SommaireСокі цаліны
Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ · 5 min de lecture

V

Шэры золак затуманенае раніцы абяліў невялічкае акенца Рыгоравага пакоя. Мокрае, пачарнеўшае, а дзе і рудаватае лісце вольх атрахала буйныя каплі вады. Панікла віселі жоўтыя ды чырвоныя вяргіні, гледзячы ў абгрызеныя галовы капусты. Лапатаў крыллямі раскатурханы певень. Вось ён голасна заспяваў ды напалохаў прабягаўшага разораю сабаку. Сабака падняў голаў да седала і адказаў патройным брэхам.

— Не даюць спаць, каб яны падохлі,— скрозь сон вылаяўся Рыгор і павярнуўся на другі бок.

Але толькі на момант знябыўся, як пастукалі ў дзверы.

— Хто там?

— Можна?

У запытанні зліліся два розныя галасы, якіх Рыгор не разабраў.

— Я зараз,— адказаў ён і падняўся.

Праз хвілін пяць стук паўтарыўся.

Хутка апранаючы жакетку, Рыгор адапёр дзверы.

— Уваходзьце!

— Ты, пэўна, думаў, што гэта гаспадыня? — праказаў, увайшоўшы пярэднім, Сёмка.

— А прызнацца, не пазнаў, хто за дзвярыма.

За Сёмкам пераступіў парог Рудольф.

— Яшчэ спаў?

— Сабака абудзіў.

— А пара ўставаць. Сёння ж едзеш.

Сёмка пытальна паглядзеў у Рыгораў заспаны твар.

— Так, рэчы запакованы.

Ён паказаў на куфэрак.

— Дык бывай здароў, таварыш! — працягнуў Сёмка Рыгору руку.— Дзякую, вельмі дзякую за тваю дапамогу мне. Каб не ты,— хто ведае, дзе я быў бы і што б са мною сталася... Ты выратаваў... І прашу, дазволь напісаць у скрутную хвіліну... Бывай!..

Яны пацалаваліся.

— Таксама дзякую,— заняў Рудольф Сёмкава месца,— я шчыра задаволены нашым спатканнем. Яно палажыла новую мяжу ў маім шэрым, паднявольным жыцці палоннага... За мяжою — цёмны змрок невядомасці, наперадзе — хто адгадае? — трэба верыць у шчаслівае жыццё. Дазволь і мне пісаць. Ужо адна твая прысутнасць недалёка мяне значна легчыць маё маральнае адчуванне...

Рыгор пацалаваўся з Рудольфам.

— Бывай, шчаслівае дарогі! — пажадалі Рыгору таварышы, выходзячы з яго пакоя.

Рыгор правёў іх за дзверы.

Дзядзінцам маршыравалі на працу, змяшаўшыся ў адну грамадку, рабочыя атрада і палонныя. Наводдаль ад іх ішло трое канвойных з рэвальверамі пры баку. Атрадаўцы неслі жалезнякі, пілы, сякеры. Адзін высвістваў «Каробачку», другі заводзіў матывы з вальса «На сопках Маньчжурыі».

Разрэджаны туман агаляў празрыстую пляміну сіняга лазурку. Пляма выглядала глыбокай ямай, берагі якое прадстаўлялі атрогі заснежаных гор.

Рыгор абвёў развітальным узрокам палахлівую грамадку людзей, дваровыя будынкі, неба і вярнуўся да сябе.

Гадзіннік паказваў восем. Дзве з паловаю гадзіны заставаліся на снеданне, разлік з гаспадыняй, дарогу да станцыі.

Часу хапала, і ён, не спяшаючыся, прыбраўся ды зайшоў да гаспадыні.

Тая рухава ўвіхалася ля стала, гатовячы Рыгору снеданне. Белы абрус прыдаваў пакою ціхую, інтымную ўрачыстасць, якая, аднак, не адпавядала спакойліва-настарожанаму настрою маладзіцы.

— Шкада мне вас, Рыгор Міхасевіч,— стрэла яна свайго кватаранта.

— Нічога не зрабіць!

