І
Забастоўка цягнулася болей двух тыдняў і скончылася поўнаю перамогаю рабочых. Рыгор прынёс пра гэта вестку Лібе, як матрос пра зямлю — Калумбу.
Перамога над прадпрыемцамі акрыліла іх абаіх.
Не толькі Рыгор, але і Ліба адчувала сябе героем дня, хоць ад выйгранае забастоўкі ў лазарэце нічога не змянілася.
Там цягнулася жыццё, да прыкрасці аднастайнае, сумнае.
Вайна рабіла сваю справу, калечачы людзей, якія несупынна папаўнялі месцы падлечаных ці памершых. Дзень у дзень ішла гэта нудная, нервовая перасоўка калек; з ранку да вечара цяжэй раненыя нылі ад болю, здаравейшыя — ад суму.
Белымі зданямі мігалася па цесных калідорах неадлучная смерць. Яе не вытручвала едкая ёдаформа, цягучая рыцына, трутлівая карболка.
Гэтыя лякарствы служылі прыправай душнаму паветру, якім мусілі сапсці безнадзейна хворыя і тыя, хто іх абслужваў.
Але ніхто не задумваўся над тым, наколькі скарочвалася жыццё ад гэтай атруты.
Жахі вайны, як цэлага, хавалі ў сабе крывавыя эпізоды, якія складалі яе цэласць.
Тым не меней, нявідныя ніткі працягаліся непасрэдна ад адзінак да агульнага. Кожны ранены быў злучаны з вайною і ад яе канца чакаў свайго збаўлення. У іх вачах з ваеннага туману не ўздымаліся галовы асобных герояў. Хворыя шукалі іх у другім месцы, дый само геройства вызнавалі іначай. Брусілаўскі наступ з сотнямі тысяч палонных ухмыляўся не значнасцю перамог над ворагамі, а якасцю сродку да хутчэйшага знішчэння вайны. Ды кампанія Брусілава ападала ніжэй у параўнанні з апошняю забастоўкаю.
У лазарэце не канчаліся гутаркі пра памятны запрос у Думе пра забастоўкі. Гэты палітычны факт адпіхаў на задні план усе буйнейшыя падзеі вайсковага характару. У забастоўках таілался гібель вайны, рассеянне яе жахлівых вынікаў.
Ліба не ўтаіла пераможнай забастоўкі на заводзе, дзе працаваў Рыгор. Яна ўпляла яе ў агульную сетку тых падзей, якія ўплываюць на раненага лепей ёдаформы ды карболкі. І была рада, што хворыя з паўстаўшай надзеяй пыталі яе ў часе прывітання: што чуваць у рабочых раёнах?
Весткі адтуль прыносіць Рыгор.
Гэтыя весткі поўны бадзёрасці. Рабочыя не тыя, што былі два гады назад. Яны пачулі сілу, якую вось-вось уплятуць у агульныя падзеі дзяржаўнага жыцця. І ніхто не ручыць, што яно не паверне свае хады ў іншы бок...
Ліба не можа не верыць Рыгору.
Яго словы падмацаваны фактамі. Выйграная забастоўка — адзін з тых фактаў.
Каб не Рыгорава перакананне ў блізкасць вялікіх змен — Ліба не ўседзела б на сваёй службе.
Але яна ажыўляе службу занятым ад мужа натхненнем.
Лібу суцяшаюць інтымныя гутаркі з хворымі — гэта ж яна перадае ім суцешныя, а то і радасныя весткі з-за сцен надаеўшага ім будынка.
Жывыя, праўдзівыя навіны, а не падфарбаваную выдумку...
Лазарэт адрэзаны ад жыцця, ён — частка вайны, хоць вакол яго разгартаюцца падзеі, якія накіраваны на ахову жыцця не толькі хворых, а і здаровых.
Над гэтымі падзеямі рассцілаюць чорны валь штучнага геройства.
Подзвігі Брусілава.
Выступленні Румыніі на баку саюзнікаў.
Патрыятычныя маніфестацыі...
Для каго і каму яны патрэбны?
Чыё пачуццё яны ў сілах распаліць?
