SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ДРУГАЯ · 4 min de lecture

V

Рыгор са сваёю спадарожнай, не спяшаючы, выйшлі з класа, абгледзелі вагоны і накіраваліся ў другі ад заду. У вагоне было свабодна, і яны занялі ў першым ад выхаду аддзяленні два месцы пры акне. Рэчы свае і дзяўчыны Рыгор гаспадарна ўладаваў на верхняй лаўцы, а сярэднія дзве прыназначыў пад спанне, павесіўшы на кручку з аднаго боку сваю жакетку, а на працілежным — дзяўчыніна паліто.

— Вось цяпер спакойна можам ехаць аж да самай Рыгі, — пацешыў ён новазнаёмую,— хочаце, пойдзем на перон на хвіліну-другую?

— Каб не спазніцца... Во, другі званок...

Яны ўсё ж падышлі к дзвярам вагона і агледзелі перон. На платформе кішэла народу: адны пёрліся са станцыі, спяшаючыся ў вагоны, другія на момант выскаквалі з вагонаў і мерыліся збегаць на станцыю ў буфет; трэція няслі ў руках розныя рэчы, купленыя ў буфеце. Папарна праходзілі сюды-туды ўсцяж будынка станцыі праважатыя і проста цікуны, што прыходзілі, нягледзячы на гэткую рань, да кожнага поезда на станцыю пагуляць і паглядзець на пасажыраў. Каля дзвярэй пры сцяне выдзялялася некалькі хвігур рамізнікаў, якія пільна сачылі за прыехаўшымі ў Ліцк. Як угарэлыя, бегалі ўзад ды ўперад насільшчыкі, парожныя і з паклажай у руках: некаторыя з воклічамі правозілі к багажнаму вагону пошту і варочаліся з тачкамі к багажнаму аддзяленню.

— Нічога цікаўнага; звычайна, як на станцыі, — вымавіла дзяўчына да Рыгора.

— Так, пойдзем на месца.

Пакуль яны стаялі ў дзвярах вагона, к ім падсела чатыры пасажыры: старая сялянка, сярэдніх гадоў мужчына, маладзіца — яго жонка і пажылая кабета.

Усе з іх пазаймалі вольныя месцы, не пакушаючыся на тыя, што былі заняты Рыгорам са сваёю падарожнай.

— На нашы месцы ніхто не пасягаў? — запытаў Рыгор у старое сялянкі.

Тая пільным узрокам агледзела як Рыгора, так і яго новазнаёмую дзяўчыну, і ўверана адказала:

— Каб хто і пасягаў, то мы не дапусцілі б; раз месцы заняты, ужо не закон іх перахопліваць. Тут двое кабецін намерваліся сесці, але мы сказалі ім, што месцы заняты.

— Дзякуем вам, — падзякаваў Рыгор і следам прагаварыў да дзяўчыны:

— Вы мо спаць хочаце?

— Не, на станцыі, прызнацца, троха і хацелася, а цяпер зусім не.

— А калі хочаце, то будзьце ласкавы, — я вас з прыемнасцю павартую.

Прапануючы сваёй падарожніцы спаць, Рыгор зусім не хацеў, каб яна забралася на полку і спала, пакінуўшы яго аднаго сядзець; яму жадалася, каб дзяўчына сядзела перад ім, а ён глядзеў бы на яе. Рыгор і сам адчуваў цяжар дарогі і бяссоннай ночы, але крапіўся, змагаўся з утомай і млявасцю, адганяў дрымоту і казаўся вясёлым і бадзёрым...

Праз нейкі час яму захацелася праведаць імя дзяўчыны, каб ямчэй было з ёю абыходзіцца.

— Вось ужо колькі часу, як мы знаёмы, а яшчэ не ведаем нават, як кожны з нас завецца... Вы, мабыць, не маеце імя, прыгожая незнаёмка?

Лёгкі смех пакрыў яго дабротны твар. Дзяўчына таксама какетліва ўсміхнулася.

— Я-то з імем, ну, а вы, напэўна, без яго...

— Якое ж яно ў вас, цікава?

— А вам канечна хочацца ведаць?

— Хочацца... як вам сказаць; яно б і не шкодзіла.

— Калі так, то скажу: натапырвайце вушы, — дзяўчына ўголас засмяялася. — Ганнаю завуся я, падабаецца ці не?

— Гэтага я вам не скажу; за паведамленне ж дзякую... А маё імя — Рыгор. Рыцарскае троха?

— Вядома, не траха, а многа, — пажартавала Ганна.

