SommaireСокі цаліны
Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ · 7 min de lecture

VII

Цесны, светлы і прытульны пакоік Лібы выходзіў невялікім акном на Юраўскую вуліцу. Калі Рыгор, паставіўшы пры ім свой куфэрак, паглядзеў у акно, то ўпёрся ўзрокамі ў тры акны рудога дома. Направа ад яго высілася якаясьці, касцёльнага стылю, пачарнеўшая ад часу будыніна. Востраю процілегласцю ёй выглядаў старэнькі, дзеравяны домік наўскасяк акна, з якога ён глядзеў.

— У цябе добры выгляд з акна.

— Гэта першае, што ты заўважыў?

— Не толькі гэта...

Ён ніякавата адвярнуўся ад акна і прайшоўся пакоікам. Знячэўку стукнуўся аб камод, які звужаў праход данельга.

— Аднак ты непаваротны,— пажартавала Ліба.

— Павернешся ў цябе...

Яна рассмяялася.

— Не даспадобы?

Рыгор агледзеў беднае абсталяванне Лібінага пакоя. Старэнькі пачарнелы ложак, камод, столік, два крэслы — гэта быў увесь асартымент мэблі. Да яе залічалася пагнутая драцяная вешалка, злезлае, забруджанае мухамі люстра і пара старых, паморшчаных пад рамкамі алеаграфій.

— Тут блізка ёсць гатэль?

— Чаму? — занедаволілася Ліба.

— Я не хачу цябе цясніць...

— Гэта як разумець?

— Ды гаспадыня...

— Што за далікатнасць, Рыгор!

— Ніякае далікатнасці! Я хачу, каб табе лепш...

— Дзякуй за дбанне — толькі не рыпайся... Гарбату піцьмеш?

— Давай пойдзем паабедаць...

— Я цябе павяду да харчоўкі, аддам ключ, а сама наведаю лазарэт...

— Паабедаем удваіх...

— Я ўжо і так спазнілася, Рыгор... Папрасіла, ідучы на вакзал, таварышку, і тая, пэўна, праклінае мяне... А можа, абход, крый бяды...

У дзвярах іх сустрэла пажылая, нізкая кабета.

— Гэта мой зямляк... Ён на нейкі час застанавіўся ў мяне... Майце, Сара Восіпаўна, на ўвазе...

— Ды ўжо ж... няхай, чаму не... што мне мяшае... Можа ж, трэба будзе другая пасцель,— спакойна адказала яна.

— Калі я не застануся нанач на службе, то папрашу вас... Прыгатоўце, на ўсякі выпадак...

— Што мне гатовіць,— у мяне заўсёды напагатове... А вы ж, сястра, ключ перадалі гаспадзіну?..

— Так...

Нізкая жанчына адчыніла ім дзверцы і праказала пажаданне:

— Гуляйце на здароўе!

— Гэта гаспадыня? — пацікавіўся Рыгор.

— Але...

— Цікавая асоба...

— Кінулася ў вочы?

Яны прайшлі на Губернатарскую, пасля завярнулі па Захараўскай.

Тратуары абедзвюх вуліц былі ўсеяны людзьмі. Вакол адчуваўся фронт, што дапамінаў пра сябе вялікаю колькасцю ваеншчыны, вайсковага чыноўніцтва і салдат.

На рагу Губернатарскай і Захараўскай стаялі грамадкі людзей, якія задзіралі галовы ўгору і тыкалі пальцамі ў неба. Хлапчукі-газетчыкі драліся на ўсё горла, выгукваючы апошнія навіны з фронту. Сярод розных паведамленняў са штаба галоўнакамандуючага празвоньвала вушы вестка пра налёт нямецкага аэраплана.

«Аэраплан над Мінскам. Ааррапп-янн н-над Мі-ін-скам!»

Ліба падвяла Рыгора да Захараўскага завулка, паказала на дом, у якім мясцілася харчоўка, а сама пайшла далей.

Рыгор прайшоў у нізкі цемнаваты пакой, у якім было расстаўлена да дзесяці засланых белымі скацёрткамі столікаў.

Ужо была другая гадзіна, і людзей у сталоўцы знаходзілася нямнога. Дзякуючы гэтаму, ён выбраў рагавы столік і заказаў сабе абед. Маладая паўнатварая, пачырванелая падавальніца са знарочыстай ухмылкай і з дбайлівасцю падала яму адну за другой тры стравы. Усе яны прыйшліся Рыгору да густу, і ён пахваліў падавальніцу харчоўкі. Яна нічога не адказала і з тою ж замацаванаю раз назаўсёды ўхмылкаю адышлася ў другі куток ды прысела.

