SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ПЕРШАЯ · 6 min de lecture

III

Ад снедання да моманту, калі Зося сабралася ісці ў траву, прайшло некалькі гадзін. На выхадзе з дому яна забегла ў гарод і запытала ў мацеры:

— А дзе мне ўзяць мяшок?

— Вазьмі там, у сенцах, на подзе... Ды не старайся ўжо, дачушка, каб поўны нарваць; колькі знойдзеш, абы было на раз падкінуць каню, — спакойліва выказала яна дачцэ.

Зося нічога не адказала: забрала мяшок і выйшла з двара.

На вуліцы было ціха: каля хат на прызбах і сярод вуліцы ў пяску забаўлялася некалькі дзетак. Сталага — не відаць было нікога.

Толькі апынуўшыся на канцы вуліцы, пры звароце да студні, Зося ўгледзела, як Волька чэрпала ваду. Асцярожна, тулячыся к платам, яна падкралася да Волькі ззаду і нечакана для той выгукнула:

— Дзень добры!

Волька сумелася і раптам адвярнулася да Зосі.

— Зоська, ці ж можна так! Зусім перапалохала ты мяне.

— Да мо не памрэш? — жартам адказала Зося.

Волька перамяніла голас.

— Так, можа і выхаю сяк-так, — і, каб перамяніць гутарку, запытала Зосю: — а ты ж куды гэта?

— А вось маці паслала па траву.

— Ага! бачыш і сама клапатлівай стала, а то бо ўпікала мяне...

— Мяняецца становішча: рана ты, а зараз я...

— Апроч гэтага, табе, як той казаў, трэба на сходзінах папрацаваць на бацькоў: як кажуць, адрабіць за пабыўку ў іх, — пажартавала ў адказ Волька.

Але Вольчыны словы прыняла Зося зусім не за жарты: яны востраю калючкаю прайшлі ў яе сэрца.

— Ай, Волечка, табе жарты, а мне плач, — адразу пасумнеўшы, прамовіла Зося, — сходзіны... Ты ведаеш, даражэнькая, што мне гэтыя сходзіны — у магілу сходзіны. Не ведаю, як я перажыву іх, як прыміруся з імі... Ведаеш, сястрыца, працівілася я, упіралася, але сілы не старчае: да таго бацькі настроіліся, што ніяк ты іх не пераканаеш; гаварыцца не даюць. «Мы,— кажуць абое, — дабра табе хочам, шчасця і славы шукаем, а ты яшчэ працівішся». Шчасце, слава, дабро! Ну і пераканай іх, калі хочаш... Прызнаюся табе, Волечка, — Зося сцішыла голас і агледзелася вакол: — доўга думала аб тым, як бы ўцячы; кінуць-рынуць усё — і хату, і бацькоў, і ўцячы ў горад, услед за Рыгорам. Але, падумай, галубка, што ж я зрабіла б там, каб чаго не добрага, ды Рыгор адхіліўся ад мяне? І я так мучуся, так пакутую ў заблытаных рашэннях і планах, што не ведаю, к чаму ўсё гэта прывядзе. Куды ісці і на вошта рашыцца?

Волька пільна выслухала Зосю, і толькі магла адказаць ёй невыразным: «Так, так, але, але. Вядома, што праўда». Яна шкадавала Зосю і стала горніцца на сваё бяссілле, на нязнанне, як і што парадзіць таварышцы на яе скаргу і крыўду. Ці кідаць Зосі бацькоў ды ўцякаць у горад да Рыгора, ці скарыцца ёй бацькавай волі і рахмана ісці насустрач свайму лёсу. О, каб гэта можна было як-колечы звязаць гэтыя дзве дарогі! А то — там каханне, і разам — беднасць, недахваты, праклёны бацькоў; а тут — дастатак, багацце і нялюбы чалавек, цёмная нез’яснёная будучыня. «Як тут угадаць, каб даць правіловую параду — няведама: скажаш адно, а выйдзе горай — тады ўся на табе адказнасць. Гэта ж не для сябе...» І Волька змаўчала, гледзячы Зосі ў вочы, у тыя вочы, якія прагна чакалі ад Волькі рашучага адказу.

