SommaireСокі цаліны
Квадра І - БАЦЬКАВА ВОЛЯ, ЧАСТКА ПЯТАЯ · 5 min de lecture

IV

Гэта было каля другое гадзіны ночы. Сваты яшчэ цягнуліся доўга, ажно іх застала світанне. За ўвесь час гарэлкі было выпіта як мае быць, а нагаворана ўсяго-ўсякага чортава процьма. У гаворцы, прыязненай, мяккай і гасціннай, даходзіла да таго, што Хлор ці Мікола раптам пачыналі злаваць адзін на другога, паднімалі гучны гоман і насупваліся. А следам настрой мяняўся, і сваты цалаваліся.

Толькі адзін Васіль цэлую пору быў хмуры, як вожык: яго рэзала за жывое, чаму Зося, седзячы пры ложку, не заікнулася да яго жадным словам. Чаму і за што?

І яму яскрава ўспаміналіся спатканні з ёю, і дужа яскрава, выразней ад усяго, той вечар, калі Зося з ім і гаварыць не захацела. Усё гэта ўставала перад Васілём у празрыстых, непрыемных для яго рысах, якія ўздымалі сумніўныя, няўвераныя раздумы, нараджалі неспакой і засявалі лёгкую падозранасць да яе.

У гэтым настроі ён не мог вызваліцца ад ачамерных, цяжкіх думак, у якіх аддавалася месца Рыгору, які, нібы прымха якая, не пакідаў яго ўражання, а стаяў, як страшнае зданне, перад яго вачыма.

За сталом, пад хмель і вясёласць дзядзькі Хлора, таварыша Янкі, бацькоў Зосі і яе маленькае сястрыцы, Васіль не перасціхаў думаць: «Няйначай як гэты самы Рыгор усяму перашкодзіць! Іначай, няўжо ж бы Зося так вяла сябе тады, калі ў яе хаце сваты?.. А можа, тут што іншае мяшае: можа, яна нездарова? Запытаю!» — рашыў раптам Васіль і праказаў да Зосі:

— Што з табой, Зося? Табе мо нездаровіцца? Чаму ты ўвесь вечар такая нудная?

На яго запытанне Зося не азвалася ні словам, ні бедным, а яшчэ горай нахмурылася, нібы даючы знаць Васілю, што яна не намерана з ім гаварыць.

Гэта Васіля абурыла: ён пачаў нерваваць, выразна неспакоіцца і пільна, да недалікатнага сачыць за кожным моргам Зосі, за кожным кіўком яе галавы, за малейшым рухам яе губ.

Зося прыкмеціла гэта і адвярнулася ў акно. «Што ж такі ва ўсім гэтым хаваецца?» — пытаў ён трывожна самога сябе і азірнуўся на дзядзьку.

Азірнуўся і ўбачыў на твары Хлора адбітак падобных сваім думак. Хлору Зосіны ганоры не спадабаліся горай, чымсь Васілю; толькі ён ведаў сваё: Зося сілы не мае — бацькава воля!

«Бэчся, бэчся, дзевачка — не ўстрашыш гэтым!» — смяяўся Хлор у сваім нутры.

Урэшце сваты дамовіліся: зрабіць на Пётру ўладзіны, а ў дзве нядзелі пасля Пётры — вяселле.

Шчырыя пацалункі Прыдатных з Хлорам, Васілём ды Янкам — служылі пячаткамі для зробленай умовы.

— Хто іх пашкадуе, як не мы! — вылезшы з-за стала, разыходзіўся Хлор.

— Вядома, вядома, сваце! — згоджваўся Мікола. — Патураць ім не трэба ні каліва, ні беднага. Яны яшчэ дзеці.

Зося стаяла ў мыцельніку і чула ўсё гэта; у яе нутры звёртваўся клубок цяжкіх думак. Адваротна было да таго, што, калі Хлор з Янкам падышлі к ёй, каб на прашчанне пацалавацца, яна злосна адмахалася рукамі.

— Пакінь ты, Зося, свае ганоры. Не думаў я, дзівача, гэтага, зусім не думаў, — ківаючы галавою, нездаволена праказаў Хлор, і сытая, праназаватая ўхмылка заліла яго твар.

— І навучылася такі-та ваша Зоська нейкай фанабэрыі. Няўжо гэта «гарадскі» той адукорыў яе? — абярнуўся ён к Марце.

— Ды нічога, нічога. Яна зусім не фанабэрыстая. Можа, знябылася — вось ёй і не на вуме нічога. Не патурайце, сваткі! — разлілася перад Хлорам Марта.

