ІІІ
Тая ж будняя, з голымі хваёвымі сталамі канцылярыя кіраўніка работ, але ў ёй замест двух чалавек, як то знайшоў у першы раз Рыгор,— чатыры. Трое маўклівых мужчын над цёмнымі справамі і чацвёртая рухавая машыністка. Стукі клавіятуры машынкі ніжуць роўныя радкі дробных літар. У стуку — аднастайнасць, як аднастайнасць у словах і сказах казённых паведамленняў. Павейвае сумам, хоць у прасторныя вокны льецца досыць святла. На вуліцы і ў двары — крыкі і бегатня дзяцей. Раз-поразу возьмуць ды адцягнуць яны ўвагу машыністкі ці руплівага дзелавода. Порсткі павёрт, звычайна, правядзецца невыразнай вымовай па адрасе бясклопатных дзяцей. Надалей — цішыня і знямоўчныя стукі машынкі. Паперак — тое і глядзі — не абабрацца. З двух бакоў падсоўваюць іх на маленькі столік машыністкі.
Праз кожную гадзіну, а мо і часцей, ідуць прыказанні ад Провава. Кіраўнік работ важна выходзіць з свайго кабінета, аддае распараджэнне і, праверыўшы прысутных, знікае туды, адкуль з’явіўся.
Калі пры ўваходзе ў канцылярыю дзверы кабінета адчыняюцца нячутна, то пры выхадзе яны стукаюць сухім трэскам. Трэск заўсёды падобны, стандартаваны і адваротны, болей усяго для машыністкі. Нервовая, яна так і скалынецца, абы заўважыць знікаючую постаць Провава!..
Дзверы ад ганка ў канцылярыю характэрны іншым стукам. Устаўленыя зверху чатыры шыбіны разнастайняць яго бразгучым звонам шкла. У дадатак растузаная клямка, выпадаючы з рук, далучае свой патройны бразг у агульную сімфонію гукаў. Гукі парушаюць цягу канцылярскае працы — чэцвера істот, як па камандзе, падымаюць ад паперы галовы і глядзяць у бок дзвярэй. Хто б у іх ні ўвайшоў — настрой падымаецца: свежы чалавек адчыняе губы і разам са словамі прыносіць пах свежага паветра местачковае вуліцы.
На гэты дзень пакуль выпаў адзін усяго наведывач. Зайшоў якісьці селянін прасіцца на працу ў атрад. Яго не прынялі. Ён пастаяў, паматаў безнадзейна лахматаю галавою і выйшаў. І з таго часу — нікога. А на гадзінніку — дванаццатая.
Што за асаблівы дзень!
Машыністка не ўцярпела і паглядзела ў акно — мігнуўся чалавек у адзенні старшага рабочага. Хто б то быў? Яна ведае ўсіх з атрада і вось адзін з іх...
Гама апісаных зыкаў у дзвярах пацягнула да сябе ўзрокі чацвярых людзей.
Увайшоў Рыгор.
Машыністка скрала свавольную ўхмылку і зачасціла перабор клавіятуры. Скошаныя вочы яе глядзелі да дзвярэй, дзе рухала стройная постаць старшага рабочага з атрада. Блішчастыя гузікі на жакетцы пасоўваліся да першага стала, за якім сядзеў чалавек па чыне нешта накшталт кіраўніка справамі. Машыністка не паспела выбраць моманту, каб смялей на яго паглядзець, як Рыгор загутарыў наконт камандзіровачнага пасведчання і літара.
Кіраўнік спраў, як відаць было з яго слоў, знаходзіўся ў курсе Рыгоравай справы. З бланкам у руцэ ён падбег да машыністкі і стаў дыктаваць ёй змест камандзіровачнай у ўпраўленне начальніка работ ІІІ арміі — Мінск.
Жанчыніна рука ёмка выбівала завучаны зварот — пальцы самі падалі на літары, даючы магчымасць іх валадару спакойліва паглядаць на Рыгора.
Той сядзеў і сачыў за хадою згатавання папер, аглядаючыся на вокны.
Як паказалася Рыгору, нельга было ўпікаць кіраўніка спраў за маруднасць — той спрытна спраўляўся з паперамі. Не мінула паўгадзіны, як ён пакінуў машыністку і шмыгнуў у кабінет кіраўніка работ. Рыгор задаволены паглядзеў яму ўслед і скрытна засмяяўся. Раптам з яго смехам злілося густое, адрыўнае тупанне мнагалікіх ног і гучны выкрык:
«О-ай!..»
