SommaireСокі цаліны
Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ · 5 min de lecture

ІІІ

— Рыгор Міхасевіч?

Асцярожлівы і ў той жа час увераны жаночы голас адцягнуў Рыгора ад папер.

Ён паглядзеў перад сабою і замёр у здзіўленні...

Пры стале стаяла Наталя.

— Наталя?!

Поўны, прыстараны твар, лёгкае рабаценне каля носа і на носе, спакойліва-анемічны ўзрок і таго ж настрою ўстаноўка нараджалі сумненне.

— Няўжо Наталя?!

Рыгор хутчэй падаў ёй крэсла і яшчэ раз упэўніўся:

— Наталя?!

Далёка не ранейшая ўхмылка, як выплаўленая з агню, манлівая і прыцяглая, зараз спакойная і ціхая, засведчыла Рыгораву здагадку.

— Папрашу садзіцца... А я ўжо думаў...

Трэба было папракаць сябе за тую хвілёвую разгубленасць, якая выразна адбівалася на няскладнасці гутаркі.

Наталя пераняла Рыгораву думку нечаканаю трапнасцю:

— Ты ж мог мой адрас мець?

— Не толькі мог, але і хацеў...

— І што ж таму перашкодзіла?

— Магчыма, што тое, чаму і ты...

— Добра... Не будзем чапаць мінулага. Кажы, як жывеш?

— Іначай, ніж тады, калі мы рассталіся.

— Трэба верыць...

Кароткая паўза дала Наталі магчымасць запытаць Рыгора:

— Жаніўся?

— Не таюся... Запрашаю да сябе...

Рыгор адарваў кавалачак чыстае паперы і хутка падаў яго Наталі.

— Мой адрас. Не прыйдзеш — жонка мяне заклюе. Я ёй многа гаварыў пра цябе.

— Нават да таго прыйшло? Дазволь табе не паверыць... Ну, што ж... Жыццё, разумееш, плыве, дарогі крыжуюцца...

— Крыжуюцца, а больш блытаюцца... Ці даўно тапталі нагамі прыбраныя вуліцы Рыгі, а гэта... Сапраўды ты замужам?

Яго ўпераны ўзрок на Наталю прыліп да яе пахарашэўшага ў апошнюю хвіліну твару. Калі ён апаў на стол, то якраз трапіў на выпаўшую з адчыненага рыдыкюля рудую фатаграфію, дзе задком уверх ляжала рэзвае малое.

— Дазволь павіншаваць! Ты ўсё ж спрытнейшая ад мяне.

Перад Рыгоравым носам мігнуўся Наталін рыдыкюль.

— Ты нізвання не змяніўся, Рыгор.

Наталя суцешна паглядала на яго праз стол і задаволена ўхмылялася.

— А ўмовы вымагалі многага,— адказаў Рыгор.

— Чаму?

— Як табе сказаць! Давялося шмат чаго перажыць... Матку страціў. Шэраг блізкіх людзей... у тым ліку... цябе...

— Смяешся?..

— З чаго б смяяўся, але не з гэтага.

Сур’ёзная міна пакрыла Наталін твар. Стромкі ўзрок яе адарваўся ад Рыгора і прабег праз канцылярыю, як сонечны зайчык.

— А я не сказала б, каб ты быў у мяне згубленым...

Апошняе слова замерла ў ціхім шэпце. Але Рыгор яго пачуў, і яго нутро адгукнулася едкім уколам яскравых успамінаў.

Каб не збіцца на сантыменты, ён перамяніў гутарку, праказаўшы да Наталі:

— Абяцаеш быць у нас вечарам?

— Білет страчу.

— Можна адтэрмінаваць... Хочаш, я сам гэта зраблю.

— Навошта, часу ў мяне хапае... Ага!..

Наталя спрытна зазірнула ў рыдыкюль і дастала з яго ліст:

— Выбачай, Рыгор. Гэта ён мяне прывёў сюды. На!

— Гэты ліст — ён?!

Яго ўзрок прабег па шэрым квадраціку паперы.

«Ад каго б?»

— Мяне вельмі прасілі перадаць табе яго, і я мусіла...

— Я не магу дагадацца, хто мне яго перасылае... Адну хвіліну...

Рыгор дастаў з канверта ліст і ёмка перавярнуў яго на апошнюю старонку.

— Дзе ты з ім стрэлася?

— Зусім выпадкова, у адной рабочай сям’і. Ён мне дужа спадабаўся. Не была знаёма, а ўвечар сышліся, мэрам бы гадамі ведаю яго. І чаму ж было адказаць яго просьбе!.. Скардзіўся, што некалькі лістоў напісаў, а ты маўчыш...