— То ж ведама, але... Хаця ж не ўспамінайце блага... А калі, часамі, здарыцца быць у нашых месцах, тады смела, не стукаючы ў дзверы, да нас... Ды калі яно здарыцца?.. Адагнаная хвалямі трэска рэдка варочаецца да берага... Ці не праўда, мо?.. Прашу вас, Рыгор Міхасевіч, пад’ядайце. Да Мінска наўрад ці давядзецца закусіць... Пеце малако — такі-та ж вы яго гэтак любіце... Шкада мне вас... Зжылася, ведаеце, за гэту пору... А вы ў Мінску надоўга спыніцеся?

— Калі добра ісціме...

— Ды з гэткім чалавекам, як вы, хто можа сварыцца?..

— Ёсць розныя людзі...

— То вядомая рэч... Вось папрашу вас, Рыгор Міхасевіч, можа трапункам напаткаеце ў Мінску...

Гаспадыня нервова затрапятала рукамі і сама сябе папракнула:

— І маю ж, аднак, я розум... Цьфу!..

Калі Рыгор падняўся з-за стала, каб падзякаваць і заплаціць гаспадыні, тая падала яму белы невялічкі клумачак, гасцінна праказаўшы:

— Вазьмеце, калі ласка, гэта вам на дарогу.

Яе ўвага кранула Рыгора, і ён не мог адмовіцца.

Шчыры поціск гаспадынінай рукі быў аддзякаю за гэта.

Аддзяка пацягнула далейшую ўслужлівасць маладзіцы: загрукацеўшыя пад падваконню калёсы ўз’юшылі яе і пагналі ў Рыгораў пакой за яго рэчамі.

Каля пяці хвілін ішла тузаніна між гаспадыняй і Рыгорам, і ўсё ж Рыгор не мог нічога зрабіць, каб паперашкодзіць маладзіцы вынесці яго куфэрак.

— Навошта гэта, сапраўды,— пераказваў ён яшчэ каля падводы.

Аднак яго словы не мелі жаднага ўплыву на ўслужлівую гаспадыню. Тым болей яна на іх не зважала, калі пачула спагаду да сябе з боку падбегшай Волькі. Жанчыны ўдзвюх спрытным прыёмам улажылі Рыгораў куфэрак на воз і пакрылі яго дзяругаю.

— У Мінску адзін цягацьмеш яго,— пажартавала Волька.

— Вядома што...

Аставалася здзіўлена маўчаць, што Рыгор і рабіў, умайстроўваючыся на возе.

І толькі, калі рушылі коні, ён некалькі раз развітальна кіўнуў галавою, пажадаўшы:

— Аставайцеся здаровы!

— Не забывай, Рыгор! — папрасіла Волька, нахмурана гледзячы ўслед падводы.— Можа, часамі, стрэнеш дзе Зосю, дык кланяйся і перадай, як мы жывем...

— Не забудзьце пакланіцца сястрыцы! — папрасіла ад сябе гаспадыня.

Хутка ў руках абедзвюх жанчын маталіся белыя хустачкі. Рыгор глядзеў на іх, трымаючы ўровень галавы знятую шапку. Простыя, але шчырыя ды замілаваныя праводзіны моцна кранулі яго.

Самі ж па сабе ўмовы правінцыяльнага жыцця не выклікалі Рыгоравай спагады. Было досыць пражытага часу, каб імі здаволіцца і іх дасканала вывучыць. Толькі гурток рабочых атрада, нечакана згуртаваны вакол яго, ствараў умовы, якія скрашалі аднастайнасць глухое мясціны.

Іх блізкасць і павага да яго сціралі сляды адваротнага пачуцця ад стрэч з Броснем.

Выязджаючы з агароджы саду, Рыгор яшчэ раз абярнуўся ў бок дзядзінца, але густая сцяна ліп, непарушная ў ціхую пагоду, ужо хавала за сабою і Вольку з гаспадыняй, і дзядзінец, і дваровыя будынкі, і пражыты ў ім час.

