SommaireСокі цаліны
Квадра І - БАЦЬКАВА ВОЛЯ, ЧАСТКА СЁМАЯ · 5 min de lecture

V

Падыходзячы к свайму двару, ён спаткаў Іцку Хрома.

— Нарэшце!.. Маці затужылася.

— Але ты з якое прычыны ад мяне? Нешта ў лесе здохла.

— Няхай бы здыхала, толькі не тое, на вошта ты намякаеш. У нас і ў мястэчку звяр’я хапае.

— Ты праў, Іцка.

— Я кажу пра нашых гаспадароў...

— ?

Яны вярнуліся ў хату.

Стэпа дбайліва ўвіхалася ў мыцельніку. Каб Рыгор пацікавіўся, то бачыў бы, як маці гатавалася да яго ад’езду. Яна старанна пакавала купленыя сыр і каўбасу, абвязваючы іх у белыя завільжаныя анучкі. На лаўцы каля прыпеку ляжала акуратна згорнутая, чыста памытая і пакачаная бялізна. З-пад полу выглядаў адкрыты чамадан, на дне якога ляжалі першыя рэчы. Ацягнуты сумам мацерын твар сведчыў пра жалобу, якую моцна перажывала старая. Яна не абмінула, каб не выказаць Іцку сваіх расхваляваных думак і горкіх скаргаў пра адзіночнае жыццё. Іцка разуважаў Стэпу, як мог, і таму яна радчэй і цішэй уздыхала. Але старой цяжка было стрымаць напіраўшую горнасць.

— Будзем вячэраць?

— Не мяшае.

Стэпа ўвішна падала Рыгору ўсё, што магла згатаваць. Рыгор еў і слухаў Іцку, які падрабязна расказаў яму пра развіццё канфлікту ў гарбарскай прамысловасці Сілцоў. З часу сходу ў яго на кватэры адбылося шмат змен у развіцці перагавораў паміж рабочымі і гаспадарамі. Адзнакі ўступчывасці з боку гаспадароў, пра якія можна было казаць раней, зараз абярнуліся ў вострую апазіцыю заяўленым патрабаванням з боку рабочых. Мякчэй стаяла справа толькі ў адной майстэрні, але стварылася небяспека, што і яе гаспадар паддасца агульнаму прадпрыемскаму настрою. Гаспадарская непрымірымасць сустрэла ў рабочых падвойную рашучасць да забастоўкі. Многія адзнакі сведчаць за магчымую перамогу рабочых. Зробленыя заказы на вялікі нарад выцяжак не церпяць адкладу. Гэта штурхае гаспадароў на паскоранае вырашэнне канфлікту, але забастоўка немінуча. І Іцка прыйшоў угаварыцца з Рыгорам, каб ён прыняў удзел у сходзе рабочых.

— А на калі намечаны сход?

— Праз дзён тры... Я ўжо ведаю, што ты не магчымеш прыняць удзелу — маці казала.

— Шкада, ведаеш, а хацелася б.

— Нічога не зробіш.

— Пажадаю вам паспяховай перамогі.

— Думаем не паддацца. Настрой гарбароў баявы. Хлопцы ўжо праводзяць другую забастоўку.

— Наогул, гарбары перадавы атрад.

— Чаму, Сілцы, трэба аддаць справядлівасць, не спяць. Пра Катлы, зразумела, чуў?

— Падобнае днямі адбылося і ў Асінаўшчыне.

— Што ты кажаш?

— Перадаюць.

Іцка прайшоўся па хаце і перавёў гутарку на іншую тэму.

— Як бы ты думаў, Рыгор, наконт таго, каб мне паспрабаваць пераехаць у горад?

— Адабраю думку.

— Сапраўды, цягне. Калі б можна было з Рыгі паведаміць.

— Пастараюся...

— Ты ведаеш, мястэчка засосвае. Не адчуваецца пралетарскага асяроддзя. Здаецца, каб гэта ў фабрыку з тысячу рабочых... Армія...

Іцка завісліва паглядзеў на Рыгора і абярнуўся да Стэпы:

— Гатовіце сыну ў дарогу?

Кабета раптам адвярнулася на хату і глыбока, зацяжна ўздыхнула:

— Доля, сынок, ужо такая. Людскія дзеці пры бацьках, а гэта...

— Не тужы, маці... — суцешыў Рыгор.

Выходзячы з хаты, Іцка падмацаваў яго ўцеху заспакойваючым сказам да Стэпы:

— Ён бліжэй з вамі нааддалёк, ніж тыя, хто з іншымі зблізку...

Рыгор правёў Іцку да вуліцы і вярнуўся.

