І
Напружанасць вайсковых падзей, якімі справодзілася другая палова лета, змянілася асеннім зацішшам.
Было ясна кожнаму, што немцы сваім наступам на Расію імкнуліся забяспечыць базу для наступу на захадзе. Рэдкія сутычкі на паасобных участках даўжэразнага фронту не мянялі агульнага становішча. Мала хто дапушчаў, каб фронт да наступнае вясны пасунуўся за Баранавічы, Дзвінск, Пінск, Ілуксту. Гэта давала магчымасць каму след крытычна праверыць пройдзеную навуку, улічыць недагледжаныя памылкі, унесці новыя карэктывы. Частку гэтых клопатаў узяла на сябе перапужаная нямецкімі поспехамі расійская ліберальная буржуазія. Разгубіўшы рэшткі патрыятычнага задзёру, яна павярнула нездаволенне ў бок нядаўняга прыяцеля — вайсковай ды буйнаарыстакратычнай камарыллі.
Аднак нядобрая воля прымушала радзімых патрыётаў станавіцца ў ваёўную позу супроць самаўладнай клікі. У іх паказной, фальшывай апазіцыйнасці хавалася вострая прага апанаваць становішчам.
Буржуазія хапілася за думку і за рады, каб перапыніць разбег падзей, агаловіць іх і надалей разліваць рабоча-сялянскую кроў на алтар «вольнае краіны».
З гэткімі палажэннямі, што выпускалі іх вусны Мілюковых ды Какошкіных на вядомым кадэцкім банкеце, памыкалася буржуазія заняць месца плутакратыі. Але жахі «вызваліцельнай» вайны ніколькі не гублялі свайго гібельнага скутку Яны самі па сабе, у баку ад волі яўных ды скрытых прыхільнікаў вайны, рабілі сваю працу разгойдвання спакою ды пакоры мільённых салдацкіх, рабочых і сялянскіх гушчаў.
Кадэцкія завярэнні не затрымлівалі ў акопе салдата і не давалі яму натхнення для далейшага кроваліцця. Занядбаўшы суд і кару, ён кідаў фронт і накіроўваў дадому, у тыл, далей ад непатрэбных жахаў на перадавых пазіцыях. У тылу было падгатавана яму спачуванне.
Мянушка «дызерцір» не ўздымала ружы сораму на змучаных, пажаўцелых тварах тых, хто двухгадоваю пакутаю зразумеў сутнасць і мэты вайны. Тылавыя героі з земгусараў, шыбераў і прадажных пісак паходзілі на дзяцей, што пускаюць мыльныя бульбалкі. Пушчаныя ў пачатку вайны, на трэці год яе, гэтыя патрыятычныя гульні згубілі манлівы свой эфект. Гэта адчувалася на кожным кроку, у кожным кутку неабсяжнае краіны, у паветры, што яе аблягала.
Дзевяцьсот шаснаццаты год прыходзіў у свет пад знакам крутой змены агульных поглядаў ды адносін да вайны. Вайна ставіла супроць сябе драбнейшыя праявы народнага жыцця. Людскія гушчы прасякала пачуццё сухое аднакавасці да фронту, да стрэлаў гармат, да аэрапланаў і бліндажоў, да перафармаванняў войска і да вестак са штаба галоўнакамандуючага. Страхі вайны ў сваім расцяжэнні ў будучае зліваліся з буднямі, якія капілі ў сабе порах для расплаты за яе.
Працэс перараджэння людское псіхікі, змена ў настроях паасобных пластоў жыхарства выпуклялі новую эпоху на пасаду гістарычнасці. Апошняя рашуча спускалася на зямлю, надаючы астраты малейшым калыванням грамадскага жыцця. З усіх шчэлак дзьмула завабна-трапяткім павеем няяснага, а жаданага ды непрыменнага.
