SommaireСокі цаліны
Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ПЯТАЯ · 2 min de lecture

IV

— Гэта нумар кватэры пятнаццаць?

Той, што пільна ўглядаўся ў шэрую клямку над дзвярыма, адвярнуўся ад пытаўшага.

— Або разбярэш!

— Пазванеце...

— Я ўжо хацеў, але не абмацаць званка...

— Дазвольце-э толькі...

Падышоўшы каўзануў рукою па правым вушаку:

— Няўжо жывуць без званка?

— А то ж непраменна ён кожнаму?

Падышоўшы зацікаўлена паглядзеў на суседа і запытаў:

— А вы ж да каго?

— Да Рыгора Нязвычнага. Ды ці тут ён?

— Да Рыгора?! Мы як згаварыліся.

Знадворны выгляд востра адрозніваў абодвух, што кожнага цішком інтрыгавала.

— Трэба стукаць! — парадзіў той, што прыйшоў першым.

Але яго рада не дачакалася ажыццяўлення. Знянацку стукнула зашчапка дзвярэй, і на парозе адзначыўся чырвоны крыж на белым фоне грудзей.

— Вам каго?

— Рыгора Нязвычнага!! — пачуўся падвойны адказ на запытанне.

— Калі ласка!

У асветленым калідоры мігнуліся між Лібу аброслы, у запыленых ботах ды зношанай суконнай жакетцы Сёмка і стройны, чыста выбрыты, у чорным адмысловым паліце Пятрусь.

— Направа, вось-вось! — адказала Ліба і порстка кінулася адчыняць дзверы.

— Раздзеньцеся ў пакоі,— папярэдзіла яна гасцей.

Тыя непарушным парадкам прайшлі ў Рыгораў пакой і поруч сталі перад стрэўшым іх Рыгорам.

— Згаварыліся? — кінуў ён запытанне, цёмнае ды няяснае для абодвух.

Наступны момант засведчыў сабою цёплае прывітанне трох сяброў, якія знянацку для кожнага стрэліся на кватэры Рыгора.

Найболей гэта стрэча інтрыгавала Сёмку, які нервова пацепаў плячыма, паўтараючы:

— Ніколі б не падумаў на Петруся... Гляджу і хоць бы думка закралася...

Пятрусь прызнаваўся таварышу ў тым жа:

— Так моцна змяніцца! Хто б мог дагадацца!..

Абмеркаванне цікавага здарэння нечаканай стрэчы адняло каля гадзіны часу.

Далей іхняя гутарка паступова перайшла на тэмы, якія паслужылі прычынаю спаткання.

Першым да іх звярнуўся Сёмка.

— Я прашу выбачыць мне, Рыгор, што я так бесцырымонна зноў да цябе з просьбай, — перасцярог ён.

— А ты падалікатнеў, я бачу! — пасмяяўся Пятрусь.

— Жыццё вучыць усяму, браток...

— Ды ўжо ж!

— Як бачыш...

— Далікацтва, я думаю, на гэты раз не зусім і патрэбна,— расхаладзіўся Рыгор.

Ліба ўголас засмяялася.

— Апрашчэнец які!

— Вось бачыш! — ткнуў пальцам Пятрусь.— Жонка з табою не згодна.

— Тут гэтай згоды не канечна...

— Так... Чакайце, мужчыны...

Сёмка не даказаў і задуменна адышоў да акна.

Яго вярнула Ліба, падаючы яму руку:

— Бывайце здаровы!.. Я пайшла...

— Куды ж вы?

— На службу...

— І нядзеляй?

— Бачыце...

Рыгор правёў Лібу з пакоя і, вярнуўшыся, праказаў да Сёмкі:

— Ты, я бачу, не ў настроі.

— Відаць,— далучыўся Пятрусь.

— Ёсць вядома, што мой настрой не да вашага... Глядзеце...

Сёмка зноў адвярнуўся да акна і, адвярнуўшыся, гаварыў далей:

— Прывёз дзяцей і старую ды кінуў у калідоры бежанскага камітэта галоднымі. Тут не да настрою... Памажэце, браткі... Рабіць магу і ўмею што хоць, нават найцяжэйшую работу, але складаецца так, што і гэтага нельга: як абітую апуку, кідае мяне жыццё па сваіх каўдобах... Памажэце... не грашыма, а працаю, месцам!.. Рыгор!..