Стэпа стрэла яго на парозе наступнымі словамі:

— Хоць пасядзі на расстанні з мацерай. Бо калі мы ўжо ўгледзімся — хто можа сказаць...

Яна разгорнілася і заплакала.

— Дай мне наглядзецца на цябе... Два ж даўжэрных гады не бачыліся, а гэта колькі дзён, як квадранец. То мяне няма ў хаце, то ты ідзеш гуляць і толькі на ляту, выпадкам прамігнеш... А тут — во — заўтра ўжо і зусім пакідаеш. Як і не наведваў, мэрам бы і не быў... Вясёлкаю, бляскам, іскраю....

Апушчаная ў паднятыя плечукі галава сіратліва нахілялася ўправа. На плоскіх, выгнутых грудзях складзеныя накрыж рукі супакойвалі раз’юшанае сэрца. Пад заўпалымі вачмі выдзяляліся смуглыя, зеленцаватыя дугі і па ссохлых губах бегалі нервовыя дрыжыкі.

— Паглядзі, сынок, гэта я нарыхтавала табе ў дарогу.

Абое падышлі да мыцельнікава акна і прарэвізавалі ўзрокамі невялічкі запас правізіі, што Стэпа прыгатавала Рыгору.

— Хоць на дарогу ды ў першыя дні па прыездзе.

— Не трэба было, маці, дармо растрачвацца. Хавалі б лішнюю капейку, а я...

Дзве хударлявыя рукі растапырыліся выпрастанымі далонямі перад Рыгоравым тварам. І палкія любоўю ўзрокі ўстраміліся ў яго спачувальны твар.

— Што магла — прыдбала, а большага не прасі.

— Кіньце выбачацца. Ласне я нічога не ведаю?

— Ну, як жа такі, без нічога адпусціць. Такі-та ж я маці, і так шчасліва была стрэцца з табою і... што ты кажаш, Рыгорка. Адна ноч і паміж намі зноў...

Замурзаны хвартух падняўся да заслежаных воч.

Рыгор выняў з-пад полу чамадан і палажыў у яго некалькі дробных пакункаў і пару кніжак.

— Хочацца гаварыць, а язык прыліпае. Горнасць сціскае грудзі. Хоць ужо пішы мне, сынок; а то я буду маўкліва паглядаць на твой гасцінец і сіратліва плакаць... Пішы, пішы! Каб я доўгімі гадзінамі не дарма ўглядалася ў вокны, чакаючы ўгледзець паштальёна. Каб ён не абмінаў хаты. Я калі слухаю твой ліст, та мне здаецца, што ты стаіш перада мною і бачу цябе, як зараз. А хай месяц не атрымоўваю твае весткі — нібы, як сопуха, і свет не мілы, ні каліва, Рыгорка, не мілы. Сэрца ные-ные, як бы хто яго чэмерам змачыў. Туга, туга, о цяжкая, кандальная туга... Ляжыш і дратуешся, ідзеш — нічога не міла. Сёмку, Петрусю, Іцку, дзяўчатам — не даю праходу: а мо той што ведае, а мо гэты чуў, а мо... І бачыш, як іншыя задаволена смяюцца, жартуюць, заўсёды на вачах — думаеш: а Рыгор дзе? А што з Рыгорам? Пішы...

— Кінь, маці, жалобіцца.

Ён умільна паглядзеў на Стэпу.

— Або я ўміраю? Або навекі расстаюся? Кожны раз я магу кінуць завод і прыехаць. Ніхто мяне не прывяжа да месца... Не ў адну Рыгу дарогі сходзяцца... Будзе цесна ў Рызе — ёсць Пецярбург, Масква ёсць... Буду пісаць і буду памагаць. А вы тут не звераджайце сябе праз меру. Колькі аднаму чалавеку трэба? Запасіць — навошта...

— Ну, а скажы ж, Рыгорку, ці намеран ты хоць праз год наведаць мяне?

— Буду намагацца. Але год — гэта многа часу. Ой, як многа! Магчыма, што я і вас страчацьму ў сябе, усё магчыма — год. А бывае і раней года...

Стэпа няўпэўнена, з лёгкім недаверам паківала галавою. Потым падышла да чамадана і праверыла паложанае ў яго.

— Заўтра булку спяку — пакінь мясцінку.

Яна прычыніла чамадан і заікнулася, каб пра нешта дапомніць Рыгору, як стукнулі дзверы.

Абое абярнуліся да мыцельніку і настаражыліся.

— Позна, скажаце?

То быў Сёмка.

— Добры вечар! Лажыцеся спаць?

— Не па-твоему.

— Ды ўжо відаць, відаць...

Ён акінуў узрокам хату і, заўважыўшы чамадан пры печы, праказаў:

— Рыхтуешся?