— ?!

— Так, так, Анікей Кузін не схлусіць. Я яму веру...

— Павер, што не атрымаў аніводнага ліста...

— А каб першым напісаў яму, страціў бы гонар, думаеш?

— У нашых з ім адносінах няма гэтага разумення...

— Выбачайце!..

Стукалка адважыў далікатны ўклон у бок Наталі.

Тая адвярнулася на канцылярыю, каб не перашкодзіць.

— Я думаю, Рыгор Міхасевіч, можна будзе гэта аформіць у выглядзе камандзіроўкі. Вы прабудзеце там месяц і, думаю, што за гэты час або самі падшукаеце, або я выдумаю што... Гэта тады, калі вам патрэбна хутчэй. А калі б вы пачакалі, тады...

— Дзякую, Прахор Хведаравіч. Дазвольце ўжо водлуг абставін выкарыстаць вашу ласку...

— Што-а вы-і, што-а-а вы-ы! Не за службу, а за дружбу... думайце, а калі ласка...

Стукалка тым жа ціхім і роўным крокам, якім падышоў да Рыгора, вярнуўся да свайго стала.

— Міруся, Наталя, варочацца ў Пецярбург... Няма, ведаеш, мне тут разгарнення. Мінск — гэта вайсковы лагер, прасякнуты жахамі вайны. Генеральскі абсац прыдушыў у ім усё жывое... Апроч звону шпор ды стуку конскіх капытоў — нічога...

— Так, спачуваю тваёй думцы... Анікей нават прасіў мяне, каб я цябе ўгаварыла пераехаць. Там ты патрэбны зараз. Разгортваецца вялікая справа... Заводы заварушыліся... Заблішчалі чырвоныя зарніцы... Пуцілаўскі перажыў ужо дзве забастоўкі. Трэба ехаць... І я паеду... Бывай!

— А да мяне?

— Не магу, Рыгор!

— Крыўдзіш, Наталя!

— Мы абое пакрыўджаны.

— Я не хачу верыць, каб ты была здатна да капрызаў.

— Не гэта... Бывай!

Рыгор падышоў да Наталі і ўзяў яе за руку. Накіраваны ў яе твар Рыгораў узрок апальваў яе вочы — яны панікалі. Тая раўнавага Наталі, з якою яна прыйшла да Рыгора, змянілася балючай нервовасцю.

— Я спазнюся на цягнік.

Наталя павярнула да дзвярэй. Рыгор апранаў шынель, калі яна стукнула дзвярыма.

— Я цябе, Наталя, не разумею, аднак,— з лёгкім упікам праказаў ён, нагнаўшы Наталю на вуліцы.

— Паверыш, не магу заставацца на заўтра. Мне абавязкова трэба заўтра да вечара быць у Харкаве.

— Я адчуваю, нібы са мною гаворыць другая Наталя.

— Магчыма... Але і Рыгор таксама мала падобны да таго, якога я ведала...

— Ты мыляешся...

— Магчыма... Ну, і ты няверна судзіш...

Праз адрыўныя, сухаватыя пераказы іх гутарка паступова сышла да нічым нявытлумачаных спрэчак.

Каля вакзала, куды Рыгор правёў Наталю, у яе не хапіла цярпення і на гэта. Яна маўчала, ні моргам вока не рэагуючы на рэдкія, зноў павернутыя на таварыскі цёплы тон Рыгоравы сказы.

Рыгору заставалася зволіць Наталю ад свае надазойлівасці, і ён працёг ёй сваю руку, папярэдне прылажыўшы да казырка.

Наталя нехаця развіталася з ім і ўскорыла хаду па ўступах усходаў.

— Напішы з Харкава, чакацьму! — гукнуў Рыгор і, не дачакаўшыся адказу, павярнуў назад.

Адышоўшыся на некалькі сажняў, яму зарупіла яшчэ раз аглядзецца на вакзал.

Наталя стаяла на ўсходах і глядзела ўслед яму. Рыгор памахаў ёй шапкай і пайшоў ужо не на службу, а ў сталовую.

Паводзіны Наталі пакінулі ў яго нутры непрыемны адбітак. Мэрам бы нешта запала ў сэрца і не было жаднае рады яго адтуль выціснуць. Брала здзіўленне — што сталася з чалавекам, якога ён добра ведаў з інакшага зусім боку. Няўжо ў Наталі над таварыскім пачуццём узялі верх пачуцці жаночыя. Ці яны ў той жа меры, у якой зараз выявіліся Рыгору, валодалі ёю і раней, але былі ўдала замаскіраваны паказной рэвалюцыйнасцю? А мо падобная змена істотна для кожнай жанчыны, тады?..

