III
Пакінем на кароткі час Рыгора, Сёмку і Петруся ў доме, а самі прасачым, з якою цікавасцю страчалі Прыдатныя сватоў і як іх стрэцілі; потым паслухаем іх гутаркі.
Якраз у той самы час, калі Хлор Бераг, чырвоны і поўны, з Васілём Берагам і яго таварышам Янкам Грыбам, вясёлыя і бравыя, пад хмяльком, падыходзілі пад хату Прыдатных, а Янка зрабіў ужо першы крок у двор, Мікола Прыдатны важна стаяў у хаце супроць дваровага акна і штосьці задуменна пазіраў на садок, які ўжо адцвітаў і белым уборам пахучага квету, як макам, засыпаў гразкаватую чорную зямлю між новага частаколу. Марта ж, яго жонка, за нечым была выйшаўшы ў двор. Зося знаходзілася ў хаце: яна стаяла ў запечку перад вешалам і пільна шукала між павешанай вопраткі хусткі, якою яна хацела акінуцца, каб перабегчы на часінку-другую да Волькі.
Мікалай, угледзеўшы іх, порстка замітусіўся і пачаў шукаць вачыма Марты.
— Тэкля, дзе маці? — шэптам запытаў ён дачку.
— У сенцах, — адказала тая і выбегла.
— Зоська, прыхарашыся! — абярнуўся ён да Зосі, якая знервованай стаяла на адным месцы, пад вешалам, ашаломленая тым, што вакол яе рабілася.
А тым часам госці набліжаліся да сяней. Марта, нібы швайцар, ёмка нарасхлест адчыніла дзверы і, стаўшы наўпрост, гасцінна захісталася перад гасцямі.
— Добры вечар, дарагія мае! Ці не заблудзілі толькі, родненькія? — разлілася яна і папрасіла ўвайсці ў хату.
Госці паціснуліся з Мартаю за рукі, а Васіль, здаецца, і пацалаваўся.
— О, суседухна! Нас выпадак прыслаў за вялікім дарам да вас, — пераступіўшы парог у хату, весела вымавіў Хлор.
— Не за дарам прыйшлі, а малойца прывялі вам у дар! — паправіў яго Янка, вітаючыся з Міколам.
— Ці за дарам прыйшлі, ці дар прыняслі, — мы вам дужа рады! — адказаў Мікола, нізка схінуўшыся і папрасіўшы сватоў сесці.
Для Зосі ж іх прыход быў настолькі непрыемным, што яна ўся разгубілася: не ведала, што гаварыць, ці мо зусім не гаварыць; нават Янку і Васілю, каторыя першыя загаварылі з ёю, яна адказала змоўкам. Яна як абярнулася пры ўваходзе гасцей у хату тварам к дзвярам, так і стаяла, не хочучы парушыцца з месца. Хлор з Янкам паказаліся ёй тымі махлярамі, якія кожную восень прыходзілі к яе бацьку і да другіх мяшчан купляць коні і таргаваліся да ачамернасці, а потым ішлі на барышы: піць гарэлку.
— Зоська, га, Зоська! Ты прыадзенься хаця крыху, такі-та ж госці прыйшлі к нам, — шапнула дачцэ Марта.
— Адкаснецеся вы са сваімі гасцямі! — злосна адказала Зося, адвярнулася к акну і ўзорылася на вуліцу.
Марта зазлавала даччыному адказу і моцна ўстрывожылася. «Гм, гм! і чаго яна капрызіцца? Вось, на яе цураха, якая ж такі яна ўпартая! Гэта ж трэба, яшчэ непрыемнасці нарабіць!» — прабегла ў яе галаве, і Марта зноў падышла да Зосі ды ўжо ласкава папрасіла яе выйсці на слова ў сенцы. Зося маўчліва адвярнулася з акна, зняла з вешала хустку і ў справоджанні Янкавых ды Васілёвых узрокаў пайшла следам за мацераю.
— Зоська! Та чаго ж ты капрызішся? — зачыніўшы за сабою дзверы, запытала Марта.
— Ды вот так! Вы самі павінны гэта ведаць! — коратка і злосна адказала Зося.
— Дык, значыць, ты хочаш сораму нарабіць? — спытала далей незадаволеная Марта.