Хворыя ў лазарэтах разумеюць сэнс ваяўнічых выкрыкаў тылавых герояў.
Гукі «Коль славен» — для іх адваротныя пахавальныя песні.
Бляск абразоў — палуджаная мана ды ашуканства.
Лемантацыі газет — фальшывы тон разбазыраных пісак.
— Праўда, сястрыца?
Вярней адкажа Ліба — яе адну пытаюць.
Яна разам з Рыгорам устанавіла ацэнку містыфікацыі грамадскіх настрояў.
Няхай уведаюць яе тыя, ад каго праўда схавана.
Выступленне Румыніі суліць новыя жахі зацягнутай вайны.
З-за высокіх муроў сталіцы пазірае здань трэцяе зімы.
Агалелы, змучаны франтавік мусіцьме зноў курчыцца ў холадзе і ў голадзе, у мокрых ды гразкіх акопах.
Акопы, а не дом чакаюць вылечаных у лазарэце.
Тыф і халера.
Адкідкі ў гасцінцах.
Модлы пра смерць.
Да чаго ж гэтыя абразы, гэта агіднае «спасі госпадзі», правакацыйнае «ўра»?
— Праўда, сястрыца?..
Ліба перадае запытанне Рыгору.
Бач, і яна не без грамадскіх абавязкаў.
Іх мала, ды ці ж Ліба вінавата?
Рыгор упэўнены, што не; Рыгор задаволены жончыным укладам у агульную скарбніцу карыснай працы...
Завод і лазарэт.
Арганізацыя сіл.
Упартая, сістэматычная праца.
Змаганне з вайною.
І цікавае, сімптаматычнае лета назадзе.
Яно пражыта для другіх.
— І для сябе?
— Наша шчасце залежыць ад агульнага.
Ліба пераконана ў гэтым не слабей Рыгора. Як і ён, яна не заўважыла, калі светлыя доўгія дні сціснуліся ў вузкія палоскі сямігадзінных прамежкаў.
Як і ён, яна загубіла пахаладаўшае сонца ў цягучых асенніх хмарах, у праліўных дажджах.
ІІ
Цёплыя дні ліпеня і спакойная ўмеранасць жніўня рассыпаліся ў руплівай бегатні Рыгора з дома на завод, з завода ў харчоўку, адтуль назад, а вечарам — упярэмежку — то на сходы, то ў партыйны камітэт, то на тайныя яўкі.
Ліба — нязменна і роўна — з дома ў лазарэт, з лазарэта дамоў.
Трапунковыя стрэчы... Мігатня, як на экране...
Людзі і час...
Машыны...
І лістапад на двары...
Няўжо лістапад?
Адным днём разбуджаны сірэнамі заводаў Рыгор паглядзеў на каляндар:
Так — другое лістапада.
— Цікава, што адбылося ўчора ў Думе?
Але Ліба нешта ўзмоцнена сапе.
— Ліба?
Крохкае даткненне рукі засталося без адказу. На пачырвоненым ілбе адбіўся Рыгораў пацалунак.
— Рыгор?
— Ты хворая?
— Я ўся гару.
— Бачу, мілая. Я пазаву доктара.
— Не клапаціся, прашу, і ідзі на працу.
— На працу? Бязжаласная, ці ж я магу цябе пакінуць?
Растрывожаны Рыгор хутка бег да доктара. Ці застане яго ў лазарэце? І чаму, канечна, ардзінатара?
Ну, Лібіна ж хаценне — свята.
Яно заставіла прывезці ардзінатара на кватэру.
— Што з ёй?
— Уся ў агні.
Ардзінатар супакоіў абаіх.
— Я вас чакаю, Ліба Шлёмаўна.
Лібіна ўхмылка асвяціла Рыгораў твар і, здавалася, пакой.
— Няўжо сумею хутка падняцца? Не верыцца, доктар...
І, перамяніўшы тэму, запытала:
— А як мае хворыя, доктар?
— Чакаюць вас і канца вайны... Прыходзьце, сястра...
Доктар паглядзеў на Рыгора.
— Мілюкоў у Думе ўчарашняй прамовай нарабіў многа шуму,— сказаў ён.
