SommaireСокі цаліны
Квадра І - БАЦЬКАВА ВОЛЯ, ЧАСТКА ПЯТАЯ · 11 min de lecture

ІІ

Калі Рыгор памыўся, адзеўся, крыху перакусіў і выйшаў з хаты, каб пайсці к Сёмку, то яму прыйшлося толькі прайсці сенцы ды пераступіць адною нагою сенішні парог.

Сёмка, зрання сядзеўшы і нудзіўшыся ў дому, таксама задумаў перабегчы да Рыгора, каб удваіх з ім аб сім, аб тым пагутарыць, а потым пайсці дзе-небудзь гадзіну-другую пагуляць.

Стрэціўшыся якраз на парозе, яны абодва на момант замяліся: ніводзін не ведаў, што сказаць. Але гэта зараз прайшло, і Сёмка першы, зарагатаўшы, праказаў:

— Вось дык стрэча!

— Але. Я направіўся якраз да цябе.

— Ну?

— Сапраўды.

— А я таксама: давай, думаю, праведаю яго, можа, ці жыве ён... пасля ўчарашняга дажджу. Здорава, усё-ткі, нахвастаў ён цябе ўчора.

Рыгор ухмыльнуўся.

— Можна было на гліну раскіснуць.

— Не болей, як вас.

— Чаму ты так думаеш?

— Ды проста... Я бачыў, як вы сцігалі вуліцаю...

— Не можа быць?

— Сапраўды.

— А дзе ж ты быў? — здзівіўся Сёмка.

— Ого! не скажу! — пацвіліўся Рыгор.

— Чаму? Не можна?

— Я вяртаўся дамоў і прыпыніўся крыху пад капяжом свае хаты, каб палюбавацца навальніцаю. Стаю і думаю: якаво гэта з імі. Нябось, дзе-кольвек і іх засцігне дождж. Аж раптам чую твой голас. Перш думаў пазваць, а потым рашыў: «хай бягуць».

— А... Праўда... Апаласкаў крыху...

— Здаровы дождж, спаць было смачна.

— Ну! А я доўга не мог заснуць. Што ж мы стаімо так? — перамяніў гутарку Рыгор. — Мо ў хату ўвойдзем? — запрапанаваў ён, усю пору стоячы адной нагою ў сенцах, а другой на ганку і трымаючыся рукою за клямку дзвярэй.

— Па-мойму — не варта: я дасюль у хаце сядзеў, — не згаджаўся Сёмка, — лепей пяройдзем да Волькі: там павінны быць Гэля, а мо і Пятрусь. Маеш ахвоту?

— Ці ёмка туды ісці: мо бацькі не ўзлюбяць, занятыя чым...

— Нічога, нічога; яе бацькі дужа добрыя і прыветныя людзі... яны любяць, калі хто прыходзіць к ім. Ярмалай, бач, Вольчын бацька, як пачне табе баяць усякія байкі ды спавяданні казаць, дык ты і вушы развесіш. А Юстына, брат, толькі смяецца ды ліслівенька ў вочы паглядае, быццам мые цябе сваім узрокам... Слухай, пяройдзем, тады забачыш, што праўду кажу... Ты мо сумляваешся, што Свістуны... — угаварваў далей Сёмка Рыгора.

— Не ведаю. Неяк ніякавата... Як падумаю аб бывалішнім, калі заўсёды Ярмалай сцябаў мяне пугаю, злавіўшы ці ў гародзе, ці з канём, дык і цяпер валасы дыбам становяцца.

— Яшчэ чаго не ставала. Прыпамінаць уздумаў. Хіба і цяпер ты думаеш у гарод залезці, а потым ужо ісці ў хату... Ідзем, ідзем. — І Сёмка хапіў Рыгора за руку і сцягнуў з парога, а сам усчыніў дзверы.

— А ты зашчапі або прысунь, — сказаў ён Рыгору, засмяяўшыся.

Рыгор паслушна прасунуў руку ў акенца, дастаў у сенцах закрутку і спусціў яе з падчэпленае нітачкі, потым папрабаваў за клямку, стукнуўшы каленам у дзверы, і, праканаўшыся, што яны туга запёрты, сышоў з ганачка. За ім услед саскочыў і Сёмка.

