SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ · 3 min de lecture

І

Быў позні вечар, калі яны прыехалі ў Рыгу. Вакзал тануў у празрыстых агнях электрыкі. Сотні разубранай публікі швэндалася па прасторным пероне ўзад ды ўперад. Сапло гарадской нервовасцю, рухам і заклапочанасцю.

Толькі Рыгор з Ганнаю выйшлі з вагона, як іх зразу абдаў цяжкі, злітны ў адзін тон, прыгнятаючы гуд. Панясло спёртаю духатою і нейкім удушлівым смуродам. Рыгор паспрабаваў загаварыць к Ганне, але выказанае ім слова раптам заглухла. Яны маўкліва ў гушчы пасажыраў выйшлі праз вакзал на вуліцу, адышлі к боку і прыпыніліся: трэ было абмяняцца планамі, як і што ехаць на кватэру і калі ды дзе стрэцца. Але толькі яны сталі, як тут жа падбеглі да іх двое чалавек — рамізнік і пасыльны з гатэлю — і пачалі набівацца з прапазіцыямі.

— Я адвязу, куды трэба, — некалькі разоў засаб пераказаў рамізнік.

— Можа нумарок панам трэба? У нас чысценькая, ціхая гасцініца. Зусім нядорага.

— Не, не, мы нікуды не паедзем, — адказваўся Рыгор, і, калі яго не слухалі, ён кінуў аднеквацца.

— Табе куды ехаць? — абярнуўся Рыгор да Ганны на ты і сумеўся. Але Ганна прыняла яго фамільярнасць за звычайнасць і не звярнула на яе жаднае ўвагі, сама перайшоўшы на абыходжанне ў першай асобе.

— Тройкаю, — адказала Ганна, — а ты як паедзеш?

— Я направа... Вось табе мой адрас.

Рыгор падаў Ганне картульку, хочучы яшчэ штосьці сказаць ёй, але раптам з-за вугла паштовага будынка паказаўся трамвай.

— Ну, вось, садзіся ды паедзеш.

Ганна падалася наперад. Грамада людзей, што чакала трамвая, зарухала, замітусілася і напёрла к рэйкам; Рыгор трымаўся Ганны, супыняючы натоўп.

— Дык заўтра вечарам?

— Непрыменна! — кінула Ганна.

— Я цябе чакаю.

— Толькі не схлусі, а то...

— Ну, што ты, сапраўды, сумняваешся... Ці мо назнарок?

Ганна не паспела адказаць: падаспеўшы трамвай перабіў яе намер. Замітусіўшыся, яна, як стаяла ўперадзе, так разам кінулася на заднюю падножку пярэдняга вагона; Рыгор пасобіў ёй падняцца і хутка быў адціснуты натоўпам назад. Тады ён падышоў убок і паглядзеў у акно, але Ганна яго не прыкмеціла. Перад ім замігалі аўтамабілі, несканчоным шэрагам зашнуравалі пешаходы, загрукаталі цяжкія вазы рамізнікаў; зараз прайшло некалькі вагонаў трамвая пятага і шостага нумароў; вакола бегалі газетчыкі і выкрыквалі назвы газет, таўхаліся хлапчукі з папяросамі ў скрыначках; крадучыся і саромеючыся, нясмела падышла старэнькая бабулька і папрасіла ахвяры.

Увесь пляц варушыўся і мігацеў, прымаючы нейкі цудоўны выгляд пад белым святлом электрычных ліхтароў. У ценях Верманаўскага парку раздаваўся смех і згушчаны тупат гуляўшых. Здалёк, з Задзвіння ды з іншых канцоў горада, даносіліся разназычныя гудкі.

У іх аркестры Рыгор падлавіў знаёмы яму гудок з свайго завода. Адметны ад другіх, басісты, хрыплаваты, ён пралез у Рыгорава нутро і разліў у ім джаролца дбайнай будзёншчыны. Побач з гэтым, узняліся ў яго галаве рупныя думкі аб заўтрашнім ранні, калі гэты самы гудок праб’ецца праз акно яго каморкі, падніме з пасцелі і пагоніць на завод. Перад ад‘ездам на пабыўку думалася: мала што можа трапіцца за столькі часу! І завод пакідаўся безуважна, як быццам гінуў з яго вачэй. Але час, праведзены за межамі завода, прамігнуў, як маланка, нічога не змяніўшы ў Рыгоравым жыцці. Цяпер жа ён зноў вярнуўся назад, у той жа горад, да таго ж завода. І толькі адна ноч аддзяляе ад духаты і пылу, ад разгойданага гудзення і гострага вока майстра. Але ўжо праз колькі хвілін яго ахапілі зусім іншыя раздумы, іншае хаценне; гостра закарцела, каб хутчэй паказаўся яго трамвай, каб раней папасці дадому, запёрціся ў сваёй каморцы і аднаму ў ёй грунтоўна пераглядзець перажытыя за час пабыўкі ўражанні. Трэба ж абмеркаваць усё, перадумаць, перацаніць і ведаць, як і што пакіравацца далей. Ад нецярплівасці Рыгор не мог спакойліва стаяць на адным месцы.

