І
Дзве істоты, якіх паставіла жыццё ў розныя варункі, кожная з сваімі асабістымі пазывамі і жаданнямі, якія дыктавала ім найвялікшая ў свеце сіла — любасць, адной — любасць кахання, другой — любасць мацеры, — дзве істоты, Стэпа — маці і Зося — каханая, адчувалі вялікую страту для сябе ў Рыгоравым ад’ездзе. Тая і другая сваімі думкамі праводзілі яго ў далёкую дарогу, сваімі ж сумненнямі выказвалі баязлівасць, каб гэтыя праводзіны былі не апошнімі, каб толькі жыццё не назаўсёды зарасціла паміж імі жаданых дарожак спаткання. І дробкамі свае істоты як Стэпа, так і Зося цесна вязалі сябе з Рыгорам, сціраючы ў сэрцы халодныя і цёмныя прагалы, што іх раз’яднала соткамі вёрст.
А Рыгор, глыбока-ўражлівы, чулы сэрцам, лавіў нутром цёплае пачуццё блізкіх і любых сабе людзей і адзываўся іх бурным хваляваннем аб утраце цёплае, зжытае еднасці. Кожная вярста, аддаляючы яго ад Сілцоў, мяняла настрой, і паціху сум пакідаў, надыходзіла бадзёрасць, тупілася вострасць перажытку на развітанні. Ужо ён сам, свядома, а не мімаволі, для цікавасці, варочаўся ў думках назад, прабягаючы ўсцяж мінулых перажыткаў. Сілцы, дзе ён рос, дзе пасвіў каровы, дзе служыў балаголам — бач, браў навуку для чарствога жорсткага жыцця, дзе загартоўваўся, — гэтыя Сілцы ўжо далёка адыходзілі ад яго, пакрываліся плеўкаю даўнасці. Часова, у пабыўку, крыху расплылася гэтая плевачка і выразней выявіла мінучасць, падкрасіўшы яе адноўленым пачуццём спаткання з таварышамі, з Зосяю... Так, гэта цешыла яго з асалодаю рэдкіх хвілін. Ну, а што датычыць маці, Рыгор адчуваў — яе любасць да сына, як і сынава любасць да яе — ніколі не ўбавіцца, не астыне. Ён магчыме прыязджаць дамоў, сустракаць яе, горача вітацца; а мо здарыцца магчымасць, і ён перавязе яе да сябе, у горад. З Зосяю — іначай: перажытыя хвіліны могуць не вярнуцца. І паколькі адчуванне неўзваротнасці шчаслівых хвілін кратала яго сэрца, Рыгор меў прыемнасць аглядацца на Сілцы і адчуваць утрату іх... Але і гэта пакрысе забывалася і траціла сваю вострасць у параўнанні з блізкім наступным: перад Рыгорам адчыняліся іншыя небасхілы; з-пад Ліцка, з-за Ліцка глядзелі на яго здані разнастайнага шумлівага жыцця горада, жыцця, якое таіла ў сабе многа нечаканага і таму цікавага для яго. А вось з яго віру выплывае раптоўна зусім нядуманае і нечаканае здарэнне і прынясе яму ў многа разоў глыбейшае сутрасенне. Зося, маці... Яе плач, яе трывога, яе жаль... Усё гэта нязначна і дробна перад мажлівасцямі наступнага!