Рыгор першым, а за ім трое службоўцаў паўзнімаліся з месца і працягнулі галовы да вокан.
Каля ганка канцылярыі стаяла грамадка людзей, аднака і бедна адзетых, у бесказырках. Вакол іх таўкалася процьма местачковых дзяцей і дарослых, якія цікава разглядалі іх потныя, пачырванелыя твары.
Яшчэ не паспеў Рыгор са службоўцамі заключыць, што гэта за людзі, калі ў канцылярыю віхрам уварваўся з кніжкаю пад пахаю ўзброены унтэр і ўголас прагукаў:
— Каму здаць палонных?
На яго выгук выбег са свайго кабінета Проваў і павярнуў у бок салдата голаў.
— Чаму так позна? — запытаў ён, не думаючы пра тое, што унтэру гэта мала вядома.
— Не магу знаць, ваш блароддзе! — адчаканіў унтэр.
— Так, я і знаў, што...
Кіраўнік работ не дасказаў і абярнуўся да Рыгора.
— У нас усё не да часу. Калі ў асноўным участак канчаем, шлюць палонных.
Ён распісаўся ў кніжцы і перадаў яе назад унтэру.
— Прыкажаце ж... ваша-рроддзе!
Проваў замест адказу матнуў рукой.
Унтэр адышоў да акна і настарожана, статуяй замёр на месцы.
— Давядзецца накіраваць у двор... Але дзе іх будзе размясціць?
Кіраўнік работ нездаволена скрывіў твар і пачасаў затылак...
— Калі будзеце ад’язджаць, не забудзьце заскочыць да мяне,— праказаў ён да Рыгора, а следам адвярнуўся да унтэра:
— Адвесці ў двор!..
— Сслушаю-ю-аз, ваша... рроддзе!
Рыгор забраў свае паперы і выйшаў на ганак. Унтэр раўняў палонных у дарогу.
Змораныя, задрыпаныя ў дарозе, аброслыя і панурыя палонныя рухава хавалі ў парваныя кішэні аблезлых шынеляў недакураныя люлькі, раўняючыся пад гукі каманды.
Пяцёра ўзброеных канвойцаў пашырылі ацяты вакол палонных круг, незмігутна сочачы за безаружным «ворагам».
І зусім не да часу і не да месца былі занадта суровыя іх узрокі ды напружанае трыманне вінтовак. Яшчэ болей лішнімі паказвалася строгая муштра камандуючага імі унтэра, які храбра абводзіў шарэнгу звярыным узрокам, несарамліва штурхаючы не паспеўшых выраўняцца згодна яго ранжыру.
Кожны гэткі штуршок выклікаў з боку гледачоў зычны разліў рогату, а ў палонных — выраз затоенае злосці.
Тою ж злосцю быў абураны і Рыгор. Ён нервова азірнуўся на дзверы канцылярыі, шукаючы ў іх кіраўніка работ, каб апеляваць на салдацкую жорсткасць у адносінах да палонных, але не знаходзіў яго. Тады ён не стрымаўся і нечакана для ўсіх рвануўся з месца і ўмомант апынуўся ля бравага тылавіка; той не згледзеў, тузаючы за стрыфель аднаго з палонных, як Рыгорава здаровая рука моцна адштурхнула яго ад пакрыўджанага. Унтэр замёр, скмеціўшы перад носам злосны твар Рыгора і не ведаючы, што рабіць. Чыноўнічая форма напалохала яго, прымусіўшы тую руку, што тузала палоннага, пакорліва падняцца ўгору і ўзяць пад казырок.
— Ці ж можна так без жалю! — сур’ёзна выгукнуў Рыгор.
— Вінават-с, ваш...
Рыгор абярнуўся да пакрыўджанага унтэрам палоннага і не ўспеў спыніцца на ім вачыма, як пачуў з яго губ вокліч:
— Рыго-ар!
Здзіўлены нечаканасцю гэтага, Рыгор зрабіў крок да абазваўшага.
— Рудольф?
— Так, я!
Суцешная ўхмылка заліла твар палоннага. Пачуццё таварыскасці перамагло баязлівасць дысцыпліны, і ён працягнуў Рыгору руку.