У Рыгоравай істоце калыхаліся хвалі раз’юшанага, уздымнага пачуцця. Гэта пачуццё не давала яму спакою. Нават Павал Памыйка не здавальняў Рыгора сухаватасцю сваіх вывадаў. Больш-менш улагоджваў яго, рэдка наведваючы, Сіман Галас, але тая работа, якую яны вялі ў Мінску, не давала Рыгору поўнага здаволення.
Седзячы ў Рыгора адным лютаўскім вечарам, Сіман казаў:
— На тваім месцы, браце, я ўжо даўно быў бы ў Пецярбурзе... Болей таго, я нават не даўся б так лёгка з яго выехаць... Чым цябе прыцягвае Мінск? Службаю ў упраўленні дарожных работ?
— Тым болей не становішчам ды зарабаткам, якія ён дае... Ха-ха-ха! Сіман! Мяне Мінск прыцягвае тым самым, што і цябе. З тым жа поспехам ты можаш яго замяніць на Адэсу, Маскву ці другі горад, як я на Пецярбург... Але гэта не на заўсёды — гэта выключна на даны час... Зараз Мінск — не Мінск, а вайсковы лагер. Ну, а нашая партыйная праца хутка, ты сам разумееш, не можа мяне задаволіць.
— Маеш рацыю... Ты пасудзі сам — Мінск нічым не адгукнуўся на гадавіну 9 студзеня, а Пецярбург... Там баставала звыш пяцідзесяці тысяч рабочых... Ты чуў гэта? Надоечы прыехаў адтуль адзін рабочы і казаў мне... Гэтак што Пецярбург...
Паведамленне Сімана пра студзеньскія забастоўкі ў Пецярбурзе аднавілі ў Рыгора радаснае пачуццё. Ён уверанай хадою прайшоўся па пакоі і пацёр ад здавальнення рукі.
— Ты калі атрымаў гэтыя весткі?
— Учора вечарам.
Пытальны ўзрок Рыгора спыніўся на Лібе:
— Чула навіны?
— Я табе не раз казала, што цябе...
— Ты толькі, Ліба, не нервуй... Хочаш выехаць — выедзем... Але ж ты павінна памятаць, што гэта не так лёгка... І ты і я — абое мы звязаны службаю, а ў адносінах да мяне маюцца і іншыя прычыны... Няўжо ты думаеш, я знарок цябе марыную тут... Альбо шкадую пакідаць сваіх маёнткаў...
Лібіна рука, крануўшы Рыгоравай шчакі, выявіла жончыну ласку да мужа і гэтым згладзіла паўстаўшую шурпатасць у іх адносінах.
— Разумею цябе, Рыгор. Калі я кажу так, то зусім не маю ў воку сённяшні або заўтрашні дні... Мяне... ды ці ты ж не ведаеш... забівае мая служба...
— А хто цябе прымушае служыць?
Сіман быў радцаю і супакоіў абаіх.
— Не палічэце мяне падбухторшчыкам...
Гэтага, зразумела, ні Рыгор, ні Ліба не думалі.
Сіман лічыўся іх ганаровым госцем. Яго гутарка папаўняла іхнія разважанні, яго рада была таварыскім пажаданнем. Хто ў гэтым сумняваўся?
Сіман таксама з’яўляўся і чулым перадатчыкам таго, што дыктавала і Рыгору і Лібе іх нездаволенасць мінскаю правінцыяльнасцю. Гэта нездаволенасць дзень ада дня абвастралася. Смуткам іх была наступная споведзь Рыгора перад таварышам.
— Нам не трэба станавіць жадных мэт у прыватным жыцці, калі яны не звязаны з жыццём агульным... Мне смешна глядзець, як людзі тужацца з усіх жыл, каб зберагчы лішнюю капейку... Агідна, ведаеш, Сіман, слухаць гутаркі пра ўзнагароды, павышэнні, пра дробненькую цікавасць набыць пляцок, хату... Да чаго ўсё гэта? Ласне можна гэтым адмежавацца ад усяго свету? Або ўхілам ад агульных падзей зберажэш сваю недатыкальнасць? Дарма ўсё гэта — мурашчына палітыка... Я ў баку ад усяго гэтага, а што іншае мяне можа трымаць на адным месцы?
