І
Яшчэ толькі-толькі сонца паднялося з-за лесу і пачырваніла верхавінкі сілцоўскіх хат, як у акно Нязвычных пачуўся стук і запытанне:
— Стэпа ўдому?
Рыгор прачнуўся і паглядзеў на хату. Маці была ў сенях — ён пачуў яе ўвіханне з карытцам.
— Маці! — пазваў Рыгор.
Стэпа ўбегла ў хату і, скмеціўшы пад акном Лейзара Бірмана, адазвалася:
— Ты, Лейзар, хацеў мне што сказаць?
— Так. Ты час маеш?
— Маю.
— Пойдзем паграсаваць градак з дзесяць, га?
— Адна я?
— І Матруна Грышкава ідзе.
— Колькі ж дасі хаця за гэта?
— Гэ, не пакрыўджу. Або гэта ўпершыню табе. Тры злотых атрымаеш. Глядзі, во, паўдня ўжо на дварэ. Збірайся.
— Добра... Іду, толькі перакушу чаго-небудзь... Яшчэ ж толькі што каровы пагналі.
— Кінь ты... Зараз на ранкі прыгоняць... Хутчэй.
Лейзар адышоў ад акна, паглядзеў на сонца, пасля змерыў крокамі ўласную цень і пакруціў галавою.
— Матруна! Не марудзь там! — гукнуў ён у бок Загор'я.
Стэпа порстка завярцелася па хаце, жуючы на хаду скарынку хлеба. Але клопату аставалася поўна: адкуль ён браўся, трэба было дзівіцца: хата была не падмецена, малако Рыгору не прыпасёна, да Песі не наведана за алеем... А, галоўнае, Рыгор яшчэ не ўстаў. Яна бязмоцна развяла рукамі і не ведала, як ёй абысціся з сынам.
— Стэпа! — якраз пачулася з-за акна.
— Гэта ты, Матруна? — адазвалася Стэпа. — Ідзі, галубка, я даганю... Рыгор! Рыгорка! — асцярожліва пазвала яна.
Рыгор падняўся і паглядзеў на мацеру.
— Ты ўжо тут, сынок, як-кольвечы ўладуйся без мяне: я перайду да Лейзара зараблю якую двазлотку. Есці табе... Надзіва мне... ну, што ж, убачай: адрэжаш у кубэльчаку сала, а то малако кіслае ў берасценчыку, во, у мыцельніку, бульба ж за засланкаю ў печы... А прыйду на абед, можа крупніку звару або чаго іншага... Калі ж пойдзеш куды — закруці дзверы і...
— Ах, ці варта было, маці, табе згаджацца.
— Дзе ж ты бачыў: цяпер работы так мала, а ў хаце добра і тры злотых... Прыйдзе лета — та да жніва седжма сядзецьмеш, а гэта — добра, што пазваў.
Рыгор нічога не адказаў... Ужо ён зноў драмаў, калі маці бразнула дзвярыма, а следам — засаўкаю. Наступіўшая ціш дазволіла яму праспаць да дзесятае гадзіны, калі папрыходзілі каровы з поля. Рыгор сабраўся, адшукаў пакінутую мацерай яду і, паснедаўшы, выйшаў на вуліцу.
Вуліца была пустая. Каровы разышліся па дварах. Толькі адзінокія малышы грыбкамі тырчалі пры вушаках пазачынятых вешніц, ды гультайна пераходзілі з двара ў двор незанятыя ў стада свінні. Зрэдку выбягаў з двара ў адной бялізне запознены гаспадар і хутка бег у бок Загор’я з сякерай за поясам ці з плугам за плячыма. У яўрэйскім канцы вуліцы было яшчэ цішэй. Субота мяртвіла ўсе праявы будзённага жыцця. На дробных ганачках, пад капяжом, сям-там спакойліва адпачывалі старыя. Моладзь яшчэ спала пасля ўчарашняе гульні.
Рыгор вярнуўся ў хату і прыняўся за кніжку. Першыя некалькі старонак зацягальнае цікавае аповесці Горкага «Супруги Орловы» былі ім натуральна праглынуты. Але хутка ён пачуў, што надалей тупее ўспрыняцце чытанага, і загарнуў кніжку. Думкі пераносіліся ў Рыгу, напружана ловячы магчымыя там адбыцца ў яго адсутнасці здарэнні. Яго знаходжанне ў Сілцах аднімала пажаданы яму ўдзел у гэтых здарэннях, нічым яго не запаўняючы... «Праўда...»