Сёмка сядзеў побач таварыша, пашлёгваў пужкаю каня і не перашкаджаў яго думкам. Рухавая палавая кабылка, кругленькая, як яблычка, дагледжаная гаспадарным Сёмкам, несупынна трухала дробным няспорным бегам, раз-поразу звякаючы падковамі па каменнях. У двух каляінках, у мяккіх мясцінах — глыбокіх, а на цвёрдых — чуць выбітых, каціліся ўподскак добра ашыненыя калёсы, нямерна трасучы лёгкі возік. То пералескі, то пасекі, то выбітыя стадам выганы, то сенажаці-паплавы, то рознакалёрныя ніўкі мігаліся паабапал. Сёмка цікавіўся росквітам летняй расліннасці, пары разбухання жыцця, кіпення яго сокаў, і з гаспадарскай цікавасцю падмячаў больш старанную апрацоўку тае ці іншае нівы — скутак дбайнасці земляроба. Вынікала ўнутры чуць прыкметная незадаволенасць к таму, што ў яго бацькі так скупа зямлі, такое мізэрнае гаспадарства, што нельга развярнуцца для выявы іх земляробскіх здольнасцей... На міжвольнае выяўленне гэтага пачуцця Сёмка адказваў самапапрокам, чаму ён ніяк не можа канчаткова вызваліцца ад уласніцкіх нахілаў, і пужліва правяраў сваю ўстойнасць у сацыял-дэмакрацтве. Каб не выдаць свае таямніцы Рыгору, ён чуць-чуць паварочваў голаў направа і акідаў лёгкім позіркам твар таварыша. І бачачы, што Рыгор сядзіць у роздуме ды зусім бесцікаўна прапускае між сябе ўсё тое, што яго, Сёмку, цікавіць, дзівіўся і думаў. Пасля мяняў пагляд і разважаў так:
«То зразумела; Рыгор не гаспадар поля, не земляроб... Машыны, молат, абцугі — вось што прызначана яму. Аднаму — адно, другому — другое. Рыгор едзе ў горад і думае пра сваю машыну, пра фабрыку, пра напільнік, а я яго вязу і аглядаю палеткі, збожжа. У гэтым мы пайшлі па розных дарогах. Я прывязан да зямлі, а яго носіць жыццё з канца ў канец. Адрывае ад дому і гоніць дзесьці за сотні вёрст у горад. Напэўна, трывожыць яго разлука і з маткай і з Зосяю; я ведаю Рыгора. Такі людны, такі зжыўны чалавек: на ім адбіваецца найменшае здарэнне, найменшы выпадак з самотнага жыцця кладзе на ім вельмі выразную адметку. Шкода яму і Сілцоў, шкода і мацеры, таварышоў, шкода і Зосі. Але іначай нічога нельга зрабіць, і Рыгор мусіць ехаць».
У сваіх разважаннях аб таварышавым жыцці Сёмка даходзіў да спагады к Рыгору і пачынаў шкадаваць яго. Але гэткі напрамак сваіх думак ён хутка перайначваў і, прымаючы іх за сваю слабасць, мяняў свой узрок на Рыгора. «Не, — выводзіў Сёмка, — дарэмна я кажу, што Рыгору цяжка расставацца з Сілцамі, ён не такі чалавек. Ён створаны не для Сілцоў, — жыццё адчыніла перад ім шырокую дарогу. Сілцы — то ж яны нам, прывязаным да загонаў, да сахі, а Рыгору — на ўсе чатыры бакі».
І Сёмку цешыла тое, што ён мае гэткага таварыша, як Рыгор, што ён такі блізкі к яму чалавек, так зжыты з ім на працягу доўгіх гадоў шчырага таварышкавання. Цешыўся і гардзіўся. І чым мацней разгаралася гэта пачуццё ў яго нутры, тым выразней прабівалася жаллівая спагада наконт яго ад’езду з Сілцоў. Сёмку напрашваліся пытанні — ці ўдасца, сапраўды, яшчэ калі-небудзь спаткацца ім, ці мо зложацца ўжо так умовы, што іх сённяшняе расстанне будзе астатнім і пахавае сабою ўсе багатыя ўспаміны аб разам пражытым мінулым.
«Усё можа здарыцца. Дык хоць цяпер успомніць перажытае, абгаварыць сёе-тое адзін на адзін».
І Сёмка рашыў перабіць Рыгоравы думкі.
— Ты ўсё, мабыць, Рыгор, знаходзішся дагэтуль пад уражаннем перажытага расстання?
Рыгор крыху памаўчаў, пасля цвёрда загаварыў:
— Не вельмі, ведаеш, каб гэта так глыбока. Ты сам разумееш, што ў Сілцах мне няма месца. Няма — ужо так прыйшлося. І я ні на што за гэта не сярдую. Але вось тут другая закавыка — гэта пытанне з мацераю. Адна, старая, бязмоцная. Ды...
— Яно, праўду кажучы, ты патрэбен для Сілцоў і паміма таго, што гэта цікава мацеры. Ты патрэбен нам для нашай арганізацыі. Паглядзі, у нас, бадай, няма гэткага чалавека, які б мог добра пакіраваць справаю. Ты пабыў у горадзе, пацёрся ў адпаведных колах і сумеў дасканала пазнаць, як і што ладзіць падобную працу. Бо што ж мы — Пятрусь ці я: таўкомся ўвесь час у гэтых Сілцах і ні з месца. Куды ж нам размахнуцца! З плугам, з касою — то і мы мэты, а ўжо да гаворкі, чаго ад нас пытаць. Гэтыя ж Якавы ды Сролі таксама недалёка ад нас адышлі... А ты — зусім інакшае. Паглядзі, пабыў у нас нейкі час, а колькі сілы нам уліў, колькі пасобіў у арганізацыйнай працы! А паедзеш, у нас зноў пацішае... Праўда, я ведаю, што там, у горадзе, табе больш размаху, і працы таксама больш, ды, пэўна, і працаваць сярод рабочых куды цікавей, як з нашым мяшчанствам, але... і ў нас патрэбна праца мо яшчэ больш, як дзе... Скажы, браток, ці ты не задумоўваўся часамі аб гэтым?
