SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ПЕРШАЯ · 3 min de lecture

І

Аўторкам, у дзень Рыгоравага ад’езду, Зося прачнулася крыху пазней, чым прачыналася заўсёды.

Прачнуўшыся, яна чулася стомленай, разбітай, нявыспанай: нейкі цяжар душыў голаў, мярцвіў цела, кідаў на сударгі. У яе галаве блуталіся адрыўныя разнастайныя думкі. Ніяк нельга было ўлежаць; але, разам з гэтым, Зосі не хацелася і ўставаць з пасцелі — як бы хтосьці прыкаваў яе да ложка...

У гэткім стане Зося праляжала каля дзвёх гадзін.

Тым часам у сенцах павіднела: праз закратаванае акенца ўлілася вузкая палоска сонечных праменняў, якія блішчастаю залацістаю стужкаю працягнуліся ад сцяны ажно да ложка, апаўшы дробнымі лёгкімі іскаркамі на Зосін твар. Праз сітца праменняў мігаліся шустрыя мошкі, зрэдку калыхаліся камары і раз-поразу перарэзвалі яго суцэльнасць чорнымі ніткамі мухі. У сенцах было ціха-ціха. Гэта Зосю асвяжыла, прыдало бадзёрасці і жывасці, знайшлася ахвота падняцца, сысці з ложка і брацца за якую-небудзь працу... Але за якую працу? Зося задумалася, памаўчала з хвіліну і здаволена ўсміхнулася. Зусім не да будзённых інтарэсаў было ёй у гэту хвіліну.

Перад ёю занасіліся ружовыя надзеі, жаданні; паўсталі цікавыя ўражанні. Злітным, суцэльным шэрагам выраслі перад Зосяю жывыя адбіткі яе спаткання з Рыгорам. — Хвойнік, кусты, вавёрка, пацалункі... і словы, словы к Рыгору... (Лёгкі ўздрыг і непрыемнае пачуццё на хвіліну кранулі Зосіна сэрца... Але ў яе знайшлося сілы заглушыць усякія адзнакі сумавання, і яна вярнулася да светлых успамінаў). І перад ёю раптам усталі Лужкі, зялёная паплавінка, папар навакола, курган... Вось набліжаецца Рыгор, яна супыняе ворыва, чакае... Рыгор падыходзіць... яна хінецца да Рыгора, закіпае бурліваю прагаю неабмежнае ласкі, зліваецца з ім у адно суцэльнае... Вось, як цяпер, чуе яго цёплае дыханне, ловіць паспешны бой сэрца і... тане ў хвалях кіпучага шчасця...

Зося заплюшчыла вочы, замерла ў спакоі, каб паўней уваскрасіць нядаўнія часіны кахання, як раптам у яе вушы ўрываецца востры, калючы смех: «Хі-хі-хі! Хе-хе-ха-ха!» — паднімае яе з падушкі, неміласэрна трасе яе постаццю.

Зося ўстала на калені, хапілася рукамі за голаў, сціснула зубы і ўся ўскіпела ад невыказнай злосці. Стук дзвярэй вярнуў яе к рэчаіснасці: яна адвярнулася к дзвярам, паглядзела, — то ўвайшла Тэкля.

— А, ты ўжо ўстала, Зося? — запытала дзяўчынка, нібы ўнесеная ў сенцы святлом яскрава ранняга сонца. — А я ўжо іду будзіць цябе. Мама ў гародзе рве зелле ...

— Зачыняй дзверы, я ўстану, — адказала Зося.

Тэкля ўзялася за клямку і ціха павяла з сабою дзверы, любуючыся тым, як яны заграбалі за сабою ўпушчанае пры адчыненні святло, вымятаючы яго зноў на двор.

— Як адзенешся — пазаві нас, — сказала Тэкля, бразнуўшы дзвярыма.

У сенцах зноў стала цёмна. Зося саскочыла з ложка і выбегла на палойку прамення, якое ўлівалася праз аконца. Выбегла і стала, як статуя, выпрастаўшыся і ўстраміўшы ў аконца вочы. Пастаяла, паглядзела. Пасля адняла ўзрок і правяла ім па сваёй постаці. Пацешылася белізною рук, зірнула на грудзі, здаволена ўсміхнулася і хутка ўбегла ў хату.

