнняў. Сапраўды, што ён мог акрэсленага сказаць у яго ўцеху? Голае, адцягненае слова бадзёрасці мелася ў яго распараджэнні і з ім адным Рыгор абярнуўся да таварыша.

— А ты надзейней глядзі ў будучыню! Яшчэ ўсё не перажыта!

У Рыгоравым сказе звінела сталёвая ўверанасць, ад якое нельга было захавацца сумліваму настрою, але далей за ёю было невыразна.

— Ды ўжо ж! — праказаў Сёмка.

Яго словы расплыліся ў сольным запеве, які зрушыў з месца грамадку рабочых, што, скончыўшы працу, рушылі на адпачынак.

Павісшае на скрыжаваных верхавінах лесу чырвонае сонца мыла халодныя лозы паднятых угору жалезнякоў...

Тэхнік Бросня хмура паглядаў у бок Рыгора, які ішоў з Сёмкам на адгоне некалькіх сажняў ад рабочых.

Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ · 6 min de lecture

ІІ

Вясёлы твар Рыгоравай гаспадыні выдаваўся белым месяцам на фоне цёмнага квадрата адчыненых дзвярэй.

— Ну і навін жа ў вас будзе сённека! — сустрэла яна Рыгора.

І не паспеў той развітацца з Сёмкам, як заўжды закасаная рука маладзіцы працягнула яму да твару жмут газет і лістоў.

— Тут, напэўна, маецца ліст і ад сястры. Цікава, як яна там жыве! Ха-а-роша-а-я дзяўчына! Вось ад першага разу спадабалася... ды годзе-э... Што ж ты зробіш — ёсць такія людзі... Няпраўда, мо ?..

Яна гаварыла бойка, захопна, перагарадзіўшы Рыгору дарогу. Яе хітрыя зоркія вочы крыжавалі яго вострымі ўзрокамі...

Ды не стаяць жа было Рыгору перад рэзвай гаспадыняй, як перад статуяй,— і ён зламаў ніякавасць у абыходзінах з жанчынаю, ступіўшы рашучым крокам наперад. Маладзіца спрытна адхілілася ўбок і прапусціла пасуседа ў кватэру.

Далей на нейкі час яна як знікла...

А Рыгор, увайшоўшы да сябе, барджэй хапіўся за лісты.

Непарушную ціш пакоіка перарваў траскучы шорпат дранай паперы. Толькі не паспелі Рыгоравы вочы апусціць напружаныя ўзрокі ў скрадзеныя змрокам радкі ліста, як крохкія стукі ажыўшай гаспадыні павярнулі яго голаў да сценкі.

— Чую!

— Вячэра на стале астывае...

— Зараз...

— Прашу вас, мой пасуседзе...

Рыгор скамячыў ліст і ўсунуў яго ў кішэню, мяркуючы прагледзець за вячэраю. Аднак гаспадыня гэтаму перашкодзіла... Яна, мэрам бы ў помсту за перарваную гутарку ў дзвярах, не закрыла рота, пакуль Рыгор не скончыў вячэру і не вярнуўся да свайго пакоя.

За якіх дваццаць хвілін ён пачуў процьму казачных навін, сплеценых рэзваю маладзіцаю ў мудрыя камбінацыі фантастычных з’явішч. У іх вінегрэце знайшлі сабе месца і двор, і мястэчка, і фронт, і Мінск, яе муж і кіраўнік работ, і людзі, і месцы, пра якіх Рыгору не было жаднае цікавасці і якія не болей цікавілі лепяткую гаспадыню.

— Вам не заснуць будзе доўга! — заключыла яна, калі Рыгор, не даслухаўшы, пакінуў яе адну.

Настарожанае вуха гаспадыні дарма чакала адказу.

Рыгор моўчкі прайшоў да сябе і, засвяціўшы агарак свечкі, зноў хапіўся за чытанне.

Распакаваны перад вячэраю ліст быў з Пецярбурга. Яго пісаў Артур Цвібель. Як і што яму стаў вядомым Рыгораў адрас — цяжка было дазнацца. Рыгор дапускаў, што Цвібелю яго даў Анікей, які знаў пра месцазнаходжанне Рыгора.

Ды дарма — гэта толькі на момант адняло Рыгораву ўвагу,— цікавейшым быў самы змест Цвібелевага ліста. З яго Рыгор праведаў пра апошнія навіны з жыцця Пецярбурга. Таварыш паведамляў пра настроі рабочых, пра пашыраныя гутаркі наконт сепаратнага замірэння, пра таемнасці прыдворнага жыцця, у асяродку якога вярцелася імпазантная фігура блудніка Распуціна.