— К чорту я іх пасылаю! — голасна, што мо зачулі і ў хаце, адказала Зося.
— Ша-ша-а! А то яшчэ пачуюць! — стрымала Марта дачку, паднесшы к яе вуснам далонь, а потым злосна вырачылася:
— Чаму не патрэбны? А каго ж ты будеш чакаць? Мо гэтага галадранца? Глядзі, адно, глядзі... Нешта ты вельмі смелаю стала: не спытала мусібыць доўга бацькавай пугі? Гэй, дачушка!
Зося разгорнілася і заплакала.
— Ну, дык добра, добра! Кідайце мяне жывою ў яму!
Зося закрыла вочы рукамі і кінулася тварам у халаднаватую падушку.
Марта не паспагадала дачцэ, а яшчэ болей раззлавала на яе: у злосці, як у агні, уся чырвоная, з пенаю на губах, яна прабегла некалькі раз па сенцах, выскачыла на хвіліну ў двор, вярнулася і, бачачы, што Зося ўсё яшчэ стаіць, утуліўшыся ў падушкі, падбегла к ёй і сіберна тузнула яе за рукі.
— У хату ідзі, я табе прыказваю! Ідзі ў хату, ведзьміна адроддзе!
— А вось не пайду, не пайду! І што вы мне зробіце! — агрызнулася Зося ды зноў уткнулася ў падушку.
— Ну, глядзі ж, нябога! Каб гэта табе омегам не вылезла, — паківала Марта пальцам у бок Зосі і пакінула яе адну.
Пакуль Марта з дачкой валэндаліся ў сенцах, у хаце Мікола прыняў на сябе ролю гаспадыні і паспеў рассадзіць гасцей за стол, падаць ім гарэлкі і прыгатаванай Мартаю закускі.
— Не адказвайцеся, вы ж у нас рэдкія госці! — запрасіў Мікола і аглянуўся на дзверы.
Якраз з сяней увайшла Марта. Яе выгляд кінуўся ў вочы Міколу.
— Што гэта з табою? — запытаў ён.
— А нічога! Не клапаціся! — супакоіла мужа Марта.
— Не, ты скажы, скажы! — не адставаў той.
Пры гэтых словах госці паглядзелі на Марту, потым пераглянуліся між сабою.
— Не дурыся! Не перашкодзь людзям.
Мікола не стаў далей нічога казаць і хутка выбег у сенцы. Зосі ён не прыкмеціў у пацёмку. Падышоўшы к хвасе з жытам, ён выняў гарэлку і хутка павярнуў у хату.
— Што ж! Для мілых гасцей... — праказаў Мікола, стукнуўшы поўнаю пляшкаю аб стол.
— Справы, справы! — падхапілі ўсе агулам.
І бяседа шырылася. На ўсіх найшла нейкая асаблівая вясёласць. Хлор, Янка, Васіль, як Мікола і раптам перайначаная Марта, нават і Тэкля, — усе наперабой гутарылі, смяяліся і жартавалі, запіваючы ўсё гэта гарэлкаю і закусваючы сырам, каўбасою і булкамі. Аб Зосі, здавалася, і забыліся! Здавалася, прыйшлі толькі з тым, каб папіць, пазакусваць.
— Што ж, суседзе Міколе! — заводзіў голасна Хлор, трымаючы ў руцэ кілішак, калі ўжо сцямнела і ў хаце Прыдатных зажухацела лямпа. — Што ж! Трэба сёння прыйсці да ладу, няйначай. З хаты не выйдзем... Мне так мой нябог вялеў!
Хлор палопаў Васіля па плячы.
— А што ж! Можа, думаеш, сусед, мне не пара яго жаніць? О, не думай! Самы раз... А табе зноў!
Ён прыстукнуў кулаком па стале. Усе паглядзелі на Хлора.