— Які лад, гэткія яго і праявы...
— Гадкі лад.
— Згаджаюся з табою...
— Але не меней гадка, калі не шукаеш, дзе яго канец.
— Вось асноўнае... Усё ж, браце, жыццё не стаіць на адным месцы... Памятай тое...
— Што б тады было, каб ды яно спынілася...
Іх філасофскія разважанні пагражалі зайсці далёка ў ноч, але, трапіўшы на іх, Памыйка павярнуў іх гутарку ў другі бок.
Засопшыся, Павал адначасна з тым, як падняў цераз парог левую нагу, праказаў:
— Я прынёс табе, Рыгор, сумную навіну... цяжкую...
Прысутнасць Сімана, якога ён адразу не пазнаў, не дала яму закончыць сказа.
Ліба пераняла Памыйкаву збянтэжанасць.
— Сіман Галас — ці ж вы не пазналі?
Памыйка раптам знайшоўся:
— Выходзіць, што я вам прынёс сумную навіну, а ў вас застаў вясёлую... Здароў, Сіман! — працягнуў ён яму руку.
За гэтым сказам Паўла чулася выразная трывога, якое не скрашала Сіманава рэзвасць.
— Вашаму благароддзю!.. Адкуль гэта павеяла, што ты трапіў сюды?
— Выпадкова... Ну, а ты якім чынам апынуўся тут?
— Сярод чыноўнікаў?
— Хоць бы і так... Кажы!
— Перш выкладай свае навіны...
— Так, кажэце, Павал, тое, што меліся.
Памыйка раптам пасур’ёзнеў і зусім інакшым тонам праказаў:
— Мае навіны зусім нецікавыя.
— Гэта чаму?.. Кажэце, ну...
— Казаць?.. Так, не схаваешся... Памятаеш, Рыгор, старшага тэхніка Бросню?
Рыгор настаражыўся:
— А што?
— Дык вось, брат, гэты прахвост застрэліў Рудольфа Шульца... Сярод белага дня, ведаеш, пры людзях... Перш штурхануў яго за нешта, а калі той замахнуўся на яго кулаком, Бросня р-раз-з і... бывай здароў...
— Рудольф?! Бросня?!
Збялеўшы, як мел, Рыгораў твар выказваў яго сібернае абурэнне, перамешанае з востраю трывогаю.
— Адкуль ты праведаў гэта?! Ці праўда таму?..
Яго напружаны ўзрок разліваў агонь кіпучае злосці.
— Толькі вось атрымаў ліст ад Провава... Не паспеў, ведаеш, зайсці ў пакой, як мне яго падалі... Прачытаў... і на табе... Выпіў шклянку кавы і да цябе...
— Рудольф Шульц!! Братка ты мой!
І Сіман, і Ліба аслупянела глядзелі Паўлу ў вочы.
Рыгор пусціўся тупаць па пакоі.
Яго важкія, цвёрдыя крокі гучалі па ўсёй кватэры.
— Бедны Рудольф!!
— Які слаўны таварыш!
— Гэткі харошы чалавек!
За гэтымі словамі запанавала важкая цішыня, у якой чуўся выразны працэс кандэнсацыі вострае злосці да забойцы.
У згустках гэтае злосці фармавалася суровае адамшчэнне.
Яго напорнасць падняла Рыгораву руку ўгару і затрасла выпрастаным пальцам перад цёмным акном.
ІІ
Вестка пра забойства Рудольфа Шульца хутка падмацавалася пісьмом Сёмкі. Сёмка падрабязна апісваў Рыгору кароткую, але жудасную гісторыю Бросневае расправы з Рудольфам.