— Ведаеш, Волечка, начамі не сплю, а ўсё думаю ды думаю, — не дачакаўшыся ад таварышкі ніякае супакойлівае парады, выказалася Зося. — Сённяшнюю ноч, дык паверыш, ледзьве перабыла; усю мяне агарнула страшэнная нудота, бяссонне, неспакой, цяжкае разувер’е. Вось так і ные ўсё цела, тузаюць сударгі, галава ажно разрываецца ад блытаных калючых думак; кідае ў пот, у жар, то ў холад, розныя страшныя зданні верцяцца перада мною... І цалюткую ноч...

— Зоська, — перабіла разжалабеная Волька, — а ты, сястрыца, і сапраўды неяк пагоршала за апошні час; змізарнела, апусцілася... Даражэнькая мая, я табе не раджу прымаць усё гэта да сэрца... Ды к гэтаму, хто яго ведае, а мо і лепш будзе так, як бацькі мяркуюць... Усё ж бацькі, няўжо б яны свядома аддавалі цябе на здзек? Падумай сама...

І Волька замаўчала, паглядзеўшы ў бок Берагавае хаты.

Зося павярнулася і пайшла.

Яна прабегла ўсю сценку, павярнула да скрыжаваных дарог, абагнула іх і пакіравала ў бок пасекі. Парупіла азірнуцца назад. Якраз адгэтуль відаць добрую палавіну Сілцоў. Зося акінула вокам шэрыя хаткі між зялёных купак садоў, спынілася на царкве і тут жа адвярнулася ўправа, на гасцінец, які цягнуўся шырокаю ламанаю стужкаю далёка, к Жмыгінскаму лесу.

Зося ішла мяжою, між зялёнага блізкага да каласавання ячменю. Яе абдавала густым салодкім водарам зялёных палёў; наганяла бадзёрасці і маладога дзявочага задзёру. Усё выглядала ў ружовай хварбе, прыемнай для вачэй і асвяжаючай нутро. Нельга было спыніцца вачыма на адным месцы, — яны разбягаліся ва ўсе бакі. Угары насіліся жаўранкі, ападаючы нізканізка к ярыне, а пасля строма варочаючыся назад, у чырвоны промень сонца. То сям, то там, па прадоўжных і папярэчных сценках праязджалі на фурманках ці праходзілі пехам у белых сарочках земляробы. Зося прыкмячала ўсё гэта як бы міжвольна, нехаця, мяльком, стараючыся не спусціць вачэй з гасцінца. Усцяж яго разгону, наколькі сягала вока, то ўперад, то ў бакі пралятаў яе ўзрок, нібы каго ловячы ці ганяючыся за кімсьці. Але Зося нічога не магла прыкмеціць на ім: шэрая шырокая стужка яго не выдзяляла на сябе ніякае чорнае плямінкі. Гэта пачало Зосю нерваваць, дрэнчыць. «Ці толькі не праехаў ён?» — задавала яна сабе пытанне. «Пакуль я стаяла там з Волькаю ды пакуль дабегла сюды, бадай што Рыгор прамінуў Масткі і апынуўся ў лесе... Ах, ліха надало мне спаткацца з Волькаю, ужо б даўно я была тутака і не прапусціла б Рыгора... А цяпер — прапала...»

Зося спынілася, не дабегшы да Масткоў, адняла ўзрок ад гасцінца, глыбока задумалася. Вочы самі сабою апусціліся кнізу, на зелень травы, на палавую мятліцу, якая выбівалася з гушчы травінак і цягнулася ўгору, на казачкі-венічкі, на жоўтыя гаршчочкі, на высокія цыбастыя кравянкі. Босыя запыленыя ногі абняліся мяккім пухам травяністых інталяжаў. І лёгкім лунем паднімаліся з гушчы поплаўнай травы, з прыкра-зялёнага яе мошасту нарысы суботніх абставін: зялёны подсціл лугавое прагалінкі, пасярод яе воз, а каля воза — яна з Рыгорам... Мігам пранясліся шчаслівыя хвіліны, швыдкія, як маланка, і ў той жа час — доўгія, зацяжныя... А следам трэск калёс і злы, калючы, востры смех: «Хі-хі-ха! Хе-ха-хі!»

Зося страсянулася ўсім целам; раптам адарвала ўзрок ад зямлі, саступіла з месца і паглядзела на гасцінец, акінуўшы яго ад Масткоў да цёмнага вытырку Жмыгінскага лесу. І якраз на граніцы лесу яе ўзрок затрымаўся. «Га-а! Так і ёсць! — уголас праказала яна, выцягнуўшыся ўсёй постаццю ў бок лесу. — Чула маё сэрца... Няхай бы я крышку раней! Што ж, прапала...» Зося павярнулася к лесу і зрабіла некалькі рашучых крокаў, але раптам спынілася, бо пачула цяжкую ўтому, якая сціснула яе нутро, звязала постаць і затушыла бліснуўшую энергію. «Прапусціла-а», — пашкадавала яна і безнадзейна развяла рукамі...

