SommaireСокі цаліны
Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ · 4 min de lecture

ІХ

І вось адною раніцою, побач з раздзьмутымі весткамі пра пераможны наступ Брусілава, газеты раскідалі па сталіцы, па ўсіх гарадах, па незмярымай краіне весткі аб запытанні ў Думе пра забастовачны рух. І мільёны воч адарваліся ад чорных радкоў навін са штаба галоўнакамандуючага, а прыліплі да зместу стэнаграфічнае справаздачы, парванае белымі плямамі вайсковае цэнзуры. Дык во-ась яно што-а! Сталіца на вулкане. Жалезны абруч сціскае багатыя кварталы, асабнякі ды палацы пагрозным сімптаматычным нездаволеннем. Дарма ўсякія завярэнні ў перамогу на франтах, у «супрацоўніцтва» ўсіх станаў грамадства, у руплівую клопатнасць пра дабрабыт жыхарства сталіцы. Усё гэта — пустая балбатня, туман у вочы.

Будынак трашчыць, колецца і рухае пад ім няўстойны фундамент.

Запытанне, з яго пералікам забастовак і колькасці іх удзельнікаў,— запярэсціла чырвоным туманам дагэтуль злёгку зацемнены небасхіл...

У гэты дзень з трыма газетамі ў руках Ліба спаткала Рыгора надзвычай вясёлай. Для яе, як і для многіх іншых, запытанне ў Думе пра забастоўкі выпукліла мінулыя здарэнні ў факт агромнай значнасці. Яна ведала многа са слоў мужа, многа чула з гутарак яго з Анікеем, але не чакала гэткага звароту, які атрымаўся ад абвяшчэння запытання ў газетах.

— Каб ты ведаў, Рыгор, з якім захапленнем нашы раненыя чыталі сённяшнія газеты! Для многіх запытанне адчыніла заслону ў нешта нечаканае, але радаснае ды надзейнае... Гутаркі, перашэптванні не спыняліся праз увесь дзень. Бедныя, яны забывалі пра вострыя болі і, калі не маглі чытаць, то настарожана лавілі вухам кожны шэпт шчасліўшага суседа. Кожны выразна адчуў набліжэнне вялікіх здарэнняў. Нават мой ардзінатар першым словам у гутарцы са мною крануў гэтых навін... В-во-а! Расшчэдрылася і купіла ажно тры газеты...

Рыгора не здзівілі Лібіны словы: ён добра ўлічваў зробленае газетамі ўражанне. Але Лібін настрой знайшоў у ім спачуваючы водгук... Рыгору было прыемна наглядаць у ёй тую задаволенасць, якая адбівалася радаснаю ўхмылкаю на Лібіным твары. Гэта сведчыла за адно — за гарманічную суладнасць іх пачуццяў, якая вымагалася для блізкага наступнага.

— У нас наспявае забастоўка таксама! — паведаміў Рыгор, калі яны апынуліся ў пакоі.

Ліба паглядзела ў адчыненае акно, мэрам бы шукаючы адзнак яе прыходу.

— Хутка?

— Як табе сказаць: можа, заўтра, а можа, крыху пазней...

У акно свяціла агромністае чырвонае сонца. Улівалася густое летняе паветра, насычанае перагарам вугалля. Саплося лёгка, і беднае, на скорую руку сабранае абсталяванне пакоя не нараджала жаднага клопату пра яго паднову. Пакой не прыцягваў іх увагі — абое пакінулі вымагальную штодзённым клопатам патрэбу сямейнага дабрабыту. Пецярбург варочаў руплівасць, думкі і настроі, якія не мясціліся ў чатырох сценах будынка.

За месяц жыцця ў кватэры яны не паспелі нават добра пазнацца з яе гаспадаром і ні разу не заікнуліся пра тыя ці іншыя кватэрныя запытанні. Гэта пакідалася на пасля, на час, якога б не шкада было страціць.