Рыгор успомніў, што сягоння яны згаварыліся з Петрусём наладзіць сход сілцоўскае моладзі. На сходзе, было ўмоўлена, ён зробіць інфармацыю аб настроі рыжскіх рабочых. Ён барджэй хапіўся за гэту думку і пачаў будаваць схему сваёй інфармацыі. У памяці аднаўляліся перажытыя ім моманты стрэч і знаёмстваў, удзел у заводскіх сходах і ў сходах сацыял-дэмакратычных гурткоў, наспяваючыя канфлікты ў галіне эканамічных адносін. На бледным фоне местачковай штодзённасці праявы рыжскага рабочага жыцця выступалі багатымі, яскравымі прасветамі. Безумоўна, што, добра апісаныя і пераданыя, яны пакінуць на слухачоў глыбокае ўражанне і паднімуць іх настрой. Толькі б удалося Петрусю наладзіць сход...
Вакол гэтага пытання праз увесь дзень вярцеліся Рыгоравы думкі. З імі ён хадзіў у лес і ў жытнія палеткі, з імі некалькі разоў прымаўся за працяг чытання горкаўскіх твораў. І адвячоркам, апынуўшыся зноў у хаце, ён з няцерпам чакаў Петруся. Але пачало ўжо змяркацца і нават маці вярнулася з работы, а Пятрусь не з’яўляўся. Рыгор нарыхтаваўся самому пайсці да яго, калі той, засопшыся, убег у хату і стаў падганяць Рыгора спяшыць, бо ўжо яго чакаюць. З гутаркі выявілася, што запозненасць у скліканні сходу атрымалася адтаго, што доўга не ўдавалася адшукаць падыходзячай хаты. Перш назначана было ў Хаіма Калеса, пасля перанеслі да Іцкі Хрома.
— Ну, а Сёмку паклічаш? — упэўніўся Рыгор, калі яны выйшлі на вуліцу.
— Я ўжо яму паведаміў...
— Калі?
— Нашоў час, не клапаціся.
Яны выйшлі на Жукаву вуліцу, каб абагнуць рынак і вакольным шляхам спусціцца на Лог. Якраз быў час адыходу суботы, і вуліца кішэла людзьмі. Вярнуўшыся з лесу, моладзь аддавала звычайную павіннасць рабочай біржы.
— Тут павінны быць і некаторыя з нашых, — заўважыў Пятрусь.
Аднак яны прайшлі ўсю вуліцу і нікога патрэбнага ім не напаткалі. Было ясна, што ўсе апаведамлёныя знаходзіліся на месцы. Гэта заставіла іх скараціць шлях, павярнуўшы наўскасяк праз школішча.
Калі яны апынуліся на ўзгорку, за спускам з якога, прытуліўшыся да плота, стаяла некалькі старэнькіх хатак, то Пятрусь паказаў на адну з іх і прамовіў:
— Здаецца, нікога не відаць... Давай абыдам справа і зайдам з другога канца.
З-за белых занавесак у вокнах нікога не заўважалася, але толькі яны ўвайшлі ў сенцы, як пачулі ажыўленую гутарку. У хаце, у бакавым маленькім пакоіку, яны засталі па пятнаццаці чалавек хлопцаў і дзяўчат. Быў ужо з імі і Сёмка.
— Позніцеся. Ужо Іцкаў бацька адчыняе курсы, — сустрэў іх Сёмка.
— Нічога, мы бацьку не паперашкодзім, — запэўніў Іцка.
Тым не меней было рашано пачаць сход. Старшынство адназгодна перадалі Петрусю, які, не адкладаючы, прачытаў намечаную раней павестку сходу.
У павестцы значыліся наступныя пытанні: становішча ў Сілцоўскай арганізацыі с.-д., перадстаячая забастоўка гарбароў, інфармацыя т. Нязвычнага і бягучыя справы. Па першаму пытанню ўзяў слова Пятрусь. Ён у сціслых формах асвяціў палажэнне ў арганізацыі, стан яе працы і перспектывы на бліжэйшы час. Петрусёвы вывады не выклікалі аспрэчвання і, пасля некаторых дробных заўваг і дадаткаў, былі прыняты поўнасцю. Яшчэ менш заўваг прыйшлося зрабіць па другому пытанню, каторае на гэты раз выносілася ўтройчы. Згодна характарыстыцы Іцкі — справа з падгатоўкай да забастоўкі развівалася нармальна і спрыяльна для гарбароў. Толькі адзначаліся рэдкія перабоі ва ўзносе паасобнымі таварышамі адлічэнняў у забастовачны фонд...