— Ты тут з дзецьмі?

— А на каго іх кіну?

— Нават так?

Пятрусь прыўстаў з месца і пільна пачаў углядацца ў Сёмку. Яго таварыш, сапраўды, выклікаў да сябе спагаду.

Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ПЯТАЯ · 4 min de lecture

V

Худы, пажаўцелы Сёмкаў твар, яго павялічаная сутуласць, закаржэлыя, мазолістыя рукі, бедная апранаха — сведчылі Петрусю за ніякаватае жыццё Сёмкі. Не бачачы яго доўгі час, Пятрусь быў спакойным пра яго. Ён ведаў тыя ўмовы, у якіх жыў Сёмка ў Сілцах, дагадваўся пра магчымыя ў ім змены. Аднак сапраўднасць выявіла інакшае. Сёмка безумоўна няшчасны чалавек. Бежанства зблытала яго разлікі, выбіла з-пад ног падпору і вось — перад ім бяздомны валацуга. Факт казаў за сябе і казаў балючую праўду.

Пятрусь адчуў, што і ён вінен у сухой безудзельнасці да Сёмкі. Пра яго казаў Рыгор, стрэўшыся з Петрусём у Мінску, між тым... А пасобіць Сёмку пры жаданні Пятрусь мог бы. Колькі было выпадкаў даць чалавеку працу, дапамагчы абсталявацца на месца. Сёмкі ж ён не ўспомніў.

Ці не колкім укорам яму зычаць Сёмкавы словы? Калі так — Сёмка праў, хоць і непрыемна гэта Петрусю. Ніякавата тым болей што Рыгор у гэтым яго папярэдзіў. Рыгору Сёмка многім вінен, а яму — Петрусю?

Самакрытыка паступова ахапіла доўгую палосу мінулага. Нельга сказаць, каб на ім вызначалася шмат светлых плям, адложаных Петрусёвай чыннасцю. Наадварот: Пятрусь нявольны ад самапапроку і ў справе Гэлі.

Няўжо ў яго натуры, насупраць жаданню, закладзена адмоўная рыса халоднасці і безудзельнасці да людзей і нават блізкіх?

А Рыгор?

А шэраг чужых, малазнаёмых людзей, за якіх яму прыходзілася столькі прасіць, часамі прыніжацца?

А Рыма, для якое ён рашыўся на рызыкоўныя крокі?..

З Сёмкам — прыкры выпадак. Трэба было спаткацца з ім у Рыгоравым пакоі, каб гэта яскрава адзнаць. Павінна было нейкі час пабыць з ім разам, перакінуцца дзесяткам-другім сказаў, успомніць на ляту мінулае, каб адчуць сваю вінаватасць перад Сёмкам. Наяўнасць гэтага, а не што іншае, сабрала, нарэшце, Петрусёву цёплую ўвагу на таварышу.

— Ты, зразумела, не маеш грошы, каб?.. Колькі магу, я табе пасоблю, Сёмка, а далей...

— Мне б працу якую ды сям’ю прытуліць пад страхою... Дзякуй яму, Рыгор быў уладзіў у атрад, і, здавалася, больш нічога непатрэбна... Але вазьмі ды змяніся начальнік, і ўсё шыварат-навыварат... Перагляд рабочых, і я са старшага рабочага зноў на дарозе, але ўжо без каня. Да Ступак даехаў, а з іх — невядома куды... Што зарабіў, выручыў ад біткі, ад паламаных драбін — пайшло на Вольку... На дарогу ж...

— Ці ж не вядома?

Рыгор перабіў Сёмкаву споведзь і сеў пісаць запіску кароценькаму чалавеку з бежанскага камітэта.

Пятрусь нервова закалупаўся ў ісподняй кішэні жакеткі.

Сёмка бесцікаўна насіўся ўзрокамі па высокіх мнагавоканных будынках з процілеглага боку вуліцы.

Тым жа момантам Петрусёва рука пацягнулася за Сёмкам з моцна змятаю дзесяцірублёўкай.

— Даруй, што я так бесцырымонна, але ж мы таварышы і... пачуццё салідарнасці — наш абавязак... А за мінулае — я перапрашаю...

Было нечаканым для ўсіх, уключаючы і Сёмку, яго раптоўны паварот да дзвярэй, таіўшы ў сабе вынікі разгойданай роспачы.

