VIII
Сіман Галас з жонкаю давялі Рыгора да Лібінай кватэры.
— Заходзь з Лібаю да нас...
— Абавязкова... Дайце толькі агледзецца... Развітаўшыся, Рыгор падняўся на другі паверх і пазваніў.
Тоўстая, нізкая кабета адчыніла яму дзверы.
— Сястра вас чакала-чакала і недзе выйшла... Дзе вы яе згубілі?..
— Яна даўно прыходзіла?
— З гадзіну таму... У вас ключ ёсць? Праходзьце ў яе пакой...
Гаспадыня забегла Рыгору наперад і адамкнула Лібін пакой.
— Я вам прыстрою канапку... вось каля гэтае сцяны... А можа, сястра захоча ў сталовай пераначаваць? Тут ужо ваша справа — я не хачу, бачыце, пакрыўдзіць ніводнага... Вы стукнеце мне?
— Добра...
Рыгор зачыніў за гаспадыняй дзверы і падышоў да акна.
Пераплецены нечаканасцямі дзень разрываў яго думкі на часткі. Мінск адразу паварочваў яго настрой у другі бок — правінцыяльная заспакоенасць немаведама дзе і дзелася. Насычаны прыфрантавой нервовасцю, горад адбіваў у сваім жыцці сударажны пульс акрываўленай краіны. У мнагалікіх стрэчах выразна выяўляўся яе лёс, выгнанай на вандроўку. Рассеяныя па свеце выгнанцы, аднак, не кідалі надзеі парваць са знаёмымі месцамі. Яны шукалі сабе прытулку і апоры на коўзкіх скатах рубяжоў, абы можна было адчуваць пад нагамі атоптаны грунт. А далей — далей вострыя ўзрокі перасягалі франтавую мяжу і ласкалі душу непатухлаю вераю ў блізкае наступнае. Якім яно прыйдзе? Што за песні справодзіцьмуць яго прыход?
Цераз чорную рысу высокае камяніцы Рыгоравы ўзрокі ўпіваліся ў чырвоны водбліск затуленага ёю сонца. У яго істоце бушавалі хвалі салодкага натхнення...
Ён адчуваў сябе прывязаным да падлогі, і трэба было прагучаць стройнай песні салдат, якія праходзілі вуліцаю, каб ён паварушыўся і адцягнуў думкі ад суворае сапраўднасці.
Салдаты адпраўляліся на фронт, бо ішлі пры амуніцыі, нават з вінтоўкамі, у новых шынелях. Іх песня гучала бадзёрымі напевамі з разухабістым зацягваннем канцовых нотак. У злітнасці людскіх галасоў для большай зухаватасці спеву ўліваліся вострыя свісты. Рытмічны тупат соцень салдацкіх ног падымаўся ўгору ад брудных каменняў бруку і стукаў Рыгору ў вушы.
Салдаты ішлі каля дзесяці хвілін, і цяганіна іх праходу прыцягала да сябе Рыгораву ўвагу. Ён не адхіляўся ад акна, настарожана слухаючы заціхаўшыя водгукі тупату і песні.
Уваход Лібы застаўся яму незаўважаным. І толькі асцярожліва-далікатны яе штуршок вывеў Рыгора з нерухомасці.
— Думаеш? Пра вошта ты думаеш?
Ліба палажыла яму на плячо руку і ўмільна, ласкава паглядзела яму ў вочы.
— Паабедаў?
— Нічога, харчоўка не дрэнная.
— Але дзе ты быў так доўга? Няўжо праседзеў у харчоўцы? Чакала я, чакала і не дачакалася.
Рыгор гасцінна засмяяўся.
— У харчоўні праседзеў каля трох гадзін.
— З якое гэта прычыны?
— Меў цікавую стрэчу...
— Няўжо?.. Давай сядзем...
Яны адступіліся да ложка і ўселіся побач.
— Я выпадкам напаткаў Сімана Галаса.
— ?!
Лібін твар абярнуўся ў здзіўленае запытанне.
— Ён і жаніўся тут.
— Жаніўся? Што-а ты-ы ка-жа-аш?
— З Златаю Мельнік.
Паведамленне Рыгора да таго захапіла Лібу, што яна выйшла з ранейшага настрою, устала і пачала тупаць па пакоі.
