VII
Ліба ўжо прайшла ў вяртлявыя дзверы гатэля, а Рыгор расплачваўся з рамізнікам, калі да іх падышоў Міхась Камар.
— Паверыш, не пазнаў... Ты завеш, а я думаю і не веру — няўжо Рыгор?.. Адкуль, скажы, цябе прынясло? Ды ўдваіх? Знаёмая ці жонка? Адарваўся і ні гуку. Не спадзяваўся з цябе гэтага, Рыгор... Як жывеш?..
Ужо хвілін з пяць нясмела паглядаў на іх пасланы Лібаю швейцар, а Рыгор усё пералічваў адказы на Камаровы пытанні. Нарэшце каля іх апынулася Ліба і далёка не далікатна тузанула Рыгора за рукаў.
Камар жа не адставаў, ахоплены нейкім шалам скарамоўнай гутаркі. Ён трымаў Рыгора за крысо і стараўся ў найкарацейшы тэрмін падаць як найболей пытанняў. У захопе гэтай прагі ён не заўважыў, калі ачуўся ў круцёлцы дзвярэй, а следам у ліфце і, нарэшце, у доўгім вузкім калідоры пятага паверха.
Толькі дзвэнг ключа ў руках калідорнага вярнуў яго да прытомнасці.
Камару было няёмка ў ролі незапрошанага госця, але ён не падаў выгляду на сарамлівасць. Наадварот, у гэтыя хвіліны выразней, як калі, ён пачуў сваю правовасць на панібрацкае абыходжанне з Рыгорам.
Яго ні каліва не сароміла зусім незнаёмая яму Ліба. Знаёмства з Рыгорам пераносілася Камаром і на яго жонку. Аднак ён не паказаў гэтага, калі Рыгор адрэкамендаваў яму Лібу.
Далікатна схінуўшыся перад маладзіцай, Камар не меней далікатна паціснуў ёй руку. Далей, усё з тым жа этыкетам, Камар прыставіўся Рыгоравай жонцы:
— Дзякуйце мне за вашага мужа; гэта я выгадаваў з яго палкага барацьбіта і прыкладнага грамадзяніна...
Ліба пытальна паглядзела Камару ў вочы.
Ёй было новым гэта паведамленне чалавека, у якім яна пакуль што запрымеціла ўсяго нейкага неўтрапёнага тыпа. Між тым, Камарова заява не сустрэла з Рыгоравага боку чаканага Лібаю адбою. Для яе стала яснай тая задзёрыстасць мужавага настаўніка, з якою Камар казаў далей:
— Праўда, мая мілая (фамільярнасць гэтая вывела злосную ружовасць на Лібіным твары)... Вучань перайшоў настаўніка. Хі-хі-хі, г-гн-гы-і!.. Нашы погляды некалькі разышліся... Рыгорава маладосць вымагае экзальтацыі, а я ўжо ведаю кошт гэтай рэчы... Аднак, сястрыца, гэта нам не перашкодзіць заставацца бліжэйшымі сябрамі... Ці не праўду я кажу, Рыгор?
Камар пакуль гутарыў — калыхаўся, стоячы каля Рыгора; у чаканні ж Рыгорава адказу — прысеў на крэсла.
— Не без праўды,— з лёгкай іроніяй вымавіў Рыгор.— Не без праўды і тое, што чым далей, тым разыходжанні ў нашых поглядах глыбеюць.
— Браток, таго ніхто не тоіць. Я зусім не па-твойму гляджу на сучасныя падзеі. Тым не меней, Рыгор, прызнаюся табе, што гэта не мяшае мне паважаць твае погляды. Хто яго ведае, чым усё скончыцца і хто з нас застанецца правым, а зараз усё ж мы не канчаткова з табою разышліся. Мне здаецца, што становішча краіны абавязвае і цябе, так як і кожнага грамадзяніна, аддаць свае сілы на яе абарону...
Падняўшыся для вымовы сказа, Камар на гэты раз не сеў назад, а ў непарушнай позе замёр на месцы. Накіраваныя на Камара Рыгоравы ды Лібіны ўзрокі ўплылі на яго гіпнатычнай сілай чароўнасці.
Камар хутка выявіў замуляўшае ў яго нутры жаданне не чуць Рыгоравай думкі, яснай яму па жорсткасці пранізваючага ўзроку. Але Рыгор, цалкам падтрыманы Лібаю, не мог не адказаць Камару.
— Цара ды памешчыкаў, буржуазію ды ўсякіх марадзёраў я бараніць не намераны...
Крэсла загрукацела ад націску Камара, які падаўся назад ад Рыгоравых слоў.