— У чым справа? — усхапіўся з-за стала Рыгор, складаючы напісаную цыдульку.

Прайшло доўгіх пяць хвілін, пакуль Сёмка вымавіў слова.

— Дзякуй!

— Дзе б і калі б, толькі не тут і цяпер! Кінь, Сёмка! Мінулых страт не вернеш, а ў будучым — усё наша.

Рыгор правёў свой сказ да таго пераконанай ухмылкай, што перад ёю Сёмка не ўстояў.

— Даняло, браткі!.. Ведаеце — жалезным будзь, а падасіся. Гэта ж уявеце сабе! Гэткі цяжкі шлях! Змагаўся, колькі хапала сілы... Нарэшце стаў падавацца... І каб не вы — не ведаю, чым скончылася б... Што я адзін, без жонкі, з дзяцьмі, і без грошай?..

— Я цябе запэўніваю, Сёмка,— пераняў яго Пятрусь: — патрабуецца не больш тыдня, як ты інакш загаворыш. Вельмі добра, што выпадак нас звёў з табою... Кінь сумаваць!.. Мы перад лепшым — горшае пазадзе.

Цёплае таварыскае пачуццё крута перамяніла настрой Сёмкі і нават вярнула некаторыя надзеі.

Сёмка выйшаў на вуліцу, як падкаваны.

Ён адчуў сябе бадзёрым, адноўленым і ўверана ступаў па каменнях, як па траве.

У Сёмкавай кішэні шапацела Рыгорава пісулька, а ў другой — Петрусёва дапамога, далей жа... Ён не мыляўся, калі ўвяраў сябе, што далей таварышы пасобяць яму выбрацца на раўнейшую дарогу...

Па яго ўжо слядах нясліся іх клапатлівыя планаванні наконт гэтага.

Пятрусь абумаўляў сябе перад Рыгорам дэкларацыяй афармлення Сёмкавай справы. Рыгор дапаўняў Петрусёва дбанне сваімі меркаваннямі.

— Я прызнаюся табе, што я не ўяўляў Сёмкі ў гэткім стане, як зараз стрэўся...— казаў Пятрусь.— Мабыць жа, калі гляджу на яго, а жаднае адзнакі, што перада мною Сёмка... І толькі ўвайшоўшы ў пакой...— ёкнула сэрца... Шкада мне яго!

— Чалавек, сапраўды, напакутаваў апошнім часам... Трэба моцную волю, каб устаяць пад дажджом няшчасцяў, якія на яго пасыпаліся... Я помню, якім прыехаў ён да мяне... Жабрак... Потым смерць бацькі, Волькі, пераезд у Пецярбург... Чалавеку...

Абодвух, і Рыгора, і Петруся, расчуленыя сэрцы моцна адбывалі ўзгодненую музыку спачування Сёмку, калі раптоўны выгук гаспадыні крута абарваў іх:

— Да вас, Рыгор Міхасевіч!

Блішчастыя гузікі гарадавіка запярэсцілі ў ваччу мужчын.

— Вам што ад нас? — запытаў Рыгор, ускочыўшы з месца.

— Я... бачыце... Толькі што на Сярэднім праспекце зарэзаны трамваем чалавек... Па дакументах — Сёмка Хведараў Загон... Перад скананнем прасіў паведаміць... Ізвольце наведаць паліцэйскі ўчастак... для допыту.

— Як?! Што-а?! Дзе-э?!

Сухія жорсткія словы гарадавіка затраскацелі шротам у Рыгоравых ды Петрусёвых вушах, мяртвілі іх вусны і глушылі іх, пакуль яны не ачуліся на вуліцы... Гарадскі грукат разбіваў балючую нечаканасць шаломнасцю свае зацяжнай аднастайнасці...

Пад гэтым грукатам ніклі і не ў меру зычныя выгукі газетчыкаў, што голасна крычалі чарговую навіну ва ўнутранай палітыцы:

«Назначэнне Трэпава старшынёю міністраў»...

Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ПЯТАЯ · 6 min de lecture

VI

Жнівеньскія дні, што адзначылі сабою кульмінацыйны ўздым вайсковых падзей 1916 года, змяніліся зацяжнымі асеннімі навінамі з фронту. Навееныя брусілаўскім наступам на паўдзённым фронце задзёр і патрыятычная кічлівасць расплыліся ў надышоўшым зацішшы.