Нарэшце паказаўся яго нумар трамвая. Рыгор спрытна схапіў рэчы і ўзлез на заднюю пляцоўку задняга вагона, прытуліўся да сценкі і задаволена ўздыхнуў.

Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ · 4 min de lecture

II

Праз гадзіну Рыгор быў дома, у сваёй каморцы, якая сустрэла яго гэткай жа, ні на каліва нязменнай, якой ён яе аставіў. Стаялі ні на крок не перастаўленымі тры крэслы: адно — каля невялічкага століка ў правым кутку, адно — каля надворнае сцяны, трэцяе — каля тыльнае; стары паўаблезлы ложак, засланы паношанаю коўдраю, з невялічкаю падушкаю на ёй — выглядаў прыросшым; вісела некалькі фотатыпных і літаграфскіх малюнкаў, адцісненых з вобразаў мастака Айвазоўскага, запыленых і аблезлых ад сонца. Тулілася ў правым кутку ад уваходу невялічкая шафа, а супроць яе, у другім кутку, умывальнік. На століку ляжалі ў тым жа парадку, у якім іх пакінуў Рыгор, два невысокіх стосікі кніжак і між іх некалькі сшыткаў паперы.

Спёртае, душнае паветра абдало Рыгора, і ён паспяшыў адчыніць акно; сеў і заглядзеўся на двор. З-за сцен будынкаў бурліваю хваляю даносіўся да яго заціхаючы гарадскі шолам; праменне ліхтароў асвятляла цёмнае неба і перакідалася на двор. Цёплая пагода, напаліўшы днём каменні бруку і сцены муроў, зараз павявала душным паветрам, якое ні каліва не астуджвала Рыгора.

Адпачыўшы крыху, Рыгор падняўся з крэсла і пачаў тупаць па пакоі. Міжвольна паўсталі думкі — ціша і адзінокасць патваралі ім, — і Рыгор аддаўся раздумам. Выразна, як у кінематографе, адзін за другім, пачалі прамігаць нядаўна перажытыя ім моманты. Вось Сілцы, хатка, маці, таварышы, цёплая стрэча з імі, інфармаванне аб прыватным жыцці, гулянкі. А далей — спатканне з Зосяю, хвойнік, зелень і, нарэшце, перад ад’ездам, спатканне пры сценцы, за ворывам, дзе ён пачуў ад Зосі пякучыя словы: «Бяры ад мяне — што ты хочаш...» На гэтым моманце Рыгор панатужыўся перапыніць успамінкі. Яму пасобіла работніца гаспадыні кватэры, Вільгельміна, якая раптам прачыніла да яго дзверы і запытала:

— Можа вам гарбаты падагрэць, Рыгор?

— Калі вам не трудна, — згадзіўся ён.

Вільгельміна дабрадушна ўсміхнулася і выйшла з пакоя. Рыгор падышоў к акну і паглядзеў на двор. І нібы знарок хтось накіраваў яго думкі да Ганны. «Што яна робіць цяпер? Цікавая, аднак, дзяўчына! І трэба ж было мне з ёю спаткацца».

Зося, нядаўна паўстаўшы ў яго выабражэнні, раптам сышла з памяці, затуліўшыся вобразам Ганны. Рыгор пачаў перабіраць усе падрабязгі стрэчы і знаёмства з ёю, а далей перайшоў да абдумоўвання наступнага спаткання. Але якім чынам? Рыгор тут жа памкнуўся ўспомніць перш вуліцу, на якой Ганна жыве, а пасля дом; паглядзеў на гадзіннік, раздумаў і, нарэшце, астаўся пры рашэнні пачакаць да заўтрага, не пакідаючы хацець ды спадзявацца, а мо надасць ёй прыйсці яшчэ і сягоння.