— Ніколі не паверыла б, каб хто сказаў мне гэта...— паціскала яна плячыма і рассеяна кідала ва ўсе бакі ўзрокамі.
— Сіман і Злата! Х-ха-ха! І ў Мінску? Але ж чаму мне не давялося ні з водным з іх стрэцца? Цікава! Што ж хаця робіць Галас? Не казаў?
Рыгор падзяліўся з Лібаю апісаннем стрэчы перш са Златаю, а пасля з Сіманам, гутаркамі з імі і заключыў двухслоўным сказам:
— Закон жыцця!
Лібе гэтага было мала; яна не пакідала гутаркі пра Сімана Галаса датуль, пакуль уваход у пакой гаспадыні кватэры не змяніў яе тэмы.
— Выбачайце,— сказала гаспадыня, разглядаючы ў шэрым змроку дваіх прысутных,— я ўжо збіраюся спаць і прасіла б вас, калі што трэба, то кажэце зараз... Няхай бы вы запалілі лямпу!.. А можа, няма газы?..
— Дзякуем, пакуль, здаецца, нічога...
— Засвяці агонь...
— А спаць як?
Тоўстая кароткая кабета, не дачакаўшыся адказу, дадала:
— Калі сястра не захоча спаць у сталовай, то прашу ўнясці ў пакой канапку і... я падушку дам сваю...
І выйшла.
Ліба засвяціла агонь і пабегла за гаспадыняй.
— Калі ласка, ці не можна гарбаты? — праказала яна за дзвярыма.
— Трэба ўнесці канапку? — ні то парадзіла, ні то запытала Ліба, вярнуўшыся ў пакой.
Рыгор згадзіўся, і праз некалькі хвілін парваная, брудная канапка стаяла ў Лібіным пакоі. Адзін канец яе ўпіраўся ў камод, другі — у сценку ад калідора, а між ложкам і канапкаю свяцілася вузкая разорына праходу.
— Было б лепей, каб вы яе пасунулі да акна, па той бок камода,— парадзіла гаспадыня, прынесшы гарбаты.
Ліба адказала на гэта пагаворкаю:
— У цеснаце — не ў крыўдзе.
Пагаворка прыйшлася гаспадыні па нутру, тым болей што яна збаўляла яе ад клопату слаць пасцель Лібе ў сталовай.
— Асабліва маладым людзям,— пажартавала яна на выхадзе.
Гаспадынін жарт быў апошнім фактарам пастаронняга свету, які наведаў Лібін пакой.
Далей нівошта не перашкодзіла ёй выпіць з Рыгорам гарбаты і аддаць патрэбны час для інтымнай, хвалюючай гутаркі, тэмы каторае выплывалі з іх блізкіх, цёплых сяброўскіх адносін.
Затуленая зялёным абажурам лямпа ўзмацняла вакольную цішу, якая прыдавала іх спакойнай гутарцы сталёвую выразнасць.
Сумнаватае святло скрадала вострыя куты рысаў, і міны іх твараў рызыкавалі адбіцца выключна ва ўзаемных узроках кожнага. Настрой угатаваў глебу для адкрытых выказаў пачуцця, да выразных слоў.
— Мне так добра з табою, Рыгор, так радасна!.. Няўжо ты не чуеш гэтага? — праказала Ліба.
Пацалунак, які выплыў следам за яе сказам, быў галаснейшы за словы гутаркі...
Калі іх губы разняліся, абое аглянуліся на сценку, за каторай храпла гаспадыня.
Падазронасць, што іх хто падслухаў, раптам патанула ў сугучным смелым рогаце.
— Я толькі ў паяднаным жыцці і магу знайсці сваё шчасце. Я веру сама, што сапраўдная любоў павінна прайсці праз доўгія іспыты. Да яе мусіць падгатаваць чалавека само жыццё. У адносінах мяне — наша стрэча па адрасе ў Ступкі вырашыла гэта пытанне канчаткова... Ты згодзен са мною, Рыгор?
— Я многае згубіў, пакуль цябе знайшоў. Ужо адно гэта кажа за тваю каштоўнасць у маім ваччу... Далейшыя мае думкі накіраваны толькі ў адну кропку — гэта да таго, як бы надаўжэй захаваць цябе... маёю сяброўкаю, таварышам маім... маім вечным спадарожнікам... Я не хацеў бы таіць разнастайных нечаканасцей у наступным, але ведаю, што ты з імі лічышся сама. Перад намі — будучыня. Сённяшняе — бягучае, будзённае, як падстава, як апора, з якою мы змагаемся за заўтрашняе... Разумееш, Ліба?
