ІІІ
Некалькі часу хлопцы маўчалі, нібы прыслухоўваючыся да конскага тупату і стуку калёс. Пры гасцінцы, у прарытай канаўцы крумкалі жабы, а зверху кідаўся рэдкі плакучы піск кані. Наўскасяк, управа, блішчаў агеньчык начлежнікаў.
— Значыць, яшчэ гадзін тры, і мы расстанемся з табою? — раптам выказаў Сёмка.
— Але. Што ж, нічога не парадзіш, прыходзіцца...
— Ты ўжо толькі, Рыгор... — Но-о-о! Падбяжы-ы, на цябе ліха-а!.. — Ты ўжо толькі, Рыгор, не забывай пісаць нам. Не шкадуй на гэта часу. Усё апішы: што стрэнеш прыехаўшы: як жыцьмеш, як будзе паводзіцца табе. Ты ж ведаеш, як дорага нам усё гэта. А мы ўжо адсюль будзем дасылаць табе карэспандэнцыі. Патрэбна цесная сувязь... — Вось Слынскі ўзгорак — яшчэ дзве вярсты ззаду асталіся...
— Няйначай, буду пісаць, аба ўсім буду пісаць... А ты вось, браток Сёмка, не адкажы ўжо маёй мацеры, калі яна будзе прасіць цябе, каб ты пісаў ёй пісьмы... Хто ж, акром цябе, ёй гэта зробіць?
— Ай, ды навошта казаць: я пісаў тваёй мацеры дагэтуль і надалей буду пісаць. Гэта рэч не цяжкая; шкада адно, што больш важнейшай дапамогі не магу ёй зрабіць... ды то, прыйдзецца, пасоблю і большым чым. Тут жа недалёк — кожны дзень бачымся. Так што, браток, аб гэтым не клапаціся.
— Вельмі дзякую табе.
Яны праехалі яшчэ з гадзіну часу; да Ліцка аставалася зусім нямнога; яго блізасць выразна напамінала аб сабе. Спускаючыся з узгорка, на крутым павароце гасцінца, да іх данёсся рэзкі зацяжны свіст цягніка. За свістам пачуўся глухі лопат выпускаўшага пар паравоза. А калі гасцінец звярнуў улева, адразу паказаўся бляск пабляднеўшых ліхтароў; падымалася ўгору высокая цёмная вадакачка, нібы стараючыся падглядзець усход сонца.
Рыгор кінуў думаць, прыпадняўся на месцы і ўперыўся вачыма ў бок станцыі.
— Вось і прыязджаем, — з лёгкім хваляваннем выказаў ён.
— Сяк-так дабраліся: усяго чатыры вярсты асталося.
— Скора прыехалі.
— А чаго ж там! Каб паганялі каня, то прыехалі б яшчэ хутчэй.
— Няма чаго спяшацца; і так прыйдзецца яшчэ чакаць цягніка.
— Ну, сапачынеш крыху; усё ж стаміўся як-ніяк за дарогу; гадзін з сем папатрасліся, нябось.
— Дзе там супакой той! Прыехаўшы ўжо супачыну... Ну, а ты, Сёмка, зараз жа і назад?
— Вядома, чаго ж бавіцца! Да гадзіны другой вярнуся, дык яшчэ ў мяне добры кусок дня ў запасе.
— Так... Пэўна... Дык, вось, Сёмачка, — Рыгор патрапаў таварыша па плячы, — як толькі прыедзеш дадому, не забудзь забегчы да мае мацеры і сказаць, што мы заехалі добра... І суцеш яе там, хай не вельмі гаруе...
— Добра, добра... Усё выпаўню...
Яны параўняліся з карчмою, што стаяла недалёка ад Ліцка.
— Можа, хочаш перакусіць чаго ці выпіць шклянку гарбаты? — запытаў Сёмка Рыгора.
— Не, неахвота; можа, ты б хацеў?
Сёмка паціснуў плячыма.
— Хто яго ведае, як тут быць.
— Дык давай заскочым; папытаем, калі пэўна ідзе машына, і як толькі ёсць у нашым распараджэнні якіх мінут пятнаццаць — дык і вып’ем гарбаты ды перакусім.
Сёмка прыпыніў каня і ўзбег на ганак старога, з уціснутымі ўнутро сценамі будынка, і пастукаў у дзверы.