Дзесяткі вачэй пільна сачылі за незвычайным здарэннем.
Нерухома стаяў унтэр, не спускаючы рукі з-пад казырка і балюча перажываючы бачанае перад сабою.
— Вольна! Вядзі палонных па назначэнні! А з гэтым пайду я! — распарадзіўся Рыгор.
— Шш-агг-ам, арш! — хвалюючыся, скамандаваў канвойны, і калона гучна адбіла першы крок, заглушыўшы ім стук дзвярэй канцылярыі, праз якія выбег на ганак кіраўнік работ.
— На адну хвілінку! — пазваў ён Рыгора, які не паспеў з Рудольфам крануцца з месца.
Рыгор падышоў да Провава і ўзяў з яго рук запячатаны ліст.
— А гэты чаго застаўся? — паказаў кіраўнік работ на Рудольфа.
— Гэтага я павяду пад сваім канвоем,— адказаў Рыгор.
— ?!
— Дзівіцеся?
— У чым справа?
— Правініўся! — пасмяяўся Рыгор.
Кіраўнік работ разгубленымі ўзрокамі правёў Рыгора, які на ваччу Провава і дзесяткаў мяшчан узяў Рудольфа пад паху і пайшоў услед аддаленай калоны палонных.
Задні канвоец, з вінтоўкаю на плячы, украдчыва азіраўся на іх, не разумеючы наяўнага парушэння дысцыпліны з Рыгоравага боку.
Ніякавата адчуваў сябе і Рудольф. Ён паскорыў крокі, цягнучы Рыгора, і няўверана перагаварваўся з ім. Рыгор пасмейваўся з адыгранай ім гісторыі.
— Паглядзі, што значыць рашучасць і смеласць! Мяртвіць на месцы палахлівых.
— Спрытна... Гэта можна толькі ў Расіі.
— Усюды адно і тое...
— Ну, у Нямеччыне-э...
— Кінь...
— За гэты час я вывучыў нямецкую дысцыпліну як належыць...
Рудольф нясмела ўхмыльнуўся.
— Вось, бач, як перакруцілася калясо! — дадаў ён.
— Надзвычай цікава! Каб хто сказаў, палічыў бы казкаю...
— Я сам дзіўлюся... Сапраўды — казачна... Гісторыя, якая варта-а...
Яны ўпёрліся вачыма ў нагнаную калону палонных. Гэта было пры ўзыходзе першых шэрагаў на забруджаныя аполкі моста. Канвойныя свечкамі пасталі з абодвух бакоў калоны, абапёршыся на няўстойныя парэнчы. Узятыя на перавагу вінтоўкі бліскучымі штыхамі пагражалі кожнаму, хто б выйшаў з шэрагаў напрамкам да рэчкі. Аднак настарожанасць канвойных абышлася без ужытку. Ды яна была зусім лішняй ва. ўмовах, якія адгараджвалі заспакоеную думку ад драпежнага подыху смерці. Пачуццё самазахавання абмацвала ўнутры кожнага палоннага пункт апоры, хоць невыразнасць наступнага і калыхала яе ўстоямі.
Асенняе надвор’е з цёплым летнім сонцам, з пахам зложанай у бабкі і распростанай ярыны, з зеленню адрослай атавы, з няўмоўчным цвырканнем вераб’ёў і скакунцоў,— навейвала на выхапленых з кіпцюроў смерці палонных радасныя думкі аб працягу жыцця. Шырокая ровень поплаву і густая купка дваровага саду, чыстае ўлонне рэчкі асацыіравалі ў іх памяці прускую і саксонскую раўніны; узгрудак каля апрысаджанага шляху, самыя прысады і маладая дубрава за мястэчкам — дапаміналі гарыстую Цюрынгію...
Крохкая, але ўпартая надзея глядзела з панурых, прытупленых вачэй палонных. Гэта надзея скрадала шурпатасці вайсковых умоў чужое краіны, драпежныя ўзрокі фанатычных патрыётаў, фельдфебельскую дзікасць муштраў і бесспагаднасць да голаду і холаду ўжо бясшкодных людзей...
— Сто-ай! Вво-альна-а!
Рэха тупату ног пракацілася па шырокім дзядзінцы. З усіх канцоў яго накіравалі да атрада дзеці і дарослыя. Разам з імі падышоў і тэхнік Бросня.
