SommaireСокі цаліны
Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ · 3 min de lecture

ХІ

Забастоўка не абмежавалася полуднем. Да абеду перамаўленні ўпёрліся ў глухі куток і не падаваліся з месца. Віною паслужыла стыкненне з паліцыяй: падыходзіўшая згода раптам адскочыла да выходнага пункта, толькі ў дырэкцыю прыляцелі весткі пра напад паліцыі на рабочых. Адміністрацыя ліцамерна выказвала дэлегацыі спагаду, аднак упарта адмаўлялася споўніць вырасшае патрабаванне гарантыі ад паўтораў падобных здарэнняў.

Перамаўленні мусілі перанесціся на другі дзень і цягнуліся са стойкай няўступчывасцю з абодвух бакоў.

Рабочыя, што з’яўляліся даведацца пра скуткі перамаўленняў, заставаліся каля завода, уносячы нервовасць у настрой адміністрацыі.

Напружанасць становішча надавала вострасць моманту, і Рыгор, прыйшоўшы да завода а восьмай гадзіне раніцы, упарта падбухторваў таварышаў націскаць на дэлегацкую стойкасць. Ён прыводзіў у прыклад забастоўкі на Выбаргскай старане, якія цягнуліся тыднямі. Правучыць адміністрацыю завода таксама не шкодзіла б і ім. Было б крыўдна, каб дэлегацыя хоць у дробязі паддалася ўгаворам. Рыгор крыху сумняваўся ў цвёрдасці некаторых дэлегатаў і заставаўся пры заводзе датуль, пакуль не пранесліся чуткі пра няўхільную сур’ёзнасць і цвёрдасць дамаганняў дэлегацыі.

Гэта было а дзесятай гадзіне раніцы. Да абеду хапала часу, каб праехацца ў бежанскі камітэт.

Паўстаў успамін пра дадзеную кароценькаму чалавеку абяцанку пасобіць у яго працы.

Поруч з гэтым ён многім быў абавязаны кіраўніку камітэта за тыя запіскі ды просьбы, з якімі часта сам да яго зварочваўся.

Між тым, грамадскія абавязкі бежанскага камітэта за апошні час значна ўзраслі.

Вайсковыя падзеі мінулага года давялі бежанства да страшэнных памераў. Мільённая армія людзей патрабавала настойнае неадкладнае дапамогі. Арганізацыя яе — многа сілы, упартых старанняў, самаадданасці.

Чым бліжэй ачуваўся Рыгор ад Знаменскай вуліцы, тым яго рашэнне мацнела.

Нават у яго галаве склаўся акрэслены сказ, з якім ён абернецца да кароценькага чалавека, прапануючы свае паслугі.

— Ведаеце што...

На жаль, адчыненыя дзверы ў канцылярыю засведчылі, што кароценькага чалавека ў камітэце няма.

Пры стале сядзеў незнаёмы лахматы хлапчук, які сухаватым, нячулым голасам апытваў шэраг дзядзькоў ды цётак.

Аднастайныя, жаласлівыя іх адказы хлапчук старанна запісваў на паперу, зрэдку падымаючы голаў на агляд прысутных.

Рыгор прашыўся да стала і запытаў пра кароценькага чалавека.

— Ён бывае ад шостай! — адказаў лахматы хлапчук, не адгінаючыся ад стала.

— А сёння будзе?

Запытанне Рыгора паказалася яму наіўным, і лахматы хлапчук адказаў:

— Дзядзька Бронісь бывае кожны дзень.

Калі Рыгор павярнуўся ад стала, за ім пагнаўся невыразны сказ хлапчука.

— Пасядзеце крыху, можа, дзядзька Бронісь наведае і зараз.

Рыгор прыпыніўся. У гэты момант адчыненыя дзверы ўпусцілі ў канцылярыю кароценькага чалавека.

— Каго я бачу! — выгукнуў ён.

— Прыйшоў наведаць вас, а калі патрэбна — чым-небудзь дапамагчы вам у вашай працы.