Дзверы былі запёртымі.
— Спяць, мабыць, — сказаў Сёмка.
— Пастукай мацней: агонь жа свеціцца.
— Па звычаі агонь... Што ж, паедзем на станцыю і там знойдзем гэткага дабра, як гарбата.
— Ды вядома што.
Сёмка збег з ганка, улез на воз і пагнаў каня.
Ад карчмы пачыналася брукаваная дарога. Каля станцыі іх нагнала некалькі хурманак, якія таксама спяшылі на машыну. З кашалямі на руках, пакрытымі бруднымі хусткамі, заспаныя, ішлі туды ж сельскія жанчыны з булкамі і піражкамі. Усё гэта прыдавала ажыўленне, паказвала клапатлівасць, рух і ўплывала на хлопцаў нейкаю асабістаю руплівасцю, нязнанай і чужой мястэчку. Рыгор адразу аднавіў перад сабою дух і пэнт гарадскога жыцця, ужо добра вядомага яму; Сёмку ж гэта было нова і цікава, як новае. Далей Ліцка ён яшчэ не трапляў, і Ліцк кожны раз, калі б ён ні прыязджаў у яго, выклікаў асабліва рэзвы і жывы настрой, нейкі ўздым і бадзёрасць.
— Ведаеш, люблю я гэткае ажыўленне, як тут, — абярнуўся Сёмка да Рыгора, — каб і хацеў памарудзіць, дык нельга.
— Не па-сілцоўскаму; тут ужо горадам крыху папахвае.
— Ну, там, пэўна, у некалькі разоў усё гэта шумней і цікавей?
— Вядома што; тут маленькая, не вузлавая станцыя, а і то, як бачыш, усё так і рупіць, і рухае.
Гутарачы, яны ачуліся каля станцыі. Забруджаны гноем і саломаю вялікі калястанцыйны пляц выглядаў рынкам, на якім вось-вось хутка адчыніцца кірмаш. З правага боку ад садку станцыйных служачых, пры рэльсавых парэнчах у шэраг стаяла некалькі дзесяткаў сельскіх падвод і рамізніцкіх каламашак. Ля некаторых з іх стаялі падводчыкі — другія ж былі пустымі, без нікога. Сёмка пад’ехаў к бакавой падводзе з левага боку і спыніў каня.
— Точка, — праказаў ён да Рыгора і злез з воза.
Рыгор падняўся, атрос салому і таксама саскочыў на зямлю.
Да іх падбег з-пад станцыі насільшчык і запрапанаваў:
— Прыкажаце рэчы на станцыю ўнясці?
Рыгор пераглянуўся з Сёмкам і адказаў:
— Няма чаго нясці: самі справімся.
Насільшчык ухмыльнуўся, пастаяў з хвіліну і моўчкі адышоў.
— Ну, Сёмка, правядзі мяне на станцыю. Каня пакінь.
— Ды я думаю, што можна каня аставіць аднаго. Стаяць жа другія падводы.
— Папрасі каго з падводчыкаў паглядзець за тваім возам — спакайней будзе.
Сёмка заручыўся згодаю аднаго рамізніка, а сам з Рыгорам пайшоў на станцыю.
IV
Невялікае мураванае памяшканне станцыі мела звычайны станцыям выгляд: пасярэдзіне будынка праходзіў калідор, разразаўшы яго надвое; направа ад калідора мясцілася багажня, скарбніца і невялічкі першы клас, а налева — другі і трэці класы. Рыгор з Сёмкам пайшлі направа, у першы клас, куды ішлі амаль не ўсе пасажыры. У каморцы, досі чыстай, пры расстаўленых двух ці трох сталах, на крэслах і пры сценах на лаўках сядзела дзесяткаў са тры пасажыраў; некаторыя з іх спалі, умайстраваўшыся пры сваіх клунках, другія проста драмалі, апусціўшы галовы, трэція спешна падсілкоўваліся гарбатаю. За багата ўстаўленым буфетам увіхаўся сярэдніх гадоў мужчына-буфетчык, шустры і рэзвы гандляр, відаць, добра набіўшы руку на гэтым рамясле. Раздаючы праданае з лоўкасцю мастака свае справы, буфетчык сярдзіта пакрыкваў раз-поразу на сваю пасобніцу, тоўстую, чырванатварую, непаваротную дзяўчыну-сялянку, падперазаную паласатым хвартухом, без хусткі, з разбэрханымі косамі, якая даглядала за вялікім паплеснявелым мурзатым самаварам. Дзяўчына моўчкі, паслушна адгіналася і баязліва пазірала на гаспадара.