— Расія — радзіма не аднэй пералічанай табою погані, а і мільёнаў рабочых...
— Радзіма, а не астрог?
— Мы самі вінаваты.
— В-во-а... вы самі вінаваты-і...
Напружанасць пералівалася праз іх галовы і рабіла вачавідкай недачасную прысутнасць у пакоі Камара.
Ён неўспадзеўкі гэта адчуў, чаму крута павярнуў гутарку на патрэбу спяшыць на кватэру. Ні Рыгор, ні Ліба яго не затрымлівалі, і Камар хутка выйшаў з пакоя.
Яшчэ не зрабіў ён трэцяга шагу ад дзвярэй, як Ліба здзіўлена паглядзела на Рыгора, запытаўшы яго:
— Што гэта за тып?
— Ніякага цуда. Мой стары знаёмы, прымаў удзел у рэвалюцыйным руху... Але што ты парадзіш, калі ім абуяла патрыятычная дурасць... Гэткіх нямала, на жаль... Яшчэ год таму я чуў ад яго падобныя разважанні — усё ж не чакаў, каб іх наша сапраўднасць не змяніла... Між тым... Гарбатага магіла зменіць...
— Ну, чым гэта ўясніць сабе, Рыгор?
Ліба не дасказала: за дзвярыма прагучаў звонкі, адрыўны гук:
— Тут?
З глыбіні калідора мэрам бы працяг яго —
— А-а-а!
Рыгор падбег да дзвярэй і не паспеў адчыніць, калі па іх каўзанула чыясьці рука.
— Дома?
То быў Анікей.
— Ды вось жа: не паспелі не толькі паабедаць, а і пераадзецца з дарогі — Міхась Камар паперашкодзіў.
— Гэта ён ад цябе ішоў? Я сустрэў яго па Лігаўцы.
— Так... І ведаеш, мы паспелі ўжо былі зрэзацца з ім.
— А-а-а... Ад яго не чакаць... Працуе ж ён у ваенна-прамысловым камітэце, ты, можа, і не ведаў таго?
— Камар?
— Ніхто іншы; меў ужо справы з гэтай асобай... Спрытны, усё ж такі, трэба прызнацца...
— Ну, дакаціўся да працы ў ваенна-прамысловым камітэце!
— А чым ён не адпавядае па сваіх поглядах? — уставіла Ліба.
— Вось то-та ж...
— Ды ўжо ж...
Рыгор папрасіў Анікея застацца ў пакоі, а сам пайшоў з Лібай шукаць абеду.
Праз паўгадзіны ён вярнуўся адзін: Ліба засталася прайсціся па Неўскім.
— На мяне Пецярбург зрабіў пагрознае ўражанне,— падзяліўся Рыгор думкамі з Анікеем.
— Два гады вайны! Не дзіва. Усё ж, браток, ужо блізіцца да развязкі...
— Ну, ведаеш, народ прачакаўся... Каб ты ўявіў сабе, да чаго вайна прывяла вёску,— ты жахнуўся б!.. Нельга без болю ўспамінаць... Знішчаецца... Ды не толькі вёска — цэлая краіна знішчаецца... Ад Віндава-Рыбінскага вакзала да Мінска — непарыўны, густы цуг бежанцаў. Станцыі, раз’езды, гарады і мястэчкі — поўны нашароханымі людзьмі... Вайна кінула іх у дарогу, няведаную, бязмэтную, халодную і халерную... Сагналі з месца народ, як чараду вераб’ёў, і пусцілі ў свет...
— Так... Усё да аднаго...
Анікей паглядзеў на гадзіннік Мікалаеўскага вакзала.
— Стрэлка няспынна вядзе да зручнага часу... Вядзе рашуча ды няўмольна...
Ён крута павярнуўся да Рыгора.
— Шаснаццаты год — не чатырнаццаты.
— Зараз настрой другі... Я не думаю, каб ты не адчуваў таго... Пэўна, не забыў нядаўняга пасяджэння Думы? Мы, рабочыя, прымусім гэты агрызак з царскага стала яшчэ не так заварушыцца... Страсянуцца сцены не аднаго Таўрыцкага палаца... Тут ужо не залатаеш ні хаўрусніцкаю згодаю, ні ваенна-прамысловымі камітэтамі... Вось пазнаеш, калі захочаш вярнуцца на завод...
Слухаючы Анікея, Рыгор не мог стрымацца ад ахапіўшага яго ўздымнага настрою. Абмыты натхнёнай ухмылкаю, яго твар распаляў празрысты ўзрок у наступнае.
Анікей сачыў за таварышавай парыўчатасцю і бачыў, як Рыгор быў недалёка ад таго, каб сарвацца з месца і паляцець...
