SommaireСокі цаліны
Квадра І - БАЦЬКАВА ВОЛЯ, ЧАСТКА ПЯТАЯ · 8 min de lecture

І

Салодкі, смачны і глыбокі быў сон Рыгора — не дарма ж ён праспаў столькі даўгіх гадзін! Зусім не такім сном спаў гэту ноч Васіль. Хоць ён, стомлены і раззлаваны, лёг многа пазней Рыгора і мог спаць пад мерны шумок дажджу ціха і спакойна, усё-такі сон яго быў не глыбокі і спаў ён не так, як заўсёды, а несціхана прачынаўся. Думкі адна за другою лезлі яму ў голаў, шавяліліся ў ёй, як пчолы, і прасіліся на разгадку. То Зося, то Рыгор, то Рыгоравы таварышы, стаўшы за апошнія два дні яго люцейшымі ворагамі, так і мігаліся перад ім і, што горш за ўсё, быццам чапалі яго рукамі: варочалі за бакі, адплюшчвалі вочы, затрымоўвалі прыход сну. Рабілася душна і млосна ад злосці, і Васіль без ліку разоў варочаўся з боку на бок, то выцягваў ногі, то падкурчваў іх, а руку падкладаў пад шчоку або засоўваў за пазуху, за расшпіляную на ўсе гузікі кашулю. Коўдра рабілася несцярпіма цяжкою, і ён памаленьку ссоўваў яе з галавы на плечы, з плеч на пояс, а з пояса на ногі. Але гэтым нічога не выйграваў, бо бессціханая бліскавіца, бухаўшая на ўсім небе штохвілю, праз усе чатыры акны мчалася ў хату, асвечвала яе, як велізарным ліхтаром, а страшэнны гром, здавалася, біў ля самых яго вушэй — праганяючы рэшткі сну.

Васіль злаваў і крывіўся і мусіў коўдру зноў нацягваць на голаў, ухутвацца ў яе, як у сена, таіцца і сілаю ўшпільвацца за хвілінныя ўзвеі здрому. Але толькі ён пачынаў сапці ды пахропваць, як раптам, нямаведама скуль, нападаў на яго нейкі дзікі сверб, і ён адчаянна пачынаў чухаць то шыю, то паясніцу, то цягліцы ног. Чухаў і ахаў, ахаў і праклінаў тую хвіліну, у якую лажыўся спаць... Праклінаў, але нічога не памагала...

Толькі а пятай гадзіне ночы, ці мо і таго пазней, Васіль суцешыўся крыху і задрамаў. Аднак сон быў нядобры: да апошняй хвіліны, у якую ён прачнуўся (а гэта было а дзесятай гадзіне раніцы), Васілю сніліся нейкія страшныя, цудоўныя і нез’яснёна трывожныя сны. Здавалася, што ён цягаецца дзесь у вялікім і чужым яму горадзе, босым і абарваным. Галодным, здэцца, ходзіць па вуліцах, усыпаных добра адзетымі людзьмі, якія, нібы адзін чалавек, не прамінуць, каб не паглядзець на яго і сплюнуць. Уперадзе не наглядалася ніякага прыстанішча, і балючыя думкі рэзалі нутро. Вось ён ужо рашыў ісці туды, у фабрычную палавіну горада, на высокі мост, каб кінуцца з яго ў ваду і ў адзін момант расшчытацца з усімі мукамі жыцця. Рашыў і пайшоў. І толькі гэта ён пачаў набліжацца да моста, як раптоўна, мэрам з зямлі, стаў перад ім Рыгор і загаварыў: «Куды ідзеш? Чаго ты тут?» — але ён так спужаўся, што заплюшчыў вочы і толькі цішком праказаў: «Я ўмру без прытулку і з голаду». — «Што ты надумаў, хлопец! Хадзем да мяне!» — здаецца, праказаў Рыгор і павёў яго нейкімі глухімі вулкамі да сябе. Васілю было сорамна, а Рыгор спакойліва ішоў сваёю дарогаю і вёў Васіля. Потым, здаецца, раптам на адной з доўгіх і чыстых вуліц яны павярнулі ў двор, дзе і ўвайшлі ў белы мураваны дом. Рыгор правёў яго ў багата ўбраную кватэру, пасадзіў, здаецца, за стол і пачаў частаваць адмысловаю ядою, якое ён і ў вочы не бачыў, дарма што слыў багацеем. Васіль, здаецца, са смакам прыняўся за яду, ажно пена цякла з губ. Тым часам Рыгор кудысь выйшаў, прабыў не болей хвіліны і прынёс з сабою чысты і яшчэ цэлы гарнітур і шапку. Даючы Васілю, праказаў: «Апраніся ды едзь дадому, а то там цябе ўжо жывым пахавалі і ўсё дабро прысвоілі чужыя людзі... Вось яшчэ на дарогу пяць рублёў грошы». Пры гэтых яго словах, здавалася, далей, з суседняе каморкі ўбегла Зося, вясёлая і чырвоная маладзіца, і, убачыўшы Васіля, палахліва крыкнула: «Ой, чаго ж ён тут, гэты Бераг?»