Святло абдало Зосю і на момант асляпіла яе. Зося спынілася ў парозе, пастаяла крыху, пасля працёрла вочы і аглядзела хату. У хаце было ціха, чыста і прыемна. Усё было ўладавана на сваім месцы. Зосі кінулася ў вочы, што на кручку, які тырчаў у тыльнай сцяне, нічога не вісіць — гэта значыла, што бацькі няма ўдому. Яна падышла да мыцельнікавага акна, паглядзела направа ў канец двара, к паветцы — там воза не было: значыць, бацька паехаў на поле. Чаго і што — Зосі не цікавіла, абы яго не было ўдому, і некаму будзе раздражняць яе.

Як нібыта тая, спакойна і важна прайшлася яна некалькі разоў па хаце, пасля падышла к вулічнаму акну і паглядзела. Праз хат дзве ўгледзела Вольку, якая спяшыла кудысьці з мяшком на плячы. «Ці не па мяне ўжо яна ідзе? — падумала Зося ўголас. — Бадай, у траву сабралася. Якая руплівая гаспадыня!»

Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ПЕРШАЯ · 6 min de lecture

ІІ

Не заўважыўшы Зосі, Волька прайшла ў двор і паглядзела ў акно.

— Заходзь, заходзь, не ўзірайся. Я дома, — пазвала Зося.

— А я думала, што цябе нямашака ў хаце, — адказала знадворку Волька.

— А дзе ж я буду?

— Мала дзе! Як быццам яна ўвесь час з хаты не вылазіць!

— Усё ж не гэтак, як ты. Ты вельмі ўжо зарупілася.

— Трэба, бачыш, нічога не парадзіш.

Волька ўсміхнулася.

— Дык яно так, але... усё ж, галубка, зайдзі ў хату.

Волька адышла ад акна і накіравалася да дзвярэй.

Зося падбегла к люстэрку і паглядзелася: на ёй усё было акуратна. Заплеценая каса спускалася ўздоўж плеч; пасамкі валос брыжастаю тасьмою аціналі яе белы, крыху стомлены твар; але наспех адзетая спадніца і кашулька сведчылі аб лёгкай на гэты раз нядбаласці Зосі. У агульных рысах яе фігуры, стройнай і цікавай, вызначалася свежая малажавасць і рэзвая лёгкасць, якія рабілі яе зусім непадобнай да стараннага аратага і жняца.

— Што ты ўглядаешся так пільна? Харошая ўжо, харошая, — пажартавала Волька, увайшоўшы ў хату.

Зося здаволена ўсміхнулася і адказала:

— Ведаеш, ужо з гадзіну, як устала, а неяк усё не было як і на сябе паглядзець.

— А бачыш, я дык паспела ўжо мяшок травы прынесці ды вось зноў сабралася ісці.

— Я ж кажу, ты ўжо завельмі рупная гаспадыня.

— Трэба, цудная ты! Вунь маці нешта залягла з учарашняга вечара, дык хто ж зробіць за яе?

Волька падышла к люстэрку і пацікавілася на сябе.

— Зосечка, што ж ты не кажаш? Я ж проста, як страшыдла якое! І ты ж падумай, у гэткім вось выглядзе, як цяпер... сустрэлася раніцой з Сёмкам... Х-ха-а-ха!

— З Сёмкам?! Няўжо? Каб цябе цяміла, як ты паспела! Ну, і спрыт жа ў цябе.

Зося ўголас засмяялася.

— Ты вось толькі і напраўду не падумай, што я знарок з ім наладжвала спатканне... Зусім нават не хацела гэтага. Нясу так, ведаеш, траву вулачкаю, а ён якраз тыц са сценкі: «Чакай, — крычыць, — Волька». Я ж мусіла спыніцца. І гэтак удваіх разам прыйшлі дамоў.

— Нябось, нагаварыліся па дарозе досыць?..

— Вось толькі не выдумляй, чаго не трэба, — перабіла Зосю Волька, адвярнулася ад люстэрка і падбегла к акну.

