ІІ
Вялікую долю віны за тое, што Прыдатны гасцінна і ласкава сустрэў сватоў, Рыгор гатоў быў ускласці на Зосю; самому сабе, дзяўчатам і таварышам — ён адкрыта наракаў на яе.
У гэтым, аднак, Рыгор перасаляў. Зося калі і была вінавата, то толькі ў сваёй бязмоцнасці паперашкодзіць замахам Берагоў. Западозрыць жа яе ў папушчэнні або ў спачуванні бацькаўскім намерам не магло быць і думкі. Зося сама мучылася, бачачы разведзеныя вакол сябе інтрыгі і не знаходзячы ў сабе магчымасцей іх перапыніць... Назаўтра, з самае раніцы, скора яе разбудзілі, Зося, мэрам непрытомная, з апутаным цяжкаю нудою целам, мо цэлую гадзіну то і рабіла, што толькі тупала з хаты ў сенцы, то з сянец у хату. Было ніякавата глядзець на яе: асавелыя, запаўшыя глыбока вочы, смуглы ўзрок, авяўшыя і збялеўшыя шчокі. Бралася за работу, а работа выпадала з рук, не рабілася. Нават гаварыць ёй было цяжка, і толькі на настойныя, па некалькі разоў пераказаныя запытанні бацькі ці мацеры, яна невыразна адказвала, а то ўсё маўчала. Бацькі бачылі гэта, толькі не хацелі прыставаць, дапэўняцца, што з ёю, і, прыпісваючы ўсё фанабэрыі, прапускалі паміж вушэй. Не гэткай цярплівай была Тэкля: чымсь упарцей Зося маўчала, тым наглей яна навярэджвалася гаманіць з ёю. Але Зося ні словам не абмаўлялася: спушчала нават сваёй сястрыцы поскубы яе за рукаў, пацвільванні і дзіцячыя надазойлівыя жарты.
У Зосінай галаве грудзіліся чорныя, густыя, як гразь, і клейкія, як гліна, думкі; распіралі сабою балючую голаў, разганялі па ўсёй істоце адваротны цёк нейкіх тупасці, бесцікаўнасці і аднакавасці ка ўсяму, што вакол яе. Калі бацькі пазвалі яе снедаць, яна наадрэз адказалася і нават не захацела ўвайсці ў хату. Зося не патурала і ўгаворам Тэклі. Як не хацелася нічога, так не хацелася і есці. Ёй было ўсё роўна.
Так мінула паўдня, і калі падышоў абед, яна звярнулася да мацеры:
— Дайце мне чаго з’есці.
Марта была не ў сабе і маўчліва падала ёй вынутай з печы цёплай стравы. Запахла смачным, прыемным пахам. Зося ляніва прысела за стол і пачала есці...
А ў гэты час Марта незмігутна сачыла за дачкою, нырпалючыся па запечку. Да яе напрошвалася пытанне, ці здарова хаця яе Зоська, і засявала пужлівыя гадкі. Але, помеж з гэтым, не тухла ў ёй і ўпартасць правучыць дачку. «Хай жа сабе пакапрызіцца, паўпіраецца троха... Няпраўда, здаволіцца, надаесць... А пасля... пасля такою мяккаю зробіцца, што пагнеш ва ўсе бакі... І чаго, бок, дурніца, ушалопала сабе ліха ведае што? Не, гэта, бач, адна ўпартасць тая нямерная... Вось, што значыць, калі чалавек мала адукацыі жыццёвай мае. А-яй-яй, як я падумаю сабе, які цяпер свет стаў цырымонны! Гэта ж... Не, нельга змірыцца!» — судзіла сама з сабою Марта, скоса пазіраючы на дачку.
Гэта самае Марта некалькі раз пераказвала і Міколу, седзячы за снеданнем; пераказвала і другой дачцэ, Тэклечцы, якая ішла ў яе... Пераказвала дзяўчынцы з вялікай ахвотай, бо бачыла, што тая пільна яе, маці, слухае.