— А чаму сват так думае? — умяшаўся і Мікола.

— Ды вось я падышоў падзякаваць ёй, а яна і глядзець на мяне не хоча.

— Яна саромеецца...

— Ай, сваце, нашто шуткаваць. Яна церасчур хванабэрыстая ў цябе, — наставаў Хлор.

— Павер, сват, зусім не... Нашто на ўсё звяртаць увагу.

— Ды яно ж то так, вядома, толькі...

— Нічога, нічога...

— Ну, та годзі аб сім... Дай толькі, сваце, іх звязаць разам, тады само жыццё іх усцягне на дарогу... Я думаю, што з кожным з нас так траплялася ў тыя часы, калі мы былі яшчэ хлопцамі: хто з нас не хванабэрыўся, хто не капрызіўся. Бач, помніцца мне, як я сам, бывала, — не падыходзь ка мне... Толькі, сваце, тое, што Васіль зусім ужо іншы чалавек, дык, здаецца, чаму б яго злаваць. Будзь да яго добрай Зося — дык наколькі яшчэ ён палепшае-а-а! Мяккасць заўсёды мяккасцю дастаецца... А то, я бачу, ён хіліцца да яе, а яна і не дбае.

Мікола паважаў свата як разумнага і хітрага чалавека і да яго рэчы прыслухваўся, як не трэба шчырэй. А словы Хлора лісцілі яго, казлыталі пачуццё, і Мікола наперабой пераказваў: «згодзен, зго-о-о-дзен», а каб Хлор болей верыў, абымаў яго і цалаваў. Марта стаяла паміж імі, злажыўшы рукі на грудзях, і ўмільна давала волю задаволенай ухмылцы на паружавеўшых шчоках. За кожным спадабальным ёй словам яна смяялася і азіралася на дачку, якая ціхенька, непрыкметна стаяла ў мыцельніку, прыдаўленая адваротным торгам.

Усе быццам і забыліся, што яны вылезлі з-за стала, каб ісці дадому; гутарка абяцала не мець канца. Каб не певень, прагукаўшы за акном, у якое раптам павярнуліся ўсе, дык яшчэ б ішлі рады, але Янка, абярнуўшыся к усім, праказаў:

— Вой, ужо ж раніца. «Едзьма, сваткі, дадому-у»...

Хлор кінуўся Міколу на шыю, расцалаваўся з ім, потым паўтарыў гэта з Мартаю і, хапіўшы Янку пад руку, зацягнулі ўдваіх п’янымі галасамі песню і выйшлі з хаты.

Уся сям’я Прыдатных правяла іх на вуліцу...

Васіль спыніўся, каб прайсці з Зосяю, але Зося, як стаяла ў хаце, дык і не кранулася з месца.

— Зося, ну дык чаму ты так ганорна? — закінуў Васіль.

— Я? — нічога... — суха, упаўголаса адказала яна.

— Дык за што ж ты злуеш на мяне?

— Прашу цябе, Васіль, не раздражняй мяне...

— Нават так? — жахнуўся Васіль.

Зося не адказала.

— Васіль, га-а, Васіль! — выйшаўшы на вуліцу, у адзін голас прагукалі Янка з Хлорам. — Што ж ты, брат, ашукваеш нас? Зосі шкад... баішся пакідаць. Нічога, не ўцячэ.

Васіль, пачуўшы вокліч, павярнуўся да выйсця.

— Дабранач, Зося! — праказаў ён і намерыўся заглянуць Зосі ў твар, але тая ёмка адвярнулася, і Васіль абмежаваўся адным поціскам рукі.

У гэты час бацькі вярнуліся ў хату.

— А дзе ж Зося? — запытаў Мікола, пераступіўшы парог і не заўважыўшы яе.

— А чаму? — перапытала Марта.

— Так, ці не пайшла часам з Васілём?

— Э, не; яна ў сенцах, мабыць.

— Ах, на яе цураха, і што яна бочыцца ўсё. Гэта ж узяла і толькі брыдкасці нарабіла, так абышоўшыся з імі. Скажуць: навучылі.

— Ды пакінь, гэтага не скажуць... Дурная яшчэ, я табе скажу. Унь ушалопала сабе нейкага там Нязвычніка. Прогліца яго якраз прыгнала з горада...

Мікола паматаў галавою і задумаўся.

Марта паглядзела на яго і прамовіла:

— Чаго думаеш!

Мікола раптам сышоў з месца.

— Э, нічога... Давай лажыцца спаць, заўтра абсудзім на свежую голаў.