У адказ ёй блізка-блізка завёў сваю сухую жорсткую песню драч.

Прайшло многа часу.

Ужо змрок густою шэрасцю аплёў зямлю, хаваючы сваім полагам абшар прагалу і змяншаючы Зосін вокагляд. За гасцінцам, у дрыгвяніку жабы ўзнялі хор; ім заўтурыла труба, а следам і жалейка пастухоў; са збажыны загукала перапёлка; над дрыгвянікам паднялася кнігаўка; некалькі дзесяткаў варон праляцела над Зосяй, кіруючыся на Сілцы. Белы валь луні распасцёрся над зеленню поплаву, значна астудзіўшы паветра. Промень на захадзе з чырвона-палаючага рабіўся бурачным, а па краях пераходзіў у буланы колер.

Гэты вобраз прырода малявала як быццам бы для адной Зосі, якая задуменна, нерухома стаяла пасярод зялёнага поплаву, як русалка, як здань якая. Яна здавалася дамалёванай, як неабходная часціна цэльнасці вобраза, і без яе ўсё згубіла б сваю прыгожасць. Але Зося гэтага не заўважала: яна жыла сваім асобным, сабраным у яе істоце жыццём. Пакуль нямела сэрца ад цяжкага болю разлукі, яна стаяла на адным месцы, а толькі боль паціху прытупіўся, Зося кранула ўбок, паглядзела на лес і ў думках паслала: «Бывай здароў, Рыгор! Бывай здароў! Бывай здароў, мой мілы таварыш!»

Калі яна адвярнулася к Масткам, то ўгледзела Стэпу, Зося ступіла пару крокаў уперад, правяла яе вачыма і выказала спачуванне. «Што думае яна, бедная маці? Яе таксама асіраціў Рыгор. Пакінуў жа адну-адною... Бедная! Шкада мне цябе».

Успомніўшы, зачым прыйшла ў поле, яна старанна, не зважаючы на нічога, нарвала повен мяшок травы і хутка цвёрдаю ўпружыстаю паходкаю ішла ўздоўж мяжы к Сілцам.

Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ПЕРШАЯ · 5 min de lecture

IV

На дварэ было цёпла, нават парна. З цёмна-машастовага неба глядзелі мільёны зорак. За Стэпінаю хатаю, у садку Лявона, чвырыкала начніца. З капуснікаў даносіўся жабін крэкт і перагук перапёлкі. Дзесьці на другой, ці то Здобінскай, ці то Тыльнай, вуліцы брахаў, завываючы, сабака; каля рынку ляскала бразджотка вартаўніка. Потым данесліся да Стэпы песні начлежнікаў. Паступова ва ўсіх хатах пагаслі агеньчыкі, толькі ў Прыдатных яшчэ не спалі.