— Я б, ведаеш, хацеў наладзіць хоць адзін сход нашай арганізацыі, калі яна яшчэ трымаецца, — падаў думку Рыгор.

— А гэта было б не дрэнна... Перад тваім прыездам мы рабілі маёўку ў хвойніку. Было чалавек дваццаць нашае і яўрэйскае моладзі... Ты б расказаў нам пра Рыгу што-кольвечы. Гэта трэба перадаць Петрусю, ён зробіць.

— Я сам з ім пагавару на гэту тэму.

— І то рацыя...

— Пра ўсё парадзімся ўтраіх. Добра? А цяпер ідзем да Свістуноў... — Ідэя!

Яны пайшлі ўсцяж вуліцы да Волькі Ярмалаішкі.

Хата Ярмалая Свістуна стаяла па тым самым баку вуліцы, што і Рыгорава, так мо прымерна хат на восем далей, наўскасяк Прыдатных. У Ярмалаевым дварэ быў маленькі гародчык, у якім Юстына кожны год рабіла тры градкі і сеяла на іх шчаўе. Між плота, у двух вуглах гародчыку, раслі дзве кудравыя ігрушкі-дзічкі, а пасярэдзіне некалькі штук вярбін; яшчэ ў ім былі кусты вяргінь і мяты. Хата мела ў сабе пяць вокан: тры на двор, а два на вуліцу; усе гэтыя вокны былі пахварбаваны ў ружова-белую мулю і парэзаны рамкамі на пяць шыб. За хатаю ішлі сенцы, потым камора, а далей некалькі хлявоў для двух коней і трох кароў. З самага ж краю быў прыбудованы невялічкі сметнічак, на гоны ад якога, у канцы пляца, стаяў новы пекны свіронак. Адным словам, будоўля Свістуна ні на чуткі не рознілася ад будоўляў усіх сілцоўскіх гаспадароў-сераднякоў.

Ідучы да Свістуноў, трэ было мінуць хату Прыдатных, і вось, калі Сёмка з Рыгорам параўняліся з ёю, дык абодва наіскось паглядзелі ў яе вокны; але ні той, ні другі нічога там не ўбачылі і маўчліва направіліся к Вольцы.

Нечаканы іх прыход здзівіў Вольку, а таксама і зарадаваў: яна весела адскочыла ад акна і апавясціла Гэлю, якая ўжо гадзін са дзве гуляла ў яе; за Гэляю яна сказала і бацькам.

— Ну, дык што ж. Міласці просім! — праказала Юстына, пачуўшы бразг дзвярмі.

Яна сядзела ў запечку ў чорным кабаце, без хусткі і ў брудным палапленым фартусе.

— Хаця хату ім адчыню, — дабавіла яна і, як белка, рухава і рэзва, знялася з месца і падбегла к дзвярам.

Ярмалай жа, як ляжаў на палку, палажыўшы абутыя ў боты ногі на прымурак, так і не паварухнуўся. На ём была апранута старая пярэсценькая камізэлька, з-пад каторай выходзіў вялікі каўнер белае, старасвецкае кашулі; на галаве доўгія валасы яго былі змазаны салам, бо добра зіхацелі, і прычэсаны акуратненькім прадзельцам. Твар Ярмалая паходзіў на твар біблейскіх людзей: мерны, зарошчаны шырокімі бакамі і доўгаю барадою; сінія, мяккія вочы, буйны, прадаўгаваты нос. У губах ён трымаў люльку і бессціхання цмокаў ёю. Ляжаў незварушана, нібы толькі напалавіну жывы, быццам упіўшыся тутунным хмелем.

Калі Сёмка з Рыгорам увайшлі ў хату і ў хаце падняўся гоман, смех і жарты, тады і Ярмалай час ад часу даваў аб сабе знаць, што ён не спіць, а ўсё чуе і бачыць; а знак аб сабе ён даваў тым, што пасмейваўся і калі-нікалі ўтыкаў у гутарку свае словы.

— А я думаў, што дзядзька ўжо сабраўся спаць, — пасля некаторага змоўку праказаў Сёмка, падышоўшы к Ярмалаю.