Ліст востра заінтрыгаваў Рыгора, Пецярбург з новаю сілаю ўварваўся ў яго нутро і завалодаў яго пачуццём.

Ён не дачытаў ліста і нейкі час перапяўся думкамі да берагоў Нявы, на шырокі бурлівы Неўскі, за заставы, на Выбаргскую старану.

Выразны жывы вобраз сталіцы напоўніў яго істоту дынамікаю раз’юшанага жыцця. Бясспрэчна, што на яго струнах адчуваецца найцянейшае калыванне лёсу ўсяе дзяржавы. Сталіца з’яўляецца рупарам усіх падзей, і ў гэтым рупары гучыць сканцэнтраванае рэха іх вынікаў. Жыць у Пецярбурзе — гэта знаходзіцца ў асяродку гэтых вынікаў, быць непасрэдным удзельнікам разнастайных пературбацый палітычнага і грамадскага жыцця.

Наспяванне багатых зместам здарэнняў, неакрэсленасць іх уплыву на наступнае, шырокія магчымасці разгарнення рабочага руху — усё-ўсё гэта раптам вырасла перад ім з маленькага таварышавага ліста ў нешта агромністае і жывое і завалодвала яго істотаю.

Ці спадзяваўся ён, едучы ў атрад, так доўга ў ім затрымацца?

А то ж мінула столькі часу, як глухая правінцыя адрэзала яго ад трапяткіх пытанняў бягучага жыцця! Да чаго ўсе гэтыя Провавы, Бросні, іх стан і іх злосць; навошта тая надмерная ўвага, звязаная з тратаю часу і энергіі на гутаркі, просьбы і сваркі з гэтымі фактычна нікчэмнымі чынушамі?.. Надало яму паслухаць Паўла і кінуць Пецярбург, каб у падобныя гістарычныя часы сысці з шырокага шляху ўзрастаючага змагання!..

Раптам ліст Цвібеля зноў прыцягнуў да сябе Рыгораву ўвагу: апошняя старонка была прысвечана прыватнаму жыццю таварыша.

Цвібель скардзіўся на Рыгоравага знаёмага, што той не выпаўніў абяцанкі і не памог яму, Цвібелю, стала ўладзіцца на заводзе. Ужо болей двух месяцаў, як ён без працы; дарагоўля выцягнула з яго апошнія магчымасці для далейшага жыцця, а тут паспела і яго чарга ісці ў войска. Ён упрасіў латышскі бежанскі камітэт паглядзець за сям’ёю, а сам пасля некаторых бадзянняў папаў у латышскія стралкі.

Але развага наконт Цвібелевых паводзін адляцела да століка разам з кінутым лістом.

Другі ліст чакаў свае чаргі, лёгка падняўшыся з акна Рыгоравай рукою.

— На штэмпелі — Масква...

Рыгор, перад тым як чытаць, прыслухаўся чагосьці. За сценкаю — нікога. За акном — зорнае неба...

Раптам каля акна забрахаў сабака.

Чаго ён тут?

Масква! Напэўна, піша Пятрусь!

Так — характар Петрусёў.

Рыгор з прагавітасцю накінуўся на роўныя радкі ліста.

І Петрусёва істота — побач з ім. Вось ён, таварыш і сябра, з яго жыццём у Маскве пад чужым імем. Служба ў народным банку, новыя знаёмыя, цікавая грамадская праца, ажаніўся, мае быць у кастрычніку месяцы ў Мінску...

«А як я? Што мне сказаць пра сябе? Як і раней, калі не горш?»

Петрусёў ліст, аднак, не прынёс новага хвалявання. Ад яго павеяла буднямі, калі не браць пад увагу хацення ўгледзецца з Петрусём, як з таварышам і сябрам.

«Цікава, безумоўна цікава, як адбіліся на ім апошнія здарэнні з яго жыцця»...

У кастрычніку будзе ў Мінску! К таму часу перабярэцца ў Мінск і Рыгор. Ну, а як будзе стрэцца? Трэба Петрусю адпісаць...

Ужо дачытаны ліст знаходзіўся на паўдарозе да месца, дзе ляжаў і Цвібелеў, але Рыгору раптам узбегла на памяць і Рыма.

Ён удвойчы каўзануў узрокамі па лісце і не знайшоў, як і першы раз, гэтага імя...

Як жа думаць, ці ўзяў яе Пятрусь, ці можа?..

Цікава, як з Рымаю!

— Няўжо?..

Шорпат трэцяга канверта зліўся з расцяжным тонам няскончанага запытання.

Блакітны лісток паперы. Простае, няроўнае пісанне — вядома, ад Лібы.