Стэпа цішком сядзела, міжвольна прыслухоўваючыся да кожнага зыку. Паціху разбягаліся думкі, разбаўляючыся ў некую шэрую мешаніну. Усё больш і больш выплывала ўтома, няволіла яе, звязвала суставы цела і спыняла развой думак. Перш Стэпа працівілася гэтаму, бадзёрачыся і праз сілу паднімаючы плечы. Але скора абязмоцнела, сцяжэла дарэшты і прытуліла голаў да сцяны. Пачалі зліпацца вочы, і раз-поразу яна стала забывацца ў салодкай дрымоце; адзнанне працівілася — ёй не хацелася заснуць на прызбе: зусім ніякавата будзе, калі хто ўгледзіць. Але штосьці прыцягала яе да месца і не давала магчымасці падняцца ды пайсці ў хату. І Стэпа паціху, непрыкметна заснула, шчыльна прыліпшы к сцяне. Заснула, і, як бы ў працяг думак, раптам усталі прад ёю сны. Ні адтуль, ні адсюль яна апынулася ў нейкім вялікім горадзе, шумным і цесным. Высачэзныя муры туга сціснулі вузкія, крывыя, цёмныя ад пылу і дыму вуліцы. Тысячы раз’юшаных, нібы напалоханых людзей несупынна швэндаюць у абодва канцы, кожны самотна, кожны па адным, без усякае цікавасці да ўсіх. Шум, крык, як на кірмашы, глушыць і цісне на голаў, нервуе. Як угарэлыя, носяцца самакаты, тарашчаць рамізнікі, прабягаюць вагоны. Нехта ўкінуў яе ў гэты вадакрут людскі, вывеў на вуліцу і пусціў ісці. Яна рушыла з месца і, як трэсачка, падхопленая на бурныя хвалі, паплыла ўсцяж глыбокай разоры-вуліцы. Ідзе-нясецца, мінае бясконцы лік агромністых блішчастых вокан, шэрагі слупоў, сотні народу. Пачынае мігацець у ваччу, дурніць у галаве; ад цвёрдых каменняў з непрывычкі шчымяць ногі. Жалезнымі абручамі гняце задушлівы цяжар, перамагае яе і пачынае блытаць ногі; міжвольна сцішаецца хада. Стэпа чуе, што яна замінае другім, што людзі, якія натыкаюцца на яе, незнарок штырхаюць, лаюцца і зварочваюць у бакі. Але нічога не можа зрабіць — не хапае сілы, каб паспяваць разам з другімі і, нарэшце, падае на цвёрдыя каменні тратуара. Да яе падбягаюць людзі, шумяць, крычаць, пасылаюць хто за доктарам, хто за рамізнікам. І раптам у агульным шоламе галасоў яна чуе чыйсьці блізкі, знаёмы ёй голас-вокліч: «Стэпа-а! Стэ-па-а!» Следам працягнутая рука прабуе яе варушыць, катурхае. Стэпа хоча падняцца, устаць, але чуе сябе нібы прывязанай к месцу і ніяк не можа зрушыцца. А той, хто яе кліча, усё настойней валтузіць яе за руку і, нарэшце, голасна-зычна крычыць ёй на вуха: «Паднімайся, Стэпа!»

Крык, як рукою, знімае з яе ўвесь цяжар і дае мажлівасць расплюшчыць вочы: Стэпа прачынаецца і бачыць перад сабою мужчыну, якога нейкі час не можа распазнаць. А той спакойліва маўчыць, чакаючы, пакуль яна што скажа. Але ў Стэпы не варочаецца язык, каб што-колечы сказаць незнаёмаму ёй чалавеку, і яна ўпарта маўчыць ды прыглядаецца. Нарэшце чалавек першы загаворвае да яе.

— Што з табой, Стэпа? — пытае, — на вуліцы поўнач, а ты дрэмлеш на прызбе?

Па голасу Стэпа пазнае Сафрона Дратунца — вартаўніка і адразу супакойваецца.

— Гэта ты, Сафрон? А я думала — нямаведама хто.

Стэпа прыпомніла, якім чынам яна апынулася тут, але Сафрону не захацела расказаць, каб ён назаўтра не распусціў па мястэчку.

— Ах, Сафронка, гэта ж у мяне, нешта нейкае, схапіла балець галава, і я чаго-чаго ні рабіла — баліць, ды годзе. Тады я паднялася з пасцелі і думаю: выйду хіба я на вуліцу, а мо перастане. Выйшла, прысела гэтак каля вугла і прыкархнула. Вось дзякуй, браток, што хаця абудзіў ты мяне, а то да раніцы праспала б, — схлусіла Сафрону Стэпа.

Сафрон прысеў каля яе і закурыў люльку.

— А я іду так у абход, прыглядаюся паўз хат і бачу: як бы сядзіць нехта каля сцяны. Падыходжу, ажно чалавек; прыглядаюся — Стэпа. Давай, думаю, разбуджу. І прыняўся будзіць, аж бачу, ты не прачынаешся лёгка: спіш, як пасля вяселля якога. Тады я гукнуў мацней, і як гукнуў — ты і прачнулася, — весела казаў стары.

— А, нябось, і ўгледзеў жа ты мяне, вочы старыя, а яшчэ празрыстыя, — пажартавала Стэпа.

— Пара прывучыцца ў цемні разглядаць; вось ужо дзесяты год, як вартаўнічым служу.

— Ажно дзесяты год!.. — здзівілася Стэпа.

— А вядома што. Ад таго года, як памёр Пранук Гладыш. Вось ужо на Юр’я было дзевяць гадоў, як ён памёр. Памёр і пакінуў мне спадчыну.