Як і вясною, едучы ў атрад, вузкая дарожка праз паплавы, праз гарбаты мосцік, між далёка адсунутых за мястэчка гародаў,— гэта дарожка мігала ў яго ваччу абыкла-новымі калдобінкамі, рассыпчатым суглінкам, бародкамі парослых абочын.

Поплаў зелянеў і скрадаў доўгі адрэз часу ад вясны да восені, а пажатыя нівы адмячалі яго розніцу.

Восенню аддавала і з гародаў. Рыгоравы вочы толькі абегам лавілі тоўстыя галоўкі капусты, жоўтыя ды чорна-зялёныя гарбузы. Абыкласць летняга завядання, знаёмы настрой, што яго родзіць, патуханне яскравых фарбаў квітучага лета — кратала яго ціхім даткненнем павуціння.

Местачковыя будынкі змянілі яго самаадчуванне. Ад іх павеяла Сілцамі, Смагінам, даўно пакінутымі мястэчкамі, доля якіх цяпер яму невядома. Ну, яны, адноўленыя ў яго ваччу вялікім падабенствам, былі жывымі і блізкімі.

— Хвілінку!

Вокліч, што пачуўся злева, адцяг Рыгора ад раз’юшаных дарожным настроем думак.

— Стой! — гукнуў ён фурману.

Вымуштраваныя ў руках вымагальнага фурмана коні адбілі стройны крок на месцы.

— Едзеце?

Кіраўнік работ працягнуў Рыгору руку з сінім квадрацікам паперы, заціснутай у два пальцы.

— Аддасцё Прахору Хведаравічу Стукалку, кіраўніку канцылярыі. З ім і лепей усяго мець справу, бо ад яго многае залежыць у вашым прызначэнні. Дарэчы, я ў лісце рэкамендую вас з лепшага боку... Прахор Хведаравіч — душа-чалавек. Вы знойдзеце ў ім сябра і калегу... Цалкам ваша падабенства... Але прасеце ад мяне, каб ён і мае просьбы не забыў... Бывайце!..

— Дзякую за ўвагу... і... не палічыце надазойлівым, калі што-кольвечы з маім бежанцам — зрабеце, што можна...

— Буду мець на воку... Ад’е!..

Проваў крута павярнуў ад воза і хутка схаваўся з Рыгорава ваччу.

Наперадзе цягнулася загразненая вуліца, канец якое за апошнімі будынкамі ўпіраўся ў грудок. Гэта з таго грудка пры першым уездзе ў мястэчка Рыгор раззіраў захапляўшы яго ландшафт.

На гэты раз Рыгор абмежаваўся двума повертамі галавы, кінаграфічным абегам узроку — чаму мястэчка, прысады, двор, аддаленыя лясы і рэчка зліліся ў яго ваччу ў адно плямістае палатно.

Свісток манеўравага цягніка на станцыі адагнаў і ад гэтага Рыгоравы думкі.

Рыгор загадзя прыгатаваў фурману дробных і своечасова намерыўся ўставаць, толькі конскія падковы бразнулі па прыстанцыйным бруку.

— Вам пасобіць? — запытаў Рыгора фурман.

— Не, не, не! Спраўлюся сам. Дзякуй, браток! Вяртайся ў двор.

Рыгор перадаў яму некалькі срэбных манет.

Фурман спрытна схаваў іх у кішэню і ўзяў пад казырок.

— Шчасліва даехаць!.. Спяшайцеся браць білет, а то скора прыйдзе цягнік,— парадзіў ён у аддзяку.

Рыгоравы крокі заглухлі ў конскім тупаце і ў стуку калёс.

Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ · 6 min de lecture

VI

Ліба няўверанаю хадою накіроўвала да Віленскага вакзала. Выходзячы з Падгорнай, яна паглядзела на гадзіннік. Няўжо сапсаваўся? Ці, можа, яна зарана выйшла? Да цягніка — добрая гадзіна... Ды што цягнік? Ласне ўчора і пазаўчора яна таксама не прыходзіла да яго прыбыцця, пільна прапускала ўсіх прывезеных ім пасажыраў і з тым, што прыйшла, варочалася назад? Напэўна, Рыгора нешта затрымала ў атрадзе. Іначай бы ён ужо быў у Мінску... А можа?..

