SommaireСокі цаліны
Квадра І - БАЦЬКАВА ВОЛЯ, ЧАСТКА СЁМАЯ · 3 min de lecture

ІІІ

Рыгора абудзіў рэзкі бразг металу; ён прыслухаўся — кляпалі касу. Знаёмы, прыемны напеў прыпарнае працы. Касьба? У полі пачынала красаваць жыта — Рыгор любаваўся перакатамі хваль, над якімі, як пырскі, шарым туманам паднімаўся красоўны пылок. На шырокім галу сточаных каласамі ніў бегалі палкія ўзрокі маладога рабочага. Але кляпанне касы?..

Калі Рыгор адзеўся і выйшаў на вуліцу, то пачуў, што бразг даходзіць з-пад Сёмкавай хаты. «Няўжо ён збіраецца так загадзя да касьбы?» — праказаў сабе Рыгор і накіраваўся да таварыша.

Праўда. Седзячы на акораным круглячку, Сёмка рытмічна ківаў рукою, выпускаючы бразглівыя стукі. Паўкруглая спіна свяціла на сонцы белаю кужальнаю сарочкаю. Галава згіналася над парогам, дзе была ўбітаю бабка. На дзеравяным гваздзе ў сцяне вісела доўгае белае кассё.

— Гатовішся да касьбы? — над Сёмкавым вухам праказаў Рыгор.

Сёмка кінуў стукаць і азірнуўся.

— Трэба, таварыш!

— Скора касіць?

— Ды ўжо ж...

Абое прыселі на парозе.

— Не баўся, сынок, — даняслося з хаты.

Следам выйшла Сёмкава маці.

— Дзень добры, суседзе. Вучышся косы кляпаць? Забыўся ў горадзе.

— Забыўся, хоць молатам б’ю не горай ад Сёмкі.

— Так, бач, молатам... А думала, можа пяром, часамі?

— Ёсць тыя, што і пяром, а мы молатам.

— Ды ўжо ж, радзіліся для працы: каму пры зямлі з сахою, каму з молатам пры кавадле. А каму — гатовае.

— Выб’ем з рук, няпраўда...

— Не баўся, сынок, — тым жа тонам, што і першы раз, праказала Сёмкава маці і схавалася за дзвярыма.

— Трэба паехаць пазябліць ганкі-другія ды ўкасіць разам з тым бярэмейка травы... Ну, што ж, збіраешся, Рыгор?

— Пара. Даволі гуляць — молат з напільнікам чакаюць.

— Або не пачакаюць яшчэ які тыдзень?

— Не магу без працы. Нябось сам і хвіліны не перадасі на гульню...

— Наша справа няроўня вашай... Так давай праедамся ў палетак.

— Чаго?

— Сустрэнем Зосю.

— Дзе?

— У Лужках. Нядаўна паехала, таксама зябліць...

— Можа б пазней?

— Маці гоніць...

— Зараз не магу... Прызнацца, яшчэ не снедаў нават. Пасля.

— Прыходзь — табе ж аднака прагульвацца, ці ў хвойнік, ці ў Лужкі.

— А што думаеш...

— Сапраўды.

— Перайду да хаты.

Рыгор павярнуўся і выйшаў з двара. За ім панесліся адноўленыя ўдары малатка. Але ён не дайшоў да свайго двара, як бразг сціх. На вуліцы заўважна паспакайнела.

У дварэ ўвіхалася з вязкай дроў маці.

— Вы зноў з дрывамі?

Маці азірнулася. Запацелы твар выказваў балючую ўтому. На хударлявых скронях чарнелі сляды слёзных рагаў. Асавелыя вочы тупа глядзелі на Рыгора.

— Трэба, сынку. Каня не маю, на чым прывезці. А вазок дроў каштуе пяць рублёў.

— Ну, насіць жа на плячах болей вярсты...

— Гм, цудны які? Усё жыццё носім. А хто ж мне прынясе. Вольны час — трэба выкарыстаць, а пачнуцца заработкі — шкада... Ты ж мо яшчэ нашча зусім?

— А яшчэ-такі і не еў...

— Надзіва мне...

Стэпа, як стаяла, так кінула ашматкі патрапанай аборкі і жмах вышмуляных ануч з пляча і панеслася ў хату.

Сухія ломкія ламачыны паваленым плотам ляжалі на камяністым грудку каля парога.

Рыгор памкнуўся даць ім лад, але пачуў з хаты:

— Не чапай, сынок, я сама ўладую. Ідзі пасілкуйся. Гэта не твая справа... Гуляй, бо зараз...

Яна недасказала, і, калі Рыгор увайшоў у хату, то ўгледзеў, што маці выцірала слёзы.

— Ты мо гаварыў з Сёмкам наконт падводы?

— Згаваруся яшчэ, маці... Ды што гаварыць загадзя — паедзе, вядома.

