SommaireСокі цаліны
Квадра І - БАЦЬКАВА ВОЛЯ, ЧАСТКА ШОСТАЯ · 3 min de lecture

V

Назаўтра дзень выдаўся ясным, пагодным.

Рыгор а дзесятай гадзіне раніцы, з кніжкаю і палкаю ў руках пакінуў хату і пайшоў у лес. Маці запытала.

— Не астануся начаваць, — адказаў Рыгор.

— Та ты ж прагаладаешся, сынок.

— Не клапацецеся, маці; захачу есці — прыйду.

— А калі хлопцы цябе запытаюць, што ім адказаць? — ужо на дварэ дагнала Рыгора маці.

— Скажыце, што я ў хвойніку, — адказаў ён.

Як сказаў, так і зрабіў: у лесе Рыгор прабыў да вечара. І калі прыйшоў дамоў, то яму маці расказала наступную гісторыю.

А сёмай гадзіне, хто праходзіў Сівулінскаю вуліцаю, стрэціў вясёлую і п’яную кампанію, якую зложвалі сабою Васіль, Янка, Хлор і Мікола. Абняўшыся па двух, Мікола з Васілём, а Хлор з Янкам, яны распяяліся на ўсю вуліцу і гэтак ішлі з самага рынку. Ішлі — і то паспеўвалі, то ў покрык гутарылі. За імі цэлаю грамадою беглі дзеці, крычучы і жартуючы з п’янымі. З п’яных пацвільваліся і старыя жанкі ды мужчыны. Але гэта не смучала як Хлора і Міколу, так і хлопцаў, Янку і Васіля. Наадварот: ім здавалася пад п’яную руку, што яны сёння героі дня, лыцары; і чым далей адыходзілі ад рынку, тым гучней і нахабней гутарылі. «Што мне гэты бізунец, гэны галадранец? што мне ён за шышка. Нязвычны гэты?! Плюю я на яго! — драўся на ўсё горла Васіль: — Ён думаў мне падножку зрабіць, а сам пакаціўся... Ха-ха-ха! Вось шчанюк, і куды ён задумаў лезці. Гэ-э-э! Адзень, брат, перш порткі ды прышпілі добра, каб не з’ехалі. Тады будзеш часцей і пабольш купляць у старца нажабраванага хлеба... Ага! Ды дроў не забудзь купіць, каб другі раз маці не крала з маёй пасекі, тады можна будзе і рызыкаваць... А цяпер — ой, яшчэ зялёны зусім. Хі-хі-хі! І лезе, нябось, к Прыдатнаму. Пабачым яшчэ, пабачым... Не-е-э, брат! Не на таго нарваўся, не з тым маеш справу... Вось шчасце тваё, што мы з Янкам не падсцераглі цябе надовечы, а то б добры пачастунак справілі. Ой-о-о! Ды яшчэ пачакай — гэта табе дарам не пройдзе: я паспею адрыгнуцца».

Васіль злосна скрыгітаў зубамі і вымахваў рукою ў паветры. Хлор прытрымліваў нябогаву руку і адцягаў яе ўніз.

— На каго ён так гразіцца? — зацікавіўся адзін з мужчын, стоячы з суседам ля вешніц свайго двара.

— Не ведаю. Нешта, мусібыць, мае к некаму, — адказаў другі.

— Ды гэта ж на Нязвычнага Рыгора, — паведаміў зацікаўленых, ушчуўшы іх гутарку, пілявы хлапчук.

Мужчыны засмяяліся, адвярнуліся ўбок і прыняліся за сваю гутарку.

А Васіль не ўнімаўся:

— Ды не, не! Ты толькі, дзядзька, не лякайся — то ўсё будзе добра, — супакойваў ён Хлора.

— О, не, не, я троха смялей за цябе: я хутка запраўлю яго туды, дзе Макар козы пасе, — адказаў Хлор.

— А і варта, гада, варта. Н-не-э, братан, з намі табе не здабраваць, не!

— Што-о, што гэта... Хто там цябе, зяць, хоча крыўдзіць? — пытаў Мікола.

— Ды вунь з Рыгі прыехаў басяк нейкі... Стэпы Нязвычнай сын...

— А што там за ён? — і Мікола моцна топаў нагою. — Пакажыце хаця мне яго, што там за мацыя. Хто навязваецца мне ў зяці?.. Хэ-хэ-хэ! Няпрошаны зяць. Не, брат! Мая дачка намнога даражэй за гэткіх зяцёў. Не надзейся-а! Мая дачка з сягодняшняга дня не павінна і стрэцца з табою. Прры-ы-ка-а-жу! Не дапушчу-у!

— А і праўда, а і праўда, сваце, — пахвальваў Міколу Хлор. — І не след, каб твая дачка шаландалася з кім-небудзь... Люблю цябе за рашымасць, хвалю за адважнасць. Давай пацалую.

І Хлор перадлюдна абвешваўся на шыю Міколе і цалаваў яго ў поўную сытую шчоку. Мікола не аставаўся ў даўгу. Гэта сцэна смяшыла дзяцей, якія налпам крычалі:

— Во, во, дзядзькі, так! Гэтак!

З гэткім вяселлем падвялі Прыдатнага да самае хаты.

Мікола ўсіх пацяг да сябе і вунь — глядзі — бясёда стаіць на ўсю хату.

— Дык, вось, сынку, што ў нас робіцца. Яшчэ добра, што не памкнуліся з кулакамі да мяне. Ад гэтых паскуд можна ўсяго чакаць.

Рыгор, ахоплены вострым абурэннем, доўга моўчкі тупаў па хаце.