— Чаму не задумоўваўся. Думаў, і многа думаў — толькі я ж кажу, за вошта мне ўчапіцца дома? Пасвіць каровы? Ці да Бэркі за балагола? Ці да Загуцкага ў двор за парабка? А ў горадзе я адчуваю сябе інакш. За год паспеў падвучыцца за слесара, пазнаўся і звыкся з умовамі заводскага жыцця... І цяпер як-ніяк, нягледзячы на маю ранейшую прывязчывасць да Сілцоў, цягне мяне ў горад хаценне, як найглыбей пазнацца з яго жыццём, дастаць тыя веды, без якіх мы толькі напалавіну людзі, а напалавіну пакорлівыя нявольнікі... Не толькі жыць, а і змагацца, браток, трэба ўмець. А гэтаму трэба вучыцца. Вучыцца ж толькі і можна ў горадзе. Кніжка, лекцыя, тэатр, курсы — усё там ёсць і абы ахвота — вучыся і вучыся. Ужо вось, пабыўшы каля двух гадоў у горадзе, я чую сябе зусім не тым Рыгорам, што спакойна выслухоўваў Бэркавы сваркі, што прыслухоўваўся да Глякоўскіх перасудаў. Я цяпер, дружышча, выпатрашыў з сэрца малейшыя адзнакі пакоры перад моцнымі, да каплі знішчыў веру ў мірнае паляпшэнне нашага жыцця і стаў заядлым, неўтамімым змаганнікам. Горад уліў у мяне гарт, сілу, а завод засталіў маё нутро... Мне нямерна падабаецца гарадскі шум, рух, натоўп раз’юшаных грамад...
— А нашых Сілцоў як і не было ўжо для цябе? Наведаўся раз, і больш — бывайце здаровы назаўсёды? — запытаў Сёмка.
— О, не! Я еду ў горад, каб вучыцца ў ім не для аднаго сябе.
II
Сёмка з увагаю выслухаў Рыгора; яму цікавым было кожнае слова таварыша. Яго ўдумная, грунтоўная гутарка выяўляла перад Сёмкам незвычайнага чалавека, якому патрэбна вучыць, а не вучыцца. Сёмка ясна адчуваў, наколькі Рыгор вышэй яго ў ведах. І гэта яшчэ больш наварочвала яго сімпатыю да Рыгора. Тая спагада, што пракрадалася ў яго сэрца да таварыша, уступіла месца пачуццю радасці таму, што Рыгор выязджае з Сілцоў. «Сапраўды, — рашаў Сёмка, — што там зямля, лішні кавалачак яе! Што з таго, калі я маю нейкую гаспадарку: хату, палоску поля, каня, пару кароў? Неадгінна верцішся ў гразі, у пыле, рыешся, як крот, кладзеш сілы на працу, а ні прасветласці тае, а ні прыемнага скутку. Толькі адцягае цябе ад змагання, прывязвае да ўласнасці і атупляе пачуццё пратэсту, чыстату пазываў. З Сілцоў — нікуды. А гэтыя Сілцы так і ацягаюць цябе ўніз, так і засосваюць цвілою будзёншчынаю. А Рыгор! Што яму? Свет адчынен ва ўсе бакі — мерай, лятай. І ён добра робіць, што настойна дамагаецца, каб больш свету пабачыць, каб чым больш навучыцца і стаць свядомым чалавекам. Шаслівы, што мае рашучасць. Мне пакуль гэтага не стае».
— Ну, а скажы, Рыгор, — запытаў Сёмка таварыша, — ты там, у горадзе, ужо і блізкіх людзей маеш і дружбу вядзеш з імі, забываючы нас?
Рыгор усміхнуўся.