«Ты не перадумаў усё ж таго, на чым мы ўмовіліся? Нуджу без цябе і з няцерпам чакаю твайго прыезду... Ваджу чарадамі раненых. Цесныя мінскія панелі апрацівелі мне да... Ці, можа, апрацівелі тыя абставіны майго зацяжнага шпітальнага жыцця? Не ведаю сама...

Той «чырвоны смех», які нязмоўчна гучыць у маім вушшу... Ад яго звіняць шпітальныя вокны, ім запоўнена цяжкае шпітальнае паветра... Але ўвесь Мінск — адзін шпіталь... Нідзе не дзенешся... Вакол раненыя і тыя, што на чарзе...

Я часта наведваю вакзал і гляджу-цікую, ці не ўбачу цябе. Дапушчаю, што возьмеш і прыедзеш не паведаміўшы. Ці праўда, Рыгор?..

Без таварыша... без блізкага чалавека цяжка робіцца жыць. Аднак... гэта жаночыя капрызы... часамі задурышся і сама сабе не рада — ты — мой муж...

Няўжо ды ты мой муж?.. Не бяры ўсур’ёз...

Прыязджай, каб не абрасці мохам.

Цалую — Ліба»...

Рыгор аддаўся ўмільнасці... Асалода пацалунку...

Ліба!

— Лі-ыба-а — ты?

Нячутна адчыненыя дзверы прапусцілі ў Рыгораў пакой гаспадыніну ўзлахмачаную галаву.

Асцярожлівае запытанне, аднак, было гулкім у затоенай цішы, і Рыгор збянтэжана павярнуўся да дзвярэй.

— Гэта вы?

— Выбачайце, вы не чакалі?

— Вам я патрэбен?

— Можа, будзеце піць гарбату?

Іншым тонам:

— А ці ж пара ўжо?

— Дзесятая на сходзе... А калі хочаце, я прынясу малака.

— Калі можна — сырадою.

— Пэўна ж...

Гаспадыня знікла. Але Рыгор не паспеў вярнуцца да перабітае думкі, як яна зноў стаяла перад ім. Падаючы пітнік з малаком, маладзіца з адбіткам трывожнасці ў голасе праказала:

— А немцы ўжо каля Баранавіч... Аканом вярнуўся з мястэчка і казаў... Вільня таксама забрана... Што-а гэта толькі будзе-э, Рыгор Міхасевіч? Глядзеце, што праз які тыдзень і Мінск апыніцца ў іх... І калі, крый чаго, прыйдзецца ўцякаць, я сама не ведаю, як тады быць... Ці ж хто спадзяваўся гэтага?

— Не думаю, каб да таго дайшло.

— І мне здаецца,— ласне ўжо здарыцца нешта надзвычайнае... Усё ж такі ад Баранавіч да Мінска болей сотні вёрст, а ад Мінска да нас... Няўжо-такі...

— Спеце смела...

Рыгор засмяяўся, і гэта гаспадыню ўмомант перастроіла. Яна падбегла да стала і пільна агледзела паложаныя на ім лісты.

— А сястра не піша?..

— Якраз піша ды кланяецца вам...

— Ласне? — палісцілася маладзіца.

— Не хлушу.

— Перадайце і ёй уклон ад мяне, калі пісацьмеце... Ды ўжо ж, думаю, напішаце?.. Чалавек, якому нельга не адпісаць.

— Напішу і перадам уклон...

Цікавасць гаспадыні была здаволена. Яна прыняла з Рыгоравых рук пасуду і выйшла з пакоя. За дзвярыма яна апамяталася і ўголас папрасіла:

— Навіны перадасцё заўтра ранкам.

— Абавязкова! — запэўніў Рыгор, паспеўшы ўжо разгарнуць газету.

«Біржоўка» ў навінах дня амаль не поўнасцю падмацоўвала гаспадыніна паведамленне.

Фронт набліжаўся да Мінска. Немцы абышлі Свянцяны, пераправіліся на левы бераг Віліі, апынуліся каля Ліды.

Пад пагрозаю пераможнага ворага страсянула жахам нядаўна дзёрзкія, самаўпэўненыя сэрцы айчынных патрыётаў. Усерасійскі земскі і гарадскі з’езды выкінулі лозунг «радзіма ў апасцы!». А цвердалобы, зблытаны ў падзеях урад вуснамі цара абвясціў маніфест аб прызыве ратнікаў апалчэння другога разраду...

Размах здарэнняў гаварыў сам за сябе...

Пагрозны, атулены змрокам невядомасці пытальнік канцэнтраваў на сабе Рыгоравы думкі і ўзрокі.

За ім, у цемры ночы, распластаная крыжам ляжала змучаная краіна.