— Гаварыла-то гаварыла, — інакшым тонам сказала Волька, — толькі зусім не аб тым, аб чым ты можаш падумаць. Гаварылі мы, калі хочаш ведаць... аб Рыгору.

— Аб Рыгору?!

Зося раптам змяніла міну, вытарашчыла вочы на таварышку і настаражылася.

— Так, аб Рыгору, мая міленькая, — спакойліва пераказала Волька, — ты, пэўна, ведаеш, што ён сягоння выязджае. Вось якраз яго Сёмка адвозіць у Ліцк.

Зося хоць і ведала, што гэтымі днямі Рыгор выязджае, але тое, што яго ад’езд выпаў на сягоння, было для яе зусім раптоўным і неспадзяваным. І Вольчыны словы ўзварухнулі ўсю яе істоту.

— Няўжо-такі сягоння? — як бы не хочучы верыць гэтаму, яшчэ раз пераканалася Зося.

— Так, так... А ласне ён табе не сказаў пра гэта?

Зося смутным узрокам паглядзела ў акно.

— Я нават, прызнацца, і не пытала ў яго...

— Не пытала?

— Не, не пытала... і таму, Волечка, не пытала, што, ведаеш, няма ніякай карысці пытаць... няма карысці, бо ўжо між намі пастаўлена загарадзь... высокая, шчыльная загарадзь...

Зося зрабіла міну, на якой адбіваўся глыбокі жаль.

— Загарадзь вырасла, а сэрца зусім не хоча згадзіцца з гэтым. Не магу згадзіцца з думкай, што давядзецца з ім расстацца...

— Ды я добра ведаю, Зоська, што і казаць, але... прыходзіцца часамі з многім чым згаджацца...

— Вельмі, даражэнькая, цяжка...

Зося абняла Вольку аберуч, палажыла ёй на грудзі галаву і глыбока ўздыхнула. Волька спагадліва пагладзіла таварышку па галаве.

— І так сталася, што нават і пабачыць нельга на ад’ездзе: нельга па-людску развітацца, — жаласліва выказала Зося, стрымліваючы горнасць.

— А ласне, Зоська, ты яго не бачыла з таго разу, як была з ім у хвойніку? — запытала Волька.

Зося адразу не знайшлася, што адказаць. «Ці прызнацца мне ёй, ці схлусіць?» — падумала сабе і як бы сумелася ад свае думкі.

— Прызнацца табе, сястрыца, адзін раз сустракалася з ім, — нясмелым і няпэўным голасам адказала Зося, — толькі то ўжо мінула, адышло... і так хочацца, каб яшчэ сёння...

— Дык хадзем правядзем яго! Што там глядзець на розныя перасуды! Каго і што баяцца? Плюнь на ўсё, і хадзем. Га, Зося? — выспрабавала Волька таварышку.

— Ой, што ты кажаш! — здзівілася Зося. — Як жа мне ісці, аброчанай, закантрактованай... Гэта ж калі ўгледзіць маці ці бацька, дык жыццё атруцяць; спакою не будзе ні днём, ні ноччу... Дзе ты бачыла, Волечка...

Стук дзвярэй перабіў іх гутарку: Зося безнадзейна матнула рукою, нявесела ўсміхнулася і, адступіўшыся ад Волькі, хапіла рукамі за косы.

— Трэба косы паправіць, — ні к чаму выказала яна, — а то, глядзі, і я на пудзіла нейкае падобна.

— Так, завяжы лепш у куклу; хоць табе, па-мойму, куды лепш прыстае каса.

Расчыніўшы дзверы нарасхлест, клубком укацілася ў хату рэзвая, вяртлявая Тэкля.

— Дзень добры, Волечка! — пралепятала яна тоненькім пявучым галаском.

— Кінь патвораць, Тэкля, — пагразіла дзяўчынцы Марта, пераступаючы парог і здаволена смеючыся.

— Добры дзень табе, суседка! — з лёгкім жартам прывіталася яна з Волькаю.

Волька адказала засаб абедзвюм.

Марта нядбайна кінула ўзрокам на Вольку і нехаця засмяялася.

