SommaireСокі цаліны
Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ · 3 min de lecture

V

Калі над супрацьлежным будынкам стухалі апошнія водбліскі захаду, а ў пакоі гусціўся апойны вясновы змрок,— Ліба запрапанавала Рыгору выйсці ў горад.

Чыстае неба спакойнага надвор’я прыносіла ў пакой ажыўлены, узняты шолам вулічнага жыцця.

Наперакор раскалыханаму шалу смерці, якая жахлівым поступам мерала земляныя абшары,— задзёрыстай, пружыністай рабілася сіла нараджэння новага. Разам з расставаннем снегу, побач з набуханнем пупінкаў на дрэвах паўставала бадзёрасць, уздыблялася да сонца цяга маладых пакаленняў. Падобна гоману раз’юшанай паводкі — гудзела песня свежае, пявучае гамонкі ўсцяж роўных стужак вуліц.

— Пойдзем!

Яны паспешна збіраліся выходзіць з пакоя, але ў гэты час паднімаўся ўжо да іх ганкам Сёмка.

Ён дапытаўся, дзе жыве Рыгор, і з параю важкіх клункаў, за дзве гадзіны да адходу цягніка, рашыў яго наведаць.

«Рыгор, напэўна, не чакае — ну, што ж»... І мазольныя, не адмыўныя ад зямлі пальцы тузнулі званок.

Мэрам бы ўдваіх пазвалі яго ўваходзіць.

«Удваіх?»

— Добры вечар!

Абапал стаялі Рыгор і яшчэ нейкая асоба.

«Углядаецца?»

Абеглы ўзрок нічога не казаў Сёмку, аднак у Лібе нешта знаёмае.

— Вы збіраліся выходзіць?

Сёмкаў прыход быў болей як нечаканым. Рыгору нельга было варочаць таварыша з пакоя, і ён тут жа распрануўся.

— Мая жонка! Напэўна, бачыў калі?

Суровая міна Лібінага твару выказвала нібыта нездаволенне яго прыходам.

Сёмка выбачыў:

— Каб я ведаў, што перашкоджу, я не заходзіў бы...

— Што вы, калі ласка!

Ліба вярнулася да гаспадыньскіх абавязкаў.

Увіхаючыся каля стала, яна не забывала аглядацца на Сёмку.

Ад госця нясло дзёгцем ды потам. Лахматы твар не гарманаваў з мяккім тонам гутаркі. А шэрыя вочы таілі ў сваіх узроках бяздонне жалю.

Між тым Сёмка выціскаў аднекуль крохкія ўсплёскі смеху і выдаваў сябе моцным у няроўным змаганні з мулкім няшчасцем.

— Ты гэта як да мяне трапіў?

— Яўген Віктаравіч «злітаваўся» і паслаў у камандзіроўку за жалезнякамі.

— Закупіў жа хаця?

— Паўсотні. Дзе ты што зараз знойдзеш... А ў атрадзе — бяда... Мы, бач, пераехалі за дваццаць вёрст ад Ступак, да Вішнеўскай, і грунт, я табе кажу,— жалеза. Хоць ты ломам гваздай — жалезнякі, як гумалястыкі, гнуцца... Дзень працы, а знаку — як кот наплакаў... Казна, бачыш, і мэта, няхай яе пярун спаліць, усё ж трэба...

— Ха-ха-ха! Я бачу, што табою заваладала гаспадарскае пачуццё...

— Старшы, ведаеш.

— Ты ўжо старшы?

— Дзякуючы табе, Рыгор... Наогул, ведаеш, ты мне зрабіў столькі дабра... Каб ды не адно, можа б, сяк-так...

— У чым жа гэта адно?

— Волька падвяла... Кабета дажывае апошнія дні...

— Я цябе не разумею! У чым справа? Яна мяне праводзіла здаровай ды вясёлай.

— Вось тое і то, а раптам хапілі лёгкія, горла... Ды што казаць!..