«Трэба сказаць, — пахваліўся Іцка, — што гаспадары насур’ёз занепакоіліся нашаю рашучасцю змагацца. І ходзяць чуткі, нават і досыць упартыя, што Евель Шмуклер намераны не дапусціць у сябе абвяшчэння забастоўкі. Гэта нас абавязвае яшчэ з большай настойнасцю дамагацца сваіх патрабаванняў. Патрэбна правясці паўторны сход рабочых, каб не даць аслабіцца ўвазе да шчыльнай арганізаванасці ў падыходзячай класавай бойцы».
Паведамленне Іцкі падняло настрой сабраных, і калі Рыгор пачаў рабіць інфармацыю, яго слухалі з напружанай увагай. «Рыга, таварышы, — казаў ён, — з’яўляецца вялікім рабочым асяродкам і буйным рэвалюцыйным цэнтрам. І тыя здарэнні, што наспяваюць у гушчы рыжскіх рабочых, мецьмуць агромністае, усерасійскае значэнне. А гэтыя здарэнні не звычайныя, тым болей, што яны адчыняюць новую паласу ў развіцці рэвалюцыйнага руху. Пасля некаторага перапынку, звязанага з развоем рэакцыі, рабочы клас вяртаецца да новых боек, каторыя будуць рашаючымі. Я выязджаў з Рыгі, калі ішла спешная падгатоўка да забастоўкі на машынабудаўнічым заводзе... Рад буйных пякарняў ужо баставалі... Адбывалася бурнае хваляванне грузчыкаў... І майце на ўвазе, таварышы, адно цікавейшае з’явішча, што ўсімі памянёнымі выступленнямі кіруюць сацыял-дэмакраты. Нанесеныя правіцельствам раны ўжо зажываюцца, і рэвалюцыйна-сацыялістычны рух у Рызе набывае новага развою. Можаце судзіць аб яго росце хоць бы па аднаму таму, што наш завод налічае ў сацыял-дэмакратычнай арганізацыі да сотні чалавек... Так што будзьце ўпэўнены, наперадзе ў вас знаходзіцца магутны атрад перадавых рабочых... Часы рэакцыі мінаюць, і над краінаю збіраецца новая рэвалюцыйная граза... Вось чаму і ў вашых умовах трэба напружыць усе сілы да арганізацыі як местачковых рабочых, гэтак і сялянства... Горад чакае падмогі ад вёскі, рабочыя — ад сялян. Няхай жыве рэвалюцыя!»
Рыгоравы словы сход правёў ціхімі, але баявымі воплескамі. Гэта маніфестацыя рэвалюцыйнага пачуцця напалохала Іцкавых бацькоў, якія разам апынуліся пры дзвярах і пагражальна застукалі кулакамі.
Іцка выбег з пакоя і вярнуўся з угаворам сядзець цішэй, бо ўжо бацька заняты з вучнямі. Дзеці настарожліва слухаюць, што робіцца за сценкаю, і адцягаюцца ад вучэння.
У пакоі заўважна пацішэла, і запытанні да Рыгора пераказваліся паўшэптам. Як і трэба было чакаць, яго інфармацыя гостра зацікавіла сабраных на сход, і Рыгору многа прыйшлося гаварыць, каб задаволіць зацікаўленых рыжскімі падзеямі з рабочага жыцця. Рыга вырасла ў выабражэнні маладых сілцоўцаў у завіднае і прывабнае месца, куды паляцелі іх жаданні і думкі. Усе не маглі захаваць у сябе вырасшай завіды Рыгору, які дайшоў да таго, каб стаць прадстаўніком вялікага рабочага калектыву, каб зрабіцца трубкаю магутнае машыны... Ведаўшыя яго да паездкі ў Рыгу, як Пятрусь, Сёмка ды іншыя, дзівіліся таму росту Рыгоравай палітычнай свядомасці, што яму надаў горад. Скрозь роздумаў над ідучымі падзеямі не адзін з прысутных кранаў планаў перабрання з Сілцоў у той ці іншы прамысловы цэнтр. Многія прасілі Рыгора парадзіць ім у гэтым.