— Я ж кажу, суседзе, што табе таксама пара дачку выдаваць. Хваліцца я не люблю і ніколі не хваліўся, заўсёды кажу адну праўду: а то праўда, што нашы дзеці, бач твая Зося і мой нябог Васіль, як лепш не трэба, адно да другога падходзяць. Маладыя, здаровыя, прыгожыя абое! А знатнасці таксама не пазычаць. Гэта зусім не тое, што які там Самусь ці Габрусь, а ўсё-ткі Бераг або Прыдатны. Ці ж не праўду мо я кажу! Га, Мікола? Я ведаю, што тут гаманы мала можа быць. Кожнаму відаць усё, як на далоні... А калі відно кожнаму, то табе, суседзе, я думаю, яшчэ больш і ляпей, як другому... Вось, я ж цябе і запытаю цяпер: згодзен ці не ты аддаць сваю дачку за Васіля? Адкажы мне праўду і зразу ж адкажы, прашу я.
Мікола, разявіўшы рот, з тлустаю ўхмылкаю на твары, выслухаў Хлора і адказаў:
— Вунь! Чаму ж не! Вельмі-вельмі рад я гэтаму, даражэнькі суседзе! Дужа рад! Твой Васіль ужо даўно ў нас з Мартаю на прымеце... О, яшчэ якая лахва! А што ён якраз падыходзіць да мае дачкі — то і казаць нечага. Толькі, сваце...
— Што, што, што «толькі»? — перабіў Хлор. — Ты не мей у навыку «толькі» адгаворвацца, а то гэтыя «толькі» рвуцца на столкі. Чаму ж? Калі мелі Васіля ў ваччу, чаго адвільвацца? Хіба мо наадварот кажаш? Мо думаеш адно, а гаворыш другое — тады, вядома, рэч іншая. Я буду ведаць, як адказаць.
Хлор нацягаў сур’ёзную міну.
— Што ж! Папрашу выбачыць за лішні клопат і... за дзверы...
Сказаўшы гэта, ён весела рассмяяўся. Мікола яму памог сваім смехам. Абодва зразумелі адзін другога і былі вельмі рады, што справа бярэ добры паварот.
Марта не ўпільнавала, з чаго пачалася гутарка ў Хлора з яе мужам, бо сама яна была занята з хлопцамі: з Васілём ды Янкам. Але калі вясёлы смех Хлора заглушыў усё, яна барджэй пакінула хлопцаў і абярнулася к мужчынам.
— Што, што, што? Што думае рабіць Мікола? — запытала яна Хлора.
— Рабіць-то нічога не думае, але нешта вожыкам узірацца пачынае на нас.
— Як гэта? Што сват гэтым хоча сказаць? — перапытала Марта.
— Як відаць, то не вельмі вы збіраліся нас спатыкаць; а можа, зусім і не чакалі?..
— Што гэта, што? Чаму сват так гавора? Што магло трапіцца гэткае! І калі гэта? — Мікола, га Мікола? — абярнулася Марта да мужа. — Што ты сабе дазволіў нагаварыць?
— Ды нічога, нічога! Сват пажартаваць хоча, — сцешыў жонку Мікола.
— Вы для нас, сваце, — зноў перайшла Марта к Хлору, — вы для нас — самы даражэйшы госць, якога мы калі мелі шчасце страчаць. Мы цалюсенькі тыдзень больш ні аб чым і не думалі, апроч як аб вас... мы вас чакалі. Што ты ўшалопаў сабе, Хлор? Ось калі, ось калі, які ты дзіўны!
Хлор і не думаў сердзіцца, а цяпер, калі яшчэ Марта так перад ім раз’ехалася, да таго павесялеў, што не мог нацешыцца.
«А я ўмею, як справу паставіць!» — задаволена падумаў Хлор, а праз хвіліну запытаў:
— А Зося ж то дзе?
Яго словы пачулі ўсе і як адзін азірнуліся на хату. Адсутнасць Зосі, пра якую ўсе забылі, зараз ставіла ўсіх у няёмкасць. Кожны ў думках пытаў сябе: «А дзе ж Зося?» Але адказаць не давялося, бо якраз адчыніліся дзверы і Зося ўвайшла ў хату.
— Зося, Зоська, хадзі сюды! — абярнуўся да яе Хлор. — Дзе ж ты ходзіш? Хіба мы табе не любы?
— Ды не, яна сёння рана прачнулася і мусібыць спаць захацела, — адказала Марта.
