Х
— Як, па-твойму, Ліба, так будзе нічога? А можа, пасунуць яшчэ крыху да акна? Толькі не даставацьме шнур. Няхай стаіць так...
Рыгор адступіўся да кушэткі, на якой сядзела Ліба, з газетаю ў руках, і паглядзеў адтуль на распалажэнне стала.
З правага акна, на паколаных шыбах якога ляжаў тоўстым пластом снег, падала сталёвая паласа святла. Востры рог прыаконніка роўнай лінейкай адразаў яго правую палавіну. Стажок паложаных на стале кніжак трапляў у зацямненне, якое скрадала не толькі загалоўкі кніжак, а і малюнкі іх вокладак.
— Трэба адсунуць крыху назад, тады болей на стол ляжа святла. Няпраўда, мо?
Ліба паднялася і пільным позіркам праверыла Рыгоравы меркаванні.
— Не так святло, як холад. З акна ж неміласэрна дзьме. Па-першае, трэба было б уставіць новыя шыбы ды пазатыкаць паміж рам... Які недагляд, а гэткія грошы дзяруць... Адсунь стол на корх-другі назад...
Яна падышла да акна, праверыла рамы і шуфляднікі, папрабавала шчыльней прычыніць дубальт і нездаволена кіўнула галавою:
— Што ж ты хочаш! Яшчэ добра, што і гэткую каморку ўдалося знайсці. Як-ніяк, а святла багата, прасторная.
— А чаго ж ад старога дома хацець!
— Зразумела... Бачыш, дамаўласнікі не адстаюць ад іншых гандляроў. Даражэе мяса, дровы, крамніна — чаму ж адставаць кватэрам... Ды горад перапоўнены да адказу...
Рыгор адсунуў стол назад, а ложак пацягнуў крыху да акна.
— Ды ці не ўсё роўна, як што будзе стаяць! Адзін корх бліжэй да акна ці далей...
Ліба ўголас засмяялася.
— Які ты цудны, Рыгор!.. Сядай ды раскажы мне, што новае... Мы ж з табою так мала бачымся...
— Няма часу, Ліба!
Ён прысеў і ценька датуліўся галавою Лібіных грудзей. Тая выпусціла з рук нячытаную газету і абвіла яго шыю тонкаю белаю рукою. Пальцы рукі краталі яго губ, якія адказвалі прагным варушэннем.
— Ты паглядзі, адно, Рыгор, як хутка праняслося каля двух месяцаў з таго часу, калі мы пачалі наша супольнае жыццё! Я не паспела агледзецца, а тым часам...
— Кажы, я слухаю...
— Прызнайся мне, ты думаў, што ўсё так проста ды так незаўважна перапляцецца адно з другім, і мы станем...
— Чым?
Лібіна рука крыху падалася наперад, гэтак, што далонь прыйшлася на Рыгоравы вусны, якія знайшлі пад ёю ўтульнае месца...
— Табе не хочацца слухаць, Рыгор?
— Кажы, кажы, Ліба...
Рыгор вызваліў руку і перацяў ёю Лібіну стройную паясніцу.
— Каб я думаў ці чакаў, магчыма, усё б яно іначай пайшло...
— Іначай?.. Выходзіць, што ўсяму прычына ёсць адзін цёмны выпадак?
— Выпадак, але той, якім кіруецца наша жыццё... Калі ён быў цёмны, то я асвяціў яго сваёю свядомасцю... Якія, аднак, вы, жанкі, чулыя!..
— Ты глядзіш на мяне выключна як на жанчыну?
І не саромеешся казаць гэтага?
— Адкуль ты бярэш усё гэта, Ліба? Было б так, я абмежаваўся адною-дзвюма стрэчамі з табою... Я не раскідаю свайго пачуцця на вецер і не таргую словамі, як лыкам... Да цябе я прыйшоў праз доўгія, спакусныя іспыты... Ды што казаць...
І Рыгор адчуў раптам Лібін пацалунак. Ён быў ціхі, але шчыры і зацяглы, з сілаю, якая на нейкі час перацяла іх глыбокія ўздыхі і заваражыла прасторны пакой салодкаю маўчанкаю.
— Мы яшчэ шчаслівыя з табою, Рыгор! А ёсць людзі — і колькі гэткіх людзей! — што гадамі не бачылі сваіх жанок, дзяцей... Ды, можа, не ўбачаць!..
— Трэба напружней змагацца... Нехта стукае?
Мінутная іх настарожлівасць перарвалася паўторным стукам.
— Адчыні, Рыгор!
— Прашу заходзіць! — гукнуў ён, зрабіўшы пару крокаў да дзвярэй.— Засвяці агонь, Ліба!
Яна не паспела абмацаць лямпу, як у пакой увайшоў чалавек, якога ў вячэрнім змроку нельга было адразу распазнаць.
— Нарэшце адшукаў!.. Добры вечар у хату! Ну і забраліся ж!
У голасе ўвайшоўшага гучала нешта знаёмае, але не па голасе Рыгор распазнаў Петруся. Засветленая Лібай лямпа выявіла Петрусёў твар, на якім бегала вясёлая ўхмылка.
— Сапраўды, што нарэшце! А пісаў жа, што будзеш у Мінску многа раней... Маю гонар пазнаёміць з маёю жонкаю...
