IV
У пятніцу, на шэрай гадзіне, Сёмка пакінуў нераспрэжанага каня і запыленым, замурзаным, у старой будзённай жакетцы, босым і нават з дубчыкам у руцэ, пабег да Рыгора. Ён дужа спяшыў, бо нават забыў зазірнуць і ў акно, што заўсёды не прамінаў, а зразу направіўся ў хату. Рыгор спакойна сядзеў за сталом і вячэраў; побач з міскаю ляжала кніжка. Ён быў у адной сарочцы, толькі ўстаўшы з пасцелі пасля спачынку.
— Сёмачка-а мой! Зірні толькі на яго! Вось дзіўны які! Гэта ж ён так не мае часу, што ў адну пору дзве справы хоча рабіць: і пад’есці і начытацца. Ды праз цэлы дзень ён блізка ўсё чытае... З хаты нікуды не выходзіў. Зранку выйшаў на часінку і хутчэй назад вярнуўся, — сустрэла Сёмкаў прыход Стэпа.
Сёмка выслухаў Стэпу, потым падышоў к сталу, зазірнуў з ліслівай ухмылкаю Рыгору ў вочы і жартоўна праказаў:
— Што ж ты, браце, так запрацаваўся? Прыехаў к нам спачываць, гасціць, а аддаешся працы з большым намаганнем, чым у горадзе. Кепска, Рыгор! Не пахвалю за сё! Хай то нам — то іншая рэч. Нам самы прыпар падыходзіць, сезон, як кажуць. З сонцам уздзірайся з пасцелі, а лажыся спаць блізка не ў поўнач, і то з работаю не ўправіцца. Вось зірні на мяне, як арыштант той: цёмны, чорны. А што маеш з гэтага? Ледзьве хапае да вясны. Каб не зарабіў сям-там урыўкамі — то ў хаце і капейкі не было б. Покуль збярэш — колькі мук вынесеш, колькі сэрца тваё перабаліць! Чакаеш і думаеш: а тут град, а то няўрод, — ой, як цяжка жыць нашаму брату! Вось і рыпаешся несціхана, як вол той, ярмо цягаеш... Ну, а ты? Робіш, а аб гаспадару ды яго набытку і не думаеш.
— Затое ж восенню вы — панамі глядзіце: зберыцё з поля, змалоціце, і бочкі, і хваскі паўнюсенькі... Можна і свінчо падкарміць, і каняку выгадаваць ды прадаць — вось грошы і ёсць. Што і казаць — усё-ткі гаспадарства — не наша дзела. Нам жа — толькі рукі адказвайце на ўсё: дастаў працы — маеш хлеб, не — дык здыхай з голаду. А час няровен: сёння чалавек здароў, а назаўтра — і не ўстаць, — выказала сваю думку Рыгорава маці.
— А ў іх? У іх таксама! — уставіў Рыгор.
— Эй, цётка, цётка, лёгка сказаць: гаспадарка-а-а! Можна завідаваць, чаму не. А прыгледзішся — як тое зданне: тут ёсць, а тут няма. Сухоты адны! Колькі таго поля, а падаткаў — сып асмінамі. Уся сям’я працуе цэлы год, а ў канцы — нічагусенькі ў адплату. Наша гаспадарка... Адно слова — гаспадарка. Яшчэ калі ўрадлівы год — то ні сё, ні то, а вось як леташні — пяць коп саломы нажалі замест жыта ды коп па дзесяць саломы замест аўса з ячменем... Каб не картоплі — выжыць нельга было б. Вядома, зусім іншая рэч, калі ўзяць гаспадарку гэткую, як, напрыклад, Прыдатных, Берагоў, Грыбаў, ці другіх, падобных ім. Вось там ужо ёсць на чым развярнуцца: рукі грэе яна добра. А мы — ні гаспадары, ні парабкі.
Сёмка схіліў голаў і нядбайна матнуў рукою. Стэпа пільна выслухала яго і праказала:
— Ды яно-то так, вядома.
— Але, на іх ліха, — падаў сваю думку Рыгор, адзначыўшы захілам ліста месца кніжкі, дзе спыніўся чытаць, і налажыўшы яе на лаве. — І обмарак ведае, як гэта ўжо ім так пашанцавала? Пане мой, нажылі цэлыя маёнткі, маюць тысячы грошы і нібы-то тыя: жывуць, цешацца ды толькі пасмейваюцца з другіх. Нічога ім не трэба, ні да чаго іх не цягне. Як жывёлка... Вядома, мне зусім незавідна, але гэты стан людзей мне дужа адвароцен... усяму мястэчку цяжка ад іх! За імі сонцу не праглянуць...
— А ты думаў што? Гэта — чортава насенне, гэта — атрута людская!.. Адваротныя людзі, смерць ненавіджу я іх з іхнімі фанабэрамі, з іх гонарам і знацтвам! Гэта павукі, трутні, п’яўкі...