Праз Тэклю Марта перадала Зосі вяленне ехаць зябліць папар. Але гэта не прынялося Зосяю за крыўду. Наадварот, выезд у поле даваў ёй магчымасць развеяць надазойлівыя думкі і цяжкае адчуванне.
Яна скончыла абед і выйшла ў двор. У дварэ, за плотам гарода, стаяў новы панарад, на якім ужо быў паложаны плуг. Зося адцягла панарад на сярэдзіну двара і пайшла за канём. Праз некалькі хвілін яна пакінула хату.
Зося на полі прабыла чуць не да самага цёмнага: не то, каб у яе было столькі работы (яна мела пазябліць двое-трое ганоў папару), але ёй захацелася правясці чымсь найболей часу адной. Работу яна скончыла ў тры-чатыры гадзіны, а ўвесь апошні час праляжала на паплаўку, выпрагшы каня з плуга і пусціўшы яго пасвіцца. Цёпленькі дробны дожджык ні каліва не мяшаў ёй ляжаць у тонкай картуновай кашульцы пад пакрытым дзяругаю нарадам. Зося ляжала і, паглядаючы на неба, цешылася прабегваючымі па ім хмаркамі, любавалася раптам выбліснуўшаю вясёлкаю.
Нежадана для самое сябе пракралася смелая думка: «А што б, каб гэта і напраўду ўзяць ды ўцячы ад бацькоў і паехаць з Рыгорам у горад?» — За гэтай думкай перад ёю паўстала здань невядомага ёй агромністага горада з вычварнымі вобразамі яго будынкаў, пляцоў, фабрычных каміноў. Забегалі тысячы нябачаных ніколі людзей, машын. Ад горада думка лёгка перакінулася да Рыгора: паняслася перш у хвойнік, к таму месцу, дзе яны былі з ім; адтуль памчалася ў яго хату; потым вярнулася ізноў на поле, к ёй, нічога не найшоўшы і нічога не сказаўшы, толькі пасеяўшы ў яе нутры гарачыя, нестрыманыя жаданні як-кольвек яшчэ раз угледзецца з ім і доўга-доўга гаманіць. Але толькі Зося абмалявала ў сваім уражанні ўсю прыемнасць стрэчы, як перад яе вачыма раптоўна вырасла ў нешта дзікае і адваротнае ўчарайшае здарэнне са сватамі. Васіль, Хлор, Янка. Сярдзіты і няўпрошаны бацька, радасная, неўгамонная маці і вясёлая бесклапотная Тэкля... Сваты, гарэлка, гутарка — торжышча перад яе вачыма за яе істоту, зусім няпрошаныя ёю жычэнні шчасця і долі... а далей... ой, далей — намаганні Хлора да пацалункаў, выгавар ёй і бацькам за адмаўленне ёю гэтага, надаедлівае прыставанне Васіля... Нарэшце, удары аб рукі, умаўленні на лад і намёкі пра згоду выпхнуць яе з хаты, звязаўшы яе долю з агіднымі Берагамі... Усё гэта, сплыўшыся ў адну пляму, зацягнула яе небасхіл ды пачало прыціскаць яе к зямлі. Зосі зрабілася млосна, нецярпліва. І Рыгор выяўляўся зусім інакшым ад таго, якім яна яго стрэціла анэгды. «Можа, ён і гаварыць ужо не захоча са мною, можа, і не гляне на мяне... Можа, і не паверыць, што я зусім невіноўна... О, траха што не павера!»
І Зося стуліла голаў, заплюшчыла вочы, заткнула вушы і доўга-доўга так ляжала. Толькі лёскат калёс праязджаючага па сценцы чалавека заставіў яе падняцца і агледзецца.
Ужо змяркала і пара было збірацца дахаты. Яна злавіла каня і спешна запрагла, але ехаць — ехала павольна, мяркуючы быць дома поцемкам.
«Сёння я на вуліцу не выйду», — рашыла яна дарогаю.
Так і зрабіла.