Зялёныя дрэвы Каломенскага бульвара манілі на вольныя месцы незамешчаных лавак. «Лепей пасядзець з паўгадзіны, ніж варочацца ў лазарэт».

Яна накіравала праз вуліцу да бульвара, калі яе пазвалі:

— Сястрыца, выбачайце!

Ліба ўздрыганула ад нечаканасці і спынілася. Агледзецца назад было позна, бо гукаўшы мужчына ў форме чыноўніка дарожнага ведамства, тут жа, збоку яе, браў пад казырок.

— Здаецца, не мыляюся?

— Што вам ад мяне патрэбна? — нездаволена запытала Ліба, гледзячы на чыноўніка.

— Я перапрашаю...

І ці то жаночая падатлівасць перад мужчынаю, ці інстынктыўнае адчуванне знаёмае ноткі ў голасе чыноўніка, а мо іншае нешта прымусіла Лібу ўважліва паглядзець яму ў твар.

— Ох, гэта твар Паўла?

— Ды вы не хочаце са мною гаварыць?

— Вы так неспадзявана!

— У вас вялікая перамена!

— Хто б то думаў — у гэткім месцы!

— Вы на бульвар?

— Дзе вы гінеце, што столькі часу ў Мінску і ні гуку... Як мігнуўся на станцыі, пры ад’ездзе са Ступак — дык мэрам у ваду...

— Пачакайце лаяць, Ліба...

Яны падышлі да лаўкі і спыніліся.

— Вас мала лаяць, вас трэба біць. Таварыш называецца... Сядайце-э...

Бабулька пільна паглядзела на іх і далікатна пасунулася на край лаўкі...

— Можа, выберам лепшую?

— Мне некалі доўга сядзець...

— Са мною?

— Кіньце выдумляць... Давайце лепш разам спатыкаць Рыгора.

— Рыгора?! Ён едзе ў Мінск?

— Ужо тыдзень, як едзе... Рыгор едзе, а Павал жыве — між тым ні таго, ні другога...

— Дайце сказаць... Дык, можа, пара ісці на вакзал?

Ліба прысела побач і хапіла Паўла за руку.

— Зараз... вось скажэце, дзе вы прападаеце?

— Плаваю ў паветры... Уявіце сабе, не паспеў сысці з вакзала, як мне білет у рукі — і едзь у Маскву. А з Масквы ў Казань, у Ніжні... Паверыце, не меў вольнае часінкі, каб хоць адкрытку кінуць. Вам, або Рыгору... Чую, што стрэўшы яго, мецьму доўгую споведзь... А прынамсі, і на столечкі віны... Вось заўтра ж зноў на цягнік і ў Віцебск...

— Разносіце жыццё па свеце...

— Так, рассяваю бясследна... А вы тут...

— А я тут... Праводзьце на вакзал... Таварыш прыязджае, а вы нібыта той...

— Што вы, Ліба!.. Мяне цікавіць не меней, калі не болей... Нарэшце, едзе-а...

— Я вымусіла.

Ліба асалодна зарагатала, абвесіўшыся на Паўлавай руцэ.

— У вас прабіваецца жаночае дыктатарства...

— А вам гэта не даспадобы?

Паўз іх праехала некалькі рамізнікаў да вакзала...

Яны ўскорылі хаду. Гудок, які вяшчаў прыбыццё цягніка, стрэў іх на ўсходах у будынак вакзала.

З будынка дыхнула густым, спецыфічным імпадам неправетранай казармы.

Яны перш памкнуліся прайсці на перон праз трэцюю класу, а далей мусілі павярнуць у першую. Напакованая людзьмі, як бочка селядцамі, трэцяя класа прыпыніла іх у дзвярах.