«Яна зрабіла цяжкае ўражанне не толькі на рабочых, а і на ўсіх дваровых, на местачковае жыхарства», пісаў Сёмка. «Але забойца, на жаль, не атрымаў належнае аплаты за свой крывавы ўчынак. Абкружаны раззлаванымі рабочымі, ён паспеў вырвацца з іх рук і ўцячы пад ахову сунічанскай паліцыі. Праўда, Проваў дамагаўся таго, каб станавы Бросню арыштаваў і адправіў у Мінск. Ці зрабіў гэта станавы — невядома, усё ж Бросні зараз у нас няма... Рудольфа ж Шульца, трэба сказаць, пахавалі на старых местачковых кальвініскіх могілках. Натоўп людзей з двара і з мястэчка, які праводзіў забітага на могілкі, яскрава засведчыў сваю павагу да яго і востры пратэст супроць учынку драпежніка-тэхніка. Уміраючы, Рудольф некалькі раз успамінаў цябе».
Сёмкаў ліст быў канчатковым пасведчаннем пра сапраўднасць Памыйкавага паведамлення. Ніякіх суцешных вестак чакаць пасля гэтага нельга было.
Рудольфаў вобраз некалькі дзён засаб трымаў на сябе Рыгораву ўвагу. Яго не кранула гэтак моцна ні смерць Гэлі, ні смерць мацеры... Рудольфава смерць мэрам бы вабрала ў сябе ўсе жахі перажытых Рыгорам трагедый і вызверылася на яго сваёю жудаснаю сапраўднасцю. Гэта сапраўднасць, зразумела, была не абмежавана часам ды не акрэслена месцам, але Рыгор хапіўся і за выпадак з Рудольфам, каб далучыць яго да тых прычын, якія штурхалі яго да выезду з Мінска. Пад націскам гэтых прычын усё слабейшымі ды слабейшымі рабіліся супярэчныя ім фактары. Важнейшы з іх, пра якія Рыгор часта дапамінаў Лібе,— гэта пагроза падпасці ў Пецярбурзе выкрыццю і арышту,— губіў таксама сваю вострасць.
Рыгор самаўверана глядзеў у наступнае, застаючыся наўздзіў нячулым да небяспекі. Усвойная яму, як кожнаму чалавеку, некаторая асцярожлівасць адпала, як прыгаркі ад пасудзіны. Ён не пытаў сябе, чаму гэта так сталася з ім, але быў упэўнены, што зараз з гэтым не годзіцца яго людская вартасць. Гэта адкідала вострасць клапатлівасці і пра сямейнае жыццё. Рыгор вызначыў яму маленькі ўтульны куток у сваім нутры, без якога, наогул, нельга абысціся жывой істоце, і тым здавольваўся.
Гэта незаўважная клапатлівасць упіралася галоўным чынам у Лібу.
За кароткі час сумеснага жыцця яна паспела з ім зблізіцца, сысціся, як Рыгор таго не чакаў. Ранейшыя ўспыхі пачуцця, падобныя да выбуху маланкі, разгарэліся цягучым, незгасаючым полымем. Было б цяжкай аперацыяй, каб хто падумаў разлучыць іх.
Сам Рыгор баяўся думкі пра гэта, як не баяўся іншага нічога ў сваім прыватным жыцці. Ліба знаходзіла словы, ласку, міну і ўзрок, якімі суцяшала яго ў хвіліны выпадковай жальбы... Яна дубальтавала яго надзеі, гартавала жаданні, дзень ада дня вытоптвала пабочную сцяжынку ў сумесных намерах.
І цікава — Ліба дамагалася ехаць, а разам з тым яна болей усяго трымала яго ў Мінску.
Толькі з-за Лібы Рыгор не пакідаў думкі папрасіць Стукалку, ці не дапаможа ён, хоць праз начальніка ўпраўлення, перавесці яго ў адпаведную мілітарызаваную ўстанову ў Пецярбурзе.