Ад гэтага крыку Васіль прачнуўся і пачуў, як у яго нутру штось цяжкае і ліпкае пацяглося па сэрцы. Перад вачыма яшчэ доўга не гінулі свежыя адбіткі вузкіх вуліц, таго дома і кватэры, у якія завёў у тым горадзе Рыгор, самога Рыгора і Зосі.

«Фу ты! Згінь да прападзі! І спляцецца ліха ведае што!» — праказаў ён сам сабе, працёр вочы і падняўся з пасцелі.

— Уставай ды мыйся, сынок, будзем цёплыя блінцы есці! — пазвала Васіля маці, нырполячыся са скавародамі ў печы.

— Ды я такі ўстаю... Ах, на яго ліха!..

— Што, што такое? — запытала Тадося.

— Да я сон нейкі гадкі сніў, — адказаў Васіль.

— А які? Паведай толькі мне, — зацікавілася маці.

Васіль, доўга не думаючы, расказаў сон. Тадося пільна выслухала, павярцела галавою і заахкала. А калі Васіль запытаў мацеру:

— А як табе здаецца, маці, што то азначаў гэты сон?

Тадося ўверана і рашуча адказала:

— Усё трэба разумець наадварот, сыне.

— Наадварот? Няўжо праўда?

— А то думаў, літаральна?

Васіля гэта тлумачэнне задаволіла і супакоіла, і ён праз мінуту пакінуў думаць аб гэтым; а кінуўшы думаць пра сон, яму лягчэй зрабілася і на сэрцы: нягледзячы на хмарны дзень, у ваччу было ясна і весела. На змену цяжкіх думак, народжаных адваротным сном, у яго галаве заігралі зусім новыя, зусім другія думкі: думкі пра тое, што на сённяшні дзень выпадала зрабіць. Гэта, бач, пра сваты.

Учора Васіль пабываў у дзядзькі Хлора, многа і доўга гаварыў з ім аб гэтым. Хлор прачытаў яму багатыя маралы, навучыўшы, як і што трымацца з Прыдатнымі, чым апераваць у гутарцы і што мець за козыры ў руках, калі справа будзе хіліцца не ў іх бок.

Васіль гэта добра помніў і як на шылах чакаў к сабе гасцей, не выходзячы нікуды з хаты.

Снедаць добра не снедаў, бо спадзяваўся з гасцямі не стаяць да пануквацца, а ў кампаніі есці; вылезшы з-за стала на хату, ён пачаў памерна тупаць узад ды ўперад, час ад часу падыходзячы к аднаму, то к другому акну і пільна ўзіраючыся за гумно, ці не ідзе хто да іх. Але, як час быў ранні, то, вядома, ніхто і не мог прыйсці; Васіль, не ўгледзеўшы нікога, нецярпліва адыходзіў ад акна...