Седзячы, яна раз-поразу глядзела на Рыгора. Гэта яго заінтрыгавала, і ён дазволіў сабе падысці да падавальніцы і запытаць:

— Мне здаецца, што я вас дзесьці сустракаў.

Афіцыяльная ўхмылка змянілася лісліва-радасным смяшком, і сімпатычная падавальніца какетліва адказала:

— Я вас ведаю па Смагіну... Ваш твар настолькі мне запамятаўся, што я вас пазнаю ўсюды і заўсёды...

— У Смагіне?! — зацікавіўся Рыгор.

— Так, калі памятаеце, на сходцы ў ляску... Здаецца, нават вы і прамову там казалі? Ці ў гэтым ужо мыляюся?..

— А ваша прозвішча?

— Ды яно вам нічога не скажа.

— Аднак цікава ведаць...

— Злата Мельнік... Вы, зразумела, не чулі... Вы кватэравалі ў Шлёмы карчмара... Яго дачка, Ліба, слаўная дзяўчына, зараз сястрою недзе ў Пецярбурзе...

Падавальніцу паклікалі на кухню.

— Выбачайце мне, я на момант,— перапрасіла яна.

Белы фартух мігнуўся перад Рыгорам і схаваўся за дзвярыма. Рыгор зацікаўлена глядзеў туды, дзе схавалася вяртлявая падавальніца. Тое, што яна сустракалася з ім на сходцы ў лесе, яго інтрыгавала. Было ясна, што Ліба яе ведае. Але ж яна нічога яму пра гэта не сказала, праводзячы ў харчоўку. Лібе будзе навіна...

— А вы даўно ўжо як у Мінску? — запытаў Рыгор настрэчу, толькі падавальніца выйшла з кухні.

— Каля года... Летась восенню выехала з Смагіна... Пасля пад’ехалі з бежанцамі мае бацькі...

— Вам жа цяжка ў харчоўцы працаваць.

— А што ж зрабіць, дзе-кольвечы працаваць трэба...

У харчоўку ўвайшло трое новых чалавек. Агледзеўшыся наўкола, яны занялі трэці ад іх столік. Рыгорава сагутарніца хутка ўзнялася з месца і накіравала да наведвачаў. Другая падавальніца пераняла яе.

— Я за цябе падам, Злата...

Злата вярнулася да Рыгора.

— Вас добра ведае мой муж...

— ?!

— Вы, напэўна, памятаеце Сімана Галаса?

— Вы жонка Сімана Галаса?!

— Трапілася, бачыце.

Злата весела зарагатала.

— Перадам яму ад вас уклон...— дадала яна.

— Нізенькі... і прасеце... А ён не тут абедае, часамі?

— Часамі, а часамі і без абеду...

Злату зноў пазвалі на кухню.

Рыгору ніякавата было яе чакаць, але таксама няёмка было і выйсці, не развітаўшыся з жонкаю таварыша. Пры гэтым не мяшала б згаварыцца пра спатканне з Сіманам.

Ён на момант зацікавіўся думкаю, ці не паведаміць Злаце пра Лібіну прысутнасць у Мінску, а далей раздумаў.

— Я заўтра зайду да вас на абед. Можа, меў бы час і Сіман прыйсці? — запытаў ён падавальніцу, калі яна выйшла з кухні.

— Добра, я скажу яму пра вас.

Рыгор узяў пад казырок і павярнуў да дзвярэй. І толькі ён адчыніў іх, каб пераступіць парог на вуліцу, як яму перагарадзіў дарогу, павяртаючы ў харчоўку, якісьці чалавек.

— Перапрашаю! — папрасіў ён выбачэння ад Рыгора.

Рыгор, не звярнуўшы ўвагі, паднёс руку да шапкі і прапусціў стрэчнага. У гэты момант ззаду яго аклікнулі:

— На адну хвілінку!

Каля яго стаяла знаёмая яму падавальніца.

— Калі ласка!

— Якраз прыйшоў мой муж. Вунь ён сядзіць...

Злата з вясёлай усмешкай ткнула пальцам на сталовую.

— Шанцуе! — праказаў Рыгор і падышоў да стала, за якім сядзеў Сіман.

— Рыгор? — падняўся той і ад шчырасці затрос Рыгораву руку.

— Неспадзявана як! — выгукнуў ён яшчэ мацней.