Вяртаючыся з завода, Рыгор увечар ішоў або на міжраённыя сходкі, або ў будынак Панінай, або часам заходзіў у бежанскі камітэт. Ліба амаль не кожны дзень заставалася ў лазарэце да дзесятай гадзіны вечара. І толькі зрэдку ў іх была магчымасць улучыць гадзіну-другую на сумеснае быванне. Падобнае становішча ясна разумелася абаім і ні ў адным з іх не выклікала жаднага наракання. Магчымасць яго паралізавалася цёплымі, таварыскімі гутаркамі, урыўнай ласкай, адзнаннем сур’ёзнасці моманту.

Абое дзяліліся адзін з другім сваімі думкамі і намерамі пра палітычна-грамадскія пытанні, з увагай выслухвалі парады, аднак наўздзіў мала чапалі сямейныя ўзаемаадносіны. Для іх не было месца. Яны выглядалі нагэтулькі яснымі і зразумелымі, што абгавор іх нічога новага не прыдаў бы.

З дакументамі абышлося наўздзіў гладка. Гаспадары кватэры маўкліва праглядзелі дакументы чыноўніка і сястры, прапісалі ў участку і вярнулі, якімі ўзялі.

Хто гэткія Рыгор з Лібаю — мэрам бы гаспадароў не датычала. Яны бралі за пяцісажнёвы пакой з параю ложкаў, сталом і чатырма крэсламі дваццаць пяць рублёў у месяц і акуратна складалі грошы ў баланс сваіх мізэрных зваротаў.

Па-за гэтым іх стасункі з кватарантамі абмяжоўваліся рэдкім абменам ранішняга прывітання ды вячэрняга развітання. Між гэтых момантаў гаспадыня моўчкі падмятала пакой, абцірала стол і крэслы і адчыняла акно. Яна, праўда, яшчэ адчыняла дзверы тым, хто прыходзіў да Рыгора з Лібаю. Вось у гэтыя разы цікавасць да кватарантаў як бы некалькі паднімалася. Але наведвачы выходзілі, і цікавасць гаспадыні асядала на ранейшы ўзровень...

Гаспадар кватэры быў зусім чужым ды амаль што незнаёмым ні Рыгору, ні Лібе. Лакейства ў рэстаране паглынала яго ўвесь час і яго цікавасць.

Запытанне ў Думе і заўзяты яго абгавор Лібаю ўпершыню даў повад гаспадыні кватэры ўмяшацца ў іх гутарку.

— Будуць баставаць, калі няма чаго есці. Без яды не напрацуеш! То ж падумаць — вачавідкі ўсё гіне. Да чаго толькі гэта дойдзе! — нервавала гаспадыня.

Калі Ліба намякнула пра скутак, які, па яе думках, прынясе надышоўшае становішча, гаспадыня спагадліва праказала:

— І добра было б, а то занадта ўжо зазналіся... На мой розум, дык бы я...

На гаспадынін жаль, яе першую гутарку з кватаранткаю абарвалі чыесьці галосныя крыкі якраз перад акном Рыгоравага пакоя.

Гаспадыня вярнулася да сябе і толькі назаўтра раніцою падпільнавала Лібу, каб паведаміць ёй, што ўчора, на ліха, на бяду, перабіў іх гутарку ўзняты кучкай крамнікаў Андрэеўскага рынку патрыятычны гармідар з прычыны брусілаўскіх перамог.

Ліба ведала гэта раней гаспадыні.

Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ · 6 min de lecture

Х

Была дзевятая гадзіна раніцы, а рабочыя ўсё яшчэ не вярталіся ў завод. Тысячнаю грамадой тупалі яны па заводскім двары і гудзелі, як раскалыханае мора.

Прасвісцела паўторная сірэна, але яе гук не зрабіў на рабочых жаднага ўражання. І калі хтосьці кінуў правакацыйны вокліч «на працу!», ён мігам згас ва ўздымным натоўпе.

Сотні вачэй павярталіся да брамы, адкуль мусіла ўвайсці дэлегацыя, пасланая да адміністрацыі завода на перагаворы.

Мінула гадзіна часу, як дэлегацыя выйшла з заводскага двара і ўсё яшчэ не вярталася. Гэта сведчыла, што патрабаванні рабочых наткнуліся калі не на адмову, то на супраціўленне.