Сёмка безнадзейна матнуў рукою.

— Каб не дзеці, а то — прапашчы чалавек. Што я з імі чыніцьму?.. Дрэнь справа. Маці была б дужэйшай, а то і старая адной нагою ў магіле...

— Яна ляжыць у вас? — пацікавілася Ліба не без спагады ў голасе.

— Лежма...

Ён паглядзеў у акно, за якім бліснула святло ліхтара.

— Выбачце... Неяк выходзіць, мэрам бы я прыехаў са скаргаю... А, між тым, мне хацелася іншага...

— Кінь!

— Так, так... па-першае, я хацеў прасіць цябе, калі ў мяне працягнецца нейкі час без дрэнных прыгод,— заві мяне да сябе... Паверыш — захацелася ў горад. Зямля, вёска — мяне падвялі. З ахвотаю пажыў бы нейкі час у горадзе... Хочацца аднавіць мінулую чыннасць... Смяешся? І мне смешна, тым не менш. Абяцаеш?

— Я еду ў Пецярбург!

— Ізноў?

— Ізноў!

Сёмка ўздыхнуў і ўперыўся ўзрокам у Рыгора.

— Туды б — ды ці давядзецца!..

— Не руч.

— Наўрад... А хоць бы сволач тую напаткаў, Бросню гэтага... Казалі, нібы ён апынуўся ўжо ў Пецярбургу...

Успамін пра гісторыю з Рудольфам Шульцам перамяніў настрой абодвух. Рыгор задумаўся і няўважна выслухаў пераказ Сёмкі аб адыгранай у атрадзе трагедыі. Забойства Рудольфа ўздымала ў Рыгора цяжкае пачуццё абурэння і мучыла безадплатнасцю забойцы.

— У Пецярбурзе пашукаем...

— Заві мяне — дваім будзе лягчэй знайсці.

Таварыскае завярэнне, што даў яго Рыгор Сёмку, выклікала паўтор нядаўна прапяянага Сёмкам матыву.

Пад гэты напеў Сёмкавы ногі лёгка пераступалі парог з Рыгоравага пакоя.

— Кланяйцеся Вольцы і не пакідайце лячыць. Яна павінна жыць і для вас і для дзяцей!

Падзякаю Лібе была лагодная ўхмылка Сёмкі, кінутая ім з-за дзвярэй у пакой, дзе на срэбным святле выдзяляліся цёмныя сілуэты Рыгора з Лібаю.

Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ · 6 min de lecture

VI

Ламавая падвода чакала апошняга куфэрка. Падводу сцерагла Ліба, а Памыйка пабег за рамізнікам. Бадай адначасова высунулася з-за рога вуліцы конская галава, а з дзвярэй дома — спіна ламавіка.

Прайшло зусім нямнога часу, пакуль Ліба з Памыйкам паперадзе, а Рыгор з ламавіком пазадзе кранулі да вакзала.

Цёплы адвячорак кішэў натоўпам людзей. Як знарок, дзесьці ў баку Ляхаўкі грымеў вайсковы аркестр. Зусім незалежна ад гэтага ў рагавым доме трумкаў раяль мефістофельскую серэнаду.

На завароце конь чуць не наскочыў на кучку дзяцей, якія зацягла гулялі ў вайну. Пачуўся палахлівы дзіцячы енк, а следам старая яўрэйка з крамы пасылала да рамізніка гучныя праклёны.

Звязаная рукамі, як ланцугом, маладая пара перагарадзіла тратуар, заліваючыся рогатам.

Пажылы чыноўнік зрабіў заўвагу, але абышоў пару брукам.

На скрыжаванні Захараўскай з Багадзельнаю бліснуў ліхтар над пад’ездам гатэля «Гарні». Толькі што пад’ехаўшы аўтамабіль лапатаў утому.

Хіхікала наўздзіў вострым голасам жанчына, якую афіцэр прапускаў наперад сябе ў гатэль. На адгоне сажня ад гэтай сцэны газетчык выгукваў навіны з фронту, з Нямеччыны, з Амерыкі.