— Як дачасна!

Бронісь увесь ззяў ад радасці, мэрам яму прынеслі нечаканы гасцінец.

— Што вы прывезлі добрага з Мінска? Што чуваць там? Калі вы вярнуліся ў Пецярбург? Дзе ўладзіліся на працу? — сыпаў ён запытаннямі.

Рыгор не паспяваў адказваць, тым болей што Броніся хутка абкружылі дзядзькі, якія наперабой, кожны са сваімі скаргамі ды просьбамі, намагаліся іх выслухаць.

У канцылярыі падняўся гоман, які гразіў канчаткова памяшаць Бронісевай з Рыгорам гутарцы.

Гэта вымусіла іх перайсці ў суседні пакой.

— Я задыхаюся ад працы,— перайшоў да скаргі Бронісь,— а падмогі ніадкуль. Як і раней — адзін... Людзям свае інтарэсы даражэй за ўсё. Толькі я... ведаеце, я... мая ўжо вада... ніяк не магу спакойным заставацца, калі бачу гэткае гора людзей... А маю ж таксама і сям’ю, і хатнія клопаты... Дык, падумаўшы, хто ж будзе працаваць для агульнай справы, калі мы ўсе зашыемся ў сваё прыватнае жыццё. Вельмі добра, што вы прыехалі... я зараз не адстану ад вас, пакуль вы не запражэцеся ў камітэцкую працу... Цяпер жа, я забыў сказаць, у нас і гароды свае... Го, як бы можна было разгарнуць працу, каб гэта былі людзі... Толькі ўсё ўрыўкамі, з наскоку...

Кароценькі чалавек клапатліва бегаў па пакоі, зазіраючы Рыгору ў твар і чакаючы ад яго адказу на плойму закранутых пытанняў.

Але толькі Рыгор пачынаў гутарку, як Бронісь знаходзіў новую зарадку слоў і перабіваў Рыгора на паўсказе.

Гэта цягнулася каля гадзіны і, напэўна, цягнулася б яшчэ столькі, каб раптам сярод іх не апынуўся лахматы хлапчук.

— Дзядзька Бронісь, там прыйшлі да вас з тацянінскага камітэта.

Кароценькі чалавек мэрам бы збянтэжыўся, крыху моўчкі пастаяў, пасля порстка кінуўся да дзвярэй.

Ужо адна яго нага была на калідоры, калі ён зноў вярнуўся ў пакой і загутарыў да Рыгора:

— Папрашу вас зайсці вечарам. А то пакуль я адпушчу прадстаўніка тацянінскага камітэта, не будзе часу пагутарыць... Я вельмі рад, што вы прыехалі... Хоць маласць пасобіце мне ў працы...

Кароценькі чалавек працягнуў Рыгору руку, нізка схінуўся і выйшаў з пакоя.

Рыгор выйшаў следам за ім. Павярнуўшы да выйсця з камітэта, ён нечакана зноў быў спынены Бронісем, які, трымаючыся за ручку канцылярскіх дзвярэй, скарамоўна гукаў:

— Дык я вас чакаю, абавязкова!.. Адну хвілінку, я забыў паведаміць вас. Можа, не памятаеце, як вы пасылалі да мяне аднаго старога латыша? Месяц таму пахавалі яго на камітэцкія сродкі... Ад’е!.. Бывайце!.. Чакаю!

Адначасова стукнула двое дзвярэй, і Рыгор уподбежкі панёсся па сходах да нізу.

Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ · 4 min de lecture

XII

Хоць Рыгор нічога не адказаў на настойную просьбу Броніся прыйсці вечарам у камітэт, усё ж не думаў занядбаць яго просьбу. «Ласне, што-кольвечы раптоўнае паперашкодзіць гэтаму», рашыў ён, «тады прыйдзецца адлажыць».

— Якое бязлюддзе, аднак! — праказаў ён, выходзячы на вуліцу.