Але мэрам бы спалохаўся свайго гуку і порсткім узрокам павёў па харчоўцы.

— Злата, падай сюды пару бутэлек піва.

— Чакай,— перапыніў яго Рыгор,— я паабедаў ужо.

— Вось і добра... мая жонка, пазнайся!..

Рыгор падняўся з крэсла і працягнуў знаёмай падавальніцы руку.

— Я паспеў пазнацца ўжо. Ха-ха-ха!

— Ласне?

Сіман паглядзеў на жонку.

— Ён не хлусіць?

— На гэты раз не...

— А заўсёды, хочаце сказаць...

Злата смеючыся пабегла да буфета.

— Выпадкова, ведаеш... Прыгледзелася, і мне кінулася ў вочы нешта знаёмае ў твары. І не абмыліўся — сустракаліся; памятаеш, у Смагінскім лесе?..

— Добрая ў цябе памяць.

Злата прынесла піва.

Сіман разліў па шклянках і падняў адну над сталом:

— За цікавае спатканне!.. А ты, Злата, не вып’еш?

— Ты не глядзі на мяне, я занятая...

Яна не адводзіла вачэй ад Рыгора.

— Ужо каля двух гадоў як бачыліся! І што за гэты час начаўплося!

Абодва стукнуліся шклянкамі і засаб выпілі.

— За лепшую будучыню, Рыгор!..

— Ну, як ты жывеш, скажы хаця? Жонка скардзілася, як мэрам бы...

— Я жартавала,— пераняла Злата і адбегла ад стала.

— Нецікава жыву...

— А працуеш дзе?

— Лекцыі даю... Маю некалькі вучняў і гэтым... У ліхой бядзе... Якраз жаніўся... Жонка, бачыш, вымушана працаваць... А каб не працавала — туга, брат... Але ты...

Сіман даследавальным узрокам агледзеў Рыгора.

— У ваеншчыну падаўся?

— Як бачыш... і думаеш праз каго?

— Скажы.

— Памыйка спакусіў. Стрэў мяне ў Пецярбурзе — во, так во, як я цябе, і давай агітаваць... На гэты раз я не мог устаяць і здаўся... Якраз з завода разлічылі, і чаму ж бы... Так месяцаў пяць дачыў...

— А дзе ж цяпер Памыйка?

— Таксама ў Мінску... Сустракаў мяне сёння з Лібаю.

— Значыць, уся смагінская хеўра сабралася! — ізноў перайшоў на вышэйшую ноту Сіман.— Вось дык гісторыя! За яе мудрыя законы!

Ён зрабіў да таго гучны чок, што наведваючыя, як адзін, абярнуліся ў іх бок.

— Пабіў шклянку? — запытала, падбегшы да стала, Злата.

— А калі і пабілі адну?..

Сіман узяўся двума пальцамі за вузенькую французскую бародку і з свайго блядога, аб’інтэлігенчанага твару зрабіў дэманскую міну.

— Значыць, і Ліба тут!

— Цябе гэта дзівіць?

— Ну, Ліба ж сястрою?

— Так...

Рыгор хвілінку памаўчаў.

— Сазнаюся табе, Сіман, Ліба мяне спаланіла... Яна мне падабаецца, калі хочаш ведаць, як таварыш і... жанчына...

— Яна — мілы чалавек... Шкада мне...

— Пойдзем дахаты? — перабіла Злата.

— Ты ўжо вольная?

— Кончыла... Ах, як я сёння стамілася! Ты не знаеш, Сіман, што за цяжкая праца...

— Чула, Злата? Ліба Крамнік тут...

— Цяпер жа свет, як шалёны віхор... Хто думаў, што стрэну іх.

— Гэтага мала,— падаў Рыгор,— а вось нядаўна, зусім перад маім ад’ездам у Мінск, я раптам напаткаў Рудольфа Шульца... Прыгналі атрад палонных, паверыш, ён сярод іх...

— Што ты кажаш?!

— Шаломная нечаканасць, кажу табе!..

Следам Сіман схіліўся да Рыгора і праказаў:

— А ведаеш, я ўсё яшчэ на нелегальным... І між тым вяду працу...

Рыгор задаволена адказаў:

— Я думаў пра гэта... Цяпер будзе добрая сувязь...

І пачаў з захапленнем апавядаць аб сваёй працы сярод рабочых атрада.

Парываючыся ісці, яны прасядзелі да вечара.

Ужо ў вокны харчоўкі пралазіў змрок, калі Злата адарвала іх ад стала.