— Ну, цяпер мы, думаю, трохі больш знаёмы: хоць можна па-людску звярнуцца адно да другога. Мо няпраўда... Ганна?

Апошнія словы Рыгор правёў ветлівым узрокам на Ганну. Тая адказала не менш мілым, нават прагавітым возіркам на Рыгора; яму паказалася, што сінія, пякучыя вочы яго знаёмай не дарылі яго дасюль гэткаю ласкавасцю, як на гэты раз. Але, прыгледзеўшыся на Ганну, Рыгор заключыў, што яе мастацка-правільны, як намаляваны, мяккі твар, падкрашаны маладым, свежым ружам, пастаяннай бегатнёй рэзвых зайчыкаў непагрэшнае жывое ўхмылкі, што яе стройная, як вылітая, постаць, поўная жыцця і руху, не могуць не выкрываць салодкага кіпення яго палкага пачуцця. Рыгору не хацелася ўспамінаць — што толькі-толькі, як ён развітаўся з Сёмкам і прасіў яго кланяцца ўсім і, асабліва, наведаць яго мацеру. Ён ужо быў заварожаны Ганнаю, якое ніколі дагэтуль не бачыў, якая выпадкова вынікла перад ім. Сядзеў і глядзеў ёй у твар, ёю зачарованы. Не чуў, ці стаіць цягнік, ці едзе; не бачыў, ці сядзіць хто каля іх, ці яны адны аднымі, не цікавіўся, што за акном вагона. Сядзеў і не мяняў позы, быццам вылепленая мастаком фігура.

Гэтая сабранасць усёй Рыгоравай істоты ў адным фокусе і жалезная сіла цвёрдасці, якую вылучаў ён на Ганну, прымушалі яе, маладую, чулую дзяўчыну, ахвотна карыцца Рыгору, нерухома, урачыста сядзець і пераліваць унутры, як рэчка хвалі, узбуранае пачуццё. Ганна, як бы ў аддзяку Рыгору — дар за дар, упарта ўзіралася ў яго белы твар, у шэрыя праназаватыя вочы, на высокі лоб, і, падобна Рыгору, абураная разгойданым пачуццём і навеянымі марамі, забывала, куды едзе, адкуль едзе, дзе была і што рабіла... Ні настаўнік Герасім, з якім яна два тыдні бегала па бярозавым гайку, госцячы ў цёткі, ні Андрэй — паштавік у Рызе, з якім яна не адзін раз правяла шчаслівыя хвіліны — ніхто і нішто не ішло на думкі: Рыгор засланіў сабою ўсё.

Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ДРУГАЯ · 4 min de lecture

VI

Старэнькая бабулька, што сядзела поруч з Рыгорам, суцешна паглядала на іх, адобрана ківала галавою і сама сабе ўмілялася. Не пакідалі без увагі Рыгора з Ганнаю і занятыя пільнай дзелавой гутаркай між сабою пасажыр — мужчына са сваёй кабетаю: час ад часу, не кідаючы гутаркі, адварочваліся яны к акну, азіралі з ног да галавы і Рыгора, і Ганну, вымаўлялі па іх адрасу пару слоў і пераходзілі да свае гутаркі. Цікавіліся імі і астатнія двое пасажыраў з іх аддзялення. Толькі бачыўшы за сваю службу на чыгунцы шмат чаго цікавага, заклапочаны кандуктар, параўняўшыся з іх аддзяленнем, бесцырымонна, не лічачыся ні з чым, прагукаў:

— Вашы білецікі!

— Дзе мы ўжо будзем? — запытала Ганна і паглядзела ў акно вагона.

— Зараз праведаем, — адказаў Рыгор, таксама выглянуўшы ў акно.

— Хутка Малажава, дзеткі, — умяшалася бабулька.

Рыгор з Ганнаю адхіліліся ад акна і зноў паселі на сваіх месцах.

— Малажава, кажаце? — перапытаў Рыгор.

— Але... А вам, дзеткі, куды трэба? Не ў Вільню часамі? — зацікавілася бабулька, задаволеная тым, што нарэшце знайшлася магчымасць адчыніць рот.

— О, не, цётачка, мы едзем далей... але па дарозе на Вільню.

— Далей! Яшчэ нават далей ад Вільні! О-ё-ёй! Ды мае ж вы дзеткі! Ды навошта ж вам так далёка забірацца ад дому? І ці вас бацькі спакойна адпусцілі ў гэтую даль?

Ганна ўкрадчыва пасмейвалася, гледзячы на бабульку. Рыгор спагадліва пазіраў на яе, гатовы і далей гутарыць з ёю.

— Ды што казаць аб дзецях, вось вы старая і таксама едзеце кудысьці, — уставіў ён.