Адміністрацыі завода мала дзела да становішча рабочых. Узросшая дарагоўля яе не абыходзіць.

Каму незразумелы яе матывы да адмовы! Кожны з тысяч гэта добра ведае і кожны з тысяч мае сілу да вымагання законных патрабаванняў.

Не выпаўняць?

Дарога адна: завод застыне ў бяздзеянні, а рабочыя з вераю ў перамогу вернуцца дамоў.

Ужо іх настрой паспеў акрэсліцца ў пэўнае рашэнне. Толькі размінуцца вусны дэлегатаў, каб паведаміць адмоўныя вынікі перагавораў, як цвёрдым, злітым крокам грамада апынецца на вуліцы.

Яе чакае падгатаваная паліцэйская засада?

Няхай гэтым суцяшаецца той, хто разлічвае на чужую слабасць.

Рабочыя кіруюцца сваімі намерамі.

Яшчэ хвіліна, яшчэ пяць хвілін, і справа знойдзе другі паварот.

Ж-ж-ж-ж! А-о-а-і-й!

Грамада злітнай адзінкай кранула з месца, павярнуўшыся да брамы.

Следам — ціша.

Чуваць, як з Неўкі даносяцца гукі каталёў ды знекуль далей — цяжкі грукат трамвайных калёс.

За брамаю гукаюць дзеці.

— Што-а-а?! А-о-а-і-й?

— Адказ адміністрацыі пасля абеду?

Як па дроце, палкія словы коцяцца над грамадою ўзрушаных рабочых.

І яшчэ не дайшла вестка да задніх, як пярэднія стройным напорам ачуліся на вуліцы.

Ланцуг паліцэйскіх коннікаў выраўняўся струною.

Перш зрэдку, нясмела, а што далей — выразней ды часцей панесліся да іх вострыя кпіны, лаянкі, просвісты.

Паліцэйскія падаліся на сярэдзіну вуліцы і звузілі ў стужку шырокі струмень рабочых.

Конскія мызы працягнуліся над галовамі тых, хто ішоў крайнім.

Злосныя, драпежныя ўзрокі паліцэйскіх перапляліся з узрокамі рабочых, поўнымі знянавісці ды абурэння.

Сталёвая напружанасць між варожымі станамі раптам выціснула трывожны свісток паліцэйскага прыстава.

І з свістка, як з чароўнай рэчы, вылецелі чорныя, павісшыя ў паветры дугі нагаек.

Ужо крайняя матнулася над конскай галавою і строма апала на шэрую жакетку.

Чырвоны кавалак цэглы апісаў расцягнутую траекторыю і паставіў на дыбы паліцэйскага каня, скраўшы ўдар нагайкі...

Следам усе замітусіліся, змяшаліся ў адну кучу...

Прыціснуты коннікам да дзвярэй дома, Рыгор глядзеў у шырокія грудзі чорнага, абшумленага каня. Вострая падкова яго пярэдняй нагі моцна дзважыла аб каменную плітку тратуара. Збоку нейкі ляск аб таркованую сцяну ўторыў конскаму дзвенгу.

Калі ў адзін міг коннік павярнуў каня так, што ён стаў бокам да дзвярэй, Рыгор раптам угледзеў перад сабою знаёмы твар.

Яго характэрных, памятных рысаў не скрадалі сабою ні паліцэйская форма, ні конніцкая выпраўка.

Пад аховаю рукі, зложанай трохкутнікам насустрач звіслай нагайкі, Рыгор мігам прапусціў памяццю разнастайную багатую галерэю знаёмых партрэтаў, асацыіраваных з коннікам.

І — прымха!.. балючы ўдар нагайкі спыніў яго думку на Васілі Берагу.

«Няўжо?»

У адзін момант падвоены напор злосці прыгнуў Рыгора да зямлі, порстка зашавяліў рукамі, уклаўшы ў жменю вырваны з бруку камень, і паставіў у позу мятальшчыка дыска.

Наступны момант напружыў Рыгоравы мускулы, якія далі моцны штуршок дапатопнаму прыпасу ў руцэ...