Клапатліва, як нашароханыя, бегалі то з класа, то ў клас кандуктары з цьмянымі ліхтарчыкамі, тэлеграфісты з паперамі, дзве-тры дзяўчыны з канторы. За сцяною буфета звінеў тэлефон, а пры ім чыйсьці голас несціхана выкрыкваў: «Что-о? Говори-ите-э? Слушаю, я слушаю...» І звон тэлефона і крык пры ім раз-поразу перабіваў рэзкі свісток паравоза, які прабягаў між вокны станцыі і голасна свістаў, адгукваючыся на свісцёлкі стрэлачніка то ў адным, то ў другім канцы станцыі.
Рыгор з Сёмкам прыкмецілі пры адным стале два парожных крэслы, падышлі і занялі іх.
— Ты пастой, Сёмка, а я куплю білет, — праказаў Рыгор і пабег да касы.
— Добра.
Сёмка не агледзеўся, як Рыгор вярнуўся назад.
— Цяпер можна перакусіць сяго-таго. Чаго б ты хацеў?
— Усё роўна: вазьмі гарбаты і каўбасы з хлебам.
Рыгор падышоў к буфету і прынёс усё тое, што Сёмка загадаў. Абое хутка справіліся з гарбатай, і Рыгор прынёс яшчэ па шклянцы. Закусваючы, хлопцы маўчалі: Рыгор над нечым пільна раздумоўваў, угледзеўшыся ў шклянку, а Сёмка з востай цікавасцю сачыў за станцыйным рухам. Ці ўваходзіў пасажыр, ці прабягаў чыгуначнік, ці раздаваўся смех, вокрык які, Сёмка адварочваўся, лавіў яго і адказваў настарожанасцю. І калі ён час ад часу ўспамінаў, што яму вось-вось прыйдзецца развітацца з Рыгорам і варочацца назад у Сілцы, яго ахоплівала непрыемнае пачуццё, вялікая неахвота варочацца аднаму. Сёмку прыкоўвала да сябе ўсё тое, што ён бачыў перад сабой на станцыі і што выглядала ў яго ваччу новым і прыемным. Вось узяць бы тых дваіх — кабету і мужчыну, — што прытуліліся адно да другога, седзячы на лаўцы, і соладка, апойна храпуць. Сёмка не разумеў іх нядбайнасці ды бесцікаўнасці да ўсяго і думаў аб сабе, што давядзіся б яму прабыць на станцыі хоць трое ночаў, ён і не ўздрамнуў бы нават: сядзеў бы і пільна сачыў за кожным рухам станцыйнага жыцця. А каб гэта яшчэ яму давялося паехаць куды чыгункаю! Як бы цікава было бачыць жыццё буйных вузлавых станцый, дзе, па словах Рыгора, людзі кішаць, як мурашкі ў мурашніку! І тая думка, што ўжо раз уставала перад ім у дарозе, калі ён прыглядаўся на пасажыраў, якія пакідалі свае месцы, як і Рыгор, і кудысьці з надворку спакойліва ад’язджалі,— думка паехаць у горад да Рыгора зноў выбілася наповерх, падгастрылася руплівасцю і засвідравала ўнутры. Ехаць... ды не то, што пачакаўшы, пры добрым выпадку, а ехаць як найхутчэй, зараз, вось, хоць бы разам з Рыгорам і з усімі гэтымі пасажырамі... ехаць — цягнула Сёмкаву істоту. Хоць бы некалькі часу пасапці новым паветрам, падзівіцца іншымі вобразамі, перамяніць елкія многагадовыя клопаты, шэрую аднакавасць земляробскай працы. Хоць бы некалькі часу, хоць бы на месяц, на другі адлучыцца, а то — глядзіш — праз якіх гадзін сем ізноў перад табою бедныя, прылепленыя да зямлі хаткі Сілцоў, пыльныя, загноеныя вуліцы, прагледжаныя наскрозь Хлоры, Прыдатныя, Крумкі, Гладышы ды іншыя пастаянцы мястэчка... «Не, цяпер я нядоўга ўтрымаюся дома, хай што хочуць робяць бацькі»,— заключыў Сёмка.