ІІІ
— А я скажу па праўдзе: з такімі людзьмі, як Прыдатныя, заўсёды можна ладзіць. Я ніколі не думаў, каб яны абое, як Мікалай, так і Марта, былі гэткімі простымі, адкрытымі і разумнымі людзьмі. А то ж яно так. Пацеха — і годзі! Толкам растлумачаць табе кожнае слова — растаеш перад імі. О, галубка, ах, Тадоська, маючы гэткіх сватоў, няма чаго казаць, што не па сваёй столцы мы папалі. Мне, дурному, здаецца, што Прыдатныя на ўсім мястэчку толькі нас адных і паважаюць, толькі і лічаць нас адных за людзей. Вось ведай, Тадося, і яны за ўсё ў нашых вачах павінны быць паважанымі. Такія ўжо ўмовы — фундамент да харошых спраў. А, Хлорка!.. а, Васілька! на цыпачках ходзяць перад табою. На што Янка чужы, а і да Янкі — пёрайкам. Я спярша, калі ішоў, думаў: а вось — неўспадзеўкі мы ўрынемся ў хату, а яны і не чакалі нас. Ажно зусім іначай...
Хлор сплюнуў і пагладзіў бараду.
— Паверыш, з самага ранку былі нагатове: усё было прыбрана, прыпасена. А прыйшлі — ага-а, сваточкі, ага-а, даражэ-энькія. А дзе ж вашы жаначкі-і.... А дзе ж Тадося, а дзе Алеся... — «Прыйдуць, кажам, пасля». І думаю я: а трэба было, надзіва, і вас пазваць.
— Ды няхай, убачым на гэты раз, — перабіла Тадося, стаючы перад Хлорам у ліслівай смірэннай позе.
— Не кажы, трэба было... Але хто ж тое мог ведаць ці думаць нават, што так выйдзе. Выйшла ж як лепш не трэба, і, галоўнае, зусім неспадзявана ўсё. — Табе, брат Васіль, — павярнуўся Хлор к нябогу, які сядзеў на ўслоне, між мацераю і дзядзькам, падапёршы спіною стол, — табе, кажу, Васілька, трэба паставіць Нязвычнаму Рыгору кварту гарэлкі. А ведаеш чаму?
— Чаму? — задаволена ўхмыльнуўся Васіль.
— А таму: каб ён не прыехаў у госці, дык ты б быў нядбайным і яшчэ не падумаў бы жаніцца... А тут, як лепш не трэба — ён цябе сам на гэту думку папхнуў. Вось цяпер толькі і ведай, што гатоўся да ладу ды да вяселля... Няпраўда мо?
— Праўда, праўда, — у адзін голас праказалі і Васіль і Тадося.
— То-та ж... А Міколе Прыдатнаму, я і ўперад думаў, што не трэба адказвацца. Так ён і зразумеў. Ой, ой! Ды хто ж не можа таго зразумець? У жыцці ўжо прыпасен такоўскі закон, па якому яно кіруе думкамі людскімі, а думка думку нойдзе.
Гэтак гутарыў Хлор, прыйшоўшы к сваёй братавай назаўтра пасля сватоў. Гутарыў ды задаволена пасміхаўся, пазіраючы то на Тадосю, то на Васіля, якія самі пад сабою ног не чулі ад гутаркі «ўдачнага» дзядзькі.
— Але, але, Хлорык дарагі, — казала Тадося, калі крыху прытаміўся Хлор і змоўчаў, каб выкурыць цыгарку, — я ж кажу, — як я рада, як я рада ўсяму гэтаму! Хоць яно і прыйшло зусім неўспадзеўкі, нягадана, нядумана, толькі, дзякуй табе, Хлорка, што так павярнулася. Ведаеш, даражэнькі, учора я не магла як дачакацца Васількі. А калі ён прыйшоў і расказаў, чым кончыліся сваты, мяне азіяла нейкая нябесная сіла, і я ўся нібы на дваццаць гадоў памаладзела: ад радасці не магла заснуць, а сённі, зірні на мяне, і спаць не хочу. А яй, ай! А і маладзец мой сынок, Васілька.