— Эй, дзеткі мае, вы ўжо маўчыце! Маўчыце, небажаткі! Ліха іх бяры з іхнім багаццем: яны нам хлеба не даюць... Толькі б яны не прычэпліваліся к нам.
— Вось у гэным і сэнс. Прычэпліваюцца! — пачаў Сёмка, садзячыся поміж з Рыгорам.— Прычэпліваюцца, і знарок. Дагэтуль з Берагоў як бы ніхто і не прыкмячаў, што ў Прыдатных ёсць дачка Зося, а трэ было Рыгору загуляць з ёю, як уся банда Берагоў узварушылася: і тут жа сваты, і ўладзіны, і вяселле! А вы думаеце, цётка, што не назнарок тут ідзецца? Ого-о-о!
— Гэта-то праўду кажаш, Сёмачка, — праказала Стэпа, — ды ці ж варта гэтаму патураць. Каб толькі і бяды было, што гэта. Але тут справа іначай стаіць. Нябось памятаеш, як злавіў мяне пры калодзезі з галяйком?
Рыгор матнуў рукою і з лёгкай іроніяй праказаў:
— Так, каб большага клопату не было. Ну, другі раз няхай толькі паспрабуе даць волю рукам... тады...
— А што тады? Паедзеш і толькі цябе бачыў, а тут маці адна. Праўда, на нас ляжыць абавязак узяць старую пад абарону. І мы гэта зробім...
— Дзякуй табе, Сёмачка. Ты ж толькі і ёсць у мяне адна надзея.
— Нічога, цётка, не дамо вас у крыўду, будзьце пэўны... Ага, бок...
Сёмка абярнуўся да Рыгора:
— Я, між іншым, выпадкова сёння стрэўся з Зосяю.
— Ну-у-у?! — пацікавіўся Рыгор. — І як яна сябе адчувае?
— Або разбярэш!
— А дзе? як? і што? Нябось, абмяняўся словам-другім...
— Ды проста: мне якраз трапілася ехаць Папярочнаю сценкаю Выгану і між Прыдатнага палосы. Яшчэ здалёк я ўгледзеў, што хтось арэ папар, а параўняўшыся — бачу: Зося. Вось я і спыніў каня. Спыніў, а сам і думаю: гукну, калі не прыкмеціць. Доўга стаяць не трапілася: толькі павярнулася з плугам, як зразу мяне ўгледзела і пазвала: «Хай конь пастаіць, а ты ідзі хаця прывітайся. Чуеш, Сёмка?» — «Слухай, табе, лепш каня пакінуць», — адазваўся я. Яна, праўда, нічога не сказала болей і хутчэй падышла да мяне. Падышла, прывіталася. Мне неяк стала смешна, і я міжвольна ўсміхнуўся, а потым запытаў і аб сватах: «Ну, што ж, можна прывітаць?» Зося перш мэрам бы засаромелася, а далей-болей, патрошку разгаварылася і кажа: «Няўжо і ты, Сёмка, не давяраеш мне? Няўжо і цябе трэба саромецца? Паверыш — сама не ведаю, што мне рабіць і як быць! Мне вялікая крыўда, што Рыгору даводзіцца не верыць мне. Але ён добра не ведае тых умоў, у якіх я знаходжуся... Няхай не думае, што я хачу, таго, што робіцца са мною... Я прагуся ўсёй істотаю, б’юся як рыба аб лёд, а ўсё на адным месцы. Будзе, кажа, залежаць ад яго: захоча — дапаможа, не — што ж парадзіш»... Мне нечага было ёй казаць, хоць я і мала ўпэўнены ў яе жаданні што-кольвечы зрабіць для гэтага. Дзяўчына, разумееш, і не дурная, ды асяроддзе занадта ліпкае і гнускае... Але ты з ёю сустрэнься і пагутары... Кідацца зразу нельга.
Рыгор з цікавасцю выслухаў таварыша. І яму стала ўцешна, што Зося не пакідае пачуцця нездавалення і думак пратэсту. Пры наяўнасці гэтага можна было глядзець на яе зусім інакшымі вачыма. Сустрэцца самому з Зосяю — было б вельмі пажадана. І Рыгор не схаваў гэтага ад Сёмкі.
— Так, пацікаўся, пагавары. Напэўна, яна заўтра будзе ў Ліня. Я скажу Вольцы — тая прывядзе яе...
— Ды ўжо б, небажаты, не варта было б залазіць у гэтую кашу, — умяшалася Стэпа, пільна прыслухоўваючыся да хлопцавае гутаркі.
— А чаму?
— Або ты, Сёмка, не разумееш. Лішняя прычэпка ў Берагавых руках.
— Пляваць. На ўсякае чыханне не навітаешся.
— Го-а-а! Можа яно і так, усё ж, сынок, трэба ўлічваць кожную рэч.
— Ну, не Рыгору ж кланяцца кожнай ачамеры. Усякая дзедзіцкая сволач гэтага хацела б, толькі — трасцу, не дажджэцца... Зломіць голаў сабе і ўсяму свайму котлішчу. Не патурай, Рыгор. Заўтра вечарам...