У першай таксама не відаць было вольнае мясціны. Усе буфетныя сталы, крэслы і лаўкі, што прызначаны для чакання, былі выкарыстаны поўнасцю. Людзі стаялі і тупалі ў прагалінах між сталоў і крэсел, несціхана швэндаліся ў дзвярах. Стаяў кірмашовы шолам, у якім губіўся стук падышоўшага цягніка.

— Нам лепей стаць пры выхадных дзвярах,— парадзіў Павал.

— А я ўжо не ведаю...

Яны выйшлі з першае класы, але пасажыры, хлынуўшы ў вакзал, не далі прайсці да намечанага месца.

— Глядзеце адсюль...

— Вам каго? Ха-ха-ха!.. Памыйка, калі не абмыляюся? — праказаў хтосьці ззаду іх.

Павал аглянуўся.

— Прахор Хведаравіч?

— Як бачыце. Гэта ж праводзіў знаёмага — едзе ў Харкаў. А вы чаго?

— Я сустракаю... свайго таварыша... Да вас едзе... Выпадкова даведаўся...

— Да нас?..

Прахор Хведаравіч узяў пад казырок і пашыўся да выйсця.

Павал успомніў, што яму варта было б запытаць наконт пазаўтрашняй камандзіроўкі, і зрабіў намер кінуцца ўдагонкі.

— Ты куды гэта? — хапіў яго за руку Рыгор.

У гэты ж момант накіравала за ім і Лібіна рука, але яе адгарнуў убок якісьці здаравенны салдат. Гэты ж салдат схаваў за сабою і ўсю Лібу.

— Адзін? — запытаў Рыгор.

— З Лібаю!

Яны пачалі разглядаць навакол сябе, ды націск задніх пасажыраў не даваў ім спыніцца, адначасна робячы сцяну між імі і Лібай.

— Толькі што стаяла пры мне. Прынамсі, праз яе і я тут апынуўся, а так не ведаў...

— Не ведаў?

— Зразумела. Толькі заўчора вярнуўся з камандзіроўкі... За гэты час, калі цікавішся, я паў-Расіі аб’ездзіў... Ты думаеш, чаму я табе не пісаў ні слова?..

— Ды я ўжо вастрыў на цябе зубы... Ці не Ліба вуньдзека? — кіўнуў Рыгор галавою ў бок дзвярэй, за якімі бачылася белая пляма касынкі...

— Напэўна.

— Ліба Шлёмаўна! — гукнуў Рыгор, адцягнуўшы на сябе ўвагу з боку вакольных пасажыраў.

Наперадзе паднялася ўгору рука з хусцінкай.

— Вярні налева!

— Чамадан мяшае...

Павал адвярнуўся ад Рыгора, каб паціснуцца наскасок, як яго рукі, атапырыўшы локці для пракладкі дарогі, умомант апусціліся па швах. Сцяна людзей, што рухала наперад, раптам таўханулася назад, ажно Рыгор ледзьве ўтрымаўся на нагах.

— Што-а за штукі-ы! — злосна выгукнуў ён.

Яго гук знік у многагалосым, успуджаным гомане, які пранёсся над галовамі натоўпу. «А-ан... пла-ан... рра-а-ран» — чуліся ў ім невыразныя склады страшнага слова.

Хутка гэта слова расшыфроўвалі ўсе, хто застаўся ў будынку вакзала і напалохана чакаў жахлівае хвіліны.

Заспакоенне прынёс выразны гук стрэлаў, які пачуўся дзесьці недалёка ад вакзала.

На пятым залпе, мэрам па прыказе, натоўп з вясёлымі крыкамі хлынуў з вакзала. Ад націску і замяшання некалькі чалавек падмялі пад ногі.

У радасных крыках збавення ад няшчасця, што нёс з сабою аэраплан, выпукляліся балючыя енкі прыдаўленых. На іх ніхто не зважаў, ужо на першым кроку за парогам дзвярэй задзіраючы голаў угору.

З надсільнай напружанасцю, адціснутыя адзін ад другога, выкарабкаліся Рыгор з Паўлам у бок ад струменя людзей і тут жа абодва трапілі на Лібу. Яна ўкорліва заўважыла Паўлу:

— Вы знарок схаваліся ад мяне!