А ў дзверы класа ўсё надыходзілі новыя і новыя пасажыры, мігаючыся між Сёмку. Вось прайшоў здаровы, паўнатвары, вусаты, у бразантовым халаце з каўпаком на адкідзе, багаты фальварковец-шляхціч, ці мо нябуйны памешчык; у руках ён трымаў добры фібравы, шэрай хварбы куфэрак; увайшоў, агледзеў пахмурным суровым узрокам клас і прыпыніўся каля акна... Вось ускочыла, як напуджаная якая, тонкая, вяртлявая, затуленая густым тулем, з перавязанай праз плечы тоўстаю хусткаю, а ў руках з некалькімі сакваяжыкамі і парасонам ні то мяшчанка, ні то фальваркоўка. Вось важна перашагнуў парог нейкі казначэйскі чыноўнік у шырокай палярыне, з гостра паднятымі ўверх вусікамі важнага чыну, з гонарам, ведаючы сабе вартасць чалавек. За ім прайшла купаю сям’я — мужчына-гаспадар у палапленай крамнай жакетцы, у аблезлай шапцы, з дзіцём на руках і кабета-жонка, таксама бедна адзетая, з клункам старых манаткаў і з двума невялічкімі дзеткамі. Увайшлі, баязліва азірнуліся, як бы папаўшы не туды, куды б следавала ім, і бяспомачна спыніліся каля дзвярэй. Куды яны едуць? Чаму з дзяцьмі? Такія бедныя з выгляду, што жаль рэжа сэрца. Ці на новае месца, ужо знойдзенае, ці мо шукаць яшчэ куска хлеба, папярэдне пераехаўшы ў другое месца? Цікава. Сёмка ажно падняўся з месца, каб пільней разглядзець твары гэтых людзей. Але яму гэта паказалася няёмка, і ён зноў прысеў... Прысеў і рашыў паказаць іх Рыгору; але толькі павярнуўся да яго, каб прагаварыць слова, як тут жа, збоку, угледзеў маладую пекную белакурую дзяўчыну, апранутую ў цёмнае да стану паліто, з таннаю пастэркаю на галаве. Яна сядзела бокам к сталу, трымаючы кашэлік на прыполе, і украдкаю, наўскасяк пазірала на Рыгора. Сёмка ўпарта паглядзеў на дзяўчыну і ўлавіў у нарысе яе твару вялікае падабенства з Зосяю; тыя ж сінія валошкавыя вочы, сярэдні роўны лоб, прадаўгаваты нос, адпавядаючы гэткаму ж твару, чыстыя, з лёгкім ружам, шчокі, поўныя чырвоныя губы пекна выразанага нешырокага рота над прадоўжным падбародкам; той жа, заўсёды мілы, жывы, нестухаючы пераліў чуць прыкметнае, але палкае, цягучае, вабячае ўхмылкі. Уся постаць яе, як вымалеваная мастаком, выглядала лёгкай, паветранай; ад дзяўчыны нясло здароўем, жыццерадасцю. Сёмка міжвольна заглядаўся на яе, адцягваючыся думкамі ад усяго іншага, што хвілю назад цікавіла яго. Ён не мог адвярнуцца, не зважаючы на няёмкасць, якую, відаць было, адчувала незнаёмка, прыкмеціўшы ўпарты Сёмкаў узрок. І толькі, калі дзяўчына адвярнулася ў другі бок, Сёмка апусціў вочы.
Брудная будзённая адзежа, у якой ён быў адзеты, запылены твар, вясковая прастата і непаваротнасць, якія выступілі перад ім, засаромілі Сёмку: ці не падмеціла толькі гэтага дзяўчына і, гледзячы на яго, ці не смяецца толькі ў нутры сваім?
Сёмка паглядзеў на Рыгора і чапіў яго за руку.
Той адвярнуўся на Сёмку.
— Зірні толькі, Рыгор, налева, — сказаў Сёмка на вуха таварышу, — вунь сядзіць Зося, точ у точ.
Рыгор крута павярнуў голаў і стрэўся з узрокам суседкі.
Яе падабенства на Зосю міжвольна кінулася яму ў вочы.