— Іх не відаць,— азірнулася Ліба.

— Яны паехалі іншай дарогай.

— Хаця б не спазніцца здаць багаж. Казала ж Рыгору выбірацца раней, дык ласне яго ўгаворыш!

Памыйка суцешыў Лібу.

— У вашым распараджэнні болей гадзіны.

— На вакзале так цесна... Дык вы кажаце, што хутка будзеце ў Пецярбурзе?

— Мяркую.

— Заязджайце, прашу вас... Вы, наогул, якісьці стаў нялюдны. Столькі пражылі ў Мінску, а не ведаю, ці былі ў нас тры разы.

— Заняты, Ліба Шлёмаўна... Ды і вы таксама... Любіце ўпікаць, а прыйдзі — ласне заспееш вас?

— Рыгор заўсёды дома... Ды я ў апошні час...

— Затое ў мяне якраз па вушы работы... Паверце, ледзьве вырваўся і зараз...

— Яшчэ б, каб не правясці нават.

— Вось то-та ж... Кінуў, бачыце, а правясці...

— Сто-ай! — перабіў іх гучны вокліч гарадавіка.

Рамізнік крута абарваў язду.

Прывакзальным пляцам ад усходаў вакзала ішла рота салдат.

Тоўсты, мурлаты фельдфебель напружаным узрокам адмерваў ровень бакавога шэрага.

— Аць-два! Ле-авай, ле-а-ва-ай! Ннапра-ва!

З яго басістага голасу раптам выплыў тонкі, салаўіны голас запявалы.

Рамізнік рушыў да пад’езду пад стройны выбух харавога салдацкага спеву.

— Надаела да ачамеры!

Памыйка хапіў Лібу за руку.

— Не нервуйцеся.

— Навошта гэты фальш! Няўжо яны думаюць, што ім удасца абмануць салдат вымушанымі песнямі.

— Бачыце...

— Проша!

Рамізнік паваротам галавы даў знаць, што прыехалі.

Памыйка памог Лібе злезці, і яны прайшлі ў бітком набіты вакзал.

— Рыгор замучыцца, здаючы багаж,— занепакоілася Ліба.— Пачакайце яго, Павал, а я пайду да касы.

Яе непакой быў лішнім. Не мінула і дваццаці хвілін, як Рыгор з Памыйкам замянілі яе ў чарзе за білетамі.

І на перон яны выйшлі амаль не першымі.

— Дзякую вам, Павал, што вы пасобілі нам з ад’ездам... Чакаю вас у Пецярбурзе,— праказала Ліба, толькі цягнік спыніўся пры вакзале.

— І вы едзеце? — пераняў яе танклявы, з худым аголеным тварам вайсковы.

Ліба адвярнулася ад Памыйкі і ў гэты ж момант згубіла яго ў хлынуўшым натоўпе пасажыраў.

Ужо стоячы пры акне вагона, яна заўважыла мігнуўшы ківок Паўлавай рукі, але сказаць нічога не магла.

Сігнал да адходу пераняў яе намер гукнуць развітанне.

І гэта акалічнасць замуліла ў Лібіным нутры. Яна вылаялася пра сябе на знаёмага вайскоўца, які адцягнуў яе ад Памыйкі, і паскардзілася Рыгору.

— Хутка справу паправім! — Павал скора маецца быць у Пецярбурзе,— разуважыў той.

Але Ліба ўляглася спаць нездаволенай.

Яшчэ нават назаўтра яна ўспомніла гэта.

І толькі тады, калі за вокнамі вагона задыміліся пецярбургскія фабрыкі, учарашняе было забыта.

Яскравы дзень квітучага мая глушыў надзённае пачуццё, акрыляючы Лібіны надзеі. Выглядала парадоксам, калі прысталічная зелень казытала яе цягу да прыроды.