— Вы ўжо заказалі?

Перад Рыгорам стаяла Сіманава жонка. Рыгор прыўстаў і прывітаўся з ёю. Прывітаўся і заўважыў Злацін сумны настрой.

— Прынясеце па сваім выбары.

— Давяраеце?

Натужная ўхмылка не пасавала да невыразнага ўзроку вачэй.

Рыгор паглядзеў услед, калі Злата пайшла да кухні, і пачаў чытаць ліст ад Анікея. За чытаннем ён не заўважыў, як Злата апынулася зноў каля яго.

— Ешце, каб не астыла.

— Дзякую... Што чуваць? Нешта Сімана сягоння не відаць...

Злата недаверна аглядзелася па харчоўні і цішком паведаміла:

— Сіман учора арыштаваны.

— Што вы кажаце?!

— Са сходкі ўзялі,— яшчэ таемней выказала Злата.

Праз нейкі час, падаўшы Рыгору другое, яна пужліва паскардзілася.

— Было добра, а цяпер стала яшчэ лепш...

Рыгор нехаця даеў абед. Вестка пра Сімана адняла апетыт. Ды не толькі гэта. Злата перабіла яго бадзёры настрой, які пачаў складацца пры чытанні Анікеевага ліста.

— Яшчэ не лепш! — падаў ён.

Злата не чула яго слоў: яна ўжо стаяла каля другога наведвача, які бессаромна рабіў ёй вымову за нядбайнасць да яго.

— Няйначай, як хто знарок рашыў вымучыць маё нутро дарэшты...

Недачытаны ліст Рыгор вярнуў у кішэню і спешнай хадою выйшаў з харчоўні.

Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ · 4 min de lecture

IV

Шолам і сумятня Захараўскае адцягнулі Рыгоравы думкі на сябе. Гарадское жыццё цякло сваім парадкам, чужое настрою паасобных адзінак.

Аднак яно цікавіла Рыгора. Кожны дзень уносіў нешта сваё, новае, а часта і нечаканае. Сённяшні дзень асабліва выдаваўся з гэтага боку.

Здарэнні, што адыграліся ў дзяржаўнай Думе, разварушвалі затоеныя ў грамадзе думкі і настроі. Праглівыя ўзрокі павярнуліся на гэту куртатую, шэрую і малапрыметную ўстанову. Націск разняволеных ад часовага зацішша рабочых гушчаў дакочваўся да сцен Таўрыцкіх палацаў. Не рэагаваць на гэта маглі выключна тыя, хто не ўлічаў небяспекі стаць ахвяраю свае смяротнае панікласці.

Уздым рэвалюцыйных настрояў разіў больш чулых і далёкаглядных, хоць яны па сутнасці складалі бадай адно суцэльнае ў складзе наўздзіў своеасаблівых «народных прадстаўнікоў».

Адбітак гэтых вестак Рыгор выглядаў на тварах соцень людзей.

Ранішняя гутарка ў канцылярыі ўпраўлення служыла ўзорам гэтаму. Што азначае захапленне апазіцыйнымі думкамі гэткіх людзей, як, прыкладам, Стукалка?

«Калі ўжо дайшло да падобных з’яў — не збыцца марам радзімных патрыётаў. Яны жорстка пралічыліся на вайне. Не пасобяць ім ні перамогі хаўруснікаў, ні гэтак жданае выступленне Амерыкі. Працоўныя гушчы ўсё болей ды яскравей выглядаюць у вайне няшчасце.

Пара!..»

Гутарка з Наталяю адышла ў затулыя куткі Рыгоравага нутра. Прытупілася нядаўняе ўражанне і ад Сіманавага арышту...

Наперад выпіралі пытанні, што іх кранаў Анікееў ліст.

Рыгор адчуваў сябе, як той, хто ўсплываў на чаўне на самы хіб успененых хваль. Гэтыя хвалі бурлівымі, пеністымі сувоямі ўпарта каціліся напрамкам да раскалыханае сталіцы.

Мінаючы струмень пешаходаў, дзесяткі рамізнікаў, што накіроўвалі Захараўскую ў бок вакзала, ён не мог адарваць узроку, не правёўшы кожнага з іх...

На кватэру Рыгор прыйшоў з акрэсленым рашэннем пакінуць Мінск як можна хутчэй.