Зосі ж, быццам, гэтага і трэ было: усё тое, што залягала ў яе на сэрцы, не давала паварушыцца языку; а вусны не выпускалі слоў. Як загіпназаваная, села яна пры ложку і маўчліва сядзела. Ні ўходы за ёю мацеры, ні разувага бацькі, ні жартлівая гутарка Хлора, ні цёплыя словы Васіля — нічога не кратала яе і не мела жаднага ўплыву. Зосіны паводзіны былі капляю дзёгцю ў бочку мёду.
Тым часам ужо на дварэ падыходзіла к поўначы...
Але на вуліцы адчувалася шумлівае ажыўленне. Сваты выклікалі шырокую зацікаўленасць, і каля хаты Прыдатных таўклося шмат сілцоўцаў, не толькі моладзі, а і пажылых. Вакол здарэння ішлі разнастайныя гутаркі і перасуды. Імёны Зосі, Васіля і Рыгора скланяліся на ўсе лады, абгаворваліся з усіх бакоў. Чуліся спачуванні аб Зосі, якой «нямаведама за вошта ўхапіцца». Васілёва заможнасць ставілася на высокую ступню, як моцная перавага над Рыгорам. Тым не меней і за Рыгора раздавалася многа галасоў. Узважыўшы, можна было смела сказаць, што за Нязвычным аставалася амаль не цалкам сімпатыя ўсёй моладзі. Рыгор браў сваім знадворным выглядам, сваім палажэннем гарадскога чалавека і тымі якасцямі таварыша і сябра, якія адчуваў кожны, хто б з ім не меў тых або іншых адносін. Не ставала аднаго — гэта матэрыяльнае базы. Уласніцкая нотка прабівалася амаль не ў кожнае жанчыны, якая не пашкадавала часу, каб прыйсці пасудзіць з суседкамі пад хату Прыдатных. Гэта зычэла будзёншчынай, сухім дзяляцтвам, але мела пад сабою грунт у абставінах местачковага жыцця. На Нязвычных глядзелі, як на брукавых людзей, не звязаных ні з зямлёю, ні з рамяством. Найміцтва Рыгора з ранніх гадоў і пабіранне Стэпы трапунковаю падзёншчынай былі вядомы ўсяму мястэчку. Пры гэтым Нязвычныя не мелі жаднай родавай сувязі, а аставаліся адны, як беспрытульныя. Зразумела, што Рыгорава паездка ў горад і яго падтрыманне адтуль мацеры патроху пераіначвалі да іх адносіны мяшчан. Знаходзіліся гэткія, што прарочылі Рыгору бяспечную будучыню, а Стэпе — сталую дапамогу.
Усё ж дзедзіцтва трымалася сваіх поглядаў. Нязвычныя выкрасляліся імі з самавітых людзей і бязлітасна ненавідзеліся, як дэмакрацкае адроддзе. Водгук дзедзіцкай варожасці да сілцоўскае беднаты знаходзіў некаторую падтрымку і сярод тых сілцоўцаў, якія па свайму маемаснаму стану бліжэй стыкаліся з беднякамі, ніж заможнаю верхавінкаю мястэчка. Многа было гэтаму прычын, а галоўнейшая заключалася ў адсутнасці належнай свядомасці.
Гэта не было навіною ні для кога. Тым болей ведаў пра гэта Рыгор. І выйшаўшы да Сёмкі, а з ім падышоўшы да грамадкі людзей, ён якраз наткнуўся на абгавор сябе.
— Што Рыгор, — казала якаясьці жанчына: — як верацяно без пражы: куды ткнуў, там і месца. Бачыш, мая сястрыца, маці век грады поле, а восенню дровы цягае з лесу... Прыйдзе зіма — то кудзелю смугліць — талек са тры на тыдзень высуча, лічы, што за заробак... Якое ўжо там жыццё. Вось можа цяпер крыху акрыяе, калі Рыгор узаб’ецца на якое-кольвечы сталае месца, а так... Іншая рэч Бераг... Тут ужо голымі рукамі не схопіш, не... Паглядзі — хто яму не льсціць: і старшыня, і поп, і кожны сілцоўскі гаспадар... Прыдатных не абыдзеш — яны чуюць, адкуль смачна пахне...