— А што ж, браток, мая справа такоўская: свята — спачывай, будні — працуй. Была пара, вандзігаў і я так, ого-о!

— А чаму б не выйсці куды пагуляць?

— Ды я думаў таксама, толькі, куды ісці. Пагода няважная, на вуліцы гразка, а на места — лянуюся, прызнацца; к суседзям жа не маю хэнці.

— Ну, а заўтра дзядзька думае рабіць што, ці яшчэ свята? — запытаў Рыгор.

— Ды яно, як бы табе сказаць... ні то свята, ні то будні... пэўней, што свята. Градавая серада, з даўных святкуем, чаму ж і цяпер не святкаваць... Папрабую, пашлю Вольку ў Паплавы, хай назбірае там воз — другі камення; а болей — нічога. Коням авёс пакуль што ёсць — няхай жуюць на здароўе, — паведаў Ярмалай і зацягнуўся: з губ вылецела доўгая стужка густога дыму, які цэлаю хмараю разаслаўся пад столлю.

— Я таксама думаю гуляць.

— Вядома, ды і ўсе будуць святкаваць...

Пакуль Сёмка гутарыў з Ярмалаем, Рыгор спакойна, нібы баючыся ці саромеючыся, падышоў к сталу і ўкрадкі, непрыкметна пазіраючы на Юстыну, якая тое і рабіла, што толькі ківала галавою, пераносячы вочы з Сёмкі на Рыгора, а з Рыгора на Сёмку, прысеў разам з Волькаю насупроць Гэлі, якая стаяла, абапёршыся рукою на стол.

— Вось яны там няхай аб сваіх справах балакаюць, вядома, як гаспадары, а тут мы, давай, аб свае, — абярнулася Волька к Рыгору.

— Вядома. На свае справы і мы будзем гаспадарамі.— адказаў Рыгор.

— Ну, дык я пачынаю: як вы хаця заблудзілі сюды?

— Я і сам не прыдумаю. Гэта, бач, усё Сёмка састроіў: стрэў мяне на вуліцы і так прыстаў, што я мусіў паслухаць — ісці за ім. Такім манерам і прыйшлі.

— Ну, Сёмка на гэта мэт, — ціха праказала Волька і азірнулася на мацеру.

— І дзякуй яму, — праказала Гэля, пачуўшы, аб чым Волька кажа.

— Гэта на шкоду не пойдзе, — умяшаўся і Рыгор.

І прагавораныя ім словы рассмяшылі абедзвюх дзяўчат. Найболей смяялася Волька, хоць не адставала ад яе і Гэля. Рыгор глядзеў на іх і таксама ўхмыляўся.

Юстына стаяла ў тыльным акне і раз-поразу кідала ўзрокам на вуліцу.

— А бачце, бачце! — раптам загукала Юстына, перабіваючы і гутарку Ярмалая з Сёмкам, і смех Рыгора з дзяўчатамі. — Ці не ў сваты толькі вунь ідзе Васіль Бераг з сваім дзядзькам і з Янкам Грыбам.

Усе замоўклі і, хто як сядзеў ці стаяў, разам пакідалі свае месцы і пазбегліся к вокнам. Рыгор, Гэля і Волька згрудзіліся ў вулічным покутным акне. Юстына ж з дзецьмі і Сёмка ўлезлі ў тыльнае. Нават падняўся на палку і Ярмалай і, хоць не злез з яго, але стараўся ўгледзець у верхнія шыбы, стаўшы на каленьках.

А ў гэты час Хлор, Васіль і Янка ўжо былі якраз ля Прыдатных, і Янка, ідучы з правага боку, першы захіліў у двор. Іх праводзілі вачыма чуць не з кожнае хаты, між якую яны праходзілі, а таксама і стрэчна ішоўшыя па вуліцы жанкі і мужчыны.

— Вось і на нашай вуліцы будзе вяселле. Гатоўся, Ганна! — казала адна кабета другой, сустрэўшыся і спыніўшыся якраз перад вокнамі Ярмалаевай хаты.

— Мне, як мне, — адказвала другая, — а табе-то напэўная бяседа склеіцца.