Рыгор аглядаў набытую маёмасць, мяркуючы, як будзе з ёю рабіць. Нельга сказаць, каб стол ці шафа суцяшалі яго ўласніцкае пачуццё. Дзе там! Рыгор упікнуў сябе, чаму не здагадаўся іншым чынам, пазычкаю ці пракатам, абсталёўваць свой часовы пакой...

Нарэшце... або варта займаць гэтым сваю ўвагу?..

Яго думкі перанесліся на недачытаны Анікееў ліст.

Дык вунь яно што!..

Калі на яго з’яднаным фронтам наступалі жыццёвыя адмоўнасці, то і дадатныя прыгоды не засталіся ў завінаватасці.

Анікей настойна ўгаварваў Рыгора перабірацца ў Пецярбург. Ён абяцаў яму — з вакзала проста на працу. У завод, а калі толькі не падабаецца, «адвык ад чорнае працы», у кантору ці ў банк. Адно б не заставаўся ў Мінску...

— Ха-ха-ха! Адвык ад чорнае працы! Цудны, аднак, гэты Анікей!..

Вобраз таварыша мігнуў у праменнях спушчанага над дахам сонца...

Але яго змяніла Ліба:

— Ты ўжо дома?

Лібін настрой гарманаваў з вясновым днём, якім быў гэты, сённяшні.

Ён быў блізкім і Рыгору, і Ліба сама бачыла гэта.

— Хоць раз ды я перамагла! — пахвалілася яна, падбегшы да Рыгора і ўзяўшы яго за руку.

Чырвоны крыж на грудзях затуліў Рыгораў узрок.

— Я адчуваю, што ты прынесла добрыя навіны.

— Няўжо? Мой твар выдае гэта?

— А як па-твойму?

— Бадай што... Ды навошта мне хаваць ад цябе...

— Што?

— Тое, якое дае мне магчымасць перавясціся ў Пецярбург. Сёння ардзінатар нашага лазарэта запрапанаваў нам перабрацца да яго ў Пецярбург. Ён пераводзіцца туды на службу... І я дала згоду першай... Добра зрабіла?

— Першай? Добра.

— А мо табе не падабаецца?

— Што ты, Ліба, кінь... Я вельмі задаволены гэтым, бо і самому ёсць падобная прапазіцыя...

— Ад каго? Скажы!

Рыгор падаў Лібе Анікееў ліст.

Яна прагна накінулася на яго і прачытала ад слова да слова.

— Анікей Кузін? Гэта той, што ты мяне з ім каля завода пазнаёміў?

— Так... Добры таварыш... Каб і хацеў не любіць — нельга... І зацяты барацьбіт...

Ліба праверыла яго словы па характары ліста.

— Мне падабаецца, Рыгор, гэты твой таварыш...

— Толькі гэта і падабаецца?

— Кінь, Рыгор... Табе пара мяне выведаць, як мае быць. Ты любіш жартаваць, а мне здаецца...

Мужняя шчырая ласка папярэдзіла кабеціну гняўлівасць.

— Калі б ты мог прыгатавацца да ад’езду?..

Рыгор падумаў.

Яго ўзрок накіраваў да пачырванелага захаду, а думкі — у наступнае.

«Калі б ён мог прыгатавацца да ад’езду?»

Ужо гэта пытанне не ўпіралася амаль што ў жадныя перашкоды. Тым не меней ён не мог вызначыць тэрміну для падобнага кроку.

— Я не думаю, каб нам прыйшлося доўга збірацца,— адказаў Рыгор.

— Мне так хацелася быць у Пецярбурзе да Першага мая,— выказала свае пажаданні Ліба.

— Мне думаецца, што гэта магчыма...

Далей гутарка незаўважна для абаіх перайшла на іншыя тэмы.

Рыгор не забыў перадаць Лібе пра спатканне з Наталяю, пра гутарку ў упраўленні кіраўніцтва. На нейкі час ён яшчэ раз спыніўся на забойстве Рудольфа.

Усе закранутыя ім пытанні развязваліся пад кутом погляду блізкага перасялення ў Пецярбург.

Апошні выразна ўплываў пагодлівасцю на іх адносіны. Знайшлі сабе месца ў гэтай іх гутарцы і некаторыя сямейныя пытанні. І Рыгор і Ліба выявілі перад сабою тое, што з часам мусіла легчы над іхнім жыццём больш ачулаю павіннасцю. У які бок накіруецца развіццё гэтага, пакуль ніводзін з іх не думаў. Аднак уваход прыватных жаданняў у акрэсленыя рамкі адцягваў на сябе ўвагу абаіх.

Па-за сценамі пакоя блукалі пашарэлыя ўздымы ранейшых падзей, але абрысы іх туманіліся, як малочнасць аконнага шкла...