І
Месяц прамінуў, як дзень: азіраючыся назад, Рыгор падводзіў вынікі гэтаму часу свайго адпачынку. Ён памятаў, з якім узнятым настроем варочаўся з заводскае канторы на кватэру з адпускным пасведчаннем. Многа розных думак перабегла ў яго галаве, шмат невыразных чаканняў займала яго праз усю дарогу. Рыгор маляваў сабе мястэчка водлуг ранейшых сваіх уражанняў і перажыванняў. Здалёк, будучы ў горадзе ў зусім інакшых абставінах, ён заўважаў, як гэтыя абставіны выціскалі з яго ранейшыя настроі і сувязь з местачковымі ўмовамі жыцця, з яго вузкім колам інтарэсаў, з абмежаванымі магчымасцямі ў справе рэвалюцыйнай чыннасці. Рыга адчыніла перад ім шырокі агромністы небасхіл, увёўшы яго ў блізкае яму рабочае асяроддзе. Ён хутка асвоіўся з новымі абставінамі фабрычнага жыцця, прасякся агульнымі настроямі рабочых гушчаў, адчуў выразную цягу да цеснае злукі, да поўнага зліцця з працоўным калектывам. Грукат машын у заводзе, гудкі на працу і штодзённае наведванне з сотнямі таварышаў буйнога завода, астаўленне яго пасля працы, калі сталёвымі грамадамі рабочых укрываліся вуліцы гарадскіх аколіц — усё гэта ператварала з Рыгора найміта-падзёншчыка, звязанага з мястэчкам, у Рыгора індустрыяльнага рабочага, у адзінку цеснага шчыльнага калектыву працоўнай арміі. Лёгкая ўсвойнасць слясарскае работы таксама спрыяла гэтаму. У Рыгора лёгка адмерлі ўсякія жаданні вярнуцца жыць у мястэчка. Не, ён пра гэта не думаў і не дапускаў сабе гэтага. Але, едучы да мацеры, ён цікавіўся паглядзець, азнаёміцца з Сілцамі, у якіх прайшло яго дзяцяцтва і юнацтва, з якімі былі звязаны першыя афармленні яго поглядаў і дзе яшчэ аставаліся блізкія таварышы. Не пакідаў Рыгор думак і пра Зосю, якая першай дзяўчынай зараніла ў яго нутро пачуццё кахання. Праўда, выязджаючы з Сілцоў, ён адчуваў сваю цягу да Зосі куды вастрэй, як то было ў час намеру прыехаць на пабыўку. Але апошнія два гады жыцця ў Рызе пакуль не маглі спаражаваць яго любові да сілцоўскае мяшчанкі-дзедзічкі. Рыгор не хацеў раней аналізаваць прычыны свайго зацягнення Зосяю, не крытыкаваў сваіх да яе адносін. І толькі стрэўшы яе ў першы дзень прыезду ў Сілцы, пачуў, што справа кахання да Зосі не такая непахісная рэч, каб без яе не можна было абысціся. Свой погляд на Зосю ён грунтоўна пракрытыкаваў пасля гутаркі з ёю. І перад Рыгорам ужо Мікалаішка выглядала іншаю, як уперад. З пачуцця любові пачалі вытыркаць вышэйшыя моманты ацэнкі яе, як чалавека... таго чалавека, з якога можна б было атрымаць карысць для рэвалюцыйнага руху, для змагання за вызваленне працоўных. Той факт, што Зося доўгі час мела ў сабе цягу да таварышкавання з сілцоўскімі дэмакратамі, сведчыў за гэта. Рыгор не мог не верыць Зосінаму жаданню і намерам не паддавацца бацькавай волі, а змагацца з яго мяшчанска-дзедзіцкім уздзеяннем на яе. Ён бачыў Зосіны непрыхільныя адносіны да Берагоў, наглядаў патугі да супраціўлення замахам на яе. Гэтыя Зосіны ўласцівасці расцэньваліся Рыгорам, як магчымасць не папусціць дзяўчыну засмактацца местачковай багнай. Аднак час паказваў іншае. Берагавы сваты казалі за тое, што Зося не мае сілы парваць прыгатаваныя для яе сеткі. Не трэба было і завярэнняў Сёмкі пра Зосіну няўстойлівасць, лішнімі аставаліся і спробы Зосі выбачацца перад Рыгорам. Здарэнні не маглі нават падняць буры ў шклянцы вады. Тым не меней Рыгору хацелася да ад’езду ўбачыцца з Зосяю. Аставаліся лічаныя дні яго пабыўкі, а далей — хто мог запэўніць, што ён мецьме выпадак яшчэ раз наведаць Сілцы? А калі б такі выпадак і здарыўся, то што адбудзецца за гэты прамежак часу з кожным з яго знаёмых, у тым ліку і з Зосяй?