— Заўтра?
— Заўтра!
— Я зноў успомніў, — вярнуўся Сёмка да папярэдняе тэмы. — Вы кажаце — гаспадарства!.. Ха-ха-ха. Гаспадарства. Толькі што завецца гаспадарствам, а сапраўды... Ды дзе ж дзенешся... Бацькі пажылыя, а ў мяне ў руках жаднага таленту. Чалавек, можа, кінуўся б у другі які бок, а што з таго выйдзе? Гэтак і карпееш на загончыках ды ашматках... Я разумею, каб гэта таго поля, ну, дзесяцін з дзесятак, валоку якую, а то э-э-эх!.. Ні богу свечка ні чорту качарэжка, як тая пагаворка кажа. Ты, Рыгор, шчасліў, па-мойму. Сяк-так, урыўкамі, пазнаёміўся з слясаркаю і цяпер, глядзі, ужо апынуўся ў майстрах. Молат, абцугі, напільнік узяў у кішэню і паехаў... Як птушка пяро... А калі і гэтых прыладаў не маеш, то не бяда: кожны завод табе іх нарыхтуе — бяры... Але ніякі чорт лысы цябе не прыкуе да аднаго месца. Не-э, дармо! А мне ўжо... ах, вось і зараз трэба бегчы дахаты... Зусім забыў — каб ты спрахла, каб ты! — што трэба было плуг падрапараваць... Ах!.. А то заўтра раніцаю... прыйдзецца прасіць у каго... Так, твая справа, Рыгор...
— Не кажы, Сёмка... Мала чым выйграў і Рыгор. Вось, глядзі, вандруй па свеце і развозь сілу. Як той прадавец, прынамсі... Што ж у яго, у Рыгора, бач, ёсць? толькі голыя рукі, якіх часта ніхто не хоча выкарыстаць. Так, так... Паглядзі на мяне... Добра, калі за лета месяцаў паўтара паходзіш у заработкі, а то... сядзіш. Дроў вязачку прынясеш, калі яшчэ падсілкуешся, а не... нічога ж свайго няма; кожнае каліўца купі — ад хлеба да запалак, ад...
— Пераменіцца, маці, нічога...
— Пераменіцца? Ды каб жа яно хутчэй... Але... прабавалі, вунь, у пятым годзе, і што выйшла? Бачыце, параспіхалі людзей нямаведама куды і што, а воз і цяпер тамака.
— Пераедзе на іншае месца...
Стэпа ўтулілася ў акно і з хвіліну разглядала панадворак.
— Хвароба іх ведае, бойся і сказаць што праўдзівае. Сабакі гэты, стражнікі, нябось, соўгаюцца па падвоканню. Вунь і надоечы, казалі, бачылі іх пераадзетымі на нашай вуліцы.
Хлопцы сабраліся выходзіць.
— Хіба ж і ты, Рыгор, ідзеш? — запытала Рыгорава маці.
— Правяду Сёмку...
— Няхай бы пасядзелі крыху ў нас.
— Трэба, цётка, ісці спаць. Заўтра, толькі пачне світаць...
Яны выйшлі на вуліцу і толькі павярнулі ў бок Сёмкавай хаты, як іх пераняў Пятрусь.
— Куды-ы?
— Я — дахаты.
— А я да цябе, — дадаў Рыгор.
— Сапраўды?
— Так, так.
Яны адышліся ўбок.
— У вёсцы Катлах, бачыце, таварышы, здарэнні...
Пятрусь аглядзеўся па баках.
Дарогаю праехала некалькі падвод балаголаў.
— Здарэнні, — з націскам паўтарыў Пятрусь. — Напэўна паліцыя ўжо там. З-за сервітуту выйшла. Камянецкі забараніў катлоўцам выганяць каровы ў лес, а яны, вазьмі, ды не толькі на сервітут, а яшчэ і на паплавы дахітрыліся... Незнарок... І калі аконам з парабкамі памкнуліся заняць у хлеў, дык яму так уляпілі хлопцы, што той ледзьве ўцёк... І гэта не без удзелу нашых... Костусь Варыёнчык, Саўка Піліпчук — то-а — зацятыя хлопцы.
Паведамленне, пачутае з вуснаў Петруся, ашаламіла Рыгора сваёю нечаканасцю. Ён раптам паддаўся ваяўнічаму настрою.
— Глядзеце вы! Я гэтага не спадзяваўся. Цікава! Бурліць!..
— А ты думаў, вёска заснула? Ці мы тут кінулі працу?
— Малайцы, хлопцы!
— Бачыш!
Пятрусь з Сёмкаю весела ўхмыльнуліся. Да іх данёсся ляскат вартаўнічае брашчоткі. Хлопцы сцішылі гутарку.
Хутка яны разышліся па хатах...
І Рыгор, лёгшы спаць, доўга не мог заснуць, захоплены бурлівым пачуццём радасці з прычыны катлоўскіх здарэнняў.