Той самы канвойны, які з’явіўся ў канцылярыю кіраўніка работ, а пасля папаў у героі адыгранай Рыгорам гісторыі, падаў яму кніжку.
Бросня разгарнуў яе і стаў разглядаць.
Яго ўвагу адняў на сябе паложаны Рыгорам на кніжку ліст...
IV
Ад Рудольфа пахла потам. Заношаная гімнасцёрка муляла шыю чорным бліскучым каўняром. Палатаныя на каленях порткі, вынашаныя да махроў абгорткі, адтапыраныя падошвы на вышмуленых чаравіках — усё адзенне ўцалку шаржыравала стройнага і чыстага раней немца — бурса. Цяжка было прывыкнуць воку бачыць перад сабою аброслы рыжым бруднаватым валасеннем белы далікатны Рудольфаў твар, які ўпарта змагаўся сваёю прывабнасцю, сваімі сімпатычнымі рысамі з беднатою ўсяе постаці.
Гэта выразна адчуваў сам Рудольф, баючыся шаргануцца аб Рыгораў ложак і не асмельваючыся прысесці на крэсла.
Ён стаяў каля акна і стараўся як мага звузіцца, патанчэць, каб менш заняць месца ў Рыгоравым пакоі.
Апошні выглядаў у Рудольфавым ваччу нічым не горшым ад княжацкіх палацаў, поўным салодкага прытулку і гасціннага спакою. Ужо даўно іх Рудольф не бачыў. Памятая, старэнькая падушка на ложку, незнаёмая ў свой час ні бацькавай кватэры ў Смагіне, ні Рудольфаваму пакою ў Пецярбурзе, зараз маніла яго да сябе, расплываючыся затуманеным месяцам.
— Садзіся, што стаіш. Тут канвойнага няма! — пажартаваў Рыгор.
— Дзякуй, пастаю!
— Яшчэ чаго! Кінь упартасць!
Рудольф адсунуў крэсла ад ложка, паглядзеў на яго і асцярожліва сеў.
Ён умацаваўся на крэсле толькі тады, калі Рыгор выбег з пакоя, каб папрасіць у гаспадыні гарбаты.
Абставіны Рыгоравай каморкі, ціхая гутарка з гаспадыняй увялі Рудольфа ў каляіну спакою.
— Ты значна перайначыўся! — падаў Рыгор, вярнуўшыся ў пакой.
— Я думаю...— Рудольф агледзеўся ў зацемненае акно.
— Апошні год — клубок страшных здарэнняў... Я хапаюся за голаў, калі знаходжу спакойлівую хвіліну, каб азірнуцца назад. Дзіўлюся, як і што гэта заблыталася так і якім чынам я мог вытрымаць гэткія трудныя іспыты...
— Іспыты, кажаш?
— Непажаданыя нікому.
Рыгоравы вочы пільна глядзелі ў заспакоены, крыху прасветлены твар Рудольфа Шульца.
— Памятаеш, калі я заязджаў да цябе развітацца?.. Тады ж я не паспеў выпіць шклянкі гарбаты, каб не спазніцца на цягнік... Ледзьве даехаў на вакзал... А праз двое сутак я ўжо быў у глыбокай правінцыі, у захалусным Прыўральскім гарадку... Нас апынулася там восем чалавек. І ўяві сабе, як нас сустрэлі. Боязна было хадзіць вуліцаю... Нас праводзілі, як дзікіх заморскіх звяроў. Абываталі кідалі на нас злосныя ўзрокі, справоджваючы іх агідным пляваннем, насміханнем, жартамі. Паліцыя ж гэтаму патварала. Яна штучна распальвала звярыную нянавісць да нас, узмацняла цяжкасці адшукаць тую ці іншую працу... Гой, як я пакутаваў, пакуль сяк-так учапіўся за ашчадныя магчымасці пражыць... Таму і не дзіва, што выпадкова атрыманыя чуткі пра абмен з’явіліся для мяне сапраўдным збавіцелем. Я хапіўся за гэта, як той, што топіцца за саломку.
З вялікімі цяжкасцямі, неймавернымі хітрыкамі я дамогся залічыць сябе ў чацвёртую катэгорыю, і быў высланы праз Швецыю ў Нямеччыну...
У лютым праязджаў Пецярбург... Го, як прогся я стрэцца з табою! Але ніякім чынам гэтага нельга было зрабіць... Нас не адпускалі ні на крок, і толькі два няпоўныя дні я пасоп пецярбургскім паветрам...