Польныя прасторы Міншчыны, якіх не магло абмерыць вока, зазелянелі без Лібінай увагі, а вузкая палоса прыгародных купястых лугоў цягнула яе да сябе.

Рыгор паказаў Лібе на гэту дзіўную раздвойнасць, аднак яна не пакідала быць складаным яе ўзбуджаных адчуванняў.

Захопленая гэтымі адчуваннямі, Ліба вярнулася да сапраўднасці, калі яны выйшлі з вагона пад шкляны насоў вакзала.

— Ты праходзь у залу, а я пайду за багажом.

Ліба хацела пярэчыць Рыгору, але яе пераняло расцяжнае:

— А-а-а! На-рэшце-э!

— З-за чыгуннае кованае падпоры глядзеў на іх развяселены Анікей Кузін. Каля яго стаяла яшчэ двое чалавек, якіх Рыгор не ведаў.

Усе ўтрох яны кінуліся да Рыгора з Лібай і павыцягалі з іх рук клункі. Аднеквацца не было як, бо Анікей з таварышамі порстка пашыліся ў вакзал першымі.

— Ты, брат, кампенсаваў нас! — казаў Анікей, знаёмячы сваіх таварышаў з Рыгорам ды з Лібай.— А то не хацелася вяртацца дамоў...

Сэнс Анікеевага сказа быў цёмным для Рыгора.

Ён здзіўлена паглядзеў таварышу ў вочы.

— Так, так... Не смяюся... Мы правялі Якава Гіса, а сустрэлі цябе. Натура пустаты не церпіць... Ха-ха-ха! Не праўда, мо?

Адзін з новых знаёмых весела ўсміхнуўся.

— Куды ж Якаў паехаў? — пацікавіўся Рыгор.

— Яго паехалі... На тылавыя работы паслалі ў бок Мінска.

— Нават? Як, усё-такі, крыжуюцца дарогі!

— Бачыш... Прыпяклі беднага: болей года сядзеў, а на закуску — дысцыплінарная кара...

Першая пецярбургская навіна была далёка ад вясёлай. Гісторыя з Гісам перавярнула ў Рыгоравым нутры сфармаванае дарогаю пачуццё.

— Яшчэ не лягчэй.

Ён задуменна глядзеў у акно, за якім узнімалася ўгору свежапафарбаваная сцяна высокага будынка.

— Гэта ўжо мне не падабаецца!

— А каму падабацьмецца! Ды што ж парадзіш... Бедны Якаў — не ўзялі на ўвагу і яго абаронства...

Ліба пераняла мужаву гутарку настойваннем:

— Паедзем. У памяшканні будзеш думаць... Рыгор!

— Куды ж вы думаеце ехаць? Мо, часам, на старую кватэру?

Рыгор адмоўна матнуў рукою.

— Раней дзе-кольвечы да гатэля, а пасля ўжо прыйдзецца шукаць сталай кватэры... Мо, часамі, маеш на воку?

Анікей падумаў і пераглянуўся са знаёмымі.

— Цяперака з гэтай справай нялёгка... Усё ж, я думаю, можна будзе знайсці...

Яны накіравалі да выйсця.

На сходах двое таварышаў Анікея развіталіся і пабеглі да падаспеўшага трамвая.

Анікей пазваў рамізніка.

— У Знаменскі гатэль,— праказаў Рыгор.— Ну, а ты як? — запытаў ён Анікея.

— Гадзіне а пятай я буду ў вас,— паабяцаў той і пайшоў да трамвайнай спынкі.

— Раптам — вазьмі і папсуй настрой,— паскардзіўся Рыгор Лібе.

— А хто ў гэтым віною!.. Можа, варта было б забраць багаж?

— Куды ж мы з ім у гатэль?.. Не згіне...