Загуўшы, камень, аднак, не даляцеў да конніка, які ў гэты час паспеў ад’ехаць далёка ад Рыгора.

Абурэнне сціскала яго істоту і путала ногі, калі Рыгор пайшоў усцяж ачышчанай ад публікі вуліцай.

Агідны, адваротны вобраз Берага зацямняў яркае сонца і мернаю, надаеднаю траскатнёю конскага капыта калоў у вушы.

Трэба ж было надацца гэткаму выпадку!

Вярнула.

У нутры грабліся куры.

Рыгор не хацеў сабе дараваць, чаму ўсё сталася так, а не іначай, чаму ён, кідаючы камень, прамахнуўся.

Хутчэй бы ўжо Ліба вярнулася з лазарэта і выслухала яго.

Не расказаўшы Лібе — цяжка будзе варочацца ў завод.

«Бадай, пасля абеду я не пайду»,— падумаў ён і следам пачуў запытанне:

— Ужо на абед?

Вясёлы, з мяккаю ўхмылкаю на твары, Памыйка адцягнуў на сябе Рыгораў бегаючы ўзрок.

— Павал?

— Бачыш, іду да завода.

— Па мяне?

— А то ж па каго? Магчыма, сёння паеду ў Мінск.

— Чаму ўсё так хутка?

— Служба вымагае... Якім чынам, скажы, ты апынуўся на заводзе? Ласне з Стукалкавых рэкамендацый нічога не выйшла?

— Я імі не карыстаўся.

— Цікавыя ў цябе павароты... А я ж думаў...

— Верне ад чыноўнікаў... Яшчэ ў дарозе думаў дваяка, а ступіў на пецярбургскі брук — пацягнула ў завод. Інстынкт рабочага... Толькі не прымай на свой адрас, прашу цябе...

— Табе не агідна са мной ісці?

Павал жартаваў, а Рыгор усё яшчэ знаходзіўся пад уражаннем сутычкі з Берагам.

— Я, вось, сам яшчэ ў чыноўніцкіх портках,— знайшоўся Рыгор і абярнуўся назад.

Прабегшы конь супыніў яго на месцы.

— Ты што там дзіўнае ўгледзеў? — пацікавіўся Памыйка.

— Гэта цікавасць... во тут сядзіць,— ён паказаў на правае плячо.

— Чаму? Як гэта?

— Паверыш, ужо доўга не адчуваў сябе падобна сённяшняму... Бачыш, надало ліха знянацку сустрэцца з чалавекам, ад якога верне... І як сустрэцца!.. Бррр... Вось ішоў на кватэру, а ўнутры мэрам хто разліў банку дзёгцю. Моташна... Прыкра... Чадліва... І балюча...

— У чым справа?

Рыгор сплюнуў.

— У нас, бачыш, забастоўка да абеду... а мо, і надаўжэй... Дэманстрацыйна выйшлі на вуліцу... Сутычка з паліцыяй і — нягодны! Адзін з паліцыянтаў — сілцоўскі абармот... І ў дадатак — пачастунак нагайкаю...

— Гм-м-м?! Ад яго?

— Табато і то...

— Спагадаю... Сапраўды прыкра... Усё ж — ідзем...

— І гэткае пачуццё, што я не магу апамятацца... Няхай бы... Ды што было рабіць, прыпертаму да сцяны? Кінуў камень, але не ўцэліў...

— Пакінь хвалявацца... Хадзем...

Яны пайшлі ўсцяж роўнае, шырокае лініі.

Нагрэтыя, як у печы, тратуарныя пліты парылі ногі. Было цяжка і ўтомна ісці. Лёгкі, чуць прыметны, але рэдкі і гарачы вятрыска не адганяў ад іх утомы.

Абодва туліліся да сцен будынкаў у скупую палоску ценю, але і тут не было як схавацца ад духаты.

Далёка наперадзе віднелася вузкая чорная палоска — то была стуленая воддаллю Нява. Яны ўстраглі вачыма ў яе цёмна-сінюю ваду.

— А ты ж хіба да таго не бываў у Пецярбурзе?

— Павер, што не выпала.