Уражанні ад пачутага з Рыгоравай інфармацыі занялі шмат часу, і бягучыя пытанні захапіла адзінаццатая гадзіна. Але позні час не палохаў ніводнага ўдзельніка сходу. Іх цікавасць не аслабла да канца абгавору пастаўленых на павестку пытанняў. Бадай, іх выплыла б і яшчэ, каб можна было бескантрольна распараджацца памяшканнем. Ды гэтаму памяшалі Іцкавы бацькі, якія папрасілі сына выправіць гасцей.
Сход разышоўся не разам, а парамі і тройкамі, Рыгор пакінуў Калесаву хату разам з Сёмкам ды Петрусём.
Праведзены сход пакінуў на ім выразны адбітак задавальнення. Ён не спадзяваўся, едучы ў Сілцы, што ў мястэчку захаваліся ажно дагэтуль падобныя напатканым рэвалюцыйныя работнікі. Часы чорнае рэакцыі, балюча адбітыя на становішчы даволі моцнай раней Сілцоўскае арганізацыі, усё ж канчаткова не зліквідавалі сацыялістычнага руху сярод сілцоўскай моладзі. І калі арганізацыйная сувязь цярпела ад недасканалай наладжанасці, то якасны ўзровень уцалеўшых работнікаў шчасліва абмінуў і паліцэйскія рэпрэсіі і ўплыў літаратурнага дэкадансу, страціўшы вялікую колькасць меней устойлівых сяброў арганізацыі. Паведамленне, зробленае Іцкам Калесам, пра надыходзячую забастоўку гарбароў асабліва моцна кранула Рыгора. Яму выразна прадставілася грандыёзная карціна шырокаразгорнутага наступу рабочых на ўмацаванні зусім не забяспечанага на вечнае панаванне самадзяржаўя. Наяўнасць сацыялістычнага руху і рабочых выступленняў у Сілцах і, чаго дзіўней, у вёсках, як выявілася на сходзе, была знамянацельнай. Мястэчка ў яго набывала іншых адносін, якія маглі затрымаць часта ўспыхваўшыя ў Рыгора жаданні як найхутчэй з ім растацца... Увогуле Рыгорам апанаваў бадзёры, ваяўнічы настрой, у якім патанулі нядаўна хваляваўшыя яго пытанні.
— Ну, як мая інфармацыя? — пацікавіўся Рыгор, калі яны прайшлі ў сваю вуліцу.
— Дужа цікавая... Ты наглядаў мо, з якой увагаю мы цябе слухалі?..
— Да шкоды, я не захапіў усіх матэрыялаў... Аднак... вы маеце, хлопцы, на вошта аперціся. Я не чакаў...
— Ды яшчэ чалавек з дваццаць добрых хлопцаў набярэцца... А сёе-тое і вёскі прыбавяць.
У далейшым абгаворы выплываўшых з праведзенага сходу пытанняў яны параўняліся з Сёмкавай хатай.
І толькі намерыліся вырашыць, як быць, ці разыходзіцца па хатах, ці яшчэ зрабіць праходку да Ліня, калі пачулі гучны стук ні то калком па дошцы, ні то каменем у дах.
— Што за цуды! — праказаў Сёмка.
— Прабяжы ўдасканалься!
— Давай удвух.
Пятрусь упікнуў таварыша ў маладушшы, і той умомант аддзяліўся ад іх і паскорана накіраваў у бок пачутага стуку. Але яны не паспелі перакінуцца сказамі, як Сёмка ўжо стаяў каля іх.
— Ну? — справіўся Рыгор.
— Твой супарат выйшаў ад Прыдатных.
— Бераг? — праверыў Пятрусь.
— А які ж чорт... Ды, пэўна, п’янаваты, бо пайшоў, уючы абаранкі... Прапала, браток, Зося... — пацвіліўся Сёмка з Рыгора і развёў жарт з разухабістым смехам.
— Што ж, памянем, калі так...
І, памаўчаўшы, дадаў:
— Тут справа не ў каханні, браткі, а ў ратунку Зосі як чалавека.
— Ведаем, — упэўніў Сёмка за дваіх. — Ды ўжо позна. Усілілі птушку як мае быць; згаварыліся на вяселлі, бачыце.
— Нават? — пацікавіўся Рыгор.
— А ці ж доўга ўмеючы!
— Астаюцца, значыць, памінкі...
Ужо над хвойнікам займаўся золак, калі яны, развітаўшыся, накіравалі ў тры бакі, кожны да свае хаты.