Уваход Румыніі ў вайну таксама ненадоўга падагрэў раскалыханыя надзеі расійскай ваяўнічай буржуазіі, ваеншчыны да адуранага мяшчанства. Штучна створаны настрой замёр помеж з сістэматычнымі няўдачамі саюзнікаў на Румынскім фронце. Патрыятычныя маніфестацыі чыноўнікаў ды крамнікаў, генеральскіх жонак ды царкоўных служак, газетны голас і ўся іншая бутафорыя падагрычнае радасці непрыемна расталі ў асенніх туманах ды дажджах.

Тым часам дажджы ды туманы зусім не хавалі сабою тых адзнак, якія выразна казалі за ўпартую стойкасць даўно асуджанай на здачу ці на галодную смерць Нямеччыны. Газеты штодзённа няслі весткі пра жорсткія бойкі на Заходнім фронце. Як і год назад, немцы не здаваліся пад націскам «славутых» саюзнікаў. Разбураная Бельгія і захопленая Польшча дзень ада дня бліжэй знаёміліся з адміністрацыйным прускім абсацам. Хутка з-пад яго выціснуўся фальшывы, ліцамерны акт пра незалежнасць Польшчы. Акт грымнуў над галовамі саюзнікаў не слабей саракадзвюхцалёвага снарада. На нейкі тэрмін ён заглушыў сабою гутаркі пра замірэнне, дробныя поспехі румын і нават зацяжную ўпартасць непаслушных грэкаў кінуцца ў вайну на баку саюзнікаў.

У бясслаўным забыцці ляжала нікчэмная, хлуслівая дэкларацыя, даная той жа Польшчы галоўнакамандуючым Мікалаем Мікалаевічам. Напісаная ў апартаментах царскіх палацаў, яна згубіла свой эфект у пакоях княгіні Патоцкай...

Царская міласць, паабяцаная Польшчы ў пачатку вайны, ляжала ў архіве крывавае гісторыі. Незалежна ад яе, як і ў баку ад нямецкага акта, з грукату гармат ды з дыму пажараў вырастала самастойная белая панская Польшча. У заблытаным пераплёце падзей ёй спрыялі крывавыя ўмовы заклятае пары. Але ўсё тое, што звязвалася нараджэннем буржуазнай Польшчы, танула ў прыкрай штодзённасці расійскай сапраўднасці. Рыса франтавых акопаў, праведзеная да канца 1915 года, ляжала непарушна на тым жа месцы. Яна мэрам бы ўвайшла ў значэнне граніцы, перасунуць якую не хапала ні сілы, ні сродкаў, ні жадання.

Многамільённая армія разгубіла сваю сілу ў голадзе ды холадзе, у хваробах ды вайсковай непадгатаванасці. Паступова адзнаная ёю непатрэба, бязмэтнасць і праступнасць вайны падмацоўваліся шпаркім поступам абяднення, руйнавання краіны.

У шырокіх гушчах зблытаных вайною людзей вырасла магутнае пачуццё пратэсту... Гэты пратэст калыхаўся над зямлёй пакуль невыяўна і скрытна, але ачула і магутна. Ім нясло ад мнагалікіх чэргаў на вуліцы сталіцы, яго дэманстравалі непарыўныя забастоўкі рабочых, ён глядзеў са сцен казарм, напоўненых апошнім рэзервам здаровых людзей, ратнікамі другога разраду.

Гэты пратэст прасочваўся ў белых плямах газет, у разбураным чыгуначным руху, за сахою ў полі, на лазарэтнай койцы...

Нарэшце, першага лістапада, у зале Таўрыцкіх палацаў, напалоханы яго ўздымам, правадыр буржуазіі Мілюкоў паднёс яго сляпым, адранцвелым ценем з прыдворных сфер.

То быў бляск у чорнай ночы, які не разагнаў цемені, а разварушыў яе жыхароў... Раз’юшаныя здані доўгае драпежнае ночы занасіліся ў шалёнай завірусе сударжнага канання... У пераддзённым змроку адбывалася чортава вяселле, ачмуцелае ігрышча, ведзьмін карагод, які адначасна высосваў апошнія сокі краіны...

Як у смярдзючай бросні, танулі ў гэтай ночы ўзмоцненыя гутаркі пра замірэнне. Той, хто сударажна ўтрымліваў выкаўзаючую ўладу, губіў чуласць і розум, другі, каторы прогся яе палудзіць буржуазнай грамадскасцю, не меў сілы пераняць прапазіцыі...