Стэпа злажыла на грудзях рукі і доўга стаяла на адным месцы, пільна гледзячы на сына.

— Падумаю, сынок, — паківала яна галавою, — і, здаецца, што б то было, каб ды ты астаўся дома. Якое было бы шчасце мне... Але, ведаю, што гэтага нельга зрабіць. Суджана, каб мы дажывалі па адным...

— Нічога, маці, сустрэнемся. Гара з гарою не сходзіцца, а чалавек з чалавекам заўсёды.

Ён паглядзеў на гадзіннік, які паказваў першую гадзіну пасля палудня.

«Лужкі-ы? Так, болей двух вёрст».

Яго думкі вярцеліся каля Зосі. Сёння найлепшы выпадак угледзецца з ёю на ад’ездзе.

— Ты будзеш дома, Рыгор?

— Чаму?

— Я думаю яшчэ раз прайсці за дрывамі.

— Кіньце, маці, што вы сабе ўзялі ў голаў.

— Няўжо ж у хаце сядзець! Усе людзі працуюць, як мурашкі бегаюць, стараюцца, а мне сядзець — не, сынок, брыдка... Калі яшчэ магу сяк-так, то трэба цягнуць, а сцісне — тады... Ты пачытай, я доўга не забаўлюся...

— Я маю справу...

Яны разам выйшлі з хаты і адночас разышліся ў два канцы вуліцы.

Квадра І - БАЦЬКАВА ВОЛЯ, ЧАСТКА СЁМАЯ · 4 min de lecture

IV

Каб, падняўшыся на ўзвышша, за якім пачынаўся хвойнік, Стэпа азірнулася направа, у бок Сівулінскае дарогі, яна б угледзела, як Рыгор мернаю ступою адмяраў мяжою роўныя крокі напрамкам да Лужкоў. Яму ў палетку сустракаліся рэдкія адзінкі сілцоўцаў, або аглядаўшых свае палоскі, падбіраючы каменні, або спяшыўшых у пасеку... Над зялёнаю рунню насіліся вясёлыя жаўранкі, клубкамі падаючы зверху ўніз. Праляталі вароны ў бок лесу ды ў шызай вышыні луналі буслы. Наперадзе тырчаў лысы курган, за якім пачынаўся папар. Там, дзесьці, насупраць вунь тае дзічкі-грушкі, павінна быць Зося.

Налева ад Рыгора цягнулася паласа Прыдатных. Густы, ядраны ячмень выдзяляў яе з памежных вузенькіх ніў, засееных свірэпістым аўсом. Гэтая ж паласа прадаўжалася і ў папарным палетку, але наварочвала яшчэ болей улева.

Ужо ад кургана Рыгораў узрок дасягаў таго месца, дзе за сівым канём мігалася белая хусцінка. Наводдалёк, управа, бачыўся другі араты, але Зося была бліжэй.

Яна вярталася назад, ідучы настрэчу Рыгору, калі Гнедка натапырыў вушы і чмыхнуў, угледзеўшы зблізку сябе незнаёмага чалавека. Зося хвасянула каня бярозавым дубчыкам, не пацікавіўшыся з прычыны яго настарожлівасці.

Але Рыгор не хацеў паказацца Зосі знянацку. Ён аддалёк кінуў у дрэўца камень, ажно гулка зашапацелі спакойлівыя лісці, адцягнуўшы на сябе ўвагу аратага.

Ад грушкі Зосіны вочы перанесліся на Рыгора: знянацкасць не абмінула яе. Зося ажно збянтэжылася, угледзеўшы яго перад сабою.

«Якім цудам і чаго ён?» — прамігнула вострая думка ў Зосінай галаве, але не было часу для роздуму: Рыгор махаў ёй шапкаю, аддаючы ветлае вітанне.

— Адкуль ты ўзяўся?

Плуг выкаўзнуў з рук і пахіленым убок зрабіў доўгі агрэх. Гняды спыніўся.

— Чаго ты сюды?

— Я праходжваўся яравым палеткам, пасля...

— Не хлусі, Рыгор, табе хтосьці сказаў, што я сёння ў Лужках.

Зося пытальна глядзела Рыгору ў вочы. Рыгор гатовіўся прызнацца.

— Іначай табе не ўспала б у думкі.

— Ты думаеш?

Ён узяў яе за поўную патрэсканую руку і пачуў, што ў ёй заложана сталёвая моц аратага.

— Чакай, Рыгор, я адвяду на паплавіну каня і прыпну яго на момант.

— Давай я правяду баразну.

Зося ўсцешліва засмяялася.

— Папрабуй!

Гняды павярнуў да іх настарожлівыя ўзрокі, паставіў вушы і ўгледзеў, як Зося падвяла Рыгора да плуга, прачытала кароценькую інструкцыю і гукнула:

— Нно-а, Гняды.