— Вярнуся на завод!
Гэта было сказана, як выбіта молатам — вярнуць удару нельга.
— Твая справа — выбірай; я магу цябе ўстроіць у саюз гарадоў таксама. Дарэчы, а як у цябе з дакументам?
— Паперы добрыя, у парадку, сыдзе, але надаела чыноўніцтва! Хоць і мала меў да яго дачынення, аднак — прэч! Пайду на завод...
— Можна да Гальске, можна і да Артура Копеля... Ды, прызнацца, усюды месца знойдзецца,— паведаміў Анікей.
— А па-твойму?
— Я раджу да Гальске... Там, разумееш, надзвычай спрыяючыя для цябе абставіны. Прызнацца, і я зараз адтуль... Хоць заўтра на працу... У тым раёне і кватэру шукацьмеш...
— Дзякую, браце, за дбанне...
Рыгор умомант звязаўся думкамі з заводам. Безумоўнасць рашэння навейвала яму пачуццё здаволення.
— Ну, а ты, брат, дзе працуеш? — запытаў ён Анікея.
— На заводзе Сямёнава... Калі хочаш, я буду гаварыць...
Рашучы мах рукі правёў лінію, праз якую Рыгор не думаў пераступаць.
— Шкада, што ты раней не прыехаў...
Лічачы пытанне з месцам вырашаным, Анікей перайшоў да іншай тэмы.
— Гэта зіма была надзвычай багатай забастоўкамі. Я сам не чакаў таго... Некаторыя заводы баставалі па некалькі раз. Пры гэтым, настроі рабочых... я табе кажу... анцік... Вось толькі апошнімі днямі крыху прыціхла, ды ненадоўга — бачыцьмеш...
— Я збольшага ведаў... Ведаў і прогся ў Пецярбург, як магаметанін у Мекку... І скажу — хоць позна, але рад, што зноў тут.
У пакой увайшла Ліба. Расчырвоненая паветрам, яна пыхала здароўем і сілай. Сталіца ўплыла на яе асвяжаюча.
— Сустрэла свайго доктара на Неўскім. Запрашаў назаўтра з’явіцца да яго,— задаволена паведаміла яна.— Працуе ён у лазарэце на Васільеўскім...
— На Васільеўскім?
Анікей паглядзеў на Лібу.
— Вы чаму гэта пытаеце?
— Рыгора туды прочу на працу.
— Гэта ж куды?
— Хоча на завод.
Ліба кранула Рыгора за руку.
— Рашыў-такі на завод?
— Надаела мне, Ліба, чыноўніцкая служба. Цягне да жывых людзей...
— Ды мне... мне яшчэ прыемней гэта,— паспяшыла заверыць Ліба.
— З твайго блаславення заўтра ж пайду на разведы.
— Калі ласка.
Анікею спадабалася Лібіна падатлівасць. Ён не чакаў ад яе той суладнасці, якая пры першай стрэчы ні ў чым не выяўлялася, а зараз выразна свяцілася ў кабецінай мілай ухмылцы.
Гэта Лібіна ўхмылка была прычынаю для госця на многа даўжэй працягнуць сваё аставанне ў Рыгоравым пакоі.
VIII
Да сярэдзіны мая Рыгорава жыццё кацілася новай каляінай. Яны з Лібаю сталі жыхарамі Васільеўскага вострава, увайшоўшы ў складаны механізм грамадскага жыцця сталіцы. Паступова згладзіліся тыя вострасці пецярбургскага выгляду, якія ўкраліся ў іх першае ўражанне. Надынамічанае жыццё не давала магчымасці спыняцца на дробязях яго гаспадарчага дабрабыту. Абшарпаныя будынкі ды паломаны брук хоць і казалі за многае, тым не меней не на гэта ўстрамляліся іхнія ўзрокі. Сталіца гудзела нездаваленнем, якое нараджалі зацяжная вайна і звязаныя з гэтым дарагоўля ды адсутнасць харчу. Бязлікія чаргі пераходзілі ў мітынговыя зборышчы. Доўгія ланцугі жанчын дзень ада дня выносілі на вуліцу пераказаныя па кватэрах думкі. З гэтых думак паўставалі гутаркі, якія існуючаму ладу не сулілі нічога добрага. Водгалас гэтых думак і гутарак насіўся чырвонымі зарніцамі па рабочых ускраінах Пецярбурга, уліваўся ў заводы, дзе гартаваў нездавольства, перакідаўся на фронт. Ужо не было сілы ўціснуць жыццё ў рамкі, з якіх яго вывела вайна. Заставаліся часовыя рады заспакаення, штучнае адцягванне думак і ўзрокаў на рэчы ды здарэнні, ад якіх мала рабілася лягчэй, самаабманныя намеры і сляпая, драпежная ўпартасць не ўступаць вымаганням закону жыцця. Апошняя асаблівасць, моцна прасякшы расійскую сапраўднасць, пераварочвалася ў едкую іронію бесспагаднага лёсу.