— Ліба колькі раз успамінала цябе.

— Я хацеў бы спаткацца з ёю... Дарэчы, няўжо яна цябе са спакойнай душою адпусціла на завод?

— Ліба? Ты жартуеш, Павал? Калі не, то крыўдзіш маю жонку...

— Не жарты, але раскажаш сённяшні выпадак,— паглядзімо, як Ліба адгукнецца.

Яны незаўважна мінулі дом, у якім была Рыгорава кватэра.

Чырвоная сцяна суседняга будынка надаўміла Рыгора пра абмылку. Ён, схамянуўшыся, сплюнуў:

— Аглуздзеў! Назад!

— Не магу, браток.

— Кінь, Павал!

Рыгор тузануў таварыша за рукаў, і абодва павярнулі назад.

Праз дзесяць хвілін яны ўжо стаялі перад дзвярыма кватэры, за якімі, паказалася Рыгору, чуўся Лібін голас. Ён тузануў за драцяную пятлю і не абмыліўся... адчыніла Ліба.

— У вас забастоўка?.. Ах, і Павал тут?

— Як бачыце... Рыгор гвалтам прыцягнуў.

Ліба пакінула Паўла і абярнулася зноў да Рыгора.

— Бастуеце?

— Хто табе сказаў?..

— Гаспадыня, толькі вось вярнулася з горада, дзе даведалася ад знаёмага... Паліцыя нападала на маніфестацыю?..

Увайшоўшы ў пакой, Рыгор пацвердзіў праўдзівасць пачутага Лібаю.

— Так, паліцыя не спазнілася і на гэты раз.

Павал іранічна ўсміхнуўся, паглядзеўшы на Рыгора.

— Дасталося і табе? — настарожліва запытала Ліба.

— Не так балюча, як смярдзюча...

Яна настаражылася і нервова праказала:

— Кажы, кажы, Рыгор, у чым справа.

— Зарабіў... і болей...

Ліба спагадліва павярцела галавой. Аднак Рыгораў выгляд не вымагаў далейшых распытанняў, і яна перайшла да Памыйкі.

— Нарэшце асмеліліся наведаць... Як вам не сорамна, абяцалі праз два тыдні, а паказаліся больш як праз два месяцы.

— Я ў начальнічых руках, Ліба Шлёмаўна... Водлуг магчымасці... Але што вы скажаце, што на два дні прыехаў, а да вас — будзьце паважаны...

— Дзякую... Спадзяюся, што знойдзем час пайсці з вамі... Усё ж гэта не выкупае вашай віны...

Паднятая ўгору Памыйкава рука адсекла Лібін сказ.

— Я толькі на дзесяць хвілін, сёння маю выязджаць... Маё новае начальства занадта ўжо строгае, каб браць на ўвагу маю віну перад вамі... А яшчэ мушу пабываць у партыйным камітэце... Маю даручэнне...

— Ах, ты кажаш, новае начальства ў цябе? — хапіўся Рыгор за Паўлаву навіну...

— Так, Стукалка болей месяца як выехаў у Кіеў. Прасіў кланяцца табе і паведаміць, як з яго рэкамендацыямі...

— Падзякуй яму, калі пісацьме...

— Паміж іншым, я і забыў сказаць, што Яўгена Віктаравіча таксама перасялілі ў другі атрад. Нават з паніжэннем...

— Гэта ж завошта?

У Лібіным голасе пачулася нотка спагады.

— Перадавалі, нібы адным разам у канцылярыі ўпраўлення нешта гэткае сказаў... Напэўна, Рыгор ведае?

— Ласне за тое?

Лёс Провава ды іншыя навіны Мінска, пра якія Рыгор з Лібаю далі Памыйку некалькі пытанняў, занялі ўвесь час, які меўся ў распараджэнні Лібы.

Следам выявілася, што даўжэй не мог застацца ў пакоі і Рыгор. Больш за іх спяшыўшы Памыйка не паказваў, аднак, руплівасці да абвешчанага ім ад’езду.

Мужчыны ахвотна спыніліся на прапазіцыі Лібы разам утраіх пайсці паабедаць...