— Не пытайся, Рыгор. Ты не павінен забыць майго першага ўзроку, які я падаравала табе, падаючы, памятаеш, снеданне. У тым узроку быў зародыш таго, што зараз вырасла ў моцнае, вялікае, непарушнае пачуццё... Я разумею цябе, бо памятаю тваё хваляванне ў дзень Першага мая, твае словы на сходцы ў Смагінскім лесе, падзеі у Рызе і ў Пецярбурзе... Няхай наступнае іх удвоіць, утроіць — я не пахіснуся, не дапушчу крануць сумненню стойкага сэрца... Мяне лучыць з табою не сённяшняе маё і агульнае, а агульнае і маё заўтрашняга дня... Не сумляваешся, Рыгор?..
Дванаццатая гадзіна, што выбіваў гадзіннік на вежы, сведчыла падвойны пацалунак, як аброк, што перадавалі яго Рыгор Лібе, а Ліба Рыгору.
За сцяною чуўся той жа крэкт гаспадыні, але ўрачыстасць прызнання рэзваю бадзёрасцю разганяла спакой заціхання.
— Будзі мяне, Ліба, а дзевятай, я мушу ісці ў упраўленне.
— Хочаш, а восьмай абуджу, калі сама ісціму ў лазарэт?
— Здаюся на цябе...
ІХ
Вузкія тратуары Губернатарскае вуліцы ледзьве ўмяшчалі натоўп пешаходаў. Вялікая колькасць вайскоўцаў заўважна пярэсцілі сілуэты цывільных. Чыстае асенняе неба разлівала сонечнае святло па ломаным бруку. Яго праменні асвятлялі каламутныя жаральцы памыяў, што цяклі між тратуараў, як і трывожныя, няпэўныя за сваё наступнае, твары афіцэраў, палкоўнікаў, генералаў. Апошнія на хаду шалясцелі свежымі газетамі, нядбайна ківалі галовамі пры адданні ім чэсці і хаваліся за рагі дамоў папярэчных вуліц.
Земгусары адбівалі сваім выглядам спакойны настрой забяспекі. На іх блішчастых палетах халоднае сонца ганяла зайчыкаў, якіх некаму было палохаць. Служба не перашкодзіла земгусарам урваць гадзінку-другую часу на зазірк у кавярню.
За круглымі мармуравымі столікамі з каваю па-варшаўску яны праседжвалі доўгія часы, выказваючы ліберальныя думкі і «апазіцыйныя» настроі разам з «клопатамі» пра салдат у акопах.
На скрыжаванні Губернатарскае і Захараўскай над гімназіяльным парканам віселі апошнія навіны. Іх выкрыквалі і газетчыкі, але кожны пешаход лічыў сваім абавязкам праверыць крыкуноў на адказным аншлагу.
Роўна а дзесятай гадзіне Рыгор выйшаў з Юр’еўскай на Губернатарскую. Параўняўшыся з першай кавярняй, ён заскочыў выпіць кавы. На гэта пайшло каля чвэрткі гадзіны. Далей зрабіў спынку перад навінамі. «Расія і Італія абвясцілі вайну Балгарыі»,— стаяла ў першым радку зверху. Выдзеленая буйнейшымі літарамі, гэта навіна забівала ўсе іншыя. Вакол яе вярцеліся гутаркі ў сабранай грамадцы.
Пара пажылых палкоўнікаў, што стаялі з боку Рыгора, вылаяліся агіднымі словамі па адрасе Балгарыі. Нейкі чыноўнік, па форме з кантрольнае палаты, паціскаў плячыма, дзівячыся, што робіцца на свеце. Бяспечны дыскантовы галасок сястры, якую падвёў да навін зухавы казачы сотнік, смяялася з задзёру балгарскага Карлушы. Знянацку дысанансам прагучаў пытальны сказ якогасьці селяніна з торбаю на плячах: «І да чаго толькі гэта дойдзе?» Мужычка абмылі спачуваючыя ўзрокі не адных цывільных. Храбрыя палкоўнікі пераглянуліся і загадліва паківалі галовамі.