— Яшчэ, бок, не маладзец! — праказаў Васіль, крыху прысароміўшыся перад дзядзькам.
— А чаму ж? Чаму не? Вось цудны! Табе смешна з маіх слоў. Эх, эх, сынок, ты яшчэ не ведаеш таго пачуцця, якое ахоплівае мацеру ў той час, калі яна занята лёсам свайго дзіцяці. Не ведаеш — затым і смяешся, цудненькі.
— А ты? Ты ж таксама дзіўная кабета! Ці ж плакаць яму ад тваіх слоў! Па-мойму, Васіль добра і робіць, што смяецца; на тое ён вясёл і задаволен. Вось нам ужо з табою, Тадося, прыходзіцца меней смяяцца, бо мы ўжо ўвесь смех свой высмеялі. Праўда? А ён — ён толькі ў тых гадах, каб смяяцца. Яго чарка поўная віном, дык чаму ж не піць, чаму не п’яніцца ёю!
Хлор узняўся з лавы, перайшоў два разы хату, потым паглядзеў у акно ды зноў усеўся на сваім месцы.
— Ну, то ўсё добра, што добра. Адно адным, а цяпер давай пяройдзем да другога. Як бачыш, Тадоська, справа навертваецца — давай жа парадзіцца сённі аб пасагу; гэта такоўская рэч, што адкладаць не гадзіцца... Я, ведаеш, думаў і ўчора намякнуць, а далей, сабе думаю, не: трэба парадзіцца з Тадосяю. За ноч надумаўся і прыйшоў да вас. Ну, што ж вы скажаце мне на гэта?
Запытанне Хлора крыху мэрам смуціла як Тадосю, так і Васіля; апошні нават задумаўся і прайшоўся па хаце.
— А давайце, дзядзька, папрабуем Язвішча папрасіць, ды к гэтаму яшчэ з сотню грашмі. Не будзе многа, — праказаў Васіль, прыпыніўшыся тупаць па хаце.
— Што ты, што ты, Васіль! Дык гэта ж усё роўна, што нічога не прасіць. Што там Язвішча! Колькі яго? Гэць! Адно заікніся з гэтым — Мікола сам асмяе цябе, не то, што ўсе мяшчане. Мікола з гэткім пасагам гатоў аддаць Зосю за самага беднага хлопца. Ласне гэта пасаг? Кожны скажа: вось табе і Бераг. За жонкаю атрымаў пасагу ўсяго кусочак поля. Калі ў той самы час Саўка Швец за Гальяшоваю Васяю ўзяў цэлых пяць дзесяцін. А падумай, што ён варт. Хлеба аднаму яму не хапала з яго заработку. А цяпер глядзі — не падступішся к яму: гаспадар. Дык вось, калі гэткія бяруць такоўскі пасаг — то што казаць аб нас? Па-мойму — давай Мікола чвэрць пахатнае. Вось гэтым мы толькі і можам падтрымаць свой гонар. А Мікола згодзіцца — павінен згадзіцца. Папраўдзе, калі судзіць, то ён павінен даць табе цэлую траціну свае гаспадаркі, бо нашто ж яму. Траціна Зосі, траціна меншай дачцэ, а траціну можна да смерці за сабою аставіць. Усё ж роўна і яе давядзецца аддаць. А ўсяго поля ў Прыдатных, нябось, звыш дваццаці дзесяцін... Але ўжо няхай пяць дае пасагу. З другога ж боку — ці Міколу трэба вучыць, каб ён гонар свой падтрымаў? Калі рабіць вяселле — дык, каб усе ведалі, што вяселле. Нябось, захочам жа пазваць: і папа, і пісара, і старшыну. Гэ-э! Гзымс патрэбен... Не праўда мо, Тадося?