Калясніца гісторыі імчалася да рубікона з нястрымнаю сілай.
Грукат яе калёс стукаўся ў сцены палацаў. Яго не маглі заглушыць ні патрыятычныя маніфестацыі, ні «благароднае негадаванне» кадэтаў, ні жалезны бразг шпор. Наадварот, гэта злівалася ў мінорную музыку пахавальнага маршу, з якім гісторыя ўзыходзіла на новыя ўступы.
Трэба было мець класавую чуласць пралетара, каб выяўляць усю веліч гэтае музыкі. Рыгор хадзіў на завод, як на канцэрт, каторы разыгрываў нечуваную прэлюдыю да нечуванай жа па сіле ўздыму і бляску ўрачыстасці сімфоніі.
Рабочыя — то музыканты. У іх руках, напружаных не адной пакорай працы, а і ўверанасцю ў перамогу, зусім інакш хадзілі інструменты. Імі вадзілі далёка не тыя настроі, якія былі ў той час, калі Рыгор пакінуў завод. «Шаснаццаты год — не чатырнаццаты» — хто мог сумнявацца?.. Рыгору гэта стала ясным і вачавідкім, толькі ён стыкнуўся з рабочымі. Яны жылі бурлівасцю бягучага. Іх гутаркі выяўлялі цвёрдасць і веру, узрокі палалі агнём. Шум і грукат завода зліваліся з пачуццём абурэння.
Рыгор заўсёды любіў работу, працэс яе творчай субстанцыі, але яго любасць труілася адзнаннем прыгоннасці. На гэты раз ім валодала сімволіка новага зместу. У згушчаным паветры завода, у яго зацяжлівай, глушлівай траскатні нараджалася новая сіла, якой належала будучыня. Яе прыходу ласкава ўхмыляліся суровыя, стомленыя твары рабочых, насустрач ёй прагліва несліся іх вострыя ўзрокі. Ужо завод не таміў аднастайнасцю працы — у яе працэсе таілася ўздымная творчасць, што раз’юшвала бадзёрыя настроі, веру і трапяткое чаканне. Нельга было не заўважыць смелых парыванняў, рашучых повертаў, цвёрдых крокаў, якія вярнуліся ў завод з часоў дэманстрацыйных выступленняў.
Гутаркі не сведчылі пра асцярогу перад кожным, хто за імі сачыў з акрэсленымі мэтамі. З пагорбленага, прымоўкшага ў пачатку вайны нявольніка выпростваўся чалавек, асоба, адзінка, без якое нельга было абысціся складанаму жыццю. Сотні, тысячы іх рабіліся сілаю, арміяй, фронтам, наступ каторага калыхаў зямлю.
Першая палова года вызначыла гэта ў поўнай меры. Шэраг пераможных забастовак паказаў сілу і моц абуджаных ускраін сталіцы. Ні мілітарызацыя, ні пагроза ды спробы высылкі на перадавыя пазіцыі, ні ўзмоцненая вайсковая ахова рабочых раёнаў — нівошта не давала належнага і жаданага ўраду эфекту. Думкі ды настроі рабочых упарта ўрываліся ў асяроддзе дзяржаўнага жыцця і разладжвалі яго наперакор гісторыі збітую машыну.
І той, хто ўрачыставаў у поспехах вялізнае лёгкае нажывы на жахах вайны, хто ўбіраў свае плечы палетамі, а грудзі — медалямі, і той, хто варушыўся, як крот у нары, нячулы ў клапотах будзённага жыцця,— роўна аглядаліся за заставы, да Васільеўскага вострава, на Пецярбургскую ды Выбаргскую староны.
З пералічаных месц, тым часам, праз паліцэйскую забарону, несліся трывожныя чуткі пра неспакой, пра вострыя канфлікты, пра частыя забастоўкі. Гэтыя чуткі, у выглядзе цудоўных зданей, пралазілі ў міністэрскія канцылярыі, у банкі, у пакоі раскошных асабнякоў; яны насіліся па шырокіх тратуарах Неўскага, стройным Каменнаастроўскім, напышчанымі Сергіеўскай ды Фурштацкай.
Бітком набіты трамвай сеяў іх па мнагалікіх завулках нервовай сталіцы.
Ад іх не магла схавацца дзяржаўная Дума.