— Каб што лепшае, Сёмачка, рыхтуецца, — адказала за Рыгора маці. — Ці даўно мы яго страчалі, а гэта, во, зноў у дарогу. Як табе падабаецца, га?

— Трэба!

— Нікому так, як яму. Табе не трэба, Петрусю не трэба, а Рыгору...

— Няўжо-такі вы не ўтамуецеся, маці? — сухаватым голасам пераняў Рыгор.

Сёмка змякчыў яго.

— Але, паверце, што не ён мне завідуе, а я яму... Паверце...

— Ды ўжо ж, — няўверана адказала Стэпа.

— Каб гэта ды разам з ім — чаго б больш я хацеў... Сілцы, думаеце, мацыя?..

— Не ў Сілцах справа, суседзе.

— Так, маці ёсць, зразумела, і адна к таму... А думаеце, падобнага не бывае?..

Сёмка звярнуўся да Рыгора:

— Значыць а трэцяй?

— Лепей своечасова...

— Зразумела... Добра... Раніцаю праедуся на гуменні і...

— Чакай. Я папрашу зайсці да нас.

— Але, сынок, — дадала Стэпа.

— Будам бачыць... Бывайце...

Ён порстка выбег з хаты. Не паспела Стэпа засунуць дзверы, як Сёмкаў свіст пачуўся з-пад яго хаты.

У лямпе выгарвала газа.

— Бачыш?

— Лажэмся ўжо...

Стэпа справіла Рыгору пасцель і патушыла лямпу.

Квадра І - БАЦЬКАВА ВОЛЯ, ЧАСТКА СЁМАЯ · 4 min de lecture

VI

За маленькім сталом сядзела адзін пры другім чацвёра мужчын і двое жанок. То былі Рыгоравы таварышы, Сёмка і Пятрусь да Сёмкаў бацька — Хведар. З жанчын былі — Хведарыха і маці Рыгора. Яны сышліся правесці Рыгора, і Стэпа не абмінула, каб іх пачаставаць.

— Гэта, можа, вяселле, можа... можа, першая і апошняя бясёда з-за Рыгора, мае суседзі дарагія... — спавядалася Стэпа.

— Кінь! Кінь, суседка. Вось я ўжо гэтага не люблю... — разважаў Хведар. — Або твой сын навекі з табой расстаецца? Або ён адзін такі ў свеце? Хто ручыць, што мы заўтра вось гэтых малайцоў не будзем праводзіць?

Хведар накіраваў два пальцы на Петруся і Сёмку.

— Не журыся, Стэпа, дарма. Чым дрэнна, што Рыгор звязаўся з горадам? Ты пацешся ім, якавы ён у цябе. Людзям на завіду. Ты б хацела, каб хлопец, як чарвяк, у зямлі калупаўся? Або за балагола цягаўся? Цудная! Найшоў талент — няхай трымаецца... Добра... Каб у мяне не інакшае палажэнне — хто б Сёмку пры куце трымаў? Бяда, што я нядушлы ды нейкі шматок зямлі прыліпла да ног, а то б... Ды мала яшчэ што выйдзе з часам. Бывае так, што кінам-рынам зямлю і... Або вось, Пятрусь, думаеш, не жыве думкамі ў горадзе? Не прападзе — э, таксама. Затое многа выйграе, ніж будзе тут па падзёншчыне цягацца... Трэба цешыцца з сына, а не плакаць па ім.

Хведарыха дапаўняла мужа:

— Але, але... Стэпачка, я ж дык не здзіўлюся з Рыгора. Бярэ завісць, паглядзеўшы. Чысты, акуратны, белы, як пісар які. Паглядзі на яго і параўнай з нашым або з Петрусём... Куды-і — там. Мне смешна, калі гэты дзедзічы пачынаюць хваліць Берагоў. Каб на вас, думаю, прогліца, дурні вы, дурні, каналупы вы, куды вам раўняцца да...

Хлопцы не пярэчылі старым, час ад часу перакідаючыся між сабою адрыўнымі сказамі.

— Табато і то, што вы ў нас адны і ёсць прыяцелі. Ці за дарадай звярнуцца, ці папрасіць чаго — толькі да Пэўных... Рыгору ліст напісаць — Сёмка, прачытаць — ён жа... Каб не вы — хоць скрозь землю — вядома адна, як цвік, аднюшанька. Вось таму і баліць сэрца і рэжа ўнутры, што адна... Усякая погань цябе чапае бяскарна... Ідзе вуліцаю — лае, сустракае з дрыўмі — адбірае. Вядома ж, думаю... А пры Рыгору — зусім іншае.

— Не зачэпіць удвойчы, будзь пэўная...

Хведар грозна патрос кулаком над сталом.