Тадося не пакідала ўвіхацца з гаспадынскаю работаю: кончыла з печчу, упусціла на двор кароў, падаіла іх і зачыніла ў хлеў. Пасля прыбрала ў дварэ і сенцах.

На гэта пайшло каля гадзіны, і калі Тадося вярнулася ў хату і застала Васіля ўсё яшчэ ў задуменным тупанні, то яна ўздзівілася: што за клопат абуяў ім?

Цікавасць заставіла Тадосю запытаць Васіля:

— Чаго ты, Васілька, так заклапочаны?

Васіль спыніўся тупаць і злосна праказаў:

— Калі бо дзядзька так доўга не ідзе.

— Прыйдзе, сынку, яшчэ рана... Ці ж варта злавацца...

— Не! Калі рабіць — дык рабіць... Пакуль збяромся...

— Паспеем, сынку, паспеем...

Пакуль яны так гаварылі, зусім цішком, непрыкметна, Хлор прайшоў двор і раптам апынуўся ў хаце.

— Дзень добры ў хату! Што за спрэчкі?!

Тадося кінула работу і павярнулася да Хлора. А Васіль хутчэй жа падаў дзядзьку зэдлік. Прысеўшы — Хлор зняў шапку і прыгладзіў валасы.

— Ну, што ж, нябожа, не перадумаў? — весела запытаў ён Васіля.

— Да чаго перадумваць! Калі рашано, дык і падпісана, — адказаў Васіль.

— Ну, чуеш, Тадося!

— Чую, чую, Хлорык! Як я шчасліва! Мой ты братка! — натхнёна прамовіла яна.

Васіль маўчаў.

А Хлор, важна седзячы, закаціўся бясклопатным, задаволеным смехам, ажно яго маленькія, кноразавы вочкі, упаўшыя глыбока ў тоўсты сыты твар, заплылі вільгаццю слёз і брыты гладкі падбародак заварушыўся; а на шчоках заметна абмаляваліся роўныя круглыя ямачкі.

— Бач, рада, маці-ы... Ха, ха, ха!

— Ох, Хлорачка! Чаму ж мне не радавацца! Я ўжо даўно чакала гэтага і думала — не прыжду, ажно...

— Цяпер для мяне ўжо ніхто не суддзя! — перабіў мацеру Васіль. — Калі ўжо рашыў, то і быць па сяму... Вось і з Янкам мы так ужо гаварылі ўчора... Праўда, ён павінен таксама прыйсці. Янка хваліў за рашучасць...

— Ну, ды і без Янкі мы справімся, — задаволена праказаў Хлор.

— Э, дзядзька, не! Я з ім ужо даўно ўгаварыўся... Гэта ж мой самы блізшы таварыш...

— Так, так, — падмацавала Тадося.

— То пачакаем, добра, — згадзіўся Хлор.

— А колькі часу цяпер? — запытала Тадося.

— Ды вось я пагляджу.

Хлор выняў з кішэні камізэлькі тоўсты сярэбраны гадзіннік, хвацка, прылоўчана адчыніў яго і, кінуўшы ўзрокам, праказаў:

— Ды ўжо дванаццатая пайшла.

— А, як скора прабег час! Здаецца, толькі яшчэ была раніца.

— Час скора бяжыць.

— Вось мо перакусім чаго, Хлор?.. Ды, бок, а жонка твая не загляне?

— Нашто яна! Жонка калі захоча, то і пасля паспее... А есці я яшчэ не хачу.

— Дык я ж дастараўся падмачыць яду, — падхапіў Васіль і, не чакаючы адказу, хутка выбег у сенцы і прынёс кварту гарэлкі.

— Што ты, што ты! — замахаў аберуч Хлор, калі ўгледзеў у руках Васіля чырвоную шапку бутэлькі. — Што ж ты гэта ўздумаў, нябог? Спакушаць старога чалавека! — скарамоўкаю, разбаўленай сытым смехам, праказаў Хлор, а ў самога, тым часам, на губах сабралася слінка.