Ідучы ранкам у лес ці выходзячы ў палеткі, Рыгор не расставаўся з жаданнем напаткаць Зосю і пагутарыць з ёю начыстую. Але выпадкі не трапляліся. Яксьці адбывалася так, што Волька і Гэля даволі часта сустракаліся з ім, а Зося... Праўда, яе таварышкі паведамлялі Рыгора, што да Прыдатных амаль не штодня наведвае Васіль. Абы пачало змяркацца, як ён і паўзе з-за гары... І чамусьці Зося годзіцца з яго прыходам, не пакідаючы хаты. Са слоў Волькі можна было заключыць аб неадабрэнні Зосіных паводзін яе таварышкамі. Гэтыя апошнія папікалі яе ў кутнасці, у надмернай пакорлівасці бацькам, нават у абабленасці. Аднак справа ад гэтага не паляпшалася. Зося вачавідкі мянялася ў сваіх настроях.
Адным разам Рыгору трапілася адзін на адзін пагутарыць з Гэляй. Ён прагульваўся па жытніх палетках і знянацку стрэўся з ёю: Гэля хадзіла аглядаць пшаніцу і варочалася дамоў.
— Ты, я бачу, Рыгор, запасісся на ад’езд водырам красуючага жыта, — загаварыла яна першай.
— Так, дарога доўгая.
— І ўжо, напэўна, не гэтак хутка прыйдзецца ёю ехаць.
— Або я магу ведаць.
— Ну, ты ведаеш, што я б... так-такі і часта гэта рабіла.
— Табе так здаецца, Гэля.
— Магчыма... Яно, праўду кажучы, тут зусім невялікая мацыя. Іншая справа горад... Ты ведаеш, Рыгор, што я мару аб тым часе, калі я пакіну Сілцы...
— Так, як і Зося...
Рыгор сказаў гэта так сабе... бо адчуваў, што Гэля гаворыць даволі рашучым тонам. Наогул, Рыгор праканаўся ў пераважнасці Гэлінай цвёрдасці над цвёрдасцю Зосі. Гэля прадстаўляла з сябе зусім інакшы тып; гэта быў тып энергічнай, нягледзячы на жартаўлівасць і вясёласць, чужой мяшчанскай сантыментальнасці дзяўчыны. У яе характары адмячаліся мужчынскія рысы. І калі гэтым яна зараняла ў Рыгору пачуццё сімпатыі да сябе, то Пятрусь сваю сімпатыю да Гэлі яшчэ болей павялічваў. Рыгор некалькі разоў падмеціў Петрусю, што той «не памыляецца, маючы гэткія адносіны да Гэлі».
На гэты раз Гэля прадставілася Рыгору яшчэ ў больш выгадным відзе. Выказанае ёю жаданне пабываць у горадзе асабліва спадабалася яму.
— Я пастараюся цябе перабраць... Ды, напэўна, Пятрусь гэта зробіць хутчэй майго.
Гэля недаверліва махнула рукой.
— Вы ўсіх нас перабераце, — іранічна заўважыла яна.
— Не мы перабярэм, а вось — падобныя Берагам вас перабяруць...
— Кінь, Рыгор... Або Зося, думаеш, цалкам віноўна за гэту гісторыю?
— Хто яе вініць!
— Чаму... Ведама гэта...
— Я толькі не думаў, каб яна аказалася зусім бязвольнай... ці мо яна мне няпраўду казала, калі завярала, што будзе спрачацца бацькавым капрызам...
— Не вельмі паспрачаешся... Зразумела, кожны чалавек па сабе. На мой лад — а мо так мне здаецца — я бы знайшла ў сябе сілы не паддацца...
— І мне так здаецца. Вось чаму, па-мойму, я не сумляваюся, што твае мары аб горадзе могуць з часам стаць рэчаіснасцю...
Часта бывае так, што адзін выпадак адкрывае перад табою чалавека паўней, ніж доўгае з ім знаёмства. Так было і з Рыгорам. Гэля ў гэтай гутарцы выявіла сябе Рыгору зусім інакшай, ніж ён яе ведаў дагэтуль. І ў гэтым новым яму Гэліным я Рыгор бачыў тое, чаго не хапала ў Зосі.
ІІ
Тым часам аставалася ўсяго некалькі дзён да ад’езду. Рыгоравы думкі пераносіліся ў Рыгу. Цікавасць да Сілцоў меншала, хоць ён заўсёды любіў, як найпаўней запамятаваць вобраз тых мясцін, з якімі расставаўся і з якімі не быў пэўным сустрэцца паўторна. Як здарэнні павернуць справу ў адносінах да Сілцоў, нельга было наперад угадаць. Рыгор не браўся заверыць сябе, што больш не ачуецца ў родным мястэчку, але разам з тым у яго не было ўпэўненасці ў тое, што хоць калі ды яшчэ раз яму ўдасца аглядаць яго жывапісныя мясцовасці. У кожным разе будучае мецьме свае настроі і свае адценні пачуццяў, а зараз... Рыгору хацелася выкарыстаць апошнія дні аглядам сілцоўскіх летніх ландшафтаў, любаваннем росквіту зялёнага лета. І ён не спыняў кожнадзённага наведвання хвойніку, прагулак па яго гушчарніку, асалодай яго парным пахучым паветрам. З хвойніку ён накіроўваў або ў бок жытніх палеткаў, або ў супроцьлежны бок, дзе галелі рудыя папары, стыкаючыся з гарыстымі сядзібнымі ўчасткамі сялянскіх гародаў.