— Доктар яе чытаў? — запытаў Рыгор.
— Маю сёння паслухаць.
— Нават?
— Папраўляйцеся, сястра...
Калі ардзінатар павярнуў да выйсця, пачуўся стук у дзверы.
Рыгор адчыніў і ўгледзеў перад сабою Анікея.
— Прашу. Пазнайцеся: ардзінатар лазарэта!.. Анікей Кузін!
— Ліба Шлёмаўна ў пасцелі?
— Вы мяне не турбуйце... Здараецца...
— Так, яна падкачала... Ды не забывайце прымаць прапісаную мікстуру...
— Дзякую, доктар...
— Вы чулі пра ўчарашняе? — запытаў ардзінатар Анікея.
— А хто не чуў?
— Падзеі шпарка развіваюцца...
Ардзінатар закончыў сказ па-за дзвярыма пакоя.
Ён не паспеў зыйсці з усходаў, як Анікей задаволена разгарнуў перад Рыгорам перапісаную на машынцы партыйную адозву.
Ліба настарожана слухала пачатае ўслед за гэтым чытанне.
ІІІ
— Значыць, будзе па-загаворанаму?
Рыгор лісліва паглядзеў на Лібу, чакаючы яе адказу.
— Добра.
І хоць у Лібіным слове нельга было абмацаць жаданай Рыгору цвёрдасці, ён адплаціў ёй за адказ пацалункам.
— Я папрашу гаспадыню, няхай яна табе згатуе...
Ліба памкнулася пераняць Рыгораў намер, але да яе ўжо неслася гутарка гаспадыні.
— Добра, Рыгор Міхасевіч, добра. Не клапацецеся, будзьце спакойлівы...
«Навошта яму турбаваць чалавека», занедаволілася Ліба і дэманстрацыйна паднялася з пасцелі.
Яна не чакала, што Рыгор вернецца ў пакой, і накіравала да акна.
Рэдкі ў лістападзе сонечны дзень раптам затуліўся чорным валем, калі да Лібы данесліся нечаканыя словы Рыгора:
— Ты ўстала?
Яна пугліва азірнулася назад.
— Я адчуваю сябе ў сілах падняцца.
Абвіўшая яе стан Рыгорава рука дазволіла яму ўсумніцца ў Лібіных словах.
— Усё ж, я раджу табе паляжаць сённяшні дзень. У цябе не прайшоў жар... Гаспадыня табе згатуе, што скажаш...
— Навошта было турбаваць чалавека?
— Не будзь каразлівай... Лажыся.
Рыгор пачакаў, пакуль Ліба выпаўніла яго просьбу, і сам далікатна апрануў яе да шыі.
— Ты спознішся на працу!
— Бягу! Бывай, мілая...
Частыя крыкі па пакоі зліліся з ціхім стукам дзвярэй. Следам бразнула зашчапка ў выхадных дзверах, і гулкі тупат па ўсходах засведчыў Лібе, што Рыгор паспяшыў у завод.
Яна ў роздумах праляжала не болей таго часу, які патрабаваўся Рыгору на тое, каб дайсці да завода. Пасля задрамала.
Незнаёмы для яе завод з яго экзатычным і разам з тым чарствым ды грозным жыццём маляваў у яе мазгах заблытаныя, казачныя сцэны снення. У мігатні агромністых ценяў вырастала невыразная, туманная постаць Рыгора. Ён на момант рабіўся асяродкам эксцэнтрычнага руху, следам, вачавідкі, вырастаў у казачнага волата, пасля раптам знікаў. Калі Ліба напружана чакала яго новага з’яўлення, на заводзе паднімаўся стук і гоман. Было прыкметна, як гіганцкі молат апускаўся над гэткім жа кавадлам. І яксьці выходзіла так, мэрам бы гэты молат тоўк людскія галовы. Пасля зусім незаўважна з туманнае мігатні заводскае працы выніклі шэрагі людзей у лазарэтных халатах. Знаёмы ардзінатар іх гнаў да кавадла...
Што за прымха?
Канцэнтрычны, нервовы ўздрыг вярнуў Лібу да сапраўднасці.