— Як хутка, аднак, прамінуў час, — я і не агледзелася.

— Ды яно ўсё хутка прамінае. Толькі, здаецца, учора ты, я помню, замуж выходзіла, а цяпер — глядзі: і мужа паспела пахаваць, і сына красаўца выгадавала; выгадавала і на чалавека зрабіла. Паглядзі, ён пан у цябе, людскі, гарадскі чалавек. Ходзіць па мястэчку, і ўсе зайздросцяць.

Сафрон зацягнуўся люлькаю і ўслед зацяжна ўздыхнуў.

— Нябось, спіць ён у цябе соладка і не патурае, што маці сядзіць на вуліцы з хвораю галавою.

Стэпа глыбока ўздыхнула і ойкнула ўголас, ажно Сафрон настарожна павярнуўся да яе.

— Дзе ты, Сафронка, бачыў — спіць; ён у мяне не гэткі, каб спакойным быў, калі маці прыхварне ці занядужае. О, мой Рыгорка — залаты чалавек, шчыры сын мой, толькі... — надышоўшая к горлу горнасць не давала спакойна казаць, — толькі... толькі... майго родненькага няма ўжо ўдому... Учора ці сёння — як тут лічыць — я зноў правяла яго з дому.

— Значыць, ты зноў адна? — здзіўлена запытаў Сафрон.

— Адна, Сафронка, аднюсенька-адна.

— Так, так, — спагадліва заматаў галавою Сафрон, — таварышы мы з табою, Стэпа, па сваім адзіноцтве. Праўда, ты яшчэ хоць трошкі, але шчасліўшая за мяне, бо ўсё-ткі, хоць не дома, а маеш сына. Ну а я... — Сафрон махнуў рукою, — а я, вось пяты год ужо, як апошнюю дачку пахаваў. Пахаваў дачку, а з ёю і ўсё, што мяне яшчэ цікавіла ў жыцці. Цяпер адзін, як той саўлук, цягаюся начніцаю, бразджу-бразджу, як пахавальным звонам, праводжу сваё астатняе, валацужнае жыццё, не патрэбнае ні мне самому, ні другому каму. Вось, як гэтая ноч, гэткае яно ў мяне — цёмнае, бяспросвітнае, жорсткае і балючае. Ведаеш, Стэпка, кляну яго, заклінаю, напрошваюся смерці — бо абрыдла жывым гніць, канаць адарваным ад жыццёвага грунту... Але скаргаў маіх не чуе ніхто, і я вось рухаю, хаджу, сцерагу, бразджу. Бразджу, бо не хапае пакуль у мяне сілы налажыць на сябе рукі. Няма сілы — раз; а па-другое, можа і грэшна жывасілам звярэджваць жыццё. Велена лёсам так жыць — трэба жыць. І, бачыш, жыву... — Сафрон зарагатаў, і ў яго рогаце пачулася варожая знявага да ўсіх бядот уласнага жыцця, да яго пагарды над ім, Сафронам.

— Кепска жывеш ты і не лепш я жыву, — згадзілася Стэпа, — напэўна, думаю, і яшчэ ёсць гэткія, як мы... Затое, вось, другія — хоць бы Прыдатныя ці Берагі — за нас аджывуць. Бачыш, заняліся вяселлем, і колькі гаманы пайшло па мястэчку, якой цікавасці вакола!.. Збіраюцца, бегаюць, закупляюць, носяць, носяць з рынку. Цэлымі начамі агонь у хаце. Могуць і ўмеюць праводзіць свае ўрачыстасці... Не па-нашаму з табою...

— Вядома, каму ж не жыць, як не ім: зямлі процьма, хлеба — па горла, грошы — не пералічыш... Кумаўство з начальствам, з папом. Другія на іх падрабляюць. Чаму ж не жыць добра ў гэткіх варунках? Пакуль — жыццё іх свята.

Сафрона перабіў рэзкі свісток правяратага. Ён хутка ўсхапіўся з прызбы і заклекатаў бразджоткай на ўсю вуліцу.

— Правяраюць. І аднаго разу не прапусцяць, на іх ліха. Пайду, пакажуся, а то яшчэ аштрафуе, чаго добрага. Дабранач, Стэпа!

І Сафрон, старанна бразджучы, хуткім крокам пайшоў ад Стэпы, кірункам да рынку. Стэпа таксама ўстала з прызбы, паглядзела ўслед яму, паківала галавой і накіравалася к сабе ў хату.