— Чаму не! Таварышаў лёгка ўсюды знайсці, тым болей у тых абставінах, якія адналькова ўплываюць на людзей. Вось хоць бы завод узяць: тут ужо ўсе працаўнікі адной долі, аднаго багацця, адных умоў жыцця. Кожны жыве стукам молата, вёртам машыны, скрыгаценнем напільніка. Я, другі, дзесяты... Амаль роўныя заработкі ва ўсіх. Роўна, таксама, кожнаму свеціць праз мурзатыя вокны сонца, роўна дурманіць чад, роўна пыл і жалеза раз’ядаюць лёгкія. І трэба тры-чатыры дні, ну найбольш тыдзень, каб сысціся новаму чалавеку, каб пазнацца і стаць не толькі знаёмым, а таварышам ці сябрам. З розных канцоў людзі, якія мо і не думалі аб тым, што доля прывядзе іх спаткацца і стаць сябрамі... Цікава, браток. Я неяк хутчэй за другіх зжыўся з большасцю рабочых свайго завода. А да гэтага яшчэ партыйная справа, — і яшчэ больш новых людзей...
— Ты, вядома, таксама нясеш адпаведную працу ў арганізацыі? Цікава, ці многа ў вас людзей зарганізавана?
— Я ж табе казаў ужо, скора прыехаў: некалькі сот будзе. Ды, брат, хлопцы — адзін у другога. Я ўпаўнаважаным ад завода...
Слухаючы Рыгоравы апавяданні пра горад, Сёмка адчуў у нутры казлытнае жаданне — што, каб і яму пабываць у горадзе? Каб пачуць, як на гэта паглядзіць Рыгор, Сёмка запытаў:
— Слухай, Рыгор, а як бы ты паглядзеў, каб у адзін дзень, зусім нечакана для цябе, нібы прымха якая, шусь я к табе на кватэру і: «Добры дзень, Рыгор!»?..
— Што рабіў бы? — засмяяўся Рыгор: — хутчэй бы самавар на стол, збегаў бы за паўбутэлькаю і закускаю і: «Сядай, Сёмка, нечаканы і неспадзяваны, але пажаданы мой госць».
— Так. Нечаканы і неспадзяваны. Вось у гэтым і ўвесь сэнс, што неспадзяваны. Скажы па праўдзе, Рыгор, ты, мабыць, зусім не спадзяешся, каб гэта магло стацца са мною, га?
— Што ты! Што ты гаворыш! Чым жа я лепшы ад цябе? Як і я, можаш ты кінуць усё, сесці на чыгунку і праз дзень у Рызе ці дзе ў іншым горадзе. Нават табе гэта яшчэ лягчэй зрабіць, бо да чыгункі можаш на сваім кані даехаць.
— Ну, ты, Рыгор, не жартуй: я ўсур’ёз-такі думаю аб гэтым, — штосьці падзадорыла Сёмку.
— Ніякіх жартаў. Будзь ласкаў. Я таксама ўсур’ёз кажу. І больш таго, нават раджу табе гэта зрабіць: нічога не згубіў бы, павер. Вярнуцца да зямлі, да тваёй гаспадаркі — у кожны раз можна — не ўцячэ нікуды.
— Дык, па-твойму, мне пабываць у горадзе? — яшчэ раз запэўніўся ў шчырасці таварышавай парады Сёмка.
— Раджу, як свайму сябру.
Сёмка хапіўся за сотні ўз’юшаных думак і пытанняў і адказаў:
— Ну, дык і быць па сяму, чакай, гатуй стрэчу, запасайся гарэлкай, купляй самавар... З бацькам сваім я скора паладжу: ён у мяне чалавек уступны і разумее дзела. Абы якое пабочнае прыгоды не здарылася... Прыеду і табе ліст прывязу ад мацеры... а другі ад Зосі.
Рыгор сур’ёзна паглядзеў на Сёмку, нібы правяраючы яго словы. Яго ўзрок заставіў Сёмку аслабіць катэгарычнасць сваіх завярэнняў, і ён дадаў:
— Яно бы, па-мойму, — не толькі мне, а і многа каму з сілкаўскіх хлопцаў не шкодзіла б праветрыцца крыху за межамі свайго мястэчка. І калі, па-твойму, ад мяне аднаго была б карысць, то ад пяцёх ці дзесяцёх яе было б у некалькі разоў болей. Не праўда, мо?
Рыгор, было відаць, не спыніўся думкамі на Зосі ці ўмела затоіў іх у сваім нутры, бо з тым жа настроем адказаў Сёмку:
— Чаму не праўда! Вядома, што так. А думаеш, Петрусю або Саўку не варта было б паехаць?
— Трэба, трэба. Добра разумею гэта.
Гутарку яны расцягнулі да цёмнага, і ўжо была ноч, калі яны ўехалі ў вёску Міжканаўе.
— Што за вёска мае быць? — запытаў Рыгор.