— І ў думках не было; што вы, Ліба Шлёмаўна!

— Ну, дзе ж вы згінулі; не паспела азірнуцца, як знік, мэрам у ваду...

— Мы вас шукалі і звалі...

— Ды я чула, а далей? Аэраплана збаяліся? Ва-а-як-кі ж!

— Нас зацёрлі, як у жорны...

— А я на адкрытым месцы прастаяла і хоць бы што... Дзіўныя людзі, аэраплан на вярсту, а яны наўцёкі...

— Самазахаванне,— пасмяяўся Рыгор.

— Пазваць рамізніка? — запытаў Павал і тут жа дадаў: — Але я з вамі не паеду: мне трэба зайсці ў упраўленне работамі, да Стукалкі.

— Да Стукалкі? — перапытаў Рыгор.

— Так, гэта загадчык канцылярыі ўпраўлення... Маю справу... Між іншым, цікавы чалавек... Вось той, што стрэў мяне на вакзале,— растлумачыў Павал Лібе.

— Я маю да яго ліст ад Яўгена Віктаравіча Провава,— паведаміў Рыгор,— які ён ад сябе, гэты Стукалка?

— Высокі, сухарлявы, з рыжаватай французскаю бародкай і доўгімі вострымі вусамі. Косы на галаве маленькім вожыкам, у пенснэ.

— Ну, выгляд яго плюгавы,— скрывілася Ліба.

— Гэта хіба з жаночага пункту гледжання.

— Я б не сказала, што толькі так...

Двое рамізнікаў, што падвезлі да вакзала чатырох афіцэраў, запрапанавалі свае паслугі.

Рыгор уздымам рукі затрымаў аднаго з іх.

— Куды ж ехаць? — запытаў ён Лібу.

— Да мяне...

— ?

— Чаго ж дзівішся? Сядай. Праводзьце нас, Павал...

Пакуль яны ўсядаліся, каля іх ачуўся высокага росту, аброслы, як цыган, у зношаным суконным адзенні чалавек.

— Выбачайце мне,— абярнуўся ён да ўсіх, углядаючыся ў Рыгора,— я хачу запытаць...

— Праязджа-ай!..— данёсся з ганка прыказны голас гарадавіка...

Рамізнік тузнуў лейцамі, але той, што падбег, не разгубіўся: ён стаў на падножкі вазка і паўтарыў сказаныя словы.

— А вам што ад нас трэба? — недаверліва запытаў Павал.

— Я перапрашаю, мне паказалася, што вы... Рыгор Нязвычны?

Вытарашчыўшы вочы, Рыгор збянтэжана ўгледзеўся ў твар незнаёмага.

— Стой! — гукнуў ён рамізніку.

Павал, на кожны выпадак, прыняў абарончую позу.

— Янкі Кліна не пазнаеш?

— Няўжо гэта?..

З шэрых шустрых воч незнаёмага, з яго таўставатага носа, з ямачак каля губ вырас перад Рыгорам знаёмы вобраз яго таварыша.

— Як жывеш і якім чынам апынуўся ў Мінску? — паціскаючы Клінаву руку, пытаў Рыгор.

Ліба спакойна ўсміхалася. Павал адчуваў сябе няёмка пасля выяўленай западазронасці...

— Гоняць, вось... Забралі ў армію, як ратніка другога разраду... Я спыніўся з бацькамі ў Барысаве і быў паступіў недалёка адсюль у бровар... Пасля... А ты ж якім чынам трапіў сюды з Пецярбурга?

— Як бачыш...

— Едзем, барын!..— панукнуў рамізнік.

— Я вельмі рад, што стрэў... Перш сумляваўся, а далей думаю — давай запытаю... Хоць адрас скажы, можа ліст кіну...

— Пішы да патрабавання — вярней усяго.

Янка Клін зняў шапку і, калі рамізнік крануў з месца, галасней праказаў:

— Не так даўно Зосю бачыў... Ехала са сваімі на Смаленск...

— А я з-за вас спазнюся ў упраўленне,— перабіў іх Павал.