— Ды ўжо ж, — адказвала другая, — кожны шукае сабе, што выгадней. Хараством не наліжашся, калі ў жмені няма чаго сціснуць. А Берагавы хваскі ды кубельчыкі, нябось, лопаюцца ад перапаўнення. Сувойчыкі, бачыш, усе паплавы ўсцілаюць палатном. Кароўкі ідуць — мэрам дваровыя, адна ў адну. А дроў не трэба бярэмем з лесу цягаць: кастры стрэхі распіраюць... Нажыліся, ліха ім, як п’яўкі на чужой крыві...
— Кінь, Саламея... Сваімі сіламі: скнары, бачыш, прайдзісветныя; душацца голаю бульбаю, а ўсё ў панчохі чырвонцы тохцяць. Тадося, дык хто ж не ведае, праз усё лета посціць, каб лішні фунт масла збіць да саракоўку ў скарбонку ўкінуць... Так гадамі і накідалі... Зразумела, што і без нячыстых спраў не абышлося... Людзі круціць умеюць...
— Ого, яшчэ як!.. Берагі! Каму невядомы іх суды з Бусламі? Бач, дзесяцін тры сялібнае зямлі нізавошта адцягалі... Крывасмокі... Каб на мяне...
Сёмка тузануў Рыгора за рукаў, і яны адышліся да суседняй хаты.
— Чуеш?
— Чую. Як табе падабаецца гэта дыскусія?
— Плюнь. Ёсць да чаго прыслухоўвацца. Табе баб’ё столькі нагаворыць, што вушы загразнуць.
— Цікава, аднак... Якое яшчэ ліпкае рабалеп’е перад знатнымі... Калі, нарэшце, людзі вызваляцца ад гэтага гіпнатызму!..
— Цемната, Рыгор... Балота... якое ўсё ж высыхае. Ты вось чуеш, калі хто раней асмельваўся так востра характарызаваць нашых дзедзічаў? А зараз кожная Саламея ці Прузына не палезе ў кішэню за словам. Людзі нутром адчуваюць, дзе іх вораг і дзе блізкі. Вось прыедзь у Сілцы праз год, і ты станеш агульным кумірам... Не смяюся... Калі б падзяліць сілцоўцаў па накіраванасці іх сімпатый надвая, то павер, што за Берагамі ты знайшоў бы куды меншую палову, ніж за сабою... Так.
— Магчыма.
— Не магчыма, а сапраўды... Тая самая Зося, каб яе ўзяў у зварот, ражном бы сустрэла гасцей, але...
— А што ты казаў пра яе пару гадзін раней...
Сёмка падаўся назад.
Зразумела, што яна не Гэля. Каб ёй Гэліну рашучасць — тады б...
— Во бачыш... Ёсць вядома, што ў даным выпадку многае залежыць ад Зосі. Знайдзіся ў яе больш смеласці, — можна было б выпрацаваць стойкага чалавека...
— Лепі менш пра гэта думай...
Яны не заўважылі, як па суседству з імі, праз вуліцу, згуртавалася зборня моладзі, і паўночная пара напоўнілася заводзінамі розных абрыўкаў песень. Сярод апошніх можна было чуваць бадзёрыя напевы «Варшавянкі» і цягучыя, сумныя рэчытатывы «Девушки».
З пераплёту рэзвай, ажыўленай гутаркі выразна адзначаліся звонкія, пераліўчатыя сказы неўгамоннай і заўсёды жывой у кампаніі Гэлі.
— Падыдам? — запытаў Сёмка.
— Давай! — згадзіўся Рыгор.
— Кінь думаць пра Зосю.
— Памыляешся, калі так думаеш.
Пры набліжэнні да зборні на іх накіравалі хлопцы пару зыркіх, бліскучых электрычак, асвяціўшых перад усімі іхнія твары.
— Га-а-а! Таварышы дарагія! — выгукнула Гэля. — Прасімо да кампаніі.
Яна хапіла Рыгора за руку і ўсадзіла побач сябе і Волькі, з другога боку якое прысеў Сёмка.
У тую ж хвіліну раздаліся стройныя ўздымныя напевы любімай сілцоўскай моладдзю песні — «За заставай, у харчэўні ўбогай»...