— Міжканаўе, пэўна. Знача, дванаццаць вёрст будзе, — няўверана адказаў Сёмка. — Трэ папытацца, вунь, здаецца, нейкія падводы ля студні стаяць.
Якраз пачуўся скрып вочапу і стук каванкі аб зруб студні. Следам заржаў конь. Рыгор паправіўся на сядзенні, якое растраслося і ссунулася наперад, і паглядзеў на гадзіннік. За цемнатою цяжка было разгледзець, колькі зараз часу. Рыгору паказалася, нібы гадзіннік стаіць на адзінаццатай гадзіне ці крыху болей. Але ён не ўдасканальваўся: яму было ўсё роўна, раней ці пазней на гадзіну будуць яны ў Ліцку. Машына адыходзіць на Вільню а чацвертай гадзіне раніцы, — значыць, яны паспеюць. А спаць на возе ніяк не прымосцішся. Ды, папраўдзе, Рыгору і не хацелася спаць. Свежыя ўражанні расстання, ціхая цёплая ноч, цікавая сяброўская гутарка з Сёмкам — адганялі ўсякі сон. Да гэтага, Рыгор быў прывычан начамі ў дарозе не спаць. Бывала, служачы балаголам, кожны тыдзень ён дзве-тры ночы праводзіў у дарозе, часта вейкаю не маргнуўшы. А заўсёды быў навярэджан, складаючы і накладаючы паклажу. Доўгія халодныя асеннія ночы, ночы зімнія — снег, завея — трэба было праз усю дарогу або сядзець на возе або ісці за возам пехам. А цяпер? Што і казаць — куды там да сну!
Рыгор разглядаў у змроку аднакія прыземістыя, абсаджаныя садкамі хаткі, студні траха не ля кожнае з іх. А калі Сёмка прыпыніў каня пры той самай студні, ля якой падводчыкі паілі коней, ён злез з воза і першым пачаў гутарку з падводчыкамі.
— Вы адкуль будзеце? — запытаў Рыгор аднаго з іх.
— Мы круглявецкія; на кірмашы былі ў Сталеве.
— Вялікі кірмаш быў?
— Добры кірмаш.
Падводчыкі запыталі ў Рыгора, каторая гадзіна, і, калі ён сказаў наўдагад, што ўжо за адзінаццаць перайшло, яны перагаварыліся між сабой і спешна ўселіся на вазы.
— Як дарога на Сілцы? — пагнаўшы коні, запыталі падводчыкі.
— Добрая, — адказаў Сёмка, — а ўперадзе як?
— Нічога, можна ехаць: падсохла. Дабранач!
— Дабранач!
Адна за адной трое хурманак загрукацелі ўсцяж вёскі.
— Вось хто жыве, — абярнуўся Сёмка да Рыгора, поячы каня, — галёкаюць па свеце і абманваюць людзей.
— Так, перакупства — самы непаважны занятак: займаздароў людзі трацяць час, абманваючы даверных.
— Але, згадзіся, Рыгор, што і на гэта трэба мець здольнасць. Гэта пракідкія хлопцы...
— Вядома: трэба набіць рукі і навярцець розум. Ёсць многа розных марнатраўцаў, якіх нам трэба карміць сваёю працаю: і тых, што намі кіруюць, і тых, хто нас абманвае, і тых, якія за нашу працу для іх нават людзьмі нас не лічаць. Шмат трэба перабудовы. Як ты думаеш, калі мы з гэтым управімся? Я думаю, што не так скора. Га?
Рыгор усміхнуўся.
— Вядома, што не так скора; трэба многа патуг, сілы і змагання палажыць.
— Ну, а як доўга яшчэ, па-твойму, працягнецца гэтак?
— Гэта цяжка сказаць, браток. Хочацца верыць, што не вельмі доўга.
— Не радуеш ты мяне, Рыгор. Значыць, праз усё наша жыцце так і будзем мы, як тыя валы, хадзіць у ярме: я па нікчэмнай палосцы зямлі, а ты ў чатырох мураваных сценах завода?
— Трэба, брат, настойней змагацца. Кожнаму — колькі сілы хопіць — варушыцца, бунтаваць...
Сёмка паматаў галавою і зацяжна прапяяў:
— О-о-хох-хо! Доўгая і сіберная песня!
Рыгор незадаволена адказаў:
— Точаць цябе чэрві нявер’я. Дрэнна, Сёмка!
— Садзіся, паедзем, — перабіў яго Сёмка, павярнуўшы каня ад студні і прагукаўшы:
— Но-о, малая! Яшчэ вёрст трынаццаць асталося!