— А што? Мо няпраўда? — запытаў Сёмка.
— Праўда, настаяшчы дубальт, але, здаецца, куды прыгажэйшы, — адказаў Рыгор. — Цікава, куды яна едзе? Вось, ды каб у мой бок!
— Запытай, — парадзіў Сёмка.
— Трэба, — згадзіўся Рыгор і павярнуўся да дзяўчыны.
Сёмка настаражыўся, і ўвесь — адна цікавасць — чакаў, як пойдзе гутарка між Рыгорам і незнаёмаю дзяўчынаю.
— Выбачайце, вы далёка едзеце? — далікатна, ціхім голасам запытаў Рыгор.
Дзяўчына здаволена ўсміхнулася і ахвотна, смела адказала:
— Да Рыгі. А вы куды?
Яна павярнулася к Рыгору.
— Я таксама туды, — паспяшыў паведаць Рыгор.
— Вы хлусіце, мабыць? — не паверыла дзяўчына.
— Чаму вы так думаеце? Я сур’ёзна кажу. Вельмі рад, што разам паедзем.
— Вы ўжо будзеце маім праважатым, — дасціпна запрапанавала дзяўчына.
— З вялікаю ахвотаю. Каб вы ехалі не ў Рыгу, дык і то я паехаў з вамі, — шчыра, не ўмеючы стаіць узнятага ў сабе пачуцця, сказаў Рыгор.
— Няўжо?
Сёмка тайком ухмыляўся, чуючы іх гутарку, і стрымоўваў гострае жаданне і самому ўставіць словадругое. Але кожны момант, толькі парываўся расчыніць рот і выгаварыць што-кольвек, як нешта хапала яго за язык і ён змаўкаў.
Рыгор жа слова за словам развёў з дзяўчынаю гутарку. Ён забыў нават, што каля яго сядзіць Сёмка, занядбаў блізкай разлукай з ім і выпусціў з думак усё тое, што меўся напомніць яму пры расстанні. Павярнуўшыся да суседкі, Рыгор незмігутна глядзеў ёй у твар, цешыўся яго мілавіднасцю і, як воск ад агню, раставаў пад яе сапраўды пекным узрокам.
— Рыгор! — у кароткі перарыў між чарговым запытаннем дзяўчыны і Рыгоравым адказам пазваў Сёмка таварыша.
— Што? — не адварочваючыся, запытаў Рыгор.
— Я, браток, думаю ехаць. Ужо прайшло колькі часу. На дварэ зусім развіднелася. Ну, бывай здароў!
Рыгор штосьці прамовіў да незнаёмкі, падняўся з месца і пацалаваўся з Сёмкам.
— Не забывай, браце, пішы часцей, — яшчэ раз папрасіў Сёмка Рыгора і павярнуўся да дзвярэй.
— Гэта мой найлепшы таварыш, — паведаміў Рыгор незнаёмку, — выбачайце, я правяду яго на двор; мне трэба папрасіць ад яго адной рэчы.
Рыгор нагнаў Сёмку і выйшаў з ім з класа.
— Вітай ад мяне ўсіх: Зосю, Гэлю, Петруся, тваіх бацькоў... І не забудзь зайсці да мае маткі...
— Добра, добра, усё выпаўню... А ты, у свой чарод, не забудзь прыпісаць мне ў першым жа лісце, як і што ў цябе выйдзе з гэтаю дзяўчынаю. Красуня, на яе ліха. Ты ўжо не пакінеш, пэўна, яе праз усю дарогу? Толькі глядзі-ы, каб...
Сёмка не дасказаў, насмешліва пакачаўшы галавой.
— Я бачу, ты вельмі скора ўліп у яе...
Рыгор здаволена ўсміхнуўся і нічога не адказаў.
— Ну, бывай здароў! Шчаслівай дарогі! — пажадаў Сёмка, яшчэ раз пацалаваўшыся з Рыгорам.
Той памахаў яму ўслед капелюшом, пастаяў з хвіліну і вярнуўся ў клас.
І толькі ён паспеў падысці к дзяўчыне, як сярод пасажыраў падняўся рух і бегатня. Усе ўзняліся з сваіх месцаў, хапіліся за клумкі і куфэркі і кінуліся к выйсцю на перон.
Пачуўся званок, абвяшчаючы падыход поезда.