— Не-э, дзядзька, не-э! Гэта-то ўжо трэба-а! — настойваў Васіль.

— Ах, надзіва, на ліха мне! — перабіла Тадося. — Толькі я нічагуткі не змагла згатовіць... Што ж, няхай яечня за ўсё адказвае...

— Ды і што вы прыдумалі? Хіба і сапраўды мяне за госця лічыце? Вот табе і на: з сваяка ды ў госця перавярнулі, — жартаваў Хлор.

— Вось ты толькі, швагрусь, пакінь усякія цырымоніі ды садзіся трактуйся, — папрасіла Тадося.

Хлор быў заўсёды смелым у братавай хаце і нічуткі не саромеўся нікога і не цырымоніўся. Вось і на гэты раз ён не заставіў на сябе доўга чакаць і першым усеўся на покуці, як дома. Тадося ж, ахопленая з галавы да ног пачуццём вясёласці, прысела да краю стала.

— Налівай жа, швагер! — папрасіла Тадося.

Швагер не чакаў і хутка выпаўніў просьбу братавай.

Пачатак быў з лёгкай рукі: поўная чарка іх траіх абышла па некалькі разоў і зрабіла з імі цэлую перамену: усе яны сталі неймаверна вясёлымі, добрымі, гасціннымі і гаманлівымі; кожны стараўся выказаць чымсь найбольш добрых сваіх вартасцей, якія знайшліся ад гарэлкі. Перш гаварылі так: адзін тлумачыў, а два слухалі, а калі заварушылася ў галаве, гамонка ўсіх змяшалася ў адну.

За гутаркаю пасыпаліся песні; запявалам вызваўся Хлор, завёўшы разухабістую вясельную песню. Хацела яму памагчы Тадося, але Янка сваім раптоўным прыходам, якога не падсцярог нават і Васіль, паперашкодзіў гэтаму.

— Дзень добры ў хату! — на ўвесь голас прагукаў ён, каб звярнуць на сябе ўвагу.

— А, Яначка! Хадзі, братан, сюды, хадзі! — падскочыў да яго Васіль, абвіс на шыю і некалькі разоў засаб пацалаваў таварыша; потым узяў за руку і павёў к сталу.

З прыходам Янкі Тадося, Хлор і Васіль яшчэ больш павесялелі, і маленькая перакуска, на якую звалі дзядзьку і швагра Хлора Васіль з мацераю, разраслася і разбухла ў цэлую бяседу, якая зацяглася чуць не да вечара, толькі дзякуючы Янку, які піў мала і ведаў за чым прыйшоў, час ад часу даваў ведаць аб сватах.

А калі ўжо змрок пачаў прыкметна лезці ў хату, то ён вылез з-за стала і запрапанаваў:

— Ужо час! Ці вы забылі аб сватах?

Янкавы словы мэрам абудзілі ўсіх.

— Але, але, трэ ісці, — азваўся і Хлор з-за стала, хутка адзеў шапку і прыгатовіўся.

— Васіль, будзь гатоў! — напомніў ён Васілю. — А ты вось, маці, благаславі Васіля! — абярнуўся Хлор да Тадосі.

Янка ўхмыльнуўся.

— Нічога, і без благаслаўлення дастукаемся свайго, — сказаў ён.

— Не, не, сынок, я благаслаўляю ўсіх, — настаяла Тадося.

І, устаўшы з месца, яна падышла да сына, перажагнала яго капу разоў, потым абярнулася з гэтым к Хлору, затым к Янку.

Як Васіль, так і Хлор з Янкам пасля благаслаўлення перш пацалаваліся з Тадосяй, потым перацалаваліся паміж сабою і выйшлі з хаты.

Тадося павяла іх у двор, зачыніла за сабою сенцы і стала на парозе ды ўмільна глядзела ўслед ім да тых пор, пакуль яны не зайшлі за горку і не схаваліся з вачэй.