Яна расплюшчыла вочы і агледзела пакой,— лістападаўскае сонца залаціла яго сцены і доўгімі шнуркамі расцягалася па блакітнай коўдры на яе постаці.
— Ну, я ж чую сябе зусім здаровай!
Ліба сказала гэта не для адной сябе — няхай ведае кожны, усе, гаспадыня і Рыгор, раненыя і ардзінатар лазарэта.
Так! Уставаць!
Лёгкі скрып ложка зліўся з стукам дзвярэй.
— Вы будзеце есці курыны бульён?
Ліба абярнулася ў здзіўлены пытальнік, але гаспадыня заверыла яе:
— Я вам звару.
— Не турбуйцеся, калі ласка,
— Рыгор Міхасевіч прасіў мяне, і я адшукала на рынку на рэдкасць тлустае куранё...
— Дзякую... Я папрашу вас на пазней...
— У любы момант, Ліба Шлёмаўна.
Між апошнім сказам і паваротам да выйсця гаспадыня з хвіліну разглядала прыўстаўшую на ложку Лібу. Спагадлівы ківок яе галавы супярэчыў Лібінаму настрою.
Гаспадыня не зайшла яшчэ ў свой пакой, як Ліба напалову была гатова адправіцца ў лазарэт.
Наступныя трыццаць хвілін пайшло на тое, каб яна прыбрала пасцель, напісала цыдульку Рыгору і цішком, непрыметна для гаспадыні, выйшла з кватэры.
Цёплае надвор’е спакойлівага асенняга дня абдало яе радасцю існавання. Усё ж гэтай радасці не хапала для цвёрдасці Лібінай хады. Блытаныя крокі і шолам у галаве сведчылі за дачаснасць выйсця на вуліцу.
Але вяртаць на кватэру — то значыла даць волю сумненню, і Ліба ўверана накіравала да лазарэта.
Яна задыхалася, паднімаючыся па ўсходах на трэці паверх, і з перабоямі адказвала на прывітанні хворых, сясцёр і прыслугі. Ардзінатару ж хвалілася выздараўленнем.
Той гасцінна сустрэў яе прыход на службу, тым не меней парадзіў Лібе на першы раз не заседжвацца.
— На сёння хопіць для вас пары гадзін.
— Я магу, ведаеце...
Аўтарытэтны ўзмах ардзінатарскай рукі сведчыў за лішняе спрачацца.
Ліба адказала на гэта невыразнаю ўхмылкаю на стомленым твары і спакойліва пайшла ў абход палаты.
Яна радасна сустрэла першыя прывітанні ад паздаравеўшых за апошнія дні хворых. Але не паспела выказаць ім свайго спачування, як з суседняй палаты накіраваў да яе якісьці чалавек.
— Здаецца, вы жонка Рыгора Нязвычнага? — праказаў ён, падышоўшы да Лібы.
— Так... А вы?
Лібе не трэба было чакаць яго адказу,— яна ўспомніла Камара і першаю прывіталася з ім.
— Як добра, што я вас сустрэў,— нервова ды рассеяна праказаў той.
— У чым справа?
— Вунь...
Камар абярнуўся да палаты, з якое падышоў да Лібы:
— Прывезлі з фронту раненага ў голаў Артура Цвібеля.
— Артура Цвібеля?!
— Рыгор яго ведае... Ён працуе?
— Пайшоў.
— Давайце пазвонім яму на завод... Ранены наўрад ці выжыве да заўтрага...
Ліба порстка сарвалася з месца і пайшла з палаты. За ёю спяшыў Камар, а следам ляцелі зацяжныя глухія стогны Артура.
— Ліба Шлёмаўна, вам пара канчаць працу,— перабіў Камара ардзінатар, выходзячы з канторы.
— Дзякую, доктар, я зараз... Там тэлефон вольны?
— Напэўна.
Яны да таго старанна шукалі патрэбнага нумара тэлефона, што зусім не заўважылі на кінутага фельчарам запытання, ні адказу на яго зазірнуўшага ў кантору Рыгора.
Трэба было гучна выказаць Лібіна імя, каб яны адвярнуліся ад тэлефоннай кніжкі і нечакана для сябе ўгледзелі Рыгора.