І толькі паспеў засуцэліць выказаную думку, як пачуў:

— Рыгор Міхасевіч?

Кульгаючы, з палкаю ў левай руцэ, да яго падышла маладая жанчына.

Па азызлым змучаным твары, па жудлівым узроку вачэй, па моцна змененай форме постаці ніяк нельга было пазнаць у ёй Рыму.

Рыгор выдаў сваё здзіўленне, якое мінула з запытаннем Рымы:

— Не пазнаеце?

— Як быццам бы Рыма, калі не мыляюся.

— Вось бачыце, чаго дачакалася. Нават знаёмыя не пазнаюць... Вы куды?

— Магу вас правясці... Ды што гэта з вамі сталася?

— Тут мяне мусіць нагнаць адзін чалавек... Ідзем да Басейнай... Дрэнна са мною, Рыгор Міхасевіч!

— У чым жа справа, скажэце?

Рыма глыбока ўздыхнула, працерла хусцінкаю вочы і паведаміла:

— Я чуць не памерла. Болей васьмі месяцаў ляжала ў лазарэце... І вось мушу з палкаю хадзіць... У ёй цяпер мае нядаўнія мары, надзеі ды жаданні...

Разнерваваная, яна выпусціла з рук палку, якую спрытна Рыгор вярнуў ёй у рукі.

— Мяне ранілі ў Маскве ў часе памятнай сутычкі з паліцыяй на Цвярскім бульвары... Куля засела ў назе... і на цэлых восем месяцаў прыкавала мяне да ложка... З лазарэта выйшла калекай...

Надрыў у голасе будзіў у Рыгора цёплую спагаду да няшчаснай. Рабілася страшным глядзець у Рымін твар, гэтак моцна зменены з часу апошняга спаткання з ёю. З жывое, бойкае, поўнае руху дзяўчыны Рыма зрабілася сумнай, непаваротлівай, пастарэлай кабетай, на выгляд гадоў трыццаці. Перажытыя ёю мукі адбіваліся і на яе настроі, нават на гутарцы, поўнай безнадзейнасці ды роспачы.

— І паверыце,— скардзілася яна Рыгору,— ні разу не бачыла Петруся. Спачатку прыезду ў Маскву наведала яго пару раз, але не знайшла ні на кватэры, ні на службе, а пакуль сабралася трэці раз зайсці — якраз сустрэла паліцэйскую кулю... Ніхто не ведае, што яго чакае назаўтра... Можа, вам, часамі, Пятрусь піша што-кольвечы?

Адказаць на Рыміна запытанне было не так лёгка. Перад Рыгорам расчынілася карціна, якое ён не спадзяваўся бачыць. І зараз, слухаючы Рыму, яму не верылася, што тая апавядае пра сябе, а не пра каго іншага...

Як-то магло стацца, каб Петрусёвы дарогі пад гэткім вострым кутом перакрыжаваліся з Рымінымі дарогамі?

А ён жа, сазнацца, калі не ўспамінаў пра Рыму, то думаў (ці хацеў думаць), што яна звязала сваё жыццё з яго таварышам. Ды хто б мог дапусціць сабе, што Рыміна пачуццё да Петруся рассеецца патухшым святлом, а любімы чалавек знікне з яе небасхілу? Няўжо яна ехала з Пецярбурга ў Маскву, каб там замест Петруся стрэцца з куляю азвярэлага паліцэйскага?

Ці то Пятрусь змяніў сабе, стаўшы праз гэта ўскосным вінавайцам Рымінай трагедыі?

Загадка!

Ды не ў выказ цікавая і нечаканая для Рыгора.

І ён і, тым болей, Пятрусь на працягу амаль ні цэлага года — ні словам пра Рыму. А яно — вунь як!

— Піша, але зрэдку!

Рыгораў адказ не парушыў зацяглае маўчанкі, якую перарваў нагнаўшы іх сярэдніх гадоў мужчына.