Дзевятага сакавіка Рыгор увайшоў у канцылярыю ўпраўлення з намерам адразу падысці да Прахора Хведаравіча і выказаць яму сваю просьбу.
Стукалка якраз быў заняты. Каля яго стаяла некалькі асоб, з якімі ён заўзята гартаў свежаатрыманыя газеты
Рыгор не хацеў пры іншых гаварыць з ім пра свае інтарэсы. Ён прысеў за свой стол і ўзяўся лістаць вынятыя з шуфляды справы. І толькі яго ўвага зацягнулася ў змест першага адносніка, як яго паклікалі. Рыгор падняў голаў і ўгледзеў, што яго заве Стукалка.
Калі ён апынуўся каля ўпраўляючага справамі, акаляўшыя таго асобы, сярод якіх апынуўся і кіраўнік работ, Яўген Віктаравіч Проваў, паказалі Рыгору змешчаную ў газетах справаздачу пра скандальнае пасяджэнне Думы.
— Чытайце, Рыгор Міхасевіч, і кажэце сваю думку,— запрапанаваў Стукалка.
Усе настаражыліся і прыціхлі, сочачы за Рыгорам, які прабягаў вачыма свежы друк ранішняе «Біржоўкі». Калі ж ён з успыхнутай вясёласцю адвярнуўся ад газеты, яго сустрэла злітнае, ва ўпор праказанае:
— Нну-у?!
Чаканне Рыгоравага водгуку на думскія падзеі незварухна-заварожана трымала заінтрыгаваных чыноўнікаў.
— До-о-бра! — каротка ды ўверана адказаў Рыгор.
— Так, пара,— паўшэптам дадаў Стукалка.
— Зазналіся, падляцы! — паглядзеўшы на інжынера, няўверана праказаў незнаёмы Рыгору чалавек.
— Гэта, разумееце, гавораць не члены Думы, фактычныя сябры падляцоў; гэта іх вуснамі гаворыць жах перад уздымам рабочае помсты,— з тым жа задзёрам уверыў сагутарнікаў Рыгор.
Яго сказ прымусіў Стукалку з іранічнай ухмылкай пераглянуцца з Провавым. Апошні, відаць, заінтрыгаваўся гутаркаю, але не звярнуў належнае ўвагі на сэнс Рыгоравага сказа.
— Гэтага мала! — стукнуў ён кулаком па стале, заставіўшы Стукалку і двух другіх палахліва паціснуць плячыма, а канцылярыстаў — праверыць вачыма.— Справу трэба выносіць на вуліцу! Не зважаюць грамадскае думкі, няхай адчуваюць грамадскага кулака. Досыць гандляваць Расіяй ды глуміцца з яе народу. Грамадскасць здолее вярней давесці вайну да перамогі, чымсь Сухамлінавы з царскасельскай прадажнай клікай...
Але Рыгор перабіў яго; увайшоўшы ў азарт, ён перастаў лічыцца з акольнымі абставінамі. І калі сполах нагнаў раптоўную цішыню, ён уголас праказаў:
— Так, вайна кончыцца на вуліцах сталіцы. Але яе кончаць не палахлівыя крыкуны з Таўрыцкіх палацаў, а рабочыя грамады ўжо разварушаных класавым гневам фабрык і заводаў...
Толькі тады ён скеміў, якую ўзяў на сябе рызыку, калі Стукалкава рука нервова тузанула яго за крысо.
Абарваўшы сказ, Рыгор заўважыў лёгкае хваляванне службоўцаў, якія то закашлівалі, то застуквалі крэсламі начальніцкую збянтэжанасць.
— Няхай вас зусім... які вы неасцярожлівы! — папракнуў Рыгора Стукалка.
Рыгор уголас засмяяўся.