Рыгор абышоўся маўчанкай, хоць селянін і падвастрыў яго ахвоту выказаць сваю думку. Але ён не мог ручыць, што на яго сказ адгукнуцца ўсяго тым жа, чым на словы селяніна, і пайшоў напрамкам да ўпраўлення работамі.
Ён знаходзіўся зусім недалёка ад будынка, дзе змяшчалася ўпраўленне, калі напатканая сястра вярнула яго да ўчарашняй гутаркі з Лібаю. Мігам у Рыгоравым уяўленні прабегла карціна мінулай ночы, слова ў слова прагучалі ў яго вушах адпаведныя, рашучыя дыялагі паміж ім ды Лібаю.
Мэрам бы хто хапіў Рыгора за руку і прыпыніў — ён пракалоў узрокам даўжыню Захараўскай і праз хвіліну зрабіў увераны крок наперад.
На другім кроку ён прамармытаў пра сябе:
— Адказныя справы ў жыцці адзінкі, як і ў жыцці грамады, вырашаюцца часам вельмі проста ды лёгка.
З гэтага сказа паплыў струмень думак і планаванняў, якія завярцеліся вакол Лібы, перароджваючыся ў будзённыя клопаты пабудовы сямейнага жыцця. Гэтыя клопаты, змешаныя з навіною ўзятых абавязкаў, варушылі Рыгоравым нутром і плячыма.
Рыгор пачуў сябе крыху вальнейшым, калі ўвайшоў у канцылярыю ўпраўлення работамі. Стукатня машынак, службовая бегатня, незнаёмыя твары службоўцаў вярнулі Рыгора да бягучае сапраўднасці.
— Выбачайце! — перапрасіў ён якогасьці пісца, запыніўшы яго пры дзвярах.— Мне трэба Прахора Хведаравіча Стукалку.
— А навошта ён вам? — запытаў пісец і раптам, збаяўшыся свайго пытання, дадаў, ткнуўшы ў паветры пальцам:
— Прахор Хведаравіч вуньдзека сядзяць!
Рыгор падзякаваў і прайшоў да паказанага месца.
— Я да вас ад Яўгена Віктаравіча Провава.
Стукалка далікатна схінуўся і працягнуў Рыгору руку.
— Ці не вы ўчора прыехалі ў Мінск?
— Вам паведамляў Памыйка?
— Ужо мы падбалі пра месца вам.
— Калі ласка, вось і ліст ад Провава.
Рыгор падаў Стукалку канверт.
— Дзякую. Напэўна, сумавалі там у глушы? Праўда, затое спакайней. Сядайце, прашу вас...
Стукалка хутка прачытаў ліст, скамячыў яго і адправіў у кішэню.
— Мне пра вас Памыйка многае расказваў. Добра... Я вельмі рад, што мне давядзецца з вамі працаваць... Нябось, Яўген Віктаравіч слаўны чалавек? Мы з ім сябры здаўнага... Та-ак... Дык скажэце, ці хацелі б вы па грашовай частцы, ці па адміністрацыйнай?
— Глядзеце, дзе лепш,— пасмяяўся Рыгор.
— У нас, аднака, нядрэнна... Я думаю, нейкі час папрацуеце ў агульнай канцылярыі, а там пераменім...
Да Стукалкі падышло некалькі службоўцаў з паперамі.
— Па нядзелі прыходзьце на службу... Я вельмі рад...— сказаў ён, устаючы з крэсла.
Рыгор развітаўся і накіраваўся да дзвярэй.
Ён яшчэ не выйшаў з сталоў, як яму перагарадзіў дарогу знаёмы яму кароценькі чалавек з бежанскага камітэта.
— І вы тут?
— Як бачыце. А якім-то чынам вы сюды папалі?
Кароценькі чалавек рэзва затросся ўсёю постаццю, засмяяўся і адказаў:
— А ўсё з-за камітэцкіх спраў. Патрошку пашыраемся. Вось днямі я даведаўся з прыватных крыніц, што маюць асігнаваць на бежанскую справу вялікія сумы. Я і прыехаў у Мінск, каб тут наладзіць сумесную заяву... Вы, часамі, не наведвалі Мінскага камітэта?
— Бачыце, я толькі ўчора пераехаў у Мінск. Дагэтуль працаваў за Мінскам.