— Гольдберг прасіў зайсці да яго заўтра,— паведаміў той Рыму.

— Мой стрэчны брат, пазнайцеся,— парэкамендавала Рыма.— Каб не ён, выпадкова трапіўшы ў Маскву якраз у дзень майго ранення, я ні за што не выбралася б з лазарэта. Ён, дзякуй яму, дбаў увесь час пра мяне, хоць руінай усё ж пасобіў мне яшчэ на нейкі час церці гэтыя каменні...

— Таварыш ідзе на Ражджэственскія? — запытаў Рымін брат.

— Я еду на Васільеўскі! Можа, Рыма, паедзем да мяне?

Рыма паглядзела на брата, пасля адказала:

— Няхай ужо другім разам.

— Чакаю вас. Прыязджайце з братам!

Той зняў парыжэлы капялюш і, хапіўшы Рыму за руку, павёў яе насустрач грымеўшаму трамваю.

У гэты момант з завіласці Ражджэственскай выбег стрэчны трамвай, нумар пяць.

У адзін момант яны развязлі сваіх пасажыраў у розныя, процілеглыя бакі.

Уражанні ад раптоўнай стрэчы з Рымаю займалі Рыгора праз увесь дзень.

Ён не мог ад іх вызваліцца і тады, калі яму выпадкова давялося даведацца пра зацяжнасць забастоўкі на неакрэслены час.

Трывожная нотка ў паведамленні, якое перадаваў яму напатканы сябра дэлегацыі, коўзалася між вушэй, поўных шаломнага звону ад Рыміных слоў.

Яшчэ дзень — другі, а можа, і тыдзень забастоўкі не таілі ў сабе нічога страшнага для Рыгора. Наадварот, забастоўка нясла з сабою развой далейшых здарэнняў узвышанага настрою. Яна глядзела з утулаў абкураных гмахаў бадзёрым узрокам людскога ўздыму. На яе чырвоным фоне густою плямаю чарноты акрэслівалася новае звяно ў ланцугу самотных, незлічоных, але глыбокіх ды балючых трагедый. На хібах хваль, што іх раскалыхвае людскі акіян, шавеляцца нябачнымі жывучкамі штодзённыя гісторыйкі паасобных чалавечых светаў. Незаўважныя ў мільёнах, яны агромністы ў адзінках. Бясследныя для грамады, яны выпальваюць несціраныя сляды для індывідуумаў. Ціхае заміранне струны глушыць завіруху...

Чорнаю істужкаю працягнулася жалобная палоса падзей, разгарадзіўшы гісторыю Рыгоравага жыцця надвое. Па адзін бок — доўгі марціралог страт, разлукі; па другі — бляск сустрэч, калыханне надзей, нараджэнне вялікіх неспадзяванак...

Дзве лесвіцы, што несупынна рухаюць — адна ўгору, другая ўніз. Гэта жыццё.

Наўсцяж мінулых гадоў, як ахапляе памяць, у шэрай, каламутнай далі — роўна-супярэчнае, калючае, а між тым...

Ступенька за ступенькаю — угору ды ўгору!

— Ты ўжо дома?

Ліба незаўважна для Рыгора апынулася ў пакоі.

— Колькі часу?

— Дзесятая гадзіна. Ты спаў?

— Падобна таму.

— Пра што ты кажаш?

Ліба ўперылася ў мужа здзіўленым узрокам.

— Ты ўсхвалёваны, Рыгор? Непрыемнасці з заводам?..

— Непрыемнасці... Як табе сказаць...

— Забастоўка не скончана?

— Не! Ды не ў гэтым справа.

— Ну, вы ж траціце час.

— Здохнуць, а прастой заплацяць...

Ліба не цалкам згаджалася з Рыгорам. Але яна не хацела раздражняць мужа сваім разувер’ем.

Яна таксама была ўпэўнена, што бягучая сітуацыя не пакрыўдзіць забастоўшчыкаў, аднак не хацела даваць свайго аналізу наступнаму.