Пруткія Рыгоравы рукі здрыгануліся ад штуршка, але ён не выпусціў лемяша з зямлі, а роўнаю струною накіраваў побач суседняе баразны. Размякчаны суглей бярэстаю вывіваўся з-пад плуга, бліскаючы глянцам на адрэзаным месцы. З свежае разоры нясло тленам зямлі і пахла сокамі закалупленай цаліны.

Прайшоўшы з паўганоў, яны бачылі, як дападкія вароны старанна рэвізавалі праложаную баразну.

— Утаміўся? — паіранізавала Зося.

— Сумею прайсці і назад.

Але з паваротам Гнедага Рыгор не ўправіўся, і Зося сама зрабіла гэту аперацыю.

Рыгор цешыўся, гледзячы на спрыт і паваротлівасць дзяўчыны, з якімі яна ўвіхалася на яго вачах. Плуг лёгка падаваўся Зосінаму кіраўніцтву, і на яе твары блыскала ўхмылка, пакуль Рыгор не пераняў плуга з яе рук.

— Тут цвярдзей, — паскардзіўся ён.

— Не ў гэтым справа.

Зося заўважыла, што Рыгор пачырванеў, і яго белае, чыстае ад загару ліцо абвільжылася тонкім наслоем поту.

— А ты думаеш, я ўтаміўся?

— Крыху падобна да гэтага.

Рыгор, аднак, не здаўся, пакуль не параўняўся з месцам, з якога пачаў баразну.

— На-а!

Зося выпрагла Гнедага з плуга і прыпяла на паплавінцы.

— Падыдзі. Дык табе ніхто не паведаміў, а ты сам мяне знайшоў? — праверыла яна паўторна.

— Або не ўсё роўна?..

Праз хвіліну яны ляжалі на разасланай дзярузе пры возе.

— Ты не чакала?

— Прызнаюся, што не.

— Паперашкодзіў працаваць?

— Хопіць часу.

Яе рука лягла на Рыгоравых плячах. Ён чуў яе ўзмоцненае дыханне і пачашчаны пульс.

— Але ж ты зарабілася сёння... Бацькі...

— Не ўспамінай. Ці толькі сёння...

— Калі ж ты даарэш?.. Ты памятаеш хвойнік?

— Рыгор... я ведаю, што ты глядзіш на мяне іначай ад ранейшага. Я заслужыла: імкнуся ды не выстарчае сілы. Нутром я твая, ну нада мною бацькава воля, скавала мяне... Усё ж, дарагі мой...

Наступны момант аддаўся сузіранню нез’яснёнага хараства запаленай іх выабражэннем прыроды, бяздоннаму шчасцю неперажываных хвілін, апойнасці заварожванага пачуцця...

Разгойданае цюканне сэрца, ненасытная прага салодкага эфірнага паветра, подыхі лёгкага ветрыку...

І прарэзлівы, нахабны, дзікі покат рогату:

— Ххі-ыхха! А-а-а-ххэ-эк!

Узнятыя ад нізу і пахіленыя налева ўзрокі праводзілі па сцежцы траскацеўшыя драбіны вазніцы. Белая дробная каняка рыссю мчалася між шэрага фону папарнага палетку. Водгукі сухога лёскату калёс працягалі інтанацыю людскога смеху.

— Хто б то быў?

— Ды не ўсё роўна, хто!

— Ён бачыў? Ой, бачыў, бачыў!..

Зося хапілася рукамі за голаў і заплюшчыла вочы.

— Няўжо-а ты, Зося-а-а, нагэтулькі маладушна?

— Маўчы-і...

Яна адышлася ад яго і нейкі час задуменна глядзела ў густую карону грушы.

Рыгор зрабіў некалькі крокаў ад яе.

— Чакай, вярніся. Праедзем са мною да выгану?

Зося ўвішна хапілася запрагаць каня.

Хутка Гнеды стаяў у аглоблях, пад жоўтаю кантоваю дугою.

— Садзіся...

Конь павярнуў насустрач асядаўшаму за лес чырвонаму агромнаму сонцу. Па свежай раллі цягнуліся доўгія, вычварныя цені.

— Ты скора ад нас едзеш? — справілася Зося.

— Скора.

— Так. Калі мы сустрэнемся, Рыгор, яшчэ раз? І пры якіх умовах?

— Будучае пакажа.

— Ну, я цябе не...

— Ты думаеш?

Зося замаўчала, але ў яе вачах Рыгор прачытаў цвёрдае запэўненне сказаным словам.

На зямлю спускаўся адвячорак.... Чыстае лазурковае неба разгорнутым парасонам абнімала шырокія прасторы. Зямля дыхала маладымі, жыццетворчымі сокамі. Лёгкім парам цягнуліся ўгару яе вясновыя ўздыхі.

Над Сілцамі насіўся прыглушаны шум.

Каля выгану Рыгор злез з воза, развітаўся з Зосяю і ўверанай хадою накіраваў у мястэчка.