Тадося ўсё яшчэ стаяла на старым месцы ў той самай позе, толькі відаць, што ўжо ногі яе стаміліся, бо яна то напірала на адну, даўшы спачыць другой, то наадварот. Садзіцца ўжо яна сабралася даўно, толькі з-за гутаркі Хлора ўсё не магла сесці, баючыся ўпусціць хоць адно слаўцо. Калі ж Хлор абярнуўся к ёй з запытаннем, Тадося перш паспяшыла сесці, а потым загаманіла:
— Ты ведаеш, Хлорык, нічога ўжо сапраўдней не трэба выдумаць, як твае словы: здэцца, усё ты казаў, як здымаў з пісанага... Акуратна!.. Чаму ж, — згодна з такімі словамі, — чаму ж такі і не даць Міколу пяці дзесяцін зямлі ў пасаг? Вось калі. За першаю, ды гэткаю прыгожаю дачкою... Няйначай, калі збяромся на Пятра на ўладзіны — так і пастановім: пяць дзесяцін — або...
— Што ты, што ты, маці, — перабіў Васіль, — мо хочаце сказаць: «Або не трэба вяселля?..» Не, не, да гэтага не трэба даходзіць. А то мы гатовы папсаваць усёй справе. Нельга забываць, што Зосю сцеражэ гэты голік. І, ведаеце, збівае дзяўчыну з толку...
Хлор сурова паглядзеў на нябога і рассыпаўся ў разважанні:
— Да што-о ты, Васіль! Кінуў бы ўжо гаварыць дарэмшчыну... Рыг-ор-р! Што-о-о знача твой Рыгор? Няўжо-о-о ж, ты думаеш, што Рыгор табе раўня?.. Хто ж Рыгор з сябе? Лапатнік, балагол, галадранец. Ну, ушчапіў капялюх, дык ужо, думаеш, і паніч. Невялікая мацыя, невялікі хвэрт, нябось Мікола зразу раскусіў — калі і заікнуцца не дае аб ём... А Зося — ну, што ж Зося? Кахае? Плюнь, яе каханне, як туман: перад вачыма стаіць, а збоку зірні — пуста... Ты думаеш, што ніхто не ведае, што Рыгор там у горадзе робіць. Э, невялікая цаца! Увесь сэнс не ў тым, што ёсць цяпер, а як можна ўсё жыццё скарыстаць, перажыць. Вось у чым гвозд... Хто скажа, што Рыгор можа з табою зраўняцца? О-о-о!
Хлор скончыў і зірнуў на Тадосю; тая падмацавала яго рэч паважным матком галавы і гэткаю ж самаю, як і Хлорава, вясёлаю ўсмешкаю. А Васіль — Васіль да таго быў угамонены дзядзькам, што далей не ведаў, што больш і казаць.
«А такі дзядзька разумны чалавек! Ого-о-о!» — заключыў Васіль і маўчаў, маўчаў.
— Усё так, усё... — перабіла кароценькую ціш Тадося. — Твае словы, швагір, — чыстая праўда. Аб нас усё мястэчка кажа, што Берагі — то гордасць Сілцоў. Няўжо нам раўняцца з якім там Рыгорам?
— Во! во — разумна!
Васіль быў збіт з панталыку і мэрам замяўся, не ведаў, што казаць: потым раптам схамянуўся, шырэй адплюшчыў вочы і ўверана праказаў:
— А ведаеце што, дзядзька? Калі так, дык папрашу вас узяць на сябе турбацыю аб пасагу. Добра?
Хлор усцешліва засмяяўся.
— Вось калі, чаму не, я на ўсё гатоў, я нічога не баюся... І, ведайце, усё на сваём пастаўлю, — прыстукнуў ён па стале кулаком.
— Ах, каб цябе, ды бадай цябе, які ты, Хлор, занятны, — пахваліла швагра Тадося і залілася смехам. — Вось за гэна сядай ды паабедам за хэўраю, а то ўжо, бадай, хутка і вячэраць прыйдзецца.
— Э, не, не і не думайце! Абяцаў дадому прыйсці на абед, — папрабаваў адказацца Хлор, але Васіль з мацераю так прысталі да яго, што ён мусіў здацца і палез за стол.
Тадося пачала ўвіхацца ля яды.