На параходзе я адчуў сябе вольным, толькі балюча тачыла думка пра родных. Якаво з імі? Дзе і што яны? Апошні ліст я меў перад ад’ездам у высылку, а далей — ні чуткі...
— Дазвольце ўвайсці!
Рыгор сарваўся з месца, на якім ён стаяў, як заварожаны Рудольфавым апавяданнем, і адчыніў дзверы.
Гаспадыня ўнясла дзве поўныя талеркі кіслага малака. Паставіўшы іх на стале, яна следам даставіла міску паранай бульбы.
— Гарбату вы любіце, нарэшце? — запытала яна Рыгора.
Гаспадыніны вочы абміналі Рыгора і ўпіраліся ўзрокамі ў Рудольфа. Маладзіцаю валадала змешанае пачуццё цікавасці і баязлівасці. Рахманае сядзенне немца-палоннага ў яе кватэры было крыху дзіўным, крыху пікантным. Усё ж яе вострыя ўзрокі не знаходзілі на ім яўных адзнак звярынасці. Непрыкметна было таксама жадных праяў тае экзатычнае драпежнасці, пра якую маладзіца многа наслухалася ў царкве і на месцы ў мястэчку. Узбуджаная ў ёй злосць і нянавісць да немцаў, значна падмацоўваныя забраннем мужа ў армію, зараз расплыліся ў мяккім пачуцці жаноча-людское спагады.
— Можа, ваш знаёмы з’еў бы сала? — запытала гаспадыня ў Рыгора, не спускаючы ўзрокаў з Рудольфа.
Рудольф заварушыўся на крэсле і ўдзячліва схінуўся ў бок гаспадыні:
— Дзякую шчыра.
Гаспадыня здзіўлена адступіла на крок да дзвярэй. Немец казаў на зразумелай ёй мове. Пашыраныя вочы чакалі ад Рыгора адказу.
— Калі можна, дайце крыжэнік...
Маладзіца лёгка збегла з Рыгоравага пакоя.
У той час, пакуль яна даставала сала, нельга было дагадацца, ці ў сабе яна.
— Добрая ў цябе гаспадыня? Сялянка?
— Не магу паскардзіцца. Гэта не пецярбургская. Дваровая. Гаспадара забралі ў войска, а яна жыве адна... Як жыве — не ведаю... Вось малако ёсць, каморка ёсць...
— Працуе, напэўна?
— Ды ўжо ж...
Нячутнымі крокамі маладзіца зноў прыйшла ў пакой і кашлянула.
— Вось вам, халоднае...
— Добра... дзякую...
Рыгор прыняў з гаспадыніных рук новую талерку і, не ведаючы, як яе ўмясціць на застаўленым століку, перадаў Рудольфу.
— Хоць на акне пастаў.
— А калі трэ будзе гарбата, паклічце.
— Дзякуем...
Рудольф жадна хапіўся за яду. Ядучы, ён не мог трымацца, каб не працягваць апавядання. З перарывамі, глытаючы словы, ён на працягу вячэры паспеў апісаць дарогу ад Пецярбурга да Гамбурга.
— І каб сказаў, што Нямеччына падмацавала мае надзеі — ніколькі. На першым жа кроку мяне здушыла ваеннае паветра, прасякнутае крывёю, заалагічнай нянавісцю да расійцаў і французаў. Я адчуў сябе ў жалезных ланцугах суровае, пагалоўнае ваеншчыны... Яна бразгала шпорамі, стукала падкаванымі абцасамі, блішчала залатымі палетамі і сталёвымі рулямі вінтовак, кулямётаў ды гармат. А нашыя сацыял-дэмакраты аказаліся не лепш за прускіх юнкераў. Тыя ж, якія асмельваліся так ці інакш пратэставаць, даўно ўжо пакутавалі ў казематах. Раз’юшаны вайсковаю гарачкаю, нашпігаваны таннай патрыятычнасцю, у вобдыме навіслых недастач — гэткім стрэў мяне Берлін... Але мне не прыйшлося доўга разглядаць яго ваенізаванае жыццё... Ужо праз тыдзень я быў шэраю, невыразнаю між тысячамі іншых адзінкаю ландштурмнага палка. Нада мною навіс небасхіл у выглядзе шэрай, мулкай і адваротнай нямецкай каскі. У процьме вайсковых падзей, як ва ўзнятым самуме, вярцелася бягучае жыццё.