Абаіх трасло нервовае чаканне выступу Амерыкі. Яе пасрэдніцтва ў міравых прапазіцыях калола безнадзейныя сэрцы атрутнымі іголкамі...

Калі ж, ды калі ж, нарэшце, выступіць Амерыка?

Над буржуазіяй павісла гэтае трывожнае запытанне і побач — наступны бязмоўны адказ: «Дазвольце, для гэтага знойдзецца рада — «Грамадскасць»...

Яна знойдзе дарогу... Не ў той тлуманіне бесціханых змен міністраў, не ў экстраных планах наступнае кампаніі, а...

Расію, яе перамогу над ворагам губіць адзін чалавек — Распуцін!

— Гэта чмара бязглуздага стану, увасабленне бяспомачнага, загнілага парадку...

Пракляты шаснаццаты год — бяры яго сабе ў афяру!

І ў адну хвіліну...

Подзвіг? Манеўр?

Сталіца настаражылася.

Юсупаўскі палац вырас у штосьці агромністае, нечуванае, да чаго ў адну раніцу збегліся мільёны ўзрокаў. Уздыбленая ўпершыню за мінулыя два з паловай гады цукровая сенсацыя.

Фантанка!

Незнаёмыя аўтамабілі!

Вядомы, безыменны дэпутат!

«Ліберальны» князь...

Расхваляваны натоўп.

Рэзвыя гутаркі ў тэатрах, кіно, на вуліцах, у кожным доме, кватэры, сям’і.

Перазвон тэлефонаў!

Нечуваны тыраж газет...

Далей:

Пятроўскі востраў.

Пулкава.

Патайныя інтэрв’ю з маткаю «вядомага» дэпутата.

Гутаркі ў кулуарах Думы.

І —

Жалезная ўздэчка цэнзуры на друк...

Белыя, доўгія плямы...

Канфіскацыі ды штрафы...

З новым годам!

«Што ён прынясе змучанай краіне? Што нясе новы год?»

Вось яго першыя крокі!

На аб’індзявелых сценах рагавых будынкаў указ пра адтэрмінаванне заняткаў Думы...

І побач — паведамленне пра адсутнасць белае мукі і круп...

Да чаго ж і каму і навошта гэтыя крохкія, няўвераныя чуткі аб разрыве зносін паміж Амерыкай ды Нямеччынай?

Навошта і зачым асобная нарада для выпрацоўкі асноў будучага дзяржаўнага ўстройства Польшчы?

А-а! Новая падачка адцанелых паперак мільёнам бежанцаў.

Ха-ха-ха!

— Чытала, Ліба?

— Я ўжо сама губляюся ў гэтым скоку ведзьмаў...

Яна адлажыла газету і пацягнула Рыгора за рукаў:

— Прысядзь ды раскажы мне толкам,— табе, пэўна, лепей вядома...

Рыгор у гэты момант якраз быў у павышаным настроі.

Апошнія падзеі сустракалі ў іх на заводзе жывы водгук. Яны настаражвалі кожнага рабочага, сеючы ў душных майстэрнях надыходзячую трывогу. Бягучы момант не сходзіў з абгавору, глушачы ўсе іншыя пытанні. Саматугам расла, гартавалася і крэпла баявая гатоўнасць, якая абяцала раптам, у адзін міг, абарваць разбег машын, стук малатоў, калыванне пілак і пхнуць на вуліцу з’яднанай грамадою тысячныя гушчы рабочых...

Гэты міг насіўся ў халодным паветры пецярбургскіх аколіц, і яго блізкасць хвалявала навостранае чаканне...

Рыгор прыйшоў на кватэру якраз са сходкі, дзе гутарка ішла пра заўтрашні дзень.

— Я адно табе магу сказаць, Ліба, што ўсё ідзе да аднаго развязання... Мы перада днём падзей, якіх трудна ўявіць... Пытанне ў часе — усяго... Можа, заўтра, можа...

— Гэта ж заўтра адчыняюць Думу? — праверыла Ліба, падазрона гледзячы на Рыгора.— Ты, пэўна, не абмінеш, каб не адзначыць гэты дзень той ці іншай дэманстрацыяй?

Яна ўсміхнулася і з цікавасцю стала чакаць адказу.

— Ты непакоішся, я бачу?