— Так, можа і так, — задаволеная тым, што з ёю ахвотна Рыгор гаворыць, казала яна далей, — жыццё гэткая рэч, што вымушае часта рабіць тое, чаго б і не хацеў. Ты кажаш, дзеткі, што я старая, а еду; мушу, родненькі, ехаць: забралі вось два гады таму назад сына ў салдаты і з таго часу не бачыла, не пускаюць чамусьці на пабыўку; а паглядзець хочацца, як і што ён там маецца. Ды мне не вельмі далёка: маё месца вось зараз за Малажаваю, а з Ліцка я еду выпадкова — была там у гасцях у брата. Гадоў з дваццаць не бачыліся, дык як прыехаў надоечы — рады няма: прыстаў, каб я наведала яго. Вось я мусіла паехаць і прагасціць тыдзень; а зараз еду ад яго і проста, не злазячы, да сына. Вось брат даў крыху сала, каўбасак са тры, і я вязу. Мацерына сэрца, дзеткі, — як не наведаць роднага дзіцяці. Ён сын у нас вельмі паслушны і добры; заплакаліся, калі бралі ў салдаты. Але... хаця б вайны не было, а паслужыць-то, хай сабе паслужыць. Год за годам і пройдуць гэты гадкоў тры. А чаго добрага, узбурыцца вайна, тады ўжо, хто ведае, як яно выдзецца, ці давядзецца яму вярнуцца дамоў! А дома, бач, мы ўжо і дзяўчыну нагледзелі яму; прыгожая, як лялечка, Несцера Капыла дачка — вам ён невядомы, пэўна? Вось гэткая ружачка, як ты, мая котка...

Гутарачы, бабулька ўвесь час рухала на месцы, размахвала рукамі, палажыўшы пры сабе клунак, і старалася не спусціць вачэй ні з Рыгора, ні з Ганны. Завязаная пад бараду старая шаліновая хустка паціху з’ехала ў старае з галавы і агаліла сівыя рэдкія косы; бурнос яна расшпіліла сама, бо ў вагоне было душнавата. Відаць было па той шчырасці, якою бабулька справодзіла гутарку, што гаварыць для яе — вялікае здавальненне і што за сваё жыццё ёй нямала прыйшлося пашчабятаць.

Ганна з цікавасцю, з цёплым уміленнем сачыла за іх гутаркай.

Яе карціла жаданне як найхутчэй кончыць дарогу, выйсці з цеснага душнага вагона і ачуцца на вуліцы Рыгі, а там — або ў парку, або за горадам, на беразе шырокай Дзвіны, на ўзмор’і. Уставалі вобразы перажытых хвілін, калі яна часта з паштавіком Андрэем адпраўлялася на гулянкі на ўзмор’е ці на ўздзвінне. Музыка, месячныя ночы, лёгкія туманы, неагляднасць вадзяных прастораў затокі. Андрэй, вясёлы, рэзвы, услужны, безумоўна закаханы ў яе. Гэта месяц таму назад... А цяпер? Не, цяпер яна не хацела б жыць з Андрэем. Рыгор зацьміў яго сабою. І Ганна ў самых дробязях пачала маляваць перад сабою вобразы надуманае стрэчы з Рыгорам у Рызе, стала выяўляць тое пачуццё, якое безумоўна, захопіць яе, і тыя словы, якія павінны будуць казацца.

Чым глыбей удавалася яна ў думкі, тым з большай прагаю жадалася хутчэй ёй даехаць да месца. Пагнала б цягнік, каб магла, выскачыла б ды паляцела, каб не баялася. Што можа стацца за дарогу? А мо Рыгор толькі з першага ўзроку падараваў ёй столькі ўвагі, а надалей астыне, зачарсцвее, адумаецца? У свеце так многа выпадковага! Мала з кім прыходзіцца ў дарозе стрэцца ды пагаварыць! Але што ж з гэтага? Выйшаў з вагона — выпусціў з памяці. «Ці ж не можа таго стацца між мною і Рыгорам? Хто знае, што крыецца ўнутры гэтага чалавека? Ён гаворыць са мною, уважліў да мяне, як уважліў да гэтае бабулькі. Пад’едзем к Вільні — бабулька злезе і ніякага следу не пакіне па сабе. На яе месца сядзе другая, трэцяя, а мо і... дзяўчына. Скажа да Рыгора слова, кране яго за сэрца ласкавай ухмылкаю — а гаражанкі ўмеюць гэта, — і ён заварожыцца, пакінуўшы мяне. Гой, не было б толькі таго!»