Поле руцянела густым жытам і ценкаю ярыною, калі наш эшалон перабягаў ад горада да горада напрамкам да Рэйна... Чыстая вада рэчкі, як і адвеку, спакойна абмывала заасфальтаваныя берагі... Руіны феадальных замкаў нядбайна глядзелі ў яе люстра, слухаючы несупынную стукатню дзень і ноч рухаючых цягнікоў... З-пад Аахена, з Латарынгіі, з-пад сцен Льежа плылі эшалоны раненых. Іх модлы ляцелі да неба, наганяючы шпіцы Кёльнскага сабора...
Пасля — пазіцыі пад Вердэнам... Штурмы, горы забітых, павіслых на электрызаваных драцяных загарадках, у забетоненых акопах... Траскатня самалётаў і грамавое буханне 42-дзюймовак.
— Будзем піць гарбату?
— Можна.
Рыгор пастукаў.
— Зараз! — пачулася з-за сценкі.
— Уражанне — мэрам цябе засадзілі ў сталёвы кацёл і грукаюць па ім малатамі. У зацяжным, надрыўным гуку тонуць усякія жаданні і расплываецца сэнс жыцця...
— Вось вам!
Маладзіца ўперла дзве поўныя шклянкі ў цесныя прагалінкі паміж талерак, пасля забразгала імі ў руках.
Рудольф пры кожным стуку нервова уздрыгваў, закусваючы губы ад ніякаватага адчування.
— Можа, ваш знаёмы захоча застацца начаваць, то скажэце — я прыгатую пасцель?
— Дзякуем. Не маракуйце за турбацыю, якую ўжо прыняслі вам.
— Ды то ж нічога, людская справа...
Гаспадыня закончыла сказ за дзвярыма, ажно ён расплыўся ў далейшых словах Рудольфа:
— Я не думаў, што вердэнскія пазіцыі адпусцяць мяне жывога. Мае вочы бачылі цесныя завалы ў нязлічаных трупах маіх таварышаў... Страшэнныя вобразы зглумленых за няма нішто людзей затулялі крохкія рваныя мары пра Смагін, Пецярбург, Стакгольм, Гамбург, Берлін, Кёльн і Рэйн... І вось — сярод цёмнае ночы, пры трапяткіх праменнях пражэктараў і выбухаў феерверачных ракет — мы адступілі...
Далей цягнік, новыя гарады, свежыя ландшафты. І на другі дзень ад вечара мы на балотных роўнасцях Курляндыі... З цягніка — проста на пазіцыі. На золаку — атака. Перада мною — знаёмыя твары прамігаўшых у Пецярбургу салдат. Няўжо іх браць у цэль і засцілаць мёртвымі целамі патоптаныя паплавы?.. Рука прыказна націскае курок, і на маім ваччу... Нне-э, я падаюся ўправа, дзе націск расійцаў робіцца напружнейшы, ахоплівае наш фланг і, нарэшце, цэлую роту аддзяляе ад папхнутай назад калоны... У абед — я палонны...
— Можа, пераначуеш?
Рыгор паглядзеў на ложак.
— Не варта рабіць табе непрыемнасці... Кінь, Рыгор, я лепш пайду на сена...
— Возьмеш коўдру?
Ён тут жа садраў яе з пасцелі і загарнуў у камяк.
— Ды ці варта...
— Кінь скромнічаць...
— І вось тры месяцы, як я палонны. Палонным унтэр-афіцэрам... Заслужыў пад Вердэнам... Два месяцы трымалі ў Смаленску, пасля перакінулі ў Мінск... Ці варта казаць пра становішча палоннага? Ты сам бачыў...
Рудольф матнуў рукою і падняўся з крэсла.
— А цяпер дзякую, браце, за ўсё — і пайду... Дык вось гісторыя апошняга года майго жыцця,— праказаў ён, выходзячы з пакоя,— пачуць бы тваю?
— Раскажу!.. Тут знойдам часу — гэта не пад Вердэнам... Яшчэ ж твае куфэркі ў Пецярбурзе...
— У Пецярбурзе-э?
— Цэлы!
Браскотка вартавога скрала апошні сказ Рыгора. Рудольф схаваўся ў цемені ночы.