— Паверыш, Рыгор, у апошні час... Слухай, адно... Уяві, што табе суджана стаць бацькам, а разам...— я часта думаю над гэтым і ўсё адкладваю, каб падрабязна абгаварыць з табою... Некалі, і ўсё гэта будзённа, шэра, няпраўда мо? А наступнае — так цікава і, паколькі яно звязваецца... ну, ты разумееш, Рыгор?.. Задача, чую сама, але за нас ніхто яе не рашыць...

Раптоўнасць і навіна, што прагучалі ў Лібіных вуснах, на момант спавіла Рыгора шаломнасцю. Ён не толькі не меў, што казаць, а і бязмоцны быў, каб аб чым выразна падумаць. Да яго вярнуўся міг, хвіліна, падобныя якім даводзілася сустракаць пры памятных гутарках з Ганнаю, пасля з Лібаю і, між гэтым, з Наталяю. Ну, то ж быў час далёка няроўны сучаснасці. А зараз... Значыць, нанава, чарговы раз, жыццё хапала за фалды і адцягала Рыгора да зямлі ад яго надземных узлётаў.

— Небесцікава ўсё гэта, Ліба, зразумела...— праз нейкі час, мэрам бы ацверазіўшыся, праказаў Рыгор, паспеўшы прамераць некалькі разоў пакой, а пасля ценька прытуліць да сябе Лібу...— Заўтра ў нас забастоўка, і я разам з іншымі іду да Думы, але ж...

Ён прабег вострым, пільным узрокам перш па твары Лібы, а следам па яе папаўнеўшых грудзях і па прыметна ўзвышаным жываце...

Бледнасць і лёгкая заўпаласць Лібіных шчок, украдлівая жаўцізна з рэдкімі плямамі рабацення, крыху як бы павузеўшыя губы — усё гэта праліло ў яго нутро якуюсьці пякучую і разам з тым халадзеючую струмень... Яна ўсплыла на сэрца, сціснула клапаны, зацюкала ім наўздзіў моцна, здавалася яму, нават чутно для Лібы...

— Ты чуеш сябе дрэнна, Ліба?.. Ну, а чаму ты мне дагэтуль не хацела казаць?.. Хоць я, ведаеш, адчуў ужо тады, калі ты раптам захварэла...

Ускосны ўзрок зноў абмыў задуменны Лібін твар.

Вобраз мадонны з малым на руках мігнуўся ў яго шырокарасплюшчаным ваччу...

Далей адчынілася нязмерная палоса шэрых аднастайных праглядаў у затуманеную далечыню...

Пасля вырасла вузкая шчыліна-каморка, густа заграмаджаная незнаёмымі рэчамі...

Нарэшце, здалася сумная восеньская ноч, на фоне каторай раптоўна знікла белая палоса фартуха і заўсёды абудлівая чырвань крыжа...

— Я не хацела атуманьваць тваіх настрояў, хоць нешта моцна наставала на споведзі табе... Пачуццё — якога я да апошніх часоў не ведала...

Вялы, але няўмольны ківок Лібінага пальца, яе прызыўны ўзрок вярнулі Рыгора на нядаўна пакінутае ім месца...

Каля гадзіны ён сядзеў пры Лібе, маўклівым звонку, а расхваляваным з нутра; перабоямі, то неабдумана, то абгледжанымі думкамі, выходзілі з яго вуснаў адкрытыя, прасочаныя свежасцю навізны, дагэтуль нявыказаныя словы, сказы... Яны дыхалі на Лібу элексірам уцехі, ласкі, салодкіх надзей... завівалі вянком абнесеную ў сярэдзіне руку, і крохка ды ачула прыціскалі пальцы да яе правага боку...

І гэты ценькі ўціск, як даткненне пчалы да каронкі цвету, і праглівасць немірглівага ўзроку, апечанага палам нутранога цяпла, і Лібіна водарнае адчуванне мужняе ўвагі, пераплёт жыццёвых пачаткаў, як схрышчэнне тых жа квятоў у застоенай, непарушнай цішы, акрытай сталёвым змрокам лютаўскай ночы,— зліліся ў зацяжны, сакавіты пацалунак:

— Маці!

— Бацька!

І наадварот.

Следам, толькі на хвілін дваццаць, пакой абмыўся яскравым променем электрыкі, а дваццаць першая хвіліна застала абаіх у спакойлівым здроме...