— А глядзі, які дасціпны гэты Хлорык, — цягнула далей гутарку першая, зусім не патураючы, што іх слухаюць каля дзесяці чалавек з акон тае хаты, ля якой яны стаяць, — гэта дык Хлорык! Гэта дык ён! Гэта ж, бач, ушчуў, што прыехаў Стэпін сын у госці, дык барджэй напяроймы. І што ж ты думаеш, Ганулька, гатоў адбіць Мікалаішку за свайго Васіля... А мне здаецца, па праўдзе кажучы, гэты самы яго нябог, Васіль — хоць ужо ён мне і прыходзіцца нейкім сваяком — і нагі не варт Стэпінага сына: той, галубачка мая, хлопец — толькі пацешыцца ды палюбавацца ім, а гэта — салоха, нягеглец... Будзь бы на мяне, я б ніколі сваёй дачкі не выдала б за гэткага, як Бераг, нягледзячы, што ён багаты ды знатны...

— Пакінь казаць, дзіўная. Цяпер не вельмі глядзяць на красу; грошы давай — вось у чым увесь сэнс. Хоць крывое ды гарбатае, абы слаўнае ды багатае, ці то хлопец, ці дзяўчына,— разважала другая кабета.

Юстына зацікавілася іх перасудамі і гатова была сама адчыніць акно і памагчы ім, але гэтаму перашкодзіў Сёмка, які раптам адвярнуўся ад акна, выйшаў на хату і з пагардай праказаў:

— Цьфу.! Згінь, прападзі! Дурная будзе Зося, калі папруцінаю не выпрэ з хаты ўсю тройцу...

Усе зірнулі на Сёмку.

— Пакінь брахаць. Каго ж лепшага яна можа чакаць! — стрымала яго Юстына.

Дзяўчаты ўкрадкаю пераглянуліся.

Ім няёмка стала за Рыгора, які, аднак, мала патураў таму, што бачыў. І сваты, і гутарка жанок за вокнамі хаты, і тая цікавасць, якая захапіла Вольку ды Гэлю, здаваліся яму зусім звычайным, добра яму вядомым з’явішчам. Гэтага і трэба было чакаць, бо гутаркі, што і да яго даходзілі, будаваліся не на пустым паветры.

Але Рыгора займала Зося, як чалавек. Апошняя гутарка з ёю асабліва яскрава падкрэслівала ў ёй характэрныя ноткі нездавальнення сваім палажэннем і хоць не напружнае, але выразнае жаданне знайсці з яго выйсце. Магчыма — Рыгор дапускаў — што дзяўчыніным настроем кіравала часткова і пачуццё любові, усё ж Зося цягчылася тых абставін, у якіх яна знаходзілася і якія ўскладняліся бацькаўскім намерам звязаць яе замуствам з Берагамі. Успомніўшы рашучыя заявы Зосі не папусціцца бацькавай волі, Рыгор не быў упэўнены, што Зося падніме бунт супроць бацькоў. А калі і паспрабуе пасупярэчыць, то з гэтага выйдзе мала толку.

Рыгора займала пытанне, якім парадкам яму паперашкодзіць Берагаваму замаху на Зосю? Што зрабіць, каб дапамагчы ёй выбрацца з багны зацвілае шляхецкасці і ступіць на шлях новага, інакшага жыцця.

Задача была не з лёгкіх. Рыгор гэта прадбачыў. Тым не меней, ён не думаў выпусціць з рук тых магчымасцей, якія ў яго меліся. Гэтыя магчымасці, у асноўным, заключаліся ва ўгаворах Зосі. «Дзяўчыну трэба ўгаварыць, заверыць, упэўніць у тым, што не на Сілцах сходзіцца свет і не ўсе дарогі вядуць у кулацкія хаты праз гвалтоўны замуж», — раздумоўваў Рыгор, плануючы, як і што сустрэцца з Зосяю і яшчэ раз пагутарыць на гэту тэму. Яму цікавымі здаваліся і парады Сёмкі, ад якога можна заўсёды атрымаць разумныя і талковыя думкі. Рыгора цягнула абгаварыць гэта пытанне з таварышам, і ён запрапанаваў Сёмку выйсці прагуляцца. Сёмка не супярэчыў, і яны хутка пакінулі Свістунову хату.