Вакола Сілцоў за кожным палеткам, як вартавыя самадзяржаўнага ладу, ляжалі памешчыцкія маёнткі. Яны сціскалі сваімі агромнымі суцэльнымі прасторамі вузкія худыя ніўкі вёсак і ўпарта напіралі на Сілцы. Кожны дзень, у тым ці іншым канцы местачковых палёў адбываліся сутычкі між панскімі паслугачамі і мяшчанамі — земляробамі: там стражнік пераймаў дзяўчат з травою, там аб’ездчык напатківаў бедняка-сілцоўца з пяццю-шасцю арэшынкамі на кашэль ці з веццем на венік і складаў пратакол, там паплаўнічы лавіў выпадкам перабегшую ў лес карову і накладваў штраф за шкоду. Націск цяжкай варожай рукі п’явак-паноў адчуваўся даволі моцна. Ва ўгоне за сялянствам, у дробных да яго прыдзірках ляжала помста паноў за добрапамятлівы дзевяцьсот пяты і шосты гады. Напалоханыя ідучай расплатай за векавыя здзекі, паны ў гэтыя гады яскрава адчулі на сабе вачавідкую небяспеку. І калі самадзяржаўю ўдалося супыніць на нейкі час расхвалёванае мора рэвалюцыйнага шторму, пачулі ў сабе моц і паны. І парушаныя, перацятыя на час іх замахі на сялян аднавіліся з новаю сілаю, аснашчаныя зверствамі і здзекамі.
Рыгор чуў пра гэта амаль не кожны дзень. Разнастайныя факты роўна сведчылі за абвостранне класавых адносін між памешчыкамі і сялянствам. А падобныя катлоўскім здарэнні казалі за надыход часоў адплаты з боку сялян сваім прыгнятальнікам. Рыгор зацяжна марыў пра той момант, калі ўсе вунь тыя асяродкі панскіх умацаванняў, гнёзды эксплуататараў будуць разбураны паўстаўшымі працаўнікамі. Ён уражаў сабе, як грамады беднякоў з вёсак і з мястэчак пераможнымі калонамі накіруюць ва ўсе канцы і далучаць да супольнае ўласнасці гвалтам прыгорнутыя, аднятыя ад працоўных землі. Ён слаба памятаў 1905 год, але з яго памяці не згладзіліся прыгожыя карціны сельскіх дэманстрацый, якія канчаліся мітынгамі на дваровых дзядзінцах. Памятаў Рыгор і тыя моманты, калі цёмныя лістападаўскія ночы асвятляліся вогненнымі факеламі з панскіх двароў. Следам Сілцы наведалі паліцэйскія стражнікі. Пачаліся арышты, расправы, экзекуцыі. Але паліцэйскія ўжо былі не ў моцы знішчыць пачуцця класавай варожасці ў сялянскіх гушчах. Яны не маглі астудзіць палкай веры ў немінучасць прыходу новага рэвалюцыйнага ўздыму, які не пакіне пасля сябе каменя на камені з будыніны самадзяржаўна-панскага ладу. Зноў жа Рыгор браў за ілюстрацыю сваім прагнозам катлоўскія здарэнні.
Аднак, думаючы і мяркуючы аб наступных часах класавых боек у вёсцы, Рыгор памятаў адно і ў гэта адно, найважнейшае, верыў, — што вёска сама па сабе нічога не зробіць. Кіруючую ролю ў наступных, як і ў мінуўшых, рэвалюцыйных схватках, мецьме рабочы клас.
І ў выніку сваіх разваг ён напружана імкнуўся назад у Рыгу. Там, у рабочых кварталах, адбываецца бурны рост падгатоўкі да надыходзячых сражэнняў, там, пры свістах і вярчэнні машын гартуецца пралетарская ваяўнічасць.
...Над гэтым жытам, над зялёнай ярыною... залунаюць чырвоныя сцягі...
Кожны дзень, засуцэленым кругабегам, праносіліся перад Рыгорам бліскучыя вобразы створаных ім у думках падзей. Гэтыя падзеі набіралі выразныя формы, напаўняліся багатым зместам бадзёрых настрояў і справодзілі яго дамоў у абдыме яскравай урачыстасці.