— Ты ўжо, я бачу, нарабілася, а наша Зося кагадзе з пасцелі. Бацька зранку паехаў у лес па ламачча, а я сабе думаю, няхай Зося гадзінку лішнюю паспіць.

— А цяпер вам крыўда, — папракнула Зося і адвярнулася к акну.

Марта, як бы хто яе штырхануў, падскочыла на месцы, замахала рукамі, зачырванелася ўся, як бурак, ды вокрыкам сказала:

— Бяда, Волечка, нам з ёю. Слова нельга сказаць: так і ўскіпіць, як смала на агні; ці робіш ёй лепш, ці стараешся для яе — хоць бы што; усё ёй нечага мала, усё ёй не дастае чагосьці... Чакай, галубка, — памахала Марта пальцам у бок Зосі, — пабачым, як будзе табе ў Берагаў; як Беражыха будзе табе дагаджаць. Ці дасць табе Васіль гэткую волю, якую ты маеш у бацькоў...

Марцін крык напалохаў Тэклю; дзяўчынка адышлася ад Волькі, села на лаўцы каля акна і штосьці ціхутка замарматала сабе пад нос...

— Так, вас ужо загадзя цешыць, што Берагі мяне сціснуць у кулак. Цешцеся!.. Мабыць, дзеля гэтай пацехі знарок і ўпіхаеце мяне ў тое пекла... Няма чаго казаць, добрыя бацькі... Слухай вось, сястрыца, — абярнулася Зося да Волькі, — пэўна і твае бацькі тое робяць?

Волька маўчала: ёй было ніякавата слухаць хатнюю сварку; яна ўстала з месца і выйшла на хату.

— Трэба ісці дамоў, а то там без мяне нічога не будзе, — і азірнулася на дзверы.

Тэкля саскочыла з лаўкі і пераняла Вольку, хапіўшы яе за руку.

— Пагуляй, Волечка.

— Ды пагуляй!.. Вельмі, падумаеш, ты патрэбна ў хаце. Так-то мацеркі без вас і не абыходзяцца ніколі, — суха вымавіла Марта.

— Дык, ведаеце, цётачка, не то, каб не абышліся, але нешта мама сёння нездарова; з самага ранку ляжыць.

— Ласне? Што ж гэткае з ёю? — спагадліва запытала Марта.

— А хто ж яго ведае; на колікі ў баку скардзіцца, — адказала Волька і выйшла з хаты.

Зося правяла Вольку ў сенцы, вярнулася ў хату і маўкліва ўгледзелася ў покуцьнае акно. Тэкля падбегла да стала, ухапіла кавалачак хлеба з-пад абруса і выбегла з хаты. Марта, нахмураная і злая, прымасцілася ў запечку крышыць зелле.

Хвілін дваццаць у хаце было ціха. Пасля Марта перарвала маўчанку, спакойліва запытаўшы Зосю:

— А ты ж хаця ела што-колечы?

Зося не адказала.

— Чуеш, Зося, я да цябе: ты ела што? — выказала Марта.

— Не, нічога, — чорства адказала Зося, не адварочваючыся ад акна.

— То бяры, во, еш; я дам, чуеш, Зося? Хадзі к сталу.

Зося перш думала яшчэ паўпірацца, каб гэтым, як найгорш, дадзець мацеры, але тут жа перадумала і нехаця, падкрэсліваючы незаўважлівасць да яды, падышла к сталу і моўчкі прысела. Марта адвярнулася ад зелля і падала Зосі снеданне.

— З’ясі гэта, то яшчэ дам, — сказала пры гэтым.

І, крыху памаўчаўшы, дадала:

— А перад вечарам, дачушка, пайдзі ў палеткі ды назбірай якое травы каню; бацька прасіў.

— Добра, — скрозь зубы адказала Зося, як бы не чуючы, аб чым яе маці просіць.

Але праз хвіліну яна раздумалася. «А і добра якраз; пайду ў траву не ў палеткі, а ў пасеку, да Ліцкага шляху: мо і прыпільную, як будзе ён ехаць. Хоць здалёк, ды яшчэ раз гляну».

Гэтая думка хутка цалкам завалодала Зосяю і захапіла ўсю яе ўвагу.