— Паглядзі во, — пачаў першым Сёмка, калі яны ачуліся на вуліцы, — як піць даць Зося апыніцца ў Берагаў.

— Ты думаеш? І нічому ўжо ніяк нельга паперашкодзіць?

— Дзе ты бачыў? Прыдатны сагне яе ў барані рог.

— Няўжо гвалтам?

— Або ты не ведаеш таго? Калі табе прыйшлося забыцца!..

— Шкада Зосі... як чалавека і харошага таварыша...

— Так, яна, бадай, адна ўвесь час знаходзілася ў нашай кампаніі; пры ёй можна было гаварыць і аб сакрэтах... Яна не чужылася страшных і зненавісных другім дэмакратаў... Нават, ты ж памятаеш, колькі разоў Зося наведвала нашы маёўкі... Тым часам — во... У адзін момант апыніцца ў абоймах гэтага дзедзіцкага вырадка...

— А я думаю яе і надалей падагітаваць... Авось у дзяўчыны знойдзецца смеласці, і яна задумае паспрачацца з бацькамі... Ты ж, з свайго боку, Сёмка, паспрабуй уплыць на яе... Свая дзяўчына...

Сёмка няўверана паглядзеў таварышу ў твар.

— Сумняваешся?

— Так... Мяне дзівіць, Рыгор, што ты судзіш так, мэрам бы табе наша сілцоўская сапраўднасць зусім невядома.

Яны прайшлі вуліцу і па Сівулінскай дарозе выйшлі ў яравыя палеткі. З поля нясло вільготнай свежасцю, але руцянеўшыя ўсходы цешылі маладым жыццём. Дзесьці, па другі канец палеткаў, зычэлі гукі пастуховых берасцянак і плаксіва залівалася нудлівая жалейка. Пры бліжэйшай вёсцы махалі скрыдламі пару ветракоў. З дзесятак падвод, нагружаных мяшкамі збожжа, накіроўвала да іх вузкімі завілымі сценкамі. Нечакана з Сівуліна ехаў тамтэйшы ўраднік, вядомы кожнаму сілцоўцу па дзевяцьсот шостаму году, калі ён на працягу ўсяго студня месяца рабіў аблаву на сілцоўскіх сацыял-дэмакратаў... Ураднік пільна паглядзеў на знаёмых яму хлапцоў, правёўшы іх узрокамі. Але ні Рыгор, ні Сёмка не прыдалі гэтаму жаднае ўвагі. Яны завярнулі направа, да гуменішча, не пакідаючы абгаворваць закранутае Рыгорава пытанне. Сёмкаў песімізм не здавальняў Рыгора, і ён стараўся яго развеяць сваімі довадамі.

— Ты, браце, паддаешся нецікавым настроям... цябе ўпарта зацягаюць сілцоўскія інтарэсы дробных...

Рыгор не дасказаў, бо зусім нечакана для іх абодвух як з зямлі вынік Пятрусь. Ён вяртаўся з працы, з сякераю за плячыма, падперазаны саломенным перавяслам, у старых, растрапаных лапцях.

— Спацыруеце? Шчаслівыя! Нават градавую сераду святкуюць — чым не любата, — загутарыў Пятрусь.

— А сам зверадзіўся, бедны, — адказаў Сёмка.

— Болей вашага. З восьмай гадзіны вось дагэтуль гваздаў сякерай за восем злотых...

— А то ж што... Гладышы хлеў становяць і вяршкі нанялі агаляць...

— Затое грошай назбіраеш...

Яны накіравалі вулачкаю ў мястэчка. Рыгор увёў у курс гутаркі Петруся і папрасіў яго думкі на закранутае пытанне. Пятрусь заняў сярэдзіну між Рыгорам і Сёмкам, аднак стаяў за тое, каб Рыгор паспрабаваў яшчэ агітаваць Зосю.

На разыходзе яны абгаварылі справу наладжання сходу мясцовай арганізацыі с.-д., даручыўшы гэта Петрусю. Пятрусь ахвотна даў абяцанне падгатовіць сход на суботу і апавясціць Рыгора.

— Ну, ты зробіш паведамленне аб становішчы ў Рызе! Ідзе?

— Ідзе!

На гэтым хлопцы разышліся па хатах...