— Вы добра зрабілі, што перабраліся ў Мінск,— праказаў кароценькі чалавек.
— Як вам сказаць... Пакуль яшчэ я не нагледзеў нічога гэткага, што б казала за гэта... Мне чамусьці думаецца, што лепшае прыйдзе з Пецярбурга...
— Зразумела...
Кароценькі чалавек на момант задумаўся, пасля іншым тонам паведаміў:
— Ага, бок, маю вам перадаць уклон ад вашага таварыша... Не так даўно заходзіў на Знаменскую і пытаў кагосьці... не памятаю каго... Луговіча якогасьці... Ды самога таварыша прозвішча запамятаваў... З Масквы прыязджаў...
— З Масквы? Дагадваюся...
Яны развіталіся.
Кароценькі чалавек уподбежкі накіраваўся да першага стала, а Рыгор выйшаў на вуліцу.
Для яго было зусім неспадзяваным, калі на адгоне квартала з боку ў яго зноў пачуўся нядаўна заціхшы голас прадстаўніка бежанскага камітэта.
— Калі вы думаеце пра Пецярбург, то ці не ўзяліся б вы часамі за маю працу па камітэце? Я вельмі вас прасіў бы. Мне да таго цяжка, што я з радасцю ўцёк бы сюды ў Мінск.
— Я не абяцаю вам гэтага...
— То давайце мы так скамбінуем,— настойваў кароценькі чалавек.— Вы звяжацеся з Мінскім камітэтам, а я вымалю замест вас другога чалавека сабе на замену...
Рыгор і на гэту прапазіцыю не даў акрэсленага адказу. Гэта астудзіла кароценькага чалавека і прымусіла яго перайсці на іншыя тэмы. Аднак кожная з новых тэм непраменна стыкалася з бежанскімі справамі, а тыя цягнулі за сабою скаргі на цяжкасць працы ў камітэце. Нельга было западозрыць няшчырасці ў яго споведзі, тым болей Рыгору, які збольшага ведаў становішча камітэта. Знаёмы быў Рыгор і з працаю кароценькага чалавека ў камітэце. Але ўсё ж думкі яго былі далёка ад гэтага.
— Будзе час пра гэта пагаварыць па маім прыездзе ў Пецярбург,— адказаў ён, каб скончыць гутарку.
Кароценькі чалавек мэрам бы гэтага і чакаў. Ён зразу спыніўся, з падзякай падаў Рыгору руку і крута павярнуў назад. Калі Рыгор азірнуўся, то ён ужо бачыў кароценькага чалавека на гоны ад сябе.
«Сапраўды працуе з пачуццём і самаадданасцю», — уголас выказаў ён пра сябе.
І не паспеў зрабіць кроку з новаю думкай, як знаёмы жаночы голас пераняў яго сказам:
— За кім вы так пільна ўзіраецеся?
Следам, не даўшы Рыгору павярнуць галавы, порсткая рука прасунулася яму пад паху.
— Ну, якавы справы?
Ліба была ў вясёлым настроі і ласкава зазірала Рыгору ў твар.
— Я сёння проста шчаслівая — гэта ж цэлы полудзень у маім распараджэнні.
— Якім жа чынам табе падшанцавала?
— Выпісалі з майго аддзялення да дваццаці чалавек.
— А ўсё ж засталося ў лазарэце людзей?..
— Алеся даглядае за імі... Ну, а як твае справы? Што ж ты не кажаш нічога?
— У панядзелак іду на службу.
— А працу вызначылі?
— Знойдзецца. Ёсць некалькі месц, на выбар... Ці ж у гэтым рэч?
— Твая справа... Прынамсі, за гэтыя дні варта было б падшукаць новую кватэру... Ты пра гэта не думаў?
Рыгор паціснуў Лібіну руку і жартаўліва праказаў:
— Не паспеў пакуль, мая дбайная гаспадынька...
— Не тое, што...
Рыгоравы жарты выклікалі на Лібіным твары лёгкія ўспыхі сарамлівае ружы.
— Разумею цябе і згодзен з табою цалкам... Асноўнае зроблена, а там усё пойдзе сваёю чаргою... Ці не пара было б абедаць?
— Давай пойдзем!
Яны завярнулі ў знаёмы Рыгору завулак.