— Кінь, — сутрымала яго жонка.

Хлопцы пахвалілі Сёмкавага бацьку за храбрасць.

Стэпа набралася бадзёршага настрою, і на яе твары заблішчалі просветы надзей і ўверанасці. Яна жывей зарухала пры стале, змяніла тон у голасе і на разважлівую гутарку Хведара адказвала крохкімі ўхмылкамі.

Але ўсё гэта зноў прапала, калі Рыгор паглядзеў на гадзіннік і папрасіў Сёмку:

— Можа б, пара было рыхтавацца?

— Якая гадзіна?

— Другая на сходзе...

— У мяне воз напагатове, але...

Сёмка пакінуў застолле і выйшаў з хаты. Усе, хто астаўся, бачылі, як Стэпа ўверанымі вачмі праводзіла яго, ажно пакуль ён не схаваўся ў сваім дварэ.

Пасля яна праверыла сынаў чамадан, яшчэ штосьці ўпакавала ў яго і, упрошваючы Пэўных закусіць, чым ёсць, раз-поразу паглядала ў вокны. Кожная хвіліна ўлічвалася Стэпаю ў актыў супакою, але разам з тым забаўленасць Сёмкі расцягала Стэпіну напружанасць у чаканні.

І калі пачуўся першы стук калёс толькі кранутага воза, як яна змянілася ў твары і праследжана паглядзела на Рыгора.

Рыгор вылазіў з-за стала; на яго паваротах і ў яго ваччу выразна адмячалася развітальная спагада.

Ён абягаў узрокамі кожную хатнюю рэч, вешалку і траму, печ і кручкі ў сценках, выпуклае бервяно ў тыльнай сцяне і закураны комін, пахілены чатырохкутнік дзвярэй і сточанае шашалем абшаляванне вокан. Усё, здавалася, слала яму развітанне, канчаючыся ў пераплёце хатняй мазаічнасці.

Але ў асяродку стаяў чамадан, і Рыгор накіраваў проста.

Хутка шчаўкнулі замочкі, і ён стаў дзяржаннем угору.

Хведар працягнуў Рыгору руку, а другою абняў яго праз плячо.

Яны пацалаваліся, і Стэпа адазвалася на гэта галосным усхліпам.

— Годзе-э, маці! — разважыў яе Рыгор, і яго голас паглынуў стук дзвярэй, упусціўшых Сёмку за чамаданам.

Сёмкава маці сваімі развагамі Стэпы скрала выхад Сёмкі.

Аднак выхаду Рыгора з хаты нельга было ўнікнуць ад Стэпінага разжалобленага плачу.

На вуліцы Рыгор азірнуўся ў бок Загор’я і ўбачыў, як перад ім заматалася некалькі рук. Ён углядаўся, ды зацягнутыя жалем вочы не маглі распазнаць нікога.

Між тым махаўшыя рукамі Гэля і Волька паспелі нагнаць яго пры павароце на Сівулінскую дарогу.

Абедзве таварышкі пажадалі Рыгору шчаслівае дарогі і неадхільна сачылі, пакуль падвода з праважатымі не схавалася за заломам.

Гэля і зараз не забыла выказаць пажаданне ўбачыцца ў горадзе...

І як той раз атрымала ад Рыгора цвёрдае адабрэнне.

За мястэчкам, на Крыжавых дарогах, Сёмка спыніўся.

Рыгор аглянуўся на Сілцы і радасна ўхмыльнуўся: яны праводзілі яго зеленню сваіх садоў і водсветамі цёплага сонца ў вокнах хат, бесклапотнымі дзецкімі выгукамі і баявым нарастаннем гарбарскае забастоўкі.

З-пад хвойніку дзьмуў лёгкі ветрык, пасылаючы ўдагон водырны пах красуючага жыта і пахкае хваёвае смалы.

Рыгор апісаў у паветры шырокае паўдужжа і расцалаваўся перш з мацерай, пасля з Петрусём.

— Варочайся, маці, дахаты і чакай першага ліста. Дзякую шчыра за гасцінцы... А цябе, Пятрусь, чакаю ў госці да сябе... Бывай!

Рыгор узлез на воз і падаў Сёмку знак паганяць каня.

Затарашчалі калёсы. Завіўся густы слупок пылу і як хвіранкаю засланіў ад Стэпы падводу.

Рыгор чуў горнасныя сказы, але не мог разабраць іх сэнсу, хвалюючыся ўкладзенай у іх палкай мацерынай любоўю.

Запаўдзённае сонца смяялася золатам свайго прамення, а ў распараным паветры віўся рэзвы жаваранак, пасылаючы развітанне...

З недалёкага лесу беглі настрэчу кудравыя дубкі.