У далейшую іх гутарку ўварваўся шолам гарадскога жыцця. На першы ўзрок як Рыгору, так і Лібе яно паказалася намнога інакшым ад ранейшага. З вуліцы, з будынкаў глядзелі сляды заняпаду. Людскі натоўп дапамінаў распорканы мурашнік. Кожны парыўна кідаўся ў бакі, раптоўна спыняўся, рызыкоўна перасякаў вуліцу. Кідалася ў вочы надмерная колькасць салдат, кульгавых, аброслых, з распушчанымі шынелямі, павязаных. На іх мэрам бы не распаўсюджвалася тая нервовасць, якая валодала цывільнымі, асабліва жанкамі.

На працягу аднаго квартала Рыгор з Лібаю заўважылі і некалькі доўгіх ланцугоў з жанок, якія гудзелі пад вокнамі крам, як чмялі. Пра гэта Рыгор ведаў яшчэ ў Мінску, але рамізнік паспяшыў разагрэць іх цікавасць:

— Што дзень — дык болей! — Но-а-а! — кінуў ён праз плячо да Лібы.— Гонімся за Дарданеламі, а ў саміх есці нечага. Падума-аць! Столькі часу ўбіваць за фунтам мяса ці цукру... Парадкі-ы!.. Не-э, ужо досыць, бачыце... Можна раз, два падараваць, але ж гэтаму канца не відаць... І чаму-у то людзі маўчаць?.. Рабочыя маўчаць... салдаты маўчаць... Няўжо-а не ведаюць, што гэта іх маўчанка якраз на руку начальству?.. Га-а?.. У вас таксама?

— Свар-рач-чыва-ай! Куды-ы прэш-ш!

Рука гарадавога чуць-чуць не ўперлася ў Рыгораў твар.

Круты паварот улева, які зрабіў рамізнік, пераняў узбегшую на язык лаянку, што Рыгор намерыўся кінуць яе паліцыянту.

— Вось гэта толькі і ведаюць, фараоны! — вылаяўся рамізнік, раптам павярнуўшы направа.— Уздыхнуць вольна нельга...

Рамізнік адказу не атрымаў: і Рыгор і Ліба накіравалі ўвагу на вялікую грамаду сялян, якія павольна заварочвалі на Гарохавую вуліцу. Дзесяткі пешаходаў таксама спыніліся, каб на іх паглядзець. Каравыя паўшубкі, падрыпаныя лапці, магеркі і аблезлыя каўпакі, торбы за плячыма і пры баках, доўгія кіі — павейвалі вострай экзотыкай. Гэта экзотыка, аднак, хавала ў сабе непазбыўнае гора змардаваных валацужнікаў. Рыгору было зразумела, адкуль і што гэтыя людзі, з якою мэтаю яны ўступілі на паламаны сталічны брук і куды іх вядзе балючы клопат надзённых інтарэсаў. Можа, не гэтых, але падобных, іх землякоў, аднавяскоўцаў, часамі родных, ён сустракаў і праводзіў тысячамі і дзесяткамі тысяч у Ступінскіх прысадах. Іх, а мо суседзяў ці блізкіх Рыгор бачыў год таму назад на Знаменскай; спатыкаў іх па дарозе з Пецярбурга да Ступак, па цесных і смуродных вакзалах, па сцежках ды дарожках разбуранай краіны. Вось ужо каля двух год, як яны мераюць зямлю, стукаюць у запёртыя дзверы непрыветных дамоў, гутараць з нячулымі людзьмі пра сваё гора. Два гады — несупыннага выгнання, лютага здзеку! Колькі іх прайшло па мнагалікіх вуліцах сталіцы! Дзе яны супыняцца?

— Бачыла?

Ліба глыбока ўздыхнула.

— Ці скора гатэль?

Рамізнік абярнуўся да Лібы і асцярожліва праказаў:

— Сястрыца, ласне можна не надбавіць за гэткі доўгі прагон?

Ліба паглядзела на Рыгора.

У гэты момант ён заўзята махаў рукою ў бок тратуара.

Гэта зацікавіла Лібу, і яна накіравала ўзрокі ў чорную раскалыханую істужку пешаходаў.