Двое чыноўнікаў паспяшылі схавацца ў адчыненую фортку дзвярэй кабінета начальніка ўпраўлення работамі. Стукалка прыказна матнуў перад Рыгорам міжвольна складзеным кулаком, а кіраўнік работ атрада затуліўся газетаю.
— Хаця б не пачуў ніхто,— паглядзеўшы з-пад ілба на пайшоўшых, западозрыў Стукалка.
— Прахор Хведаравіч перапалохаўся,— бадзёрыўся Проваў, выглядваючы з-пад газеты.
І ён паўшэптам павёў апавяданне Рыгору пра забойства Броснем Рудольфа Шульца. Проваў знайшоў патрэбным пахваліцца Рыгору сваім спачуваннем забітаму ды варожасцю да забойцы.
— ...Каб гэта захапіў на гарачым учынку — не бяруся за сябе... Ну ж вам ведама, Рыгор Міхасевіч, што цяпер немец палонны спагады не знойдзе... Станавы, прахвост, ухмыляўся, калі я стукаў кулаком, патрабуючы заслужанай кары разбойніку... Ды што ж ты зробіш... Даў выгляд, што паварочвае справу да сур’ёзнага, а далей... ці ж можна ручыць, што Бросня не гуляе зараз яшчэ з падзякаю за стараннасць?.. Падляцы...
Проваў кулак нечакана для яго самога прайшоў шрацінавым стукам перад носам Стукалкі. Той нервова адарваўся ад чытанага рапарта і працягнуў трасучую руку ў бок Яўгена Віктаравіча.
— Супакойся, Хведаравіч! Зямля стаіць нерухомай.
Абодва засмяяліся.
— А я скажу праўду — шкадую Рудольфа. Хоць немец і мо сам нёс крыху віны за пачатак вайны, усё ж у ім таілася знянавісць да яе... І розумам — некалькі раз спрабаваў гутарыць з ім — Кант... Вострая, як нож, думка, багатыя, дзіўныя планы... Самому ж Бросні, гаду, не раз даваў практычныя рады... Ну ж той, плюгавец, здатнейшы выявіўся да пярэймы чарнасотніцкага цкавання, ніж да патрэбных яго тупаватай галаве ведаў. Вечны пакой дарэмнай ахвяры... Няхай яна будзе залічана ў скарбніцу агульнае адплаты...
— Вас просяць у кабінет...— перабіў Провава нячутна падышоўшы да іх стройны малады чалавек.
Яўген Віктаравіч юрка ўсхапіўся з месца, паправіў мундзірчык, кашлянуў і, нічога не сказаўшы ні Стукалку, ні Рыгору, пайшоў да дзвярэй у кабінет начальніка ўпраўлення работамі.
Рыгор пачакаў, пакуль Стукалка перагледзіць паперу, і, папрасіўшы прабачэння, пераказаў яму сваю просьбу. Стукалка, напэўна, не знайшоў яе ні нечаканай, ні нязбыўнай, бо зусім спакойна выслухаў Рыгора і яшчэ спакайней паабяцаў:
— Гэта, бадай, можна будзе ўладзіць ды не дрэнна для вас.
— Ідзе! — уверыў ён Рыгора, калі той падзякаваў за абяцанку.
У Рыгора не было падстаў не паверыць свайму бліжэйшаму прынцыпалу, як чалавеку ў гэтым чэснаму, і ён адышоў ад свайго стала з завіхрыўшымі ў галаве планамі. Выйсце са становішча наглядалася як найлепшае, абы толькі наперадзе што-кольвечы старонняе не сарвала добрых намераў Стукалкі.
Прынамсі, у даны момант нівошта не намякала на гэта...
Непрагледжаныя паперы з вынятай справы папоўніліся новымі. Яны ўбіралі Рыгораў стол засуцэленым белым абрусам.
Калі ён сеў за ім, то з двух канцоў пацягнуліся да папяровага абруса папэцканыя сіняю фарбаю рэгістратаршыны рукі...