Раздумоўваючы, Рыгор стаяў непарушна і сачыў у адно месца, як заварожаны. Яго крануў рэзкі выгук песні і адначасна музыкі на фартэп’яне, раптоўна вылецеўшы з прачынятага акна суседняе кватэры. Малады зычны альт выводзіў пявучыя мелодыі арыі Антэка з оперы «Галька». Рыгору стала прыемна слухаць мілагучныя ноты ў голасе маладое жанчыны; яны праходзілі ў яго нутро, хапалі за самыя каразлівыя мясціны і настройвалі на рэзвыя вясёлыя перажыванні, на новыя ўспаміны. Нез’яснёная сіла, заложаная ў зыках музыкі Манюшкі, да таго была прыемнай для яго, да таго завабнай, што ён літаральна ўбіраў у сябе кожны перабой, кожны адценак яе вібрацый. Яму хацелася б слухаць і слухаць бясконца і так жа бясконца хвалявацца, дрыжаць, калаціцца на хвалях салодкіх перажыванняў.

Аддаўшыся гукам музыкі, Рыгор як быццам бы патануў у іх. Для яго было зусім неспадзяваным асцярожнае ўвойсце ў каморку Вільгельміны з прыгатаванай гарбатаю.

— Дазвольце? — запытала яна, падыходзячы к сталу.

Рыгор машынальна сарваўся з месца, зрабіў некалькі крокаў ад акна і здзіўлена спыніўся перад Вільгельмінаю.

— Уваходзьце! — смяшліва праказаў ён.

— Прачакаліся, пэўна? Ведаеце, пакуль увіхнешся з іх вячэраю, дык гатова адурэць: кожную рэч трэба запытаць, аб усім парадзіцца; гэта ж такія паны, што не дай ты рады... А скупікі — дык наўздзіў...

Вільгельміна асцярожна паставіла гарбату на стале; паправіла абрус і прымайстравала крэсла.

— Піце, пакуль гарачая, — запрапанавала яна.

— Дзякую, — праказаў Рыгор і прыняўся за гарбату.

Аб Вільгельміне ён тут жа забыў, хапіўшыся перарваных ёю думак. Але работніца не ўважала на гэта і, абапёршыся на спінку ложка, пачала сачыць за Рыгорам: ёй хацелася пагутарыць з ім, аб сім, аб тым распытаць.

— А тая ўсё грае, на яе цураха, — пачала гаворку Вільгельміна.

Рыгор паспешна адвярнуўся ад стала і паглядзеў на служанку здзіўленым узрокам, нібы сказаўшы: «А ты яшчэ тут?»

Вільгельміна на момант замаўчала, пасля перамяніла стаянку, паправілася на нагах і ўжо смялей павяла гутарку далей.

— І не надаесць кожны вечар трумкаць! Проста ў вушшу звініць ад гэтага фартэп’яна. Праз цэлы месяц адно і тое. Ліха іх ведае, пэўна няма чаго людзям рабіць. Вось граюць, пяюць, нараджаюцца — і толькі... А ты працуй на іх век, прасветлае мінуты не бачачы; бегаеш, таўчэшся за якіх-небудзь няшчасных восем рублёў у месяц, і яшчэ колькі ўшчункаў ды папрокаў атрымаеш.

Вільгельміна колькі мінут памаўчала.

— А можа я вам перашкаджаю?

— Не, нічога, калі ласка, — суха адказаў Рыгор.

Работніца павярнулася і пайшла з пакоя, але ў дзвярах, прачыніўшы іх, спынілася і запытала:

— А вы заўтра пойдзеце на завод?

— Абавязкова, Вільгельміна, пайду.

— Дык я вас абуджу, калі хочаце?

— Вельмі прашу, буду дзякаваць.

У калідоры пачуўся званок.

— Хто ж бы там быў? — здзівілася Вільгельміна і, не зачыніўшы дзвярэй, выбегла з Рыгоравага пакоя.

Рыгор зачыніў за ёю дзверы, матнуў галавою па адрасу работніцы і паглядзеў на гадзіннік. «Ужо другая гадзіна», — ні то здзівіўся, ні то проста праказаў ён.

На дварэ ўжо было ціха, толькі рэдкія глухія гукі даходзілі дзесь з-пад вакзала, роўна заміраючы ў сценах двара: у суседніх вокнах патухлі агні. Рыгор крыху пастаяў каля акна, пасля прычыніў яго, занавесіў фіранку і пачаў збірацца спаць.