— З жонкаю?! Так-такі і жонкаю?!
Пятрусь прывітаўся з Лібаю і агледзеў пакой.
— Скідайце паліто,— запрапанавала Ліба.— Я пастараюся... гарбаты...
Яна пачакала, пакуль Пятрусь распрануўся, пасля выбегла з пакоя.
— Так, жонка... законная... Адно другога ўзаконілі,— пасмяяўся Рыгор.
Ліба вярнулася з гарбатнікам.
— Я думаю, не лішнім будзе з марозу шклянка цёплае гарбаты,— абярнулася яна да Петруся.
— Згаджаюся, дзякую.
П’ючы гарбату, Пятрусь рэвізаваў узрокам абсталяванне пакоя і вясёлую спанраўную яму гаспадыню. Ён не чакаў, што прыяцель спаткае яго ў сямейных абставінах. Да гэтага не было жадных адзнак. Ды па настроі Рыгора Пятрусь не мог дапусціць хуткае перамены ў яго жыцці. Між тым факт паказваў сваё. Пятрусь спачувальна глядзеў на таварышавы паводзіны, хоць прысутнасць пры Рыгору Лібы, відаць было па ўсім, мала ўплывала на Рыгораў нутраны свет.
Умовы, што з’яўляліся сведкамі новага жыцця, далёка не пасавалі да маладых асоб, якія сядзелі пры ім, мэрам бы сышоўшыся з прычыны яго наведаў.
Камод ды стол, канапка і ложак, пяць патрыманых крэсел мала разнастайнілі памяшканне для дваіх ад памяшкання для аднаго. Усяго і служыла гэта абсталяванне ў мэтах адноснага дапамінку Рыгору пра яго гаспадарскія абавязкі. А калі ды Ліба не дужа заўзята пільнавала гэтага, тады за камодам ды кушэткаю толькі і аставаліся сухія функцыі сцяснення гаспадара. О не, Пятрусь у гэтым паспеў шмат далей перагнаць Рыгора! Яму хапіла часу, каб абкруціцца досыць надзейна клопатамі «заўзятага сем’яніна». Што таму пасабляла — гадаць не трэ было доўга.
Пятрусь выразна бачыў прычыну гэтага і ў абставінах свайго жыцця, якое звязала яго нелегальнасцю, ва ўмовах непаседнае службы, каторая кідала ў раз’езды і, нарэшце, спадчына, вынесеная з астрога. Усё паказанае з невялікім дадаткам Петрусёвае ўступчывасці значна пасунулі яго ў бок сямейнае клапатніны.
Чамусьці ў прысутнасці Рыгора з Лібаю гэта вельмі выразна замуляла ў яго нутры.
Паведзеная гутарка на тэму бягучага жыцця не стрымала Петруся ад самапапроку. Ён даў месца ў сваім нутры для вострых упікаў за недагледжанае патуханне сваіх ранейшых настрояў. Але, побач з гэтым, гутарка з Рыгорам, ахапіўшы шырокае кола бягучых з’яў і будучых заданняў, дала яму набой для ўсхвалявання і аброк да аднаўлення ранейшай актыўнасці.
— Так,— завяраў Пятрусь перад адходам,— я пераеду ў Пецярбург. Мяне цягне туды не менш твайго... Толькі...
— Вось гэтае толькі і не дазваляе табе пакінуць Масквы.
— Дык парадзь мне, Рыгор, што рабіць...
— Якая ж тут рада... Чакай яшчэ нейкі час...
— Няўжо ім у галаве за мною сачыць? Вось быў жа я надоечы ў Пецярбурзе і праз пяць дзён — ніякага знаку сочкі...
— Завяраць, браце, цяжка...
— А так бы паехаў перш я, а следам выцягнуў бы і вас. У мяне там наклёўваецца некалькі добрых месц... Разумееш, за гэты час паспеў зарэкамендаваць сябе перад кіраўніцтвам установы, а частыя камандзіроўкі далі магчымасць знайсці добрае знаёмства... Вы паехалі б, Ліба Шлёмаўна?
— Яшчэ з якою б ахвотай! Як была ў Пецярбурзе — цягнула куды індзей... А пажыла ў Мінску — моцна хочацца назад у Пецярбург... Усё ж Мінск — правінцыя... Ехалі б вы хутчэй, Пятрусь... А то мне Рыгора не ўгаварыць.
— Што-а?
Рыгор зрабіў фальшыва-сур’ёзную міну і ўзрокам Мефістофеля паглядзеў на Лібу.
— Не згаджаецца...
— Ты не чакацьмеш, як я прыкажу складвацца,— пажартаваў Рыгор.
— Паду-у-мма-еш! Адкуль ты набраўся гэтае смеласці?..
— Ліба Шлёмаўна прэтэндуе на матрыярхат...
— Згодзімся, што да гэтага яшчэ далёка, але...
— Але не без дыктатарскіх ухілаў...
Яны весела засмяяліся.
Адбітак гэтага смеху Пятрусь вынес на сваім твары з Рыгоравага пакоя.
— Да спаткання ў Пецярбурзе,— пажадаў ён Лібе, якая правяла яго з кватэры.