— Рыго-ар? — схамянуўшыся, запытала Ліба і выпусціла правую палавіну кніжкі...
— Ах, Ліба!.. Я ж цябе прасіў!.. Забылася?..
З Камаровых рук выпала кніжка і моцна бразнула разлітай чарнільніцаю.
— Выбачайце! — павярнуўся ён да фельчара, які нездаволена мармытаў па адрасе Камара.
— Залілі ўвесь стол,— як неасцярожліва! — узнятым тонам праказаў фельчар.
Яго не слухалі: Камар лічыў дастатковым аднаго слова, каб выкупіць віну за пралітае чарніла, а Ліба зусім не зважала на інцыдэнт. Яна няўверана, вінаватаю глядзела Рыгору ў вочы і не ведала, што яму адказаць.
Гэта яе згубленасць заставіла Рыгора перамяніць здзіўленую міну на ласкавы выраз твару, а далейшую гутарку — на пантамімны паказ Лібінай цыдулькі.
— Даруй, ведаю гэта,— адпіхнула яна Рыгораву руку.— Зараз не да гэтага: мы вось прыбеглі ў кантору, каб выклікаць цябе з завода. Сёння зранку прывезлі ў лазарэт напаўжывога Артура Цвібеля...
— Артура?!
Рыгор падаўся тулавам да Лібы і раптам наноў выпрастаўся, калі Камар хапіў яго за руку.
— Давай паспяшымо наверх... Хутка скончыцца тэрмін наведак.
— Сапраўды, Артур? — перапытаў усхвалявана Рыгор.
Ні Ліба, ні Камар не паспелі пацвердзіць паведамлення — іх звала прыбегшая сястра падняцца ў палату да раненага.
— Ранены вас настойна просіць да сябе...
Рыгор першым пабег па стромых усходах, пакінуўшы далёка пазадзе і Камара і Лібу.
Ён ужо набліжаўся да абступленай лазарэтным персаналам койкі, калі ў яго ваччу мільганулі плаўныя, спакойныя ўзмахі ардзінатарскіх рук, а ў вушах прашапацела зацяжнае:
— Га-а-то-а-ва-а!
Гэта спыніла Рыгора ў трох кроках ад памёршага Артура.
Тут яго нагналі Камар і Ліба.
— Сто-ой-це-э! — спакойліва, мэрам бы баючыся нарушыць урачыстасць Артуравага пераходу ў небыццё, праказаў Рыгор.
Камар застыў у здзіўлена-роспачнай позе, гледзячы ашклянелымі вачыма ўсцяж вузкага прагалу між койкамі; з Лібінага ваччу выхілястымі рагамі ацякалі буйныя слязіны.
Сястра і фельчар, абое маладыя, з несышоўшаю ўхмылкаю са свежых твараў, увіхаліся каля пасінеўшага твару нябожчыка.
На суседніх койках хворыя ўталоплена сачылі за кожным рухам усё яшчэ не выйшаўшага з палаты ардзінатара.
Яшчэ цішэй, калі можна ацішыць цішу, зрабілася ў палаце лазарэта, калі з дзвярэй увайшло пара служыцеляў з белымі насілкамі...
Іх уваход раптам сарваў з месца Рыгора і Камара, якія ў пярэймах апынуліся каля нябожчыка і адзін за другім палажылі на яго халодным ілбе два гарачыя пацалункі...
Следам асцярожлівы тупат служыцеляў, што выносілі Артура з палаты, патануў у з’яднаным развітальным уздыху сотні раненых.
Вырваўшыся з белых сцен палаты, ён зліўся ва ўваходных дзвярах лазарэта з зычлівым роспачным плачам Артуравай жонкі.
Маладзіца разнятымі рукамі перагарадзіла служыцелям дарогу, галосячы:
— Мой мілы, Арту-у-р, мой, дарагі-ы... Я ж чакала цябе ў госці-ы, як сонца ўвосень, як...
Яе плач ды прычытанні чуліся далёка па-за будынкамі лазарэта, зліваючыся з вострым затоеным жалем у Рыгоравым, Камаровым ды Лібіным нутры.